У 1922 годзе разам з ксяндзом-пралатам Канстанцінам Будкевічам крыпту Станіслава Аўгуста наведалі сябры Польскай Рээвакуацыйнай Дэлегацыі: ксёндз-прафесар Браніслаў Усас, захавальнік фондаў Эрмітажа Мікалай Пятроўскі і доктар гісторыі Эміль Вежбіцкі. З уласнай ініцыятывы, без дазволу афіцыйных польскіх уладаў, яны даследвалі стан каралеўскага пахавання. У іх таямнічыя планы ўваходзіла... выкраданне труны з нябожчыкам.

У акце, складзеным дэлегацыяй, і ў лістах, якія Мікалай Пятроўскі накіраваў да старшыні Рээвакуацыйнай камісіі Антонія Альшэўскага, адзначана, што труна знаходзіцца ў “вельмі дрэнным стане”, а труп амаль цалкам ператварыўся ў прах з-за вільгаці пасля вялікіх паводак Нявы 1824, 1857 і 1872 гадоў, якія затаплялі падвалы касцёла св. Кацярыны.

М. Пятроўскі звяртаецца з настойлівай просьбай аб пераносе пахавання ў Польшчу, бо “пакідаць труну надалей у такім небяспечным стане недапушчальна... нягледзячы на ацэнку асобы апошняга польскага караля, погляды на манархісцкую ідэю ўвогуле, і ў Польшчы ў прыватнасці. Эпоха Станіслава Аўгуста была выдатным этапам у гісторыі Польшчы. І ягоны прах на чужыне, куды кароль выехаў пад прымусам, з’яўляецца помнікам вялікага гістарычнага значэння”...

План выкрадання труны Панятоўскага апошнімі чатырма візіцёрамі крыпты касцёла св.Кацярыны на Неўскім праспекце, 32 гэтак і не быў здзейснены. Удалося вынесці толькі моцна заіржавелую ўрну з прахам караля Станіслава Ляшчынскага. Праз чатыры месяцы ўсе касцёлы Пецярбурга былі зачынены, а ксяндза-пробашча згаданага храма К. Будкевіча расстралялі як “агента чужого государства”.

У лістападзе 1926 года прафесар Станіслаў Кентшыньскі, амбасадар Рэчы Паспалітай у Маскве, выдатны гісторык, у сакрэтным пасланні да міністра замежных спраў сваёй краіны Аўгуста Залескага звяртае ўвагу польскіх уладаў на неабходнасць уратаваць пахаванне апошняга караля. Вучоны піша пра занядбаны стан труны, якая папсавалася яшчэ больш пасля паводкі 1925 года, і просіць выдзяліць сродкі на кансервацыю. Адначасова Кентшыньскі паведамляе, што ён правёў папярэднія перамовы з камісарам Чычэрыным аб перадачы парэшткаў Станіслава Аўгуста Польшчы, але не працягвае іх у сувязі з абвастрэннем савецка-польскіх адносінаў, а таксама з-за няведання пазіцыі ўрада Рэчы Паспалітай па гэтым пытанні.

Невядома, якім дакладна быў адказ міністра, але, напэўна, не станоўчым. У гэтым годзе да ўлады прыйшоў Юзаф Пілсудскі, які быў сімвалам вайсковай перамогі, чалавекам, што адрадзіў незалежнасць Польшчы, дзякуючы цвёрдай волі і рашучасці. Для тагачасных палякаў маршал быў жывой легендай і асобай, вакол якой варта было аб’яднацца і ў думках, і ў дзеяннях.

Вобраз Станіслава Аўгуста зусім не адпавядаў ідэалогіі таго часу. З гісторыі адбіраліся постаці, якія ўмацоўвалі аптымізм, давалі прыклад мужнасці. У Кракаў на Вавэльскі замак вярталіся нацыянальныя героі. У 1927 годзе з парыжскіх могілак Манмартр сюды была перавезена труна паэта Юліюша Славацкага, які сваёй творчасцю натхніў у свой час Юзафа Пілсудскага. Такія як Славацкі мелі права спачыць сярод нацыянальных герояў і каралёў.

