У 2009 г. у Беларусі досыць шырока быў адсвяткаваны двухсот гадовы юбілей з дня народзінаў нашага выбітнага земляка Н. Орды. З гэтае нагоды былі выпушчаны юбілейныя альбомы, праведзены канферэнцыі і, нарэшце, надрукавана першая ў нашай краіне манаграфія, прысвечаная гэтай асобе .

Здаецца, што такі павышаны ўсплёск цікаўнасці да біяграфіі і творчасці Н. Орды мусілі на доўга закрыць дадзеную тэму ў айчыннай гістарыяграфіі. Тым, не менш, нягледзячы на відавочныя зрухі ў справе вывучэння яго жыццёвай і творчай спадчыны, шэраг спрэчных і нават памылковых фактаў, а таксама трактовак падзей яго жыцця паўтараюцца з выдання ў выданне, а некаторыя моманты біяграфіі нашага славутага земляка засталіся па-за ўвагай аўтараў. Гэта тычыцца і манаграфічнага даследавання Л. Несцярчука, які выкарыстаў у сваёй працы шырокае кола раней невядомых у Беларусі крыніц з архівасховішчаў і музеяў не толькі нашай, але і суседніх краін (Несцярчук Л. Напалеон Орда. Шлях да Бацькоўшчыны. Мінск, 2009; Напалеон Орда. З фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Мінск, 2008). Аднак, пасля азнаямлення з гэтай кнігай засталіся пытанні да аўтара і адносна следавання прынцыпу гістарызма і даследчыцкай карэктнасці ў выкарыстанні крыніц. Апошняе звязана з тым, што ў некаторых выпадках факты прадстаўленыя ў кнізе не маюць нічога агульнага з тымі крыніцамі, на якія спасылаецца даследчык.
У дадзеным артыкуле будуць закрануты толькі асобныя моманты з жыцця Н. Орды, моманты звязаныя з яго грамадска-палітычнай дзейнасцю. Як і ў мастацкай творчасці, асоба Напалеона і ў гэтай сферы была досыць унікальнай. Па колькасці разоў, калі Н. Орда трапляў пад жорнаў царскай карнай машыны ён, несумненна, з’яўляецца адным з лідэраў у гэтай намінацыі на землях Беларусі. Матэрыялы судова-следчых спраў за розныя гады, на падставе якіх у асноўным і напісаны гэты артыкул, даюць магчымасць па новаму зірнуць на жыццёвы шлях знакамітага мастака, кампазітара і тэарэтыка музыкі, лепей зразумець тую эпоху, у якой яму давялося жыць, выявіць новыя факты яго біяграфіі.  
    Жыццёвы шлях Н. Орды непарыўна звязаны з яго малой радзімай – Варацэвічамі, што знаходзіліся ў Кобрынскім уездзе. У матэрыялах следчых спраў за розныя гады можна сустрэць 2 версіі наконт часу набыцця Ордамі родавага маёнтка. Згодна з першай з іх, якую выклаў падчас судовага працэсу сам Напалеон, Орды на працягу больш чым дзвух стагоддзяў валодалі маёнткам Варацэвічы, што размяшчаўся ў Кобрынскім уездзе Гродзенскай губ. Гэта версія знаходзіць ускоснае падцверджанне ў работах польскага даследчыка Р. Афтаназі і беларускага Н. Федарука. Але разам з тым, ва ўрадавых дакументах, якія тычыцца ліквідацыі даўгоў, што былі на Варацэвічах, сустракаецца іншая, больш позняя дата. Згодна з гэтай версіяй купчая на гэтыя маёнтак паміж Міхалам Ордай і Янам Ажэшкам была аформлена ў Пінскім павеце 17 кастрычніка 1785 г.
     Бацька Напалеона – Міхал Орда з’яўляўся павятовым маршалкам. Маці Напалеона – Юзэфіна была дачкой пінскага гродскага суддзі. Менавіта ў Пінску 28 лютага 1799 г. Міхал і Юзэфа зарэгістравалі шлюб. Па традыцыі таго часу паміж маладымі быў падпісаны шлюбны кантракт, згодна з якім Міхал Орда забяспечваў на сваім маёнтку значную грашовую суму на карысць жонкі, а таксама права на пажыццёвае валоданне гэтым маёнткам. Як пакажа час, гэтыя пагадненні адыграюць надзвычай важную ролю ў лёсе ўсёй сям’і ў цэлым і Напалеона ў прыватнасці. Напалеон Орда з’явіўся на свет 11 лютага 1807 г. Акрамя яго ў сям’і было яшчэ і чатыры дачкі: старэйшыя Юзэфа, Ганна, Эмілія і малодшая Гартэнзія. У 1809 г. галава сям’і Міхал памёр, і ўвесь цяжар па выхаванню дзяцей лёг на плечы маці. Дарэчы, яна цудоўна спраўлялася з педагагічным працэсам, сведчаннем чаго з’яўляюцца не толькі далейшыя жыццёвыя лёсы яе дзяцей, але і характарыстыкі з боку найбольш аўтарытэтных асоб уезда: “Дзякуючы высокаму выхаванню і прыроджаным пачуццям далікатнасці, лагоднасці і ціхасці норава, заўсёды з’яўляючыся ўзорнай маці, паважнай пані і сапраўднаю хрысціянкай ... здабыла ўсеагульную павагу”.
