12 снежня 1988 года на Беларусь прыехала афіцыйная камісія з суседняй краіны. Яе ўзначальваў дырэктар Каралеўскага замка ў Варшаве, прафесар Аляксандр Гейштар, гісторык. У склад дэлегацыі ўваходзілі: прафесар Тадэвуш Дзержыкрай-Рагальскі, антраполаг; доктар Марэк Квяткоўскі, гісторык мастацтвазнаўства; доктар Тадэвуш Поляк, рэстаўратар; прафесар Анджэй Загорскі, гісторык; магістр Яцэк Рулевіч, юрыст з Міністэрства культуры і мастацтва; доктар Збігнеў Пяноўскі, археолаг; рэдактар і публіцыст Збігнеў Сьвенх; рэдактарка і публіцыстка Аляксандра Згажэльска; фотаграфікі Адам Буяк і Эдвард Граховіч; консул Генрык Каліноўскі з Генеральнага Консульства ПНР у Мінску.

Раніцай дэлегацыя наведала Воўчын у суправаджэнні намесніка міністра Уладзіміра Гілепа, намесніка старшыні Брэсцкага аблвыканкама Уладзіміра Гетмашчука, начальніка Брэсцкага абласнога упраўлення культуры Віталя Клімчука і старшыні Камянецкага райвыканкама Уладзіміра Фісейкі. Уражанне гасцей было цяжкім: яны ведалі, што храм, напэўна, будзе занядбаны, але стан, у якім яны яго засталі, шакіраваў іх.

Па дарозе ў Мінск польскія госці, прыгнечаныя, у асноўным маўчалі. Спецыялістам не давала спакою думка: “І гэта ўсё?! Пасля столькіх гадоў заклікаў, патрабаванняў, чаканняў, надзеяў, імкненняў. Смецце, кавалачкі дрэва і матэрыі… Дзе труна? Ці існуе яна ўвогуле? Дзе рэшткі пахавання? Каралеўскія косці?”.

Прафесар Дзержыкрай-Рагальскі ціха сказаў нібы сам сабе: “Нават у абрабаваных пірамідах косці ніхто не чапаў. Косці рабаўнікам не патрэбны”.

“... Мы спазніліся”, – адказала ў роспачы журналістка Аляксандра Згажэльска.

На наступны дзень у Дзяржаўным музеі БССР прайшла цырымонія перадачы польскай дэлегацыі рэшткаў пахавання Станіслава Аўгуста, прывезеных нашай экспедыцыяй. Доктар гістарычных навук П. Лысенка і кандыдат гістарычных навук П. Лойка з Інстытута гісторыі АН БССР даследвалі знаходкі і пацвердзілі, што яны могуць паходзіць з каралеўскага саркафага. Супрацоўнікі музея Анатоль Сербанаў, Галіна Няхайчык, Андрэй Міхарскі і Сяргей Чэхоўскі правялі складаныя рэстаўрацыйныя работы і размясцілі матэрыялы на зялёным сукне ў шасці шуфлядах спецыяльна зробленай скрыні.

13 снежня 1988 года дырэктарам Дзяржаўнага музея БССР І. Загрышчавым і дырэктарам Варшаўскага каралеўскага замка А. Гейштарам быў падпісаны Акт перадачы польскаму боку рэшткаў пахавання караля Станіслава Панятоўскага. Сярод іх – срэбныя галуны, часткі труны, абцасы, фрагменты мундзіра кароннай коннай гвардыі, цвікі, шматкі каралеўскага плашча, які пакрываў цела нябожчыка. Паводле гравюры Івана Калпакова, узорам для якой стаў малюнак катафалка караля, зроблены Езэфам Ля Пэнам, гэта быў плашч, аблямаваны гарнастаямі і вышываны срэбнымі арламі. Менавіта знойдзеныя арлы сталі асноўным доказам аўтэнтычнасці матэрыялаў. На ўрачыстасці прафесар Аляксандр Гейштар сказаў: “Нямнога… І разам з тым, нечакана многа. Мы маем рэліквіі велічнасці Рэчы Паспалітай. Яны нашы”.

