Пенаблокавыя рэканструкцыі гістарычных будынкаў у цэнтры Гродна даўно персталі быць навіною. За апошнія сем-восем гадоў у плане аховы гісторыка-культунай спадчыны мы вярнуліся на ўзровень 1970-х гг., калі старую забудову нашага горада “валілі” цэлымі кварталамі.
Аднак сёння дзе-нідзе адбываюцца рэчы, якія пераўзыходзяць нават самыя сумныя чаканні…
Любы гродзенец скажа, што самая старая праваслаўная царква горада – Барысаглебскі храм на Каложы. А вось што другім па старадаўнасці праваслаўным храмам горада з’яўляецца царква прападобнай Марфы на старых могілках па вуліцы Антонава – не ведае амаль ніхто. Царква пабудавана ў 1846–1848 гг. і з’яўляецца помнікам архітэктуры позняга класіцызму. Яе будаўніцтва фінансаваў Гродзенскі архіепіскап Ніл, каб пахаваць там цела сваёй маці. У 1867 г. царква была адрэканструявана і набыла сучасны выгляд. Ніл, які на той час з’яўляўся якуцкім архіепіскапам, ахвяраваў на пераробку храма 300 рублёў. У пасляваенны перыяд царква знаходзілася ў заняпадзе і толькі напрыканцы 1980-х гг. нарэшце была перададзена праваслаўным вернікам. У жніўні 1990 г. на сродкі Пакроўскага сабора фірмай “Дэкор” былі распачаты рэстаўрацыйныя работы, якія завяршыліся ў ліпені наступнага года. Тады ж былі прыведзены ў належны стан і магілы вакол самой царквы. Прыкладна ў той самы час царкву цалкам справядліва ўключылі ў спіс помнікаў архітэктуры Беларусі.
Зразумела, што такі старадаўні храм трэба захоўваць як мага больш ашчадна, старацца, каб ён дайшоў да наступных пакаленняў у першасным выглядзе. Але год таму пачалася рэканструкцыя храма, якая зводзіцца да таго, што класіцыстычны кампактны будынак пераўтвораць фактычна ў сабор ў два разы большы па памерах за старую царкву. Пры гэтым будуць знішчаныя характэрныя для сярэдзіны 19 ст. архітэктурныя рысы, затое на будынку з’явяцца псеўдарускія купалы-цыбуліны! На месцы алтара новага храма таксама аказваюцца магілы гродзенцаў, якія раней знаходзілся каля сцен царквы.
Чаму гэта адбываецца? Аказваецца яшчэ на пачатку 2000-х гг. па няясных прычынах гэты храм, таксама як і ўсе старыя могілкі па вул. Антонава, быў са спісу спадчыны выкінуты і сёння яго ніхто не ахоўвае. Афіцыйна гэта не помнік архітэктуры і таму так лёгка адбываецца перабудова цікавага храма, якая прывядзе да яго выразнага абязлічвання і падгонкі пад так шанаваныя сёння ўзоры псеўдарускага стылю з абавязковым барабанам, купалам і цыбулінамі ў дадатку.
Наагул старыя могілкі па Антонава, як праваслаўныя так і каталіцкія, знаходзяцца ў занядбаным стане. Аб’ект, які б мог быць заўважным месцам на турыстычнай карце горада, грунтоўна вывучаны яшчэ на пачатку 1990-х гг., але зусім не ахоплены ні рэстаўрацыяй, ні мерапрыемствамі па кансервацыі магіл, некаторым з якіх ужо па 200 гадоў і якія з’яўляюцца сапраўднымі шэдэўрамі. У сярэдзіне 2000-х г. на могілках былі высечаны ўсе дрэвы і перакладзены новай пліткай старыя брукаваныя дарожкі. Сказаць, што стала лепей нельга, паколькі старадаўнасці менш, а працэсы разбурэння паскорыліся, бо інтэнсіўна расце кустоўе, якое проста разрывае надмагіллі.
-
Катэгорыя: Праблемы захавання спадчыны
-
Апублікавана 17 Кастрычнік 2013
Апошняе
- Гродненский военный лагерь 1705 – 1706 гг.
- Первое упоминание про Городен - 1127 год
- НА ПРАВАХ МАГДЭБУРГА
- ГАРАДЗЕНСКАЕ КНЯСТВА (ПАЧАТАК ГІСТОРЫІ)
- ІМЯ ГОРАДА
- Тайны семейной усыпальницы
- Андрэй Чарнякевіч Айцы горада: кіраўнікі гродзенскага магістрата ў міжваенны час і іх лёсы 1919–1939 гг.
- Старая Лента. Гродненский синематограф: забытые страницы
- В аренду предводителю дворянства или история дома на ул. Академической