Вось ужо некалькі стагоддзяў святога Губерта, біскупа бельгійскага горада Льежа, гарадзенцы шануюць як нябеснага заступніка свайго горада. Сымбаль святога – алень з крыжам на рагах – упрыгожвае герб горада з 1540 года.
У сучаснай Гародні да Дня святога Губерта прымяркоўваюцца выставы, канцэрты, навуковая канферэнцыя. Аднак постаць святога застаецца мала вядомай шырокаму колу гарадзенцаў, жыхары горада больш ведаюць губертаўскага аленя, чым самога біскупа Льежскага. Неасэнсаваным застаецца і духовы подзвіг святога Губерта.
1. Хто такія святыя?
Царква спрадвеку шанавала сваіх верных, што адзначыліся надзвычайнымі заслугамі: апосталаў і мучанікаў, якія праліўшы сваю кроў за Хрыста далі найвышэйшае сведчанне веры і любові, а таксама тых, хто прыпадобніўся Хрысту ў чысціні, беднасці ды іншых хрысціянскіх цнотах. Гэтых людзей Царква традыцыйна называе святымі. Для хрысціян яны з’яўляюцца прыкладам, які натхняе да шукання Валадарства Божага і навучае, якім шляхам ісці да гэтай мэты.
Адначасова святыя з’яўляюцца нашымі заступнікамі перад Богам, бо мы ўсе – і тыя, хто жыве на зямлі, і тыя, хто знаходзіцца ў нябеснай славе, складаем адну супольнасць – Царкву. Варта памятаць, што, звяртаючыся ў малітве да святых, мы не ставім іх на месца Бога, а толькі просім падтрымаць нашую просьбу сваёй малітвай.
ІІ Ватыканскі сабор заклікае любіць святых, бо яны з’яўляюцца сябрамі і суспадчыннікамі Ісуса Хрыста, а таксама нашымі братамі і дабрадзеямі. Хрысціяне просяць святых пра малітву і заступніцтва, а таксама дзякуюць Богу за тыя даброцці, якія атрымліваюць праз малітвы святых.
Цягам стагоддзяў існуе хрысціянскі звычай шанавання пэўных святых як нябесных апекуноў нейкай групы людзей (народа, прадстаўнікоў асобных прафесій) альбо пэўнай мясцовасці. Такіх святых называюць таксама патронамі. “Сфера ўплыву” патрона звычайна звязаная з яго жыццёвым шляхам: святы можа быць апекуном той групы людзей ці мясцовасці, якія нейкім чынам звязаныя з яго зямным жыццём. Аднак абранне святога апекуна можа быць і адвольным.
2. Эпоха святога Губерта
Эпоха, у якую жыў святы, падобная да сённяшняга часу: Еўропа пасля перасялення народаў і ўпадку рымскай хрысціянскай культуры шукала сваю ідэнтычнасць і адначасова змагалася са знешняй пагрозай.
Франкская дзяржава, што ўзнікла пасля захопу германскімі плямёнамі франкаў былой рымскай правінцыі Галіі ў канцы V стагоддзя, на той момант перажывала глыбокі крызіс. Каралі з роду Меравінгаў былі слабымі і ня мелі ўлады ў сваёй дзяржаве. Каралеўства было падзеленае на чатыры часткі – Нейстрыю, Аўстразію, Аквітанію і Бургундыю, якімі кіравалі маёрдомы – буйныя землеўласнікі і ваяводы. Яны часта ваявалі адзін з адным.
Складанай была і рэлігійная сітуацыя ў дзяржаве. У 496 годзе франкскі кароль Хлодвіг прыняў хрост у Каталіцкай Царкве (у адрозненні ад правадыроў іншых германскіх плямёнаў, якія былі ахрышчаныя арыянамі). Нягледзячы на два стагоддзі, якія мінулі ад моманту афіцыйнага хросту, многія жыхары франкскай дзяржавы альбо толькі намінальна былі хрысціянамі, альбо адкрыта трымаліся язычніцкіх культаў.
Яшчэ адна пагроза, з якой сутыкнулася франкская дзяржава пры жыцці святога Губерта – арабскае нашэсце. Усяго толькі за тры гады (711-714) арабы захапілі суседні з Франкскім каралеўствам Пірынейскі паўвостраў. У 717 годзе яны ўпершыню перайшлі Пірынеі і з’явіліся на радзіме Губерта – у Гасконі і Аквітаніі, а ў 732 годзе Карл Мартэл перамог арабаў у бітве пра Пуацье і спыніў іх нашэсце на Еўропу.