У гэты ж дзень польская дэлегацыя спаткалася з намесніцай прэм’ер-міністра БССР Нінай Мазай. Яна заявіла, што беларускі бок падтрымае далейшыя археалагічныя пошукі ў воўчынскім касцёле св. Троіцы і поўную адбудову касцёла, правесці якую прапанаваў дырэктар Польскага прадпрыемства рэстаўрацыі помнікаў Тадэвуш Поляк. Паводле планаў дэлегацыі, гэтым павінен быў заняцца Фонд польскай культуры. Тэхнічную дакументацыю трэба было падрыхтаваць да снежня 1989 года. А наступнай вясной меркавалася распачаць рэстаўрацыйна-будаўнічыя работы. Каралеўская крыпта павінна была стаць музейнай часткай храма. На самім касцёле вырашылі ўсталяваць мемарыяльную дошку, прысвечаную пахаванню Станіслава Аўгуста ў 1938 годзе. Па дарозе ў Варшаву дэлегацыя завітала ў Гродна і сустрэлася з Валодзем Кіслым. Распытвалі падрабязнасці нашай леташняй экспедыцыі, дзякавалі за ўратаванне гістарычных каштоўнасцяў.

Апошні кароль Рэчы Паспалітай вярнуўся ў свой Варшаўскі замак праз 196 гадоў перад поўначчу 14 снежня 1988 года. Да сярэдзіны студзеня наступнага года рэшткі пахавальных шатаў Станіслава Аўгуста экспанаваліся ў ратондзе палаца ў Лазенках. Пасля іх вярнулі ў Варшаўскі замак для кансервацыі і рэстаўрацыі.

16 студзеня воўчынскую камісію на чале з Аляксандрам Гейштарам прыняў галава польскага касцёла кардынал Юзаф Глэмп. Вяртанне рэшткаў пахавання Станіслава Панятоўскага ён назваў выдатнай падзеяй у жыцці Польшчы і сказаў простыя словы: “Надыйшоў час закончыць гэта сумнае і трагічнае блуканне няшчаснага караля. Яго памяць абавязкова трэба ўшанаваць. Ён быў Божым памазанікам. Пачакаем яшчэ вынікаў далейшых пошукаў. Калі ў падзямеллі болей нічога не знойдзем– урачыста пахаваем шматок ягоных шатаў. Ён павінен мець пахаванне, годнае караля, і можа вярнуцца туды, дзе быў каранаваны, – у сабор св. Яна ў Варшаве”.

Мяне і маіх калегаў па воўчынскай экспедыцыі не пакідала жаданне вярнуцца ў каралеўскае мястэчка, каб правесці дадатковыя пошукі слядоў разбуранага пахавання і паразмаўляць з магчымымі сведкамі. 20 мая 1989 года мы ўдвух з Уладзімірам Кіслым зноў адправіліся ў Воўчын. У нас была ідэя разварушыць мясцовых людзей, іх пачуццё гонару за сваю гісторыю і віны за ўчыненае землякамі ў пасляваенны час. Я ўзяў з сабою праектар і частку майго збору слайдаў, прысвечаную Станіславу Аўгусту.

Маючы досвед выступленняў па тэлебачанні і ў гродзенскіх школах, я быў упэўнены, што мы з Валодзем здолеем выклікаць давер воўчынскіх школьнікаў. А яны распытаюць сваіх бабуляў і дзядуляў пра падзеі вакол каралеўскай нішы, і такім чынам мы здабудзем каштоўную і неабходную інфармацыю. Аднак размова ў воўчынскай школе стала халодным душам. Падазрона глянуўшы на нас, пажылая настаўніца гісторыі ў адказ на нашу прапанову сказала: “Так это же польская история!..” і параіла звярнуцца да Юрчыка.