Ужо самыя першыя дакументальныя звесткі, якія тычыцца жыццёвага шляху Н. Орды, звязаны з яго грамадска-палітычнай дзейнасцю. У 1823 г. па загаду рэктара Віленскага ўніверсітэта Пелікана, была створана адмысловая “следчая камісія ў м. Свіслач заснаваная аб занятках вучняў 5-га разраду”. Нягледзячы на тое, што гэты орган не выявіў нічога крамольнага ў дзейнасці навучэнцаў у палітычным плане, ён фактычна выйшаў на след тайнай арганізацыі “Заран”, што дзейнічала ў сценах гэтай установы ў 1822 г. Другім у спісе гімназістаў, якія выклікалі найбольшае падазрэнне ў камісіі значылася прозвішча Н. Орды.
Але ў гэты час Напалеона ўжо не было ў Свіслачы. Пасля заканчэння мясцовай гімназіі ён працягнуў сваё навучанне ў Віленскім універсітэце. Час яго паступлення, фактычна супаў з часам разгрому тайных таварыстваў, што існавалі ў гэтай і іншых адукацыйных установах. Пад непасрэдным кантролем усеўладнага дачасніка М. Навасільцава і пры яго самым актыўным удзеле ў Вільне здзяйснялі свой суд адмысловыя следчыя камісіі. Па ім толькі вядомым крытэрыям яны ацэньвалі ступень “злачыннасці” той ці іншай асобы і прадстаўлялі свой вердыкт на ацэнку М. Навасільцаву і цэсарэвічу Канстанціну.
Не абмінуў падобны лёс і Напалеона. 30 жніўня 1826 г. ён быў арыштаваны ў сябе дома і, тады ж там адбыўся першы ператрус. Разам з усімі паперамі, што былі знойдзены ў Варацэвічах, ужо праз тры дні ён быў дастаўлены ў Вільна і кінуты за краты. Больш за год ён правёў пад арыштам. Усе спробы маці вызваліць сына з заняволення выніку не мелі. За сваю дзейнасць у таварыстве “Заран” некаторыя сябры гэтай арганізацыі былі асуджаны да аддачы ў расейскую армію і г.д. Прысуд Напалеону быў больш лагодным. Ён быў вернуты на сваё сталае месца жыхарства і аддадзены пад пільны нагляд паліцыі. Спіс асоб, што быў падвергнуты гэтай меры па Гродзенскай губ., сведчыць, што Н. Орда знаходзіўся пад паліцэйскім пільнаваннем з 2-га снежня 1827 г. Верагодней за ўсё, гэта і ёсць дата яго прыбыцця на радзіму. Акрамя таго, Напалеон, як дарэчы і іншыя ўдзельнікі гэтых працэсаў павінен быў аплаціць царызму тыя выдаткі, якія панесла казна за яго арышт, дастаўку і ўтрыманне пад следствам. Агульная сума прэтэнзій з боку казны склала 99 руб. 63 кап. срэбрам і 364 руб. асігнацыямі. Гэтыя грошы былі спагнаны з даходаў маёнтка Варацэвічы ў 1835 г., калі Напалеон быў ужо далёка ад радзімы.      
    У большасці біяграфічных даведнікаў, у тым ліку і ва ўзгаданай кнізе Л. Несцерчука сцвярджаецца, што пасля вызвалення з-пад арышту Н. Орда уступае (ці нават быў аддадзены) у расейскую армію. Архіўныя матэрыялы не падцверджваюць гэты факт. Са снежня 1827 па травень 1829 г. ён знаходзіўся пад наглядам кобрынскай земскай паліцыі, а гэта між іншым азначала, што ён не мог адлучацца з месца свайго жыхарства і паступаць на службу (як цывільную так і вайсковую) без адпаведнага дазволу начальства (у дадзеным выпадку Канстанціна Паўлавіча).
