У апошнія два гады ў беларускай прэсе з'явіўся не адзін дзесятак салідных артыкулаў, прысвечаных стану захавання гісторыка-культурнай спадчыны Гародні.

Заўважу, галоўны лейтматыў згаданых публікацый вагаўся ад звышхвалебнага захаплення добраўпарадкаваннем горада (без усялякага сумнення, можна згадзіцца з меркаваннем, што ўжыванне слова "рэканструкцыя" з'яўляецца ў разглядаемым выпадку беспадстаўным) да рэзкай і надзвычай эмацыянальнай крытыкі горадабудаўнічых пераўтварэнняў улад.

Што на самой справе адбываецца у горадзе над Нёманам? У якім стане знаходзяцца яго архітэктурна-археалагічныя помнікі? Як выглядае іх будучыня і як магла б выглядаць?

Не памылюся, калі скажу, што, напэўна, у нікога не выклікае пярэчання той факт, што Гародня з'яўляецца адзіным беларускім горадам, які можа ганарыцца шматлікімі архітэктурнымі помнікамі, якія захаваліся да гэтага часу: комплексамі Старога і Новага замкаў, кляштараў брыгітак, езуітаў, Каложы, Гарадніцы і Новага свету, даўняга Ратушавага Рынка. Гародня – горад з надзвычай багатай, напаўзабытай гісторыяй, сваімі пачаткамі сягае часоў ранняга Сярэднявечча.

Гарады

Прапаную чытачу паглядзець на істоту горада. Свае заўвагі я распачну з ролі гарадоў у жыцці Еўропы. Як вядома, іх з'яўленне ў розных рэгіёнах кантыненту адбывалася нераўнамерна. Традыцыя, пачатая міжземнаморскай, антычнай цывілізацыяй, працягвалася на візантыйска-арабскай прасторы кантыненту, развівалася на захадзе – у каралінгскай Еўропе. У раннім Сярэднявеччы гарады пачалі будавацца ў цэнтры і на ўсходзе Еўропы. Тое, што першыя беларускія гарадскія асяродкі сваімі пачаткамі сягаюць IХ–Х стст., абсалютна не прыніжае нашу культуру. Кожная з'ява ці падзея маюць сваю прычынную абумоўленасць. Усё мае свой час, пачатак і канец.

Куды больш істотным трэба палічыць той факт, што гэты разнастайны гарадскі мікракосмас Еўропы аб'ядноўваўся адным – уласцівай усім гарадам супольнай філасофіяй. Гарады не толькі спрычыняліся да радыкальнай змены аблічча кантыненту дзякуючы факту свайго існавання ды горадабудаўнічым формам, выкананню функцыі каталізатара і індыкатара гаспадаркі, але таксама з'яўляліся своеасаблівым падсумаваннем еўрапейскай цывілізацыі – яе тэхнічных здабыткаў, культурных дасягненняў, якасна новага стылю і форм жыцця. Тут засяроджваліся сядзібы ўлад ды іншыя ўстановы, кляштарныя комплексы, у іх віравала культурнае жыццё. У гарадскую мітусню ўлівалася будзённая праца рамесных майстэрняў і крам, гоман кірмашоў, гулкія шынкі і корчмы. Таму гарады дзякуючы дынамічнаму рытму свайго жыцця, без сумнення, можна акрэсліць паказальнікамі ступені развіцця і дасягненняў кожнай краіны. І гэта, нягледзячы на антаганізмы паміж гарадамі і ўладамі, і на тое, што гарадское самакіраванне мазоліла вочы тагачасным пануючым. Адсюль вынікала антыпатыя ды нават нянавісць да мяшчанскага стану з боку шляхты і тэолагаў, яго ганьбаванне і пагардлівае стаўленне. Горад параўноўвалі з Садомам і Гаморай, Мілану прадказвалі лёс Троі, а бы Вавілон супрацьпастаўляўся нябеснаму Ерусаліму.

