У Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі ў г.Гродна нам удалося знайсці невялікую, але вельмі цікавую працу сакратара Гродзенскага статыстычнага камітэта П.Дзікава пра гравюру Цюндта, фотаздымак якой вісеў у губернатара. У выніку двухгадовых даследаванняў ён прыйшоў летам 1887 г. да высновы, што "эстамп [станкавая гравюраабо літаграфія], які адлюстроўвае г.Гродна, існуючы цяпер не больш 3 ці 4 экземпляраў у Еўропе, куплены ў 1879 годзе імператарскай публічнай бібліятэкай у кнігагандлёўца Копа ў Берліне за 200 марак".

Мы можам нават удакладніць, што купіў яго У.В.Стасаў – вядомы рускі мастацкі і музычны крытык. Ён першым увёў гравюру Цюндта ў навуковы абарот, выкарыстаўшы яе ў артыкуле аб праваслаўных царквах у Заходняй Pacii XVI стагоддзя.

 

Эстамп, пра які пісаў П.Дзікаў, быў памешчаны ў раму і меў паясняльны тэкст па-нямецку. Сярод іншага там было напісана: "А тое, што тут адлюстравана, адбывалася ў ліпені месяцы 1567 года. Намалявана яно Гансам Адэльгаўзерам і награвіравана Мацвеем Цюндтом Нюрэмбергскім грамадзянінам у 1568 г.". Ганс або Ян Адэльгаўзер – нямецкі мастак, які ў гэты час жыў і працаваў у Польшчы. Вядома толькі адна яго карціна "Выгляд Гродна з выяздам пасольстваў падчас сейма ў Гродна ў 1567 г.". Адэльгаўзер быў сведкаю намаляванай ім падзеі. Мацвей (Матэуш, Маціас) Цюндт (1498-1586) – вядомы нюрнбергскі мастак, залатых спраў майстар, картограф, гравёр. Акрамя гравюры, зробленай па малюнку Адэльгаўзера "Праўдзівае адлюстраванне Гродна ў Літве", вядомы яго гравіраваныя партрэты, гравюры з выглядамі гарадоў і карт Мальты, Венгрыі, Бельгіі, Фландрыі, Кіпра.

 

Калі ж і з якой нагоды ўзніклі малюнак, а потым гравюра? На першым плане яе вы бачыце Занёманскую частку горада, запруджаную людзьмі ў войскавых строях і з ваенным рыштункам на конях. Не, гэта не насельніцтва Гродна высыпала на вуліцу. Справа ў іншым. Вы – сведкі сустрэчы 24 ліпеня 1567 г. пасольства Маскоўскага княства да вялікага князя літоўскага і караля полькага Сігізмунда Аўгуста. Каралеўскі маршалак Іван Валовіч і галава маскоўскага пасольства Фёдар Іванавіч Колычаў (Разумны) падаюць адзін аднаму рукі. Паслухаем, што яны гавораць, калі ўжо сышлі з коней пасля невялікай спрэчкі аб тым, хто павінен гэта зрабіць першым (для стварэння каларыту захаваем мову арыгінала):

 

Валовіч: "Великий государь Жигимонд Август..., ведая Вас брата своего Ивана Васильевича Всея Руси и Великого Князя Московского великих послов, послал нас вас встретити и двор указати, где вам стояти и до подворья вас проводити".

 

Кавалак моста праз Нёман

 

 

Колычаў: "Государь наш Царь и Великий Князь Государя вашего послов жалует на встречу к ним, поклон приказывает и о здоровьи вспросити велит. А нас Государь Ваш тем обезчестил – поклона не приказал и о здоровье нас вспросите не велел".

 

Валовіч: "Мы ваши речи донесем до Государя своего".

 

Затым маскоўскае пасольства было размешчана на Зарэцкім пасадзе – дзесяць двароў пад вартаю ў дзень і ноч, каб ніхто не змог з іх выйсці.

