Між тым вёска лічылася адной з самых багатых. Сапраўдныя гаспадары ўжо планавалі набыць конныя жнейкі, снапавязкі, каб аблегчыць цяжкую працу хлебароба. Мой бацька Платон Касцевіч з дзяцінства многа чытаў, пачынаючы ад рускіх класікаў Купрына, Някрасава, Чэхава і асабліва Талстога да замежных Рэмарка, Гюго і іншых.
Яго юнацкае захапленне Талстым з гадамі перайшло ў такую якасць, што ён усе свае ўчынкі, паводзіны і стан жыцця стаў вымяраць па Талстому.
Платон Сымонавіч ніколі не курыў, не піў гарэлкі, сем год харчаваўся па-вегетарыянску. Калі прыйшоў час служыць у польскім войску, бацька напісаў заяву аб адмове ад вайсковай службы. Ён быў прызваны ў 42-гі полк пяхоты ў Беластоку, але перапраўлены ў сувязі з адмовай ад службы ў віленскую вайсковую следчую турму №3, дзе яму быў прысвоены нумар зняволенага II/III 33. Па першаму прыгавору суда ён атрымаў 2 з паловай гады зяволення, што было даволі суровым пакараннем. Бацька падае на перасуд і аб'яўляе дзесяцідзённую галадоўку. Галадоўку трымаў стойка і не раз расказваў потым пра прымусовыя кармленні зондам (турэмнае начальства баялася, каб не памёр). Паўторны суд тэрмін зняволення скараціў да двух гадоў, але перанесеная галадоўка яго настолькі аслабіла, што стан здароўя яго быў вельмі кепскі. Да таго ж захварэў на апендыцыт. Пасля перанесенай аперацыі турэмнае начальства дае бацьку трохмесячны адпачынак і адпускае дахаты. Ці маглі разлічваць у сталінскіх гулагаўскіх лагерах паміраючыя ад голаду і хваробаў зняволеныя на адпачынак?
Моцна падтрымлівалі ў турме бацьку, як маральна так і харчова, яго дзядзька Макар (яму гэта было вельмі зручна, бо жыў у Вільні) і сябры аднадумцы-талстоўцы са Скідзеля, актыўныя ўдзельнікі гуртка Таварыства Беларускай Школы: Вольга, Марыя і Ваня Сяўрукі, Аляксандр Мазалеўскі, Даніла Скварнюк з Пузавіч, Грыша Быцкевіч з Пясчанкі, Барыс Кулай з Брэстчыны, лепшы сябра бацькі Іосіф Вігдорчык з Беластоку і многа іншых, у тым ліку браты Міхаіл і Іван Брыль з Загор'я ля Турца.
Калі сёння я перачытваю цудам захаваўшыяся лісты да бацькі ў турму яго аднадумцаў і такіх жа як ён праціўнікаў вайсковай службы, усведамляю, што калі б цячэнне талстоўцаў як пацыфісцкае было значна большым, то можа і не было б тых мільённых ахвяраў культа асобы і апошняй вайны.
Але лёс распарадзіўся іначай.
Чысцінёй думак павявае ад тых лістоў, бо пісалі іх людзі з самымі шчырымі сардэчнымі парывамі, жаданнем дабра і пачуццём аграмаднай чалавечай годнасці.
Прыходзілі на імя бацькі ў турму паштоўкі з словамі падтрымкі з Амерыкі і з Англіі, прыслала ліст незнаёмая дзяўчына з Францыі. Пераклад таго ліста зрабіла сястра Іосіфа Вігдорчыка Амелія Курляндская. Каб даць адказ той дзяўчыне бацька спецыяльна вывучыў мову эсперанта.
Як апавядаў бацька, разам з ім у турме былі і палітычныя вязні. Адзін з іх — выхадзец з Друзгенік Іосіф Станкунас быў вельмі хворы. Калі праз год пасля бацькі той выйшаў з турмы, бацька запрасіў яго да сябе на лета на аздараўленне ў Баброўню.
Не лішнім будзе сказаць, што існуючая ў той час Ліга Нацый не мала рабіла па аб'яднанню пацыфісцкага руху і па яго папулярызацыі. Нават у далёкай Канадзе ведалі аб пацыфістах у Польшчы. Прывітанне зняволеным праціўнікам вайсковай службы прыслаў з Канады саюз духаборчай абшчыны ў горадзе Верыно:
“Поздравление от союза молодёжи духоборческой общины в Канаде, отдел II, Верино, Канада.
Мы присоединяем свой голос к Вашему, как противники войны, с пожеланиями нашим единомышленникам в польских тюрьмах стойко и неуклонно оставаться при своих убеждениях, и протестуем против насилий, чинимых над ними.
Теперь, когда весь свет с умопомрачительной быстротой снова вооружается, нам, противникам войны, больше чем когда-либо надо ратовать об уничтожении этого бича человечества — войны. Мы глубоко верим, что настанет время, когда мечи будут перекованы на орала.
Примите от нас искренний, глубоко-сердечный привет. От глубины души желаем Вам наилучших благ от господа Бога. Хотя мы разъединены с Вами телесно, но духом будем с Вами всегда. Ваши братья по духу.
/подписано от имени всех/
Секретарь Василий Зубков
тов. секретаря Иван К. Касатонов.”
Вярнуўшыся з турмы, бацька не толькі апрацоўваў свой кавалак зямлі, але любіў сталярнічаць і меў добры заробак. Асабліва зімой, калі вольнага часу было болей, разам з аднавяскоўцам Віталём Будзькам яны майстравалі музычныя інструменты: балалайкі, мандаліны і скрыпкі. Адна з тых зробленых бацькам у 1934 годзе скрыпак, на якой, часта прыязджаючы ў Баброўню, іграў Макар Краўцоў, засталася, і цяпер я захоўваю яе як дарагую сямейную рэліквію.
У тыя гады бацька вялікую матэрыяльную дапамогу аказваў дзядзьку Макару. Так у адным з сваіх лістоў той піша: "Атрымаў я цікавае пісьмо ад Баніка. Паміж іншым, што ты прасіў паведаміць, колькі я атрымаў ад цябе грошай. Маю гэтакія адрэзкі: 9.ХІІ — 100, 16.ХП.1936 - 80, 30.1.1937 - 25, 9.ІІІ - 100 і апошнія 30.111 - 100; разам 405 злотых. Ці маеш ты паштовыя квіты і ці сходзіцца?"