Гародня

На Беларусі гарады пачалі з'яўляцца тысячу гадоў назад, вырастаючы са старых племянных цэнтраў, на берагах гандлёвых артэрый, выконваючы функцыю портаў ды памежных умацаваных пунктаў. У групу найбольш старых беларускіх гарадоў уваходзіла Гародня, аб якой можна смела казаць як аб горадзе з тысячагадовым багажом досведу і багатымі гісторыка-культурнымі традыцыямі. Пра горад над Нёманам можна распавядаць доўга і шмат, мабыць, у пэўнай ступені бясконца. Аб часе яго заснавання на мяжы Х–ХI стст., што была адкрыта падчас археалагічных раскопак. Пра Гарадзенскае княства і князя Усеваладка, за якога Уладзімір Манамах аддаў сваю дачку. Пра побыт у горадзе караля Стэфана Баторыя, які памёр на Старым замку ў студзёную снежанскую ноч 1586 г. Пра соймы, якія адбываліся ў Гародні ў ХVI ст., а потым аднавіліся ў канцы ХVII ст. Уласцівасцю горада быў яго стракаты этнаканфесійны склад, які ствараў шырокае поле для ўзаемаразумення прадстаўнікоў розных этнічных груп і канфесій – таго, што цяпер мы называем талерантнасцю і чаго нам сёння так катастрафічна не хапае.

У гісторыі горада былі не толькі радасныя старонкі, але і смутныя здарэнні, якія тармазілі гаспадарчае развіццё, абумоўлівалі дэмаграфічную стагнацыю. Цяжка было адбудоўвацца гораду, знішчанаму ў ХIV ст. крыжацкай навалай, а потым спаленаму дашчэнту маскоўскімі войскамі ў 50-х гадах ХVII ст. ці апечанаму пажарамі 1753 ці 1885 гг. Усё ж такі, нягледзячы на шматлікія "але", пачуццё годнасці і адказнасці за будучае сваёй сям'і і лёс горада пераважала, і кожны раз горад паволі, але ўпэўнена адраджаўся.

Гэта, вядома, толькі павярхоўны зрэз нашай гісторыі. Найбольш важныя падзеі. Згадкі аб некаторых постацях ягонай мінуўшчыны. Я не маю намеру выкладаць усю складаную і, на жаль, адрывачна даследаваную гісторыю Гародні. Такая магчымасць адсутнічае.

Зрэшты, я заўсёды схіляўся да думкі, што інтэлігентны чалавек, не зважаючы на ўсе цяжкасці, перашкоды ці недахоп інфармацыі, у стане з разуменнем паставіцца да сутнасці кожнай, нават найбольш складанай праблемы, выслухаць іншую думку, аргументавана выказацца ў дыскусіі. Для гэтага патрэбны толькі жаданне і добрая воля. Сказанае тычыцца таксама шанавання горада, яго гісторыі, культурнай спадчыны, урэшце, яго жыхароў ды іх думкі.

Цяжка вызначыць тое слова, якім можна апісаць непаўторнасць і каларыт кожнага горада. Але менавіта гэта тое пачуццё, з якім мы сустракаемся, калі наведваем які-небудзь горад першы раз. Захапленне, маса ўражанняў, жаданне прайсці тымі самымі вуліцамі яшчэ раз, заглянуць ва ўсе яго закуткі, захаваць яго вобраз у памяці. Пакідаючы горад, мы забіраем з сабою ўспаміны і намер вярнуцца сюды ізноў.

Сказанае ставіць цэлы комплекс пытанняў, на якія варта адказаць. У першую чаргу гэта якім чынам належыць ацэньваць гісторыка-культурную спадчыну Гародні і стан захаванасці помнікаў у маштабе краіны? Што яднае культуру наднёманскай сталіцы з еўрапейскай культурай? Пытанне, таксама як і адказ, можна трактаваць даволі шырока. Таму абмяжуюся толькі найбольш істотнымі і адметнымі момантамі гісторыі і культуры Гародні.