У студзені 1829 г. на імя цэсарэвіча Канстанціна паступіла прашэнне адстаўнога генерал-маёра Маркоўскага з просьбай дазволіць Н. Ордзе выехаць па сямейных абставінах у суседнюю губерню. Але атрымаць такі дазвол было не так проста. Дзеля гэтага Канстанцін патрабаваў прадставіць яму меркаванні мясцовых уладаў аб паводзінах паднагляднага за апошні час і думку сенатра М. Навасільцава. Апошні, даючы сваю характарыстыку адзначыў, што Н. Орда кораткачасова знаходзіўся ў таварыстве “Заран” і, адыйшоўшы ад яго і не падтрымліваў з ім ужо больш сувязяў. Грунтуючыся на гэтых меркаваннях, цэсаравіч 16 траўня 1829 г. дазволіў вызваліць Напалеона з-пад нагляду. Яшчэ раней Н. Орда атрымаў дазвол на выдачу пашпарта для выезду ў Валынскую губ. і Каралеўства Польскае тэрмінам на год па фамільных справах. Дарэчы, існуе яшчэ адно цікавае пацверджанне, якое сведчыць супраць агульнапрынятай версіі аб службе Напалеона ў Літоўскім корпусе. Як вынікае з паведамлення Юзэфіны Орды, яе сын у 1830 г. служыў па выбарах дваранства суддзёй кобрынскага межавога суда. Акрамя таго, забягаючы наперад, адзначу, у якасці яшчэ аднаго аргумента, што на маёнтак Варацэвічы ў адпаведнасці з царскім указам ад 21 снежня  1830 г., была накладзена забарона. Гэта была прывентыўная мера ў адносінах да тых асоб, аб якіх было вядома, што яны знаходзіліся ў Каралеўстве Польскім. Калі б Н. Орда служыў у Літоўскім корпусе, наўрацці ўлады залічылі б яго да ліку тых, хто нелегальна перабраўся ў суседняе Каралеўства Польскае. 
Распачаўшаеся ў 1830 г. нацыянальна-вызваленчае паўстанне супраць царызму не магло пакінуць у баку маладога Орду. Амальшто год спатрэбіўся расійскай ваеннай машыне, каб падавіць вызваленчы рух. Супраць удзельнікаў паўстання з боку царызму былі выкарастаны самыя жорсткія меры: ссылка, аддача ў дзеючую армію, канфіскацыя маёмасці, заняволенне і інш. Каб пазбегнуць прэса карнай сістэмы, Н. Орда, як тысячы іншых удзельнікаў паўстання, пакінуў межы Расійскай імперыі. Але і гэта не вызваліла яго ад пераслядоўвання з боку царскіх улад. Ён быў абвінавачаны ў тым, што пакінуў межы імперыі без дазволу афіцыйных улад. Што праўда, маці Напалеона спрабавала даказаць следчай камісіі легальнасць яго выезду. Згодна з той версіяй, якую  яна прадставіла гэтаму органу, яе сын выехаў у Царства Польскае па пашпарту, што быў выдадзены яму пружанскім уездным судом на вяселле судзі Бельскага. Далей, нібыта, Напалеон, каб пазбегнуць удзелу ў паўстанні, быў вымушаны патаемна перабрацца ў Аўстрыю да сваякоў. Але камісія не дала веры гэтым сведчанням. Хоць ёй і не было вядома аб тагачасным месцазнаходжанні  Н. Орды, сваей пастановай ад 9 лістапада 1832 г. ён быў аднесены да другой катэгорыі “злачынцаў”. А гэта азначала, што ў выпадку, калі б ён трапіў у рукі царскіх уладаў яго б чакаў ваенна-палявы суд і, верагодней за ўсё, аддача ў дзеючыю армію ці ссылка ў Сібір.
    Аб далейшым лёсе Напалеона мы можам даведацца непасрэдна з яго ўласных успамінаў (на жаль, захавалася толькі адна старонка яго дзённіка). Пасля задушэння паўстання Ордзе ўдалося перабрацца ў Швейцарыю, адкуль з пашпартам на чужое імя ў верасні 1833 г. трапіў у Парыж. У гэтым горадзе яму, як і большасці эмігрантаў, давялося сутыкнуцца з цэлым комплексам праблем, звязаных з далейшай легалізацыяй свайго знаходжання ў сталіцы Францыі. Аднак, дзякуючы партэкцыі земляка Л. Плятара, Напалеону даволі хутка ўдалося атрымаць від на свабоднае жыхарства і нават права на грашовую дапамогу ад французскага ўрада. Больш чым за 20 год свайго жыцця ён правёў у Парыжы. Тут ён працягнуў сваю музычную адукацыю, пачаў авалодваць сакрэтамі выяўленчага мастацтва, зрабіў першыя крокі як кампазітар. Тут ён у 1843 г. ажаніўся на францужанцы Ірэн Бугле.