У другім лісце ад 12 сакавіка 1937 году ён піша: "Дарагі Платон! Вялікі табе дзякуй за прысланыя 9 лютага 100 злотых. Шкада толькі, што ты ня любіш падробней пісаць, як там выглядаюць справы... На жаль, я, хоць і прафесійны пісьменнік, нічога цяпер не пішу. Няма куды. Душная атмасфера ды й годзе. Прыйдзецца мусі пераключыцца на іншыя мовы ды шрайбаваць артыкулы ў расейскія альбо ў польскія штодзённікі. На хлеб, на воду мусіць чалавек зарабляць. А тут яшчэ хваробы чапляюцца. Жонка хварэе і сам прастужаны. Ужо больш як тыдзень губы парэпаны, ламае нейкая ліхаманка, прымаю хіну. П'ю маліну. А ў хаце ня ўседзіш, бяда выганяе, як таго ваўка, на здабыванне хлеба. З канца месяца сакавіка прадбачыцца работа... А тым часам мушу ізноў да цябе звярнуцца. Было б вельмі добра, каб выслаў ты мне яшчэ якіх хоць залатовак 50. Калі там для мяне нічога не маеш, дык можа скамбінуй як і пазыч. Адашлю з падзякай, як толькі зараблю. Гэта — ў найгоршым выпадку. Калі ж там нешта для мяне яшчэ магчыма выдрапаць, дык націсні дзе можна. Бяды і патрэбаў у мяне да зарэзу."
Жыццё не песціла Макара Краўцова. Жонка была гаспадарлівая і спрабавала яксьці сцягнуць канцы з канцамі, але пастаяннага заробку не было і жылося цяжка. У сваіх пісьмах да бацькі ў Баброўню ён пісаў часта, што Ганна Станіславаўна не дачакаецца лета, каб ізноў прыехаць на адпачынак. Толькі тут у Баброўні сярод родзічаў і сяброў-аднадумцаў адпачываў душою паэт. Можа таму і прыязджаў ён сюды ўлетку, нават па некалькі разоў у год. Прыгажосць навакольных мясцін, дзе прайшло яго дзяцінства, вабіла і давала натхненне.
У час сваіх прыездаў у Баброўню, ён жыў у маленькім пакойчыку бацькоўскай краўцоўскай хаты, а вялікую залу займаў малодшы брат Банік з сям'ёю і мой бацька.
Калі ў 1935 годзе мой бацька купіў першы ў акрузе веласіпед, ён не раз на ім пускаўся ў падарожжа, у госці да дзядзькі ў Вільню. Дарога не малая, больш за 150 вёрст, але ён яе хутка асільваў.
Янка Брыль у сваім лісце з Загор'я ад 8 красавіка 1937 году пісаў бацьку... "Ну как ты, братку, думаешь устроиться со своим путешствием на велосипеде. Если выберешься, то уж и меня не минай."
Цёплыя сяброўскія адносіны з братамі Брылямі бацька працягваў і далей, запрашаў да сябе ў госці. Старэйшы Міхаіл Антонавіч, так як і бацька, праціўнік вайсковай службы, некалькі разоў наведваў і бацьку ў Баброўні і сваіх сяброў аднадумцаў у Скідзелі. У адзін з такіх прыездаў у Баброўню, ён — мастак самародак, напісаў два прыгожыя малюнкі алоўкам у колеры і падараваў бацьку. На адным з іх выява іх куміра Ільва Талстога, на другім — фрагмент "Апошняга дня Пампеі".
Апошнія гады польскага панавання хаця і былі азмрочаныя прыцясненнямі ўладаў, асабліва ў дачыненні нацыянальнага адраджэння беларусаў, з'явіліся другім уздымам вёскі як па яе багаццю так і па культурнаму жыццю.
6. Першыя саветы
Бадай адразу пасля пачатку вайны актывісты і члены КПЗБ Віталь Сыты, Любоў Зорка з Бандароў і Міхась Васілёк, а таксама хлопцы з Карашава Іван Бараноўскі і Даніла Кузьміцкі ўжо стварылі самаахову. У вёсках кожную ноч назначалася варта з вяскоўцаў на некалькі чалавек без зброі. Яна павінна была дакладваць актывістам аб усім падазроным.
Ноччу 17 верасня прагучаў стрэл з боку вёскі Вострава. А праз якіх паўгадзіны на мосце праз Котру з тога боку затарахацела запрэжаная канём брычка і новай аб'яздной дарогай праляцела вакол вёскі ў бок Скідзеля. Варта ў той час знаходзілася пасярод вёскі і нічога зрабіць не змагла, але далажыла актывістам і тыя кінуліся наўздагон.
Уцякаючы, два жаўнеры войска польскага (а можа нават і афіцэры, не выключана, што можа і мясцовага, з Гродзеншчыны паходжання), не ведаючы дарогі, павярнулі на першым скрыжаванні ўлева, на дарогу, вядучую на хутарскія палеткі. Актывісты, кінуўшыся наперарэз, іх ужо чакалі. Аднаго забілі адразу, другі кінуў зброю і стаў гаварыць, што ён вайсковы доктар, але яго таксама забілі, не прымаючы ніякіх тлумачэнняў.
Назаўтра мясцовыя жыхары пахавалі забітых на прыгорку ва ўрочышчы Асіннік.
Стала вядома, што мінулай ноччу тыя ўцякачы ў вёсцы Вострава былі затрыманы вартаўніком Васілём Якаўлевічам Ушкевічам і тым чутным у Баброўні стрэлам забілі яго. Гэта стала для мясцовых актывістаў хоць нейкім апраўданнем за забойства людзей. На вайне заўсёды цяжка знайсці вінаватых і нявінных.
З гэтых падзей пачаўся прыход у вёску новай савецкай улады. Ужо былі першыяахвяры з таго і з другога боку, ужо былі выкапаны першыя магілы. Колькі іх будзе потым і дзе знойдуць сваё прыстанішча мае аднавяскоўцы?
