Зыгмунта Глогера можна назваць апошнім, або адным з апошніх грамадзян Рэчы Паспалітай. Наш зямляк (з ваколіц Высока-Мазавецкага, усяго 120 кіламетраў ад Гродна), ён хаця і нарадзіўся праз паўстагоддзя пасля таго, як гэтая дзяржава знікла з палітычнай карты Еўропы, але жыў так, быццам Рэч Паспалітая была навокал яго.
І ў пэўным сэнсе гэта праўда. Кожны сам будуе свой навакольны сусвет, а ў Зыгмунта Глогера было вельмі шмат адпаведнага “будаўнічага матэрыялу”. Шляхецкія засценкі з куфрамі, напоўненымі старымі прывілеямі, не павысяканыя яшчэ пушчы і магутныя рэкі, песні польскіх, беларускіх, літоўскіх, украінскіх сялян— усё гэта стала магутнай крыніцай натхнення для гэтага чалавека. І Зыгмунт Глогер як даследчык зрабіў за сваё жыццё столькі, колькі здолее зрабіць за гэты час не кожны навукова-даследчы інстытут, ды яшчэ і забяспечаны сучаснымі тэхнічнымі сродкамі. Выдадзеныя ім кнігі сведчаць пра разнастайнасць інтарэсаў аўтара. Гэта “Старапольская ілюстраваная энцыклапедыя” — унікальны пуцяводнік па духоўнай і матэрыяльнай культуры Рэчы Паспалітай, “Год польскі ў жыцці, традыцыі і песні”, дзе змешчана маса матэрыялу з Гродзеншчыны і іншых земляў былога Вялікага княства Літоўскага, няскончаная энцыклапедыя драўлянага дойлідства, сотні артыкулаў па этнаграфіі і археалогіі... Ніжэй чытачу прапануецца фрагмент апісання падарожжа, здзейсненага ў 1872 г. З. Глогерам у невялікай кампаніі з Гродна да Коўна па рацэ Нёман. Зроблены Сяргеем Кузняцовым пераклад мабыць з’яўляецца наогул першым перакладам гэтага малавядомага беларусам даследчыка на беларускую мову. Мы вырашылі надрукаваць толькі тую частку нёманскага падарожжа Зыгмунта Глогера, якая прайшла па сучаснай беларускай тэрыторыі ад Гродна да літоўскіх Друскенікаў. Спадзяемся, што з часам з’явіцца магчымасць перакласці і надрукаваць гісторыю гэтага вельмі цікавага падарожжа цалкам.
Свіст пары перарваў чараду маіх думак аб мінулым. Я вызірнуў праз акно вагону. Была ясная раніца, пахла свежасцю вясны і холадам расы. Толькі воблака горкага дыму лакаматыва, праціскаючыся праз адчыненае акно, нагадала мне, невядома чаму, фрагмент з канцэрту ўсіх канцэртаў:
«Як быццам бы па шкле жалеза скрыгатала,
Ажно дрыготка праняла ўсіх і скавала.
І ўсе з трывогай пазіралі неспакойна»
Мы пад’язджалі да Горадні. Наш цягнік, нібы птушка працінаючы паветра, ішоў па высокім мосце над мачтамі літоўскіх віцінаў. Унізе віўся ў глыбокім яры жаўтаваты Нёман, а некалькі сотняў белых драўляных дамкоў грувасціліся на абрывістых, стромкіх берагах ракі. Вежы сямі храмаў узвысіліся над старым горадам Эрдзівіла і Вітаўта, як узносіцца ў вышыні дух ідэі i пануе над прыземленым гоманам вулічнага мурашніка. Калі хтосьці хоча любавацца прыгажосцю прыроды, чуць пах дрэваў і траў, няхай не сядае на воз, які цягне з дапамогай пякельнай моцы кіпню стальны “Пегас” з берлінскай стайні Борзіга. На шчасце, маё нявольніцкае падарожжа чыгункай закончылася, бо наш цягнік, хутка мінуўшы мост на Нёмане і вялікі дол пракапаны ў гарадской гары, спыніўся перад гарадзенскім вакзалам.
У дзвярах цеснага будынку панавала страшэнная цісканіна – дзве супрацьлеглыя плыні людзей энергічна спрабавалі заваяваць сабе перавагу. Агульная зала гудзела шматмоўнай гаманой і была напоўненае паветрам, у якім нават глухі і сляпы мог бы распазнаць наяўнасць некалькіх нацыянальнасцей.
Дзень раней у Горадню прыехаў другі ўдзельнік нашага далейшага падарожжа, мой сваяк Густаў Й. каб узяць напракат або купіць лодку для планаванага сплаву па Нёмане. Ён ведаў, якім цягніком я прыеду, а таму выслаў на чыгунку атэльнага агента (ва ўсіх гарадзенскіх гасцініцах служаць габрэі), каб паведаміць мне, дзе спыніцца. Дагодлівы праваднік, хоць ніколі мяне раней не бачыў, адразу пазнаў з апісання, назваў маё імя, пасля чаго ўжо лічыў мяне атэльнай уласнасцю. Ён уладна пасадзіў мяне ў бляшаную, заляпаную, аднаконную дрындульку, якая ганебна трэслася і бразгала, і ў якой да таго ж ужо сядзеў нейкі даволі тоўсты спадар з доўгімі рудымі вусамі. Я таксама худым ніколі не быў, і таму засумняваўся, сядаючы, ці мы абодва памесцімся. Габрэй запэўніў, што на такую гарадзенскую дарожку ён часта бярэ не двух, а пяцярых пасажыраў. А таму, каб не зляцець у рышток, я абняў нятонкую талію рудога шляхціца, як Будрыс “польку-нявестку”, і паехаў у гасцініцу на вуліцу Брыгідскую. Даволі хутка пацягнула нас туды худая і вялікая кляча, якая ўвесь час брыкалася, бо бязлітасны фурман хвастаў яе па касцях.