Мы паспрабавалі абысці старажылаў. Іх было няшмат. Знайшлі дзвюх каталічак, якія ў 1945-46 гадах не з’ехалі ў Польшчу разам з іншымі парафіянамі. Першая з іх, спадарыня Антанюк, нічога не памятала пра тыя часы (хутчэй за ўсё, баялася сказаць нешта лішняе). Другая, спадарыня Кавалёва, прызналася, што лазіла ў разбураную каралеўскую пахавальню “у пошуках іконкі, але труна была пустая”.

Больш цікавай атрымалася размова са спадарыняй Вайцюк, якая жыла насупраць Воўчынскага касцёла. Яна сцвярджала, што неяк ўначы, а палове на другую, дах будынку абрынуўся. Казала, што здарылася гэта ў перыяд з 1974 да 1978 году: дакладна ўспомніць дату яна не змагла. Упэўнена назвала прозвішчы тых, хто меў непасрэднае дачыненне да абрабавання нішы Станіслава Аўгуста ў 1946 годзе: сям’я Хлыстоў. Ён – камендант памежнага атрада ў Воўчыне, яна – сакратар партарганізацыі мясцовага калгаса імя Жданава і намесніца дырэктара школы (дзявачае прозвішча – Валянціна Кавалёва). “Камендант Хлыст мог, каб захацеў, пачаць пошук злачынцаў. У іхнім атрадзе ўсё было: і трэніраваныя сабакі, і вопытныя следапыты. Але Хлысты хадзілі па вёсцы, як быццам бы нічога не здарылася. А ўсе ж толькі і гаварылі пра нехрысцяў, што руйнуюць і рабуюць магілы. Вінаваціць жа іх ўсе баяліся – гэта былі новыя гаспадары…”.

А праз тыдзень пасля нашай паездкі Воўчын наведала група польскіх спецыялістаў, якая з 27 мая да 12 чэрвеня мелася разабраць горы смецця у касцёле св. Троіцы і правесці дадатковыя археалагічныя даследванні. Вяскоўцы былі здзіўлены, наколькі спрытна і ўмела чацвёра супрацоўнікаў беластоцкіх майстэрняў кансервацыі помнікаў з дапамогай простых інструментаў за два тыдні ачысцілі храм ад бэлек і бляхі з абваленага даха, а таксама рэшткаў гадзіннікавай вежы. На падлозе засталіся толькі пабітыя скульптуры трох евангелістаў, якія ўпалі з франтонаў. Яны аказаліся занадта цяжкія – учатырох іх немагчыма было перанесці. Археолагі – доктар Збігнеў Пяноўскі і магістр Януш Фірлет – скрупулёзна перабралі і прасеялі горы смецця з каралеўскай крыпты і нішы, з падлогі касцёла. Былі знойдзены шматлікія фрагменты пахавання: знешняя ахоўная труна 1938 года, часткі параднай труны 1798 года, шматкі тканіны з чатырма срэбнымі арламі, кавалкі шпагі і шпоры, гузікі, галуны, жалезная акоўка і ручкі ад труны, цвікі, падкоўка з ботаў і іншае.

Надзвычай упарта археолагі шукалі парэшткі караля, якога калісьці пахавалі ў гэтай касцельнай нішы. Доктар Мечыслаў Парафнюк, спецыяліст судовай медыцыны, з дапамогай мікраскопа і хімічных даследванняў выявіў толькі дробныя касцявыя фрагменты пажылога чалавека на тканінах, у пяску і ў смецці. Знішчэнне шкілету адбылося, відавочна, яшчэ ў Пецярбургу; вільгаць, мароз і акісленне ператварылі косці каранаванага нябожчыка ў прах яшчэ ў ХІХ стагоддзі.