Ужо праз два тыдні, прыблізна 30 верасня, у Вільні энкавэдзістамі быў арыштаваны Макар Краўцоў, і след яго згубіўся сярод тысяч такіх жа замардаваных. Яго жонку Ганну Станіславаўну выгналі з уласнай хаты і дзякуй Богу, ёй далі прытулак зусім чужыя людзі.
Новая ўлада, якую так чакалі прыгнечаныя палякамі мае зямлякі, была на самой справе зусім не той ласкавай і народнай. Ужо першыя падаткі, якімі былі абложаны ўсе, сталі, у параўнанні з польскімі, звычайным грабяжом. Людзі працавітыя, выхаваныя ў любові да зямлі і роднага краю, людзі, для якіх чалавечыя хрысціянскія каштоўнасці былі не пустым гукам, ніяк не маглі ўцяміць, чаму ўсё, у чым яны былі перакананы, на самой справе гэта хітры ідэалагічны падман і не больш таго.
Вельмі хутка ўсе зразумелі, што, каб выжыць і не апынуцца пад коламі вынішчальнай сталінскай інквізіцыі, трэба мяняць не толькі свае погляды, а і самыя паводзіны і лад жыцця.
Багатыя, вельмі заможныя, суседзі хуценька пачалі здымаць у покуцях абразы і замяняць іх партрэтамі правадыроў. Учарашнія багацеі сталі ў рады актывістаў. Можа не надта прыгожа ўсё гэта выглядала з боку маралі, але гэта быў адзіны паратунак у новых умовах.
Моладзь Баброўні, здымак 1928-1930 гг. Стаяць Будзько Ваялянціна Юльянаўна, Курыла Віталь Казіміравіч, Курыла Люба Мікалаеўна, Міхал Восіпавіч Касцевіч (Міхась Васілёк), Касцевіч Валянціна Сымонаўна, Курыла Імпаліт Васільевіч, Касцевіч Вера Гаўрылаўна, Хоха Віталь Восіпавіч з Дубінкі. Сядзяць на лаўцы Курыла Ніна Казіміраўна, Курыла Вера Сымонаўна, Касцевіч Надзея Восіпаўна – сястра Міхася Васілька, Касцевіч Ангеліна Сымонаўна. Сядзяць на траве – Галіна Аляксандраўна Будзько – будучая жонка М. Васілька, Аляксандра Васільеўна Курыла, Касцевіч Глафіра Восіпаўна, Курыла Надзея Мікалаеўна.
Дзякуючы такім захадам нікога не раскулачылі. А калі на прызыў зверху ўсе дружна запісаліся ў калгас, вёску сталі ставіць другім у прыклад. Снежая зіма са страшнымі марозамі 1939-1940 году стала цяжкім выпрабаваннем, бо кожнаму давялі такія кубаметры вывазу лесу, якія выканаць было амаль немагчыма. Лясы, да якіх у польскіх уладаў былі гаспадарскія адносіны, сталі вырубацца ў вялікіх абшарах. Новае савецкае гаспадаранне для маіх працавітых улюбёных у сваю зямлю зямлякоў стала па іх поглядах чымсьці зусім недарэчным. Ужо ў першы год гаспадарання ў калгасе ўвесь ураджай збожжа схаваўся ў адной адрыне, астатнія стаялі пустыя, абагуленыя коні схуднелі і жанчыны са слязьмі на вачах насілі ім сваё сена, каб падкарміць. А наязджаючыя з раёна ўпаўнаважаныя абкладвалі новымі і новымі падаткамі. Таму, хто выканаў непасільную норму вывазу лесу, дабаўлялі ізноў. А ўсіх, хто не мог ці не хацеў тую норму выканаць, чакала далёкая Варкута, Калыма альбо Караганда. Па навакольных вёсках не было таго тыдня, каб якую-небудзь сям'ю не вывезлі. Першымі павыводзілі ляснікоў ды другіх лясных працаўнікоў пры панскай Польшчы (гаёвых, надлесных) за тое, што яны па свайму службоваму становішчу павінны былі быць у адной з палітычных партый. Вядома, што тыя гаёвыя былі вельмі далёка ад палітыкі. Але загад, прыйшоўшы з Масквы, выконваўся бясспрэчна.
Адчуваўся подых вайны. Вяскоўцы трывожна слухалі дэтэктарны радыёпрыёмнік з слухаўкамі ў Аляксандра Будзькі, якога абралі старшынёй калгаса.
7. Ішла вайна народная
Напружанне і як бы чаканне чагосьці нядобрага панавала навокал. Цёплай, духмянай чэрвеньскай ноччу вяскоўцы былі разбуджаны гулам нямецкіх самалётаў. Ад узрываў бомбаў (немцы бамбілі Гродна) ў вёсцы на адлегласці больш трыццаці вёрст было відна як днём. Назаўтра зранку перад вёскай у лясным масіве ва ўрочышчах Дуброва і Дубнікі заняў абарону, адступіўшы з-пад Гродна, пяхотны полк. Акапаўшыся, байцы былі гатовы даць бой, але па ўсяму відаць, сувязі з другімі часцямі яны не мелі. З калгаснага хлява яны ўзялі пару кароў для прыгатавання ежы, бо такую колькасць вайскоўцаў трэба было карміць.
Немцы тым часам, зламаўшы супраціўленне савецкіх войск, асноўнымі напрамкамі, дарогамі праз Скідзель і шашою Азёры — Астрына ўжо прайшлі ўперад.
На наступны дзень нямецкія разведчыкі на веласіпедах наткнуліся на перадавы дазор палка ля возера Хвенкава. Узяўшы тых у палон камандаванне зразумела сваё становішча. Полк пакінуў пазіцыі і рушыў на ўсход. Ці давялося каму з тых чырвонаармейцаў прабіцца да сваіх і як склаўся іх далейшы лёс ніхто не ведае.
Неўзабаве паявіліся ў вёсцы немцы. Шукалі савецкіх актывістаў, камуністаў. Першым загадам было патрабаванне здаць усю агнястрэльную зброю, паляўнічыя стрэльбы. Потым ішла пахатняя праверка. Але вяскоўцы трымаліся дружна, і ўсё прайшло без непрыемнасцей. З увядзеннем новага акупацыйнага праўлення ў хуткім часе ўсім былі выданы нямецкія пашпарты-аўсвайсы. Аб'яўлены ўсе віды падаткаў і правілы паводзінаў.
