Аўтары большасці артыкулаў аб перазахаванні Панятоўскага ў 1938 годзе лічылі, што Вавэль – гэта найбольш адпаведнае месца для апошняга спачыну караля. У якасці аргумента яны адзначалі, што без рэформаў часоў Станіслава Аўгуста, без Канстытуцыі 3-га Мая, без росквіту навукі, адукацыі і культуры Польшча наўрад ці перажыла б расійскую няволю. Другая група – суровыя крытыкі – пагаджалася на кафедральны сабор св. Яна ў сталіцы. І толькі некаторыя, абсалютна непрымірымыя, падтрымлівалі ссылку Панятоўскага ў правінцыйны Воўчын.

Варта сказаць колькі слоў аб малой радзіме Станіслава Аўгуста. Мястэчка Воўчын знаходзіцца за 40 кіламетраў на паўночны захад ад Брэста на беразе рэчкі Пульвы. Упершыню яно ўзгадваецца ў XVI стагоддзі як уласнасць Солтанаў. Яраслаў Солтан разам з жонкаю Марыяй у 1586 годзе пабудавалі тут прыгожую царкву.

На пачатку XVIІ стагоддзя Воўчын пераходзіць да Гасеўскіх. Смаленскі ваявода Аляксандр Гасеўскі пабудаваў тут першы драўляны касцёл, які быў асвечаны ў 1639 годзе. У XVIІ стагоддзі мястэчкам валодалі вялікі гетман Казімір Сапега, міністр караля Аўгуста ІІ Якуб Флемінг і віленскі кашталян князь Казімір Чартарыскі. Дачка Чартарыскага Канстанцыя, будучая маці караля, атрымаўшы Воўчын у якасці пасагу, далучыла яго да ўладанняў Панятоўскіх. Яе муж, кракаўскі кашталян Станіслаў, які быў выдатным гаспадаром і палітыкам еўрапейскага ўзроўню, спрычыніўся да яшчэ большага росквіту мястэчка. У 1729 годзе Станіслаў Панятоўскі паводле праекта італьянскіх архітэктараў распачаў будаўніцтва мураванага касцёла св. Троіцы. Храм быў асвечаны ў 1743 годзе. У 1866 яго зачынілі, а праз 10 гадоў перарабілі на царкву. У 1918 годзе будынак быў вернуты каталікам.

Воўчынскі касцёл надзвычай прыгожы. Гэта васьмігранная ратонда, увенчаная васьмісхільным дахам са скразной гадзіннікавай вежачкай і галоўкай. У сценах – напаўцыркульныя і авальныя аконныя праёмы, аздобленыя ляпнымі гірляндамі. Фасады падзяляюцца спаранымі пілястрамі карынфскага ордэра. На франтонах – чатыры скульптуры евангелістаў. Інтэр’ер касцёла мае цэнтрычную кампазіцыю. Авальныя ўнутры, чатырох- і трохпавярховыя хоры выступаюць у залу трохграннымі аб’ёмамі. Сцены аздоблены багатай расліннай ляпнінай і анёламі. Галоўны алтар прысвечаны св. Троіцы, бакавыя – Найсвяцейшай Дзеве Марыі і св. Станіславу – біскупу.

Калі касцёл захаваўся да канца ІІ Сусветнай вайны, а ў часткова знішчаным стане і да сённяшняга дня, то ад палаца, дзе нарадзіўся кароль, ужо ў другой палове XIX стагоддзя мала што засталося: толькі двух-павярховы будынак з мемарыяльнымі дошкамі, якія нагадвалі, што тут нарадзіўся Станіслаў Аўгуст. Хутчэй за ўсё, гэта быў адзін з павільёнаў былога палаца або адно з ягоных крылаў. У “каралеўскім” пакоі ў той час яшчэ захоўвалася французская мэбля і мармуровы камін, якія былі сведкамі прыходу на свет апошняга манарха Рэчы Паспалітай...