Аднак і ў тыя гады нямала ўплывовых асоб разумела, што спроба персаніфікацыі віны за падзелы Рэчы Паспалітай у XVIII стагоддзі – гэта вынік эмацыянальнага і павярхоўнага падыходу да трактавання ўласнай гісторыі.

У студзені 1927 года Магілёўскі мітрапаліт архібіскуп Эдвард Роп, які з 1919 года жыў у Варшаве, склікаў тайны сход, на які сабралася больш за 40 вядомых прадстаўнікоў культурных, палітычных, клерыкальных і вайсковых колаў розных гарадоў краіны. Мэтай сходу было стварэнне грамадскага камітэту па перанясенні праха апошняга караля Рэчы Паспалітай на радзіму.

У сваёй прамове архібіскуп адзначыў, што існуе “хрысціянскі акт прымірэння з мінулым, у якім павінен паўдзельнічаць кожны паляк, незалежна ад сваіх палітычных перакананняў”. Э. Роп выказаў сваё стаўленне да асобы Станіслава Аўгуста: “Чалавек вялікага розуму, культуры і працы, нягледзячы на найлепшыя памкненні, ён не змог супрацьстаяць лёсу – не стаў героем, як ягоны рыцарскі пляменнік. Станіслаў Аўгуст усведамляў, што не зможа стрымаць заняпад Польшчы. Адсюль і ягоныя разгубленыя дзеянні. У той жа час Панятоўскі мае вялікія заслугі перад культурай сваёй краіны. Панаванне апошняга караля – панаванне ведаў, асветы і мастацтва –спрычынілася да таго, што Польшча здолела перажыць 120 гадоў няволі”.

Архібіскуп Эдвард Роп заклікаў прысутных актыўна спрыяць вяртанню каралеўскага праху ў Варшаву і гістарычнай рэабілітацыі Панятоўскага. Роп назваў гэта рэлігійна-культурна-народным актам, духоўнай патрэбай усяго народа або, як мінімум, адукаваных слаёў.

11 гадоў згаданы камітэт дзейнічаў канспіратыўна. Яго кіраўнік спрабаваў абмеркаваць магчымасць ажыццяўлення планаў камітэта з кіраўніком дзяржавы Юзафам Пілсудскім, аднак здолеў сустрэцца толькі з жонкай маршала. Да прапановы архібіскупа яна паставілася прыхільна. Звяртаўся ён і да віцэ-прэм’ера Казіміра Бартля, але адчуў, што той не жадае займацца справай Станіслава Аўгуста. Неафіцыйная дзейнасць камітэта не мела і, напэўна, не магла мець станоўчага выніку. Прэса была нібыта свабоднай, але абыходзіла ўвагай гэтую тэму, ведаючы пазіцыю афіцыйных уладаў. Нават інтэлігенцыя гаварыла пра гэта шэптам і не звярталася да грамадскасці.

Нечакана вырашаць лёс саркафага апошняга караля Рэчы Паспалітай узялася Краіна Саветаў. Напрыканцы 1930-х гадоў у Ленінградзе шырока вяліся работы па перабудове горада ў сапраўдную сацыялістычную метраполію. Згодна з генеральным планам, касцёл св. Кацярыны павінны былі разабраць. Аб гэтым польскае консульства ў Ленінградзе паведаміла Міністэрству замежных спраў Польшчы на пачатку 1938 года. Рашэнне аб вяртанні праха Станіслава Аўгуста і яго апошнім прытулку прымалася на самым высокім ўзроўні і трымалася ў вялікай таямніцы. Толькі праз 23 гады непасрэдны арганізатар і выканаўца акцыі па вяртанні Панятоўскага ў Польшчу Станіслаў Забэла надрукуе ў часопісе “Kierunki” (“Накірункі”) свае мемуары пра падзеі 1938 года. У той час ён быў сакратаром польскай амбасады ў Маскве. Яго сям’я была пароднена з Панятоўскімі і мела карані на Міншчыне.

Забэла піша, што ў сярэдзіне 20-х гадоў французскія нашчадкі князёў Панятоўскіх, якія паходзілі ад гераічнага каралеўскага пляменніка Юзафа, звярталіся да савецкага ўрада з просьбай перадаць ім труну караля. З Масквы прыйшоў адказ, што гэта можна ажыццявіць толькі атрымаўшы згоду польскіх уладаў.