Быўшыя актывісты хуценька павыкідалі партрэты правадыроў і зноў павесілі назад абразы. Горш было тым, хто тыя абразы не захаваў, дык прасілі ў суседзяў. Паступова людзі сталі прызвычайвацца да новых умоваў. Абагуленых кароў і коней разабралі і сталі гаспадарыць як калісьці, кожны на сваёй зямлі. Кожны трымаў, як і раней, хатнюю жыўнасць, але ўсё мяса павінен быў здаваць немцам. Каб мець сабе, трэба было хавацца, інакш чакала турма ў лепшым выпадку. Па загаду ўлад мусіў бацька здаць немцам свой веласіпед. У камісарыяце ў Скідзелі яму сказалі, што калі б яго зямельны надзел знаходзіўся на адлегласці 10 кіламетраў ад хаты, то веласіпед яму пакінулі б. Вельмі шкадаваў яго бацька, бо каштаваў ён амаль дзве каровы.
Моладзь Баброўні святкуе Сёмуху, 1949 год. Курыла Соф’я Вітальеўна, Касцевіч раіса Бенедыктаўна, Курыла Лілія Імпалітаўна, Курыла Надзея Мацвеяўна, Будзько Кастусь Аляксандравіч, Курыла Яўген Сымонавіч, Будзько Ганна Аляксандраўна, Будзько Мікалай Аляксандравіч, Курыла Кацярына Сымонаўна, Касцевіч Жорж Рыгоравіч, Курыла Таіса Уладзіміраўна, Курыла Расціслаў Уладзіміравіч, Будзько Вольга Аляксандраўна, Дарашкевіч Аляксандра Васільеўна.
Адносна спакойна прайшоў для маіх вяскоўцаў першы год акупацыі. Усе займаліся працай на зямлі, а настаўнікі Іван Курыла і Бенядзікт Касцевіч нават сталі вучыць дзяцей у суседніх вёсках Карашава і Белякоўшчына. Навучанне вялі на беларускай мове. Вярнуўся з нямецкага палону з лагера Кальценбунд пад Бухенвальдам ужо згаданы раней Мікалай Хоха. Ён апавядаў, што быў разам з Міхасём Васільком і хутка прыйдзе і той. Так яно неўзабаве і здарылася. Яны яшчэ ў 1939 годзе былі з Пятрусём Будзькам прызваныя ўтраіх у польскае войска. Пятрусь Будзько на вайне загінуў.
К лету 1942 году ўжо пачалі даваць знаць аб сабе партызанскія атрады. Пасля разгрому Азёрскага гарнізона і масавага падпалу ў быўшых панскіх маёнтках сціртаў са збожжам, немцы пашырылі акцыі растрэлаў і арыштаў. У хуткім часе была раскрыта і дзейнасць скідзельскіх падпольшчыкаў. Па агентурных звестках немцам стала вядома, што і ў Баброўні ёсць сувязныя і прыхільнікі антыфашысцкага руху. У верасні 1942 году сярод вяскоўцаў былі арыштаваны Будзько Віталь Захаравіч, Курыла Іван Васільевіч і адпраўлены ў Гродна, потым яны былі зняволены ў нямецкія канцлагеры Штутгоф і Дахаў, дзе і загінулі.
Неўзабаве немцы пачалі па некаторых вёсках мясціць атрады палявой жандармерыі. Такія атрады былі размешчаны ў вёсцы Бандары, у былой польскай школе, у быўшым панскім палацы ў вёсцы Спуша і ў Баброўні. Атрад у Баброўні налічваў каля дваццаці чалавек. Для пастою яны выбралі бацькаву краўцоўскую хату і хату Захара Будзькі. У абодвух хатах на ганках дзень і ноч былі выстаўлены вартавыя з кулямётамі. Гаспадароў хатаў высялілі па суседзях. Сярод тых немцаў, што стаялі ў бацькавай хаце, былі і выхадцы з прыгранічча з Польшчай. Яны трохі ведалі польскую мову і калі некалі размаўлялі з вяскоўцамі. Па іх размовах бацька разумеў, што не ўсе немцы хочуць гэтай вайны.
Валянціна Сяргееўна Сытая — уражэнка вёскі Бандары так апавядае пра тыя часы. У Бандарах атрад "палёўкі" налічваў восем чалавек. Чатыры немцы і чатыры паліцаі ці ўласаўцы з рускіх. Камандаваў імі сапраўдны фашыст Гіндэнбург, з паліцаяў яна памятае прозвішчы Кузняцоў і Палякоў. Баючыся нападу партызанаў, школу, дзе яны знаходзіліся, загадана было па самыя вокны абсыпаць зямлёю. Звычайна Гіндэнбург з кімсьці з паліцаяў любіў наводзіць нямецкі парадак у суседняй вёсцы Стральцы. Хатняя жывёла і свінні не павінны былі разгульваць па вуліцы. Калі чыя-небудзь свіня трапляла яму на вочы, ён яе страляў. Па яго загаду вяскоўцы тую свіню вязлі ў двор школы, дзе і свяжавалі. Аднак, відаць, не жадаючы пагаршаць адносіны з жыхарамі, у Бандарах ён так не рабіў. Начамі немцы рабілі засады ў лесе за вясковымі могілкамі. Аднойчы ў такую засаду трапіў мясцовы партызан Павел Сірата. Першым стрэлам ён забіў аднаго з немцаў, але яго хутка скруцілі і адправілі ў Гродна, дзе і растралялі. У адказ немцы ў вёсцы растралялі больш дзесяці чалавек. Гэты растрэл быў не апошні. Ужо ў канцы вайны 2 траўня 1944 году за сувязь з партызанамі ў Бандарах было арьштавана амаль дваццаць пяць чалавек. Усіх адправілі ў вёску Раганічы, дзе яны былі спалены ў адрыне разам з другімі.
У 1943 годзе партызаны яшчэ больш актывізавалі свае дзеянні. Напрыклад, мост праз Котру на шашы Азёры — Астрына яны знішчалі тры разы. Пад тую марку спалілі яны і мост праз Котру ў Баброўні. Ніякога стратэгічнага значэння ён не меў, і спалілі яго для ліку, каб далажыць і адчытацца. Звычайная савецкая паказуха. Узрасла колькасць падрываў на чыгунцы, нападаў на нямецкія гарнізоны і абозы з харчаваннем. Немцы на гэта адказалі масавымі растрэламі цэлых вёсак. Пузавічы, а праз чатыры дні Дземшы, Сіні Камень і Шкленск былі спалены, а ўсе іх жыхары растраляны.
