Гаспадарскія сяляне-асочнікі з ваколіцаў Берштаў, што ў Гродзенскай пушчы, славіліся сваім свабодалюбівым норавам і заможнасцю. Што і казаць, занятак у іх быў адказны – ахоўваць пушчу, што належала вялікаму князю, ад тых, хто без дазволу хацеў упаляваць сабе ў ёй пару аленяў або вырубіць кавалак лесу пад пашу.

За сваю няпростую службу асочнікам у часы Вялікага Княства жылося вальней, чым звычайным прыгонным сялянам. Нават у тыя часы, калі перастала існаваць Рэч Паспалітая, і на змену каралеўскаму эканому прыйшоў расейскі бюракрат, і калі перавялі іх у разрад казённых прыгонных, пушчанскіх жыхароў стараліся асабліва не чапаць. Былыя асочнікі сплаўлялі па Котры да Нёмана лес, выконвалі сякія-такія іншыя павіннасці, але працягвалі лічыць сябе вольнымі. Пасля рэформы 1861 года хутка ўзняліся на ногі, дакупілі зямлі ў закладзеных-перазакладзеных панскіх маёнтках і пачалі паднімаць сваіх дзяцей, даючы ім прызваітую, не абы-якую адукацыю.


Калі ж пачалася ваенная завіруха і, як велікан на гліняных нагах, абрынулася Расейская Імперыя, нашчадкі пушчанскіх асочнікаў, былыя народныя настаўнікі, а зараз афіцэры таксама ўжо былога царскага войска, былі ў шэрагу першых, хто ўзняў сцяг барацьбы за Незалежную Беларусь. Сярод іх былі і ўраджэнцы Баброўні – маленькай лясной вёсачкі з-пад Скідзеля – паэты Макар Краўцоў і Міхась Васілёк.


Аўтар прапанаванай ніжэй чытачу працы – Міхась Платонавіч Касцевіч не дажыў да таго моманту, калі яна ўбачыць свет. Ён памёр напрыканцы 2003 года маючы ўсяго 60 год. Міхась Платонавіч быў сынам знакамітага ў свой час на Скідзельшчыне грамадскага дзеяча талстоўца Платона Касцевіча, пляменніка знакамітага беларускага паэта Макара Краўцова. Міхась Платонавіч нарадзіўся 12 лістапада 1943 года ў Баброўні. Спачатку вучыўся ў школе ў вёсцы Бандары, пасля яе закрыцця скончыў сем класаў у Галавацкай школе. Потым крыху папрацаваў памочнікам камбайнёра ў калгасе “Перамога”. У 1962-1965 гг. адслужыў у войску, вучыўся ў гродзенскім політэхнічным і хіміка-тэхналагічным тэхнікумах і усю рэшту жыцця прапрацаваў у розных будаўнічых арганізацыях Гродна. Аднак прага да літаратурнай працы пакрысе перамагала (сказвалася, мабыць, генетыка Касцевічаў-Краўцовых) і Міхась Платонавіч пачаў пакрысе пісаць. З 1996 друкаваўся года ў газетах “Сельская Навіна”, “Пагоня”, “Гродзенская праўда”, “Народная Воля”. Выйшаўшы ў 2000 годзе на пенсію Міхась Платонавіч пачаў рэалізоўваць задумку свайго жыцця – пачаў пісаць невялікую кнігу пра гісторыю роднай Баброўні. Кніга ў цэлым была закончана, але раптоўная смерць аўтара перарвала гэтую працу.


Міхась Платонавіч не быў прафесійным гісторыкам ды, уласна кажучы, і не імкнуўся напісаць аб сваёй роднай вёсцы навуковую манаграфію. Менавіта таму ёсць у яго працы некаторыя моманты, асабліва цікавыя чытачу, якія варта было б раскрыць больш поўна і дакладна. Гэта тычыцца найперш радаводаў двух знакамітых беларусаў-ураджэнцаў Баброўні – паэтаў і грамадскіх дзеячаў Макара Касцевіча (Макара Краўцова) і Міхася Касцевіча (Міхася Васілька). Прыведзеная ніжэй інфармацыя грунтуецца на архіўных звестках, сабраных Міхасём Платонавічам і гродзенскім гісторыкам Сяргеем Токцем.

 

Міхал Платонавіч Касцевіч.
Міхал Платонавіч Касцевіч.

 


Уласна як вёска Баброўня з’явілася недзе паміж 1851 і 1858 гадамі. Стварылі яе чатыры сям’і казённых сялян: Курылы, Будзькі і дзве сям’і Касцевічаў. Абедзве сям’і Касцевічаў перасяліліся ў Баброўню з Берштаў, паколькі ў рэвізскай казцы 1851 г. яны яшчэ згадваюцца ў Берштах, а ў казцы 1858 г. ужо ў Баброўні. Ніякага блізкага сваяцтва паміж гэтымі сем’ямі не было, хаця, безумоўна, Касцевічы мелі нейкага аднаго продка, які жыў, напэўна, у XVI ці XVII стагоддзях.
Першы з Касцевічаў – Фёдар Юр’ев (Юр’евіч), меў у 1858 годзе 54 гады (хутчэй за ўсё яму было на тры–чатыры гады болей). Яго сын Антон (каля 1818 г.н., магчыма крыху пазней) меў малодшага сына, якога таксама звалі Антон (каля 1854 г.н.). Пад час усерасійскага перапісу, які праводзіўся ў 1896 годзе, старэйшаму Антону было ўжо 80 гадоў, малодшаму прыкладна 40. Антон Антонавіч Касцевіч меў сына Осіпа, якому ў 1896 г. быў 21 год і які ў гэты час жыў з сям’ёй у старожцы каля возера Можнева. Менавіта ў Восіпа Касцевіча ў 1905 г. нарадзіўся сын Міхась – будучы знакаміты беларускі паэт Міхась Васілёк.


Такім чынам галава адной з сем’яў Касцевічаў, што заснавала Баброўню – Фёдар Юр’евіч быў прапрадзедам Міхася Васілька.

 

Міхась Васілёк
Міхась Васілёк

 


Галаву другой сям’і звалі Фёдар Гаўрылаў Касцевіч (каля 1825 г.н.) і ў 1858 годзе ён таксама ўжо жыў у Баброўні. У Берштах у гэты ж час жыў Венедзікт Гаўрылаў Касцевіч (каля 1820 г.н.), напэўна, брат Фёдара Гаўрылавіча, які меў аднагадовага сына Матвея (Мацея). Са студзеня 1883 года Матвей Венедзіктавіч Касцевіч (было яму каля 26 гадоў) быў прыпісаны да сям’і свайго дзядзькі Фёдара Гаўрылавіча, магчыма таму, што апошні меў толькі аднаго сына, які рана памёр.


