Выхаванне адукаванага падрастаючага пакалення было адной з галоўных турбот яўрэйскага грамадства. Вучоныя мелі высокі грамадскі статус, а прысутнасць сярод сваякоў высокаадукаванага чалавека ўзвышала аўтарытэт усёй сям'і. "За знаўцу талмуда, хаця б ён і быў сынам бедняка, яўрэйскі багацей ахвотна аддасць сваю дачку і дасць за ёю вялікі пасаг, кожны ганарыцца ўступленнем у радство з вучоным талмудыстам, лічыць за шчасце і пасля смерці быць пахаванымі каля праху талмудыста і плаціць за гэта вялікія грошы”, - піша А.А.Аляксееў.
Асноўнай крыніцай ведаў лічылася Тора, таму асветніцкія мерапрыемствы і сістэма адукацыі будаваліся на аснове вывучэння рэлігіі. Усе нюансы побытавага жыцця яўрэйскай супольнасці былі разгледжаны ў каментарыях да Святых тэкстаў. Няведанне іх магло прывесці да сур'ёзнага парушэння традыцыі, таму, як вучыў Гілель, "невук не можа быць праведным." У сувязі з гэтым запавет аб неабходнасці вучыцца заняў у іўдаізме адно з цэнтральных месцаў.
Неабходныя для жыцця веды яўрэйскае дзіця набывала праз асвету, асноўнымі крыніцамі якой з'яўляліся сям'я, сінагога, грамадскае жыццё, і фармальная адукацыя - хедэр, талмуд-тору ці іешыва. Усе гэтыя інстытуты служылі мэце захавання традыцыйных каштоўнасцей і перадачы іх новаму пакаленню. Сістэма фармальнай адукацыі яўрэяў захавалася са старажытных часоў і мела наступную структуру: першапачатковыя веды давала вучоба ў хедэрах, талмуд-торах ці ў прыватных настаўнікаў-меламедаў (да 13 года жыцця), вышэйшым звяном былі іешывы. Кожны кагал пад страхам адлучэння ад сінагогі павінен быў утрымліваць пачатковую школу. Калі беднасць не дазваляла абшчыне набыць для школы асобны будынак, заняткі павінны былі праводзіцца ў сінагозе.
Талмудысты лічылі, што ў прынцыпе навучанне павінна быць бясплатным: Закон быў дадзены дарма, таму і той, хто яго выкладае, не павінен атрымліваць ніякай ўзнагароды. Сапраўды, у вышэйшых навучальных установах захоўвалася бясплатнасць навучання. Але для пачатковай школы ў адпаведнасці з думкай пра тое, што можа не знайсціся неабходнай колькасці жадаючых выконваць сваю працу задарма, было зроблена выключэнне. Яны атрымлівалі невялікае жалаванне ад бацькоў вучняў альбо ад абшчыны. Нягледзячы на сціпласць сваіх заробкаў, школьныя настаўнікі карысталіся вялікай пашанай і займалі ў кагале адно з самых аўтарытэтных месцаў. Найбольш паважанымі былі настаўнікі, якія самі мелі сем'і і згодна з гэтым валодалі асабістым практычным вопытам выхавання дзяцей. Аддавалі паравагу меламедам сталага ўзросту, таму што, як заўважыў рэб Іося, сын Іегуды, "вучыцца ў юнака — усё роўна што есці недаспелы вінаград ці піць неперабрадзіўшае віно".
Сёння складана ўявіць сабе дакладную колькасць меламедаў, якія працавалі ў яўрэйскім асяроддзі Беларусі ў апошняй чвэрці ХVIII – ХІХ стагоддзі, таму што калі на пачатку перыяду ўлік яўрэйскіх настаўнікаў наогул не праводзіўся, то пасля рэформы сістэмы народнай адукацыі яны пазбягалі рэгістрацыі з мэтай ухілення ад падаткаў. Як даносіла гарадзенскаму паліцмейстару ў 1839 годзе мясцовае чыноўніцтва, “вядома, што кожны, нават бяднейшы яўрэйскі хлопчык вучыцца чытанню і пісанню на яўрэйскай мове і першапачатковым правілам арыфметыкі”. І ў тым жа рапарце далей зазначана, што "знаходзіцца зараз у Гародні настаўнікаў яўрэйскіх дзяцей 71 чалавек, навучэнцаў у іх 422, што не адпавядае колькасці яўрэйскага насельніцтва гэтага горада.
Вучоба ў меламеда была адным з самых танных шляхоў атрымання ведаў. Многія з іх прыходзілі займацца з вучнем на дом. Даходы меламедаў вагаліся ў межах ад 10 да 20 рублёў срэбрам у год, дазволіла дырэктару вучылішчаў у Магілёўскай губерні ў 1847 годзе зрабіць на іх конт наступную заўвагу: "Апошнія два гады паказалі, што яўрэйскія настаўнікі - людзі самыя ўбогія, ледзь не паміраючыя з голаду". Спісы гарадзенскіх меламедаў за 1862 год утрымліваюць 15 прозвішчаў. Настаўнікі вучылі хлопчыкаў рознага ўзросту, фарміруючы групы па 4-15 чалавек: 8-10-гадовыя, 10-12-гадовыя. Х.А. Чэхавекаў адчыніў хедэр для дзяўчын, узрост яго падапечных даходзіў да 18 і 19 год. У 1868 г. зафіксавана 77 абкладзеных падаткамі і 8 нелегальна працаваўшых меламедаў.
Некаторыя яўрэйскія настаўнікі ўтрымлівалі прыватныя пачатковыя школы - хедэры. За першае паўгоддзе 1858 года ў Гародні пасведчанні на права ўтрымання хедэра атрымалі 38 настаунікаў, якія вучылі па 2-14 вучняў. Заўважана, што хедэр яны вядуць ахайна, карыстаюцца рэкамендаванай літаратурай. У сярэднім за сваю працу яны атрымлівалі па 11.3 рублёў срэбрам за год. Беднасць хедарымаў прыводзіла да таго, што яны не маглі забяспечыць сваім падапечным належных умоў для вучобы. Вось толькі адно з мноства падобных апісанняў: "Хедэр звычайна размяшчаецца ў адзіным пакоі жылля меламеда. Тут туліцца яго бедная сям'я, тут яго жонка гатуе абед, тут жа за звычайным сталом... вучні на працягу цэлага дня вывучаюць розныя навукі".