У гэты ж час немцы вывозяць моладзь на прымусовыя работы ў Нямеччыну. З маленькай Баброўні былі вывезены Марыя Касцевіч, Яўген Курыла, Зінаіда Будзько, Надзея Курыла. Усе яны працавалі ў баўэраў у наваколлі горада Зензбурга. Яўген Курыла пасля прыходу савецкіх войск, прайшоўшы праверку, быў мабілізаваны ў войска. Ваяваў у Чэхіі. Быў першым нумарам пры станкавым кулямёце. Пасля вайны — санінструктарам. Дэмабілізаваўся ў 1947 годзе. Усім вывезеным на прымусовыя работы ў Нямеччыну пашчасціла вярнуцца жывымі дахаты.
У вёсцы ж тым часам былі за сувязь з партызанамі арыштаваны Курыла Віталій Казіміравіч, Дарашкевіч Аляксандр Аляксандравіч і Будзько Аляксандр Аляксандравіч. Далейшы іх лёс невядомы, магчыма яны растраляны ў Гродна ці ў Навумавічах альбо Калбасіне, дзе немцамі былі створаны сапраўдныя фабрыкі смерці.
У Баброўні партызаны мелі сваіх сувязных Міхася Васілька і Аляксандра Дарашкевіча. А Тамара Іванаўна Курыла і Анфіса Іванаўна Будзько пайшлі ў партызанскі атрад імя Чапаева. Праз якісьці час Анфіса Будзько выйшла замуж за камандзіра атрада Кавалёва Аляксандра Яфрэмавіча.
Уладзімір Аляксандравіч Будзько ўспамінае, як пасля сталінградскай бітвы аднойчы вечарам у вёску прыехалі вершнікі на белых конях з якогасьці партызанскага атрада. У хаце яго бацькі яны сабралі людзей, дзе зачыталі зводку савецкага інфармацыйнага бюро аб падзеях на фронце. Гаворка ішла пра ўзяцце ў палон сталінградскай групоўкі немцаў. На людзей паведамленне зрабіла вялікае ўражанне. Ад'язджаючы, партызаны загадалі далажыць немцам аб усім заўтра зранку, бо не хацелі падстаўляць вяскоўцаў. Гаспадар хаты Аляксандр Мацвеевіч назаўтра мусіў ісці ў Скідзель з паведамленнем. Немцы за тое, што ён не далажыў тэрмінова, хацелі яго растраляць, нават далі каманду аб гэтым. Толькі выпадкова апынуўшыся побач начальнік паліцыі Ян Ашурка, які ведаў яго яшчэ да вайны, той загад адмяніў.
Неспакойна было ў вёсцы можа і таму, што ва ўрочышчы Пруды была явачная хата для партызанскіх сувязных. Туды ж часта наведваліся і немцы, бо любілі паласавацца рыбай. Калі ж нечакана з'яўляліся ў вёску немцы, то хто толькі мог хаваліся на паўвостраве "Грыўка", які зрабіла пятляючая Котра.
Цяжка было з харчаваннем. Тое, што заставалася пасля здачы немцам натуральнага падатку, падмяталася партызанамі. Матка расказвала, што выпечаны хлеб звычайна хавалі на гарышчы, бо партызаны забіралі ўсё. Адзін раз нават знялі ручнік з абразоў, бо больш браць не было чаго.
Немцы акрамя таго, што ў кожнай вёсцы мелі назначанага імі старасту ці солтыса, які павінен быў усё дакладваць, выкарыстоўвалі для атрымання інфармацыі паліцаяў і ўласаўцаў. На прадвесні 1943 году ў вёску з'явілася група ўласаўцаў, якая выдавала сябе за партызанаў. Але вяскоўцы адразу адгадалі падман і вялі сябе адмыслова. Тыя сталі на начлег у хаце Міхася Васілька, які чакаў прыходу на сувязь партызанаў. Ноччу сапраўды прышлі партызаны і ледзь не трапілі ў лапы ўласаўцам, але ўсё абышлося добра. Назаўтра, вызваўшы старасту, уласаўцы патрабавалі тры фурманкі каб ехаць далей. Той пачаў хітраваць, а потым кінуўся ва ўцёкі. Пачалася страляніна і ўцекача падстрэлілі. Тады ўласаўцы з вёскі адышлі пехатою. Калі яны трапілі ў суседнюю вёску Канюхі, пачалі хітрую гульню. Іх камандзір звярнуўся да аднаго хлопца з запытаннем, чаму той не ідзе ў партызаны. Хлапец без усякай думкі адказаў, што можа і пайшоў бы, каб далі вінтоўку. "Пойдзем з намі, мы дадзім," — адказаў іх камандзір, і за вёскай таго хлопца растралялі. Хадзілі па вёсках і другія атрады ўласаўцаў ці балахоўцаў, вынюхваючы настрой людзей і мажлівыя сувязі з партызанамі. Вяскоўцам прыходзілася быць асцярожнымі і разважлівымі. Так, ужо перад прыходам савецкіх войск, калі ў вёсцы знаходзіліся байцы з атрада імя Чапаева, на досвітку ў вёску заявіліся некалькі жаўнераў з Арміі Краёвай. У перастрэлцы двое былі забіты, а трэці ўцёк.
З усходу немцаў цяснілі наступаючыя савецкія войскі, і тыя ўжо адступалі. З імі ўцякалі і іх памагатыя.
8. Першыя пасляваенныя
У ліпені 1944 адбылося доўгачаканае вызваленне. Апошнія жорсткія баі абышлі вёску бокам. Але вайна прадаўжалася і з тых, хто падлягаў прызыву з Баброўні забралі ў войска Барыса Будзьку, старэйшыя некалькі чалавек атрымалі бронь у сувязі з недахопам рабочых рук, у асноўным гэта былі ляснікі.