Матвей Касцевіч і яго жонка Марыя мелі шэсць сыноў і адну дачку: Хведара (1872 г.н.), Габрыэля (1874 г.н.), Антона (1876 г.н.), Сымона (каля 1881 г.н.), Макара (1891 г.н.) – будучага паэта Макара Краўцова, Бенядзікта (каля 1894 г.н.) і дачку Агаф’ю (каля 1883 г.н.).


Такім чынам Макар Краўцоў быў сынам Матвея (Мацея) Венедзіктавіча Касцевіча, які перасяліўся ў Баброўню да свайго дзядзькі ў 1883 годзе. Атрымоўваецца, што блізкімі сваякамі беларускія паэты не з’яўляліся, што, аднак, не перашкаджала ім супольна працаваць на ніве беларускага нацыянальнага адраджэння.

 

Макар Краўцоў
Макар Краўцоў


Сёння імёны Міхася Васілька і Макара Краўцова бадай ніяк не ўшаноўваюцца на афіцыйным узроўні. Не перавыдаюцца іх творы, вершы не вывучаюцца ў школе. Дык няхай жа гэтая праца будзе маленькай цаглінкай у будучы помнік не толькі абодвум паэтам, але і самому Міхасю Платонавічу і ўсім іх землякам – жыхарам зараз амаль апусцелай Баброўні.



Міхась Касцевіч

Баброўня - астравок культурнага адраджэння ў Заходняй Беларусі.

 1. Дзе нашы карані


Кожнаму з нас цікава заглянуць у мінулае, знайсці звесткі пра сваіх продкаў, успомніць усе тыя звычаі, абрады і нават дыялекты, гаворкі даўно мінуўшых часоў. Для мяне — апошняга з роду Краўцовых, даўно хацелася заняцца пошукамі. Край наш здаўна ўваходзіў у Гродзенскую (Стрыеўска-Бярштанскую), па другіх крыніцах, пушчу. Вёска Бершты ў часы Рэчы Паспалітай была як значным адміністрацыйным цэнтрам, так і вотчынай каралеўскай знаці. Сюды на забавы, адпачынак і асабліва паляванне з'язджаліся многія вяльможныя асобы. Нават Магдэбурскае права аб самакіраванні для горада Гродна падпісана было ў Берштах.


Вёска Бершты ў тыя даўнія часы складалася з двух вёсак: Бераставіца і Косцевічы. З часам абедзьве вёскі зліліся ў адну. Калі ў разросшайся вёсцы стала не хапаць ворыўнай зямлі і сенажаццяў, людзі сталі сяліцца, з дазволу ўлад, на прывабных месцах казённых лясоў. Мясцовасць Баброўня была адной з найлепшых. Вялікая колькасць заліўных лугоў па абодва бакі Котры і лепшыя па якасці, у параўнанні з Берштаўскімі, ворыўныя землі канчаткова пераканалі ў гэтым першых каланістаў. Нават першапачатковая назва вёскі была Баброўня-Калонія. Баброўня відаць атрымала назву ад вялікай колькасці баброў, што вадзіліся на Котры. Нават сёння іх столькі, што на падворку суседа Сцяпана Чэпіка, які сам жыве ў Скідзелі, яны павалілі некалькі ўжо не маладых яблынь.


Першымі каланістамі былі жыхары берштаўскіх Косцевічаў і магчыма Бераставіцы. Прозвішчы Косцевіч і Будзько гавораць аб гэтым. Трохі пазней сюды ж пераехалі з вёскі Сухары тры браты Іван, Мікалай і Мацей Курыла.
Вельмі цікава, што ў тыя даўнія часы часта першыя паселішчы і людзі, якія іх займалі, называліся па роду сваіх заняткаў. Стральцы ці стралкі, служачыя на ахове лесу, асочнікі — людзі, што збіралі сок з хвояў ці смалу жывіцу (насамрэч “асочнікамі” называлі сялян, якія ахоўвалі ўваходы ў вялікакняжацкую пушчу, “асочвалі” яе – заўв. рэд.), бортнікі, якія займаліся развядзеннем пчол на вялікіх дрэвах - борцях, рыбакі, асноўным заняткам якіх была лоўля рыбы. Вёскі з такімі назвамі знаходзім вельмі часта. Стральцы 1-ыя, Стральцы 2-ія, Асочнікі ля Сапоцкіна і старая назва вёскі Карашава, Рыбакі на беразе Котры ў Шчучынскім раёне. Абруб ля Астрыны азначае "отруб" кавалку лесу для аховы яго стралку.


Бадай што першыя звесткі пра Баброўню знаходзім у рапарце чыноўніка па асобых даручэннях Філеўскага на імя гродзенскага губернатара Бабяцінскага ад 14 верасня 1826 году, дзе між іншым чытаем: "Казённые земли И луга зделались известными под именами фольварковыми. В таковом положении застигла ИХ первая по присоединении Литвы к России Люстрация, производимая в 1795 году, а в 1798 утвержденная и с того времени восприявшая свое действие.


По сей Люстрации, Гродненское лесничество разделено на четыре части... Бобровскую, Стриевскую, Берштанскую и Мотыльскую, в КОИХ прежде ЖИЛИ подлесничие, а теперь места СИИ обращены в фольварки, как равно заведены таковые ж в Пальнице и Крапивнице".


Адсюль вынікае, што як фальварак Баброўня існавала яшчэ пры Рэчы Паспалітай. Пра першыя гады існавання фальварка ў царскай Расеі чытаем у тым жа дакладзе на старонцы 45: "Некаторые из крестьян 18-ти деревень в имении господина Вице Губернатора Русоте разстоянием от 1 до 11 миль с упряжью и пешие, ближайшие отбывали там барщину и прочие повинности, быв занимаемы всякими работами, другие возили в Русоту из фольварка к лесничеству принадлежащему Бобровни из леса доски, а назад в Бобровню картофель и хлеб на винокурню — перевозили строения из фольварка Крыничной и прочее — иные отрабатывали в Русоте долг, в число которого за дни в оном выслуженные, засчитывалось пешим по 15-ть [капеек], а с упряжкою по 30 [капеек], с прибавлением каждому за летние дни по 2,5 [капейкі] серебром.


Крестьяне Мостовской части вообще были употребляемы по их согласию, в имениях отстоящих от 1-ой до 4-х верст как то: Каменке, Старжинках, Цыдзиковщине и Стефанишках.
К тому первые ежегодно зимою с облавных дней приготовляли лес, свозили его на своем скоте к реке Котре и сплавляли его в Гродно к Г-ну Вице Губернатору.


