“Беларуская Вандэя”
Талерантыя, памяркоўныя, стрыманыя – часамі гэтыя эпітэты ў адносінах да беларусаў набываюць зусім іншы сэнс: абыякавыя, безідэйныя, бездапаможныя. Тым не меньш, у нашым мінулым дастаткова прыкладаў чыннага супраціву, якія абвяргаюць склаўшыся стэрэатып. Адным з іх можа быць беларускі антыпольскі рух на Гродзеншчыне.
З вяртаннем на Радзіму былых уцекачоў на пачатак 1920-х гадоў антыпольскія настроі выліліся ў сапраўдную партызанскую вайну, амаль забытую сёння. Барацьбу супраць польскай улады ўзначаліла партыя беларускіх эсэраў (БПС-Р) у цесным супрацоўніцтве з Ковенскай Літвою. Паводле плана, распрацаваным у генштабе літоўскай арміі, на Віліншчыне паўстанне павінны былі ўзняць літоўцы, тады як на Гродзеншчыне – урад БНР і БПС-Р. Для непасрэднага кіраўніцтва паўстаннем на месцах былі створаны чатыры групы. Штаб чацвёртай з іх на чале з Вячаславам Разумовічам, прыняўшым псеўданім “атаман Хмара”, размяшчаўся ў мястэчку Мерыч паблізу польска-літоўскай мяжы і адказваў за гродзенскі напрамак. Паводле ўласных сцвярджэнняў В. Разумовіча, за кароткі час яму ўдалося стварыць некалькі дзесяткаў баявых груп агульнай колькасцью каля шасці тысяч чалавек.
Кіруючым цэнтрам беларускага антыпольскага руху ў самім Гродна стаўся Гродзенскі беларускі нацыянальны камітэт, а канспіратыўныя сустрэчы беларускага падполля адбываліся ў будынку Барыса-Глебскага манастыра ў памяшканні беларускай школкі. У Гродзенскі акружны штаб беларускіх партызан ўваходзілі: А. Трыпуза, які выконваў абавязкі падпольнага каменданта горада, А. Гораш, Н. Козіч – былы сябра Рады БНР, М. Парук і П. Якубецкі. Аддзел прапаганды пры штабе ўзначальвала Е. Матэйчук. Акрамя гэтага, найблізшымі прадстаўнікамі В. Разумовіча ў Гродна з’яўляліся Ільючык, М. Карповіч, В. Юрэчка, Чулкоў і С. Якавюк. Ужо зімою 1922 года распачынаецца падрыхтоўка да тэрарыстычных акцый. Па загаду атамана Хмары партызаны рыхтаваліся ўзарваць штаб польскага камандавання ІІІ корпуса ў Гродна, а М. Карповіч меў арганізаваць замах на гродзенскага старасту.
Адным з галоўных дзеячоў беларускага антыпольскага партызанскага руху на Гродзеншчыне з'яўляўся Аляксандр Станкевіч-«Пугачоў», які паводле польскай дэфензівы быў арганізатарам партызанскага атраду ў самім Гродна. А. Станкевіч вывез у Літву мясцовага жыхара Івана Васілеўскага і хаваўся пад ягоным прозвішчам. Пры арышце польская паліцыя знайшла ў яго пісталет, карту Гродзеншчыны, складзеную нямецкім Генштабам, некалькі адозваў В.Разумовіча-«Хмары», інструкцыю да кіраўнікоў партызанскіх аддзелаў і лісты з патрабаваннем да апошніх худчэйшай арганізацыі атрадаў у Галынскай і Індурскай гмінах.
Партызанскія атрады часцей за ўсё складаліся з мясцовых жыхароў, якія пакідалі хаты толькі на час выканання пэўнай аперацыі. У паветах, дзе дзейнічалі партызаны, меліся склады зброі, амуніцыі, выбуховых рэчываў і атруты. Усё гэта было падрыхтавана супраць польскага войска і паліцыі. У сваёй дзейнасці партызаны апіраліся на шырокую падтрымку мясцовага насельніцтва. Яны нападалі на адміністратыўныя ўстановы, ваенна-паліцэйскія аб’екты, маёнткі і сядзібы асаднікаў і г.д.
