Пасля заканчэння першай сусветнай і савецка-бальшавіцкай вайны тэрыторыя Заходняй Беларусі апынулася ў складзе Другой Рэчы Паспалітай. Актыўныя ваенныя дзеянні ў рэгіёне прывялі да значных разбурэнняў, якія закранулі таксама водныя шляхі зносін.
У тым ліку 54-кіламетровы Агінскі канал, які складаўся з 10 шлюзаў, доўгі час выкарыстоўваемы немцамі ў якасці лініі фронту.
Працяг. Пачатак артыкула:
Гісторыя Агінскага канала. Частка 1. Канал у часы Рэчы Паспалітай
Гісторыя Агінскага канала. Частка ІІ. Агінскі канал у часы Расійскай імперыі
Па левым беразе канала была ўзведзена фартыфікацыйная сістэма ўмацаванняў, што прывяло да пашкоджання берагавой паласы. Да таго ж за дзесяцігоддзе недагляду рэчышчы Агінскага канала і рэк Ясельды і Шчары, якія да вайны складалі адну водную сістэму, сталі амаль непрыдатнымі для сплаву лесу і суднаходства. Аднак у 1926 годзе польскія ўлады ўзяліся за аднаўленне Агінскага канала і да 1928 года збольшага яго адбудавалі. У далейшым будаўнічыя працы па разбудове канала працягваліся да 1939 года.
Польскі краязнавец Валяр’ян Харкевіч назваў водную артэрыю “Помнікам … выдатным, доўгатэрміновым зрабіўся канал Агінскага, які ганарліва сведчыць пра творчую энергію нашых продкаў і будучы пуцяводнай зоркай на будучыню для далейшых пакаленняў польскага народу…”. А вясляр Адам Шмук у сваёй кнізе 1937 года “З Пінска да Аўгустова байдаркай” адзначаў матэматычную прыгажосць Агінскага канала: “Прамая ў накірунку лінія, раўнюткія валы. Геаметрыя. Сціснутая ў дванаццаціметровую шырыню вады. Чалавек перамог. Адважыўся кінуць выклік прыродзе. Прарыты на прасторы 53 кіламетраў недаступных багнаў як бы мост, канал з Ясельды да Шчары, робячы суднаходнай такім спосабам усю прастору ад Прыпяці да Нёмана на даўжыні 300 км і злучаючы воднай лініяй Чорнае мора з Балтыкай”.
У канцы канала на апошнім двухкіламетровым адрэзку перад ракой Шчарай пабудавалі новы жалеза-бетонны шлюз. Ён замяніў сабой дзесяты шлюз, выкладзены каменнем, які знаходзіўся не ў лепшым стане. Тут працаваў экскаватар, ці землечарпалка (па-польску, pogłębiarka). Яе кляшчы са скрыгатам заглыбляліся ў ілістае дно канала і выцягвалі на бераг масы водарасцяў і зямлі, насыпаючы адразу на беразе магутны вал. Экскаватар меў сталёвую аснову ў форме квадрата, пасярод якой была будка з агромністым буслам з кляшчамі, шэрагам блокаў і сталёвых ліній. Матор экскаватара працаваў на дровах.
І сёння на Агінскім канале можна пабачыць рэшткі магутных шлюзаў, механізмы якіх змяшчаюць дадзеныя іх вытворцы “L. ZIELENIEWSKI. I.FITZNER-GAMPER. S.A.KRAKOW”.
Таксама вялася праца па ачыстцы рэчышча Шчары ад затопленых дрэваў і карчоў. Для гэтага слонімская “ўправа водных дарог” выкарыстоўвала вялікую барку “praduwkę”, на якой працавалі чатыры працоўныя з ліку мясцовых. Яны круцілі лябёдку вялікім калаўротам, у які ўстаўляліся дзве жэрдкі. Аднойчы, як успамінаў Барыс Данілюк (1923-2011), сын праваслаўнага святара і былога ўдзельніка Слуцкага паўстання Хведара Данілюка, які ў той час жыў у вёсцы Шчара на Слонімшчыне, “калі падымалі непадатную дзеравіну, адзін канец тых жэрдак адламаўся, але сын тых добрых людзей [адзіны сын пабожнае пары] упасьці не пасьпеў, і яго адна йз жэрдак выцяла па галаве ды забіла на месцы”.
Выцягнутыя з вады дубы выкарыстоўваліся мясцовымі жыхарамі для пабудовы агароджаў вакол надворкаў, якія сваім характэрным чорным колерам упрыгожвалі многія вёскі паабапал Шчары.