3. Жыццё святога
Святы Губерт нарадзіўся ў Тулузе (правінцыя Гасконь) у 655 (альбо 656) годзе, паходзіў з франкскага каралеўскага роду Меравінгаў. Ён быў старэйшым сынам і спадкаемцам Бертрана (Боггіса), герцага Аквітанскага. Ад бацькі малады Губерт пераняў любоў да палявання і з дзяцінства хадзіў на ловы. Ва ўзросце 14 гадоў падчас палявання на мядзведзя ў Пірынейскіх гарах хлопец выратаваў свайму бацьку жыццё.
Калі стаў паўналетнім, накіраваўсяў у сталіцу Нэйстрыі -- Парыж, да двара караля франкаў Тэадорыха ІІІ. Праз некаторы час маёрдом Нэйстрыі Эбруін арганізаваў паход у Аўстразію (паўночна-ўсходнюю частку франкскай дзяржавы), і Губерт далучыўся да яго. Хучэй за ўсё, гэта быў паход 680 (681) года, падчас якога Эбруін быў забіты. Па смерці сюзэрэна Губерт пераходзіць на службу да маёрдома Аўстразіі Піпіна Герыстальскага, бацькі Карла Мартэла. Губерт ажаніўся з дачкой Піпіна і такім чынам стаў шваграм знакамітага пераможцы арабаў і заснавальніка францускай каралеўскай дынастыі Каралінгаў. Паводле іншых звестак, жонкай будучага святога стала Фларыбанна, дачка Дагабера, князя Лювэнскага. У Губерта нарадзіўся сын Фларыбер, які стаў пасля яго біскупам Льежскім.
Губерт часцей за ўсё бавіў час на паляванні. Некаторыя крыніцы гавораць, што пасля смерці жонкі ў родах ён вёў разгульны лад жыцця. У іншых крыніцах гаворка ідзе пра ад’езд жонкі на працяглы час.
У Вялікую Пятніцу 695 года Губерт накіраваўся на паляванне ў Ардэнскія горы. Падчас гэтай выправы паляўнічы сустрэў белага аленя з крыжам на рагах і пачуў голас Творцы: “Губерт, калі ты не навернешся да Бога і не ўзвысішся святым жыццём, то хутка за грэх распусты трапіш у пекла”. Губерт сышоў з каня і запытаўся: “Божа, што загадаеш мне рабіць?”, і Госпад адказаў яму: “Ідзі і пакажыся Ламберту, ён цябе навучыць”.
Губерт перажыў сапраўднае навяртанне і пасля гэтага цудоўнага здарэння накіраваўся ў Маастрыхт да біскупа Ламберта, каторы прыняў яго добразычліва. Будучы святы адмовіўся ад свайго тытула і перадаў уладу малодшаму брату Одзе, альбо Эду, які ўвайшоў у гісторыю як Эд Вялікі, герцаг Аквітанскі, і быў адным з удзельнікаў бітвы пры Пуацье.
Пад кіраўніцтвам біскупа Ламберта Губерт распачаў падрыхтоўку да святарскага служэння, і з рук свайго духоўнага настаўніка атрымаў святарскія свячанні. Паводле парады Ламберта будучы святы здзейсніў пілігрымку ў Рым да рэліквій святых апосталаў Пятра і Паўла.
Паводле некаторых крыніц, у Рыме Губерт даведаўся пра смерць свайго духоўнага настаўніка, забітага па загадзе былога сюзэрэна Губерта, маёрдома Піпіна, за тое, што асуджаў яго пазашлюбнае сужыццё з Алпаідаю, маці Карла Мартэла. Забойцам святога Ламберта стаў граф Дадон, магчыма, брат Алпаіды. Паводле легенды, Папа праз цудоўнае бачанне даведаўся пра смерць Ламберта, і адразу высвяціў Губерта на біскупа Маастрыхту. Дакладны год смеці Ламберта не вядомы, яго забойства магло адбыцца паміж 698 і 708 годам. Як гавораць некаторыя даследчыкі, Губерт мог прыняць біскупскія свячанні з рук Папы Сергія І, які памёр у 701 годзе.
Па вяртанні ў Маастрыхт, біскуп Губерт праводзіў час у пасце і малітве, а таксама нястомна займаўся місіянерскай дзейнасцю ў язычніцкіх ваколіцах Ардэн і Брабанту (тэрыторыя сучасных Бельгіі і Нідэрландаў). Падрабязнасцяў пра гэты перыяд жыцця святога Губерта не захавалася. Вядома, што ў 717 годзе ён перанёс сталіцу біскупства ў Леодыюм (Льеж). У 720 годзе Губерт перанёс ў Льеж і парэшткі свайго настаўніка, біскупа Ламберта, які на той час ужо быў шанаваны як святы. Царква, у якой былі пакладзеныя рэліквіі святога Ламберта, стала кафедральным саборам Льежскай дыяцэзіі.