Ад вакзалу да гатэля Гвірца мы ехалі праз прадмесце Гарадніца, дзе ў часы Станіслава-Аўгуста падскарбі надворны літоўскі Антоні Тызенгаўз заснаваў цэлае фабрычнае мястэчка. Тыповыя мураваныя дамкі для фабрыкантаў з XVIII стагоддзя, пабудаваныя шчытамі да вуліцы, як усе дамы ў нашых старых вёсках, дагэтуль нагадваюць тут пра вядомага ў свой час Тызенгаўза.
Свайго сваяка я застаў у вялікім клопаце. Цэлы дзень шукаў ён па берагах Нёмана дзе б набыць або пазычыць лодку, і не знайшоў нічога. Былі толькі аграмадныя віціны, баты, не нашмат ад іх меншыя, а чайкі не было аніводнай. Атэльны агент красамоўна тлумачыў яму, што да Коўны нашмат хутчэй і зручней, а самае важнае нашмат танней можна заехаць чыгункай, а не па вадзе. Бачачы ўпартасць падарожніка агент падазраваў, што той або крануўся розумам, або за справай стаяць іншыя мэты, звязаныя з кантрабандай. Калі ж ён пабачыў і другога такога ж упартага падарожніка, то канчаткова паверыў у слушнасць сваёй апошняй версіі. Мы не сталі пераконваць паслужлівага агента ў адваротным, і гэта нам дапамагло настолькі, што ўжо праз гадзіну знайшлася лодка на продаж за 10 рублёў.
Нам быў патрэбны вясляр, а таму наш атэльны апякун тут жа на вуліцы знайшоў і намовіў да справы нейкага плытагона, які шукаў у горадзе заробку. Плытагон быў сярэдняга росту і ўзросту, цёмна-русы, плячысты, з прыемным тварам, босы, у палатанай сярмязе з шэрай самаробнай тканіны. З бярозавай табакеркі ён часта нюхаў тытунь. Звалі плытагона Віктар Мазуркевіч, размаўляў ён чыста па-польску, быў селянінам і жыхаром адлеглай паўмілі ад Горадні вёскі Ласосны, якая знаходзілася на мяжы Царства Польскага. Меў ён жонку і некалькі дзяцей, зямлі меў няшмат, а таму займаўся сплавам i цяслярствам. Нас Мазуркевіч прыняў за літоўскіх зямянаў, якія вядуць віціну са збожжам, або плыты драўніны па Нёмане да Караляўца, а калі даведаўся, што ані віцінаў, ані драўніны мы не маем, таксама пачаў нас пераконваць паехаць чыгункай. Агент, які ўжо зразумеў, здаецца, навуковыя мэты нашага падарожжа, тлумачыў сплаўшчыку, што паны, калі не маюць чаго рабіць, выдумляюць сабе такія вандроўкі „каб развесяліць свае нудоты”. Віктар добразычліва прыняў такое тлумачэнне i захацеў за кіраванне нашай лодкай чатыры злотых аплаты на дзень, на што мы лёгка пагадзіліся.
Купленая лодка аказалася старой і дзіравай, і, як Віктар з веданнем справы даводзіў, не была вартая больш за „два таляры”. Таму трэба было яшчэ купіць паклю, цвікі, шавецкую смалу і посуд, у якім яе тапіць, i заняцца рамонтам, за які, выцягнуўшы лодку на сушу, прафесійна ўзяўся „водны чалавек” Мазуркевіч.
„Без запасу смалы – казаў ён – у такую дарогу няма што спрабаваць”. – Ён распаліў на беразе Нёмана вогнішча, і пачаў утыкаць дзіркі i шчыліны ў дне і ў баках лодкі пакляй i заліваць гарачай смалой. Ён быў так упэўнены ў эфектыўнасці гэтага сродку, што нават паміж пальцамі сваіх босых ног загадзя памазаў смалой, каб скура падчас доўгага падарожжа не патрэскалася.
Мы гэтым часам пераапрануліся ў шэрае палатнянае адзенне, надзелі вялікія саламяныя капелюшы і ўважліва праверылі яшчэ раз наяўнасць і сапраўднасць нашых пашпартоў. Падобныя сваімі галаўнымі ўборамі на плытагонаў, a вопраткай на нямецкіх пастухоў, мы пайшлі ў горад, каб набыць паперу, алоўкі, запалкі, хлеб, цукар, лімоны, грэчку і кацялок для яе. Купіць гэта трэба было цяпер, бо мы ведалі, што многія наднёманскія мясціны на планаваным шляху нашага падарожжа дагэтуль жывуць у ідылічнай прастаце эпохі Палямона, і там мы можам не сустрэць такія прадметы раскошы і прагрэсу. Як кажа старая прымаўка, якую 300 гадоў таму запісаў Рысінскі: „Якое адзенне, такое і ўшанаванне”. Гасцінныя гарадзенскія крамніцы сілай за локці зацягвалі нас з вуліцы ў свае цесныя крамкі, а ўжо пасля некалькіх словаў размовы, прапаноўвалі сесці на мех з мукой, або на кульгавы зэдлік без дошкі, які памятае прынамсі часы Сасаў ці падскарбія Тызенгаўза.
Абвешаныя пакупкамі мы вярнуліся ў гатэль, каб запакаваць іх у падарожныя валізкі. Віктар, закончыўшы пад вечар рамонт чайкі, пабег у Ласосна развітацца з сям’ёй i прынесці сабе з дому запас хлеба, тытуню і боты на свята.