Аднак вернемся да падзей 1938 года. 6 ліпеня ў касцёле св. Кацярыны адбылася эксгумацыя парэшткаў караля ў прысутнасці консула Рэчы Паспалітай у Ленінградзе і прадстаўнікоў савецкіх уладаў. Пры адкрыцці труны была сцверджана аўтэнтычнасць каралеўскіх прохаў, якія былі значна пашкоджаны ў выніку таго, што сутарэнні касцёла неаднаразова затапляліся падчас паводак Нявы. Разам з тым, адзенне і іншыя рэчы захаваліся вельмі добра. У крыпце былі знойдзены таксама дзве металічныя ўрны вышынёй 12 і 42 см. У першай, хутчэй за ўсё, знаходзілася сэрца Панятоўскага, а ў другой – вантробы.

Падчас перавозкі труны да польскай мяжы яе суправаджаў консул Рэчы Паспалітай у Маскве. 9 ліпеня на памежную станцыю ў Стоўбцах прыбыў звычайны таварны вагон з апячатанай драўлянай скрыняй. Савецкія чыгуначнікі перадалі сваім польскім калегам накладную з адрасам: “Польшча” і тлумачэннем: “Парэшткі”.

У Стоўбцах наступіла замяшанне: ніхто тут не чакаў вяртання караля. Не было ніякіх лістоў або загадаў наконт таго, як абыходзіцца з гэтым незвычайным транспартам. Патэлефанавалі да ваяводскіх уладаў у Навагрудак. Там таксама нічога не ведалі, але паабяцалі звязацца з Варшавай. Неўзабаве прыйшоў загад: вагон запламбіраваць і перавезці ў суседняе ваяводства, у Брэст, паставіць на запасную каляіну і чакаць наступных распараджэнняў.

Тым часам у воўчынскім касцёле ішла спешная падрыхтоўка да перазахавання праху ў адну з нішаў, якая здаўна называлася “каралеўскай”. Яна была вольная, а ў астатніх трох нішах пад падлогаю былі склепы з саркафагамі прадстаўнікоў магутнага роду Чартарыскіх. Аб гэтым сведчылі часткова пашкоджаныя насценныя выявы іх фамільнага гербу з Пагоняй. Над кожнай з нішаў размяшчаліся ложы, з якіх прадстаўнікі княскага роду або іх ганаровыя госці маглі сачыць за набажэнствам.

У каралеўскай нішы ўмацавалі скляпенне, ліквідавалі лесвіцу, што вяла ў ложу, а ў дадатак да дубовых дзвярэй усталявалі магутныя краты вагой 267 кілаграмаў.

Толькі дзве асобы ведалі, з якой мэтай праводзіцца рэстаўрацыя: начальнік ваяводскага аддзела будаўніцтва інжынер Папеўскі, які кіраваў работамі, і мясцовы ксёндз-пробашч Антоні Чышэвіч. Апошні атрымаў ліст ад пінскага біскупа Казіміра Букраба, які паведамляў, што ўсё робіцца з ягонай згоды, але пакуль гэта неабходна трымаць у таямніцы.

14 ліпеня а палове дванаццатай ўначы да воўчынскага касцёла пад’ехалі дзве аўтамашыны: грузавік брэсцкага Упраўлення пошты і чорны службовы лімузін. У святле кішэнных ліхтарыкаў паштовыя служачыя і шафёры з цяжкасцю выгрузілі патройны 600-кілаграмовы саркафаг і паспрабавалі пранесці яго праз веснічкі. Безпаспяхова! Тады вырашылі перакуліць яго цераз мураваную агароджу. Мур трэснуў, абарваўся шнур, якім была апячатана труна. Пробашч спахапіўся: “Трэба адправіць малебен, гэта ж пахаванне!..”. Але госці катэгарычна адмовілі: “Дзяржаўная таямніца!”.

У касцёле начных наведвальнікаў напаткала яшчэ адна нечаканасць: нават спецыяльна пашыраны ўваход у склеп аказаўся занадта вузкі для велізарнай труны. У падвал спусцілі толькі скрыні з сэрцам і вантробамі. Саркафаг паставілі на падлогу ў нішы. На досвітку працы закончылі, дубовыя дзверы зачынілі, а крату апячаталі. Адны ключы забралі ваяводскія служачыя, другія засталіся ў ксяндза-пробашча.