Шлях ад прыватнага хедэра да першай ў Гародні прыватнай яўрэйскай жаночай гімназіі прайшла школа Т.Астрагорскай. Пасля адкрыцця гэтай навучальнай установы, якое адбылося 9 верасня 1852 года, тут існавлі два аддзяленні, якімі кіравалі настаўнікі Я.Шклярэўскі і Галавічанскі. З 11 сакавіка 1870 года вучылішчам пачаў загадваць Якаў Астрагорскі, а з 21 лютага 1876 года - Тэафанія Астрагорская. У 1887 годзе тут набывалі веды 139 дзяўчын узростам ад 8 да 15 гадоў. Каля вучылішча быў невялікі двор, але вучаніцы ніколі не гулялі на ім, таму што ў час паўгадзіннага абедзеннага перапынку яны хадзілі дахаты, а тыя, хто жылі далёка, заставаліся пад наглядам настаўніцы ў пакоі падрыхтоўчага класа.
З 15 чэрвеня па 8 жніўня ў вучэбным плане стаялі канікулы, але далёка не ўсе вучаніцы ў гэты час адпачывалі. Навучанне вялося на рускай мове, таму дзяўчыны, якія толькі пачыналі вучобу або спазніліся да яе пачатку, вымушаны былі займацца ўлетку па дзве гадзіны на дзень у малодшым падрыхтоўчым класе. Вучэнне было платным, а грошы дазвалялася ўнесці адразу за ўсе 4 гады, альбо штомесяц. За навучанне ў падрыхтоўчым класе збіралася па 18 рублёў у год, у звычайных класах па 22 рублі. Пры гэтым кіраўніцтва вучылішча магло зрабіць скідку дзецям бедных бацькоў да 16, 12, а то і 10 рублёў, альбо наогул вучыць дзяўчынку бясплатна. Такую дабрачынную дзейнасць рабіла магчымай фінансавая дапамога гарадзенскага кагала, які выдзяляў з сум скрыначнага і свечкавага збору па 250 рублёў у год.
Настаўнікі вучылішча атрымалі добрую для таго часу адукацыю. Сама Тэафілія Астрагорская і настаўніцы Адэліна Астрагорская, Соф'я Бурда скончылі курс гімназіі. Настаўнік Гамарын вучыўся ў Віленскім яўрэйскім інстытуце, Якаў Астрагорскі — у казённым яўрэйскім вучылішчы, Шапіра, Давідзон і Гершун — у павятовым вучылішчы. 14 ліпеня 1906 года 4-класнае яўрэйскае жаночае вучылішча Т.Астрагорскай было пераведзена ў ранг прагімназіі. Акрамя Т.Астрагорскай яе заснавальніцай стала Л.Вальдман. Праз год гэтая навучальная ўстанова стала 7-класнай гімназіяй з падрыхтоўчым класам.
На датацыі кагала часткова існавала і вучылішча Меера Аўраамавіча Астрагорскага. Яно было адчынена ў нашым горадзе ў 1852 годзе і атрымлівала штогод 500 рублёў са свечкавага і скрыначнага збора. Такую ж дапамогу аказваў кагал яўрэйскаму вучылішчу, якое было заснавана пры фабрыцы Шэрэшэўскага. Напрыканцы 60-х гадоў XIX стагоддзя Шолам Кальманавіч Гальперн утрымліваў хедэр для 26 дзяўчынак ва ўзросце ад 10 да 18 год. Нягледзячы на прашэнні бацькоў, гэта школа была зачынена з-за парушэнняў, выяўленых у час праверкі, 19 студзеня 1869 года.
Для дзяцей, бацькі якіх не былі ў стане аплаціць працу настаўніка, існавала грамадская школа талмуд-тора, якая ўтрымлівалася на сродкі кагала. Але, як адзначае сучаснік, якасць навучання ў талмуд-торы была нізкай. "Маючы справу выключна з немаёмасным класам,... [настаўнікі] галоўную ўвагу звярталі на адцягненне дзяцей ад гультаявання і маральнага сапсавання". Гарадзенскай талмуд-торай у другой палове XIX стагоддзя загадваў Арон Марголін. У 1875 годзе ён быў адзначаны за 30-гадовую службу срэбраным медалём "за стараннасць" на Станіславаўскай стужцы.
У сцянах гарадзенскай талмуд-торы ў 1858 годзе займаліся 40, а ў 1869 годзе - 200 вучняў. Яўрэйскія хлопчыкі займаліся тут з 9 да 21 гадзіны з невялікім перапынкам. 39 да 13 вучылі Талмуд, да 15 гадзін - рускую мову, арыфметыку і чыстапісанне, а пасля гадзіннага перапынку на абед зноў браліся за Талмуд. Дзеці цэлы дзень знаходзіліся ў цесным і неправетраным памяшканні, амаль не рухаючыся, таму большасць з іх вырастала хваравітымі і слабымі.
Не лепшым быў санітарна-гігіенічны стан гарадзенскай іешывы. Яна знаходзілася на Школьнай вуліцы ў будынку сінагогі. У 1858 годзе яе загадчыам быў Іцка Эберул. Заняткі наведвалі на 1858 год 80, на 1870 - 59 хлопчыкаў, якія рыхтаваліся стаць у будучым рабінамі альбо настаўнікамі. У другой палове стагоддзя нават сюды распаўсюдзіўся дух асветніцтва. "Хаця ўсе яўрэйскія ешыботы маюць на мэце набыццё рэлігійных ведаў, але ў апошні час гарадзенскі ешыбот і талмуд-тора, дзе вучацца 243 яўрэі, пачалі вывучаць рускую мову, арыфметыку на рускай мове, уводзяць ва ўжыванне ў класах рускую гаворкавую мову. З рускіх кніг тлумачацца прыродазнаўства, гісторыя і геаграфія".
