Эліза Ажэшка з Паўлоўскіх прыйшла на сьвет  6 чэрвеня 1841 года  ў родавым маёнтку Мількаўшчына паблізу Скідаля. Бацька Бенедыкт Паўлоўскі, вальтэр’янец,  актыўны сябар Гарадзенскай  масонскай ложы “Сябры чалавецтва”, быў багатым абшарнікам і адукаваным правазнаўцам.

Меў шырокая інтэлектуальныя інтарэсы, сабраў у  сваім доме багатую калекцыю карцін і  бібліятэку з некалькіх тысяч тамоў. На жаль ён памёр у 1843 годзе, калі Элізе было ўсяго два гады. Маці Францішка з Каменьскіх, у 1849 годзе, праз шэсьць гадоў пасьля сьмерці мужа, выйшла замуж і выхаваньнем Элізы занялася бабуля Эльжбета Kaменьская. У 1851 годзе, пасьля сьмерці адзінай сястры Клемянціны, бабуля  аддала дзяўчынку на выхаваньне ў адзін з лепшых манастырскіх пансіёнаў у Варшаве. Тут яна пазнаёмілася і пасябравала з Марыяй Васілоўскай, пазьней знакамітай пэтэсай  Канапніцкай.

 

Лунна
Лунна

 

 Пасьля заканчэньня  пансіёна, на сямнаццатым годзе жыцьця, яе выдалі замуж за 35-гадовага палескага шляхціча Пятра Ажэшку. Стала жыць з мужам ў Людвінаве каля Кобрына на Палесьсі, дзе стварыла разам з малодшым братам яе мужа Фларыянам Ажэшкам школу для дваццаці сельскіх дзяцей. Яна прымала актыўны ўдзел у  дыскусіях камітэту землеўладальнікаў, прызначаным уладамі Расеі ў мэтах распрацоўкі сацыяльна-эканамічных рэформаў у краіне. Узнёслыя парывы маладой жонкі былі адной з прычын непаразуменьняў з яе мужам. Шлюб не быў паспяховым, у 1862 годзе яна пакінула мужа і пераехала ў Варшаву.

   У  перыяд  Студзеньскага  Паўстаньня вярнулася ў Людвінава для правядзеньня дапаможнай дзейнасьці  паўстанцам, у тым ліку арганізавала палявы шпіталь у маёнтку мужа і была сувязной партызанскага атрада Рамуальда Траўгута. Рызыкуючы жыцьцём, Эліза Ажэшка ратавала, цяжка параненага пасьля апошняй бітвы і разгрому атрада ў Горацкіх лясах, Траўгута, а затым вывезла яго ў сваёй карэце да межаў Каралеўства Польскага. Па гэтай і ня толькі прычыне ўсе трое братоў Ажэшкаў – Фларыян, Пётр і нават паралізаваны Браніслаў – былі высланыя ў Сібір. Пасьля паўстаньня Эліза Ажэшка была змушана прадаць Людвінава.

   У 1864 годзе, не прынятая на працу расейскімі чыноўнікамі ў Варшаве, вяртаецца ў разрабаваную Мількаўшчыну. Пачынае самаадукоўвацца і пісаць. Вясною 1866 г. з’яўляецца першае друкаванае апавяданьне “Малюнак з халодных гадоў” пра голад беларускай прыгоннай вёскі. І з гэтага часу ўся творчасьць Элізы Ажэшкі прысьвячаецца Прынёманскаму краю, яго гісторыі, а галоўнае людзям, якія спрадвеку лічылі гэтую зямлю сваёй Радзімай.