Ішла вядомая Лівонская вайна (1558-1583 гг.), у якой Іван IV імкнуўся "прасячы акно ў Еўропу". У сярэдзіне 1560-х гадоў у абоіх ваюючых бакоў узніклі імкненні скончыць вайну мірам. У чэрвені 1565 г. польска-літоўскае пасольства пабывала ў рускага цара, але перамовы скончыліся беспаспяхова, таму што Іван IV не хацеў вяртаць Полацк. Ён паабяцаў прыслаць сваё пасольства ў Польшчу. Вось яно і прыехала ў ліпені 1567 года ў Горадзен, дзе ў гэты час праходзіў сейм.

 

26 ліпеня маскоўскія паслы, а акрамя Колычава, гэта яшчэ полацкі намеснік Рыгор Іванавіч Нагі, дзяк Васілій Якаўлевіч Шчалкалаў і дваране – усіх 1200 чалавек, былі ў караля "на пасольстве". На гравюры відаць як яны ідуць праз мост да Сігізмунда Аўгуста. Царскія пасланцы хацелі прымусіць яго ўступіць Маскоўскаму княству Полацк, прызнаць царскі тытул маскоўскага князя, заключыць перамір'е, выдаць збегчага ў ВКЛ князя Андрэя Курбскага, дазволіць праезд рускіх купцоў Глядава і Кіткова праз Польшчу ў Царград, Александрыю, на Сінай і "ва Святую Гару". Перамір'е было заключана, але з астатнімі ўмовамі польска-літоўскія паслы пагадзіцца не маглі.

 

Сустрэча дзяка Колычава з Астафіем Валовічам

 

На гравюры відаць таксама, што ў Горадзен прыехалі і іншыя паслы. Адэльгаўзер, каб адзначыць гэты факт, зрабіў памылку, намаляваўшы іх прыезд і сустрэчу адначасова з маскоўскім пасольствам. На самой справе было інакш: раней усіх прыбылі маскоўцы (яны намаляваны ўнізе карціны), за імі – пасланцы турэцкага султана Сулеймана II (у крайнім левым вуглу), а потым ужо – татарскага хана Даўлет-Гірэя і Валахіі (на правам беразе ракі).

 

Другой важнай тэмай Гарадзенскага сейма была падрыхтоўка да канчатковага аб'яднання Вялікага княства Літоўскага і Каралеўства Польскага. Пасля таго, як Іван IV стаў Жахлівым і ўвёў апрычніну, Маскоўскае княства перастала вабіць беларуска-літоўскую шляхту, як альтэрнатыва Польшчы ў гэтым пытанні. Тайныя перамовы шляхты ВКЛ з рускімі пасламі, якія маглі мець месца ў Горадзене (не здарма ж так сцераглі ліцвіны рускія двары), відаць, ўпэўнілі ў неабходнасці ўніі з Польскай дзяржавай. Што і было зроблена на вядомым Люблінскім сейме 1568-1569 г.г.

 

А цяпер зноў вернемся да гравюры, бо яна з' яўляецца гістарычнай крыніцай не толькі па палітычнай гісторыі Гродна. Больш 420 гадоў нясе яна нам інфармацыю аб розных сферах жыцця сярэднявечага горада: ягонай планіроўцы, развіцці гаспадаркі, энтаграфіі, ландшафце, архітэктуры.

 

 

 

Спачатку агульныя назіранні. Уверсе гравюры знаходзіцца надпіс на лацінскай мове "Vera designatio urbis in Littavia Grodnae", што ў перакладзе на беларускую мову азначае: "Праўдзівае адлюстраванне горада ў Літве Гродна". Побач, у цэнтры, мы бачым герб, які падтрымліваюць лятучыя анелы. Але гэта не гарадскі герб, а цэлая калекцыя гербаў: Каралеўства Польскага (арол), ВКЛ ("Пагоня"), г.Навагрудка (святы Гаврыіл з вагаю і мячом), Боны Сфорцы (змяя). Злева, у картушы, прысвячэнне па-нямец ку: "Яснавельможнаму і ўсемагутнаму Гасудару Сігізмунду Аўгусту, Каралю Польскаму і Вялікаму князю Літоўскаму, наследнаму правіцелю Расіі і Прусіі, майму міласціваму Пану". Справа, у картушы, надпіс па-нямецку гучыць: "Праўдзівае адлюстраванне горада Гродна ў Літве. Там яго Польская Каралеўская Высокасць трымала сейм...".