Раніца 7 чэрвеня 1872 года была такой жа прыгожай і яснай як і папярэдняга дня. Гасцініца Гвірца на вуліцы Брыгідскай, якая аддавала ўсходнім беспарадкам, мелася стаць на світанку грэцкім Ёлкам, з якога гэтым разам падляшскія арганаўты мелі на той жа, што і ўчора бразготнай дрындульцы, якую цягнула тая ж самая касцістая кляча, якую хвастаў той жа самы фурман у сарафане, i пад апекай таго ж самага атэльнага габрэя вырушыць праз пустыя вуліцы Горадні, якая яшчэ спала, да аблепленага смалой Арго, спушчанага Мазуркевічaм з Ласосны на жаўтаватыя хвалі Кронана. Мы жартавалі, што ў гэтай экспедыцыі арганаўтаў я быў Ясонам. Старэйшы ад мяне Густаў, мой сваяк, падыходзіў на ролю Геракла, які сваім халодным розумам выцягнуў грэкаў з прыгодаў у прыгожых жыхарак Лемнаса. Мазуркевіч быў канешне тым самым Аргасам, які збудаваў арганаўтам карабель i суправаджаў яго ў плаванні, у нашы цяжкія сённяшнія часы ён замяняў яшчэ і 47 членаў старажытнай экспедыцыі. Залатым руном павінны былі нам стаць дагістарычныя археалагічныя знаходкі i этнаграфічныя нататкі. Зрэшты мы не хацелі нічога большага, адмаўляючыся ад легендарнай гасціннасці жыхарак Лемнаса, якія калісьці павынішчалі сваіх мужоў, пасля чаго доўгі час ветліва сустракалі шчаслівых падарожнікаў старой Грэцыі.
Даволі стромкі з’езд ад горада да Нёмана нагадаў мне падлеткавыя гады. Я жыў дзясятак міль адсюль і мне неаднойчы даводзілася чуць аповеды пра трагічныя выпадкі на пераправе пад Горадняй. Тады не было яшчэ ніякага мосту, толькі паром, да якога трэба было з’язджаць з надзвычай крутой гары. Сёння падобная небяспека нам ужо не гразіла.
Худая кляча ледзь цягнула з гары бразготную дрынду з чатырма людзьмі, іх запасамі на дарогу, валізкамі, матыкамі для капання i торбамі на археалагічныя знаходкі.
Напэўна інакш павінна была выглядаць працэсія Ўладзіслава Ягайлы, калі гэты стары кароль у 1418 годзе ў кампаніі мілавіднай маладой жонкі Эльжбеты з Піліцы i паважнай рады кароннага сенату, у атачэнні раскошнага двара, які складаўся з палякаў і літоўцаў, адплываў на караблях па Нёмане з гарадзенскага замку ў Вялёну, за Коўна, на гістарычную палітычную сустрэчу з вялікім магістрам крыжакоў Кюхмайстарам.
Якой жа мізэрнай падалася нам цяпер наша лодка, якой мы праз хвіліну меліся даверыць нашы лёсы. Яна мела 7 локцяў або 14 стоп даўжыні, і 3 стапы шырыні. Кожны яе бок утварала толькі па адной дошцы таўшчынёй у цалю і шырынёй у 12 цаляў, а дно было зроблена з дзвюх з паловай такіх дошак. Віктар не зрабіў ніякай лаўкі каб сядзець, бо тады кожнае гайданне было б небяспечна. Ён парабіў на дне лодкі больш бяспечныя сядзенні з саломы і нашых падарожных плашчоў, на якіх можна было сядзець па-турэцку. Самае горшае, што лодка пасля рамонту працякала амаль гэтак жа, як і раней. Аднак Віктар, выліваючы ваду корчакам (малым драўляным шуфлікам), запэўніваў, што працяканне – гэта звычайная рэч, што ўсе чайкі на Нёмане працякаюць, а наша будзе працякаць усё менш і менш, і што толькі час ад часу мы будзем выліваць з яе ваду.
Ад’езд Ягайлы з Горадні павінен быў моцна адрознівацца ад нашага. Манарха, напэўна, праводзіў натоўп цікаўнага народу, кашталян або гараднічы гарадзенскага замку, рыцары, шляхта, гарадскія раднікі. Нас ніхто, акрамя двух габрэяў, тых самых, якіх я сустрэў па прыездзе ў Горадні, г. зн. уласніка дрындулькi і атэльнага слугі. Апошні ахвотна зносіў нашы пакункі i вузялкі з дарожкі і ўкладваў на прыбярэжным пяску, але калі я папрасіў, каб ён пазаносіў іх на чайку, адказаў: „Прабачце панове, я маю жонку і сямёра дзяцей, што б яны бедныя рабілі на свеце, калі б у такую ваду ўваліўся?” З гэтымі словамі ён з пэўнай агідай адсунуўся ад лодкі да дрындулькі i разам з фурманам пачаў з цікавасцю прыглядацца, што з намі будзе, калі мы забяромся ў лодку.
І сапраўды, пасля таго, як на чайку былі занесеныя рэчы, зайшоў Густаў i, нарэшце, я, наша судна так глыбока пагрузілася, што толькі чатыры цалі заставаліся ад узроўню вады да бакавых краёў лодкі. Але, падумаў я сабе, на гэтых некалькіх кволых дошках мы павінны хуткім Нёманам праплыць 40 міль воднага шляху да ўвекавечанай вялікім паэтам даліны „цюльпанаў і нарцысаў” – i змясціць яшчэ планаваныя здабыткі, археалагічныя знаходкі, мінералы і што Бог дазволіць знайсці цікавага на гэтым шляху. (...)