 

 

 


   У 1869 г. Ажэшка змушана прадаць Мількаўшчыну. Калі была зачынена кніжная крама ў Вільні, якую яна фінансавала, укладваючы вялікія грошы каб распаўсюджваць польскія кнігі, асуджана на 5 гадоў і інтэрнавана ў Гародню пад надзор паліцыі з абавязковым рэгістраваньнем кожны тыдзень. З восені 1869 г. жыве ў Гародні. Мінула 5 гадоў ад растаптаньня, падаўленьня, расстрэлу Паўстаньня. Перажыла яго асабіста. Дваццацігадовай дзяўчынай, дапамагаючы паўстанцам атрада Траўгута, глядзела на кроў, скаргі, папялішча, руіны. “Паўстаньне тут было больш зацятае, упартае, чым у Кракаве”, – скажа. “Наймужнейшыя, найшляхетнейшыя, найгарачэй мілуючыя загінулі ад кулі, ад ссылкі, ад эміграцыі. Асталіся за малым выключэньнем найслабейшыя, найсамалюбівейшыя і здрадзілі, а затым выхоўвалі дзяцей пад чорнымі крыламі тэрору, у трывозе, у грызучай забоце, у зьнявазе, у сумненьні… Край наш аблажыла глухая цёмная ноч… Перажыла ноч гэту ў месцы, дзе яна была найдаўжэйшая і найцямнейшая.” Тым глушэйшая і цямнейшая таму, што навакол лютаваў “ездзіў шумна, граў, спяваў, танчыў, локцямі нас спіхваў” “зіхатлівы, танцуючы, трыўмфуючы сьвет расейшчыны.” Да апошняй хвіліны засталася вернай памяці паўстанцам. “Ніколі не траціла іх (паўстанцаў, аўт.) з памяці, з думкі поўнай павагі, з сэрца поўнага жалю”, – скажа напрыканцы жыцьця.

   У рапарце гарадзенскага паліцмайстра Ціманава ад 5 траўня 1882 года губернатару напісана: “Маю паінфармаваць Яго Эксцэленцыю, што ў красавіку бг. у спісе асоб пакінутых пад наглядам змешчана пад нумарам 3418 шляхцянка грамадзянка Эліза Ажэшка, аддана пад нагляд паліцыі на тры гады, ад красавіка бг. Згодна з загадам аддзелу судовага дэпартаменту дзяржаўнай паліцыі ад 12 красавіка […].”

   Не ўпала на калені, але здзейсьніла не толькі велізарны літаратурны чын і патрыятычны подзьвіг, які павінен служыць прыкладам да падобнага дзеяньня: “(…) перажыла дзесятак генерал-губернатараў, тут пад іх вокам спраўляючы дом галоснапольскі і НІКОЛІ, З НІЯКАЙ АКАЗІІ АДНАГО СЛОВА ПА-РАСЕЙСКУ НЕ ВЫМАВІЛА….”
   “Былі тут кроў, жальба, папялішчы, руіны існаваньня і маёмасьці,--піша Ажэшка.—Моладзь расла пад чорным крылом тэрору (…). Тыя, якія не выехалі да ўніверсітэту расейскага, убогія ці менш здольныя займелі  найніжэйшае і найгоршае становішча ў грамадстве і пад сталай пагрозай згубы кавалка жабрацкага хлеба, аточаныя калегамі і начальнікамі з расейцаў.”

 

Мількаўшчына
Мількаўшчына

 


   Ад выданьня “Марты” (1883 г.), “Мэіра Эзафовіча” (1879) становіцца знакамітай. Атрымлівае дзесяткі лістоў, візітаў, слоў падзякі.

   “Будуць напэўна ў будучым дзеі лепшыя, справы важнейшыя, учынкі большыя – але мы былі працаўнікамі найсмутнейшымі з смутных, гэтага нам будучыня пэўна не запярэчыць”, – спадзявалася яна.