Дзейнасць традыцыйных яўрэйскіх пачатковых школ немагчыма ацаніць адназначна. Яны ўносілі ў яўрэйскае асяроддзе пісьменнасць, прывівалі любоў да традыцый (нацыянальных, рэлігійных) і такім чынам супрацьстаялі асіміляцыі. Але пры гэтым нельга не заўважыць аднабаковасць гэтай выключна рэлігійнай па свайму характару асветы, нізкі ўзровень адукацыі настаўнікаў. У сярэдзіне XIX стагоддзя ў праграме талмуд-торы адсутнічалі прыродазнаўчыя дысцыпліны, і калі на вывучэнне Талмуда штодзень адводзілася 9 гадзін, то на рускую мову, арыфметыку і чыстапісанне разам - толькі дзве гадзіны. Яўрэйскія асветнікі крытыкавалі хедэр за адсутнасць увагі да гігіены працы: яўрэйскія дзеці на працягу цэлага дня без належных перапынкаў для адпачынку, гульняў, ежы і фізічных заняткаў займаліся ў непрыстасаваных памяшканнях. Гэта прыводзіла да сумных вынікаў — маладыя яўрэйскія вучоныя, якія прайшлі праз хедэры і іешывы, выходзілі з іх сценаў з хранічнымі захворваннямі органаў стрававання, дыхання і інш.
Іешывы ў традыцыйнай яўрэйскай сістэме адукацыі з'яўляліся вышэйшымі навучальнымі ўстановамі. Тут вучылася самая таленавітая яўрэйская моладзь, выпускнікі станавіліся рабінамі. Згодна з гэтым, асноўны націск быў зроблены на вывучэнне рэлігійна-гістарычных прадметаў. У якасці асноўнага метадычнага прыёма выкарыстоўвалася "піліпула" - уменне пры дапамозе галавазломных пабудоў збліжаць самыя далёкія паняцці і такім чынам знаходзіць схаваны сэнс Закона. Умовы жыцця і вучобы ў іешывах заставаліся такімі ж складанымі, як і ў пачатковай школе, а вучэбны дзень працягваўся 10 гадзін.
Маладая яўрэйская інтэлігенцыя, знаёмая з дзейнасцю берлінскага гуртка М.Мендэльсона, жорстка крытыкавала недахопы яўрэйскай сістэмы адукацыі. У яе праграме пераўтварэння яўрэйскага свету рэформа школы займала цэнтральнае месца. Праграма-максімум прыхільнікаў Гаскалы, сфармуляваная ў 30-я гады XIX стагоддзя І. Б. Левінсонам, пачынаецца наступным пунктам: "Трэба заснаваць школы для навучання хлопчыкаў і дзяўчынак не толькі агульна-адукацыйным прадметам, але і рамяству". Менавіта маладая яўрэйская інтэлігенцыя стала апорай палітыкі царскага ўраду па правядзенню рэформы сістэмы яўрэйскай адукацыі.
Усведамляючы сабе месца адукацыі ў свеце яўрэйскай культуры, царскі ўрад на працягу першай паловы XIX стагоддзя імкнуўся падначаліць яе сабе і ў ідэалагічным, і ў адміністратыўным сэнсе. "Усталяванне пра яўрэяў" 1804 года дазволіла яўрэйскім дзецям выбіраць паміж агульнымі расійскімі і традыцыйнымі яўрэйскімі навучальнымі ўстановамі. Але нямногія яўрэі выкарысталі прадастаўленую ім магчымасць: парадкі і вучэбная праграма агульных устаноў катэгарычна разыходзіліся з яўрэйскай традыцыяй і таму былі непрымальнымі для вернікаў-іўдзеяў. Каб паскорыць працэс "цывілізавання" яўрэяў, было вырашана правесці рэформу.
13 лістапада 1844 года ўступіў у дзеянне “Указ аб асвеце яўрэйскага юнацтва", сакрэтныя інструкцыі якога загадвалі: "Мэта адукацыі — у збліжэнні з хрысціянскім насельніцтвам і вынішчэнні забабонаў, выкліканых вывучэннем Талмуда". Прадугледжвалася паступова замяніць традыцыйныя яўрэйскія навучальныя ўстановы казённымі яўрэйскімі і рабінскімі вучылішчамі. Часовыя правілы паставілі навучальны працэс у яўрэйскіх школах пад кантроль міністэрства народнай асветы і ўвялі абавязковыя пасведчанні для меламедаў і хедарымаў. Гэтыя меры не толькі парушалі незалежнасць самабытнай яўрэйскай школы, але і ставілі па-за законам вялікую армію немаёмасных настаўнікаў, якія не маглі ўнесці падатак і апынуліся перад дылемай: мяняць род дзейнасці альбо працягваць працу нелегальна.
Дзяржаўная праграма, якой былі абавязаны прытрымлівацца яўрэйскія настаўнікі, уключала ў сябе абавязковае вывучэнне рускай мовы і арыфметыкі. Меламеды мусілі здаць экзамен, прычым дазволена было "лічыць дастатковым, калі выпрабоўваемы яўрэй бегла чытае рускія друкаваныя кнігі і выразна пісаныя рукапісы, хаця б і з некаторымі памылкамі супраць націску; свабодна, хаця і не зусім правільна, піша па-руску дыктоўку, умее адрозніваць часціны мовы; цвёрда ведае правілы скланення і спражэння, нумераванне, табліцу множання і хаця б без строгай дакладнасці, першыя чатыры дзеяння арыфметыкі над цэлымі простымі лічбамі”.
