
Зімой 1863 года на землях Польшчы, Літвы і Беларусі пачалося нацыянальна-вызваленчае паўстанне. Беларусы, палякі, габрэі, літоўцы пры падтрымцы дэмакратычна настроеных колаў рускага грамадства злучыліся ў адзіным парыве змагання супраць царскага самаўладства, а з вуснаў аднаго з правадыроў паўстання – Кастуся Каліноўскага, упершыню прагучала ідэя суверэнітэту беларускага (“мужыцкага”) народа са сваім уласным войскам і беларускай школай у межах федэрацыі свабодных народаў Беларусі, Літвы і Польшчы.