“Усе добра ведалі, што Пілсудскі вельмі крытычна ставіўся да асобы караля, які падпісаў дакументы аб усіх трох падзелах Рэчы Паспалітай. Таму, перш чым даць згоду Панятоўскім, польскія ўрадоўцы вырашылі запытаць, што пра гэта думае маршал. Вядома, што Пілсудскі слоў звычайна не выбіраў. “Гэта старая курва,” – буркнуў ён пад нос замест адказу і перайшоў да іншых пытанняў. Паслужлівае атачэнне канчаткова запэўнілася, што “Камендант супраць вяртання парэшткаў Станіслава Аўгуста ў краіну, таму цяпер лепш пра гэта не ўзгадваць”.

Для абмеркавання вядомай прапановы маскоўскіх уладаў, у 1938 годзе “...я звярнуўся да міністра замежных спраў Я. Бэка пры пасярэдніцтве старшыні кабінета міністраў Міхала Лубеньскага з просьбай аб дазволе заняцца справай вяртання парэшткаў Станіслава Аўгуста ў краіну і аб вызначэнні месца іх пахавання. Я прапанаваў Варшаву, дзе прах можна было змясціць у кафедральным касцёле або перабудаваць для гэтага ў маўзалей адзін з павільёнаў у Лазенках. Бэк, як вядома, пакланяўся Пілсудскаму з язычніцкай адданасцю, але вырашыў не прымаць рашэнне самастойна, а ўнесці пытанне на разгляд “вялікай чацвёркі”. У апошнюю, акрамя Бэка, уваходзілі прэзідэнт Масціцкі, маршалак Рыдз-Сміглы і прэм’ер Славой-Складкоўскі. Гэты “арэапаг” заявіў, што труну можна змясціць у Польшчы дзе заўгодна, толькі не ў Кракаве ці Варшаве. Кракаў выключаны, бо “Пілсудскі не можа суседнічаць на Вавэлі з экс-каханкам Кацярыны”, а быць пахаваным у Варшаве – “занадта вялікі гонар для гандляра”. У гэткіх межах Бэк даў мне права на вырашэнне справы Станіслава Аўгуста Панятоўскага.

Я лічыў, што месцам апошняга прытулку Станіслава Аўгуста не можа стаць горад, з якім караля нічога б не звязвала. Таму пасля Кракава і Варшавы адпалі і іншыя буйныя гарады кшталту Познані, Вільні або Львова. У рэшце рэшт, я вызначыў тры магчымых месцы. Першае – Гродна, якое кароль Стась вельмі любіў і дзе бываў шмат разоў. Акрамя таго, тамтэйшая манументальная Фара, пабудаваная ў класічным езуіцкім стылі, магла б стаць выдатным месцам для каралеўскай труны. Тым больш, што ў бліжэйшы час касцёл павінны былі падвысіць да рангу кафедральнага ў сувязі з утварэннем новай Гродзенскай дыяцэзіі. На другое месца я паставіў Воўчын (тут у сямейным маёнтку маці нарадзіўся будучы кароль), а на трэцяе – Рыкі, якія тады былі малым мястэчкам, дзе ў кафедральным касцёле быў размешчаны саркафаг бацькі караля, кракаўскага кашталяна Станіслава Панятоўскага.

Я падзяліўся думкамі з Міхалам Лубеньскім. Яго сям’я, гэтак жа як і мая, была пароднена з Панятоўскім. Ён страшэнна абурыўся: “Ты хочаш зняважыць нашага сваяка і прыцягнуць увагу да двух самых няўдалых момантаў яго жыцця – Гродзенскага Сойма і адмовы ад кароны ў Гродне”.  Паводле просьбы Лубеньскага, вельмі неахвотна, я адмовіўся ад Гродна. Паміж Рыкамі і Воўчынам я выбраў апошні. Там захаваўся цудоўны касцёлік, пабудаваны ў стылі ракако, адзін з нешматлікіх у Польшчы. З гэткай нагоды яго варта было б аднавіць. Паўстагоддзя таму касцёлік перабудавалі ў праваслаўную царкву, і ён знаходзіўся ў жахлівым стане. Да таго ж, адрэстаўраваная архітэктурная цацка з каралеўскім прахам магла б прыцягваць турыстаў і актывізаваць жыццё ў адсталай, але прыгожай мясціне.