Стала паступова наладжвацца мірная праца. Ізноў, як пры першых саветах, пачалі вырубацца лясы. Амаль у кожнай хаце стаялі на пастоі лесарубы і плытагоны з запольных вёсак Саволеўкі, Плавоў, Коматава і іншых. Пасляваенны бандытызм, што існаваў яшчэ доўга, вёску не закрануў. З палёгкай уздыхнуўшыя вяскоўцы сталі закасваць рукавы і працаваць на зямлі. Але падаткі ізноў цяжкім грузам ляглі на плечы людзей. Упаўнаважаныя па падатках хадзілі брыгадамі па вёсках і адкупіцца ад іх было немагчыма, хіба толькі добра зафундаваўшы можна было ўгаварыць на меншы памер займу па дзяржаўных аблігацыях. Ад бедных сялян, якія ледзь зводзілі канцы з канцамі, збіралася ўсё, што можна, бо падаткамі абложвалася не толькі жыўнасць, але нават і пладовыя дрэвы. Ад аднаго пераліку, што трэба здаць дзяржаве, кружылася галава. Вяскоўцы працавалі заўзята, бо толькі з зямлі можна было карміцца. Нават 1946 год, які выдаўся асабліва няўраджайным, з горам-бядою перажылі. Пачаўся наплыў у заходнія раёны выхадцаў з Расеі і ўсходняй часткі Беларусі, бо там быў сапраўдны голад. Па вёсках хадзілі людзі і гатовыя былі рабіць любую працу толькі за пракармленне і ніякай платы больш не патрабавалі.
Яшчэ горш было ў гарадах: за ежу людзі аддавалі ўсё, што было ў іх каштоўнае. З тых прышлых па вёсках хадзілі па некалькі чалавек розных фахоўцаў. Адны прапанавалі пачысціць комін, другія — збіць валёнкі, трэція, лудзільшчыкі, рамантавалі ўсякі посуд - вёдры, чайнікі і тазы. Хадзілі пільшчыкі лесу на дошкі, краўцы. Адным словам па-цяперашняму поўны сэрвіс. З тых майстравых вясковыя ўдовы падабралі сабе нават мужоў. Аселі і пайшлі ў прымакі Пятро Аракчэеў з Валагодчыны, Рыгор Гавенка — плытагон з Пужычаў і, згубіўшы нагу на фронце, Жора Паўлючэнка з Смаленшчыны. Апошні добра шыў абутак, а гарэлку піў яшчэ лепей, як сапраўдны сапожнік.
А па навакольных вёсках ізноў, то з адной, то з другой, энкавэдзісты вывозілі цэлыя сем'і. Пачыналася калектывізацыя. Асабліва ўпартым пагражалі Калымой.
9. Ізноў у калгас, ці з колішніх заможных у неперспектыўныя
У 1949 годзе ўсе жыхары Баброўні ізноў, ужо другі раз, уступілі ў калгас. Нават жонкі ляснікоў былі калгасніцамі. Калгас называўся імя Жданава, і цэнтр яго быў у вёсцы Галавачы. Першым старшынёй калгаса стаў Віталь Сыты з Бандароў, былы член КПЗБ і партызан у часы вайны. Праца ў калгасе аднімала многа часу, і на сваіх сотках працаваць прыходзілася вечарамі ці ў выхадныя. У першыя гады ні сартавога зерня ні ўгнаення калгас не меў. Ураджаі былі кепскія. У 1951 годзе, падлічыўшы ўсе вынікі, праўленне калгаса выдала маім аднавяскоўцам па 240 грамаў зерня на працадзень. Усё, што бацька зарабіў за год за свае 150 працадзён, ён прынёс у мяшку дахаты, важыла яно роўна два пуды. Але ж трэба было пракарміць сям'ю. Бацька вечарамі сталярнічаў у хаце, рабіў вокны і дзверы людзям, хоць якую капейку ад гэтага меў. Летам усёй сям'ёй збіралі грыбы, сушылі і прадавалі. Грыбоў у тыя часы было многа, і збіралі і сушылі толькі баравікі, бо яны больш каштавалі. Муж цёткі Любы Мікалай Хоха нават зімой вазіў сухія грыбы на продаж аж у Ленінгад. Вельмі цяжка было з хлебам. У Скідлі ў хлебных лаўках чэргі былі страшэнныя. Каб купіць яшчэ з адну буханку хлеба бацька не пускаў мяне ў школу, а браў з сабой, удвух мы ўжо трохі прывозілі, заняўшы тую чаргу па некалькі разоў. Добра памятаю смак бліноў з мукі з соі, трохі саладкаватых і жоўтых. Набыць пшанічную муку — гэта было вялікае шчасце. Бедната панавала па ўсіх вёсках, у калгасе працавалі амаль задарма. Калгаснікам устанаўлівалася норма выпрацаваць не менш як 220 працадзён за год. Каб тую норму выцягнуць мы, падлеткі, разам з бацькамі ўбіралі сена, звазілі снапы збожжа, вывозілі торф і гной. З самага дзяцінства, прывучаныя да працы, мы ўжо ведалі пот і мазалі цяжкай працы хлебароба.
Калісьці пры паншчыне кожны прыгонны павінен быў тры дні ў нядзелю адбываць паншчыну (мужчыны са сваім канём ці валом, жанчыны пешшу). У калгасе яны павінны былі працаваць шэсць дзён у нядзелю. А ў часы ганення на царкву (тады была закрыта і царква ў вёсцы Галавачы) калгаснікаў застаўлялі сеяць на вялікдзень. Не плошча засеянага поля бралася пад увагу. Галоўнае было сапсаваць свята ды адчытацца ў райкоме. Пачаўся перыяд заняпаду вёсак.
Не бачачы ніякага выйсця ўсе, хто толькі мог, кідалі бацькоўскія хаты і ўцякалі ў горад. Уцячы з вёскі ў горад таксама было не проста. У той час усё сельскае насельніцтва не было пашпартызавана. Рабілася гэта для таго, каб не дапусціць адыходу з вёсак народу. Бо не маючы пашпарта ўладкавацца на працу ці атрымаць жыллё ў горадзе было немагчыма. Селянін такім чынам ператвараўся ў таго ж прыгоннага, толькі не ў памешчыка, а ў старшыні калгасу. Ён мог і даць і не даць паперу для атрымання пашпарту, бо з калгасу ўцякалі не старыя, а моладзь ды прыйшоўшыя з войска. А адмовіць тым, хто ішоў вучыцца ў гарады старшыня калгасу не мог. Нават у гарадах тым збегшым з вёсак давалі часовыя пашпарты на 2 гады ці болей. Я сам жыў па такому пашпарту некалькі гадоў.