Сярод паўстанцкіх атрадаў у першую чаргу выдзялялася група Германа Шыманюка-“Скамароха”, які паходзіў з вёскі Грабавец Бельскага павету. Па вяртанню з бежанства, дзе Г. Шыманюк працаваў артыстам маскоўскага тэатра «Буфф», ён становіцца на чале Бельскага павятовага падпольнага штабу. У худкім часе, разам з атаманам Хмарай, Скамарох едзе ў Коўна, дзе ў савецкім пасольстве падпісвае ўмову аб падтрымцы Савецкай Расіяй паўстання супраць Польшчы. Вясной 1922 года ён з Я. Грыцюком-“Чортам” арганізаваў атрад у 15-24 чалавек, які распачаў актыўную дзейнасць. 7 красавіка атрад напаў на дом ляснічага Алькевіча ў в. Вітава Бельскага павету. 17 красавіка падпаліў склады з дрэвам каля чыгункі Чэромха–Гайнаўка перад праездам поезда з польскім урадам, які накіроўваўся ў Вільню на свята аб’яднання Віленшчыны з Польшчай. Каля складаў быў пакінуты “Ўльтыматум” з забаронай палякам вывозіць лес з Белавежскай пушчы, як “багацця беларускага народу”. 26 красавіка партызанамі былі забіты чатыры жыхары в. Белая. 29 красавіка атрад Я. Чорта напаў на пост паліцыі ў в. Кляшчэлі. Былі забіты два паліцэйскіх і рэстаратар. “Сярод шырокіх колаў мясцовага насельніцтва, – пісала аб атрадзе Чорта-Скамароха газета “Dziennik Grodzienski”, – гэтаму атраду надаюць значэнне, як часткі арганізаванага беларускага войску, сражаючагася за вольнасць свайго роднага краю”.
У адказ на тэракты, гродзенскай паліцыяй была накіравана карацельная экспедыцыя ў Парэчча і Бершты, аднак партызанаў яна не знайшла. Ужо на наступны дзень каля станцыі Марцынконіс была разабрана чугунка, а солтыс вёскі Кабеляй знайшоў і спаліў дваццаць кілаграмаў адозваў з заклікам супраць Польшчы. Больш уданай аказалася наступная экспедыцыя, калі было захоплена дзевятнаццаць партызан з атрада Скамароха, тым ня меньш, самаму Г. Шыманюку ўдалося ўцячы…
Здейсніць свае планы па арганізацыі ўсеагульнага паўстання беларускім эсэрам не ўдалося. Польская дэфензіва з дапамогай правакатараў на сярэдзіну 1922 года раскрыла эсэраўскае падполле. Усяго, згодна польскаму гісторыку М.Таборскаму, з 1921 па 1923 гады ў Гродне і Гродзенскім павеце польскімі ўладамі за прыналежнасць да беларускага нацыянальнага руху было рэпрэсавана 126 чалавек.
Паступова збройная акцыя спыняецца. “Мясцовае аседлае насельніцтва, – гаварылася ў рапарце дэфензівы, – ужо стамілася ад няпэўнасці, тады як перспектыва новай вайны ці паўстання пагражае канчатковым знішчэннем нават таго, што засталося… Гэта падштурхоўвае беларускіх дзеячаў да працы ў галіне культурніцкай і легальнай. Мара а Незалежнасці, а Незалежнай Беларусі зыходзіць з парадку дня, губляючы адпаведнасць бягучаму моманту”.
- Назад
- Наперад >>
-
Катэгорыя: Бібліятэка
-
Апублікавана 10 Красавік 2006
Апошняе
- Гродненский военный лагерь 1705 – 1706 гг.
- Первое упоминание про Городен - 1127 год
- НА ПРАВАХ МАГДЭБУРГА
- ГАРАДЗЕНСКАЕ КНЯСТВА (ПАЧАТАК ГІСТОРЫІ)
- ІМЯ ГОРАДА
- Тайны семейной усыпальницы
- Андрэй Чарнякевіч Айцы горада: кіраўнікі гродзенскага магістрата ў міжваенны час і іх лёсы 1919–1939 гг.
- Старая Лента. Гродненский синематограф: забытые страницы
- В аренду предводителю дворянства или история дома на ул. Академической