Абраз “Танец смерці”, які захоўваюць у сябе гродзенскія сёстры назаратанкі, з'яўляецца ўнікальным помнікам мастацтва, які паўстаў у нашым горадзе шмат гадоў таму. Магчымым аўтарам абраза “Танец смерці” з’яўляеца бернардын Францішак Лякшыцкі, які памёр у Гродне ў 1668 г. Яму належыць аднайменны абраз, які захоўваецца ў касцёле бернардынаў у Кракаве. Гродзенскі абраз захаваўся ў першаствораным выглядзе ў адрозненні ад кракаўскага і адлюстроўвае выгляда людзей сярэдзіны  XVII ст.

Ён меншы па памерах – 143х115 см, напісаны ў намнога больш вольнай манеры і яўна не быў прызначаны для вывешвання ў касцёле, паколькі мае нетыповы сюжэт, але аб гэтым крыху ніжэй. Да пачатку ХХ ст. абраз вісеў на калідоры кляштара брыгітак, пазней яго вынялі з рамы і паклалі ў падсобнае памяшканне. У 1922 г. яго збіраўся вывезці з краіны ў Галандыю манах-капуцын, але Ядкоўскі мабыць, таго не дапусціў.


Гродзенскі абраз складаецца з 16 сцэн. Цэнтральны сюжэт – два д’яблы вудамі ловяць у вадзе людзей, дзе таксама плаваюць каралеўскія кароны і папскія тыяры. Вышэй сядзіць яшчэ адзін д’ябал, у якога з-пад хваста цячэ жоўтая вадкасць і трапляе ў рот яўрэю, у якога з рота вылятаюць грошы. Менавіта гэтая сцэна не дазволіла вывесіць абраз у касцёле. 

Ніжэй змешчаны два малюнкі. На адным смерць, прадстаўленая ў выглядзе шкілета, які танчыць з натоўпам людзей, на другім пашча пачварнай жывёліны, якая сімвалізуе пекла.

Навокал малюнкі, якія адлюстроўваюць іерархію ўсіх людзей на зямлі ў разнастайных вопратках і з рознымі сімваламі ўлады. На першым смерць танчыць з папай рымскім. Далей з імператарам, каралём, кардыналам, князем у мітры з мячом і гарнастаямі, сенатарам, дамай, некалькімі яўрэямі і туркамі, біскупам, ксяндзамі і манахамі, шляхціцамі, гандляром і селянінам… Галоўны сэнс малюнкаў і подпісаў пад імі – паказаць марнасць чалавечага жыцця, бяссільнасць улады і багаццяў перад смерцю і зарыентаваць людзей на неабходнасць імкнуцца да вечнага жыцця ў небе. Напрыклад, пад пашчай д’ябла напісана: “Szczęśliwy ten, kto z tego tańcu odpocznie w niebieskim szańcu Nieszczęśliwy kto z tego koła wpadszy w piekło biada woła” (Шчаслівы той, хто ад танца са смерцю адпачне ў небе, а той, хто трапіць у пекла, крычыць “Бяда”).

 

 



Пад выявай імператара наступны надпіс: “Ia szto niezwycięzony S tobo mam byc Ziednoczony Wszystka moc cesarska moja Shnie gdy sie tknie reka twoja” (Я, непераможны, павінен злучыцца з табою. Уся мая імператарская сіла прападае, калі да цябе дакранаецца мая рука). Кароль кажа: „Dalbym berlo y korono by mnie z tańcu uwolniono A nader Pryzkre niestety ktore smierc skacze balety” (Я б аддаў сваю карону, каб мяне вызвалілі ад танца са смерцю, аднак смерць працягвае выконваць свой прыкры танец). Цікавы надпіс пад выявай шляхціцаў: „Jako sie Twe suche kosci Targnely na me Wolności Nie pozwalam w taniec z toba Ty mnie przecierz ciagniez z Soba” (як твае сухія косці пасягнулі на мае правы і волю, я не дазваляю танцу з сабою, аднак ты ўсё ж цягнеш мяне за сабою). Гэта яўны намёк на падзеі 1652 г., калі шляхціц В. Сіцыньскі на сейме ўпершыню скарыстаўся правілам ліберум вета. Аўтар паказвае, што нават шляхціц, які ганарыца сваімі “зямнымі” вольнасцямі, бяссільны перад смерцю.

 

 


Абраз напісаны ў вольнай манеры, можна нават сказаць, дастаткова прымітыўна. Гэта сведчыць аб тым, што ён першапачаткова не быў запланаваны для вывешвання ў касцёле. Хутчэй за ўсё аўтар не хацеў выклікаць нейкіх асацыяцый з канкрэтнымі гістарычнымі асобамі, але магчыма, што ў выглядзе караля адлюстраваны Міхал Карыбут або Ян Казімір.

Scroll to top