7 студзеня 1839 года Дамінік Франсуа Арагон, дырэктар Парыжскай абсерваторыі, у сценах Акадэміі навук зрабіў даклад, дзе быў згаданы вынаходнік новага тэхнічнага мастацтва – Луі Жан Мандэ Дагер. У жніўні 1839 было надрукавана тэхнічнае апісанне дагератыпіі – менавіта так называлі першыя фотаздымкі.
У 2009 годзе споўнілася 170 гадоў з дня вынаходніцтва фатаграфіі. За гэты доўгі час фатаграфія прайшла шлях ад тэхнічнага атракцыёна і дадатку да жывапісу да магутнага сродка выяўлення розных бакоў жыцця чалавека, набыла статус універсальнай мовы паміж рознымі людзьмі і пакаленнямі.
Слова “фатаграфія” прыйшло да нас з французскай мовы, а запазычана яно з грэчаскай і перакладаецца як “светлапіс” ці тэхніка малявання святлом.
Звычайна лічаць, што фатаграфію вынайшаў адзін чалавек. Але гэта не так. Вынаходніцтва фатаграфіі цесна звязана з імёнамі французаў Жазэфа Нісефора Ньепса, Луі Дагера і англічаніна Уільяма Талбота.
У 1826 годзе французскі вынаходнік Жазэф Нісефор Ньепс з акна сваёй майстэрні з дапамогай камеры абскуры зрабіў першы ў свеце фатаграфічны здымак і замацаваў яго. У якасці святлоадчувальнага рэчыва ён выкарыстаў адпаліраваны асфальтавы лак, які нанёс на алавянную талерку. Гэты працэс атрымаў назву геліяграфія. Ньепс стварыў першы фатаграфічны аппарат, дадаўшы да камеры абскуры аб’ектыў.
Час панавання дагератыпаў быў нядоўгі. Напачатку 1850-х гг. шэраг вынаходніцтваў здзейсніў англійскі вучоны Уільям Генры Фокс Тальбот. Ён упершыню ў фатаграфіі выкарыстаў паперу, прапітаную хларыстым срэбрам. Тальбот таксама з’яўляецца адным з вынаходнікаў негатыўна-пазітыўнага працэса (калатыпіі). Аднак доўгі час гэты працэс, які дазваляў множыць здымкі, здаваўся для сучаснікаў Тальбота проста незразумелым.
Луі Жан Дагер пры дапамозе светлавога промня атрымаў устойлівую выяву на срэбнай пласціне, якая атрымала ад імя вынаходніка назву дагератып.
Дагератып рабілі на тонкай (таўшчынёй каля 0,5 мм) меднай пласцінцы і пакрывалі срэбрам, таму што менавіта злучэнні гэтага металу адчувальныя да светлавых прамянёў. Для таго, каб разглядзець выяву на дагератыпе, трэба было павярнуць яе пад пэўным вуглом, каб яна не блікавала. Дагератыпы нельга было змяшчаць, напрыклад, на сцяне для ўсеагульнага агляду, бо хутка на іх паверхні з’яўляліся чорныя плямы. Каб абараніць выяву ад залішняга святла, яе захоўвалі пад шклом у спецыяльных футлярах. Кошт партрэта быў даволі высокі, таму мець свайго люстраванага двайніка (бо выява атрымлівалася менавіта люстранай) маглі сабе дазволіць толькі вельмі заможныя людзі.
Свой уклад у развіццё тэхнікі фатаграфіі ўнеслі таксама вынаходнікі, якія паходзяць з Беларусі.
Адным з актыўных дзеячоў Рускага тэхнічнага таварыства быў С.А.Юркоўскі, віцебскі вынаходнік-фатограф. Ён стварыў канструкцыю момантавых фотазатвораў. Затвор Юркоўскага дэманстраваўся ў Палітэхнічным музеі ў Маскве, быў ухвалены на з’ездзе Рускага тэхнічнага таварыства і выпускаўся да 1920-х гадоў французскай фірмай.