   Дом Элізы Ажэшкі стаяў па вуліцы Мураўёўскай. Калісьці насіла красамоўную назву Раскоша па назве вясёлай карчмы. Пасьля атрымала назву імя Міхаіла Мураўёва, якога сама царыца прасіла са сьлязамі, каб “ратаваў Літву” у 1863 г. і пра якога цар Аляксандр ІІ пісаў да брата элегантна: “ніколі не меў да яго вялікай сімпатыі” і які атрымаў у народзе мянушку “вешальнік.” У дворыку пані Элізы пры вуліцы Мураўёва (ад гадоў міжваенных да сёньня вуліца носіць назву Элізы Ажэшкі) дзейнічаў ад 1894 г. тайны ўніверсітэт. “У гэтым жыцьці цёмным, як шум бору ў ноч лістападаўскую, жыў кліч: “Вернасьць і стойкасьць.” Ёй ужо створаныя пранікнёныя страстным пафасам творы пра беларускі народ: “Нізіны” (1884), “Дзюрдзі” (1885), “Хам” (1888), які  ў сваёй арыгінальнай версіі быў азагалоўлены “Рыбак наднёманьскі”, “Рэха”, “Тадэвуш”, “У зімні вечар”, “На сьледстве” (…) і знакаміты раман “Над Нёмнам” (1887). Дзе чэрпала сюжэты аб звычаях, радасьцях і пакутах, адкуль  такія поўныя карціны  жыцьця беларускай вёскі?

   З 1870 г. Эліза Ажэшка штогод праводзіць летні адпачынак ў вёсках Сьвіслач, Панямоньне, Мінявічы, Луна. Але наўрад можна назваць гэта адпачынкам. Зьбірала матэрыял для сваіх твораў як сапраўдны рэпарцёр. Каб выехаць да Луны Эліза Ажэшка, знаходзячыся пад наглядам жандармаў у блакітных мундзірах, змушана дамагацца  дазволу губернатара. На выезд да Варшавы патрэбна згода міністра. У пісьмах з’яўляюцца далікатныя намёкі аб “грубых прыкрасьцях, чынімых мне людзьмі ў нябескім убраньні.” Вырываеццца з-пад іх надзору на Нёман. “Вясковы кут, хоць  наняты, мілейшы для мяне ёсьць таму ад гэтага горада, у якім асадзілі мяне лёсы (…) брак разумовага і артыстычнага пачуцьця тут узнагароджваецца цішынёй, спакоем, а над усім прыродай прыгожай, бо без патрэбы нават высоўвацца праз акно з глыбіні пакоіка майго бачу Нёман і за Нёмнам бор сасновы.”

 

 



   Гэта былі вакацыі ў Мінявічах. Лета і восень 1881 г. Эліза Ажэшка мае 40 гадоў. Непрыгожая, малая, з кароткай шыяй, цяжкія рысы, пухлыя губы, узграмаджаная карона пасыпаных срэбрам валасоў і вельмі прыгожыя вялікія чорныя вочы. Мае за сабою раньняе сіроцтва, неўдалае і распаўшаеся замужжа, страту радзіннага маёнтка, смерць маці, якая ніколі яе не разумела і не любіла, расстаньне з каханым, якому адмовіла ўстрою сумеснага жыцьця ў Расеі…
   “23.08.1882 г. Мінявічы.

   (…) Жыву ў Мінявічах, якія з погляду здароўя служаць мне дасканала. Даўно ўжо не адчувала сябе такой здаровай як гэтым летам. Уплывае на гэта пэўна праўдзівы паўднёвы клімат, які ў гэтым годзе ў нас запанаваў. Аж  да сёньняшняга дня дні былі ўпальныя, а вечары цёмныя, ціхія, зорныя, цудоўныя.”
   Мінявіцкі дворык, нібы падвешаны над берагам Нёмана, тут жа побач шляхецкага засценка Багатырэвічы, вельмі сціплы, шэры і малы. Папярэдні спалены агнём 1863 г. Гаспадароў не стала. Ян Каменьскі, уладальнік Мінявічаў і начальнік цывільны Луненскай акругі ў Студзеньскім Паўстаньні – прататып Андрэя Карчыньскага з рамана “Над Нёмнам” прапаў дзесь у Сібіры.

   Да нанятага флігеля, які ацалеў з пажару, з 1881 да 1889 года, кожнае лета, часам ужо з траўня да кастрычніка пачала прыязджаць Эліза Ажэшка.