Аднаўленчыя працы праводзіліся таксама ў найбольш значных партах на Агінскім канале і рацэ Шчары – Тэлеханах і Слоніме, дзе былі ўзведзеныя металічныя масты. У першым выпадку – развадны для пропуску параходаў, у другім – чыгуначны.
Праведзеныя мерапрыемствы зноў ператварылі Агінскі канал у суднаходны і сплаўны. Па ім хадзілі параходы з Тэлехан праз Слонім у Гродна (напрыклад, “Ягайла”) і актыўна вёўся гандаль. Яшчэ ў 1924 годзе польскі ўрад перадаў англійскаму акцыянернаму таварыству тэрмінам на 10 гадоў права вырубкі леса ў Белавежскай пушчы, на Гродзеншчыне і Слонімшчыне, а таксама здаў у арэнду лесапільныя заводы, за што атрымліваў 2,5-3 млн фунтаў стэрлінгаў штогод. Пры гэтым англічане мелі права вырубаць да 720 тыс куб м леса на год.
Канал прыносіў польскаму ўраду значныя даходы, якія ішлі з аплаты плытоў: 1 плыт дрэва пры сплаве па ўсіх 10 шлюзах каштаваў 41 злоты. Гэтая карціна азмрочылася ў час эканамічнага крызісу 1929 года, вынікам якога стала амаль поўнае спыненне сплава лесу па канале, паступова адноўленага ў 1930-х гадах.
Новай з’явай для Агінскага канала ў міжваенны час стаў актыўны водны турызм. Важным яго цэнтрам з’яўляўся Слонім, пра які Валяр’ян Харкевіч у 1932 годзе пісаў: “Размешчаны на вялікім, на жаль недзеючым водным шляху, злучаючым два мора, з'яўлячыся цэнтральным пунктам у воднай сетцы паўночных тэрыторый Польшчы, Слонім ўжо іграе вялікую ролю, як адзін з найважнейшых этапаў вяслярскага руху”. Вяслярства пачало пашырацца ў Слонімскім павеце на пачатку 30-х гадоў ХХ ст. Гэтаму садзейнічалі “ідэальныя ўмовы” рэчышча Шчары і канала Агінскага, багацце прыроды і зацікаўленасць шырокіх колаў грамадства.
Вясной 1932 г. для патрэб вясляроў была прыстасавана разбураная падчас першай сусветнай вайны і цяпер перабудаваная, прыстань Марской і каланіяльнай лігі (МіКЛ). Прыстань размешчалася на кіламетровым Малым Агінскім канале, праведзеным напачатку 1770-х гадоў для водных тэатральных спектакляў. Да таго ж былі пабудаваныя яшчэ дзве іншыя прыстані 79-га і 80-га палкоў пяхоты, расквартыраваных у Слоніме. На слонімскіх прыстанях знаходзіліся каля 200 байдарак, што не складала, па словах Харкевіча, “нават і паловы той агульнай колькасці, якой валодаюць сланімчане”. У горадзе ўзнік клуб весляроў пад кіраўніцтвам Аліны Міхальскай, жонкі бурмістра горада і старшыні Марской і каланіяльнай лігі, сябра слонімскага аддзялення Польскага краязнаўчага таварыства, інжынера Казіміра Міхальскага.
Адначасова з развіццём вяслярства Слонім выкарыстоўваўся веслярамі-краязнаўцамі як адзін з важнейшых пунктаў воднага шляху з Піны да Аўгустоўскага канала, ажыццяўляючы, у значна меншай ступені, ідэю гетмана Агінскага, які марыў бачыць горад важным пунктам на вялікім водным шляху. У 1932 годзе за перыяд з 10 чэрвеня па 17 жніўня на прыстані МіКЛ зарэгістравалася больш 30 экскурсій, сярод якіх былі нават некалькі паездак са Львова - абітурыентак гімназіі сясцёр-базыльянак (5 дзяўчат і дырэктар гімназіі) і экскурсія сяброў секцыі воднага турызма Габрэйскага кола аматараў краязнаўства; падарожжа двух сяброў нямецкага Клуба краязнаўцаў ў Катавіцах, быдгашчан - ад Бярозы Картузскай да мора, экскурсія кракаўскай Акадэмічнай спартыўнай асацыяцыі (з Кракава і да Кракава).Але найбольш цікавай і найдаўжэйшай, таму што ўключала ў сябе 4200 км, з’яўляўся тур двух жыхароў Познані (Х.Матысяк і Е.Сено), якія на байдарках прайшлі амаль усю Рэч Паспалітую, адправіўшыся з Кракава і заканчваючы свой шлях Познанню.