У галіне навукова-тэхнічнага выкарыстання фатаграфіі вядомы працы беларускага прыродазнаўцы Я.О.Наркевіча-Ёдкі. Праблемы навуковай і прыкладной фатаграфіі вывучаў ураджэнец Гродзенскай губерні фізік і оптатэхнік А.Л.Гершун. Будучы навуковым кіраўніком “Расійскага таварыства аптычнай і механічнай вытворчасці”, ён у 1913 г. кіраваў арганізацыяй першага ў Расіі завода оптыка-механічных прыбораў.
Першыя фатаграфічныя атэлье з’явіліся на тэрыторыі Беларусі ў 1860-я гады. У гэты час Гродзеншчына ўваходзла ў склад Расійскай імперыі. Фотаздымкі, створаныя ў гродзенскіх фотаатэлье ў гэты час, адрозніваюцца ад фотаздымкаў пазнейшых часоў невялікім памерам (10 х 6 см), выдатнай якасцю і дакладнай перадачай рысаў твараў і элементаў аддзення.
У Гродна адным з першых фатографаў быў Ілля Штуман. Яго працы вядомы з 1860 г., а фотаатэлье было зацверджана Губернскім праўленнем у 1864 г. Атэлье размяшчалася на вуліцы Замкавай у доме пад № 664. На фотаздымках работы Штумана сярод іншых можна ўбачыць вядомых асоб: Пётр Ажэшка – першы муж Элізы Ажэшка, таксама прадстаўлены і другі яе муж – адвакат Нагорскі.
У Гродне таксама дзейнічала фотамайстэрня Емілая Менцэля, знаходзілася на вуліцы Замкавай. Фотаздымкі гэтага майстра вядомы з 1862 г.
Фатограф Ігнацы Гілярый Запольскі-Доўнар паходзіў з дваран Мінскай губерні і працаваў у першай палове 1860-х гадоў. Дакладнае месцазнаходжанне яго атэлье невядома. Вядомы толькі адзін фотаздымак яго работы – партрэт Юзэфы Керсноўскай 1861г.
Іван Іванавіч Садоўскі, адзін з самых вядомых гродзенскіх фотамайстараў, заснаваў атэлье ў лютым 1865 г. на вул. Купецкай. У 1871-1907 гг. (з перапынкамі) працаваў разам з Люцыянам Казлоўскім. І.І.Садоўскі – аўтар шэрагу партрэтаў вядомых гарадзенцаў: сям’і А.Я.Багдановіча і Л.А.Сівіцкай (Зоські Верас). Ён прымаў удзел у падрыхтоўцы “Альбома касцюмаў Расіі” (1870-я гг.), у якім з 532 фатаграфій розных тыпаў мужчынскіх парадных касцюмаў розных рэгіёнаў 31 адносіцца да беларускай вопраткі.
У 1871г. у І.І.Садоўскага з'яўляецца кампаньён – Люцыян Казлоўскі, лідскі дваранін, які спачатку вучыўся ў яго фотасправе. У 1885 г. Люцыян Казлоўскі атрымаў дазвол губернскага праўлення на заснаванне ўласнай фотаўстановы ў Беластоку, але гэтыя планы не здзейсніліся. І толькі 13 мая 1891 г. ён атрымаў пасведчанне на адкрыццё прыватнай фотамайстэрні, якая адкрылася напрыканцы 1890-х г. Аднак фотаздымкаў, выкананых гэтым фатографам самастойна, не выяўлена.
Фатаграфіяй займаліся розныя асобы, як прафесіяналы, так і аматары. Сярод фатографаў-аматараў – Браніслаў Ігнатавіч Барэвіч. Ён служыў капельмайстрам 102-га Вятскага палка.
Для таго, каб афіцыйна пачаць працаваць у горадзе фатографам, трэба было падаць “Прашэнне” на імя Гродзенскага губернатара, які мог выдаць рэзалюцыю на згоду. Да Прашэння далучаўся рапарт ад паліцмесцера аб тым, што фатограф меў добрыя паводзіны і не быў заўважаны ні ў якіх палітычных сутыкненнях. І толькі пасля прадстаўлення папер са станоўчай характарыстыкай выдавалася “Свидетельство” на адкрыццё прыватнай фотамайстэрні ці ўвогуле на фатаграфаванне ў горадзе. Таксама кожны год адбываліся вопісы, праверкі колькасці майстэрань ў горадзе, якасць іх працы.