Калі іншыя шукаюць вытокаў Ніла ў спякоце трапічнага сонца, калі адкопваюць руіны Троі альбо гінуць сярод палярных народаў, я да цябе іду, родны Нёман, каб спазнаць твае цячэнні і ціхія закуткі тваіх берагоў, каб пакаштаваць хлеба і солі пад наднёманскай страхой і пагутарыць з безліччу тваіх вёсак. Я ведаю, што з далёкіх і небяспечных падарожжаў можна атрымаць карысць, што ўвесь свет узнагароджвае агульнай славай людзей, апантаных шляхетнай прагай ведаў. Але я славы не шукаю, a прагну перадусім простай карысці для маіх землякоў.
У канцы лодкі, дзе ў большых суднаў бывае руль, заняў месца наш Віктар, фізічны матор усёй экспедыцыі, рулявы i вясляр адначасова. Я, як галоўны баласт, заняў сярэдзіну, г. зн. самае шырокае месца чоўна. У пярэднім носе заняў сабе сталае месца Густаў. Рэшту вольнай прасторы ў чайцы занялі два пакункі, скрынка для захавання прадуктаў, папкі, матыка і запасное вясло. Перад тым як адчаліць ад берага Віктар зняў шапку i пабожна перажагнаўся. Мы зрабілі тое ж самае, што дадало нашаму плытагону бадзёрасці і надзеі на поспех падарожжа.
Была чацвёртая гадзіна раніцы і Горадня спала яшчэ глыбокім сном, калі першая з-пад яго муроў, і, верагодна, наогул першая на Нёмане археалагічна-этнаграфічная экспедыцыя выходзіла з гораду. Ужо лодка наша б’ецца аб хвалі Нёмана, хуткае цячэнне, якое месцамі на паверхні вады віруе варонкамі, нясе яе ўніз па рацэ, на захад, і вясло рулявога ўжо не кранаецца зямлі.
Што за цудоўны від за намі! На дне глыбокай даліны прабудзіўся ўжо ад сну смарагдавы Нёман, але яшчэ курыцца ён ранішнім туманам. Над Нёманам вісіць прыгожы жалезны мост Пецярбургска-Варшаўскай чыгункі, абапёрты на некалькіх шэрых, гранітных апорах, такіх высокіх, што найвышэйшыя мачты віцінаў не мусяць, праплываючы ў яго сківіцах, схіляць свае верхавіны. У залатой паводцы ранішняга сонца купаліся стромкія берагі Нёмана i схілы замкавай гары з гранітнымі развалінамі Вітаўтавых муроў. Здалёк даляталі сярод ранішняй цішы адбітыя ад вады гуканні сплаўшчыкаў, а з загарадных ніў – спевы жаўрукоў. (…)
Мы даплылі да падножжа Каложы і прысталі да правага берагу Нёмана. Высеўшы з лодкі, мы мачалі караскацца на яе стромкі схіл. Наш Віктар выліваў у гэты час ваду, якая нацякала ў чайку. Я хацеў дапоўніць чарцёж старой пабудовы, накіданы яшчэ ў 1867 годзе, калі я першы раз быў у Горадні. Ані дошкі для чарчэння, ані століка не было, таму яго замяніла дарожная папка, якая была пакладзеная на спіну Густава, які павінен быў сесці „на кукішкі”. Той ахвотна ўзяўся за гэтую мастацкую паслугу і выконваў яе настолькі ідэальна, наколькі дазваляў яму гэта рабіць яго даволі моцны кашаль. Я чарціў седзячы за ім таксама „на кукішках”, a нашае даволі доўгае і нерухомае прыбыванне ў гэтых позах, прывабіла групу кабет з прадмесця.
Каложа ўжо тады была руінай. Да 1839 году яна служыла ордэну айцоў Базыльянаў i мела абраз Багародзіцы, які славіўся цудамі. Праз больш як дзесяць гадоў, у выніку павольнага, але бесперапыннага асыпання стромкага схілу берага ў рэчышча Нёмана, паўднёвая сцяна цэркаўкі i палова франтальнага шчыту па вялікія дзверы, абрынуліся ў раку. З таго часу руіны стаялі без даху чвэрць стагоддзя, аж да часу майго падарожжа, г. зн. да 1872 года, калі распачалася адбудова.
Збудаваны ў візантыйскім стылі храм, складаўся з трох нефаў, кожны з якіх заканчваўся паўколам у заалтарным шчыце, звернутым на ўсход. У паўкруглым заканчэнні цэнтральнага нефу, найшырэйшага і найбольш высунутага ўгару, размяшчаўся вялікі алтар. У цэнтры храму, паміж цэнтральным і бакавымі нефамі, знаходзіліся дзве круглыя калоны. Уся даўжыня будынку, разам са сценамі складала 73 польскіх стапы, a шырыня – 44. У алтарным шчыце, на палове вышыні, былі бачныя звонку прыгожыя выгнутыя карнізы дзевяці вялікіх, пазней замураваных вокнаў, па тры ў кожным нефе. Замест іх пазней былі зробленыя па два вокны ў бакавых сценах, высока размешчаныя, з даволі плоскімі аркамі праёмаў. Таксама адно акно было размешчанае ў франтоне храма над галоўнымі дзвярыма. Першапачаткова дзвярэй у храме было трое: галоўныя, насупраць алтара, i двое бакавых у палове будынку, усе аднолькавыя па памеры. Унутры тоўстых сцен схаваныя былі ў некалькіх месцах вузкія сходы i патаемныя праходы. Ужытая пра будове цэгла была менш двух цаляў таўшчыні. Але затое паміж слаямі цэглы клаўся слой вапны таўшчынёй каля цалі, да якой дадавалася празмерна мала пяску. Напэўна гэтая работа была самым першым мурам у краі, а муляры мелі мала ведаў пра тое, якая вапна больш моцная.