У Гародні казённае яўрэйскае вучылішча І разрада адчынена 9 снежня 1849 года. Яно існавала за кошт скрыначнага збора. Штат гэтай установы складаўся з наглядчыка-хрысціяніна і двух настаўнікаў-яўрэяў. Акрамя таго, планавалася наняць настаўніка чыстапісання. Тут выкладалі рускую мову з чыстапісаннем і арыфметыку па 2 гадзіны ў дзень, яўрэйскую мову (іўрыт) з чыстапісаннем, рэлігійныя прадметы і асновы нямецкай мовы. Але яўрэі не спяшаліся аддаваць сваіх дзяцей у дзяржаўныя навучальныя ўстановы. Многія вучні толькі фармальна лічыліся ў казённым вучылішчы. Якасць навучання была тут невысокай, наглядчыкі-хрысціяне недастаткова адукаваныя, да таго ж не звярталі ўвагі на спецыфіку яўрэйскай адукацыі, настаўнікі-яўрэі таксама не вылучаліся ведамі.
Жаночая адукацыя гэтаксама не засталася па-за ўвагай міністэрства народнай адукацыі. У Гародні ў 1852 годзе з'явілася жаночая пачатковая аднакласная школа. Настаўніцы, якія працавалі тут, скончылі курс сярэдняй навучальнай установы альбо атрымлівалі месца па экзамену. Колькасць вучаніц, якія наведвалі гэтае вучылішча, у параўнанні з агульнай колькасцю маладых яўрэяк у Гародні была невысокай: у 1870 годзе - 100, у 1878 - 85, 1883 - 125, 1884 - 112 чалавек.
8 кастрычніка 1854 года заснавана казённае яўрэйскае вучылішча II разрада, якое ў 1860 годзе наведвалі 43 вучні. У гэтай школе ў пяці класах заняткі праводзілі 5 настаўнікаў з хрысціян і 4 з яўрэяў. Далёка не ўсе дзеці мелі магчымасць скончыць гэтую навучальную ўстанову. Дакументы паказваюць, што толькі 9 вучняў з 35 завяршылі навучанне ў тэрмін, а астатнія выбылі па фінансавых прычынах. Школа мела ўласную бібліятэку, якая складалася з 369 тамоў, 9 геаграфічных карт, 1 атласа і 19 пропісаў. Сярод прадметаў, якія выкладаліся тут, былі рэлігія, іўрыт, біблейская і іўдзейская гісторыя, агульная гісторыя і геаграфія, хімія, фізіка, тэхналогія, рускае і яўрэйскае чыстапісанне, чарчэнне.
У сувязі з ухіленнем яўрэяў ад наведвання дзяржаўных адукацыйных устаноў у Гародні ў 1861 годзе праведзена рэарганізацыя: на базе вучылішчаў І і ІІ разрадаў створана адно вучылішча І разрада. Ганаровым наглядчыкам быў зацверджаны купец другой гільдыі Аўраам Юдэлевіч Гордан; загадчыкам школы стаў Маісей Аўраамавіч Коткінд, які скончыў Віленскае рабінскае вучылішча; "агульныя прадметы" вёў Самуіл Ісаакавіч Гурвіч, выпускнік Менскай гімназіі; “яўрэйскія прадметы" праводзіў Монес Аўрамавіч Бендэтсон, а чыстапісанне - Натан Восіпавіч Фрыдман.
У 1865 годзе рэфармаванне працягнута ўказам аб заснаванні казённых рускіх яўрэйскіх народных школ, згодна з якім у Гародні адчынена 7 устаноў такога тыпу. Яны павінны былі служыць засваенню 8-15-гадовымі яўрэямі рускай мовы і стылю жыцця. Сёння нам вядомы імёны настаўнікаў, якія працавалі ў гэтых школах. Гэта Нікольскі, Каменскі, Пекар, Беластоцкі, Бальзамінаў. Ганаровымі наглядчыкамі тут сталі: Ратнер, Ашкеназі, Вількер, Гордан, Тарлоўскі.
У 1873 годзе па чарговаму ўказу ўрада заснаваны першапачатковыя 1-класныя яўрэйскія вучылішчы, мэта якіх - “вучыць яўрэяў у «рускім духу» за іх жа кошт (скрыначны, свечкавы зборы), рускай мове і далучыць да агульнай культуры, не змешваючы з хрысціянамі". У Гародні пачало працаваць такое вучылішча. У ім вучыліся ў розныя гады ад 94 да 111 хлопцаў. Бацькоў вабіла адпаведнасць нерабочых дзён яўрэйскаму календару і "яўрэйскія прадметы". Канікулы ў школе доўжыліся не больш за месяц, таму што хаця заняткі канчаліся 15 чэрвеня, а новы навучальны год пачынаўся 4 жніўня, улетку праводзіліся экзамены.
Рабочы дзень пачынаўся ў 8.30 малітвай на рускай мове, пасля якой у раскладзе стаяла 6 урокаў. Кожны дзень абавязкова праходзілі тры заняткі па "агульных прадметах" (прычым праз дзень стаялі чыстапісанне і маляванне), два "яўрэйскіх прадмета" (граматыка, біблейская гісторыя, закон веры). Два разы на тыдзень па гадзіне вучні займаліся спевамі. Курс разлічваўся на 6 гадоў. Настаўнікі мелі добрую кваліфікацыю: яны былі выпускнікамі Віленскага рабінскага вучылішча і настаўніцкага інстытута. Бібліятэка вучылішча складалася з кніг па геаграфіі, мовазнаўству, гісторыі, мастацкай літаратуры, часопісаў "Воспитание и обучение” і “Родник”.
На пачатку ХХ стагоддзя працягвалі адчыняцца казённыя школы для яўрэйскага юнацтва. У 1903 годзе было заснавана трохгадовае пачатковае вучылішча з бюджэтам у 2400 рублёў з сум скрыначнага збора. Пры гэтым губернская статыстыка адзначыла, што, хаця ў горадзе налічваецца больш за 1500 хлопчыкаў і 1800 дзяўчынак школьнага ўзросту, з іх вучацца толькі 500 хлопчыкаў (33%) i 450 дзяўчынак (25%).