Тем ощутимее для крестьян лесничества сии повинности; что они большею частию имеют усадебной земли весьма мало, во всех же вообще она неплодородна и из числа деревень его составляющих у семнадцати пространств от 5/48 до 1/5 на хозяина уволоки, а из них у двух Щенце и Новосёлках по 1-ой уволоке на хозяина, и от того столь малого количества земель, отобрано таковых от деревни Щенца к фольварку лесничества Бобровне, назад тому 25 лет, сенокосов по 10 моргов. Отошло при разграничении к имению Скидлю княгини Четвертинской, пахотной земли 6 ¼ уволок... Также отошло к ней же княгине Четвертинской сенокосов на 136 возов и в лесу 130. Бортей "34" с пчёлами за кои хозяева оных Михайло Козун, Ян Хоха и Ян Козун не получили никаково вознаграждения.
Поверенные написали: что в 1809 году сельский магазин взят для войск, в 1810 получены за него деньги, на кои в оном же всё количе¬ство забранного хлеба откуплено. В 1811 годе яко не плодородном, крестьяне весь таковой в фольварке Бобровне разобрали так, что ко¬гда к 1812 году, когда французы пришли, ни зерна не оставалось.
Касательно хлеба должно заметить, что сами поверенные в 1-ом пункте объясняли разобрание в 1811 году сельских запасов, нынеш¬ний же магазин начали ссыпать с 1822 года, следовательно в проме¬жутке сих лет сельского магазина не существовало, а затем неотколь было получать вспомоществования в хлебе."

 

Вайсковая кніжка Платона Касцевіча.
Вайсковая кніжка Платона Касцевіча.

 


З усяго сказанага вынікае, што у тыя часы Баброўня ўяўляла сабой добра сфарміраваўшуюся вёску, у якой знаходзіўся таксама фальварак казённага лясніцтва з вінакурняй ці, папросту, спіртзаводам.


Добрае ўяўленне аб стане жыцця у тыя часы дае даклад Гродзенскаму губернатару аб арэндзе лясніцтва Віцэ Губернатарам Максімовічам. "Крестьяне помянутого лесничества приходят видимо в бедное состояние по причине худой почвы земли, обремененные большим числом работ дворовому начальству по инвентарю, ибо до составления нового инвентаря работали они в неделю по два дни барщины — когда же принял в арендное владение Максимович с 1847 года, отбывали уже по три дня в неделю, поверх того по 12-ть дней гвалту и облавы, с платежом при том по 12 злотых и 10 грошей в год от всякого крестьянина. Те же деревни которые в отделённости от фольварков как то: Яскелевичи, Езёрни, Верхполье, Собольцы, Ста¬рая Руда, Кобели, Якубовичи, Зуброво, Замостяны, Дудки, Шум, Чаневиче и Ставровцы уплачивали владельцу по 12-ть рублей серебром в год, а прежде сего в 1832 году администратору Равлушкевичу платили только по 6 рублей серебром.


В противность правил заключенного контракта, установлены в деревнях по крестьянским домам шинки, что есть отягощением крестьян — таковые шинки существуют в деревнях Лестнице, Зелёной, Стриевке, в Надтобольской Будке, Пиловне и близ фольварка Бобровни, из коих владелица получает дохода в год по 180 рублей серебром — каковы шинки по инвентарю не положены напоследок.
Гродненское лесничество заторговано на 12 лет княгинею Колетою Четвертинской с платежом в год аренды по 3.310 рублей и винокуренной пошлины с душ, в имениях состоящих, от каждой по 2 рубля. Во владение вступила она с 12 апреля 1832 года."
Як бачым вельмі цяжкае становішча было ў другіх вёсках, дзе не хапала сельскагаспадарчых угоддзяў. Становішча ў Баброўні было значна лепшым, да таго ж, як відаць з таго дакладу, Баброўні яшчэ прырэзалі 10 маргоў сенажаццяў. Дзякуючы такому раскладу ў землякарыстанні Баброўня ўжо тады была багацейшай за суседнія вёскі. Можа таму, што ў Баброўні знаходзіўся двор фальварку нават тады, калі ўсё лясніцтва было перадана ў арэнду княгіні Чацвярцінскай, прыцясненняў з яе боку вяскоўцы не адчувалі. Аднак жыхары вёскі Шчанец цярпелі самаўладства княгіні Чацвярцінскай і нават падалі скаргу-прашэнне Гродзенскаму губернатару. У запісцы гродзенскай казённай палаты ад 19 чэрвеня 1823 году чытаем:


"Гродненского лесничества казённой деревни Щенца крестьяне Михаил Хоха, Михаил Скрета, Степан Рожко и прочие в числе тридцать человек поданным к Вашему Превосходительству прошением жаловались на княгиню Четвертинскую о поборе ею земель находившихся от вечных времен во владении просителей, а именно сено¬косных лугов на 109 возов и пахотных земель 9 уволок, а так же об отобрании у них сто ульев пчел и хотя с возвратом им всего забранного, подавали прошение в сию Палату и Нижний Земский Суд, но таковые якобы не получили должного удовлетворения и потому просят начальствующего распоряжения по сему предмету." (арх. ф. 1 вопісь1 справа 1354 ліст 60)


Як выглядаў фальварак Баброўня ў тыя часы, звесткі знаходзім у інвентарным апісанні лясніцтва за 1844 год.

Фольварок Бобровня

Описание экономичеких строений.