Неахвотна і насцярожана прымала Польшча свайго апошняга караля, і вышэйшая сіла нібыта пакрыўдзілася на яе. “Філосаф на троне”, як называў Панятоўскага Жан Жак Русо, праз 14 месяцаў зноў апынуўся ў Савецкім Саюзе. Яго нікуды не перпавозілі, ён застаўся ў касцёле св. Троіцы: перасунулася мяжа. Малая радзіма караля цяпер ужо называлася Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка.

12 верасня 1939 года ў Воўчын увайшлі матарызаваныя часткі гітлераўскага войска. Але ўжо праз тры дні яны адсунуліся за Буг, саступіўшы гэту частку Палесся Чырвонай Арміі. 28 верасня жыхары Воўчына даведаліся, што яны будуць жыць у СССР, а іх ваяводства будзе называцца – Брэсцкая вобласць.

Новая атэістычная ўлада зняла касцельныя абразы, выкінула спавядальні і лаўкі. Наведаліся і ў каралеўскую нішу. Апячатаную труну не кранулі, хаця некаторыя сцвярджалі, што ў ёй схавана зброя. Парафія з 500 чалавек была абкладзена непамерным падаткам – каля 5.500 рублёў у год. З часам гэта павінна было прывесці да яе ліквідацыі.

З лютага 1940 года пачалося высяленне мясцовых жыхароў, пераважна католікаў. Першымі “ў Сібір”выслалі польскіх асаднікаў, вайскоўцаў, якія на чале з Юзафам Пілсудскім змагаліся з бальшавікамі. У восень таго ж года таварнымі вагонамі ў невядомым накірунку ад’ехалі “кулакі”, леснікі, войты, солтысы, паліцэйскія. На 24 чэрвеня было запланавана высяленне рэшты воўчынскіх каталікоў на чале з ксяндзом Чышэвічам.

Але 22 чэрвеня ў мястэчка ўвайшлі новыя гаспадары са свастыкай на рукавах. Падобна як і іх папярэднікі з усходу, яны дакладна абследвалі касцёл, паглядзелі на труну і прызначылі гадавы падатак памерам 22,98 марак. Маладых і здаровых вывезлі ў Германію. Усіх яўрэяў расстралялі пад мястэчкам восенню 1942 года. Дзяржава, у якой цяпер жылі воўчынцы, называлася Украіна, а дакладней – Украінскі Камісарыят Рэйха.

Лёс Воўчына пасля вайны быў вызначаны на Ялцінскай канферэнцыі. Ён адыйшоў да Савецкага Саюза, бо мяжа паміж Польшчай і СССР прайшла па так званай “лініі Керзона”: па Бугу да Нямірава, а далей – на поўнач, да Гродна.

Паводле міжнародных пагадненняў, грамадзяне Краіны Саветаў польскай нацыянальнасці (насамрэч, усіх католікаў называлі палякамі) мелі права выехаць “да сваіх” у Польшчу. У красавіку 1945 года Воўчын пакінулі амаль усе каталікі. Прадстаўнікі савецкай улады прапанавалі ксяндзу Антонію Чышэвічу “забраць свайго караля”. Але той не наважыўся, бо лічыў, што гэта справа міжнароднага значэння, а ён, сціплы правінцыйны пробашч, не мае права прымаць такія рашэнні. Апрача таго, ксёндз Чышэвіч шчыра верыў, што саркафаг манарха будзе гарантам вышэйшага і дзяржаўнага апякунства над зачыненым храмам. 27 красавіка, пры сведках, пробашч склаў акт перадачы ключоў сельсавету: “... один – от костела, другой – от склепа, где стоит гроб бывшего короля. Костел в присутствии данных граждан опечатан сургучовой печатью”. Акрамя ксяндза дакумент падпісалі старшыня Воўчынскага сельсавета С.Г. Сачкоў і сведкі – Ян Куц і П.І. Стэльмахоў.