 “3 верасня 1883, Мінявічы.
   (…)Прыглядзелася таксама пільна шляхце дробнай. Адтуль некаторыя знаёмства і нават сяброўства з тымі сімпатычнымі людзьмі. Калісьці напішу пра іх пару навэлаў.”
   Выканала сваё абяцаньне, ды яшчэ як: “(…) і паэма  “Пан Тадэвуш”, і раман “Над Нёмнам”, і паэма “Новая зямля” – гэта небывала шырокія панарамныя малюнкі жыцьця, па сутнасьці, на адной і той жа самай наднёманскай зямлі,” – піша Уладзімір Казбярук у прадмове да беларускага перакладу “Над Нёмнам” у серыі “Скарбы сусьветнай літаратуры.” Францішак Багушэвіч, паўстанец 1863 г., аўтар неўміручых слоў: “Не пакідайце роднай мовы, каб не памерлі”, сябра  Элізы Ажэшкі, першым з беларускіх пісьменьнікаў належным чынам ацаніў значэньне яе творчасьці, назваўшы “Каралевай польскай прозы і пакутлівай праўды” і прысьвяціў ёй верш “Яснавяльможнай пані Арэшчыне”

 

Ложа Ажэшкі ў касцёле ў Лунне


   “Вывучэньне якіх-небудзь бакоў жыцьця народа я параўнала б з выбіраньнем жмені канапляных зярнят з бочкі маку. Апынуўшыся ў ролі вучня, я бычыла няёмкасьць, нават баязьлівасьць сваіх настаўнікаў—простых сялян, у якіх я распытвала пра што-небудзь” – піша ў нарысе “Людзі і кветкі над Нёмнам.”

   Яна магла дайсьці да сэрца, таямніц, драмаў жыцьця, здабыць давер. “Люд у гэтых аколіцах (не гаворачы пра шляхту засцянковую, якая з сяброўскага пункту гледжаньня, ёсьць вельмі азвычаяна) валодае абыходам лагодным і добрым, незнаёмых нават вітае па-старасьвецку словамі “Няхай будзе пахвалёны!” і гасьцінна іх, калі ў гэтым выпадзе патрэба, у хатах сваіх прымае” – такую ацэнку дасьць у Віленскай “Вісле.” Нязвыклае “знаўства краіны расьлін” уражвала Элізу Ажэшку пасярод наднёманскага люду: “ (…) сьмела сьцьвярджаць можна, што ад найвышэйшага дзерава да найменшай травінкі, з гэтай самай, што ён зямлі вырасшай, няма расьліны, якая б у яго мове не мела б назвы.”

   27 лістапада 1887 года з вёскі Міневічы Эліза Ажэшка пісала да нямецкай перакладчыцы Мальвіны Блюмберг: “У апошні час з прыемнасьцю займаюся і з вялікай карысьцю народнай батанікай. Люд наш тутэйшы, польскі і русіньскі (г. зн., беларускі,Л.К.), добра знаёмы з расліннасьцю і мае багатую, вельмі трапную, амаль маляўнічую тэрміналогію. Я вучуся гэтаму ў вясковых жанчын і вязу з сабой пару гербарыяў з некалькімі сотнямі прадстаўнікоў мясцовай фауны і, што больш важна, з запісамі аб спосабах іх ужываньня тутэйшым людам. I гэта таксама нейкая шчыліна, праз якую можна заглянуць у глыбокую, сумную і вельмі малавядомую душу нашага народа.” Ліст гэты сьведчыць, што пісьменьніца нават у вывучэньні расьліннасьці Беларусі знаходзіла матэрыял для больш глыбокага азнаямленьня з душою народа.

 

Лунна, касцёл
Лунна, касцёл



Дарэчы, пішучы на беларускую тэматыку, Ажэшка вельмі часта ўжывае і беларускую мову. Праўда, за гэта на яе нападалі як асобныя рэдактары, так і польскія шавіністы, якія з пенай на вуснах даказвалі, што Гродзеншчына — спрадвечная польская зямля. Ажэшка ж сваімі творамі сьцвярджала зусім адваротнае. Рэдактары не раз патрабавалі ад пісьменніцы «ачышчэння» твораў ад беларусізмаў, але яна ўсё ж дабівалася таго, што хоць часткова беларуская мова некаторых персанажаў захоўвалася.