1.    Дом экономический деревянный в трех частях дранью, а в четвертой соломою крытый с двумя кирпичными трубами на крышу выведенными, кухня с кирпича с трубою на крышу выведена. Комнат разных величиною 8, окошек с оковкою 5, без оковки с побитыми стеклами 5 и без стекла, кирпичом заделанных 2, дверей на петлях и крюках 14, печей изразцовых голландских с въюшками и дверцами 3, хлебная 1, полы и потолки из досок, длина дома 37 аршин, ширина 10 аршин.
2.    Варивня деревянная, крыша соломовая, в ней окошко со стеклом 1, дверей на крюках и петлях 1 и на бегунах 1, печь хлебная из кирпича, длина дома 12 аршин, а ширина 9 аршин.
3.    Амбар деревянный, крыша соломою крытая, полы и потолки из досок, закрома дощатые, дверей на крюках и петлях с замками 2, длина сего амбара 19 аршин, а ширина 8 аршин.
4.    Свирник из кольев в брёвна заложенных на 4-х столбах устроенный, соломою крытый, под овин устроен из плетня, двери с оковкою.
5.    Хлев 1 деревянный в 1836 году построенный, соломою крытый, в нем ворота на бегунах, длина 27, а ширина 12 аршин.
5.    Хлев 2 деревянный, соломою крытый, ворота на бегунах, длина сего строения 20, а ширина 9 аршин.
6.    Птичник возле описанного второго хлева с двумя перегородками стеновыми, соломою крытый, в нем ворота 3, длина сего строения 14, а ширина 4 ½ аршина.
7.    Клуня деревянная, соломою крытая, ворот простых 4, в том числе одни на петлях и крюках с защелкою, а остальные на бегунах, длина сей клуни 57 аршин, а ширина 21 аршин.
8.    Сарай для скота деревянный в 1842 году построен, поставлен только сруб без крыши и ворот, на окончание которого приготовлено материала 24 штуки стропил, а так же дерева осталось 19 штук. Сие строение длиною 20 аршин, а шириною 10.
Огородов варивных 2, которые вокруг вхожены с его фольварковыми строениями плетнем огорожены.

Описание строений оброчных статьей

1. Корчма при фольварке Бобровни деревянная соломою крытая, в ней сени. Изба шинковая 1, комор 2, окошек простых 4, двери на бегунах дощатые 1, печь хлебная с трубою на крышу выведенная, потолок из досок, пол земляной. При ней стодола из бревен соломою крыта, в коей ворота 1, длина сей корчмы 24 аршина, а ширина 11 аршин.
2-ая корчма в деревне Щенцах
3-ий шинок в деревне Сухарах
4-ый шинок в деревне Ставровцах
5-ый шинок в деревне Сороках
 6-ой шинок в деревне Новосёлках

Опись дворовым угодьям фольварка Бобровня

морги
Под строениями огородами фольварковыми    3 ½
Пахотных земель в 3-х милях
В первом полюшку за мостом    60
Во втором урочище под выдиром    60
          от границы головацкой    60
Под лугами и сенокосами

В урочище Позаржа (пожар)    5
За рекою Котрою    13
Под Феньковом    8
Возле двора    7 ½
В урочище Ствиртах    10
Под зарослями и лугов                                   120
Итого    346

К фольварку Бобровня принадлежит 9 деревень

1.    Деревня Щенец в 8 верстах от двора
2.    Деревня Ставровцы в 14 верстах
3.    Деревня Сухари в 14 верстах
4.    Деревня Новоселки в 50 верстах
5.    Деревня Микелевщизна в 42 верстах
6.    Деревня Стефанишки в 42 верстах
7.    Деревня Голынка в 21 версте
8.    Деревня Сороки в 18 верстах
9.    Деревня Грамовичи в 17 верстах
деревня Стефанишки состоит из деревень Стефанишки Великие и Стефанишки Малые.”
Звесткі аб лясах вакол Баброўні знаходзім у інвентарным апісанні ад 30 лістапада 1870 году за № 11.
"Бобровницкая дача — 61 десятина 100 кв. саженей, характери¬стика насаждений дачи: 7 десятин 1700 кв. саженей под прогалинами, бывшими пашнями, остальное пространство занимает 6/10 сосны, 3/10 березы и 1/10 осины с ольхою 12-25 лет возраста. Сплавная река Котра в 1 версте, отпуск леса не производился."

 2. Пасля паншчыны


З адменай прыгоннага права ў 1861 годзе значных перамен адразу не адбылося. Увядзенне "временнообязанных" стасункаў адцягвала атрыманне свабоды аж на дзевяць гадоў. Але ўсе жыхары Баброўні належалі не да прыгонных, а да казённых дзяржаўных сялян. Яны, многія будучы на дзяржаўнай службе, мелі цвёрды заробак і к гэтаму часу ўжо валодалі некаторымі зберажэннямі. Неўзабаве пракацілася паўстанне 1863 года, але відаць ніхто з маіх вяскоўцаў удзелу ў ім не прымаў, можа таму, што ўсе былі праваслаўнага веравызнання і наогул іх, людзей працавітых, земляробаў, тыя палітычныя падзеі не турбавалі.


У гэты час ужо пачалося надзяленне сялян замлёй, і значная частка вяскоўцаў яе атрымала з фальварковых зямель лясніцтва. Значна пазней па палажэнню Камітэта Міністраў ад 14 чэрвеня 1868 году і распараджэнню генерал-губернатара ад 17 лютага 1870 году за № 428 пачынаецца продаж зямель у валоданне сялян памешчыкамі і другімі ўласнікамі.


Мае аднавяскоўцы купляюць зямлю, сенажаці і лес у памешчыка Аўгуста Цітова Чачота.
З архіўных крыніц вядома, што жыхары Баброўні Мікалай Фёдаравіч Курыла, ураджэнец вёскі Сухары, і Варфаламей Мацвеевіч Будзько, ураджэнец вёскі Бершты, купляюць 11 ліпеня 1879 году з публічных таргоў 61 дзесяціну 77 сажняў квадратных зямлі, належачых да казённай лясной дачы Баброўня.


У студзені 1880 году, вышаўшы ў адстаўку старшы ўнтэр афіцэр Лейб гвардыі Паўлаўскага палка Сямён Якаўлевіч Будзько купляе ўчастак зямлі з-пад вырубанага лесу 15 дзесяцін 601 сажэнь квадратную, размешчаныя ў 2-м гродзенскім лясніцтве Баброўскай лясной дачы ад калежскага сакратара Казьміна Міхаіла Апалонавіча, якую той раней набыў ва ўпраўленні дзяржаўнай маёмасцю з публічных таргоў.


30 лістапада 1883 году Мікалай Фёдаравіч Курыла да набытай раней зямлі прыкупляе яшчэ 7 дзесяцін 942 сажэні квадратныя зямлі ад памешчыка Аўгуста Цітова Чачота, маёнтак якога знаходзіўся ў вёсцы Галавачы. Назаўтра, 1 снежня, яго брат Мацей Фёдаравіч купіў ў памешчыка такі самы памерам кусок зямлі ва ўрочышчах Крывулькі і Пагарэлкі.


8 снежня 1883 году Марыя Іванаўна і Агаф’я Міхайлаўна (маці Міхася Васілька) Касцевічовыя набываюць 4 дзесяціны ворнай зямлі ва ўрочышчы Засценкі ў памешчыка Чачота.