Частка яўрэйскага юнацтва аддавала перавагу агульным навучальным установам. У гарадзенскай мужчынскай гімназіі ў 1876 годзе 28%, а ў 1892 годзе - 14% навучэнцаў складалі яўрэі. Пасля праваслаўных (106 чалавек) гэта была самая буйная рэлігійная суполка. Многія яўрэі імкнуліся атрымаць карысную прафесію. Так, у 1876 годзе яны складалі большасць навучэнцаў землямерна-таксатарскага класа (7 з 13). Сярэдні кошт навучання быў высокі - 98 рублёў у год, што не дазваляла многім яўрэям скончыць поўны курс навук. Таму ўжо з чацвёртага класа значная частка яўрэяў пачынала прафесійную дзейнасць. Часцей за ўсё яны станавіліся аптэкарамі. Для небагатых студэнтаў гарадзенскае яўрэйскае грамадства выназначыла стыпендыю ў памеры 30 рублёў.
Яўрэі былі сярод лепшых навучэнцаў гімназіі, напрыклад, у 1885 годзе І.3.Марголін скончыў яе са срэбраным медалём. Пасля гімназіі яны вучыліся на юрыдычных, медычных і матэматычных факультэтах ВНУ Масквы, Санкт-Пецярбурга, Варшавы, Парыжа. Яўрэйкі складалі значную частку вучаніц жаночай гімназіі: 1875-42%, 1880 - 32%. За іх вучобу са скрыначнага збору выдаткоўвалася 1300 рублёў, з іх 300 рублёў на стыпендыю бедным навучэнкам.
Сярод настаўнікаў і абслугоўваючага персанала гарадзенскіх гімназій былі яўрэі. Асабліва шмат сярод іх урачоў, напрыклад, з 1863 года тут працаваў Ілля Саламонавіч Кулькін, надворны саветнік, які скончыў Санкт-Пецярбургскую медыка-хірургічнцю акадэмію. Акрамя таго яму давялося працаваць гарадзенскім галоўным, а пазней і павятовым урачом. На пачатку ХХ стагоддзя ў гарадзенскай мужчынскай гімназіі працавалі настаўнік "яўрэйскай веры" С.І.Суботнік, настаўнік музыкі Я.Я.Мітэльмалер, зубны ўрач Д.-І.І.Лофэ.
Яўрэйскія таварыствы, сярод якіх лідыравала Таварыства для распаўсюджання асветы сярод яўрэяў у Расіі, арганізоўвалі бясплатнае навучанне яўрэяў, жадаўшых стаць настаўнікамі. Бедным прапаноўвалася стыпендыя. Такія курсы, разлічаныя на два гады, адкрыліся ў Гародні 1 лістапада 1907 года. Сфарміравалася група ў 30 чалавек. Каб трапіць у яе, кандыдаты павінны былі вытрымаць іспыты, праграма якіх утрымлівала пытанні па рускай і яўрэйскай граматыцы, арыфметыцы, веданню Бібліі і гісторыі.
Натан Бендэтсон на пачатку 80-х год ХІХ стагоддзя маляваў абсалютна аптымістычную карціну распаўсюджання "казённай асветы" у Гародні. Ён пісаў у сваім артыкуле ў часопісе "Рассвет", што "Выхаванне сваіх дзяцей на сучасных пачатках складае прадмет клопату большасці бацькоў-яўрэяў. Кожны хаця б трошкі заможны яўрэй пасылае гатоўнасцю сваіх дзяцей у навучальную ўстанову... Асветленыя сейбіты юдафобіі ў сэрцах юных пітомцаў, відаць, зніклі ў нашым горадзе, і калі некаторыя з нашых педагогаў у душы, можа быць, не зусім-такі вольныя ад юдафобіі, то знешне яны не праяўляюць гэтае пачуццё. Ад гімназістаў не прыходзіцца чуць скаргі на абразу іх нацянальнага пачуцця".
Расіі, якая рухалася па капіталістычнаму шляху, патрэбны былі маладыя спецыялісты, таму перад дзяцьмі заможных яўрэяў адчыніліся дзверы ВНУ. Студэнты з Гарадзенскай губерніі вучыліся у Варшаўскім, Дэрптскім, Кіеўскім і Маскоўскім універсітэтах, Ломжынскім вышэйшым рамесным вучылішчы, Ровенскім рэальным вучылішчы. Яурэяў запрашалі паступаць у садаводчыя вучылішчы, У 1853-54 г.г. ім застаўлена 30 вакансій у Пецярбургскім тэхналагічным інстытуце. Сярод маладых яўрэяк ва ўзросце ад 18 да 30 год, што жадалі атрымаць спецыяльнасць, асабліва папулярна была гарадзенская павівальная школа. Гэтая навучальная ўстанова, якая была заснавана 1 кастрычніка 1876 года, прымала на конкурснай аснове кандыдатак, якія валодалі рускай мовай. Курс быў разлічаны на два гады, на працягу каторых навучэнкі знаходзіліся на “казённым утрыманні".
Адзначаючы, што "з яўряэў пры іх кемлівасці могуць выходзіць вельмі добрыя садоўнікі," іх запрашалі ў садаводчыя вучылішчы. У 1853 годзе было пакінута 30 вакансій для яўрэйскай моладзі ў Санкт-Пецярбургскім тэхналагічным інстытуце. Але выхаваная ў строгім рэлігійным духу яўрэйская моладзь пазбягала агульных навучальных устаноў і пакінутыя для яўрэяў "вакансіі" у першай палове XIX стагоддзя часцей за ўсё заставаліся вольнымі.
Вялікае значэнне для перадачы разнастайных ведаў пра свет і чалавека мелі кнігі. У яўрэйскім асяроддзі было распаўсюджана асабліва трапяткое стаўленне да кнігі як да сапраўднага багацця.
