Зусім не цяжкая справа – знайсці ў Гродне і ваколіцах месцы, дзе калісьці працавалі млыны. Гэта звязана найперш з тым, што найбольш папулярныя на Гродзеншчыне і па ўсёй сярэднявечнай Еўропе вадзяныя млыны будавалі на берагах невялікіх рэк і ручаёў.

А нават найменшыя і слабенькія, як нам падаецца, ручаіны цякуць ужо многа соцен гадоў, з тых часоў, калі нават яшчэ не было нашага роднага горада. Нельга сказаць, што яны існуюць вечна, але, як на жыццё аднаго чалавека ці нават якай-небудзь гістарычнай эпохі, то вельмі і вельмі доўга.

Чалавек даўно зразумеў, што сіла вады, якая прыводзіць у рух кола, можа быць для яго карыснай не толькі ў памоле мукі, але і ў іншых справах. Вадзяныя млыны існавалі яшчэ ў старажытным Егіпце. А самыя раннія згадкі пра вадзяныя млыны ў ваколіцах Гродна адносяцца да XV стагоддзя. З таго часу мы ведаем пра млын на рацэ Лесніцы каля Гожы, а з пачатку XVI стагоддзя паходзіць інфармацыя пра як мінімум тры млыны на рацэ Ласосне. У тыя самыя часы гродзенцы, адкрытыя на тэхнічныя навінкі, выкарыстоўвалі ўжо не толькі традыцыйныя колавыя млыны на малых рэках, але таксама млыны з конскай цягай і млыны, размешчаныя на Нёмане на спецыяльных лодках-паплаўках. У XVIII стагоддзі колькасць млыноў значна ўзрасла. Толькі на Ласосне ў так званым Кунставе (горадзе майстроў) у часы Антонія Тызенгаўза працавала як мінімум сем млыноў. Чатыры з іх праіснавалі да пачатку XX стагоддзя, і іх парэшткі сёння можна бачыць падчас вандровак па даліне гэтай цудоўнай ракі. Некалькі млыноў было ўзнесена на Гараднічанцы – у ваколіцах сучаснага заапарка, на вуліцы Леніна, на вуліцы Св. Мікалая (гэты млын быў засыпаны ў 1970-х гадах падчас будаўніцтва Плошчы Леніна) і ў іншых месцах. Мала хто сярод гродзенцаў памятае, што ў Гродне была нават вуліца Млынарская (цяпер Чырвонапартызанская). Аднак жа кожны ведае маленькі струмень вады на левым беразе Нёмана насупраць гродзенскіх замкаў. Якраз на тым струмяні быў зроблены ставок з млынам, які належаў кармелітам босым і які даў назву вуліцы Млынарскай.

Млын кармелітаў на малюнку Н.Орды. Невялікі белы будынак на пярэднім плане

Цікава, што гэты млын вельмі добра бачны на адным з малюнкаў Напалеона Орды другой паловы XIX ст.  
Вадзяныя млыны ў Гродне выкарыстоўваліся не толькі для памолу мукі, але і ў іншых шматлікіх гаспадарчых справах. Млыны на Ласосне ў 1770-х гадах давалі ваду для апрацоўкі воўны на гэтак званых “фолюшах” (адсюль паходзіць назва раёна Гродна – Фолюш). Млын на Літоўскай крыніцы на Пярэселцы служыў для апрацоўкі скур жывёлаў, забітых на рэзні (гарадской бойні). Два млыны для памолу збожжа на безыменных крыніцах ў ваколіцах вуліцы Леванабярэжнай і Румлёўскага мосту (маёнтак Друцк) у другой палове XIX стагоддзя былі перароблены на тартакі, а вышэйзгаданы млын паблізу цяперашняга гарадскога заапарка ў канцы XVIII стагоддзя забяспечваў вадой батанічны сад і парк. Дзякуючы гэтаму млыну у парку маглі функцыянаваць фантаны вышынёю ў паўтара метра. Але і гэта не ўсё. Млыны забяспечвалі вялікай колькасцю вады “вінакурні” Заверскіх на Гараднічанцы (насупраць сучаснага Палаца творчасці моладзі) і бровары (між іншым у маёнтку Каралін на Татарцы). Напэўна пры дапамозе спецыяльнага кола падавалася вада з Гараднічанкі ў першы гродзенскі вадаправод, зафундаваны бурмістрам горада Ганусам Фандэнбэргам у 1629 годзе...

Млын у ваколіцах Гродна (праўдападобна на Ласосне). Малюнак Н. Орды. 1860-я гг.