Толькі адзін пералік гэтых здзелак па набыццю ворыўнай зямлі гаворыць аб тым, што людзі жылі не бедна і мелі, мяркуючы па памерах тых набытых участкаў, адпаведныя грошы, і не малыя. З набыццём дадатковых зямель і сенажаццяў павялічваліся і хатнія гаспадаркі. Як расказваў бацька, з успамінаў яго бацькоў, у тыя часы вялікія сем'і ў 10-12 чалавек былі звычайнай з'явай. У маіх продкаў была самая вялікая ў вёсцы, з аздобленымі акяніцамі і такім жа прыгожым шчытом і ганкам, хата. Сам мой далёкі продак апрача працы на зямлі яшчэ быў краўцом, шыў вяскоўцам кажухі. Вясковая мянушка “Краўцовыя” засталася і потым перадавалася з пакалення ў пакаленне. У заможнай краўцоўскай сям'і ў тыя часы звычайна трымалі дзевяць дойных кароў, пару коней, а таксама пару валоў, на якіх апрацоўвалі зямлю, авечак, свіней і іншую жыўнасць. Не менш было і ў другіх заможных сем'ях, як Мацея Курылы ці Захара Будзько. Людзі багатыя маглі і сваім дзецям даць адмысловую адукацыю. Звесткі аб гэтым знаходзім у матэрыялах першага ўсеагульнага перапісу насельніцтва Расейскай імперыі ў 1895 годзе.


У сям'і маіх продкаў толькі жонка гаспадара Марыя Сямёнаўна (вулічная мянушка Марьянка) была не граматная. Сам гаспадар Мацей Бенядзіктавіч, як і ўсе яго сыны, скончыў народнае вучылішча, нават дачка Агата, якой было 13 год, навучалася грамаце. Ужо потым сыны прадаўжалі вучобу далей. У Пецярбурзе скончыў настаўніцкія курсы Бенядзікт, свіслацкую настаўніцкую семінарыю, а потым гродзенскае рэальнае вучылішча закончыў Макар, у Пецярбурзе прадоўжылі навучанне Габрыель, Антон і Хведар.

 

Габрыель Касцевіч брат Макара Краўцова, 1910-я гг.
Габрыель Касцевіч брат Макара Краўцова, 1910-я гг.


У Баброўні ў 1895 годзе была пачатковая школа, настаўнікам у ёй быў Цімафей Вікенцевіч Гардзей з вёскі Навасёлкі Берштаўкай воласці. Па перапісу 1895 году ў Баброўні было 98 душ жыхароў, з іх 33 былі граматнымі. Гэты паказчык яскрава адлюстроўвае, што вёска была не толькі самай багатай, але і самай адукаванай сярод другіх.


Многія выхадцы з яе атрымалі адукацыю ў Пецярбурзе, як ужо згаданыя Касцевічы, так і Макар Будзько, які скончыў ваенна-медыцынскую акадэмію, а яго брат Іван — віцебскі педагагічны інстытут.

 

Хведар Касцевіч брат Макара Краўцова, 1910-я гг.
Хведар Касцевіч брат Макара Краўцова, 1910-я гг.

 


Трэба адзначыць, што ў той час у сем'ях было многа дзяцей. У майго прадзеда па матцы, які жыў у Канюхах, Марціна Емяльянавіча Жука сям'я ў 1887 годзе складалася з 21 чалавека. Але рэкорд бадай што належыць да сям'і Казіміра Сямёнавіча Касцевіча з урочышча Белае, у хаце якога па перапісу 1895 году адначасова жылі 29 чалавек і адзін чалавек — наёмны рабочы.


Нават вялікія сем'і не давалі дастатковай колькасці рабочых рук для апрацоўкі зямлі. У многіх дзеці вучыліся. Прыходзілася трымаць наёмных работнікаў, у асноўным з суседніх вёсак з малазямельных сем'яў, дзе ўсім пракарміцца было цяжка. У майго прадзеда былі два такіх наёмных памочнікі: дваццацігадовы хлопец і васемнаццацігадовая дзяўчына. У суседа Мацея Курылы — 25-цігадовы хлопец, яго 18-цігадовая сястра і 13-цігадовы пастух. Амаль у кожнай сям'і былі наёмныя рабочыя, бо справіцца з вялікай гаспадаркай было цяжка.


Свайго найбольшага ўздыму вёска дасягнула ў 1910-1913 гады. Сельскагаспадарчую прадукцыю: збожжа, мяса, масла, яйкі - мае вяскоўцы збывалі на кірмашы ў Скідзелі і нават у Гродна. Заехаць на кірмаш у Гродна коньмі за 45 вёрст і вярнуцца назад было нялёгка, але атрыманыя грошы таго каштавалі.

 

 

Бенедыкт Касцевіч брат Макара Краўцова.
Бенедыкт Касцевіч брат Макара Краўцова.


3. У часы першай сусьветнай


Вайна, распачатая ў 1914 годзе, паступова рухалася на ўсход. Жыхары заходняй часткі Беларусі ў вялікай колькасці рушылі ў бежанства. Царскі ўрад арганізоўваў перасяленне бежанцаў планамерна, калі час да прыходу немцаў яшчэ заставаўся. Многія вяскоўцы з сем'ямі рушылі на ўсход, з усёй вёскі толькі дзве сям'і, сыны таго Івана Курылы і яго пляменніка Мікалая, засталіся. Малодшы ж брат Мікалая Мацей Іванавіч, які павінен быў быць мабілізаваны ў войска, завербаваўся і з'ехаў на заробкі ў далёкую Амерыку. Але і тыя, што засталіся, з Баброўні выехалі і ў час вайны жылі ў вёсках Сухары і Бабіна, дзе ў іх былі родзічы.


Многа вяскоўцаў было мабілізавана ў царскае войска. Захар Будзько, Аляксандр Сямёнавіч Будзько і яго брат Пятро, Аляксандр Мацвеявіч Будзько. З Краўцовых-Касцевічаў, бо былі і другія сем'і Касцевічаў, былі мабілізаваны Макар, Бенядзікт, а жыўшыя к гэтаму часу ў Пецярбурзе Габрыель і дзесьці ў Расеі Антон і Хведар таксама прызваны ў войска. Мой дзед Сымон з сям'ёю, выехаўшы ў Казанскую губерню, быў мабілізаваны ўжо адтуль, але па стану здароўя з войска быў адпушчаны.


Дзедаў брат Макар служыў у войску з 1909 году, і ў 1913 годзе беластоцкім воінскім начальнікам быў зволены ў запас. Пасля звальнення з войска працаваў настаўнікам.