Падарожнікаў уражвала прамая лінія канала, пааабапал якога праглядаліся рэшткі немецкіх бетонных умацаванняў з часу першай сусветнай вайны, пазначаныя знакамі Міністэрства вайсковых спраў (M.S.W.) Рэчы Паспалітай і нумарам. Да таго ж хапала месцаў, у якіх можна было спыніцца. Сваёй вядомасцю, напрыклад, вылучалася студня ў ваколіцах Тэлехан, якую мясцовыя называлі проста “крыніца”. Адзін з весляроў наступным чынам ахарактарызаваў канал: “Заплылі мы ў першую шлюзавую камеру, з вялікай цікавасцю разглядаючы яе функцыянаванне. Пасля закрыцця за намі варот і адкрыванню венціляў, пачалі мы падымацца ўверх больш двух метраў. Пасля адкрывання варот мы накіраваліся далей на выраўняным узроўні вады першага адрэзка канала. Мы меліся праплыць 53 км канала з 10 яго шлюзамі. На кожным падымаліся мы на метр ці на два ўверх, акрамя 10-га, у якім апусціліся на паўтары метры ўніз. Розніца ўзроўню Ясельды і возера Выганаўскага складае 17 м. Сам канал быў пабудаваны ў сярэдзіне XVIII ст. – 12 м шырынёй і 70 см глыбінёй. Паваротаў на ўсёй яго даўжыні ўсяго некалькі. Адрэзкі часта 10 ці больш кіламетровыя зусім прамыя. На берагах як у паркавай алеі растуць высокія дрэвы, і сярод іх праглядаюцца белыя слупы кіламетраў. Вада стаячая і мутная. Шлюзы праз некалькі кіламетраў. Пераважна пераезд аднаго шлюза займае ў сярэднім 10 хвілін”.
Вясляр Адам Шмук пакінуў свае ўражанні пра Агінскі канал: “Уезд у першы шлюз, які павінен нас падняць на вышэйшы ўзровень вады. Шлюзавы ўпускае нас у ніжнюю камеру, замыкае за намі браму. Сядзім як на дне глыбокага склепа. Над галавой дзесьці высока неба, з усіх бакоў каменныя, слізкія сцены.
- Як мне Бог мілы, затопяць нас у гэтай магіле.
Варожа заскрыгаталі шасцярні і вось ляціць на нас з шумам, пенячыся, з узбітымі клубамі, вада з верхняй камеры. Набліжаецца, захлынула байдарку з аднаго, затым з другога боку, аж закачаўся бядак і адскочыў назад, пад тыльную браму.
А тут новыя і новыя хвалі валяцца ў яго, хочучы стукнуць аб сцяну. Прыемнае пачуцце сядзець ў байдарцы ў час шлюзавання. Калыхаешся ва ўсе бакі і адначасова адчуваеш, што хутка падымешся да ўзроўню другой камеры. Вось берагі, якія віселі над табою, набліжаюцца. Вось сонца глядзіць ужо ў твар, чаго яшчэ хвіліну таму не магло зрабіць, і праз пару хвілін аглядаеш свет пасля змрочнага, халоднага і вільготнага існавання. Дзесяць разоў шлюзуешся на канале да Выганаўскага возера, вандруючы ўверх, за возерам уніз”.
Суднаходства і сплаў леса спыніліся ў 1941 годзе, ды зноў аднавіліся пасля вайны. Але са знікненнем патрэбы ў Агінскім канале ў савецкі час яго шлюзы былі ўзарваныя, а сама водная артэрыя прыйшла ў заняпад і цяпер чакае руплівага клопату нашчадкаў.
-
Катэгорыя: Праблемы захавання спадчыны
-
Апублікавана 27 Люты 2015
Апошняе
- Гродненский военный лагерь 1705 – 1706 гг.
- Первое упоминание про Городен - 1127 год
- НА ПРАВАХ МАГДЭБУРГА
- ГАРАДЗЕНСКАЕ КНЯСТВА (ПАЧАТАК ГІСТОРЫІ)
- ІМЯ ГОРАДА
- Тайны семейной усыпальницы
- Андрэй Чарнякевіч Айцы горада: кіраўнікі гродзенскага магістрата ў міжваенны час і іх лёсы 1919–1939 гг.
- Старая Лента. Гродненский синематограф: забытые страницы
- В аренду предводителю дворянства или история дома на ул. Академической