У 1912 г. Б.І.Барэвіч атрымаў пасведчанне на фатаграфаванне, дзе ўказвалася, што яму “дазваляецца рабіць фотаграфічныя здымкі ў горадзе Гродна, але без права здымаць віды мясцовасцей”. Б.І.Барэвіч працаваў у часы Першай сусветнай вайны, і на яго работах мы бачым жанравыя сцэны з вайсковага жыцця, напрыклад, фотаздымак 1915 г. са штампам “Люб.фотограф Боревич”: вайскоўцы каля магілы ў в. Навіннікі (Новікі) Сувальскай губерніі.
Далёка не пра ўсіх фатографаў вядома многае. Пра некаторых мы ведаем толькі дату адкрыцця фотамайстэрні, а часам толькі адрас, бывае і ўвогуле толькі імя фатографа. Так, пра фатографа М. Заблуду вядома, што майстэрня была адчынена ў 1903 г. і працавала на вуліцы Саборнай (Савецкай) у доме Чартка.
Ёсць фатаграфіі, якія былі выяўлены толькі ў адзінкавым экзэмпляры. Гэта фотаздымкі Ш. Гофмана і Б. Краузэ. Працавалі іх майстэрні ў пачатку ХХ ст. Першая на вуліцы Фабрычнай (раён Новага свету), другая на вул. Беластоцкай, большая частка якой на сёняшні час не захавалася.
Рэдкая з’ява ў галіне фотасправы – жанчыны-фатографы. У Гродне ў пачатку ХХ ст. працавала К. Трускоўская. Вядомы два яе фотаздымкі, адзін з якіх знаходзіцца ў экспазіцыі Старога замка. Магчыма, яе майстэрня размяшчалася ў доме Трускоўскіх на сучаснай вуліцы Сацыялістычнай.
Вядома, каб адкрыць сваю фотамайстэрню, фатограф мусіў не толькі мець афіцыйны дазвол губернатара, паліцмейсцера і затым атрымаць пасведчанне, але, натуральна, валодаць самой тэхнікай выканання гэтай шматграннай справы.
Так, гарадзенскі мешчанін Хаім Язерскі, пішучы прашэнне на імя губернатара, указвае, што чатыры гады займаўся ў мясцовага фатографа Гіршы Дамбравіцкага, служыў здымшчыкам і рэтушорам два гады і ў вядомага З.Карасіка. У момант падання прашэння ён быў яшчэ неафіцыйным кампаньёнам Папірнага, дзе выконваў працы па здымцы, рэтушоўцы, друку самастойна. Маючы такія практычныя навыкі, Язерскі два гады наведваў Віленскую мастацкую школу дзеля вывучэння фатаграфічнага мастацтва. Згоду і пасведчанне фатограф атрымаў у 1897 г., яго майстэрня адкрылася па вул. Саборнай у доме Баркоўскага. Пазней яна месцілася на вуліцы Мураўёўскай (Элізы Ажэшкі) у доме № 8.
Нам вядома імя яшчэ адной жанчыны-фатографа – Ента (Яўгенія) Райхштэйн. Яна была здольнай вучаніцай вядомага гродзенскага фатографа З.Я.Карасіка, займалася ў яго чатыры гады. У характарыстыцы сваёй вучаніцы З.Карасік піша, "што яна была ў навучэнні фатаграфічнай справе і паказала цудоўныя поспехі, так што яна ведае ўсе галіны фатаграфічнага мастацтва", за што у 1890 г ёй далі атэстат і званне "жанчына-фатограф". А хутка, ў 1894г., Я.Райхштэйн далі і Пасведчанне на адкрыццё майстэрні. Здымкі, зробленыя ў ёй, змешчаны на выставе.