Ні аб якім шчаслівым жыцці ў калгасе, што так радасна крычала радыё, не было і мовы. Калгасы, нават набыўшы трактары і камбайны, значных зрухаў у павышэнні ўраджайнасці не дасягнулі. У 1961 годзе я перад войскам працаваў уборачны сезон памочнікам камбайнёра на пару з суседам Кастусём Будзькам на камбайне С4М. Ураджайнасць у той год не перавышала 12 цэнтнераў з гектара, якую б культуру мы не ўбіралі.
У тыя гады рабілася стаўка на дасягненне поспехаў у вытворчасці харчавання. Дэвіз быў “Дагонім і перагонім Амерыку па вытворчасці прадуктаў харчавання на душу насельніцтва.” Калі мае вяскоўцы заводзілі гутарку на гэтую тэму, мой бацька гаварыў: "Яшчэ такого ў свеце не было, каб сляпы відушчага ды абагнаў".
Што з той гонікі атрымалася ўсе мы ведаем. Ужо ў 1962 годзе пачалі закупляць зерне ў Канадзе і Амерыцы.
Не адбылося паляпшэння ў жыцці калгаснікаў і пасля аб'яднання калгасаў імя Жданава і "Пабеда". Калі на адным "отчётно-выборном собрании" было даложана, што толькі падзеж буйна рагатай жывёлы за год склаў амаль паўтысячы галоў, калгаснікі толькі качалі галовамі.
Чарговае аб'яднанне з калгасам "Азёры" не ашчаслівіла калгаснікаў. Хоць сталі атрымліваць трохі грошаў, бо значна ўзрасла ўраджайнасць, але сама гаспадарка ледзь дыхала. Тыя ж механізатары толькі зімою маюць трохі продыху, а ўсю вясну, лета і восень працуюць ад цямна да цямна. Няма калі адарвацца на свой агарод. Аб якім культурным адпачынку можа быць гутарка ў чалавека, які працуе ўвесь светавы дзень і без выхадных, дабрацца бы ложка. Ці атрымоўваюць механізатары за такую працу адпаведны заробак? Канешне не, а нават тыя грошы, што ім выплочваюць, яны часта чакаюць месяцамі. Земляробаў дзесяцігоддзямі адвучвалі ад зямлі, адарваўшы іх ад сваёй уласнасці, а працу на зямлі ператварыўшы ў здзек. Відаць, каб прывіць колішнюю любоў да зямлі сённяшнім людзям хопіць працы на такія ж доўгія дзесяцігоддзі. У вёсках застаюцца адны старыя, якія дажываюць свой век. Моладзь і працаздольныя калгаснікі, каб заглушыць сваю роспач, кілішкам гарэлкі супакойваюць душу. Усё больш жанчын становіцца прыхільнікамі зялёнага змея. Дні выдачы зарабку ператвараюцца ў агульнае п'янства. Нават у калгасным клубе нярэдка трашчаць вокны ад п'яных разборак моладзі. Дзе тыя добрыя манеры далёкіх гадоў?
Вялікая колькасць вёсак, у тым ліку і мая родная Баброўня, дзякуючы калгаснаму ладу, перайшлі ў разрад неперспектыўных. Скажыце, ці ёсць неперспектыўныя вёскі, напрыклад, у Швецыі ці ў Італіі? Сёння ў Баброўні жыве ўсяго 5 чалавек, на ўсю вёску адна карова. Параўноўваць з тым далёкім 1895-м немагчыма. Не лепшае становішча і ў другіх вёсках. У суседняй вёсцы Вострава сёння дажывае свой век пенсіянер, быўшы аб'ездчык, Ушкевіч Расціслаў Фёдаравіч, адзін на ўсю вёску, у далёкім 1895-м у вёсцы было 53 жыхары. Калі ў Баброўню хоць на лета з'язджаюцца з гораду яе выхадцы і вёска крыху аджывае, то Вострава з заросшымі падворкамі, пахіліўшыміся павецямі і забітымі вокнамі нагадвае кінутыя чарнобыльскія вёскі. Колькі іх такіх "чарнобыльскіх" вёсак на Гродзеншчыне? Не вырваўшаяся на волю радыяцыя зрабіла іх такімі, а планамерная дзяржаўная палітыка.
Сваё стаўленне да гэтага становішча я выказаў у канцы аднаго сваго верша:
Параз'ехаўся люд — хто куды
I не чутна тут песень дзявочых.
Я таксама ўцякаў ад нуды,
Але вёска мне глянула ў вочы.
ДЛЯ мяне Баброўня заўсёды заставалася той аддушынай, дзе ад хараства прыроды можна было забыць усе турботы гарадскога жыцця і нявырашаныя праблемы. Амаль усе выхадныя я прыязжаў каб дапамагчы бацькам, а цяпер значную частку году жыву там, апрацоўваю прысядзібны ўчастак, сустракаюся з вяскоўцамі і адпачываю душой.
10. Імі ганарыцца Гродзеншчына
Першыя літаратурныя творы Макара Касцевіча з'явіліся ў друку ў 1918 годзе. Агульнавядомы гімн "Мы выйдзем шчыльнымі радамі" некаторыя даследчыкі адносяць да 1920 году і лічаць, што напісаны ён пад уплывам Слуцкага паўстання. Другія лічаць, што ён напісаны паэтам у 1918 годзе, а ў 1920-м ужо быў гімнам слуцкіх паўстанцаў, асабліва калі да тэксту была напісана музыка беларускім фалькларыстам, харавым дырыжорам і кампазітарам Уладзімірам Васільевічам Тэраўскім.
Дату напісання верша "Паварот да Горадна" можна лічыць 1913-1914 годы, бяручы пад увагу выказванне паэта, ... "З цябе нацешыцца няможна пасля разлукі ў тры гады!" відаць ён мае на ўвазе службу ў войску, якая цягнулася 3 гады. Пад час згаданага Слуцкага паўстання Макар Касцевіч увайшоў у склад Беларускай Вайсковай Камісіі, якая працавала ў Лодзі. У хуткім часе ён пераязжае жыць у Вільню, куды неўзабаве прыязжае яго жонка Ганна Станіславаўна — сястра міласэрнасці, з якой ён пазнаёміўся на фронце.