У той жа дзень пробашч ад’ехаў за Буг на чатырох падводах, забраўшы старажытныя метрычныя кнігі, літургічны посуд, касцельныя харугвы і рызы. Месцам новай службы ксяндза Антонія Чышэвіча за Бугам стала польская вёска Гнойна за 9 кіламетраў ад Воўчына. Там пасяліліся і многія каталікі з ягонай парафіі.

Станіслаў Аўгуст застаўся на сваёй роднай і адначасова чужой зямлі. Як тут не ўзгадаць старую легенду пра тое, што кароль з імем Станіслаў не ўтрымаецца на польскім троне і не знойдзе апошняга прытулку ў Польшчы. Гэта мела быць помста за забойства біскупа Станіслава, будучага святога і апекуна Кароны, каралём Баляславам Смелым. У польскай гісторыі было два каралі з такім небяспечным імем: Станіслаў Ляшчынскі і Станіслаў Панятоўскі. Абодвух напаткаў трагічны лёс пры жыцці і пасля смерці. А адначасовае знаходжанне іх парэшткаў у пецярбургскім касцёле св. Кацярыны настолькі неверагоднае, што яшчэ больш умацоўвае веру ў містычную сувязь асобаў і падзей.

У пасляваеннай Польскай Народнай Рэспубліцы не ўзрывалі храмы, не разбіралі на цэглу замкі і не лічылі, што сапраўдная гісторыя краіны пачынаецца з Кастрычніцкай рэвалюцыі, як гэта было ў нас на Беларусі. Аднак і ў Польшчы пад прэсам камуністычнай ідэалогіі афіцыйная грамадская думка была вымушана больш клапаціцца не пра “класава чужую” гістарычную традыцыю, а пра “светлую будучыню”.

У 40-60-я гады на Панятоўскага амаль забыліся. Выключэннем былі некалькі публікацый, якія працягвалі дыскусію: добры ці дрэнны, герой ці здраднік, вінаваты ці не. Усё як раней. Большасць як бы не заўважала, што Панятоўскі рэальна адсутнічае ў польскім пантэоне.

Напрыканцы 70-х гадоў сітуацыя з вяртаннем труны Станіслава Аўгуста ў Польшчу значна змянілася, гэтак жа як і ацэнка гістарычнай ролі апошняга караля Рэчы Паспалітай. Спрыялі таму аб’ектыўныя даследванні вядучых польскіх гісторыкаў – Анджэя Загорскага, Мар’яна Драздоўскага, Ежы Міхальскага, Эмануэля Раствароўскага, Уладзіслава Сэрчыка, Аляксандра Гейштара, публіцыстаў – Марыі Жывірскай, Ежы Станіслава Сіты, Міраслава Хаецкага, Юзафа Харытонава, Ежы Вальдорфа і папулярная літаратура Паўла Ясеніцы.

Па словах Анджэя Загорскага, Станіслаў Панятоўскі павінен быць рэабілітаваны, “бо ўратаваць дзяржаву ён ужо не мог, але праз сваю палітыку падрыхтаваў народ, які здолеў вытрымаць 120-гадовую няволю”. І гэтая думка стала напрыканцы ХХ стагоддзя дамінуючай сярод палякаў.

Размовы аб рэпатрыяцыі парэшткаў караля набылі рэальны сэнс. Да справы далучыўся рымска-каталіцкі касцёл, які прапанаваў пахаваць нябожчыка ў варшаўскім кафедральным касцёле св. Яна.

