У гродзенскім новым замку адчынілася выстава, прысвечаная найлепшым археалагічным знаходкам Гродзеншчыны і Падляшша. Выстава будзе працаваць да канца лютага 2007 года.

 Выстава “Каштоўнасці пяці тысячагоддзяў” знаёміць наведвальнікаў з археалагічнай спадчынай двух рэгіёнаў: Гродзеншчыны (Беларусь) і Падляшша (Польшча). Яна адлюстроўвае вельмі цікавую матэрыяльную культуру гэтых тэрыторый ад каменнага веку да позняга сярэднявечча (15 тыс. год да н.э. – XVIII ст. н.э.).

Экспанаты выставы складаюць гонар археалагічных збораў Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея і Музея Падляшша ў Беластоку. Сярод калекцый з Польшчы найбольш цікавымі з’яўляюцца: кераміка бронзавага веку (XV–IX ст. да н.э.), калекцыі бронзавых і срэбраных упрыгажэнняў са скарбаў лужыцкай культуры (VI–V ст. да н.э.) і пахаванняў судоўскай культуры (III–IV ст. н.э.), шкляныя каралі вельбарскай культуры (III–IV ст. н.э.), інвентар пахавання прадвадзіцеля (пачатак II ст. н.э.). З археалагічных збораў Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея прыцягваюць увагу вырабы перыяду сярэднявечча: скураны абутак, драўляныя дзіцячыя цацкі, зброя і рыштунак вершнікаў XI–XV ст., кафля з вядомых замкаў Гродзеншчыны (у Гродне, Крэве, Лідзе, Міры). Музейныя калекцыі паказаны тэматычнымі комплексамі ў залежнасці ад сыравіны, з якой яны былі выраблены: каменя, дрэва, косці, скуры, гліны, чорнага і каляровага металу.

Кожны з гэтых прадметаў – дробненькая часцінка, з якой складаецца вялікая мазаіка Гісторыі. Вытанчаныя і простыя, выдатнай захаванасці і ў фрагментах, вядомыя з падручнікаў, а таксама ўвогуле незразумелыя рэчы – усё гэта тое, што мы завем нашай спадчынай, што было знойдзена ў зямлі і пад вадой. Сёння гэтыя каштоўнасці прадстаўлены вашай увазе.

 
 
 
Scroll to top