У 1885 г. пасля вялікага пажару дзейнасць усіх фотамайстэрань прыпынілася. Так, у рапарце гродзенскаму губернатару за вераснь 1885 г. напісана: "Фатаграфічных устаноў у горадзе Гродна зараз няма". Але некаторыя фатографы, якія ў сувязі з пажарам зачынілі майстэрні, аднаўлялі дзейнасць. Так, пінскі мешчанін Мордух Папірны, сябра Рускага фатаграфічнага таварыства ў Маскве, меў майстэрню ў Гродна з 1884 г. да пажара 29 мая 1885 г., пасля чаго працягнуў дзейнасць у г. Брэсце (да 1895 г.), а ў 1896 г. зноў адкрыў майстэрню ў Гродна ў доме Баркоўскага на Саборнай вуліцы. Майстэрня працавала да 1900 г. Некаторы час яго кампаньёнам быў брэсцкі фатограф Стамлер.
Яшчэ адзін фатограф з Брэста распачаў сваю дзейнасць у Гродна ў сярэдзіне 1890-х гг. Гэта Хаім Біньковіч. У Гродна ён нарадзіўся, але жыў і працаваў у Брэсце, вучыўся ў фатографа Стамлера. Затым у Гродна летам 1894 г. разам з кампаньёнам Пейсахам Ежэрскім-Квятам адкрыў фотаўстанову па вул. Саборнай у доме Чэртка. Праўда, па нейкіх прычынах Квят ужо ў жніўні 1894 г. адмаўляецца ад кампаньёнства з умовай, што калі пойдзе працаваць да кагосьці фатографам, то мусіць заплаціць Біньковічу 300 рублёў. Праз два гады Біньковіч прадае майстэрню ва ўласнасць мешчаніна-землямера Мейера Гельгора, які працягваў справу Біньковіча да 1900 г. з перапынкамі..
У 1898 г. адчынена майстэрня К. Мараўскага па адрасе вуліца Мураўёва (Ажэшка), дом Арловай. Штабс-капітан Сапёрнага батальёна Мараўскі быў фатографам-аматарам. Кіраўніком майстэрні быў назначаны М. Рубінштэйн.
Адным з самых вядомых гродзенскіх фатографаў быў Мікалай Рубінштэйн. Яго “спецыяльнае атэлье мастацкіх партрэтаў”, як адзначана на паспарту, пачало працаваць у 1903 г. У часы Расійскай імперыі атэлье знаходзілася спачатку на вуліцы Саборнай (Савецкай), у доме Чартка, 21, пазней у доме Левандоўскага, 15. У 1920-30-я гг. – на вуліцы Дамініканскай (Савецкай) у доме № 20. У 1906 годзе Мікалай Рубінштэйн быў узнагароджаны вялікім залатым медалём на міжнароднай выставе ў Антверпене і наградным медалём Дона-Кубана-Церскага таварыства сельскай гаспадаркі. Перад тым як адкрыць уласную майстэрню, ён кіраваў фатаатэлье К.Мараўскага.
Фотасправа часта станавілася заняткам сямейным, калі ўладанне фотаатэлье пераходзіла ў спадчыну. А пазней фарміраваліся цэлыя дынастычныя лініі гродзенскіх фатографаў. Сярод такіх дынастый – Салавейчыкі, Карасікі і Гельгоры.
У Гродна адкрывалі атэлье не толькі ўласна жыхары горада, але і людзі, якія па розных прычынах прыязджалі з іншых гарадоў. У 1881 г. з-за прычыны пажара ў Слоніме нясвіжскі мешачнін Якаў Салавейчык піша прашэнне на адкрыццё фотамайстэрні. "Бо пасля пажара, - як ён сам указвае, - фатаграфія не можа даставіць пражыццё майму сямейству, услед чаму я вымушаны пераехаць у Гродна". Меў ён майстэрні таксама ў Нясвіжы і ў Пружанах. У Гродна майстэрня месцілася па вул. Купецкай у доме Абрамскага. У 1882 г. Якаў Салавейчык падае прашэнне адчыніць фотаўстанову ў Пружанах, дзе у гэты час жыве.