Сцены ўнутры будынка здзіўляюць арыгінальнымі вялікімі гаршкамі, гарызантальна ўмураванымі адтулінамі ў залу для акустыкі. Былі гэта так званыя галаснікі, якія таксама знаходзіліся ў сценах царквы св. Базыля ў Оўручы, збудаванай каля 1000-га года Ўладзімірам І. Рабіліся яны, каб надаваць дзіўны рэзананс спеву, які ва ўсходнім абрадзе мае вельмі вялікае значэнне. Калісьці кожны наведвальнік храму, калі быў зацікаўлены гэтым рэзанансам, мог некалькі разоў грымнуць голасам, за што пакідаў вызначаную аплату, якая называлася гукавое. У сценах Каложскага храму першапачаткова было каля сотні такіх галаснікоў. Сёння вераб’і робяць сабе раскошныя гнёзды ў гэтых гаршках, а вясковыя хлопцы прынеслі драбінку і пры нас выбіраюць птушанят.
Знешнія неатынкаваныя сцены мелі незвычайны выгляд – яны былі аздобленыя крыжамі з нейкага віду кафлі, пакрытай палівай прыгожых колераў – зялёнай, вішнёвай, лімоннай і іншай. Як можна было меркаваць па тых сценах, якія засталіся, на ўсім храме такіх крыжоў магло быць не менш за сотню. Акрамя іх, асабліва знізу, у сцяну было ўмуравана мноства звычайных валуноў з гладкай паверхняй вонкі.
Я закончыў эскізы Каложы – Густаў выпраміўся i перавёў дух. Мы выбралі з купы друзу некалькі тыпаў старажытных цаглін і вярнуліся да лодкі, якая пад цяжарам нашых першых здабыткаў глыбей, здаецца, пагрузілася ў ваду. “Зыгмунт – прамовіў жартуючы мой спадарожнік – калі ўжо на самым пачатку мы маем столькі здабыткаў, то ці не лепей было б вярнуцца, пакуль гэта магчыма, у Горадню i узяць пад твае здабыткі віціну або бат, вось такі як той, як ты бачыш?” Пры гэтым ён паказаў на судна трохі меншае ад віціны, з грузам у дзясятак кубічных сажняў сасновага лесу на дровы, якую цягнулі ўверх па рацэ за доўгі трос 10 пешых чалавек. Мы весела жартавалі на гэтую тэму.
Хуткая плынь зноў нясе нашу лодку. Каля Каложы Нёман у пэўным месцы пеніцца і разбівае свае грудзі аб падводны валун, раздзяляючыся на два буйныя струмені хваляў, нібы два вялікіх вусы, здалёк папярэджваючы рулявых, каб абміналі гэтае небяспечнае месца. Мазуркевіч, які дасканала ведаў Нёман, бо ўжо 15 разоў у ролі сплаўшчыка праходзіў шлях ад Горадні да Коўны, расказаў нам, што на мове плытагонаў і тутэйшага люду кожны вялікі камень падводны завецца рапа, не рафа, як на Вісле, i кожны мае сваю назву. Гэта рапа каля Каложы завецца, напрыклад, Гараднянка.
Цяпер мы ўжо зусім пакідаем Горадню, а я перакручваю развітанне Чайльда-Гаральда:
„Горадзе-старцу, бывай жа здаровы!
Я ўжо нясуся ў імглістай заслоне,
Пра свае дзівы спявае мне Нёман,
Салаўёў літоўскіх слухаю гоман”.
Ніжэй Горадні берагі Нёмана не маюць дрэваў і паніжаюцца. Першы лес, які мы сустракаем па левым беразе, сасновы, a маёнтак, да якога ён належыць, завецца Аўгустовак. У разагрэтым паветры стаіць глыбокая цішыня. На небе няма аніводнай аблачынкі, на зямлі – найслабейшага ветрыку, на вадзе – аніводнай хвалі. Процьма жаўрукоў спявае пад ясным небам, нібы радуючыся вясновай зеляніне і надвор’ю. У лесе кукавала зязюля, а яе кукаванне далёка разносілася па расе маўклівай даліны. Віктар расказваў, што ў гэтых мясцінах кожны чалавек хавае на вясну ў кішэні некалькі грошаў „на зязюльку”, каб мець чым бразнуць, калі першы раз пачуе кукаванне. Нагадаў ён мне гэтым беларускую прыказку „Схавай тры грошы на зязюльку”.
Наша зязюля – найбольш таямнічая, дэманічная птушка. Ва ўкраінскіх песнях яна сімвал сіроцтва i ўдаўства. Яна не мае пары, бо калісьці была кабетай і забіла свайго мужа, а сёння яна варажбітка. Пакутуе зачараваная ў ёй душа княгіні Зазулі, а людзі кажуць: „Зазуля кукае, бо збаўлення шукае”. Нешта містычнае ў разуменні люду звязанае з тым, што зязюля сама не ўе гнязда, а падкладае свае яйкі іншым птушкам. Яна занятая справамі свайго закляцця, а не адбудовай гнязда i роду. А таму прылятае яна да людскіх сялібаў, у гаі і „вішнёвыя сады” i у сваёй няспыннай варажбе шукае збаўлення. Яна так непакоіцца пра сябе і людзей, што нават у сне кукуе ўначы, і заўсёды варажыць дзяўчатам, бо сама была дзяўчынай. Прадказвае ім гады дзявоцтва i замужжа. Калі першы раз закукуе дзяўчыне, якая нясе пустыя збаны да вады, марна праміне яе год, калі ж будзе несці поўныя, то споўніцца тое, чаго прагне думкай і сэрцам. Калі галоднаму закукуе ўвесну, то і ўвесь год будзе ён галодны. Прадказвае яна гады долі і нядолі, а старым – гады смерці. У велькапольскай песні яна паведамляе дзяўчыне пра смерць яе любага:
„I usiadła na drzewinie,
Zakukała na kalinie,
Główkę w listek przytuliła,
Tak do matki przemówiła:
– Już nie siędzie Jaś za stołem,
Płacze Kasia za sokołem”.
