Старажытная архітэктура горада сваім выглядам выхоўвае як мясцовае насельніцтва, так і гасцей горада. Але будынкі і вуліцы могуць размаўляць праз свой выгляд толькі са спецыялістамі па гісторыі і культуры, якія па знешняму выгляду могуць казаць пра стыль і час пабудовы таго ці іншага помніка архітэктуры.

У Гародні можна пабачыць розныя архітэктурныя стылі – рэнесанс, барока, класіцызм, эклектыка і інш. Аднак гістарычныя падзеі і асобы становяцца вядомымі для людзей толькі тады, калі тыя бяруць у рукі кнігу. А як знайсці неабходныя звесткі, калі вы выйшлі проста на вандроўку па гораду?

Кніжкі і энцыклапедыі з сабой насіць не вельмі зручна.

Прагулка па Гародні, як і па любому старажытнаму гораду, заўсёды выклікае пытанні, калі быў пабудаваны храм, якая яго гісторыя, як з’явіліся вуліцы і інш. Размяшчэнне ў гістарычным цэнтры горада разнастайных шыльдаў з гістарычнай інфармацыяй дапамагла б адказаць на многія з іх.

Члены Гарадзенскага абласнога грамадскага аб’яднання маладых навукоўцаў «ВІТ» звярнуліся ў гродзенскі гарвыканкам з прапановай аздобіць цэлы шэраг гарадскіх вуліц і помнікаў такога кшталту гістарычнымі шыльдамі.

«Гродна – адзін з багацейшых на гістарычную спадчыну гарадоў Беларусі – сцвярджаюць гарадзенскія гісторыкі – У ім захаваліся помнікі розных архітэктурных стыляў (готыка, рэнесанс, барока, класіцызм, эклектыка і інш.). Гродна наведвалі і жылі ў ім многія вядомыя асобы... З гісторыяй горада звязаны барацьба з крыжакамі, падзелы Рэчы Паспалітай і іншыя гістарычныя падзеі еўрапейскага маштаба».

Спасылаючыся на той факт, што пасля ўвядзення ў дзеянне падпісанай у лютым гэтага года дамовы аб бязвізавым перасячэнні мяжы ў горадзе павінна павялічыцца колькасць турыстаў (у тым ліку і замежных) гісторыкі кажуць: «Размяшчэнне ў гістарычным цэнтры горада разнастайных шыльдаў з цікавай гістарычнай інфармацыяй дапаможа турысту адчуць атмасферу мінулага горада, даведацца больш пра яго гісторыю, адшукаць дарогу да важных культурных аб’ектаў, заахвоціць яго да больш грунтоўнага азнаямлення з горадам. Усё гэта зробіць побыт турыста ў Гродна больш камфортным і заахвоціць наведаць наш горад яшчэ не адзін раз».

Адзначаецца таксама, што ўсталяванне такога роду ці падобных шыльдаў прадугледжанага гарадской праграмай «Спадчына», якая на жаль вось ужо некалькі год амаль зусім не выконваецца.

Дзе неабходна ўсталяваць такія шыльды. Па-першае, яны павінны быць каля гістарычных пабудоў. Гародня вядома сваімі храмамі як праваслаўнымі так і каталіцкімі: цэрквы – Св. Барыса і Глеба, Ніжняя царква, царква Раства Багародзіцы і манастыр, Прачысцінская царква, Уладзіміраўская царква, Святапакроўская Сабор; касцёлы і кляштары – Фарны касцёл і былы езуіцкі кляштар, касцёл Маці Божай Анёльскай і францысканскі кляштар, касцёл Знаходкі святога Крыжа і бернардзінскі кляштар, Дабравешчання Найсвяцейшай Панны Марыі і брыгіцкі кляштар, кармеліцкі касцёл і кляштар, касцёл і кляштар бернардзінак.

Не менш увагі патрабуюць свецкія пабудовы – Стары і Новы замкі, каралеўскія рэзідэнцыі – Станіславова, Аўгустова і Панямунь.