У 1884 г. Салавейчык памірае, а яго справу працягвае сын – Восіп Салавейчык. Пасведчане яму выдана ў 1894 г. Аднак фотамайстэрня ў Гродна была знішчана пажарам 1889 г. Тады В.Салавейчык просіць дазвол адчыніць майстэрню ў Беластоку, дзе з часам ён стаў адным з найлепшых фатографаў. В.Салавейчык атрымаў узнагароды на міжнародных выставах і выдаў альбом “Widoki miasta Bialegostoku”.
Адным з вядомейшых фотамастакоў Гродна быў Зельман Якаўлевіч Карасік. Ён паходзіў з гомельскіх мяшчан Магілёўскай губерні, да 1887 г. меў фотаатэлье ў Сакулцы. 7 кастрычніка 1886 г. Зельман Карасік адкрывае фотамайстэрню ў Гродна спачатку на вул. Саборнай (Савецкай), затым на вул. Калажанскай (Калючынскай) і на вул. Іваноўскай (Тэльмана). Губернскае праўленне выдала Карасіку спецыяльны дазвол на распаўсюджванне фатаграфічных відаў Гродна, у ліку якіх майстар выканаў фотакопію з рэпрадукцыі гравюры Браўна і Гогенберга, якую прывёз у Гродна Д.Н.Бацюшкаў. Зэльман Карасік – Ганаровы грамадзянін Гродна (1903), ён узнагароджаны медалямі “За стараннасць” на Уладзімірскай і Станіслаўскай стужках.
Сын З.Я.Карасіка таксама займаўся фотасправай. На жаль, мы не ведаем яго імя, а ўвайшоў ён у гісторыю гродзенскай фатаграфіі як Карасік малодшы. Ён працаваў з 1901 года, атэлье знаходзілася на вуліцы Саборнай (Савецкай) у доме Яффэ. У 1906 г. Карасік малодшы быў узнагароджаны вялікім залатым медалём і ганаровым дыпломам на міжнароднай выставе ў Бруселі.
Фотамайстэрня “Мадэрн” у часы Расійскай імперыі знаходзілася на вуліцы Мураўёўскай (Э.Ажэшка), у будынку пошты. У 1920-30-я гг. – на вуліцы Элізы Ажэшка ў доме № 14. У майстэрні працаваў фатограф Станіслаў Рамашкевіч, які, магчыма, быў яе ўладальнікам
Адным з самых знакамітых і папулярных гродзенскіх фатографаў быў Лейба Мееравіч Гельгор. Напачатку фотамайстэрню на плошчы Саборнай (Савецкай) у доме Курляндскага, 6 трымаў яго бацька, землямер Меер Кушэлевіч Гельгор. Ён набыў фотамайстэрню ў Х.М.Біньковіча 12 кастрычніка 1896 г.
Лейба Мееравіч Гельгор быў правадзейным сябрам Расійскага фотаграфічнага Таварыства ў Маскве. У 1905 годзе ён быў узнагароджаны вялікім залатым медалём на міжнароднай выставе ў Бруселі, срэбранымі медалямі на Станіслаўскай стужцы ў 1908 і 1911 гадах, у 1903 г. – падзячным лістом на Дзвінскай выставе, у 1912 г. – падарункамі ад Мікалая ІІ і вялікага князя Дзмітрыя Паўлавіча. У 1923 г. Лейба Мееравіч Гельгор атрымаў падзяку ад прэзідэнта ІІ Рэчы Паспалітай Ігнацыя Масціцкага.
Віды Гродна, якія былі створаны Гельгорам, можна бачыць на паштоўках першай трэці ХХ ст., а таксама ў вядомай працы пра Гродна заснавальніка Гродзенскага музея Ю.Ядкоўскага, выдадзенай ў 1922 годзе.
А зараз давайце завітаем у адну з гродзенскіх фотамайстэрань, якая сярод іншых падобных устаноў вылучалася густам і культурай. Цэнтр горада, Парадная плошча. Уверсе шыльда: на чорным матавым фоне – выцягнутыя літары “Фатаграфія Л. М. Гельгора”.
Меладычная песня званочка – і мы з вамі ў прыёмным пакоі, дзе звычайна адбывалася працэдура афармлення замоваў. Паўсюль фотаздымкі. На сценах у прыгожых рамах – партрэты. На стале – варыянты афармлення вашых фатаграфій.