Сама яна ў многіх сваіх творах падкрэслівае, што героі яе гавораць на сваёй роднай мове.

   З дапамогай глядавіцкай лякаркі Люці апісала 228 беларускіх назваў расьлін – лекавых і прысушлівых, вядомых і малараспаўсюджаных. “(…)Усеагульнай павагай і зычлівасьцю ў рыдыусе  некалькі міль карыстаецца лякарка Люця з наднёманскай вёскі Глядавічы”, – напіша і дае магчымасьць і нам пазнаёміцца з гэтай незвычайнай жанчынай: “Гэта пяцідзесяцігадовая кабета, невысокага росту, хударлявая, з круглым румяным і ўжо паморшчаным тварам, на якім блішчаць малыя чорныя і вясёлыя вочы. Выраз яе твару лагодны, пачцівы і прыемны. Адзеньне носіць чыстае і акуратнае.

   Яна гаспадыня люднай хаты: мае мужа, жанатага сына, дарослых дачок, некалькі малых унукаў, расказвае пра сваю сям’ю весела і ахвотна.” І далей: “Гэтая Люця (а падобных да яе лекарак мае кожная ваколіца) – цудоўная крыніца, з якой можна чэрпаць веды пра веру і звычаі народа.” Акрамя “купаньня кветкавага і “батанізаваньня” (з якіх нараджаліся не толькі старонкі “Над Нёмнам”, але таксама мастацкія гербарыі Ажэшкі, якія да сёньня захаваліся ў музеях Варшавы і Гародні) было яшчэ захапленьне прыгажосьцю звычаяў і іх, часам упаэтызаваны, але заўсёды дасканалы запіс. Вось прыгатаваньне да жніва ў Багатырэвічах: “Дзяўчаты ўбіраюцца ў новыя кофты і ў кветкі, моладзь мужская прыбіраецца ў сьнежнай белізны кашулі і цёмныя штаны і старанна вычышчаны абутак.” Гэты кароткі запіс у “Людзях і кветках” знаходзіць мастацкае развіцьцё ў рамане.  Знакамітае, поўнае размаху і колеру апісаньне лову аўсяньніка ці “яціцы” ў “Людзях і кветках” займае ў “Над Нёмнам” ледзьве старонку, але многія ўражаньні з гэтых вечароў рассыпае аўтарка па цэлай эпапеі. Кожнае лета на пераломе ліпеня і жніўня была сьведкаю гэтай містэрыі.

 

 



   Ад Мінявіч выплываюць лодкі з полымямі паходняў. Насустрач ім сунуцца чоўны з Багатырэвіч. Над бляскам агнёў віруе і ападая белае воблака надводных матылькоў. Пануе цішыня. Раптам перарывае яе малады сьмех і мелодыя песьні: “Выйшла дзяўчына, выйшла адзіна, як ружы кветка.” “За Нёман, гэн прэч”, – гучыць ужо цэлы хор, далёка ўжо па рэчцы нясучыся. З далечыні адгукваецца яму ўжо другі – “непадобны, сумны.” Гэта вёска сялянская  засьпявала… Паветра над Нёмнам дрыжыць ад тонаў. Хлопцы ўдараюць вяслом па вадзе, удар гучыць як стрэл! На шляхецкіх лодках разлягаюцца ўвесь час усё новы польскія песьні, здалёк ім неперастанна адпавядае песня беларуская, цёмная лодачка іграе ўвесь час на гармоніку. З верхняга берагу адзываецца скрыпка, з поля – песьня паўстанцаў… І рэха, рэха, рэха. Бор паўтарае яго тройчы. Вяртаюцца стрэлы. Вяртаецца памяць у “Над Нёмнам” легендай пра Яна і Цэцылію, магілай сарака паўстанцам пасярод бору.

