Агінскі канал быў сапраўдным гідратэхнічным цудам, злучыўшы Нёман праз Шчару, і Ясельду з Прыпяццю, прытокам Дняпра – Балтыку з Чорным морам. Яго з’яўленне стала падставаю для развіцця Піншчыны і Слонімшчыны.
Працяг артыкула:
Гісторыя Агінскага канала. Частка ІІ. Агінскі канал у часы Расійскай імперыі
Гісторыя Агінскага канала. Частка ІІІ. Агінскі канал у часы ІІ Рэчы Паспалітай
Некалькі разоў канал зведваў на сабе хвалі інтэнсіўнага развіцця, якія змяняліся заняпадам і нават занядбаннем, фазу якога ён перажывае і сёння. Магчыма, у будучым, Агінскі канал чакае чарговае развіццё. На гэты раз звязанае з турыстычнай дзейнасцю.
Сярод стваральнікаў Агінскага канала, называнага з самага пачатку то Вялікім Пінскім ці Тэлеханскім каналам, то Портам Агінскага ўзгадваюцца Міхал Казімір Агінскі, Тадэвуш Нарбут і Мацей Бутрымовіч. Без кожнага з іх рэалізацыя цэлага праекта так і засталася б летуценнем, кшталту думак з “Інфармацыі дамашняй і палітычнай” Багуслава Радзівіла: “Калі б хто з нашчадкаў маіх хацеў бы пакінуць па сабе памяць, то няхай закончыць ці распачне тое, што я хацеў паспрабаваць, а менавіта Днепр з Нёманам злучыць праз раку Лошу. Запэўніваю, што ён зробіць справу, вартую памяці”.
Першапачатковая ж ідэя будаўніцтва шырокага воднага шляху праз Палессе належыла шэраговаму каморніку Вальтэру і ўзнікла ў таго пры вымярэнні Тэлеханаў і ваколічных вёсак. “Дзённік прыбывання Караля Станіслава Аўгуста ў Пінску” (1784) нападставе словаў М. Бутрымовіча дазваляе прасачыць працэс таго, як гэтая ідэя набыла жыццё: “Той тэлеханскі канал – знаёмы мне з самага свайго пачатку, бо ўжо быў пісарчуком ў пінскіх уладаннях Ясна Вяльможнага гетмана, калі каля 1767 года [у дакументах часцей называецца іншая дата – 1765 год – В.Г.] судовы прыстаў па прозвішчы Вальтэр, які мераў ўладанні Тэлеханаў і вёскі да іх прылеглыя, заўважыў: што паміж Ясельдаю і Шчараю можа быць зроблены водны шлях праз балоты і тыя думкі перадаў кіруючаму на той час пінскімі ўладаннямі велькаму камісару Яго міласці пану Тадэвушу Нарбуту, падстолему лідскага павета; той, выкарыстаўшы мяне як свайго падначаленага пісарчука, зрабіў праект гэтай камунікацыі і яго даслаў Ясна Вяльможнаму гетману Агінскаму, які ў той час жыў у Варшаве, які (як агульна вядома) заўсёды быў поўны патрыятычных пачуццяў да краю, абы ўсімі магчымымі сіламі яго працягваць казаў; і ўжо на тое даў пінскія ўладанні, меліяраваць і асушаць пачыналі, а тым самым шмат працаўнікоў для ўнутранай сваёй эканомікі патрабавалі, таму Ясна Вяльможны гетман сто парабкаў штогод з уладанняў сваіх беларускіх прызначыў, якія прыходзілі заўжды, аж да часу адыходу ўспомненых ўладанняў за мяжу, калі яны сталі для яго страчанымі”.