Было вырашана, што дзяржаўнае пахаванне, без вялікай помпы, адбудзецца толькі пасля пабудовы спецыяльнага саркафага ў адноўленым касцёле, а труну пакуль што замуруюць у адной з чатырох вуглавых нішаў каплічак воўчынскага касцёла.

Неўзабаве з амбасады ў Маскве мяне паінфармавалі, што савецкія ўлады не ствараюць ніякіх перашкодаў і што пасылка ўжо гатова для адпраўкі ў Польшчу. Я звярнуўся ў Міністэрства ўнутраных спраў з просьбай перавезці труну Панятоўскага са Стоўбцаў у Воўчын, не прыцягваючы ўвагі, і прасачыць за тым, каб яна бяспечна захоўвалася ў касцёле да пачатку рэстаўрацыі”.

Аднак план, распрацаваны Забэлам, не ўдалося рэалізаваць патаемна. Першым інфармацыю аб вяртанні апошняга караля надрукаваў “Dziennik Brzeski” (“Брэсцкая газета”). Тэму падхапіла віленскае “Słowo” (“Слова”). Урад вымушаны быў адрэагаваць і даў кароткую сухую інфармацыю.

29 ліпеня 1938 года дзяржаўнае Польскае Тэлеграфнае Агенцтва паведаміла: “У выніку прыхільнага стаўлення савецкіх уладаў да справы рэпатрыяцыі праху караля Станіслава Аўгуста, некалькі дзён таму ён быў перавезены з Ленінграда ў краіну. Труна з парэшткамі караля будзе размешчана ў старажытным касцёле ў Воўчыне, дзе ён нарадзіўся”.

Гэта навіна ўскалыхнула польскую грамадскую думку. На старонках газет разгарнулася гарачая дыскусія. Чаму не было ўрачыстага пахавання? Чаму менавіта Воўчын? Хто прымаў рашэнне? Чаму ўсё трымалі ў таямніцы?

Уплывовая віленская газета “Słowo” (“Слова”) пісала: “Можна прытрымлівацца розных поглядаў адносна асобы гэтага караля. Не трэба, аднак, забываць, што ён уладарыў у Польшчы і мае свае заслугі. Калі ўрад, у рэшце рэшт, вырашыў ягоны прах прывезці, то гэтым самым ён пазбавіў Польскае Тэлеграфнае Агенцтва магчымасці байкатаваць асобу апошняга караля, які гэтак жа як і ўсё тагачаснае пакаленне спрычыніўся да трагічных момантаў у гісторыі народа”.

“Kurier Warszawski” (“Варшаўскі кур’ер”) пытаўся, ці дастаткова былі ўшанаваны сімвалы даўняй Рэчы Паспалітай, калі ўсё рабілася з сорамам. “Гэта ўсё ж быў наш кароль. Яго абралі добраахвотна (наколькі могуць існаваць добраахвотныя выбары), каранавалі легальна і ажно да падзелаў аддавалі яму манархаву пашану. Дрэнны кароль, але – свой. Не дзяржаўны дзеяч, а ўсяго толькі мецэнат. Занадта мала, як на ягонае жыццё; можа, дастаткова для любой іншай асобы...

... Нешта перашкаджае змяшчэнню парэшткаў Станіслава Аўгуста на Вавэлі... Не там яго каранавалі... Калі не на Вавэль, тады куды перанесці прах гэтага нешчаслівага караля, не прынізіўшы ягонай годнасці? На гэтае пытанне існуе адзіны адказ: “У Варшаву”.