    У той час, пакуль Н. Орда быў заняты ўладкаваннем свайго жыцця ў Францыі, на яго радзіме адбываліся не менш лёсавызначальныя падзеі. У адпаведнасці з царскім указам ад 17 ліпеня 1831 г. маёмасць асоб, якія былі аднесены да першай і другой катэгорый “віны” падлягала канфіскацыі. Жылыя памяшканні варацэвіцкай сядзібы былі падвергнуты ўважліваму агляду на прадмет магчымасці прыстасавання іх пад патрэбы царскай арміі. Аднак асобы, адказныя за гэтую працэдуру павінны былі канстатаваць немагчымаць ужывання радавой сядзібы Ордаў пад палкавыя штабы і інш. па прычыне яе старасці. Малюнкі Н. Орды захавалі для нашчадкаў выяву яго роднага дома. Следчыя справы 30-х гадоў ХІХ ст. даюць нам унікальную магчымасць зазірнуць у сярэдзіну гэтага будынка: “входя же в переднею на левую руку двойные двери к большой комнате … в зале окошек с дверями в огород три, каменная печь…” і г.д. Таксама чыноўнікам было зроблена стараннае апісанне ўсіх гаспадарчых пабудоў, як у Варацэвічах, так і ў Міхаліне.
Працэс адабрання Варацэвічаў у казну зацягнуўся на некалькі дзесяцігоддзяў. Справа ў тым, што Юзэфіна Орда прад’явіла свае правы на пажыццёвае валоданне маёнткам (умова, якая была замацавана ў шлюбным кантракце), а таксама, у адпаведнасці з гэтым кантрактам, на суму ў 26.500 руб. срэбрам. Царскія ўлады былі вымушаны прыняць гэтыя патрабаванні. У 1838 г. Сенат прызнаў за Ю. Ордай права на пажыццёвае валоданне Варацэвічамі і таму замест канфіскацыі на маёнтак у жніўні гэтага ж года была накладзена толькі забарона. Гэтая мера выяўлялася ў тым, што ўладар пазбаўляўся права  прадаваць, дарыць, закладаць зямельнае валоданне ці праводзіць з ім іншыя аперацыі. У сувязі з гэтым маці мастака была абавязана даць адмысловую падпіску ў тым, што захавае зямельнае валоданне цэласным і непарушыць інтарэсаў казны.
У сувязі з гэтым улады апісалі маёнтак і пільна сачылі за тым, што ў ім адбываецца. Яшчэ праз пяць гадоў разбіральніцтваў царызм пагадзіўся прызнаць правамоцнасць грашовых прэтэнзій маці Напалеона, што праўда, скараціўшы іх суму да 18.750 руб. Больш за тое, Ю. Ордзе тады ж удалося, спасылаючыся на нормы Статута ВКЛ 1588 г., дабіцца рашэння аб перадачы ¼ часткі канфіскаванай маёмасці дачкам, паколькі ніводнай з іх на момант смерці бацькі не споўнілася 10-і гадоў. Унікальнасць гэтага рашэння заключаецца ў тым, што ў расейскай прававой сістэме не было падобных норм, і гэта пастанова захавала сваю моц нават пасля таго, як дзеянне Статута на тэрыторыі Беларусі было спынена ў 1840 г.
Дарэчы, у 1838 г. улады спрабавалі адабраць Варацэвічы ў казну паўторна. Справа ў тым, што родная сястра Напалеона – Юзэфата Платніцкая была абвінавачана ва ўдзеле ў тайнай арганпізацыі Ш. Канарскага. У ліпені 1838 г. падчас яе арышту ў Варацэвічах быў зноў здзейснены ператрус. Пяць месяцаў яна правяла пад следствам у Вільні, але была ўрэшце вызвалена. А яе (і таксама Напалеона) стрыечны брат Людвік Орда па той жа самай справе быў прысуджаны ваенна-палявым судом да смяротнага пакарання, але ў адпаведнасці з канфірмацыяй генерал-губернатара М. Далгарукава кара была зменена на аселасць ў Сібір.
Нягледзячы на тое, што на працягу ўсяго гэтага часу Н. Орда знаходзіўся ў Францыі, улады не забываліся не толькі на яго маёмасць, але і асобу. З іх пункту гледжання ўсе ўдзельнікі паўстання, што эмігравалі за мяжу былі “злачынцамі”. І зыходзячы з падобнай ацэнкі яны і выбудоўвалі свае адносіны да іх. З апошнімі сваякам забаранялася нават падтрымліваць нейкія зносіны. І таму, калі ў 1834 г. царскія ўлады выкрылі, што Н. Орда вядзе перапіску са сваёй сям’ёй, апошняй дасталося на “гарэхі”. Маці мастака з-за гэтага да свайго скону знаходзілася пад наглядам паліцыі. Царызм не вызваліў яе ад гэтай меры нават пасля таго, як яе сын атрымаў амністую і вярнуўся на радзіму! Акрамя таго, у 1835 г. да ўладаў дайшлі чуткі, што Н. Орда разам яшчэ з адным эмігрантам Багдановічам прабраліся з-за мяжы на радзіму і хаваюцца ў лясах. Былі арганізаваны рэальныя пошукі гэтых асоб, якія, зразумела, вынікаў не прынеслі.  