   Свае праўдзівыя карціны жыцьця Эліза Ажэшка брала з самой рэчаіснасьці. Да Людвіка Еніке (рэдактара “Штотыднёвіка ілюстраванага”): Ажэшка піша “О, якой бы я была шчасьлівай, калі б магла тут у сябе паказаць Вам маіх Багатырэвічаў, Стралкоўскіх, Занеўскіх, магільны помнік Яна і Цэцыліі, цудоўны наднёманскі яр і... Андрэя Карчыньскага, які ў мінулым годзе вярнуўся ў родныя Мінявічы. Бенядыктаў таксама па суседству ёсьць многа; толькі Вітольда і Юстыны не пакажу, бо іх выдумала.”
“29 верасьня 1883

   З вялікім задавальненьнем прабыла  б тут яшчэ з месяц (...). У цёмныя восеньскія начы праплываючы  амаль пад вокнамі Нёман пражынае цемру серабрыстай стужкай, і на ім рыбакі распальваюць у лодках вялікія вогнішчы (...). У дне занеманьскі  лес ціха стаіць спавіты ў дажджлівай імгле, плыты павольна слізгаюць па заімглёнаму люстэрка ракі (...), на шырокіх аголеных палях граюць працягнлыя сурмы пастухоў .”

   Эліза Ажэшка была  ў Луне ў час канікул з 2 ліпеня па 24 жніўня 1902 года. Пісала адгэтуль  у паштоўцы Тадэвушу Грабоўскаму: “4.VII.1902 г. З-над Нёмна блакітнага, з ціхага двара, з ценю белых акацый, якія сьнегам цьвітуць, віншаваньне і падзяка за картку пасылаю. Вясьцей новых і рукапісаў  чакаю. Аб добразычлівым захоўваньні памяці прашу..” (E. Orzeszkowawa. Listy zebrane. Tom 3, s.188)

“13 VIII 1902, Луна (Гродна)
   Спяшаюся пераслаць словы найвышэйшага спачуваньня дзеля цяжкага  засмучаньня Пана. Абы што найхутчэй зьмянілася ў радасьць выздараўленьня ганаровай хворай! Маё здароўе не ёсьць дрэннае, за два тыдня вёску пакідаю. Няхай мне Пан адправіць слоўка аб вяртаньні рэчы так нязмерна Пану, а мне сардэчна цікавай; вельмі  прашу пра гэта. У якім пісьме  знайшоў Пан згадваньне пра нас?
шчыра кажучы дружалюбна
Эл. Аж..”

Вось таямніца да разгадваньня: у якім доме жыла Пані Эліза падчас свайго знаходжаньня ў Луне? Можа ён усё яшчэ жывы?

“Ёсьць блізка касьцёлік невялікі, прыгожа пабудаваны і з густам абстаўлены, каторы  кожную раніцу, апоўдні і вечар найпрыгажэй звоніць на Анёл Паньскі. Я не магу пераказаць, якое дзіўнае ўражаньне аказвае на мяне адгалос гэтага звону. Нешта накшталт пакліканьня ўгару, як бы рассыпаючыеся ў паветры тоны музычныя. Першы раз прыйшло мне таксама да думкі, якім прыгожым і глыбокім ёсьць звычай касьцельны.”


“Дарагі Пане
Вялікі дзякуй за памяць. Ёсьць мне на вёсцы цудоўна, нягледзячы на пануючую тут непагоду. Маю тут мноства пышных дрэў, незьлічоныя птушыныя хоры і касьцёлік вясковы, прыгожы, як цацка з эпохі Рэнесансу, і што вечар прыгожа  граючы на Анёл Паньскі. Няхай мне Пан напіша, калі  хоць прыблізна атрымаю апошнія разьдз[елы ] Astr? Мушу паразумецца пра гэта з рэдакцы[яй ] Бібл [іятэкі]  Варш[аўскай]
Найдабразычлівейшы паклон пасылаю.
Эл. Аж ».

У тым касьцёліку, які ёсьць “прыгожы як цацка з эпохі Рэнесансу”, аглядаем у бочнай наве прыгожы, багата аздоблены абраз Маці Божай з Дзіцяткам у срэбнай сукенцы.