Мая зацікаўленасць Станіславам Аўгустам звязана з захапленнем гісторыяй Гродна. Найбольш прывабнымі перыядамі былі часы вялікіх асобаў – Вітаўта, Баторыя, Тызенгаўза. У 80-я гады мне ўдалося атрымаць адну з найбольш фундаментальных прац па гісторыі роднага горада. Гэта манаграфія “Антоні Тызенгаўз” у 2-х тамах, выдадзеная ў Лондане ў 1960 годзе. Аўтар – былы прафесар Віленскага універсітэта Станіслаў Касцялкоўскі. Наш зямляк, які нарадзіўся ў Гродна на вуліцы Купецкай, 11 (сёння Карла Маркса, 11), скончыў Гродзенскую мужчынскую гімназію. Працы над кнігай ён прысвяціў усё сваё жыццё. Унікальнасць і аб’ём сабраных архіўных матэрыялаў ўражвае. Паводле гэтага даследвання, гродзенскі стараста А. Тызенгаўз – постаць еўрапейскага маштабу, рэфарматар, мецэнат, асветнік, стваральнік “квітнеючай Галандыі” у беларускіх пушчах. І ва ўсёй гэтай дзейнасці па адраджэнні краіны за ім стаяла постаць караля і ягонага сябра юнацтва Станіслава Панятоўскага. Іх знаёмства адбылося ў Воўчыне, куды Тызенгаўз быў накіраваны Віленскай езуіцкай акадэміяй на практыку пры двары князёў Чартарыскіх. Будучы кароль ужо тады высока ацаніў жывую энергію, хуткі розум і надзвычайную працаздольнасць Антонія. І не памыліўся, даверыўшы пасля сваёй каранацыі даўняму сябру справу рэфармавання ўсходняй часткі Рэчы Паспалітай і прызначыўшы яго Падскарбіем Вялікага княства (міністрам фінансаў). Гэтыя дзяржаўныя дзеячы, людзі Асветы, імкнуліся еўрапеізаваць Карону і Вялікае княства, апярэдзіўшы падзеі на два стагоддзі. Краіна не была гатова да радыкальных зменаў. Магнаты не хацелі губляць сваю абсалютную ўладу. Шляхта трымалася сваіх прывілеяў. Анархія не любіла парадку. І Панятоўскі, і Тызенгаўз прайшлі складаны жыццёвы шлях, трагічны быў іх лёс і пасля смерці. Саркафаг Антонія Тызенгаўза двойчы разбуралі і двойчы пераносілі. Сёння ягоны прах захоўваецца ў крыпце касцёла Ушэсця ў мястэчку Жалудок Шчучынскага раёна. Гэта трэцяе месца яго вечнага спачыну...

Упершыню я завітаў у Воўчын летам 1979 года, вяртаючыся з сям’ёй з Польшчы. Перасёкшы мяжу ў Брэсце, мы на сваіх “Жыгулях” адхіліліся ад дарогі на Гародню, каб наведаць радзіму і месца пахавання нашага апошняга Вялікага князя. Мы ўехалі з боку Высокага. Першым арыенцірам былі руіны каплічкі XVIII стагоддзя на раздарожжы. Галоўная дарога сама прывяла да касцёла, пабудаванага бацькам караля. Ля храма выдатна захавалася плебанія. У ёй мясцілася кантора калгаса. Сам касцёл знаходзіўся ў жудасным стане, а, між іншым, па стылі і форме ён унікальны не толькі для Беларусі, але і для ўсёй старадаўняй Рэчы Паспалітай. Ад мура, які да вайны размяшчаўся вакол касцёла, не засталося і сляда, ацалела толькі брама. Відаць, разабралі на цэглу. Замест яго – сціплы штыкетнік, пафарбаваны ў блакітны колер.

Сцены з аблупленым тынкам, рамы арачных праёмаў з павыбіванымі шыбамі. Праз гэтыя рамы відаць неба: дах і столь абваліліся ўнутр разам з гадзіннікавай вежач-кай. З чатырох скульптур евангелістаў, што калісьці стаялі на франтонах, засталася адна – св. Яна. Цяжка сабе ўявіць: гэтая руіна – пахавальня апошняга ўладара Кароны і Вялікага княстваЛітоўскага. Побач – фанерныя стэнды, што адлюстроўваюць дасягненні мясцовай калектыўнай гаспадаркі імя Жданава. Выгляд касцёліка быў настолькі жаласны, што зашчымела сэрца.

... Раптам, як з-пад зямлі паўстаў міліціянер і падазрона запытаў, што мы робім у памежнай зоне. Стражнік парадку быў здзіўлены, бо мы заўчасна атрымалі ў АВіРы пропуск, які легалізаваў наша знаходжанне ў Воўчыне. Ён уважліва вывучыў дакумент і сказаў: «Ну, хорошо».