Заможнасць сям'і вызначалася не толькі па наяўнасці матэрыяльнага дастатку, але і па стану бібліятэкі галавы дому. "Гонарам кожнай хаты з'яўляюцца рэлігійныя кнігі”, - адзначаў сучаснік.
Многія з гэтых кніг былі надрукаваны ў мясцовых яўрэйскіх тыпаграфіях. У апошняй чвэрці XVIII - пачатку XIX стагоддзя ў Гародні з'явіліся дзве друкарні: адна з іх была заснавана ў 1788 годзе, другая, пазней перанесеная ў Вільню, у 1819 годзе.
Асартымент кніг, якія абіраў для друку тыпограф, вызначаўся попытам у чытаючай публікі. Такім чынам, рэестры прадукцыі яўрэйскіх друкарняў Беларусі з'яўляюцца адлюстраваннем густу і духоўных запатрабаванняў сучасных ім яўрэйскіх чытачоў. Вядучае месца сярод выданняў, якія выходзілі з друку, належыць рэлігійным. Так, напрыклад, у гарадзенскай друкарні ў 1820 годзе на іўрыце выйшлі “Кнігі дванаццаці прарокаў” і “Псалмы Давідавы”. Канкурэнцыя з іншымі прыватнымі, а таксама дзяржаўнымі друкарнямі, вымушала яўрэйскіх тыпографаў звяртаць увагу на запатрабаванні неяўрэйскіх кліентаў. Таму друкарні, якія належылі яўрэям, у першай палове XIX стагоддзя набывалі літары рускага, польскага, французскага і нямецкага алфавітаў. Гарадзенскі друкар Зімель Нохімавіч у 1823-1832 гадах па кантракту з Віленскім універсітэтам выдаваў гаспадарчы каляндар, 214 друкаваў тэатральныя афішы. Яго сын, Хацкель Зімелевіч, у 1849 годзе друкаваў "Скарочаную рускую граматыку, ці Просты і лёгкі спосаб вывучэння граматычных правілаў” І.Канстанцінава.
У траўні 1821 года Зімель Нохімавіч атрымаў дазвол на заснаванне тыпаграфіі ў Вільні, а ў 1830 годзе адчыніў тыпаграфію ў мястэчку Азёры Гарадзенскага павета. Загадванне гарадзенскай і азёрскай тыпаграфіямі гаспадар даручыў сваім сынам Моўшы і Хацкелю. Азёрская словалітня была вядома як месца выпуску літар, якія "раўняліся па аздабленню самым лепшым замежным і ставілі іх вытворцаў у адзін шэраг з пярвейшымі ў гэтым родзе мастакамі”. Іх куплялі для сваіх тыпаграфій віленскія майстры Марцыноўскі, Гліберг і іншыя. Больш за 20 дакументаў, якія былі выдадзены Зімелю Нохімавічу рознымі ўстановамі і прыватнымі асобамі, сведчылі пра высокую якасць яго прадукцыі.
Тым не менш, у яўрэйскім асяроддзі адчуваўся недахоп друкаванай літаратуры. Ён ліквідаваўся за кошт імпарту. Так, у 1817 годзе гарадзенскія друкары скардзіліся на тое, што "некаторыя яўрэі купляюць кнігі за мяжой і ўвозяць у Расію, чым робяць [нам] падрыў і страту". Значная частка літаратуры трапляла ў краіну кантрабандным шляхам.
Пазней яна распрадавалася вандроўнымі гандлярамі. Расійскія ўлады кантралявалі яўрэйскі кніжны рынак з дапамогай інстытута цэнзуры. Адпаведны орган быў заснаваны 5 кастрычніка 1797 года, а 11 снежня 1797 года цэнзарамі былі прызначаны М. Гэкіль і Э. Леві. Указам 1836 года цэнзуры яўрэйскіх кніг нададзны абавязковы характар.
Менавіта неабходнасцю дакладнага нагляду за станам яўрэйскага кнігавыдавецкага рынку было растлумачана закрыццё большасці яўрэйскіх друкарняў Расійскай імперыі. Указ ад 20 снежня 1836 года знішчаў усе тыпаграфіі, належыўшыя яўрэям, акрамя кіеўскай і віленскай. Гарадзенскі друкар Зімель Нохімавіч, які панёс вялікія страты ў час паўстання 1830-1831 гадоў, вымушаны быў зачыніць сваю друкарню ў нашым горадзе. Пасля указа 26 красавіка 1862 года, які дазволіў мець друкарні ў мяжы аселасці, у 1863 годзе друкарня зноў пачала працу. Згодна з дакументамі гарадзенскага архіва, майстэрня перастала існаваць паміж 1870 і 1889 годам.
Пасля азначанага ўказа 1863 года ў Гародні ўзнікае сетка яўрэйскіх тыпаграфій і літагарфій. Некалькі майстэрань належалі сям'і Мейлаховічаў. Першая з іх была заснавана Маісеем Мейлаховічам, выпускніком Імператарскай акадэміі мастацтваў, які за сваю працу атрымаў званне спадчыннага ганаровага грамадзяніна. У 1868 годзе дазвол на адкрыццё літагарфій атрымалі яго сыны Іосель Маісеевіч (7 жніўня) і Давід Маісеевіч (8 жніўня) Мейлаховічы. Асабліва добра пайшлі справы ў апошняга. Друкаваную прадукцыю ён вырабляў на абсталяванні, якое было набыта ў берлінскай фірме Айхеля і Бахмана. У 1877 годзе прадпрыемства было пашырана за кошт яшчэ адной друкарскай машыны.