12 чэрвеня 1989 года прафесар Аляксандр Гейштар асабіста ўсыпаў узятую з дна воўчынскай крыпты зямлю з парэшткамі Станіслава Аўгуста ў медную урну з Каралеўскай манаграмай SAR (Stanislaus Augustus Rex). Праца камісіі на Беларусі была скончана.

Урачыстая цырымонія ўжо трэцяга пахавання апошняга манарха Рэчы Паспалітай прайшла 14 лютага 1995 года ў Варшаве. Урна з прахам Станіслава Панятоўскага была выстаўлена ў Рыцарскай зале каралеўскага замка. Ганаровую варту неслі шэсць афіцэраў з авіяцыі, флота і наземных войскаў, супрацоўнікі музея, прадстаўнікі Таварыства аматараў гісторыі і Саюза польскіх рамеснікаў, сябры камісіі, якая ў 1989 годзе прывезла прах караля, і іншыя.

Пасля жалобных урачыстасцяў у замку ўрну, якую суправаджала ганаровае шэсце перанеслі ў архікафедральную базыліку св. Яна Хрысціцеля, дзе ў 1764 годзе адбылася каранацыя Станіслава Аўгуста. Наперадзе неслі крыж, затым крочыла замкавая варта, далей – афіцэры са сцягамі і жаўнеры ганаровай варты, ксёндз-біскуп Мар’ян Дусь з духоўнымі асобамі і афіцэры, якія неслі ўрну. За імі ішлі прадстаўнікі міністэрстваў культуры Польшчы і Беларусі, кіраўнікі варшаўскай мэрыі, сойма і сената, а таксама сябры навуковых і мастацкіх аб’яднанняў.

Працэсія прасоўвалася паміж шэрагамі жаўнераў ў святле паходняў і свечак, пад гукі званоў. Калі ўдзельнікі шэсця ўвайшлі ў святыню, кафедральны хор заспяваў De profundis Хрыстофа Вілібальда Глюка.

Перапоўненая базыліка была цудоўна ўпрыгожана харугвамі і кветкамі. Распачала-ся пахавальная імша з удзелам прэзідэнта Рэчы Паспалітай Леха Валэнсы і ксяндза-прымаса кардынала Юзафа Глемпа.

Пасля заканчэння малітваў працэсія пад спевы хора ру-шыла ў сутарэнні, каб змясціць урну ў каралеўскай крыпце. Прэзідэнт і кардынал падпісалі дакумент, у якім было засведчана “у каралеўскай крыпце архікафедральнай базылікі св. Яна Хрысціцеля змяшчаем урну з Ягоным прахам на вечны спачын, і гэты акт перад Богам і польскім народам у прысутнасці Міністра культуры і мастацтва, сябраў камісіі, якая да гэтага,ужотрэцягапахавання,спрычынілася, пры духавенстве і ўсіх грамадзянах, у Каралеўскім замку сабраных і на імшы жалобнай у базыліцы архікафедральнай прысутных, з вышыні нашых пасадаў уласнай рукой сведчым”. Падпісана: Лех Валэнса, прэзідэнт Рэчы Паспалітай Польскай і кардынал Юзаф Глемп, прымас Польшчы.

Разам з урнай і гэтым дакументам у саркафаг былі змешчаны рэшткі пахавання апошняга караля, знойдзеныя ў 1987 і 1989 гадах.

Так закончылася трагічная і сімвалічная гісторыя пасмяротных вандраванняў Станіслава Аўгуста, з Божай ласкі Караля Польскага, Вялікага Князя Літоўскага, Рускага, Прускага, Мазавецкага, Жамойцкага, Кіеўскага, Валынскага, Падольскага, Падляскага, Інфлянскага, Смаленскага, Сіверскага і Чарнігаўскага, лёс якога яскрава адлюстраваў драматычную гісторыю нашай Бацькаўшчыны.

Няхай спачывае ў спакоі.

 

Сабраў і напісаў гісторыю, навочным сведкам якой быў Аляксандр Мілінкевіч

 

 

 

Scroll to top