 

Георг Браўн у сваёй шырокавядомай працы "Гарады зямнога свету", выдадзенай у 1617 г., напісаў пра Горадзен, дзе ён пабываў папскім легатам наступнае: "Пасля Вільні, другі па важнасці горад у Літве ёсць Гродна, на р.Кронон, ныне называемай Ніему. Горад гэты пабудаваны часткова на гары, часткова ў даліне, па звычаю краіны. У ім вельмі мала дамоў, якія цягнуліся б запар, шчыльна пабудаваныя адзін да аднаго, мала дамоў цягляных, больш збітых проста з барвеняў. Горад не акружаны сцяною, не ўмацаваны, без брамы і без крэпасных сцен...".

 

Усё гэта мы бачым на гравюры Цюндта. Паглядзіце на раку. Прачытайце дзве яе назвы. Заадно заўважце, што Адэльгаўзер двойчы памыліўся: рака цячэ не ў той бок, ды яшчэ і падзяляе Каложскую і Замкавую горы (а на самай справе гэта робіць Гараднічанка). Па Кронану-Нёману плыве лодка с пасажырамі. На правым беразе мыюць і сушаць скуры гарбары. Можна ўбачыць таксама хатнюю жывёлу (кароў, коней, сабак) і птушку (пеўня з курамі).

 

Горад размяркаваўся на двух берагах ракі. Звязаны яны былі драўляным мастом, які меў пяць пралётаў. Памост умацоўваўся на гораднях і не меў бакавых агароджаў. 3 боку Старога замка знаходзілася чатырохкутная брама, дзе ажыццяўляўся збор маставога мыта. Бераг каля яе абведзены паўкальцом кароткіх паляў.

 

 

Гродзенскія замкі

 

На вуліцах прадмесця стаяць у нацыянальнай вопратцы гарадзенцы. Паказаны жылыя дамы – у асноўным чатырохкутныя драўляныя пабудовы з двухскатнымі дахамі, з акенцамі амаль пад дахам. Уваход быў у тарцах, зрэдку ў бакавых сценах. Над ім часта рабілі прамавугольныя або круглыя аконныя праёмы, невялікія аднаскатныя навесы. Верагодна, пад жыллё выкарыстоўвалі і паддашак, які асвятляўся круглымі або паўкруглымі вокнамі ў тарцавых шчытах і слухавымі вокнамі ў даху. Пераважалі дамы з курнымі печамі, але былі і з дымаходамі. Існавалі рознага роду прыбудоўкі. Дамы намаляваны жывапіснымі групамі. Паміж дамамі відаць праходы ў двары, парою аформленыя арачнымі праёмамі і навесамі. На левым беразе Нёмана ёсць пабудовы "прускага мура" – драўлянага каркаса з цагляным, або глінабітным запаўненнем.

 

А цяпер злева направа паглядзім, што было на правым беразе Нёмана. Каложская царква – пра яе вы ўжо чыталі асобны аповяд, таму звернем увагу, што мастак даў яе некалькі схематычна. Каля царквы вы бачыце праваслаўныя могілкі. Тут быў пахаваны Богуш Багуговіч, які ў пачатку XVI стагоддзя аднаўляў Каложу.

 

Асаблівую ўвагу прыцягвае Стары замак часоў Вітаўта. У 80-90-я гады XIV стагоддзя ён быў перабудаваны з камення і цэглы. Замак абведзены мурам, які мае з боку Нёмана 120 метраў даўжыні, ля Гараднічанкі – каля 90 метраў, а з боку горада – з двух частак па 46 і 24 метра. Таўшчыня сцен да 2,5-3 метраў. На гравюры паказана 4 вежы, якія захаваліся да сярэдзіны XVI ст., а першапачаткова іх было 5: адна круглая каля брамы (вы яе ўжо ведаеце) і 4 квадратовыя 12x12 метраў. Жылы дом князя быў аднапавярховым і меў памеры 45x15 метраў.

 

На суседнім узвышшы намаляваны руіны мураваных сцен Ніжняга замка. А вялікі будынак – гэта так званы "Каралеўскі дом", пабудаваны каля сярэдзіны XV стагоддзя. Паблізу мы бачым помнік гарадзенскай школы дойлідства – Прачысценскую царкву. Яна знаходзілася на Падзамчышчы, але Адэльгаўзер сказіў перспектыву і вывеў царкву на адну лінію з замкам.