У іншай старой песні дзяўчына, замучаная тугою, ператвараецца ў зязюлю, каб адляцець да сваёй сям’і або да каханага. Пры палеглым маладым рыцары сядаюць тры зязюлі: ля галавы, сэрца i ног – маці ля галавы, каханка ля сэрца, сястра ля ног. У маці цячэ рака слёз, у сястры сачыцца струмень, а там дзе каханая, там мурава сухая. Каханая плакала дзень, сястра год, маці… усё жыццё. Падобную песню спявае мазур над Віслай, маларус над Дняпром і літовец над Нёманам, кожны на сваім дыялекце.
Паўмілі ад Горадні з левага берага ў Нёман упадае рэчка Ласосна. Славіцца яна стронгай, а паколькі стронга – гэта від ласося, то так адсюль i назва ракі паўстала. Ласосна, якую наш Віктар называў „Ласасянкай”, з’яўляецца ў гэтым месцы граніцай паміж Царствам Польскім і імперыяй. Над рэчкай ляжыць Ласосна, родная вёска нашага добразычлівага Мазуркевічa. Хуткая вада гэтай рэчкі прыводзіла калісьці ў рух заснаваныя Тызенгаўзам фолюшы, гладзільні i блехі, якія належалі ткальні ў Гарадніцы, a з падтопленых узбярэжжаў вымывала сківіцы з зубамі дагістарычных мамантаў i аграмадныя пні старажытных дрэваў. Віктар сцвярджаў, што гэта былі косці „велькалюдаў”, а некалькі наіўных рысаў, якімі ён ахарактарызаваў постаці легендарных волатаў, нагадалі мне Гамеравага Паліфема і цэлы раздзел пра цыклопаў у дзявятай песні Адысеі. Пра Ласасянку Віктар казаў таксама, што на працягу адной мілі стаіць на ёй ажно пяць водных млыноў.
Ад вусця гэтай рэчкі, Нёман мяняе свой напрамак з заходняга на паўночны і адгэтуль на працягу некалькі дзясяткаў міль з'яўляецца мяжой Сувальскай губерні з Гарадзенскай, Віленскай і Ковенскай. Па левым беразе мы мінаем яр, які завецца “віленскім ровам” i другую ад Горадні рапу Ласасянку. Над намі плавіцца ў паветры выглядаючы здабычу вялікі, драпежны ястраб з цёмным апярэннем, якога люд як над Нёманам, так і Нарвай называе шуляком. На правым беразе насупраць паўднёвага канца вёсачкі з назвай Пышкі, прыгожа размешчанай сярод гаю, я ўпершыню падчас нашага падарожжа сустрэў сляды дагістарычнага побыту чалавека ў выглядзе тыповых крамянёвых сколаў, якія я знайшоў на свежай раллі (паміж узбярэжжам і лесам). Такія сколы адпадалі пры вырабе крамянёвых інструментаў у часы, калі руды яшчэ зусім не ведалі, або гэта было заморскай рэдкасцю. Сколы плоскія, доўгія, з вострымі краямі служылі, напэўна, першым наднёманскім жыхарам у якасці нажоў, і адзін такі нож я прадстаўляю тут на малюнку. Іншыя ўжываліся для вырабу ўсялякіх дробных інструментаў ці наканечнікаў стрэлаў або проста выкідаліся, як звычайныя аскепкі i смецце. Каля ўсіх гэтых парэшткаў, змяшаных з пяском, на паверхні я знайшоў у грудках узаранай раллі чарапкі пакрытага палоскамі посуду з тоўстымі сценкамі. Посуд быў выпалены з гліны, змяшанай з тоўчаным гранітам, што ў разуменні старажытных людзей дадавала яму моцы.
Тысячы гадоў людзі тапталіся па гэтых старадаўніх аскепках, не здагадваючыся, што былі гэта сведкі найбольш старажытных жыхароў гэтай зямелькі. І толькі дзіўным супадзеннем абставін мне першаму выпала сустрэць i адшукаць на літоўскіх землях так званыя „крамянёвыя станцыі”, паселішчы першабытных жыхароў з часоў паўсюднага ў старажытнасці ўжывання крэменю.
За Пышкамі Нёман раптам звужаецца, у гэтым месцы ён шуміць i пеніцца на падводных гранітных валунах. Гэта небяспечная для суднаў i плытоў рапа называецца Грымячка (тая, што грыміць). Дробная наша лодка, як шкарлупіна арэха, пушчаная ў імклівы паток, хутка несла траіх людзей, з якіх вясляр уважліва кіраваў малым суднам, каб паток не разбіў яго ўшчэнт на камянях, другі нібы спраўджваў, ці сапраўды пагражае нейкая небяспека, а трэці быў поўнасцю захоплены пакаваннем крамянёў i чарапкоў ў каробачкі, загортваннем асаблівых экспанатаў у паперу i нанясеннем тлумачальных надпісаў.
