Загаловак сенсацыйны, але за ім стаіць чарговае ідыёцтва і халатнасць гродзенскіх чыноўнікаў, адказных за захаванне гісторыка-культурнай спадчыны.
«Ахоўныя» шыльды на помніках архітэктуры бязбожна падманваюць гарадзенцаў і гасцей горада, прымушаюць чырванець экскурсаводаў і яскрава дэманструюць, што чыноўнікам справы нашай гісторыі проста «да фені».
Пачнем з пытання да чытача, хто памятае, калі браты Люм’ер знялі сваю першую знакамітую кінастужку «Прыбыццё цягніка»? Правільна – у 1896 годзе. Гэта гістарычны факт. Але таксама і факт тое, што першы гарадзенскі кінатэатр «Эдэн» быў пабудаваны ў 1890-м годзе, на шэсць гадоў раней перад з’яўленнем першага кінафільма. Прынамсі так кажа ахоўная шыльда на будынку кінатэатра «Чырвоная зорка». Феномен! Сенсацыя! Скажаце Вы. Нічога падобнага. Звычайнае ідыёцтва. Ідыёцтва і хамства, якое дазваляе людзям ставіцца да сваёй працы настолькі халатна і не саромецца пры гэтым перад тысячамі гродзенцаў і гасцей горада.
Ахоўныя шыльды ў горадзе пачалі вешаць на будынкі колькі гадоў таму. Гэта як бы знак, які падкрэслівае значнасць будынка і жаданне дзяржавы яго захаваць, прыняць удзел у яго далейшым лёсе. На шыльдзе таксама змяшчаюцца кароткія дадзеныя пра дом. Найперш, чым ён так для нас важны: старажытнасцю, архітэктурным аздабленнем ці асобай, якая ў ім жыла. Дык вось – у Гродна па самых сціплых падліках каля 80 % ахоўных шыльдаў змяшчаюць няправільную інфармацыю. Будынкі няправільна датуюцца і называюцца (пры чым «разбежка» ў часе складае часта плюс ці мінус 300! гадоў). Часта надпісы наагул абсурдныя. Напрыклад уся вуліца Замкавая завешана шыльдамі, дзе напісана, што будынак пабудаваны ў «першай чвэрці – другой палове ХІХ ст.». Толькі ўдумайцеся ў сэнс гэтай слоўнай канструкцыі, якую можна замяніць адной лічбай – ХІХ ст.!
Што ж, яскравая дэманстрацыя стаўлення да нашай архітэктурнай спадчыны і гісторыі наагул. У Віцебску з нуля аднавілі дзве царквы, у Магілёве вуліцу з дзесяткамі кафэшак, у Гомелі Палац Паскевіча, у Брэсце на вуліцах спецыяльны майстра запальвае ліхтары а ў Гародні… маем ахоўныя шыльды з цэлымі шэрагамі аднолькавых надпісаў.
 |
1. Дом-музей Элізы Ажэшкі, пабудаваны ў сярэдзіне ХІХ ст. У 1976 г. поўнасцю разабраны і сёння існуе ў выглядзе муляжа з сілікатных блокаў.
|
|
 |
2. І тым не менш, гарадзенскія спецыялісты па ахове архітэктурнай спадчыны датуюць будынак другой паловай XVIII ст. Якая розніца, накінулі дому дзвесце гадоў старыны.
|
|
 |
1. Касцёл і шпіталь Святога Духа – адзін з самых старых будынкаў ў Гродна, што захаваліся да нашага дня. Старэй за яго толькі Стары Замак! Пабудаваны ў сярэдзіне XVI ст.
|
|
 |
2. Аднак ахоўная шыльда сціпла сцвярджае, што будынак узведзены ў 1885 годзе.
|
|
 |
1. Камяніца Масальскіх на Замкавай – самы стары жылы будынак у сучасным Гродна. Год пабудовы – 1643-ці.
|
|
 |
2. Шыльда стандартна сцвярджае – першая чвэрць – другая палова ХІХ ст. Экскурсанты пытаюцца ў экскурсаводаў: «А чаму тут напісана не так, як вы распавядаеце». Прыходзіцца апраўдвацца і чырванець за свой горад.
|
|
 |
1. Будынак на вуліцы Карла Маркса. Пабудаваны на месцы поўнасцю зруйнаванага ў канцы 2005 года завода матацыклаў Старавольскіх.
|
|
 |
2. Тым не менш працягвае заставацца помнікам. Мала таго, цынічна сцвярджаецца, што ў будынку засталося нешта ад пачатку ХХ ст. і што ў 2006 г. адбылася ўсяго толькі яго «рэканструкцыя».
|
|
 |
1. Будынак палаца Сапегаў у Гродна, пабудаваны ў XVIII ст. Гарадзенцы паводле традыцыі называюць яго «батароўкай», хаця кароль жыў у зусім іншым месцы.
|
|
 |
2. «Захавальнікі» архітэктурнай спадчыны з гарвыканкаму ідуць як звычайна сваім шляхам. У выніку міфічная «батароўка» пераўтварылася ў «дом Стэфана Баторыя» і састарылася на дзвесце гадоў.
|
|
 |
1. Будынак музея гісторыі рэлігіі – палац, пабудаваны ў сярэдзіне XVIII стагоддзя.
|
|
 |
2. Ахоўная шыльда дае стандартны адказ часу пабудовы – першая чвэрць – другая палова ХІХ ст.
|
|
 |
1. Флігель гродзенскіх каралеўскіх стайняў – адзінае, што ад іх засталося. Час пабудовы – 1780-я гг.
|
|
 |
2. І тым не менш няправільна. «Захавальнікі» кажуць, што «першая чвэрць – другая палова ХІХ ст.»
|
|
 |
1. Гродзенская харальная сінагога. Будавалася з дазволу самога Стэфана Баторыя ў XVI ст.
|
|
 |
2. Будынак памаладзеў на 300 год і датаваны другой паловай ХІХ ст.
|
|
-
-
Апублікавана 08 Верасень 2009