Як вядома, сон розуму нараджае пачвар...
Стаяў студзень 1691 года. Гародня толькі-толькі пачыла адыходзіць ад жахаў апошняй вайны, калі раптам сярод месцічаў папаўзлі чуткі, што ў гарадскі Ратуш даставілі чараўніка з падмейскага Каханова на інквізіцыю.
Разглядам справы заняўся войтаўскі суд у складзе лаўніка Пятра Паўлавіча Шулеўскага, вознага Сымона Баліцкага, пісара Адама Казакевіча ды Ераніма Кучынскага. Горад замёр, нібы чакаючы нечага.
Страшэннае па тым часам абвінавачванне ў чараўніцтве патрапіла на падданага гарадзенскіх брыгітак Максіма Знака. Супраць яго меў паказваць гарадзенскі шынкар Сымон Юхальскі з жонкай Агнешкай Буракоўнай на “счараванне асоб з дзецьмі вышэйпамянёных і цэлага дому”. Так, прынамсі, гучыць запіс з кнігі актаў войтаўскіх места Гародні. Сам Знак упарта сцвярджаў, што “не разумеў нічога больш, як толькі падзьмухаць умеў, калі хто на жывот хворы”.
Ролю пасрэдніка ў справе ўзяў на сабе эканом брыгітак Станіслаў Вярбіцкі. Справа мелася разглядацца згодна тагачаснаму звычаю. Калі пасля трох катаванняў, знаходзячыся ў добрым розуме, Знак сваёй віны не прызнае - Юхальскі мусіў заплаціць грашовую кампенсацыю на карысць брыгітак. Калі ж Знак прызнае выстаўленыя супраць яго абвінавачанні, дык мусіў быць “спалены на лом”.
Суд прыступае да допытаў. І тут выказаўся здольнасцямі гарадзенскі кат. Хапіла і аднаго раза, каб Знак прызнаўся, што кінуў чары на шынок Юхальскага: “плюнуў і кляў тымі словамі, што б як сліна знікла, так і яны каб зніклі”! Больш за тое! “Адчыніць сваіх чараў”, гэта значыць, зняць праклён, чараўнік быў не ў стане. Замест гэтага, Знак выдаў імёны сваіх судзельнікаў. Перш за ўсё, арандатаркі другога шынка - Полькі Жыдоўкі. Гэта яна падаслала ведзьмака, “каб пана Юхальскага зачараваў і так учыніў, каб піва скісла, і сам каб ссох, і жонка ягоная, і дзеці, і каб з дарогі не павярнуў, і давала яму талер біты...” Узамен той даваў чарадзейскія парады ды навучыў шынкарку сакрэтнай “похвалки”, гэта значыць заклёну...
Стала зразумела, што горад апынуўся перад пагрозай д’яблаўскай змовы! Суд загадаў працягваць катаванне з мэтай выкрыць як мага большую колькасць чараўнікоў. Чакаць прыйшлося ня доўга. Ужо пад час першага допыта Знак узгадаў пра нейкага чалавека з Ліпску, які быў здольны наслаць сухоты на людзей, а плесень на піва на значнай адлегласці. Была яшчэ Буслава з Коханава, якая “ўмела дзецям малым шкодзіць, ад кароў малако адняць, шкодзіць у шынках, а таксама мела здольнасць лётаць”; Пацейку з Путрышак, што “перадам і задам ходзіў і галавой круціў”, “бабу Пухнову з Капліц”, якая рабіла адвар на зёлках; нейкага рыбака Рамана. Таксама, сведчыў Знак і пра Пацейку з Путрышак, які, звёў са свету яго жонку; пра шляхцянку пані Судзіцкую, якая “да дубу хадзіла і нажамі дзёўбала і да тых дзірак прамаўляла”, а ўсім жыхарам Коханава быццам бы пагражала: “Пры мне ў Коханаве радзілася, а без мяне ані гародніна, ані збожжа радзіць ня будзе”!
Але найбольш страшэнным і небяспечным з усіх аказаўся нейкі чараўнік Расол з Верцялішак (Вярцелісак) – “найлепшы і старшы чараўнік, бо ўмее дзецям хваробы наслаць, у кароў малако адабраць і ў шынках шкодзіць, і такія зёлкі мае, што перад кожным судом і урадам любый з няслушнай справы можа быць вольны”. Расол з нейкай Банкеччай лётае на гару Роспну, дзе ёсць слуп чароўны. Гэта ён прычыніўся да смерці Юзэфа са двара пана Мнішака, які ня даў Расолу піва.
Другое і трэцяе катаванне Максіма Знака прайшлі пры “немалым натоўпе”, аднак нічога новага не дадалі. Выкрыць астатніх ён згаджаўся толькі тады, калі возьмуць самога Расола. Па загаду суда, чараўнік быў звязнены і кінуты ў лёхі гарадзенскай ратушы. Аднак, горад ужо ахапіў жах. Знайшлі нават сведкі, якія бачылі на ўласныя вочы самаго Расола з Вярцялішак. Быццам бы, той, зьявіўшыся ў Гародні, абыйшоў навокал Ратушы, дзе быў зняволены Знак, пасля чаго прамовіў прысутным людзям: "Нічога з гэтага ня будзе, хоць бы яго спяклі, ні ў чым не прызнаецца”.
На гэтым месцы, актавыя дакументы заканчваюцца, таму мы можам толькі здагадвацца, якім чынам паточыліся далей падзеі і ці адбыліся новыя судовыя працэсы, ужо супраць тых, каго паказаў пад час допытаў Знак. Што ж тычыцца апошняга, дык згодна тагачаснаму праву, як чалавек, што прызнаўся ў чараўніцтве, ён быў спалены на стосе...
-
Катэгорыя: Гарадзенскія гісторыі
-
Апублікавана 09 Люты 2010
Апошняе
- Гродненский военный лагерь 1705 – 1706 гг.
- Первое упоминание про Городен - 1127 год
- НА ПРАВАХ МАГДЭБУРГА
- ГАРАДЗЕНСКАЕ КНЯСТВА (ПАЧАТАК ГІСТОРЫІ)
- ІМЯ ГОРАДА
- Тайны семейной усыпальницы
- Андрэй Чарнякевіч Айцы горада: кіраўнікі гродзенскага магістрата ў міжваенны час і іх лёсы 1919–1939 гг.
- Старая Лента. Гродненский синематограф: забытые страницы
- В аренду предводителю дворянства или история дома на ул. Академической