У гэтай літаграфіі Давід Мейлаховіч навучыў мастацтву друкавання літаграфій сваіх дзяцей - Зундэля і Рыўку-Юдэсу. Пры яго падтрымцы З.Д. Мейлаховіч 11 лютага 1893 года адчыніў уласную майстэрню. Пра тое, што і ў далейшым справы ў М.Мейлаховіча ішлі добра, сведчыць факт пра набыццё ім для сваёй літаграфіі ў 1901 годзе яшчэ адной літаграфскай машыны з майстэрні Ю.В.Мураўніка. Лёс Р.-Ю.Д. Мейлаховіч таксама аказаўся звязаным з літаграфскай справай. Яна стала жонкай беластоцкага друкара Левіна. Пасля 20-гадовага шлюбу яна засталася ўдавой і ў 1898 годзе самастойна працягнула справу мужа на двух пакінутых ім у спадчыну машынах.
Лёс Іоселя Маісеевіча Мейлаховіча склаўся не так шчасліва. 29 траўня 1885 года згарэла яго прадпрыемства разам з усёй рухомай маёмасцю, якая ў ёй знаходзілася. Усе гэтыя рэчы не былі
застрахаваны і таму І.Мейлаховіч аказаўся поўнасцю зруйнаваным. Пры гэтым ён не хацеў стаць нахлебнікам для сваіх сыноў Лейбы і Эйзера і 10 год працягваў гравіраваць на даму. Увесь гэты час Мейлаховічы марылі ўзнавіць сваю майстэрню і збіралі грошы. Вопыт для самастойнай працы яны мелі дастатковы: Лейба на працягу 10 год працаваў у гарадзенскай губернскай тыпаграфіі, а з 1877 года валодаў друкарняй у Ломжы. Але ўлады не жадалі ствараць канкурэнцыю майстэрням, якія ўжо існавалі ў Гародні, і не дазволілі Мейлаховічам адчыніць новае прадпрыемства.
У канцы ХІХ стагоддзя колькасць яўрэйскіх друкарань ў Гародні павялічылася. Сярод тыпографаў таго часу былі: Осіп Гурвіч, які адчыніў сваю тыпалітаграфію 24 кастрычніка 1875 года і Саламон Лапін, майстэрняй якога з 7 траўня 1892 года пачала кіраваць Сора Лапіна. У 1896 годзе іх старэйшы сын Абрам, які пасля смерці бацькі застаўся адзіным кармільцам сям'і з 17 чалавек, адчыніў уласную тыпаграфію ў Брэст-Літоўску. Вядомы тыпограф Ісаак Вольфавіч Харын, купец другой гільдзіі, што пачаў сваю кар'еру ў якасці старэйшага пісара, перавёз сваю друкарню ў Гародню з Масквы. Для таго часу гэта было вялікае прадпрыемства, бо працавалі на ім больш за 60 чалавек. На тыпа- і літаграфскай машынах ён друкаваў канторскія кнігі, бланкі, запісныя кніжкі, візіткі, календары, дзённікі. Уся гэтая прадукцыя знаходзіла попыт не толькі ў Гародні, але і ў Цэнтральных губернях Расіі. Яго бацька, Вольф Харын, валодаў пераплётнай майстэрняй. Ён пераплятаў па кантракту з гарадзенскім губернскім праўленнем, будаўнічым і ўрачэбным аддзяленнямі, думамі і судамі канторскія кнігі і журналы. На працягу 1870 года В.Харын пераплёў 3158 кніг на суму 416 рублёў 20 капеек. 3 29 лютага 1895 года часткай майстэрні стаў загадваць яго сын, Міхель Вольфавіч Харын.
Уладальнікам яшчэ адной гарадзенскай друкарні быў купец Абрам Шаевіч Шацкі. Ён набыў гэтую майстэрню, заснаваную 3 лютага 1896 года, у Вольфа Эліавіча Матэса ў лістападзе 1898 года. Але паколькі ў яго шмат часу займала крама каланіяльных тавараў на вуліцы Маставой і шчацінная фабрыка на вуліцы Замкавай, ён даручыў кіраванне літаграфіяй свайму зяцю, Юдзе Вольфавічу Муравіну. У апошняга справы спачатку пайшлі добра, і ён ужо праз два гады змог адкупіць майстэрню ў цесця. І вось у 1901 годзе друкарня зноў змяніла гаспадара - абсталяванне было прададзена 3. Мейлаховічу.
У другой палове XIX стагоддзя ў нашым горадзе працаваў таксама наборшчык і гравёр Давід-Шлёма Моўшавіч Шмігельскі. Да адкрыцця ўласнай друкарні (29 кастрычніка 1897 года) ён 22 гады працаваў у тыпаграфіі. На рубяжы стагоддзяў колькасць тыпа- і літаграфій ў горадзе так павялічылася, што ўлады сталі ўсё часцей адмаўляць жадаўшым адчыніць новыя майстэрні. Такі лёс выпаў, напрыклад, М.А.Андрэсу, М.О.Шапіры і іншым. Некаторыя з іх, як Эліяш-Гірш Моўшавіч Руф, атрымаўшы доўгачаканае пасведчанне, не змаглі адчыніць уласную справу з-за недахопу сродкаў.
У канцы ХІХ стагоддзя яўрэі складалі значную частку ўласнікаў кнігарань у Гародні. Напрыклад, у 1896 годзе яны валодалі паловай такіх крам (тры з шасці). Кніжны гандаль вялі ў сталых і часовых лаўках, на латках у час свят і кірмашоў. Напрыклад, у 1879 годзе працавала сталая кнігарня Мордхеля Ізраілевіча Вассэртрэгера на Базарнай плошчы, дзе можна было набыць кнігі, якія ўжо былі ў карыстанні. У тым жа годзе ў час свят Йом-Кіпур і Рош-га-Шана працавала часовая кніжная крама віленскай тыпаграфскай фірмы "Удава і браты Ром", дзе прадаваліся толькі яўрэйскія кнігі. Загадчыкам лаўкі ў Гародні працаваў Сроль-Давід Мілер. 3 1894 года яна пачала працаваць стала пад кіраўніцтвам сына папярэдняга загадчыка, Лейбы Мілера.