Абыходзячы храм у пошуках увахода, мы заўважылі на адным з акенцаў перапілаваную крату з адагнутымі канцамі. “Хтосьці залазіў унутр?...”. Забітыя знутры, галоўныя дзверы не адчыняюцца. Ідзем да іншых: перакрыжаваныя дошкі з надпісам “Уваход небяспечны”. Невялікая перашкода, бо іх няцяжка адарваць. Перасоўвацца ўнутры касцёла небяспечна: зверху, хістаючыся, звісаюць цяжкія бэлькі. Большасць перакрыццяў, магутныя кроквы, ацынкаваная бляха, цыферблат гадзінніка і рэшткі вежы – усё гэта гарой ляжыць на падлозе. Удалося прыадчыніць дзверы “каралеўскай” нішы. Бачым кучы смецця, рэшткі, хутчэй за ўсё, знішчанай труны, выбітае акно з пашкоджанай злодзеямі кратай, якое мы толькі што бачылі звонку.

Вырашылі знайсці сведкаў знішчэння касцёла. Нам падказалі, што лепей за ўсё звярнуцца да былога настаўніка матэматыкі, пенсіянера Юрчыка. Знаходзім ягоны дом. Салідны, пабудаваны яшчэ да вайны з добрага дрэва. На шчасце, гаспадар быў у хаце. Знаёмімся. “Анатоль Дзмітрыевіч Юрчык”. Мясцовы ўраджэнец, з 1916 года. У 1939 скончыў два курсы Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі. Седзячы на лаве ля хаты, спадар Юрчык з задавальненнем падрабязна апавядаў пра таямнічы начны прывоз труны Станіслава Аўгуста ў чэрвені 1938 года. “Адразу пасля ад’езду ў 1946 годзе апошняй групы воўчынскіх каталікоў у Польшчу, здаецца, у першую ж ноч у касцёл улезлі рабаўнікі. Хутчэй за ўсё, яны трапілі ўнутр праз акенца каралеўскай нішы, падпілаваўшы крату. (Наша пазнейшае вывучэнне дзвярэй нішы паказала, што яны былі ўзламаны знутры).

Труны было тры: дубовая, цынкавая і яшчэ адна дубовая. Многія вяскоўцы лазілі потым ў адчыненую нішу: і цікава было, і штосьці знайсці хацелася. Па просьбе завуча школы я зрэзаў з мундзіра гузікі. Яны выглядалі як залатыя. Завуч хутка выйшла замуж за афіцэра і з’ехала ў Расію, здаецца, у Арэхава-Зуева. У разрабаванай труне касцей не было. Відавочна, і шкілет, і чэрап ператварыліся ў прах. Была карона, розная матэрыя, ручка ад шпагі. Усё ляжала на дне. Калі б я ведаў, што гэта такія каштоўнасці, я б не пакінуў іх там.

Потым каваль наш панарабіў з цынкавай труны вядзёр, а сам калі выпіваў любіў танчыць у кароне, асабліва на вяселлях. Памёр ён напрыканцы 40-х. Ягоны сын здаў карону і кавалак шпагі ў  якасці ўтыльсыравіны старызніку, які завітаў у Воўчын. Дачка каваля і сёння жыве ў нашай вёсцы.

Дарэчы, вы не першыя цікавіцеся каралеўскім пахаваннем. Па-мойму, дзесьці на пачатку 80-х гадоў прыязджала абласное і раённае начальства на чорных “Волгах”. Нібыта польскі бок звярнуўся наконт пахавання Панятоўскага. Пакруціліся, паглядзелі, паразмаўлялі са старшынём калгаса ў сельсавеце. Былі чуткі, што палякам хацелі сказаць, быццам падчас вайны ў касцёл трапіла бомба, якая разбурыла ўсё разам з пахаваннем. Канешне, сорамна было распавесці праўду. Спачатку ў касцёле доўгі час захоўвалі зерне, потым – хімічныя ўгнаенні; дах не рамантавалі, бляху пачалі красці. Перакрыцці і кроквы падгнілі – вось ўсё і абвалілася ўнутр.

