“У канцы 1956 або пачатку 1957 году ў Гродзенскім педінстытуце адбылася дзіўная падзея. Перад студэнтамі, сабранымі па загаду кіраўніцтва, выступаў кіраўнік гродзенскага КДБ Іваноў. «Чэкісты» не любяць паказвацца на людзях, а гэты красаваўся ў кэдэбісцкай форме і нават з пісталетам на баку.
Расказваў Іваноў студэнтам таксама дзіўныя рэчы.
Быццам шэраг выкладчыкаў педінстытута дадумаліся да варожай акцыі – паслалі віншавальную тэлеграму новаабранаму амерыканскаму прэзідэнту Дуайту Эйзенхаўэру. Маўляў, глядзіце, ідэалагічныя ворагі савецкай улады працягваюць дзейнічаць. Большасць з тых, хто чуў выступленні Іванова, даваліся дзіву: на вуліцы хаця і была хрушчоўская «адліга», аднак усе добра памяталі як яшчэ колькі гадоў таму – напрыклад у 1950-м, распраўляліся спецслужбы з вальнадумнымі студэнтамі, арыштоўвалі іх ноччу і адразу адпраўлялі на Поўнач. А тут такі чын займаецца ўгаворваннямі…
Многія са студэнтаў аднак здагадваліся аб прычыне такой гучнай «прафілактычна-прапагандысцкай» акцыі гродзенскага КДБ. Насамрэч ніякай віншавальнай тэлеграмы Эйзенхаўэру ад групы выкладчыкаў не было. Быў толькі адзін выкладчык, які не пісаў амерыканскаму прэзідэнту, а склаў зварот у Цэнтральны Камітэт Камуністычнай партыі БССР, патрабуючы спыніць пагалоўную русіфікацыю краіны. Звалі гэтага выкладчыка Браніслаў (Барыс) Ржэўскі…
Адразу насупраць дома Ажэшкі ўзвышаецца галоўны, ці, як яго яшчэ называюць – “стары” корпус Гродзенскага дзяржаўнага універсітэта, што носіць імя Янкі Купалы. Будынак універсітэта складаецца з двух частак. У ягоным старым крыле, што было пабудавана напрыканцы ХІХ стагоддзя як жаночая марыінская гімназія, у свой час размяшчаліся дзяржаўная настаўніцкая семінарыя, пазней - польская жаночая гімназія імя Плятэр і, нарэшце, настаўніцкі інстытут з якога і вырас сённяшні ўніверсітэт.
Перад будынкам у 1964 годзе быў пастаўлены бюст Янкі Купалы працы скульптара З. Азгура. Гэта не адзіны помнік, што стаяў каля былой гімназіі. Пасля 1939 года злева ад параднага увахода ў настаўніцкі інстытут з’явілася трохмятровая выява Сталіна, якую у чэрвені 1941 года мясцовыя жыхары скінулі з пастамента.
Як заўважае даследчык савецкіх судовых устаноў С. Сноп “студэнцкае і навуковае асяроддзе пільна вывучалася ворганамі дзяржбяспекі”. Гэтак, у красавіку 1950 года быў «раскрыты» “буржуазны нацыяналіст”, студэнт педінстытута І. Клышэвіч, што паходзіў з вёскі Марасіна з-пад Шчучына. Пад час нямецкай акупацыі Іосіф Клышэвіч працаваў настаўнікам ў вясковай пачатковай школцы. На сваіх занятках, згодна акту абвінавачвання, ён выказваўся за “стварэнне нацыяналістычнай буржуазнай беларускай дзяржавы”. “Будучы ідэйна супраць Савецкай улады і палітыкі партыі і ўрада, - гаварылася далей, - Клышэвіч пад час вучобы ў Гродзенскім педінстытуце... не пакідаў займацца контррэвалюцыйнай агітацыяй”. У выніку ў жніўні 1950 года судовая калегія Гарадзенскага абласнога суду прысудзіла І. Клышэвіча да дваццаці пяці год пазбаўлення волі.
Іншы студэнт педінстытута – Стрэльчык Мікалай у верасні 1951 года быў асуджаны на тыя ж дваццаць пяць год за тое, што ў 1943 годзе набыў у акупаваным немцамі Мінску “нацыяналістычную і антысавецкую літаратуру”: “Беларускую граматыку” і “Беларускі правапіс” “нацдэмаў” Лёсіка і Тарашкевіча, кнігу Геніюш…
Наогул, на думку дзяржбяспекі педінстытут быў “засмечаны чуждымі элементамі”, гэтакімі як загадчык кафедры заходнееўрапейскай літаратуры Д. Бялінскі, загадчык кафедры мовы і літаратуры Я. Валатоўскі, выкладчык Н. Гурло і нават дырэктар інстытута М. Уласавец. Наконт апошняга ў абкам партыі паведамлялася, што бацька Уласаўца пры немцах быў дырэктарам школы ў пасёлку Шуміліна пад Віцебскам, дзе арганізаваў кола “Саюза беларускай моладзі”, за што пазней быў асуджаны на дзесяць год лагераў.