Там у Вільні Макар Касцевіч поўнасцю аддаецца літаратурнай працы. Піша вершы і прозу, крытычныя заметкі, фельетоны, займаецца перакладамі твораў рускіх класікаў Купрына, Караленкі, Талстога, Лермантава. Перакладае твор М. Рубакіна "Вялікія войны і барацьба з вайной", з польскай мовы перакладае на беларускую Версальскі трактат. Рэдагуе "Беларускі каляндар на 1925 год" выдання Беларускага Грамадзянскага Сабрання ў Вільні. Я сам зачытваўся тым календаром у школьныя гады, але пры пераездзе з хутара ў вёску ў 1962 годзе ён, на вялікі жаль, загінуў. Можа і на Міхася Васілька моцна паўплывалі яго творы. Цяпер яны абодва ДЛЯ Баброўні сталі праваднікамі культуры, і не толькі Баброўні, а і вялікай акругі. Вершы ў сатырычным часопісе “Маланка”, якія напісаў Міхась Васілёк, такія як "Як я пана перанёс", "Эх, каб грошы", "Плёткі" і іншыя перапісваліся і завучваліся на памяць. Яны хадзілі па ўсёй Беларусі і прыняслі іх аўтару вялікую папулярнасць. Макар Касцевіч, пачынаў друкавацца ў "Нашай ніве", потым змяшчаў свае творы ў такіх выданнях, як "Наша будучына", "Вольны час", "Наша думка", "Беларускі звон", "Маланка", "Змаганне". Міхась Васілёк свае вершы друкаваў у тагачасных прагрэсіўных часопісах і газетах "Беларуская справа", "Народная справа", "Родныя гоні", "Студэнцкая думка" і сатырычнай "Маланцы". Першы зборнік Міхася Васілька "Шум баравы" вышаў у Вільні ў 1929 г., а ў 1937 годзе — другі зборнік вершаў "З сялянскіх ніў". Друкуюць яго вершы часопісы "Poprostu", "Наша воля", "Беларускі летапіс".
Трэба адзачыць, што акрамя літаратурнай творчасці Міхась Васілёк вёў вялікую асветніцкую працу, ладзячы такія ж спектаклі, як у Баброўні, і ў другіх вёсках. Гурток Таварыства Беларускай Школы ў Скідзелі меў сваю бібліятэку і аб'ядноўваў найбольш актыўных жыхароў навакольных вёсак і быў правадніком ідэі нацыянальнага адраджэння.
У час вайны з дазволу акупацыйных улад выходзілі на беларускай мове такія выданні як "Новы час", "Мінскі веснік" і іншыя. У тых выданнях сярод другіх матэрыялаў друкаваліся і сатырычныя вершы пад псеўданімам "Шэршань". Яны былі злабадзённымі і лёгка чыталіся. Вершы тыя хадзілі ў народзе і перапісваліся. Хто быў той "Шэршань" ніхто не ведае. Але многія лічылі, што гэта быў Міхась Васілёк. Так лічыла і НКВД, бо час ад часу вызывала яго на допыты. Нават тады, калі ён стаў вядомым пісьменнікам і карыстаўся вялікай павагай. Аб тых позвах успамінае і яго таварыш па пяру Васіль Быкаў, з якім яны разам працавалі ў Гродзенскай праўдзе. Адказ на гэтае пытанне мог бы даць толькі сам Міхась Васілёк. Макар Краўцоў публікаваўся разрозненна, ніколі яго творы не былі сабраныя разам. Пры арышце ўсе рукапісы загінулі. Адшукаць штосьці не надрукаванае з твораў Макара Краўцова амаль немагчыма.
Многія лірычныя вершы Краўцова па свайму зместу і малігучнасці вельмі напамінаюць вершы Максіма Багдановіча. А яго апавяданні "Маршлют" і "Маскалёвы дзеці" вызначаюцца сваёй чалавеказнаўчай скіраванасцю і псіхалагізмам. Роздумам над трагічным лёсам роднай зямлі і верай у яе адраджэнне вее ў вершы паэта "Братом"
Пракленства нейкага пячатка на народзе,
Што засяліў абшар ад Нёмна па Дняпро,
Ён кожныя сто год апошняе дабро
Губляе ў полымі вайны ды годзі.
Нібы прароцтва былі яго тыя словы. Знішчальнай віхурай ужо пасля яго смерці ізноў пракацілася вайна. Доўгія гады імя Макара Краўцова было не толькі забыта, а нават выкраслена з гісторыі. Але час робіць сваё. Паступова вяртаюцца з нябыту і другія імёны яго паплечнікаў — змагароў за вольную Беларусь. Адшукаць, сабраць і данесці да чытачоў літаратурную спадчыну паэта лічу сваім абавязкам.
Мая мара — устанавіць на сядзібах паэтаў Макара Краўцова і Міхася Васілька мемарыяльныя знакі, сутыкнуўшыся з абыякавасцю чынавенства, застаецца мараю. Можа калісьці мае дзеці прадоўжаць гэтую справу, бо Гродзеншчыне ёсць чым ганарыцца. У сваім нарысе я расказаў праўдзівыя гістарычныя моманты, якімі б яны непрыемнымі не былі для некаторых чытачоў.
-
Катэгорыя: Слаўныя імёны
-
Апублікавана 19 Сакавік 2016
Апошняе
- Гродненский военный лагерь 1705 – 1706 гг.
- Первое упоминание про Городен - 1127 год
- НА ПРАВАХ МАГДЭБУРГА
- ГАРАДЗЕНСКАЕ КНЯСТВА (ПАЧАТАК ГІСТОРЫІ)
- ІМЯ ГОРАДА
- Тайны семейной усыпальницы
- Андрэй Чарнякевіч Айцы горада: кіраўнікі гродзенскага магістрата ў міжваенны час і іх лёсы 1919–1939 гг.
- Старая Лента. Гродненский синематограф: забытые страницы
- В аренду предводителю дворянства или история дома на ул. Академической