    Толькі пасля смерці Мікалая І, у часы аляксандраўскай “адлігі” ў Напалеона з’явілася надзея на аб’яднанне сям’і. Як і для значнай колькасці эмігрантаў, якія правялі за мяжоў каля 25 гадоў, тая зямля не стала для іх роднай. Паказальнымі у дадзеным выпадку з’яўляюцца словы Н. Орды напісаныя ім у адным з прашэнняў з Варацэвіч: “ужо два гады … я знаходжуся ў сваім крае”. Аднак гэтае вяртанне адбылося не адразу. Справа ў тым, што першае прашэнне Юзэфіны Орды з просьбай аб дазволе яе сыну вярнуцца з-за мяжы ў 1855 г. было адхілена. Тым не менш, літаральна праз некалькі месяцаў пасля гэтай няўдачы, у чэрвені 1856 г. на свет з’явіўся імператарскі указ, згодна з якім дазвалялася асобам з заходніх губерняў імперыі, “якія да гэтага часу застаюцца за мяжой” вярнуцца на радзіму. Асноўныя палажэнні гэтага ўказа былі пасля паўтораны ў маніфесце ад 26 жніўня таго ж года з нагоды каранацыі Аляксандра ІІ. На гэты раз ініцыятыву праявіў сам Напалеон. У верасні 1856 г. ён падаў прашэнне на дазвол прыехаць на радзіму. Не сустрэўшы на гэты раз ніякіх перашкод, ён у тым жа 1856 г. праз Варшаву прыбыў у Варацэвічы, а 11 студзеня 1857 г. быў прыведзены да прысягі на падданства Расейскай імперыі.
    На радзіме яго чакалі новыя выпрабаванні. Варацэвічы, у якіх ён пасяліўся, больш яму ўжо не належылі, не было крыніц сталага даходу. Цяжкае фінансавае становішча прымусіла нават Напалеона звярнуцца да расейскіх улад з просьбай аб аказанні матэрыяльнай дапамогі. Аднак, гэта прашэнне, як “незаслугоўваючае ўвагі”, не было нават перададзена ў вышэйшыя інстанцыі. Таксама не мелі поспеху спробы Ю. Орды перадаць Варацэвічы ва ўласнасць сыну. У хуткім часе пасля вяртання Напалеона спасцігла яшчэ адно гора – 26 студзеня 1859 г. памерла яго маці. Са смерцю Юзэфіны маёнтак канчаткова адыходзіў ва ўласнасць казны. Улады не далі Ордам нават магчымасці сабраць ураджай, што выспеў на варацэвіцкіх палетках у тым годзе.
У гэтай, здавалася б бязвыхаднай сітуацыі, Напалеону ўсё ж такі ўдалося дабіцца рашэння адпаведных органаў аб перадачы яму Варацэвіч у арэнду да часу заканчэння правядзення люстрацыі. Вярнуўшы сябе, хоць і не ў поўную ўласнасць маёнтак, Н. Орда цалкам аддаўся эканамічным пераўтварэнням, выявіўшы такім чынам яшчэ адзін свой талент – талент сельскагаспадарчага капіталіста. Для вядзення гаспадаркі па-новаму ім былі закуплены малацільныя машыны (удасканаленнем каторых Орда займаўся асабіста) і інш. гаспадарчы інвентар, 1000 галоў іспанскіх авец і больш за 600 галоў буйной рагатай жывёлы. Гэтыя новаўвядзенні дазволілі ўзняць даходнасць варацэвіцкага маёнтка на 30%. Аднак,  Ордзе так і не было наканавана пабачыць вынікі сваёй руплівасці і да канца рэалізаваць усе свае задумы па мадэрнізацыі спосабаў вядзення сельскай гаспадаркі. І галоўнай прычынай гэтаму зноў былі палітычныя абставіны.