3 траўня 1895 года адчынена крама М. Гінзбурга, дзе гандлявалі рускімі і замежнымі кнігамі. 3 кастрычніка 1895 года адчыніў сваю кнігарню на Мяшчанскай вуліцы гарадзенскі мешчанін Якаў-Моўша Любіч. У 1896 годзе спіс яўрэйскіх кнігарань Гародні папоўніла крама Ізраіля Нохімавіча Тракяніцкага, у памяшканні якой знаходзіліся таксама бібліятэка і чытальная зала. Сярод уладальнікаў кніжных крам крыніцы называюць таксама яўрэяў Вольфсана (вуліца Замкавая) і Берку Мееравіча Бельке (вуліца Мяшчанская).
Многія ўладальнікі невялікіх кнігарань і бібліятэк, імкнучыся ўхіліцца ад падаткаў, адчынялі свае крамы на даму. У якасці прыклада можна прывесці Б.Любіча, які быў аштрафаваны ў 1890 і 1894 гадах. Як даносілі ўладам ананімшчыкі, пад прыкрыццем чытання кніг у яго бібліятэцы збіраліся "падазроныя тыпы" і вялі там палітычныя размовы. Жонка Б.Любіча Эйдля і яго пасынак Бейлькін адчынілі ў сябе на кватэры па вуліцы Замкавай падпольны хедэр, дзе яўрэйскія дзяўчыны "вучацца ўсялякім патрэбным і непатрэбным прамудрасцям". Э.Любіч была схоплена на месцы злачынства і заплаціла штраф, але школу не зачыніла, а перанесла на Манастырскую вуліцу.
Праз некаторы час і гэты хедэр быў знойдзены паліцыяй. Самой Эйдлі ўдалося ўцячы, а з яе сына спагналі штраф. Але і на гэтым прыгоды сям'і Любічаў не спыніліся. Калі 9 лістапада 1894 года паліцэйскія зноў з'явіліся на кватэры Любічаў, то знайшлі там школу, якую ўтрымліваў з дазволу мясцовага кіраўніцтва меламед Хаім Аўсеевіч Прэтэр. У час праверкі яго дакументаў з суседняга пакоя пачалі ўцякаць дзеці. Пасля дадатковай праверкі дома аказалася, што далей знаходзіцца яшчэ адзін пакой. Тут паліцэйскія знайшлі кінутыя ў поспеху сшыткі і кніжкі вучняў, але саміх іх, таксама як і настаўнікаў, ужо не было.
Цікава, што адзіная грамадская бібліятэка Гародні другой паловы ХІХ ст. заснавана яўрэямі і пасля адкрыцця 6 чэрвеня 1863 года насіла назву Яўрэйскай. Яе першыя дырэктары - Ф. К. Адамовіч, С. Лапін і доктар Андрэс. 5 лютага 1863 года бібліятэка перадана гораду, яна атрымала статус Гарадзенскай публічнай і з 1876 года ўжо мела па смеце міністэрства ўнутраных спраў субсідыю 800 рублёў.
Тэатральнае мастацтва канца XVIII — першай паловы XIX стагоддзя прадстаўлена пераважна ў форме традыцыйных хатніх пастановак на рэлігійныя сюжэты. Сцэнкі са Святога пісання, у якіх ролі Маісея, рымлян, Амана, ратаваўшыхся з егіпецкага палона яўрэяў ігралі члены сям'і, ставіліся ў дні рэлігійных святаў, напрыклад, у Песах ці Хануку. Спецыфічнай формай карнавала, пры якой вясёлае шэсце пераапранутых у традыцыйныя сатырычныя персанажы папа, бабы, розных жывёл праходзіць па вуліцах мястэчка ці горада, з'яўляецца святкаванне Пурыма. Вясёлыя спевы і карагоды пад гукі духавых і ўдарных музычных інструментаў адбываюцца ў час свята Сімхат Тора, прысвечанага заканчэнню гадавога цыкла чытання Торы.
Напрыканцы XIX — пачатку ХХ стагоддзя ў нашым горадзе з'яўляюцца вандроўныя тэатральныя трупы, адбываюцца пастаноўкі спектакляў. Як вядома з яўрэйскай прэсы, развіццю яўрэйскага тэатра перашкаджала дзейнасць правых арганізацый. Забараняліся асобныя спектаклі, у лютым 1914 года адміністрацыя гарадскога тэатра адмовіла яўрэйскаму антрэпрэнёру ў здачы тэатра на зімні сезон. Але, хаця і з перашкодамі, яўрэйскае культурнае жыццё працягвала развівацца. Гэтаму садзейнічала распаўсюджанне рознага кшталту арганізацый, адна з якіх, Яўрэйскае літаратурнае таварыства, адчыніла свой філіял ў Гародні ў 1909 годзе.
-
Катэгорыя: Content - Belarusian
-
Апублікавана 09 Ліпень 2025
Апошняе
- Вольга Сабалеўская. Спрадвечныя іншаземцы. Частка 6. ШЛЯХ ДА ВЕДАЎ
- Вольга Сабалеўская. Спрадвечныя іншаземцы. Частка 5. РЭЛІГІЙНАЕ ЖЫЦЦЁ ГАРАДЗЕНСКІХ ЯЎРЭЯЎ
- Вольга Сабалеўская. Спрадвечныя іншаземцы. Частка 4. ПОБЫТ ГАРАДЗЕНСКАГА ЯЎРЭЙСКАГА КВАРТАЛА
- Вольга Сабалеўская. Спрадвечныя іншаземцы. Частка 3. У ВІХУРЫ ПАЛІТЫЧНЫХ ПАДЗЕЙ
- Вольга Сабалеўская. Спрадвечныя іншаземцы. Частка 2. ГАРАДЗЕНСКАЯ “ТАЛМУДЫЧНАЯ РЭСПУБЛІКА” І ЯЕ НАСЕЛЬНІЦТВА
- Вольга Сабалеўская. Спрадвечныя іншаземцы. Частка 1.
- Гродненский военный лагерь 1705 – 1706 гг.
- Первое упоминание про Городен - 1127 год
- НА ПРАВАХ МАГДЭБУРГА