Аб службе яго ў царскім войску ў час імперыялістычнай вайны даведваемся з паслужнога спісу, у якім чытаем:
“Призван на службу по мобилизации Гродненским воинским начальником с назначением в 386 пешую Гродненскую дружину государственного ополчения — 9 июля 1914 года.
Прибыл в дружину рядовым — 1 августа 1914 г.
Находился в походе против Германии и Австро-Венгрии в 1914-1915 гг.
Командирован в штаб 96-й бригады государственного ополчения для письменных занятий — 9 апреля 1915 года.
Переведен на службу в штаб бригады — 29 апреля 1915 г.
Исключен из списков дружины — 3 мая 1915 г.
Переведен в 386-ю пешую Гродненскую дружину государственного ополчения и зачислен в списки — 20 декабря 1915 г.
Командирован в Псковскую школу прапорщиков для прохождения курса — 12 февраля 1916 г.
Прибыл и зачислен обучающимся в школу прапорщиков ополчения Западного фронта рядовым — 15 февраля 1916 г.
Произведен в младшие унтер-офицеры — 17 апреля 1916 г.
Переименован в юнкера с переводом в 1-й разряд — 6 июня 1916 г.
Приказом главнокомандующего армиями Западного фронта № 3968 произведен в прапорщики армейской пехоты с назначением в 386-ю пешую Гродненскую дружину государственного ополчения — 1 июля 1916 г.
Исключен из списков юнкеров школы — 5 июля 1916 г.
По распоряжению главнокомандующего армиями Западного фронта уволен в отпуск с 5 по 19 июля 1916 г.
На момент составления послужного списка холост, орденов и знаков отличия не имеет.”
Бацька апавядаў, што ў той адпачынак Макар прыязджаў да бацькоў і старэйшага брата Сымона ў Казанскую губерню ў сяло Сямікеева.

Макар Краўцоў у войску.
Макар Краўцоў у войску.

 


У наступныя гады ў Расеі адбыліся вялікія змены, цар адрокся ад прастолу, да ўлады прыйшоў Часовы Урад, ішла рэвалюцыя. Вайскоўцы беларусы, што служылі ў 44-м армейскім корпусе Заходняга фронту абіраюць Макара Касцевіча старшынёй карпуснога камітэту партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў. У хуткім часе яны дэлегуюць яго на Усебеларускі з'езд, які праходзіў у Мінску ў снежні 1917 году. Свае ўспаміны аб гэтым з'езде ён упершыню надрукаваў у часопісе "Шлях моладзі" у нумары 46 за 1938 год.


Калі ў пачатку верасня 1915 году кайзераўскія войскі авалодалі горадам Гродна, рускія войскі, адступіўшы на ўсход, працягвалі весці баі спачатку на рубяжы Жыдомля — Завадзічы, потым крыху адступіўшы, на рубяжы Лакно — Радута — Канявічы — Залясяны. Асабліва жорсткія баі былі за вёскай Лазы. У Баброўні ў той час быў арганізаваны ваенна-палявы шпіталь рускіх войск. Мясціўся ён у адрыне Захара Будзькі на беразе Котры. Ад атрыманых раненняў у тым шпіталі памерла каля дзесяці рускіх воінаў. Пахавалі іх недалёка ад шпіталя, на ўзгорку пад дубамі. Тая мясцовасць і сёння завецца Могілкі, але магіл там ужо няма. У 1929 годзе польскія ўлады правялі перазахаванне парэшткаў на вясковых могілках у Скідзелі.


4. Вяртанне з бежанства


Разруха і грамадзянская вайна ў Расеі бежанцам беларусам прынясла гора значна больш, чым расіянам. Людзі, не абжыўшыся як след і да таго ж не маючы ніякіх зберажэнняў, жылі ўпрогаладзь. Мой бацька (тады яму было чатырнаццаць гадоў) аб тым часе апавядаў так: “Рэвалюцыя вынішчыла кулакоў як клас, але ад гэтага бедната не пабагацела. Камсамольцы і актывісты памешчыцкія сядзібы папалілі і амаль штодзень хадзілі з чырвонымі сцягамі, збіралі мітынгі ды прызывалі будаваць міравую камуну. Дэвіз іх дзеянняў быў вельмі просты: "Грабь награбленное". Заводы і фабрыкі амаль не працавалі, палеткі апрацоўваліся менш чым на палову. Да таго ж надарылася эпідэмія тыфу, якая вынішчала цэлыя сем'і і вуліцы. Сям'я майго дзеда ўжо завяла карову і збіралася там і жыць. Калі пачалася разруха і голад, тую карову з хлява ўкралі. Заробку не было ніякога.”


Рашылі вяртацца на Радзіму ў Баброўню. Але к гэтаму часу Заходняя Беларусь ужо была ў складзе панскай Польшчы. Прышлося звяртацца ў польскае пасольства ў Маскве, і ў хуткім часе дазвол на вяртанне быў атрыманы. Выехалі цягніком у Маскву, ды па дарозе захварэлі на тыф, і ў Маскве ўся сям'я была шпіталізавана. Дзед Сымон і трое дзяцей ад хваробы памерлі. Бабуля Ганна сабрала параскіданых па розных шпіталях застаўшыхся ў жывых майго бацьку і малодшую дачку Любу і з імі вярнулася ў Баброўню. Калі ехалі ў бежанства сям'я налічвала дзевяць чалавек. У час галадоўкі ў Сямікееве памерлі Мацвей і Маря’нка, дадому вярнуліся толькі ўтраіх.


Аднавяскоўцы пачалі вяртацца ў Баброўню з усіх бакоў, куды параскідала іх вайна. Восіп Касцевіч (бацька Міхася Васілька) вярнуўся з горада Казлова — цяперашні Мічурынск, дзе пахаваў жонку Агаф’ю Міхайлаўну. З Іжэўска вярнулася сям'я Аляксандра Мацвеевіча Будзькі, там ён спачатку разам з жонкай працаваў на ваенным заводзе, потым ваяваў на фронце. За адвагу і мужнасць быў узнагароджаны Георгіеўскім крыжам. Браты майго дзеда Бенядзікт і Макар абодва ваявалі на Паўночна-Заходнім фронце афіцэрамі. Бенядзікт вярнуўся ў Баброўню ў 1921 годзе, а Макар з гэтага ж часу стала жыў у Вільні. Для Захара Будзькі шлях да дому быў поўны прыгод і цяжкасцей. Ваяваў на Валыні, як апавядаў потым, па здрадзе вайсковага начальства папаў у нямецкі палон, быў вывезены ў Нямеччыну і там з лагера ваеннапалонных уцёк і перабраўся ў Францыю. Працаваў докерам у порце ў Марсэлі, зарабіўшы грошы на дарогу, перабраўся ў Бельгію. I ўжо адтуль вярнуўся дахаты. За час сваіх блуканняў па свеце нават вывучыў трохі нямецкую і французкую мовы.