Вуліцы і плошчы горада таксама маюць сваю гісторыі – плошча Савецкая, вул. Карла Маркса, Кірава, Урыцкага, Кастрычніцкая, Сацыялістычная, Свердлава, Камсамольская, Парыжскай Камуны, Савецкая, Ажэшкі, Вялікая Траецкая, Горкага, Дзяржынскага, 1 мая, Гараднічанская, 17 верасня, Калючынская, Карбышава, Васілька, Замкавая, Давыда Гарадзенскага, Баторыя, Плошча Тызенгаўза, Парк Жылібера, Падольная.

Акрамя таго, яшчэ можна ўсталяваць шыльды з выявамі прац знакамітага мастака Напалеона Орды. Яны дазволяць параўнаць выгляд горада ў мінулым і ў сучаснасці.

Гародня – багаты горад на падзеі і помнікі, з ім звязала жыццё шмат знакамітых асобаў. Нам ёсць чым ганарыцца і што ўшаноўваць. Наша мінулае нам пакінула багатую спадчыну, на якой варта выхоўваць нашых дзяцей. Акрамя таго, мы можам падзяліцца нашым багаццем і паказаць яго турыстам.

Прыклады шыльдаў, прапанаваных для разгляду ў гарвыканкам

Прачысценская царква і Свята-Раства-Багародзіцкі жаночы праваслаўны манастыр

Прачысценская царква была пабудавана ў ХІІ ст. і з’яўляецца адным з пяці храмаў Гарадзенскай архітэктурнай школы, адметнымі рысамі якой было выкарыстанне ў муроўцы з плінфы ўбудаваных шліфаваных камянёў, а таксама жбаноў-галаснікоў і паліванай пліткі. Царква мела статус Саборнай - галоўнай праваслаўнай царквы горада. Пры царкве дзейнічаў духоўны суд.

Прачысценская царква паўплывала на фарміраванне гэтага раёну горада. За царкоўнымі могілкамі праходзіла другая гарадская лінія ўмацаванняў, а сама царква з’яўлялася часткай абарончай сістэмы горада. На вуліцы каля царквы знаходзіліся пераважна дамы прадстаўнікоў духавенства і шляхты. Пры царкве існаваў шпіталь для ўбогіх, на які былі вылучаны грошы ад польскага караля і вялікага князя літоўскага Жыгімонта Аўгуста.

На пачатку XVII ст., у выніку заключэння Берасцейскай царкоўнай уніі, Прачысценская царква стала грэка-каталіцкай (т.зв. уніяцкай), а ўжо ў 1635 г. пры ёй дзейнічаў жаночы уніяцкі манастыр.

Падчас вайны 1654–1667 гг. Прачысцінская царква была спустошана, але здолела аднавіць сваю дзейнасць. Выпрабаванні часу прывялі да таго, што на пачатку XVIІI ст. царква пачала руйнавацца і ў 1720 г. па загаду мітрапаліта Лявона Кішкі яе разабралі. Побач з падмуркамі Прачысцінскай царквы заклалі новую царкву Раства Багародзіцы, якая была пабудавана ў 1751 г. ў стылі барока архітэктарам Іосіфам Фантана.

Пасля скасавання уніі ў 1843 г. царква Раства Багародзіцы і манастыр былі пераўтвораны ў праваслаўныя. Пры гэтым памянялі месцамі уваход і алтар, так каб месца службы было з усходу, як гэта прынята ў праваслаўнай традыцыі. Таму цяпер тыльны фасад царквы выглядае больш эфектна, чым парадны. У 1860-я гг. з тыльнага боку царквы была прыбудавана т.зв. “Цёплая царква” Сергія Раданежскага (сёння - трапезная), якая мае яркія рысы рускага стыля.