Святы Губерт адчуваў вялікую адказнасць за давераных яму вернікаў дыяцэзіі, таму перад смерцю, ужо стары і хворы, прамовіў казанне, у якім прасіў сваю паству жыць па хрысціянску і такім чынам дазволіць яму спакойна памерці. Святы біскуп адышоў да Госпада 30 мая 727 (728) года і першапачаткова быў пахаваны ў Льежы. 3 лістапада 825 года яго парэшткі перазахаваныя ў аббацтве Андаж, пазней перайменаваным у гонар святога ў Сэн-Юбер. Дзень 3 лістапада стаў днём літургічнага шанавання святога Губерта Льежскага. У Сэн-Юбэр святы спачываў да 1568 года, калі ў часе Нідэрландскай рэвалюцыі парэшткі святога знішчылі пратэстанты.
Неўзабаве пасля смерці святога яго культ распаўсюдзіўся па ўсёй Еўропе. Яго лічаць сваім нябесным заступнікам не толькі паляўнічыя і леснікі, што вынікае з захаплення святога Губерта паляваннем, але таксама спартоўцы, гарбары, матэматыкі. Да яго звяртаюцца, просячы аб ацаленні лунатыкаў, хворых на эпілепсію. Святы паляўнічы – заступнік не толькі людзей, яго просяць пра абарону сабак ад шаленства.
Паколькі Губерт Льежскі – гэта святы, які жыў да падзелу хрысціянскай Царквы, яго святасць вызнае не толькі Каталіцкая, але і Праваслаўная Царква. У Брусэльска-Бельгійскай епархіі Рускай Правалаўнай Царквы ён з’яўляецца мясцовашанаваным святым.
4. Як мы можам шанаваць нашага святога апекуна
Шанаванне святога апекуна нашага горада мае насіць не толькі свецкі характар. Для хрысціян горада ягонае навяртанне, жыццё і духоўны подзвіг могуць стаць прыкладам, як жыць хрысціянскімі ідэаламі. Праз заступніцтва святога Губерта варта маліцца за наш горад і яго жыхароў.
Хацелася б прапанаваць некалькі канкрэтных захадаў для пашырэння культу святога Губерта ў Гародні:
1. Святкаванне Дзён святога Губерта варта пачынаць з малітвы. Вернікі могуць замовіць адмысловыя набажэнствы ў сваіх храмах, просячы святароў маліцца за горад і ўсіх яго жыхароў.
2. Паколькі святы Губерт з’яўляецца святым непадзеленай Царквы, няма перашкодаў для яго ўшанавання і вернікамі Праваслаўнай Царквы.
3. Нажаль, ні ў водным храме Гародні няма вобраза святога Губерта. Таму грамадскасць горада можа замовіць адмысловы абраз і ахвяраваць яго, узгадніўшы з духоўнымі ўладамі, аднаму з храмаў горада. Гэты храм і абраз маглі б стаць цэнтрам шанавання нябеснага заступніка Гародні. Варта дадаць, што абраз лепей было б змясціць у адным з новых храмаў горада, паколькі старыя храмы ўжо маюць дастаткова прыгожых і каштоўных святых выяваў і змяшчэнне новага абраза ў іх можа быць праблематычным.
4. Для моладзі Гародні святы Губерт, які пакінуў свецкія захапленні і скіраваў сваё жыццё на шлях духоўнага подзвігу, можа быць прыкладам у пошуках трывалых жыццёвых ідэалаў. Таму святарам варта часцей узгадваць пра святога Губерта ў казаннях.
5. У сённяшні час, калі мы назіраем крызіс еўрапейскай тоеснасці, звязаны з “новым перасяленнем народаў”, святы Губерт можа стаць прыкладам вернасці Еўропы, часткай якой заўсёды была Гародня, сваёй хрысціянскай традыцыі.
-
Катэгорыя: Вялікае княства і Рэч Паспалітая
-
Апублікавана 23 Снежань 2015
Апошняе
- Гродненский военный лагерь 1705 – 1706 гг.
- Первое упоминание про Городен - 1127 год
- НА ПРАВАХ МАГДЭБУРГА
- ГАРАДЗЕНСКАЕ КНЯСТВА (ПАЧАТАК ГІСТОРЫІ)
- ІМЯ ГОРАДА
- Тайны семейной усыпальницы
- Андрэй Чарнякевіч Айцы горада: кіраўнікі гродзенскага магістрата ў міжваенны час і іх лёсы 1919–1939 гг.
- Старая Лента. Гродненский синематограф: забытые страницы
- В аренду предводителю дворянства или история дома на ул. Академической