Нарэшце зроблены выбар, і мы ў наступным, бадай самым вялікім пакоі – здымачным павільёне. Часцей за ўсё гэта была прыбудова са шкляным дахам, які па меры неабходнасці прыкрываўся цёмнымі фіранкамі, і шкляной сцяной на поўнач.
Ніводная фотамайстэрня ў тыя часы не абыходзілася без маляваных заднікаў з выявамі розных пейзажаў, архітэктурных ці паркавых ансамбляў, на фоне якіх здымаўся кліент. Неабходнай часткай павільёна была таксама разнастайная мэбля: крэсла, абцягнутае плюшам, столікі, тумбачкі, этажэркі, драўляныя лаўкі, звычайна размаляваныя пад мармур. Абавязкова была балюстрада з калонамі, камяні, дрэвы, зробленыя з пап’е-машэ.
Акрамя даступнага позірку наведвальніка здымачнага павільёна, існаваў яшчэ адзін, цёмны пакой-лабараторыя, дзе і адбываліся ўсе фатаграфічныя таямніцы – вырабляліся і апрацоўваліся ўжо знятыя пласцінкі. Пакойчык побач служыў для капіравання і друку здымкаў.
Некалькі слоў аб правілах дарэння фотаздымкаў у ХІХ ст. Людзі любяць дарыць адзін аднаму свае фотакарткі. Лічыцца, што гэты шырока распаўсюджаны звычай звязаны са з’яўленнем так званай візіткі, фотакарткі невялікага – 8 на 6 см – памеру. Упершыню яна з’явілася ў Францыі ў 1858 г. у майстэрні прыдворнага фатографа Напалеона ІІІ – Дыздэры. У яго можна было замовіць не толькі картку са сваёй выявай, але набыць картку-візітку любімага паэта, артыста ці мастака. Усе гэтыя паслугі каштавалі даволі танна. Навінку хутка асвоілі і мясцовыя фотамайстэрні. Узнікла мода на калекцыянаванне візітак. Добрым тонам у свеце лічылася мець альбомы з візіткамі родных, сяброў і проста добра знаёмых. Звычай дарыць фатаграфіі выклікаў да жыцця спецыяльныя правілы дарэння фатаграфічных картак. Вось некаторыя з іх, змешчаныя ў выданні 1890 г. “Жыццё ў свеце, доме і пры двары”. Ніякую сваю картку нельга прапаноўваць самому – яе дораць толькі пасля адпаведнай просьбы. Карткі вяліка памеру (напрыклад, кабінетнага) ці, наадварот, маленькага (напрыклад, для медальёна) дораць толькі блізкім людзям, а проста знаёмым дораць фатаграфіі звычайнага памеру, якія можна змясціць у альбом. Маладая дзяўчына ніколі не дорыць сваю картку мужчыне, калі толькі ён не з’яўляецца яе жаніхом. Атрымаць фатаграфію сябра ці сяброўкі і не паслаць у адказ сваю – значыць застацца перад гэтым чалавекам у неаплатным даўгу. Нельга дарыць сваю картку ў касцюме “негліжэ” ці ў неахайным выглядзе.
Згадзіцеся, што большасць напісаных больш за сто гадоў таму правіл актуальныя і сёння.
У 1920-1930-я гг. у горадзе працягвалі дзейнічаць ужо вядомыя фатографы З.Карасік, Л.Гельгор, М.Рубінштэйн. З’яўляліся і новыя фотамайстэрні, сярод якіх майстэрня Арцішэвіча Міхала. Яго фота працавала па вуліцы Э. Ажэшка ў доме № 4. Фотамайстэрня Хомула Ізраэля вядома з 1917 г. да канца 1930-х гадоў,і знаходзілася на вуліцы Дамініканскай (Савецкай) у доме № 19.
Сярод фатографаў польскага часу – Анэрык Дамінік. Яго фотамайстэрня спачатку працавала на вуліцы Скарбовай (Урыцкага) у доме № 10, пазней на вуліцы Брыгіцкай (К. Маркса).