Будаўніцтва канала зацікавіла Міхала Агінскага (1728-1800) не столькі з эканамічнага пункту гледжання, колькі з боку эстэтычнага, а таксама скарыла яго фантазію магчымасцю злучыць спадчынныя ўладанні і рэзідэнцыі – Тэлеханы і Слонім – адным водным шляхам. Нездарма ў 1768 годзе, пасля таго як М.К. Агінскі стаў вялікім гетманам ВКЛ, была прынята канстытуцыя, згодна з якой са складу пінскай эканоміі, якой Агінскі кіраваў з 1746 года, яму на вечнае карыстанне перадаваліся мястэчка Лагішын і вёска Мышкаўцы. Тут жа гаварылася, што пасля завяршэння будаўніцтва канала, падчас сплаву можна будзе браць мыта ў памеры 8 злотых “з вясла альбо спіцы”, аднак, з умоваю падтрымання камунікацый у належным стане, прыдатным для суднаходства. У іншым выпадку нашчадкі Агінскага страчвалі ўсялякія правы, усталяваныя канстытуцыяй, і наданыя ўладанні Лагішын і Мышкаўцы вярталіся дзяржаве. Тады ж у якасці ўзнагароды за даволі шпаркае выкананне гідратэхнічных прац было прынята рашэнне аб фінансаванні за дзяржаўны кошт помніка ваяводзе Агінскаму, які павінен быў паўстаць на дзядзінцы віленскага замка. У яго гонар нават складалі вершы, прыкладу
“Wiersz na kanał Port-Oginski”:
Chceszli widzieć przedziwne natury odmiany?
Rzuć na piękne, ciekawe oko, Telechany:
Kędy miejsca przed czasem były niedostępne,
Kędy się nieprzerwanie ciągnęły bagniska,
Tam teraz płynie Kanał, co błota osusza,
Które z stokrotnym zyskeim pilny Oracz wzrusza
Co ze wszech Pińskich dolin w swe biorąc koryto
Wod obfitość, żeglugę sprawi należytą,
Co Jasioldę ze Szczarą łącząc, przejazd czyni
Z Bałtyckiego, do morza Czarnego głebini
Godne pamięci pożnej potomności, dzielo,
Które od Ogińskiego swój początek wzięło.
Co za rzecz niepodobną starożytność miała,
To dzielna w samym styku czynność dokazała.
Jeśli obywatelstwa ztąd brać nożna miarę,
Kto majątek Ojczyznie niesie na ofiarę,
Ogiński, co swym kosztem osuszył Pińszczyznę,
Widocznie pokaznie, że kocha Ojczyznę.
Ze drogę do zyskownej otworzył żeglugi,
Daje swej dowod wielki Ojczyznie przysługi.
X.M.CH.S.P.
З мэтаю рэалізацыі праекта канала была створана спецыяльная дырэкцыя. Яна распачала сваю працу з пазначэння лініі будучага воднага шляха на мясцовасці, асушэння гэтай тэрыторыі і пракладвання двух трактаў (Пінск-Слонім і Пінск-Валынь).
Адначасова “для карысці края” скарбовая камісія Вялікага княства прыняла рашэнне аб выдзяленні сродкаў на рамонт дарог, мастоў і ачышчэння рэк, якія ўваходзілі ў ствараемую Агінска-Нёманскую водную сістэму. У далейшым на гэтыя мэты планавалася штогод выдаваць па 20000 злотых.
Першапачатковы праект вызначаў Агінскі канал у абход Тэлеханаў, улева каля Крахлевіч, самымі нізінамі аж да балот, якія ў той час ужо былі злучаныя з ракою Шчараю. Праз узвышшы павінен быў праходзіць толькі невялікі кавалак канала – паміж вёскамі Бабровіца і Выганашча. Аднак Міхал Агінскі запатрабаваў пракласці водны шлях непасрэдна на Тэлеханы, дзе будаваў рэзідэнцыю: над каналам павінна была з’явіцца вялікая арка, каб пад ёю праплывалі караблі з шчогламі. А над берагамі мусілі раскінуцца чатыры сады, якія б сімвалічна адлюстроўвалі чатыры стыхіі: зямлю, ваду, паветра і агонь.
У сувязі з гэтым інжынеры сутыкнуліся з вялікімі цяжкасцямі:
- напрацягу двух міль ад Тэлеханаў да Выганашчы канал павінен быў ісці высокімі пяшчанымі месцамі, якія неабходна было ўмацоўваць;
- лінія каналу з Тэлехан да Шчары, праведзеная праз Выганашчы, павінна была праходзіць праз два возеры: невялікае Валянскае і шырокае Выганаўскае.
Згодна плану, азёры, якія можна спускаць, павінны былі зрабіцца крыніцаю вады для канала нават спякотным летам. Аднак на практыцы ўжо першыя гады функцыянавання Агінскага канала паказалі памылковасць такога рашэння. Асабліва зімою: калі лёд на рэках стаіць усяго некалькі тыдняў, то азёры замярзалі амаль на ўсю зіму; калі ад буры на канале і рэках няма вялікай небяспекі, то на азёрах такая небяспека існавала, асабліва зімою, паколькі абледзянелы карабель вымушаны быў прыставаць да берагу. Нападставе вопыта правядзення Агінскага канала стала відавочным, што выгаднейшым быў канал, які абмінаў азёры, а дастаўка вады ў яго павінна ажыцяўляцца з дадатковых крыніц.
