У Менску ў выдавецтве “Беларуская навука” выйшла сенсацыйная кніга архітэктара Ю.Кішыка пад назвай “Градостроительная культура Гродно”
Даўно краязнаўчая грамадскасць Гродна не мела такога разгавення. Даўно не радавалі новымі даследваннямі гродзенцаў археолагі. Фактычна апошняй працай па археалогіі горада, якая была надрукаваная для шырокага ужытку, была кніжка “Стары Замак у Гродне” (1993 год). Калі мы дачакаемся вынікаў апошніх раскопак на Савецкай плошчы, Траецкай, Падольнай, каля пажарнай каланчы, ніхто не ведае. Дэкларавалася, што археалагічны нагляд за будаўнічымі працамі там вёўся. З гісторыкаў па гродзенскай тэматыцы таксама працуюць адзінкі і друкуюцца пры гэтым не ў Беларусі. Толькі архітэктары працягваюць цешыць аматараў усяго гарадзенскага новымі інтэлектуальнымі раскошамі. Вось сёння размова аб кнізе архітэктара пра наш горад: “Градостроительная культура Гродно” / Ю. Н. Кишик. – Минск: Белорусская наука, 2007. 303 с.
Наклад кнігі ўсяго тысячу асобнікаў, таму не факт, што ўсе зацікаўленыя змогуць яе набыць. Хаця кніга напісана досыць лёгкай мовай. Тэмамі, паднятымі ў ёй, зацікавіць не толькі вузкае кола навукоўцаў. Першае, што выкліча захапленне ў чытача – гэта сцвярджэнне, што Гродна ўтварыўся не на Замкавай гары, як кажуць усе, а зусім у іншым месцы. Аўтар прапануе новую для беларускіх даследчыкаў, арыгінальную, матэматычна вывераную методыку аналізу прыроднага рэльефа, на якім паўстаў горад, архаічнай структуры вуліц, якая сёння здаецца нелагічнай, і аналогій з іншымі еурапейскімі і беларускімі гарадамі. Як вынік вялікай працы аўтара паўстаюць перад намі рэканструкцыі Гродна не толькі перыядаў, на якая захаваліся пісьмовыя крыніцы, але і далёкіх XV, XIII стагоддзях і нават, Протагродна IX-X ст. Выданне багата ілюстравана: трохвымяровыя рэканструкцыі Гродна з вышыні птушынага палёту розных часоў, шматлікія схемы, якія тлумачаць і дапаўняюць тэкст, малюнкі краявідаў, якія маглі быць ў старажытнасці. Асабліва вас уразяць выявы савецкіх праектаў па перапланіроўцы старога горада. І вы скажаце дзякуй Богу, што большасць з задуманага ранейшымі “архітэктарамі” так ніколі і не ажыццявілася. З кнігі вы даведаецеся, чаму дом па Сацыялістычнай 44 (ідэю “рэканструяваць” які гарадзенскія ўлады так і не кінулі) з’яўляецца сапраўдным шэдэўрам не толькі гродзенскай, але і беларускай архітэктуры; чаму будынак вайсковай гасцініцы на рагу вуліц Леніна і Карбышава нельга пакрываць гладкай тынкоўкай, як гэта робяць зараз; зразумееце, што вуліца-дублёр Траецкай зруйнуе археалогію самай старой часткі горада.
Так, праца Ю.Кішыка, вызывае шмат пытанняў і з’яўляецца недасканалай ў доказнай базе сваіх высноў. Але панове навукоўцы, лянівыя археолагі і снабісцкія гісторыкі, паспрабуйце зрабіць штосці падобнае, так элеганскі напісанае, такога аб’ёму, такой стройнасці высноваў.
Што тычыцца аналізу графічных выяваў горада, што засталіся нам ад мінулага, то тут можна звярнуць увагу на яўныя недапрацоўкі аўтара. У першую чаргу, амаль поўнае ігнараванне гравюры Т.Макоўскага 1600 г., а таксама поўнае ігнараванне планаў Горадні пачатку XVIII ст., зробленых шведамі і рускімі. Што тычыцца гравюры Макоўскага, то аўтар тлумачыць яе невыкарыстанне найперш адсутнасцю ў яго якасных яе копій. Гэта праўда. Асабліва, калі прыняць пад увагу той факт, што яна была якасна надрукавана толькі летам 2007 г. беларускім арітэктарам У.Бачковым у часопісе “Мастацтва”. Шведскі ж і расійскі планы пачатку XVIII ст. таксама маладаступныя, хаця для даследавання такога ўзроўню яны неабходныя. З гэтага вынікаюць і відавочныя памылкі аўтара. Напрыклад, на сваіх рэканструкцыях Горадні XVI ст. ён падае, што тэрыторыя Бернардынскага кляштара была акружана мурам з вежачкамі. Такога ніколі не зафіксавалі ніякія крыніцы (толькі ў канцы XIX ст. яшчэ існавала ўязная брама ў кляштар з гарадзенскага Падола). На гравюры ж Макоўскага вельмі добра бачна, што мур ідзе не вакол кляштара, а вакол усяго горада. Гарадскія валы (а магчыма не толькі валы, але і сцены) зафіксаваны на планах 1705–1706 гадоў, што ў пэўнай меры падцвярджае малюнак Макоўскага. Даецца і канкрэтнае месцазнаходжанне гарадскіх брамаў – на вуліцы Гараднічанскай і на цяперашняй Карла Маркса ў раёне паштамту. У сп. Кішыка ж ёсць рэканструкцыі гарадскіх умацаванняў у XIV–XV ст.ст, але няма іх на XVII–XVIII ст., хаця іх навуковую рэканструкцыю можна ажыццявіць куды больш доказна.
Канцэпцыя першапачатковага гарадскога ядра ў раёне былога Рыбнага рынку (стаянка каля крамы “Крышталь” па вул. Дамініканскай) надзвычай цікавая, і яе аспрэчваць ня можам, але і даказаць яе могуць толькі грунтоўнейшыя археалагічныя раскопкі ў гэтым раёне. Але мясціна гэтая сёння пад пагрозай – па планах нашых “рэканструктараў” акурат па ёй павінен прайсці дублёр вуліцы Вялікая Траецкая.
У любым выпадку кніга надзвычай каштоўная і выкладзеным у ёй матэрыялам, і сваім узроўнем, і сваім выкананнем. Прыемна ўсведамляць, што ёсць людзі, якія так шмат увагі прысвячаюць нашаму любаму гораду. Усе гарадзенцы, якія хочуць даведацца больш пра наш горад, павінны яе прачытаць. Набыць кнігу можна ў краме “Акадэмкніга” ў Менску і ў краме “Раніца” у Гродне. Каштуе яна 35 000 рублёў.
-
Катэгорыя: Падзеі
-
Апублікавана 24 Лістапад 2007
Апошняе
- Гродненский военный лагерь 1705 – 1706 гг.
- Первое упоминание про Городен - 1127 год
- НА ПРАВАХ МАГДЭБУРГА
- ГАРАДЗЕНСКАЕ КНЯСТВА (ПАЧАТАК ГІСТОРЫІ)
- ІМЯ ГОРАДА
- Тайны семейной усыпальницы
- Андрэй Чарнякевіч Айцы горада: кіраўнікі гродзенскага магістрата ў міжваенны час і іх лёсы 1919–1939 гг.
- Старая Лента. Гродненский синематограф: забытые страницы
- В аренду предводителю дворянства или история дома на ул. Академической