    Паўстанне 1863 г. адыграла не менш значную ролю ў лёсе Н. Орды, чым падзеі 1831 г. Следчыя матэрыялы, які адносяцца да 1863 г., складаюць не адну сотню старонак, аднак яны не даюць адказу на галоўнае пытанне: ці меў Напалеон нейкае дачыненне да паўстання. Што не выклікае сумненння, дык гэта факт таго, што ўвесну 1863 г. чатыры селяніна з ліку слуг варацэвіцкага арандатара зрабілі спробу далучыцца да шэрагаў паўстанцаў. Але чарговае абвінавачванне, якое было высунута ўладамі супраць Н. Орды ў 1864 г., не было звязана з гэтым эпізодам, а тычылася зусім іншай справы. Падчас следства над паўстанцам Чарніцкім, апошні заявіў, што ў 1863 г. ён пэўны час хаваўся ад пераслядоўвання ўлад у Н. Орды на ферме. Само па сабе падобнае сведчанне у той час было досыць сур’ёзным. Яно магло пацягнуць за сабой самае цяжкае пакаранне, у тым ліку і ссылку ў Сібір. Аднак, у ходзе далейшага следства Чарніцкі сам адмовіўся ад сваіх ранейшых слоў супраць Напалеона і таму абвінвачванне было знята. Тым не менш, нягледзячы на адсутнасць складу злачынства, у адпаведнасці з рашэннем гродзенскага ваеннага губернатара варацэвіцкі арандатар быў аштрафаваны на суму ў 200 руб. і толькі пасля адпушчаны на паручыцельства.   
    Аднак за першым абвінавачваннем у хуткім часе Н. Ордзе было прад’яўлена другое, куды больш сур’ёзнае. Зімой 1866 г. усплыў факт, які быў звязаны са спробай варацэвіцкіх сялян далучыцца да паўстання. Адбылося гэта падчас аддачы аднаго з іх (Малафея Ліпскага) у рэкруты. У шчырай размове з жандарам Я. Кавальчуком ён абмовіўся, што ў 1863 г. быў у паўстанні. Нягляедзячы на тое, што з тых падзей мінула 3 гады, гэтых слоў Ліпскага было дастаткова, каб кола рэпрэсіўнай машыны запусцілася ізноў. Пры гэтым з самага пачатку дадзены працэс быў скіраваны не столькі супраць тых сялян, што рушылі са зброяй у лясы, колькі асабіста супраць Н. Орды. Гэта вынікае хаця б з тых слоў, якімі рапартаваў Кавальчук аб выяўленай ім крамоле свайму начальству (а тое пераслала іх далей у Гродна губернатару): “селянін Ліпскі … павінен указаць на ўдзел Н. Орды ў мецяжы”.
І сапраўды, падчас афіцыйнага допыту М. Ліпскі засведчыў, што арандатар варацэвіцкай фермы ведаў аб намеры сялян рушыць у паўстанцкі атрад. Больш за тое, са слоў селяніна вынікала, што Н. Орда нават заахвочваў да гэтага кроку тых, хто яшчэ сумняваўся. Па сведчаням Малафея, падчас збораў сялян, менавіта яму былі адрасаваны словы Н. Орды: “Цо мой коханы, чего не умееш, того тебя там научо”. Дарэчы, зварот “мой коханы” паўтараецца Н. Ордам і ў іншых абставінах, што дае падставы дапусціць, што гэтыя словы былі ўласцівы не толькі М. Радзівілу (Пане Каханку), які і атрымаў сваю мянушку за іх частае ўжыванне, але і Напалеону.
    14 лютага 1866 г. пасля зняцця паказанняў з М. Ліпскага, распачалася чарговая следчая справа супраць Н. Орды. На першапачатковым этапе яна вялася сіламі як ваенннага ведамства так і жандармерыяй. Яны нават уступілі ў канфрантацыю паміж сабой за права весці дазнанні.
Ужо на гэтым этапе выявіўся прынцыповы характар, якое несла следства. Гэта наглядна выявілася ўжо і ў тым, што неафіцыйная прапанова Н. Орды вырашыць усё палюбоўна, не даваць справе далейшага ходу, следчымі асобамі была адхілена. Больш за тое, начальнік кобрынскага жандарскага ўезднага ўпраўлення Д. Сямёнаў настойваў на хутчэйшым арышце Напалеона “каб перарваць усе шляхі спадару Ордзе да апраўдання”. 26 лютага 1866 г. у Варацэвічах быў праведзены чарговы ператрус, у выніку каторага былі знойдзены парахаўніца з порахам, а таксама некаторыя паперы “антыўрадавага характару” і асабістая перапіска Орды, датаваная 1863 г. Як вынік, да першапачатковага абвінавачвання ў  адпраўцы сялян у мяцеж, улады дадалі яшчэ тры: захоўванне пораху, папер “крамольнага” характару, а таксама дазвол на далучэнне да паўстання свайму сыну Вітольду, які быў знойдзены пільнымі шпікамі ў змесце аднаго з лістоў.
    На наступны дзень пасля ператрусу Н. Орда быў арыштаваны і змешчаны ў кобрынскі турэмны замак. У ім ён і ўтрымліваўся да заканчэння папярэдняга следства ў траўні 1866 г. Пасля збору ўсіх доказаў ніжэйшымі інстанцыямі справа была перададзена ў губернскія следчыя органы. Услед за гэтым у гродзенскі турэмны астрог пад вартай быў перавезены сам Орда. Тут яго чакаў новы этап следства. На працягу некалькіх месяцаў яго справа разглядалася спачатку непасрэдна гродзенскім ваенным губернатарам, а пасля віленскім аўдытарыятам. Нарэшце, у лістападзе 1866 г. у Вільні было прынята рашэнне аб перадачы справы Н. Орды на разгляд ваенна-палявога суда.