Фотамайстэрня М.Палніца ці Палніцкага працавала па вул. Агароднай (Завадской).
Б. Краўзэль працаваў з 1908 г. на вуліцы Мураўёўскай (Э. Ажэшка) у доме № 4.
Фотамайстэрня “Orjon” дзейнічала ў 1941-1944 гадах, знаходзілася на вуліцы Брыгіцкай (К.Маркса), 15, належала Ю.Бахмінскаму. Прадстаўлены партрэт дзяўчынкі, “самы малады” фотаздымак на выставе.
Фотамайстэрня “Van-dyck” пакінула пасля сябе толькі фотаздымкі і назву, больш пра яе нічога не вядома.
Фотамайстэрня “Venus” знаходзілася на вуліцы Дамініканскай (Савецкай), 9. Належала П.Меламеду.
Усе згадзяцца, што фатаграфія – гэта ансамбль глыбока розных вобразаў, якія звычайна валодаюць фактам, яны створаны ўздзеяннем света на адчувальную паверхню. Для некаторых, фатаграфія – гэта аб’ектыўнае меркаванне аб свету. Для другіх, бачанне цалкам суб’ектыўнае, а фатограф – гэта мастак, які дасягнуў пагаднення з рэальнасцю і прысвоіў гэта бачанне сабе, для таго каб паказаць яго лепшым.
Адзінае ясна: фатаграфія – гэта сапраўды нешта большае, чым вызначальнік фатонаў, часціцаў, якія сыгналізуюць нашаму воку шматлікія падзеі сусвету.
Таня Казак
Літаратура
Памятная книжка Гродненской губернии. –Гродно, 1891.
Памятная книжка Гродненской губернии. –Гродно, 1898.
Памятная книжка Гродненской губернии. –Гродно, 1900.
НГАБ. Ф. 1. В. 8. Спр. 379, арк. 196.
НГАБ. Ф. 1. В. 8. Спр. 2638, арк. 347.
НГАБ. Ф. 1. В. 9. Спр. 554, арк. 262-270.
Госцеў А.П., Швед В. В. Кронан. Летапіс горада на Нёмане (1116-1990 гг.). – Гродна: НВК “Пергамент”, 1993. – 320 с.
Блюмфельд В. Н. Из истории фотографии (К 150-летию со дня изобретения фотографии). – М.: Знание, 1988. – 56 с.
Морозов С. А. Искусство видеть. Очерки из истории фотографии стран мира. – М.: «Искусство», 1963. – 272 с.
Морозов С. Русская художественная фотография. Очерки из истории фотографии 1839-1917. – М.: «Искусство», 1961. – 154 с.
Сачанка Н. Маляванне святлом // Пачатковая школа. – 2001. - № 1. – С.30-32.
Сачанка Н. Святлапіс на “агнявую” тэму // Мастацтва. – 2000. - № 12. – С. 43.
Фотография. Энциклопедический справочник / Редкол.: П. И. Бояров и др. – Мн.: БелЭн, 1992. – 399 с.
Фотография / Энциклопедия Брокгауза и Эфрона. – С. 404 – 419.
Historia Bialostockich zakladow fotograficznych // Wydanie Oddzial Muzeum okregowego w Bialymstoku.
Jodkowski J. Grodno. – Wilno, 1923.
-
Катэгорыя: Расійская імперыя
-
Апублікавана 10 Май 2010
Апошняе
- Гродненский военный лагерь 1705 – 1706 гг.
- Первое упоминание про Городен - 1127 год
- НА ПРАВАХ МАГДЭБУРГА
- ГАРАДЗЕНСКАЕ КНЯСТВА (ПАЧАТАК ГІСТОРЫІ)
- ІМЯ ГОРАДА
- Тайны семейной усыпальницы
- Андрэй Чарнякевіч Айцы горада: кіраўнікі гродзенскага магістрата ў міжваенны час і іх лёсы 1919–1939 гг.
- Старая Лента. Гродненский синематограф: забытые страницы
- В аренду предводителю дворянства или история дома на ул. Академической