Прыязджалі яшчэ і літоўцы. Не ведаю, ці былі яны ў храме, але па вёсцы ўсё карону шукалі”.

Размова з дачкой “каранаванага” каваля атрымалася напружанай і насцярожанай. Скарагаворкай, хаваючы вочы, яна сцвярджала, што нічога не ведае і не памятае.

Потым я на год з’ехаў вывучаць французскую мову ў Кіеў. Затым стажыраваўся ў Францыі і чатыры гады выкладаў фізіку ва універсітэце ў Алжыры. Пасля вяртання на Беларусь нямала часу прысвяціў краязнаўству, але Воўчын застаўся ў далёкім мінулым. Сумным успамінам, які шчаміў сэрца.

У восень 1987 года па польскім тэлебачанні, якое прымалася ў Гродне, паказалі шэраг сюжэтаў пра Станіслава Аўгуста, пра неабходнасць вярнуць шматпакутлівага караля “do Ojczyzny”, пра віну палякаў перад апошнім Уладаром Рэчы Паспалітай Абодвух Народаў.

“А ці ёсць што вяртаць?” Мой сын Аляксандр, якому было тады амаль 13 гадоў, праглядзеўшы перадачы, пачаў прасіць мяне паехаць у Воўчын яшчэ раз, паспрабаваць, пашукаць, уратаваць, калі нешта яшчэ засталося. Ён памятаў з мінулага наведвання разбураны спустошаны храм, таямнічае падзямелле, нейкія размовы з жыхарамі.

Хлапечая прага да прыгодаў перамагла. Я прапанаваў паехаць з намі на пошукі маім сябрам – прафесару Гродзенскага ўніверсітэта археолагу Міхасю Ткачову і мастаку-рэстаўратару нашага Музея гісторыі рэлігіі і атэізма Уладзіміру Кісламу.

18 кастрычніка на досвітку мы ўчатырох выехалі ў накірунку Брэста. Быў цудоўны сонечны дзень. На гэты раз у нас ужо не пыталіся, ці маем мы пропускі ў памежную зону. І мы, не губляючы часу, вырашылі абследваць касцёл св. Троіцы. Спачатку аблазілі галоўны неф, усе завалы, нішы; зазіралі ў крыпты, дзе можна было ўбачыць рэшткі пахаванняў князёў Чартарыскіх.

З цяжкасцю расчысцілі падыход да дубовых дзвярэй “каралеўскай” нішы. Адчынілі рыпучую цяжкую крату, зробленую ў 1938 годзе. На падлозе перад намі ўзвышаліся кучы смецця. За паўкроку ад парога – нічым не прыкрыты ўваход у крыпту, куды так і не змаглі перад вайной спусціць велізарны падарожны саркафаг. Сама крыпта захавалася даволі добра. Праўда, не было драўляных прыступак, што раней вялі ўніз. На дне крыпты – таксама смецце, тынк, зямля, кавалкі дрэва, матэрыі, жалеза. Да абадранай сцяны каплічкі прыхіліліся пачарнелыя рэшткі вонкавай драўлянай труны з жалезнымі ручкамі.

Перабіралі і прасеівалі ўсё, што ляжыць на падлозе нішы. Пасля спусціліся ў крыпту. Адшукалі шмат фрагментаў тканіны, срэбныя галуны, абцасы. І вось самая каштоўная знаходка: вышываны срэбнай ніткай польскі арол з “цялём” на грудзях (“Бык” – герб Панятоўскіх). Потым другі, трэці. Такія арлы ўпрыгожвалі плашч з гарнастаямі, якім быў пакрыты кароль у труне. Безумоўна, гэта рэшткі пахавання Станіслава Аўгуста. І яшчэ бронзавага колеру шырокая стужка, на якой, хутчэй за ўсё, быў прымацаваны Ордэн Белага Арла; часткі труны, каваныя цвікі.