Недалёка ад рапы Грымячкі над Нёманам знаходзіцца яр з такой жа самай назвай. Гэтая агульнасць назвы звярнула маю ўвагу на зусім іншую, фізічнай прыроды сувязь паміж рапамі i ярамі. Падчас катаклізмаў патопу i пазнейшых вялікіх паводак, магутная сіла вады выкаціла валуны з большых яроў да рэчышча Нёмана, робячы з іх гэткія падводныя барыкады, якія люд назваў рапамі. Таксама і ў гарах даліны заваленыя скаламі з-за ручаёў. Віктар тлумачыў нам, што ля кожнай рапы знаходзіцца нешта кшталту брамы, дзе сціснутая рака мае найглыбейшую плынь, кудой і праплываюць судны. Такая плынь на мове плытагонаў называецца дарогай, a ад уменняў рулявога i досведу сплаўшчыкаў залежыць лёс віцінаў, батаў i плытоў. Найбольш небяспечныя рапы Віктар абяцаў нам пад Румшышкамі і Дваралішкамі перад Коўнай, дзе шум Нёмана чуваць далей, чым голас чалавека. Менш небяспечны камень у рацэ альбо падводны астравок з камення і жвіру называецца солай і солкай, часам вусам, ад двух плыняў, якія разыходзяцца ад солы, па цячэнню нібы два доўгія вусы. Бывае, што судна разбіваецца і аб солу, калі рулявы неасцярожны. Калі падводны камень вялікі або тырчыць над паверхняй, яго называюць велічам. А месца каля берага, ніжэй валуноў i мялінаў, дзе віруе затрыманая вада, называецца адвоем.
Ніжэй Грымячкі па правым беразе мы мінулі невялікі яр пад назвай „жыдоўскі равок”, габрэйская назва якога нагадала мне гару Ярмулку пад Шчаўніцай. Іншы сухадол на левым беразе называецца Рапін. Далей мы прыбылі да кар’ера вапны, які называўся Мёлай альбо Мелаўцам (ад мелу). Гэта быў вапнавы ўзгорак, сфармаваны раней за даліну ракі, у якім пазней Нёман наўпрост прабіў сабе рэчышча. Адклады вапны ўзвышаюцца на правым беразе на больш як дзесяць сажняў над узроўнем вады i менавіта тут, у схіле гары, знаходзіцца кар’ер, нібы вялікая катлавіна снежнай белі, абведзеная маляўнічай рамкай зялёнага лесу i зарасніку, ажыўленая працай некалькіх дзясяткаў чалавек. Адныя працаўнікі ламалі белую, вільготную скалу, іншыя тачкамі везлі снежныя глыбы на бераг Нёмана, дзе ўкладвалі іх у шыхты, з якіх вапну, калі яна высахне пагрузяць на судны або вазы. Каля кар’ера мы засталі бат, нагружаны некалькімі сотнямі корцаў гэтай вапны, які меў плыць з Нёмана на „Аўгустоўскі канал” да Аўгустова. Мы запыталіся ў габрэя, уладальніка бата і вапны, ці не мае ён на продаж кавалка дошкі, патрэбнай нам каб пакласці на прамоклым дне лодкі. У адказ той спытаў нас, ці мы не маем селядцоў на продаж. Сітуацыю выратаваў Віктар, які на пятніцу і суботу накупіў сабе селядцоў у Горадні. Такім чынам, за селядцы мы атрымалі кавалак дошкі, што нагадвала сярэднявечны бартэр.
Хутчэй за ўсё для першапачатковых муроў цэркаўкі на Каложы ўжывалася нячыстая мясцовая вапна. У адкладах кар’ера я знайшоў мноства галінастых крамянёў арыгінальных формаў, а таксама палеанталагічныя скамянеласці малюска Ananhites gibbus, памерам з гусінае яйка. Мясцовыя крамяні, якія можна лёгка адрозніць ад іншых, я знаходзіў пазней у рэчышчы Нёмана некалькі міль ніжэй па рацэ.
Мноства крэменю ў адкладах вапны схіліла мяне да пошуку паблізу стаянак чалавека з часоў старажытнага ўжытку крэменю. І праз некалькі сотняў крокаў ад вапнавай катлавіны я знайшоў на супрацьлеглым беразе тое, чаго шукаў. На пясчаных няроўнасцях вятры выдзімалі старажытныя крамянёвыя сколы. Былі тут зноў i кавалкі інструментаў, ножыкаў i (найбольш) крамянёвыя аскепкі, а таксама рэшткі глінянага, тыповага посуду. З гэтых прадметаў я прадстаўляю тут два так званыя скрэблы (racloir) з тупымі, дугападобнымі вастрыямі i адзін так званы стрыжань, або nukleus, г.зн. сярэдзіну кавалка крэменю, ад бакоў якой адколвалі прадаўгаватыя пласціністыя трэскі, якія служылі для рэзкі ці ў іншых мэтах. Выяўленне такіх стрыжняў i сколаў з крэменю з яскравымі мясцовымі рысамі было моцным доказам, што гэты былі тутэйшыя вырабы, бо дзе толькі старажытны чалавек затрымліваўся, там на месцы ён знаходзіў сабе крэмень i рабіў з яго патрэбныя інструменты. Сонца смажыла жарам на пясчаных берагах, але на адпачынак i абед мы маглі прысвяціць няшмат часу, бо за восем дзён мы планавалі прайсці 40 міль (такую прыкладна даўжыню мае пакручастае рэчышча Нёмана ад Горадні да Коўны), трэба было праходзіць у сярэднім па 5 міль на дзень. А таму цягам дня не было часу на тое каб выкупацца, падрамаць ці даўжэй адпачыць. На шчасце, са школьных часоў я прызвычаіўся лічыць кожную гадзіну, каб не страціць яе марна, а таму такі лад жыцця ў падарожжы не быў для мяне прыкрым. Там, дзе берагі былі больш цікавыя і прыгожыя, мы ішлі пешшу альбо пераплывалі лодкай з берага на бераг. Калі мы плылі па Нёмане, я рабіў нататкі нягледзячы на тое, што на вадзе, дзе сонечныя промні адбіваюцца ад яе гладкага люстра, гарачыня была нашмат больш дакучлівай. Пакуль мы брадзілі па нагрэтым пяску, шукаючы крамянёвыя экзэмпляры, Віктар выліваў ваду з чайкі або драмаў, час да часу прачынаючыся, каб панюхаць тытуню. Калі мы вярталіся з каменнай здабычай, ён шчыра запэўніваў, што першы раз у жыцці бачыць паноў, якія збіраюць па пяску „камушкі і скарупкі”.