Лёс дырэктара педінстытута быў канчаткова вырашаны на партыйнай канферэнцыі ў студзені 1949 года. У сваім дакладзе сакратар гаркама партыі Н. Слабадзін ацаніў дзейнасць М. Уласаўца, як “страту бальшавіцкай пільнасці, калі і не болей… У давераным яму інстытуце ў лік студэнтаў і выкладчыкаў падбіраліся людзі, зусім не выклікаючыя палітычнага даверу”. У выніку М. Уласавец быў звольнены з пасады дырэктара “як не забяспечыўшы неабходнае кіраўніцтва вучэбна-адукацыйнай працы інстытута”.
Але найбольш прыкметнай “беларускай” справай для Гродзенскага педінстытута стаўся арышт у сярэдзіне 1950-х выкладчыка Барыса Ржэўскага. Асобу апошняга з велізарнай сімпатыяй узгадвае ў сваёй кніжцы Янка Брыль, які ведаў Б. Ржэўскага асабіста яшчэ з партызанскіх часоў, калі той рэдагаваў адзін з баявых лісткоў савецкіх партызан у Налібоцкай пушчы.
Цкаванне педагога пачалося з таго, што Б. Ржэўскі прачытаў свой ліст адрасаваны да партыйных уладаў у абарону беларускасці аднаму з сябраў, а прачытаўшы “схаваў яго туды, адкуль дастаў – пад мармуровы цяжкі пісьмовы прыбор на сваім рабочым стале”. У пісьме тым пісалася, што “нават на шматлюдным пахаванні Якуба Коласа галоўны ідэолаг БССР... афіцыйны жаль агучваў з урадавай трыбуны па паперцы ды па-руску, паныла паўтараючы: “Наш дорогой Константин Михайлович Якубколос...” “Калі гэбісты прыйшлі першы раз, - піша Я.Брыль, - яны не сталі нічога шукаць-расшукваць, адразу сіганулі да стала, паднялі той пісьмовы прыбор... Толькі Барыса забралі, на кватэру да іх прыйшлі з ператрусам... з шуфляды яго стала дасталіся пісьмы, ды многа іх, а ў адным пісьме аказаўся і мой фотаздымак, на якім я ў вясёлым рогаце. І ператрусчыкі, калі адзін з іх уголас зачытаў надпіс на абароце здымка, амаль зусім па-людску засмяяліcя”. На адваротным баку фатаздымку з нагоды нейкай літаратурнай прэміі было напісана: “прими от морды, вкусившей славы”. В. Быкаў занатаваў у сваім дзённіку: “У саракавыя гады... [насамрэч, гэта было ў сярэдзіне 1950-х] у Гародні арыштавалі дацэнта педінстытута Ржэўскага, за нацыяналізм. Пасля, казалі. Кадэбісты абураліся: усё выдаў, ва ўсім прызнаўся. Пры вобыску не знайшлі нейкіх кніжак, дык ён на допыце сказаў, дзе хаваў: у куратніку. Таму, хто рабіў вобыск, нагарэла. Як было не абурацца – гэтак падвёў нацыяналіст”.
“У Гародні, на бясконцых допытах, - чытаем мы далей у Я. Брыля, - яго не білі, нават і не надта лаялі. Следчы, малады, упасвены жыдок, калі сказаць па-заходніцку, слухаючы беларускія тлумачэнні пажылога педагога, толькі зверху пасміхаўся: “И кому это нужно?.. Ком-му эт-то нуж-но?..”
Потым былі чарговыя допыты, краты і нары, камедыя суда, этапы, лагерная бібліятэка ў Мардовіі. Вызвалены праз чатыры гады, ён хаця і прыкметна пастарэў, але, як піша Я. Брыль, “цікавасць да нашага галоўнага, ды цікавасць не збоку, а ў шчырай актыўнай заклапочанасці, жылі ў ім і тады, і потым увесь час, да самага канца”. Вось толькі кандыдата навук, вопытнага і здольнага выкладчыка, хоць нібыта і апраўданага Вярхоўным судом, да ранейшай працы ўжо не дапусцілі.
Памёр Браніслаў (Барыс) Ржэўскі ў 1980 годзе. Сёння імя гэтага чалавека нават не згадваецца ў даведніках з біяграфіямі выкладчыкаў Гродзенскага ўніверсітэта імя Янкі Купалы.
|
|
-
Катэгорыя: Гарадзенскія гісторыі
-
Апублікавана 02 Чэрвень 2010
Апошняе
- Гродненский военный лагерь 1705 – 1706 гг.
- Первое упоминание про Городен - 1127 год
- НА ПРАВАХ МАГДЭБУРГА
- ГАРАДЗЕНСКАЕ КНЯСТВА (ПАЧАТАК ГІСТОРЫІ)
- ІМЯ ГОРАДА
- Тайны семейной усыпальницы
- Андрэй Чарнякевіч Айцы горада: кіраўнікі гродзенскага магістрата ў міжваенны час і іх лёсы 1919–1939 гг.
- Старая Лента. Гродненский синематограф: забытые страницы
- В аренду предводителю дворянства или история дома на ул. Академической