Але самым галоўным для ўсіх вярнуўшыхся была адна радасць, што ўсе хаты, хлявы і другія будынкі захаваліся. Згарэла толькі адна хата Мацея Фларыянавіча Будзькі. Да таго ж усе зямельныя надзелы, якімі яны валодалі пры цару, новыя польскія ўлады сялянам вярнулі. Людзі працавітыя, улюбёныя ў зямлю-карміліцу, добра разумелі, што свой далейшы дабрабыт яны здабудуць толькі сваімі мазолістымі рукамі.


Бадай што пазней усіх, у 1923 годзе, вярнуўся ў Баброўню Габрыель Касцевіч. Атрымаўшы прыстойнае навучанне ў Пецярбурзе, ён там і ўладкаваўся на дзяржаўную службу. Працаваў судовым прыставам у Пецярбургу. Перад самай рэвалюцыяй яго пераводзяць у Варонеж, дзе ён і далей працаваў па ведамству Міністэрства Унутраных Спраў. Потым разам з адступаючай белай арміяй уцёк у Сербію. Адтуль пачаў слаць лісты стрыечнаму брату Бенядзікту ў Баброўню, распытваючы, ці можна сюды вярнуцца. Вядома, што вяртацца ў лапы ВЧК у Расею яму было нельга. Там пасля палажылі свае голавы ў сталінскіх чыстках выхадцы з Баброўні Будзько і браты Габрыеля Антон і Хвёдар. Тут у панскай Польшчы Габрыель адчуваў сябе спакойна. Чалавек прадбачлівы, ён захаваў свае сродкі ў залатых імперыялах і ў адрозненні ад другіх заможных вяскоўцаў, якія трымалі грошы ў папяровых купюрах, быў цяпер кум каралю.
Спачатку ўсе Краўцовыя: Бенядзікт, Габрыель, мая бабуля Ганна з сынам Платонам і дачкой Любай жылі ў краўцоўскай хаце. У хуткім часе Габрыель пабудаваў сваю хату. Ажаніўся Бенядзікт, але прадаўжаў жыць у бацькоўскай хаце аж да 1936 году, пакуль не паставіў сваю хату. Мая бабуля Ганна выйшла другі раз замуж за вярнуўшагася з заробкаў з Амерыкі суседа Мацвея Курыла. Дачку Любу яна забрала з сабою, і мой бацька застаўся адзіным гаспадаром старой краўцоўскай хаты.


5. За палякамі


У гады памешчыцкай Польшчы адразу ж пачалося праводзіцца апалячванне насельніцтва. Навучанне ў школах і ўсё справаводства ў дзяржаўных установах вялося на польскай мове. З'явіліся новыя гаспадары ў ацалелых памешчыцкіх маёнтках. Уводзіліся новыя падаткі.


Калі ў свой час царызм усімі намаганнямі праводзіў ціснуў на каталіцкую рэлігію, насаджаючы праваслаўе, то цяпер усё адбывалася наадварот. Разам з тым улады сталі праводзіць мерапрыемствы па аздараўленню эканомікі, так званую санацыю. Мерапрыемствы гэтыя зачапілі і простых сялян-земляробаў, ці, як іх называлі ў Польшчы, рольнікаў. Была ліквідівана церазпалосіца, замест яе праведезна парцэляцыя, надзяленне гаспадарак зямлёю ў адным месцы — парцэлямі, і, калі гаспадар даваў згоду сяліцца на гэтым абшары зямлі — хутары, то яму зніжаліся падаткі. Такім чынам было праведзена землеўпарадкаванне, аб якім у свой час марыў былы гродзенскі губернатар Сталыпін. У тыя часы вялікая колькасць гаспадароў пакінула вёскі і пасялілася па хутарах. Так планамерна ішло замацаванне сялян земляробаў за зямлёй. Узрасла ўраджайнасць палеткаў, цяпер зямля была пад бокам, зменшыліся выдаткі на яе апрацоўку. Дзяржава прапаноўвала новыя сарты насення, але каштавалі яны дорага, і не кожны мог сабе іх купіць.
Прадпрымальныя гаспадары пачалі разводзідь ягаднікі, асабліва клубніцы, павялічылася колькасць садоў. Цвёрдыя цэны на збожжа, малако і мяса прыносілі неблагія прыбыткі. Ужо праз дзесяць гадоў у 1932-1933 гадах улады пачалі праводзіць меліярацыю, і яна таксама рабілася за грошы сялян-землекарыстальнікаў. Да гэтага часу ў Баброўні не было ніводнай сям'і, у каго б ні было каня. Найбольш заможныя мелі па дзве пары коней, як у Захара Будзькі ці Уладзіміра Курылы. Манеж, сячкарня, плугі, вазы былі ў кожнага гаспадара. Праз пару гадоў з'явіліся першыя малатарні і арфы для апрацоўкі зерня. Цікавы выпадак успамінаюць старажылы, калі заможны Уладзімір Курыла паехаў на кірмаш у Скідзель і па дарозе на сваім возе абагнаў панскую брычку суседскага памешчыка са Спушы. Калі той стаў абурацца за знявагу пана, наш вясковец ухмыляючыся адказаў, што ён не вінаваты, што ў пана такі слабы конь.