Жаночы манастыр дзейнічаў да 1960 г. У перыяд 1977–1992 гг. у будынках царквы і манастыра знаходзіўся Беларускі дзяржаўны музей гісторыі рэлігіі. У 1992 г. царква і Свята-Раства-Багародзіцкі жаночы праваслаўны манастыр аднавілі свою дзейнасць.

У парадным двары манастыра ў 1980 г. археолагамі былі выяўлены рэшткі Прачысценскай царквы. Контуры сцен царквы пазначаны пліткай чорнага колеру.

САВЕЦКАЯ ВУЛІЦА

Гістарычныя назвы: Віленская (15 – 18 ст.), Гімназіяльная (першая трэць ХІХ ст.), Саборная (1840-я – 1915 гг.), Hinderburg str. (1915 – 1919 гг.), Dominikańska (1919 – 1939 гг.).

Вуліца была і застаецца адной з галоўных вуліц цэнтральнай часткі горада. Пачала фарміравацца ў XIV стагоддзі разам з пераносам Рынку ў раён сучаснай Савецкай плошчы. Ужо напрыканцы XV ст. тут была даволі шчыльная каменная забудова, якая камбінавалася з фахверкавымі дамамі (адмысловая канструкцыя, пры каторай драўляны каркас будынка запаўняўся муроўкаю).

У сярэдзіне XVI ст. на заходнім баку вуліцы стаяла некалькі дзясяткаў будынкаў гараджан і кляштар Святога Духа са шпіталем (сучасны будынак адміністрацыі Ленінскага раёна г. Гродна, вул. Савецкая, 14). Насупраць кляштара знаходзілася Віленская брама, якая некалі абазначала мяжу гарадской тэрыторыі, і якая з’яўлялася адной з трох брам, праз якія можна было патрапіць у горад. Вуліца выводзіла на Віленскі гасцінец, які з’яўляўся гандлёвым шляхам дзяржаўнага значэння, і таму да канца XVІII ст. яна заставалася важнай гандлёвай артэрыяй горада.

У першай палове XVII ст. на заходнім вулічным баку быў закладзены кляштар дамініканцаў (на месцы сучаснага помніка маршалу Сакалоўскаму).

Сучасны выгляд вуліца пачала набываць пасля пажару 1885 г., які знішчыў амаль усю тагачасную забудову, акрамя некалькіх будынкаў, тры з якіх дайшлі да нашага часу: будынак кляштара Святога Духа, аб якім гаворка была вышэй, будынак гродзенскай мужчынскай гімназіі (вул. Савецкая, 6) і так званы «дом Ромера» (вул. Савецкая, 23). Забудова вуліцы, якая з’явілася пасля пажару, складалася з мураваных дамоў купцоў і прадпрымальнікаў, большасць з якіх дайшла да нашага часу.

У канцы ХІХ – першай палове ХХ ст. на вуліцы знаходзілася вялікая колькасць кавярняў, гатэляў, фотамайстэрняў, крамаў і кінатэатараў. На месцы Гандлёвага дома “Нёман” (вул. Савецкая, 18) знаходзіўся самы шыкоўны гатэль горада “Еўропа”.

Сення мы можам адчуць подых мінуўшчыны, ступаючы па аўтэнтычным бруку гэтай вуліцы, вырабленым яшчэ ў 1938-1939 гг.

Літарай В падпісаны вуліцы, на якіх прапаноўваецца ўсталяваць шыльды. Літарай П падпісаны помнікі архітэктуры, дзе прапаноўваецца ўсталяваць адпаведныя знакі. Літарай О пазначаны месцы, дзе можна ўсталяваць шчыты з рэпрадукцыямі Напалеона Орды.

Літарай В падпісаны вуліцы, на якіх прапаноўваецца ўсталяваць шыльды.
Літарай П падпісаны помнікі архітэктуры, дзе прапаноўваецца ўсталяваць адпаведныя знакі.
Літарай О пазначаны месцы, дзе можна ўсталяваць шчыты з рэпрадукцыямі Напалеона Орды.

Scroll to top