Таксама як вадзяны млын залежаў ад напору вады, так ветраны млын (вятрак) залежаў ад ветру. Вятрак як вынаходніцтва тэхнічнай думкі намнога маладзейшы за вадзяны. Ветраныя млыны з’яўляюцца ў Еўропе ў X стагоддзі, а на землях Вялікага княства Літоўска – яшчэ на некалькі стагоддзяў гадоў пазней. Гродзеншчына не адносіцца да рэгіёнаў з моцнымі вятрамі, аднак вятракі будаваліся тут як мінімум з XVI стагоддзя. Самымі папулярнымі з пачатку XX стагоддзя ў нас былі так званыя палтракі – магутныя драўляныя канструкцыі, якія з дапамогай спецыяльнага кола можна было павярнуць крыламі ў накірунку ветру. Вядома пра тры вятракі, якія ў мінулым аздаблялі ваколіцы Гродна. На Падоле свой вятрак мелі гродзенскія брыгідкі (XVIII ст.). Існавалі вятракі на Залатой Горцы (1797 год) і дзесьці на Горнай Палестыне (60-я гады XIX ст.).

Від Гродна з ветраком у раёне Горнай Палестыны, 1860-я гг.

Для будаўніцтва вятрака выбіраліся высокія адкрытыя вятрам месцы: Залатая Горка (цяпер скрыжаванне вуліц Горкага і Астроўскага) і Горная Палестына (раён прыватнай забудовы ў ваколіцах францысканскіх могілак) былі яАпошні адэльскі млын-вятрак, разваліўся ў пачатку ХХІ стагоддзякраз найвышэйшымі месцамі на выездах з Гродна. На абшары сучаснага Гродзенскага раёна ў пачатку XX стагоддзя было як мінімум дваццаць ветракоў. У Адэльску і суседніх вёсках Мінькаўцы і Старадубава працавала ажно адзінаццаць ветраных млыноў. Гэта відовішча павінна было ўражваць – бачыць як адразу столькі вятракоў махаюць сваімі крыламі, выдаючы пры гэтым вельмі характэрыстычны гук.

На жаль, ніводзін з такой значнай колькасці гэтых волатаў не дажыў да сённяшняга дня. Апошні адэльскі вятрак упаў падчас буры ўжо ў пачатку XXI стагоддзя. Ніхто нават не спрабаваў яго ўратаваць.

Ужо ў канцы XIX стагоддзя тэхнічныя навіны змянілі таксама працэс памолу мукі і выпечкі хлеба. Паўсталі магутныя паравыя млыны. У Гродне найбольш быў вядомы паравы млын Ашэра Касоўскага на вуліцы Пясочнай (цяпер Васілька). Гэта быў вялізны пяціпавярховы будынак, які застаўся ў памяці гродзенцаў як месца пасялення галубоў.

Знесены ў 2007 годзе млын Ашэра Касоўскага па вул. Васілька (1).  Знесены ў 2007 годзе млын Ашэра Касоўскага па вул. Васілька (2). 

На жаль, млын у кожным яго родзе: ці то вятрак, ці то вадзяны або паравы млын на працягу некалькіх астатніх гадоў зусім знік з краявіду Гродна і ваколіц. Млыны страцілі сваё гаспадарчае значэнне, а сучаснае грамадства не ўсведамляе іх рэнавацыйнага і турыстычнага патэнцыялу. Некалькімі гадамі пазней за адэльскі ветраны млын былі разбураны вадзяныя млыны ў Песках каля Мастоў і на Лесніцы каля Гожы. Летам 2007 года, не зважаючы на пратэсты быў разбураны паравы млын Ашэра Касоўскага. Цяпер на яго месцы пустэча, а можна ж было б перарабіць яго ў мастацкую галерэю ці офісны будынак. Летам 2010 года перастала існаваць старая вайсковая пякарня ў ваколіцы прадпрыемства “Белкард”, у якой да апошняга дня стаялі вялікія печы з надпісам “1931 год”.

Вайсковая пякарня ў раёне завода 'Белкард', знесена ў 2010 годзе (1)

Вайсковая пякарня ў раёне завода 'Белкард', знесена ў 2010 годзе (2)

Да сённяшняга дня ў ваколіцах Гродна ацалеў толькі адзін вадзяны млын, якая знаходзіцца на нa рэчцы Татарцы (або Прыпіліі) паблізу былога маёнтка Каралін. Гэта магутны каменны будынак з хаця і не дзеючым, але добра захаваным абсталяваннем, на якім яшчэ відны інструкцыі з міжваенных і пасляваенных гадоў. Можна спадзявацца, што хаця б гэты млын будзе адноўлены і некалі дасць гродзенцам магчымасць уласнымі вачыма пабачыць частку таямніцы нараджэння хлеба.

Scroll to top