Правей стаіць Фарны касцёл. Гэта не сённяшні Фарны (паезуіцкі) касцёл, а былая Фара Вітаўта, пабудаваная да 1389 г. з дрэва, а з 1586-1587 гг. – з цэглы. Падмуркі яе вы можаце паглядзець у невялікім скверыку каля Палаца тэкстыльшчыкаў. Названы касцёл – самы стары каталіцкі храм у Гродне.

 

Побач намалявана ратуша, якая знаходзілася на гарадскім рынку. Спачатку яна была драўлянай, а ў першай чвэрці XIX ст. была пабудавана цалкам з каменяў. Гэта быў двухпавярховы будынак. На першым паверсе знаходзіліся "жыллё або каморы для падстрыгання сукна", на другім – службовыя памяшканні магістрата. Наверсе была зроблена вялікая тэраса.

 

Справа ад ратушы мы бачым Сімеонаўскую царкву – мураваны прамавугольны ў плане трохнефавы храм. Незвычайным было тое, што яна не мела алтарнай абсіды. Далей на ўзвышшы – два паралельных доўгіх будынка пад высокімі двусхільнымі дахамі. Гэта каралеўскія канюшні. Амаль на самым краю гравюры намалявана шыбеніца – "месца, дзе караюць злачынцаў" (так напісана ў прывілеі на магдэбурскае права 1496 г.). Яна знаходзілася за ўсходняй ускраінай горада, каля гарадскога лугу. Адэльгаўзер намаляваў, як па дарозе коннікі гоняць да шыбеніцы злачынцу.

 

 Гэтую выяву можна павялічыць, націснуўшы на спасылку

 

На Падоле, недалёка ад Нёмана, стаіць яшчэ адна драўляная царква. Належала яна цэху гарадзенскіх гарбароў і называлася Праўдзівага Крыжа (Честного Креста). Упершыню ў дакументах царква ўзгадваецца каля 1480 г. Асаблівасцю яе была цэнтрычна-ярусная кампазіцыя, у якой кожны ўступны ярус быў меншым за папярэдні. Царква завершана купалам, над першым ярусам зроблена галерэя. Своеасаблівымі былі вокны –  руглыя, з вялікай колькасцю шкельцаў.

 

Вось мы і даведаліся, што намаляваў Адэльгаўзер і выгравіраваў Цюндт. Іх праца на працягу каля 450 гадоў была ўзорам для наступных выданняў гравюр горада Гродна. Першымі паслядоўнікамі сталі Георг Браўн (мы яго цытавалі) і Франц Гогенберг. У шасцітомнай працы "Гарады зямнога свету" (1572- 1618 гг.), у другім томе пад назваю "Аб самых галоўных усяго свету гарадах" (кніга 2) Браўн змясціў акварэльны афорт Гродна, зроблены Гогенбергам па гравюры Цюндта.

 

Ззаду гэтай новай гравюры быў даволі значны надпіс, але мы працытуем толькі невялікі кавалачак: "Літва – вялізная краіна, якая мяжуе з Польшчай, багністая, лясістая; сталіца яе Вільна, епіскапскі горад, такі ж па велічыні, як і Кракаў з усімі прадмесцямі. Нешмат яму ўступае горад Гродна на рацэ Кронан, цяпер называемая Нёман, размеркаваны, па звычаям гэтай краіны, часткаю на пагорках, часткаю на раўніне..."

 

Капіравалі гравюру Цюндта і іншыя майстры ў самых розных варыянтах: з пасольствамі і без іх, нават апускалі Каложу і каралеўскі палац. У такіх выглядах гравюра з'яўлялася ў творах А.Альбіцыўса (1608 г.), Ф.Валегіта (1610 г.), Г.Бодэнэра і іншых.

 

Мы, сённяшнія гродзенцы, дзякуючы ім, маем магчымасць убачыць выяву нашага горада XVI ст. і параўнаць яе з рэальнасцю.

 

Вячаслаў Швед.

 

З кнігі “Горадзен”. Гродна, 1996

 

Scroll to top