Ваенна-судная справа супраць Напалеона была распачата ў Гродна 10 снежня 1867 г. Ужо ў самым яе пачатку адбыўся інцыдэнт, які шмат у чым паўплываў на ход самога следства і яго вынік: падчас зацверджання склада суда Н. Орда прадставіў пратэст супраць аднаго з яго сябраў – аўдытара Мікрукова. Тым не менш, яго пратэст задаволены не быў. Абвінавачванне супраць Напалеона грунтавалася на 4 пунктах: 1. Садзейнічанне ў адпраўцы сваіх работнікаў у паўстанцкі атрад; 2. Захоўванне ў сябе агнястрэльных прыпасаў; 3. Захоўванне літаратуры абуральнага характару; 4. Вядзенне перапіскі з жонкай наконт адпраўкі сына ў паўстанцкі атрад. У сваю чаргу Н. Орда вельмі граматна пабудаваў лінію абароны, выявіўшы пры гэтым патэнцыял неблагога адваката. Спасылаючыся на свой узрост і слабое здароўе, а таксама няведанне рускай мовы (а ў 1829 г. ён няблага пісаў па-расейску), ён запатрбаваў ад суда прадстаўлення яму пытанняў у пісьмовым выглядзе. Знаходзячыся ў гэты час у ваенным шпіталі, ён, дзякуючы падобнай тактыцы, мог больш уважліва абдумваць свае адказы, супастаўляць іх адно з адным.
    У сваіх адказах суду Н. Орда выклаў уласнае бачанне распачатага супраць яго пераслядоўвання. На першае месца ў гэтай справе ён ставіў прычыны не палітычнага, а эканамічнага характару, а менавіта жаданне некаторых асоб авалодаць варэцэвіцкай фермай. Са слоў Н. Орды вынікае, што ўжо праз тры дні пасля яго арышту ў Варацэвічы прыехаў ляснічы Буш і “заняў дом і пачаў распараджацца гаспадаркай і ўсёй маёмасцю, як сваёю ўласнасцю” і толькі надзвычайныя меры, якія былі прадпрыняты яго жонкай, дапамаглі справіцца з падобнай вераломнасцю. У чэрвені месяцы станавы прыстаў Барысаў (адзін з тых, хто распачынаў следства супраць Орды) “звярнуўся ў палату дзяржаўных маёмасцяў з прашэннем аб адабранні ў мяне іншай фермы Міхаліны ... і перадачы яму, у чым начальства адмовіла, і міравы пасрэднік Аліфер, сам казаў перад многімі асобамі, што ездзіў у Гродна і Вільна з адзінай толькі мэтай, каб пазбавіць мяне свабоды і фермы.”  Ці так яно было на самой справе, праверыць цяжка, але тое, што эканамічны, а таксама асабісты фактар адыгралі ў гэтым працэсе не апошнюю ролю сумненню не падлягае. 
    Паралельна з працэсам палітычным адбываўся працэс па адабранні ў Н. Орды фермаў, якія знаходзіліся ў яго арэндным валоданні. Калі ў 1831 г. Варацэвічы былі канфіскаваны за ўчынак, які сумненню не падлягаў, то праз 35 гадоў гэты маёнтак адбіраўся ў яго нават без доказаў віны, ці, як вызначыў віленскі генерал-губернатар Каўфман: “з прычыны пастаянных падазрэнняў удзелу спадара Орды ў палітычных беспарадках”. Акрамя таго, паколькі Н. Орда ўвесь гэты час знаходзіўся пад арыштам і, адпаведна, не мог своечасова ўносіць арэндную плату за фермы, яго абвінавацілі ў невыплаце рэнты. Спроба жонкі Напалеона Ірэн узяць гаспадаркі ў сваё кіраўніцтва пацярпела няўдачу. Далейшы лёс маёнткаў вырашаўся ў неафіцыйным парадку, падчас асабістай сустрэчы гродзенскага губернатара з віленскім генерал-губернатарам.    