Людская памяць пераказвае легенду, як бы перад гэтым абразом бралі шлюб Ян і Цэцылія-першыя з Багатырэвічаў…
 

   Згадкі пра яго ёсьць і ў “Над Нёмнам”, калі жанчыны высьмейвалі занадта багаты строй сукенкі Ядвіські Дамунтаўны: “Езус! Ну і прыгожыя ружы на гэтым вееры! І гэтыя залатыя лісьці дакладна такія, як у Луне у Маці Божай на алтары…”
   Абраз гэты, праўдападобна, ёсьць старэйшы за касьцёл, фундаваны каралевай Бонай, і паходзіць з ранейшага касьцёла, аб якім нічога невядома. А на алтар з гэтым абразом фундавала сродкі Эліза Ажэшка. Ёсьць тут па левай старане і ложа Пані Ажэшкі, так названая таму, што там займала яна месца падчас касьцельнай службы.

   Зімой 1906 г. пачала пісаць цыкл паўстанцкіх уражаньняў “Gloria victis” (“Слава пераможаным”). Незвычайны Post scriptum да “Над Нёмнам.” Эпітафія для “месцаў, людзей, іх слоў і дзеяў года 1863… Пісала адным дыхам, аб тых, каго цаніла найбольш. Пісала так, што аж каштаны вакол доміка расьцьвілі і кожная кветка прамянела ў сонцы, як ружовая паходня.”

   “Так ідзе маё жыцьцё. Толькі там, за горадам, над узгоркам наднёманскім паміж крыжамі і бярозамі ціша і сон… з якога ніхто не ўстане. Там, тыя, якім ужо нічога не трэба, якія пераплылі, зьніклі”, – пісала. Там яе магіла.

   Рускаму царызму было мала тых зьдзекаў, што рабіліся Элізе Ажэшцы пры жыцьці. Помсьцілі пасьля сьмерці. У сьнежні 1911 года ў Віленскай судовай палаце пачаўся суд над яе кнігай. Прысуд быў “сьмяротны.” Але 20 кніг “Gloria victis”, што засталіся ў кнігарні, былі імгненна раскуплены.

   Няма ўжо фальварку ў Багатырэвічах – той, да якога прыязджала Эліза Ажэшка, згарэў падчас першай Сусьветнай вайны. Засталіся фундамент і лавачка паміж двума клёнамі, дзе пісьменьніца любіла пасядзець, прыглядаючыся з стромага берагу плыні Нёмана і рыбакам на выдзяўбаных чаўнах. Няма тут ужо ні Стралкоўскіх, ні Каменьскіх…

 

 



   Пад канец 2005 г. у Багатырэвічах жыло толькі 5 чалавек – старых і пакінутых. Самі выбралі такі лёс, бо што яны могуць зрабіць здаля ад сваёй зямлі. Аўтобус і аўталаўка (крама ў грузавіку) прыязджаюць сюды раз на тыдзень. Пасьля Стралкоўскіх застаўся невялікі мураваны дом з трэшчынамі праз усю сьцяну. Вецер гуляе у пустых, зьнішчаных пакоях. Былы двор Каменьскіх-Карчыньскіх – гэта толькі фундаманты і мураваная афіцына з прыгожымі скляпеньнямі. Сьцены яшчэ стаяць і маюць добры дах. Драўляны дом западае ў руіны. Хто ацаліць гэтыя мясьціны? Хто надасьць ім жыцьцё?

   Ужо няма ў Луне ні палаца Ромэраў, ні цудоўных акацый, ні векавых ліпаў, пра якія пісала Пані Эліза. Чарговае зьнішчэньне адбылося ў 2009 годзе. Але застаўся “касьцёлік невялікі, ладна збудаваны і густоўна ўбраны”, адноўлены “звычай касцельны” рассыпаць “у паветры тоны музычныя”, “найцудоўней званіць на Анёла Панскага”…

   Засталася памяць пра адважную паўстанку і вялікую пісьменьніцу, зачараваную краявідамі нашай краіны і ракою людзкога жыцьця ў Мінявічах, Багатырэвічах, Луне…




Scroll to top