У 1769 годзе, маючы на мэце рэгуляванне нёманскага сплаву ў сувязі з пракладваемым каналам на Піншчыне, распачаліся працы па ачышчэнні рэчышча Нёмана. Яны праводзіліся напрацягу трох гадоў пад кіраўніцтвам прафесара Віленскай акадэміі і канальнай катэдры Францыска Нарвойша (1742-1819), вядомага ў свой час матэматыка і езуіта. Было дастана мноства вялікіх падводных камянёў, дзякуючы чаму суднаходства па Нёмане значна палегчылася, тым самым яшчэ больш павялічылася значэнне Агінскага канала.
Адначасова ў Слоніме ў гэты час ажыццяўляліся працы па асушэнню багністых глебаў паабапал Шчары і выпростванню яе рукава ў межах горада. Пазней гэты кавалак ракі атрымаў назву Малы Агінскі канал, першапачатковая мэта якога яскрава падкрэслівалася ў наяўнасці на ім “плаваючага тэатра”, спраектаванага гетманам Агінскім для летніх пастаноў, у якім у 1771 годзе былі паказаны некалькі опер і камедый.
Тэмпы будаўніцтва канала замарудзіліся пасля ўдзелу Агінскага ў вайне з Расіяй, у часе якой ён у верасні 1771 года спачатку перамог ворага пад Бездзежам, недалёка ад Драгічына, але ўжо праз некалькі тыдняў быў сам пераможаны Суворавым у бітве пад Сталовічамі побач з Баранавічамі. Для выратавання ўласнага жыцця Агінскаму прыйшлося эміграваць за мяжу, а пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай у 1772 годзе ён страціў вялікую колькасць сваіх маёнткаў ва Усходняй Беларусі, адкуль на працы па пракладванню канала штогод прыходзіла па сто парабкаў.
Клопат па далейшай пракладцы воднага шляха часова ўзяла на сябе дзяржава. Аднак ва ўмовах крызіса ў Рэчы Паспалітай каналу не ўдзялялася належнай фінансавай падтрымкі. І толькі пасля вяртання Агінскага на Радзіму, гідратэхнічныя працы працягнуліся.
Пакуль Агінскі знаходзіўся за мяжой, яго маёнткі былі разрабаваныя рускімі войскамі, Недахоп грошаў прымусіў гетмана ў 1774 годзе прыняць рашэнне, якое паўплывала не толькі на яго асабісты лёс, але стала важным чыннікам для развіцця будучага канала, і перш за ўсё, аднаго з яго партоў – Слоніма. У гэты год Агінскі вымушаны быў прадаць свой падваршаўскі маёнтак Небораў, на які ўскладаў столькі спадзяванняў і марыў пераўтварыць яго ў галоўную рэзідэнцыю. Месцам свайго сталага жыхарства ў 1775 годзе, пасля амністыі, гетман абраў Слонім, які пераўтвараецца ў магутны эканамічны і, перш за ўсё, культурны асяродак – “Палескія Афіны”.
Агінскі зрабіўся сапраўдным гаспадаром на Слонімшчыне, асабліва пасля таго, як дамогся пазбаўлення горадам у 1776 годзе магдэбурскага права на самакіраванне. Вялікая ўлада і рэсурсы сканцэнтраваліся ў яго руках (працоўную сілу для праектаў гетмана вымушаны былі дастаўляць нават іншыя памешчыкі края).
Будаўніцтва новага канала тады праводзілася ў асноўным жыхарамі Слонімскага павета пад наглядам сястры гетмана, Ганарыты, якая, па дадзеных мастацтвазнаўцы Анджэя Ціханавецкага, у 1737 годзе стала дамініканскай манашкай у Львове, але пасля закрыцця манастыра пасялілася ва ўладаннях брата. Яна вельмі жорстка ставілася да працаўнікоў з ліку слонімскіх сялян і за сваю працу атрымала маёнтак пад Целяханамі, названы ў яе гонар – Ганарацін, дзе ў 1784 годзе за грошы гетмана быў збудаваны невялікі палац, якім яна так і не паспела нацешыцца, памёршы ў сярэдзіне сакавіка наступнага года.