Тады ў суседніх вёсках пайшла прымаўка — “Баброўня другім ня роўня” і словы гэтыя гаварылі самі за сябе. Не толькі матэрыяльны дабрабыт панаваў у кожнай хаце. Заможныя людзі маглі сваім дзецям даць прыстойнае навучанне. У маленькай Баброўні з пятнаццаці хатаў у той час налічвалася сем чалавек настаўнікаў. Сапраўды другім не роўня. Вялікая колькасць адукаваных людзей рабіла свой адбітак на жыцці вёскі. Сённяшнія старажылы ўспамінаюць, што, калі на святы на танцы прыходзілі хлопцы і дзяўчаты з другіх вёсак, кідалася ў вочы адсутнасць добрых манераў у тых. Кавалер мог не падаць руку даме, а некаторыя таньчылі ў шапках, асабліва кінуўшы лішні кілішак гарэлкі. Вяскоўцамі ўсе гэта ўспрымалася як недахопы ў культурным развіцці. Намаганнямі мясцовай інтэлігенцыі пры актыўным удзеле Макара Краўцова, Міхася Васілька, Габрыеля Касцевіча і яго дзяцей сына Грышы і дачкі Веры ў Баброўні ствараецца драматычны гурток. Нават самая вялікая ў вёсцы краўцоўская хата не магла ўмясціць усіх гледачоў. Прыходзілі на спектаклі жыхары бліжэйшых вёсак Бандары, Вострава, Карашава і нават запрашалі сяброў Таварыства Беларускай Школы са Скідзеля. "Паўлінка", "Пінская шляхта", "Чорт і баба", "Мікітаў лапаць" — няпоўны пералік спектакляў, што ставіліся ў Баброўні. Самыя малодшыя з тых самадзейных артыстаў — Уладзімір Будзько і Яўген Курыла — выканаўца ролі прыстава Кручкова ў "Пінскай шляхце" ўспамінаюць, як зачытваліся вяскоўцы ў тыя даваенныя гады часопісам "Маланка". Для жыхароў маленькай Баброўні было прыемна ўсведамляць, што тую "Маланку" дзесьці ў Вільні разам з другімі ствараюць і іх аднавяскоўцы Макар ды Міхась Касцевічы. Макар Касцевіч свае творы ў віленскіх выданнях падпісваў псеўданімамі "Звончык" і "Рікоlо". На жаль ніводзін з тых нумароў "Маланкі" не захаваўся. Ужо ў 1940 годзе, калі запалоханыя новай савецкай уладай вяскоўцы здымалі з покуцяў абразы і на іх месца вешалі партрэты правадыроў, дык разам з тымі абразамі як крамолу павыкідалі і падшыўкі "Маланкі", бо было ўжо не да літаратуры.


Трэба адзначыць, што ў тыя часы народ, яшчэ не разбэшчаны савецкай прапагандай, вёў сапраўды цвярозы лад жыцця. Калі на якое-небудзь свята хлопцы маглі сабе дазволіць выпіць кручок (250 грам) манаполькі на траіх, то толькі на свята, бо па працоўных днях такога не магло быць увогуле. Што трэба сказаць добрае аб гаспадаранні панскай Польшчы, дык гэта тое, што самагонаварэнне, як з'яву, яны выкаранілі начыста.


Першае па вяртанні з Расеі ўражанне на вяскоўцаў зрабіла тое, што ў пакінутай хаце Восіпа Касцевіча заезжыя жыды гналі самагонку. Аб гэтым часта ўспамінала сястра Міхася Васілька Глафіра. Самагоншчыкі хату аддалі і аднавілі стары царскі бровар-вінакурню, што стаяў на беразе Котры. Сюды, як апавядаў бацька, яны прывозілі цэлы абоз з шасці фурманак мукі, і той бровар працаваў дзень і ноч. Але ў хуткім часе польскія ўлады самагоншчыкаў арыштавалі, а бровар вывезлі.


Калі заможны Аляксандр Сямёнавіч Будзько ў 1935 г. набыў першы ў акрузе дэтэктарны радыёпрыёмнік са слухаўкамі, навіны з усяго свету дасягалі да Баброўні вельмі хутка.


Асабліва ўражвала вяскоўцаў святкаванне ў савецкай Усходняй Беларусі дзяржаўных святаў: Дня рэвалюцыі і Першага мая. Сапраўднага ж жыцця там на ўсходзе ніхто не ведаў. Усім здавалася, што тут яны церпяць знявагі паноў ды цяжкія падаткі, а там, на ўсходзе, савецкі “рай”. Варта толькі перайсці граніцу за Стаўбцамі і можна апынуцца ў тым “раю”. Вялікая колькасць перабежчыкаў, абалваненых савецкай прапагандай, імкнулася на ўсход. Значны ўплыў на свядомасць тых уцекачоў рабіла і КПЗБ. Але мала каму пашчасціла атрымаць там навучанне і выбіцца ў людзі. Нават добра ўладкаваўшыхся ў жыцці ў любы момант НКВД мог як заходняга шпіёна пусціць у расход. Адных адразу адпраўлялі ў далёкую Варкуту ці Магадан, другім да часу давалі магчымасць працаваць і вучыцца, трэціх аддавалі ў рукі польскім уладам, дзе іх чакала турма за нелегальны пераход граніцы.


Былі сярод тых перабежчыкаў і жыхары Баброўні. Дачка Габрыеля Касцевіча Вера тры разы хадзіла ва ўсходнюю Беларусь. I ўсе тры разы яе выкідалі назад пасля папярэдняга следства. Вось дзе сапраўдная трагедыя ў стасунках дзяцей і бацькоў. Бацька хрыстосаваўся з царом, верай і праўдай служачы яму, а дачка ўцякае з багатай бацькоўскай хаты ў нязведаную Ўсходнюю Беларусь насустрач камуністычнаму "раю". Пасля трэцяга “паходу” савецкія пагранічнікі аддалі яе ў рукі польскім уладам. Прышлося ёй зведаць польскай турмы за нелегальны пераход граніцы.
Мікалай Ільіч Хоха разам з братам Аляксандрам таксама пайшоў ва Ўсходнюю Беларусь. Прайшоў праверку, ці следства, і ўладкаваўся на працу ў адну з арцеляў. Але вельмі хутка разабраўся, што нічога добрага яму не прадбачыцца, узровень жыцця быў значна горшы, чым дома. Асабліва ўражвала картачная сістэма і тое, што людзі знікалі ў лапах НКВД. Сабраў трохі грошай і кінуўся ва ўцёкі. На граніцы за грошы наняў правадніка, і той перавёў яго на польскі бок. На тым і скончыліся яго мары аб шчаслівым жыцці ў вольнай Беларусі. Многія перабежчыкі, паспытаўшы камуністычнага "раю" і ўцёкшы дахаты, расказвалі ўсю праўду і гэтым развявалі міф аб "шчаслівым" жыцці. Для мясцовых ячэек КПЗБ гэта быў удар у спіну. Ячэйка КПЗБ у Бандарах рашыла зліквідаваць аднаго з такіх гаварлівых перабежчыкаў з вёскі Ахрымаўцы. Даручылі гэта Сіраце Паўлу Андрэевічу. Ён заданне выканаў, ноччу, пастукаўшы да таго, папрасіў паказаць дарогу, нібыта заблудзіўшы. Калі гаспадар хаты выйшаў, ён ва ўпор застрэліў таго. Аб гэтым ён асабіста расказваў майму бацьку ў 1940 годзе.


Але не гледзячы на тое, што многія расплюшчылі вочы на сапраўдны стан жыцця ў СССР, для агульнай масы народу здавалася, што вось прыдуць браты з усходу і прынясуць доўгачаканую роўнасць, свабоду, адукацыю на роднай мове і многае другое.

Scroll to top