Кансерватыўны штодзённік “Czas” (“Час”) рэзка асуджаў тых, хто вырашыў адаслаць каралеўскі саркафаг у глухую правінцыю. У артыкуле, прысвечаным скандальнай тэме, адзначалася, што на думку прадстаўнікоў кракаўскай гістарычнай школы, калі гэты кароль нічога добрага не зрабіў, дык яго парэшткі можна было б не забіраць увогуле. Калі ж, паводле найноўшых навуковых даследванняў, яго лічаць вялікім, хоць вельмі нешчаслівым каралём, - вяртанне павінна быць урачыстым. На Вавэль! У рэшце рэшт, у Варшаву, якая перад панаваннем Панятоўскага была “вялікай сталічнай вёскай”. Менавіта ён ператварыў яе ў сапраўдную сучасную сталіцу польскай дзяржавы.

“Myśl Narodowa” (“Народная думка”) заўважыла, што пахаванне караля – гэта не пытанне “дэмакратычных або недэмакратычных перакананняў. Гэта сведчанне добрага густу, павагі да мінулага, а таксама наяўнасці нацыянальных каштоўнасцяў. Кароль – гэта ўсё ж такі кароль. Гэта не палітычны лідэр, памылкі якога могуць сцерці яго з памяці народа, а інстытут, які выяўляе адзінства, годнасць народа і мае вартасць незалежна ад асобы... Нарэшце, гэта пытанне прэстыжу дзяржавы”. “Ilustrowany Kurier Codzienny” (“Ілюстраваны штодзённы кур’ер”) нагадваў пра неабходнасць аб’ектыўнай ацэнкі асобы Панятоўскага: “Ён быў цывілізатарам, працавітым палітыкам і ўратаваў бы Польшчу, калі б не самі палякі”.

Гучалі і галасы тых, хто лічыў Станіслава Аўгуста здраднікам і галоўным вінаватым у апошнім падзеле Рэчы Паспалітай. Газета “Robotnik” (“Рабочы”) пісала: “Гэты маладушны манарх, пазбаўлены каралеўскай годнасці пазычаў грошы ў сваёй пратэктаркі Кацярыны ІІ, бо пастаянна меў грашовыя праблемы з-за сваёй лёгкадумнасці. Пазыкі гэтыя ніколі не былі вернуты; найяснейшая імператрыца загадвала, каб іх пагасілі, добра  разумеючы, што гэткім чынам прасцей за ўсё ўплываць на палітыку Польшчы,якаяцалкамзалежалаад Расіі, што жадала яе праглынуць”.

Выданне “Jutro Pracy” (“Будучыня працы”) пісала пра “жыдалюба Панятоўскага”, які нішчыў вялікі народ, здраджваў, парушаў прысягі, хаўрусаваўся з масонамі, выступаў супраць людзей добрай волі, і заклікала: “Маўчыце ж каля гэтай труны!”.

Такіх меркаванняў было менш, але яны адлюстроўвалі тагачасную пазіцыю ўра-патрыётаў і тых, хто нядаўна на чале з марша-ламПілсудскімаднавіў незалежнасць Радзімы, страчаную падчас панавання Станіслава Аўгуста. “Kurier Poranny” (“Ранішні кур’ер”) так абгрунтоўваў гэтую пазіцыю: “Самая вялікая заслуга менш важная за абавязак абараняць дзяржаву любой цаной, нават цаной уласнага жыцця. Мы патрабуем усведамлення гэтай формулы ад жаўнера, які стаіць перад ворагам. Жаўнер, што аддае сябе ў рукі непрыяцеля, – здраднік”.

Эмоцыі панавалі над аб’ектыўнасцю. Нямногія ў той час маглі з халодным розумам ацэньваць падзеі стопяцідзесяцігадовай даўніны. Глыбокая рана ад страты дзяржаўнасці ў XVIII стагоддзі не загаілася, нягледзячы на тое, што Польшча ўжо 20 гадоў, як адрадзілася. У роспачы чалавек заўсёды знаходзіць лёгкія адказы на складаныя пытанні. Замест сродку ад болю выкарыстоўваўся самападманны тэзіс: “Народ – вялікі, кароль – нікчэмны”. Рэальная ж гістарычная праўда вяртала да балючых думак.

 

Сабраў і напісаў гісторыю, навочным сведкам якой быў Аляксандр Мілінкевіч

Scroll to top