Вялікі ўнёсак у арганізацыю і кіраўніцтва будаўніцтвам канала зрабіў Мацей Бутрымовіч (1745-1814), які пазней успамінаў, што быў “сведкам яго пачатку на паперы і першым выканаўцаю таго ж на зямлі”. Заўважаны і падтрымліваемы Агінскім таленавіты малады чалавек звязаў сваё жыццё з Пінскам, побач з якім размяшчаліся маёнткі яго жонкі. Кар’ерны рост на грамадзянскай глебе ён пачынаў канюшым, затым быў пінскім мечнікам, далей гарадскім суддзёю, каб у рэшце ў 1785 годзе стаць пінскім падстарастаю (другім чалавекам у гэтым старостве пасля Агінскага, фактычна ж - першым). Шмат зрабіў не толькі для канала паміж Ясельдаю і Шчараю, але і для з’яўлення яго брата – Мухавецкага (Днепра-Бугскага), распачатага ў 1775-м, годзе, калі па яшчэ няскончанаму Агінскаму ўжо пачалі сплаўляць лес. Сімвалічным пацвярджэннем выхаду будаўніцтва абодвух каналаў на завяршальны этап стала падарожжа Бутрымовіча з палешукамі на дзесяці караблях з Піны, затым Бугам і далей па Вісле праз Варшаву да Гданьска вясною 1784 года, і наведванне каралём Станіславам Аўгустам Палесся і Слонімшчыны ў тым жа годзе, дзе ён змог на ўласныя вочы пабачыць новы твар края і тое, як змяніліся ў сувязі з гэтым Пінск, Тэлеханы і Слонім, у які ён прыехаў 13 верасня.
Яшчэ амаль два гады адбываліся невялікія працы, аднак ужо ў гэты час па 54-кіламетровым канале з дзесяццю шлюзамі не толькі сплаўлялі лес і плавалі плыты, але і караблі, такія яе баркі альбо берліны. Слонім пераўтвараўся з горада-тэатра ў горад-порт, праз які праходзілі вялікія капіталы і значэнне якога павялічвалася адпаведна росту аб’ёмаў гандлю.
На сейме 1786 года Агінскі паведаміў, што перадае завершаны канал Бацькаўшчыне. Выдаткі на рэалізацыю праекта былі каласальныя – 12 мільёнаў злотых (у той жа час маёмасць гетмана ацэнавалася ў 14 мільёнаў злотых). Гэта ў сукупнасці з раскошаю жыцця гетмана, кепскім кіраваннем маёнткамі, абкраданнем яго падначаленымі і зменаю палітычнай сітуацыі вакол Рэчы Паспалітай, завершанай паглынаннем Беларусі Расіяй прывяло да продажу Агінскім сваёй маёмасці пляменніку – Міхаілу Клеафасу.
У памяць пра яго і ў гонар мясцовых сялян, многія з якіх страцілі тут не толькі здароўе, але і жыццё, застаўся нашчадкам канал, сімвал зніклай Рэчы Паспалітай, як напамін аб тым, што гісторыя захоўвае імёны адзінак, але яе творцы – гэта тысячы і тысячы самых звычайных людзей.
Напрыканцы існавання Рэчы Паспалітай і ў першыя гады пасля захопу Заходняй Беларусі Расійскай імперыяй Агінскі канал згубіў сваё ранейшае значэнне. Сродкаў на яго ўтрыманне не было. Нездарма, Тадэвуш Чацкі, успамінаючы аб ім у 1800 годзе ахарактарызаваў канал, як “амаль забыты”.
-
Катэгорыя: Транспартная сістэма
-
Апублікавана 06 Снежань 2014
Апошняе
- Гродненский военный лагерь 1705 – 1706 гг.
- Первое упоминание про Городен - 1127 год
- НА ПРАВАХ МАГДЭБУРГА
- ГАРАДЗЕНСКАЕ КНЯСТВА (ПАЧАТАК ГІСТОРЫІ)
- ІМЯ ГОРАДА
- Тайны семейной усыпальницы
- Андрэй Чарнякевіч Айцы горада: кіраўнікі гродзенскага магістрата ў міжваенны час і іх лёсы 1919–1939 гг.
- Старая Лента. Гродненский синематограф: забытые страницы
- В аренду предводителю дворянства или история дома на ул. Академической