За Мёлай мы мінулі дзве рапы, з якіх ніжэйшая нібы вельмі небяспечная для віцінаў. Далей, каля вёскі Пушкары ўпадае з левага берага ручай Пушкарка. Яе шырокі яр паказвае моц уздзеяння часу i вады на сушу, якія разам спрычыніліся да паўстання такога рэчышча. Рапа каля вёскі Сольная Баля таксама называецца Пушкарка. У Балі існавалі раней дзяржаўныя склады солі з Вялічкі, адсюль да назвы дадалося Сольная. Адкуль жа тут узялася назва біблейскай Балі (інакш званай Сегорай), якую пасля падзей з Лотам, як кажа Святое Пісанне, паглынулі агонь і зямля, гэтага не ведаю.
Ніжэй Пушкаркі з левага берага ў Нёман упадае рэчка Лабна, а вышэй на правым беразе цягнецца сасновы бор, які, здаецца, належыць да ўладанняў Станіславова (князёў Любецкіх). За гэтым борам распасціраецца „аколіца” засцянковай шляхты пад назвай Грандзічы або Грандзіцкія, напэўна, радавое гняздо Грандзіцкіх.
Пад Каўнянамі мы сустрэлі першы на Нёмане астравок. Грэцкага Ясона, калі той высадзіўся на востраве Лемнас, так ветліва прынялі прыгожыя жыхаркі, што гасціў ён у іх цэлы год, а памяць пра той прыём захавалася аж да нашых часоў. Аднак па пустым літоўскім востраве хадзіла толькі даўгадзюбая чапля, i тая ад нас уцякла. Кусты барбарысу, якія раслі на востраве, нагадалі мне дзіцячыя гады, калі я чакаў гасцей, пры якіх падавалі барбарысавае варэнне. Па камянях на беразе вострава хутка бегалі, ганяючыся за насякомымі, альбо весела шчабяталі i скакалі ў паветры трохі большыя ад сітавак, але падобныя на іх, птушкі, якіх Віктар назваў бібікамі.
Да наднёманскіх асаблівасцей належыць напатканы намі ў Каўнянах пантонны паром на тросе, a сярод звычайных рэчаў – старая карчма з дзіравай страхой, у якой нічога акрамя гарэлкі нельга было атрымаць, але ў якой затое было поўна раскудлачанай габрэйскай дзятвы. На пясчаным узвышшы ля вёскі я знайшоў сляды могілак з пазнейшых ужо часоў, a у іншым месцы хоць нешматлікія, але без сумневу крамянёвыя рэшткі інструментаў выкананых рукой дагістарычнага чалавека, выдзьмутыя ветрам з пяску. Ніжэй Каўнянаў мы пабачылі другі востраў са слядамі папярэчнага, неглыбокага пракопу.
Мясцовасць тут бедная лясамі і багатая толькі на пясок. Нёман пашыраецца, але плыве павальней, берагі губляюць маляўнічасць. Тым не менш наш першы абед мы з’елі вельмі рамантычна ў цяністым алешніку, на мяккай мураве, пад журчанне крыніцы, дыхаючы водарам невялікага квяцістага лугу. Побач у алешыне спяваў салавей, над намі шчабятаў жаўрук, не было толькі ветрыку, які б астудзіў нашы стомленыя ад руху і спякоты, цяжкія, як волавам налітыя часткі цела.
Мая клапатлівая маці шчодра забяспечыла нас на дарогу цудоўнай хатняй вяндлінай, але 30-градусная спякота адабрала апетыт на падобныя прысмакі. Тым часам наш лодачнік паклаў перад намі велічэзны бохан жытняга хлеба, раскошны дар літоўскай зямлі яе гасцям, соль у бярозавай табакерцы (не ўжыванай для тытуню) i кубак халоднага нектару, які сачыўся з грудзей роднай зямлі. Не кранаючы вяндліну мы ўзяліся за чорны хлеб, які быў нам на смак як торуньскі пернік. Густаў марыў пра бігас і зразы з кашай, але паколькі іх не было, прыняўся ўслед за мной за хлеб. Віктар еў свае селядцы, кажучы, што калі рыба вады захоча, то яе ў Нёмане хопіць.
Пераклад з польскай мовы Сяргея Кузняцова.
-
Катэгорыя: Транспартная сістэма
-
Апублікавана 09 Ліпень 2016
Апошняе
- Гродненский военный лагерь 1705 – 1706 гг.
- Первое упоминание про Городен - 1127 год
- НА ПРАВАХ МАГДЭБУРГА
- ГАРАДЗЕНСКАЕ КНЯСТВА (ПАЧАТАК ГІСТОРЫІ)
- ІМЯ ГОРАДА
- Тайны семейной усыпальницы
- Андрэй Чарнякевіч Айцы горада: кіраўнікі гродзенскага магістрата ў міжваенны час і іх лёсы 1919–1939 гг.
- Старая Лента. Гродненский синематограф: забытые страницы
- В аренду предводителю дворянства или история дома на ул. Академической