“Дзе ж косці нябожчыка? – думаў кожны з нас. – Чаму іх няма? Рабаўнікоў жа яны не маглі зацікавіць”. Нарэшце, знайшлі некалькі фрагментаў касцей. Асцярожна загарнулі ў белую хустачку. Паміж сабой абмяркоўвалі: “Можа, пасля знішчэння труны якая-небудзь чуллівая набожная бабулька сабрала рэшткі шкілету і пахавала на могілках або недзе ля касцёліка?”. (З рэляцыямі наведвальнікаў пахавальні касцёла св. Кацярыны ў 1905 і 1922 гадах мы пазнаёміліся пазней. Тады і даведаліся, што вільгаць і павадкі Нявы яшчэ ў Пецярбургу ператварылі косці ў прах).

Дадому ехалі ўзрушаныя знаходкамі, прыгнечаныя ўбачаным. Гэта былі не проста руіны цудоўнага помніка гісторыі, а руіны нашай свядомасці, маралі і памяці, руіны культуры...

У Гродне згубілі апошнюю надзею: наш сябар вядомы даследчык гісторыі медыцыны прафесар Андрэй Майсяёнак з Інстытута біяхіміі, агледзеўшы з адмыслоўцамі прывезеныя фрагменты касцей, пасля кансультацый з паталагаанатамамі прыйшоў да высновы, што парэшткі гэтыя – жывёльнага паходжання… Прах апошняга нашага манарха адыйшоў у тую зямлю, якая яго спарадзіла. Затое мы ўратавалі ад поўнага знішчэння каштоўныя рэшткі каралеўскага пахавання – сімвалы нашай годнасці і гістарычнасці. Еўрапейская традыцыя робіць выключэнне для каранаваных асоб і святых: для іх перазахавання дастаткова нават фрагментаў вопраткі.

Да вясны 1988 года ўсё прывезенае з Воўчына праляжала ў майстэрні Уладзіміра Кіслага ў музеі. Чуткі аб знаходках пайшлі па-за межамі Гродна. Неўзабаве пазваніў намеснік міністра культуры Уладзімір Гілеп і папрасіў прывезці іх у Мінск. Пазней мы даведаліся, што польскі бок звярнуўся да беларускіх уладаў па дазвол аб вывучэнні стану каралеўскага саркафага з мэтай вярнуць яго ў Польшчу. Разам з Уладзімірам мы адвезлі ў сталіцу цэлы мех знаходак.

Праз пэўны час нам стала вядома, што 1 лістапада 1988 года тагачасны Першы Сакратар ЦК КПБ Яфрэм Сакалоў накіраваў ліст у Міністэрства культуры, у якім пісаў пра неабходнасць аказаць дапамогу прадстаўнікам польскага ўрада ў вывучэнні стану пахавання Станіслава Панятоўскага і перадачы ім знойдзеных матэрыялаў.

Шчыра кажучы, у глыбіні душы мы пратэставалі. Станіслаў Аўгуст не толькі нарадзіўся на беларускай зямлі, але і паходзіў ад старажытных беларускіх магнацкіх родаў Сапегаў і Чартарыскіх, “ліцвінаў”, як казалі ў тыя часы. Для Польшчы ён – апошні кароль, для нашай краіны – апошні Вялікі князь старажытнай беларуска-літоўскай дзяржавы.

Безумоўна Воўчынскі касцёл св. Троіцы ў лепшыя часы будзе адноўлены – гэта ўнікальны помнік позняга барока. У ім павінна быць пахавальня апошняга караля Польскага і Вялікага князя Літоўскага. Тое, што мы знайшлі, надала б вялікае мемарыяльнае і музейнае значэнне храму. Магчыма, вышэйшыя беларускія ўлады традыцыйна лічылі, што кароль “не наш”, а можа, сорам за вандалізм у дачыненні да месца апошняга прытулку манарха не дазволіў абмеркаваць балючую тэму.

 

Сабраў і напісаў гісторыю, навочным сведкам якой быў Аляксандр Мілінкевіч

 

 

Scroll to top