    Лёс жа самога Н. Орды ў гэты час чыніўся ваенна-палявым судом у Гродна. І тут Напалеонам была атрымана першая перамога. Пад націскам прыведзеных ім доказаў, а таксама дзякуючы ноце пратэста французскага пасла ў Расейскай Імперыі, суд зняў з яго абвінавачванне ў дазволе сыну далучыцца да паўстання. Што праўда, гэты абвінаваўчы артыкул быў заменены на іншы – дазвол сыну на ўступленне ў шэрагі французскай арміі без згоды на тое расейскага ўрада. У хуткім часе па пазіцыях абвінаваўчага боку быў нанесены яшчэ адзін, на гэты раз больш адчувальны ўдар. На вочнай стаўцы 13 сакавіка 1867 г. ад сваіх ранейшых паказанняў адмовіўся галоўны сведак абвінавачання селянін  М. Ліпскі, што аўтаматычна прывяло да зняцця яшчэ аднаго, найбольш сур’ёзнага пункта супраць Напалеона. Аднак, няглядзечы на ўсё гэта, ваенна-палявы суд скончыўшы разгляд справы Н. Орды, прызнаў яго вінным у захоўванні пораху, антыўрадавых сачыненняў, дазволе сыну на ўступленне ў французскую ваенную службу, а таксама слабым наглядзе за слугамі і аднёс яго да чацвёртай катэгорыі злачынцаў, вызначаўшы ў выглядзе пакарання высылку, як неблаганадзейнага, у аддаленыя губерні Расіі. Каб ажыцявіць гэты прысуд не хапала аднаго – зацверджання гэтага рашэння вышэйшым вайсковым начальствам.
    Аднак тады, калі да рэалізацыі вырака на практыцы застаўся адзін крок, адладжаны механізм царскай рэпрэсіўнай машыны даў збой. Спачатку адмысловае меркаванне адносна вынесенага прысуду выказаў адзін з членаў ваенна-палявога суда Грыгаровіч. У ім той адзначыў прадузяты падыход да падсуднага з боку аўдытара гэтага ж суда Мікрукова. Сярод іншага, на думку Грыгаровіча, гэта выявілася ў тым, што ў адносінах да Напалеона не быў выкарыстаны артыкул аб недапушчэнні асуджэння асобы пры наяўнасці недастатковых доказаў. Услед за гэтым, у адпаведнасці з “найвышэйшым  распараджэннем”, змяніў сваю пазіцыю ў адносінах да Н. Орды і гродзенскі губернатар. У дасланай суду асобай думцы ён выказаўся за зняцце з Н. Орды асноўных пунктаў абвінавачвання.  Паказальна ў дадзеным выпадку рэакцыя на падобнае рашэнне аўдытара Мікрукова. Яна хутчэй выдае яго прадузятасць, чым наадварот: “...Ей Богу, я личности к Орде никакой не имею, а о деле его сужу сообразно обстоятельств и законов по долгу присяги, дай Бог так по правде мне умереть, но по какому поводу судьи смягчают наказание Орде я не знаю”. Аднак, нягледзячы на ўсе высілкі, Мікрукоў ужо больш не мог паўплываць на ход справы.
    30 траўня 1867 г. пасля больш чым гадзічнага зняволення Н. Орда быў вызвалены. Тым не менш, супраць яго быў пакінуты адзін з пунктаў ранейшага абвінавачвання, які тычыўся бацькоўскага дазволу на ўступленне Вітольда ў шэрагі французскай арміі. Разгляд гэтагай справы быў перададзены ў гродзенскую палату крымінальнага і грамадзянскага суда. Заклапочанасць ходам следства зноў выказала французскае пасольства. Яно ж пацвердзіла той факт, што сын Н. Орды з’яўляецца грамадзянінам Францыі, а не Расіі. Пасля гэтага вынік судзебнага разбіральніцтва быў перадвырашаны. Апошняе паседжанне палаты крымінальнага суда па гэтай справе адбылося 11 снежня 1867 г.
    Нягледзячы на тое, што ўсе следчыя справы 60-х гадоў ХІХ ст. скончыліся апраўдальнымі прысудамі, Н. Орда, усё ж такі быў вымушаны пакінуць свае родныя мясціны, страціўшы Варацэвічы на гэты раз назаўсёды. Згодна з палітыкай, якую праводзіў царызм у той час, зямельныя валоданні на нашых землях мелі права набываць асобы “няпольскай нацыянальнасці”. Як вынік – у спісе рускіх землеўладальнікаў па Гродзенскай губ. за 1869 г. адзначана, што Варацэвічамі валодаў памешчык з выразна рускім прозвішчам – Буш(эн) Алексій Хрыстафоравіч (праваслаўны). У далейшым былыю сядзібу Ордаў праз падстаўных асоб набыў Яўстафій Крашэўскі. Але гэта ўжо зусім іншая гісторыя.
У выніку ўсіх гэтых палітычных працэсаў царызму супраць Н. Орды, пазбаўлены глебы (у прамым і ўскосным сэнсе), Напалеон быў вымушаны пакінуць свае заняткі земляробствам і скіраваць свой талент на іншую дзейнасць, якая, урэшце, абессмяроціла яго імя на стагоддзі.

 
Артыкул надрукаваны ў №5 зборніка "Асоба і час"





Scroll to top