Узнікненне кожнага горада адбывалася ў канкрэтных гістарычных умовах, на пэўных этапах развіцця грамадства, якое ўжо не здольна функцыянаваць без адміністрацыйнага (сядзібы ўлады) ды ваенна-стратэгічнага цэнтра ці абумоўлена новымі эканамічнымі патрэбамі, калі гарадское паселішча пачынае выконваць функцыю засяроджання рамяства, становіцца месцам збыту сельскагаспадарчай вытворчасці, гандлёвым пасрэднікам. Менавіта ў такіх умовах вырасла Гародня, заснаваная на берагах гандлёвага шляху – Нёмана як славянскі фарпост, які ў ХII ст. ператварыўся ў буйны горад, сталіцу Гарадзенскага княства.

Пісьмовыя крыніцы па гісторыі горада ХI–ХII стст. адсутнічаюць. І не таму, што яны не захаваліся. Навуцы, на жаль, не вядомы помнікі тагачаснага афіцыйнага справаводства, хаця можна гіпатэтычна дапускаць, што гарадзенскія князі маглі мець канцылярыю. Таму пра найбольш старажытны перыяд гісторыі Гародні можна даведацца толькі дзякуючы надзвычай рэдкім згадкам летапісаў. Веды аб гэтых часах кампенсуе багатая археалагічная спадчына. Гэтым тлумачыцца істотная роля археалагічных даследаванняў у нашай гісторыі. Менавіта вынікі раскопак Юзафа Ядкоўскага, Здзіслава Дурчэўскага, Мікалая Вароніна, Міхася Ткачова, Алега Трусава, Алеся Краўцэвіча ды іншых даследчыкаў далі багаты матэрыял аб развіцці гарадскога рамяства, яго структуры, уяўленне аб сацыяльным расслаенні гараджан, дазволілі ўдакладніць тэрыторыю, якую займаў горад у ХII ст., яго планіроўку, вывучыць тыпы жылля і, урэшце, мураваныя помнікі архітэктуры.

Да найлепш захаваных манументальных збудаванняў Гародні ХII ст. належалі цэрквы, якія былі ўзведзены на тэрыторыі княскага дзядзінца (Стары замак) і паасобных гарадскіх пасадаў. Да іх ліку адносяцца Барысаглебская царква на Каложы, Ніжняя царква на тэрыторыі дзядзінца (адкрыта ў 30-я гады ХХ ст.), Прачысценская царква (адкрыта Ігарам Чарняўскім у 1980 г. на тэрыторыі кляштара базыліянак), урэшце, Васкрасенская, якую, як можна меркаваць, лакалізаваў Алесь Краўцэвіч у канцы 80-х гадоў ХХ ст.), і Малая царква, на месцаразмяшчэнне і даўні час пабудовы якой ускосна паказваюць вынікі раскопак.

Узнікае заканамернае пытанне: якое месца ў культурнай прасторы Еўропы займаюць згаданыя, у большасці незахаваныя помнікі нашага ранняга Сярэднявечча? У чым іх асаблівасць? Тэхніка муроўкі і дэкаратыўныя матывы (напрыклад, упрыгожанне сцен шліфаванымі, каляровымі валунамі, розна-каляровымі керамічнымі пліткамі) Каложскай царквы паказваюць на тое, што яе будаўнікі паходзілі з Валыні, што, без сумнення, сведчыць аб ўплывах візантыйскай архітэктуры. А асаблівасцю школы дойлідства апошняй у гэты перыяд з'яўлялася прастата аздаблення фасадаў, якія не тынкаваліся, а афармляліся ўзорыстай цаглянай муроўкай – тонкай цэглай (плінфай), якая чаргавалася са слаямі рошчыны, ці спалучалі вапняковым камянём. Фасады культавых пабудоў балгарскіх гарадоў – Пліскі і Прэслава – у IХ-Х стст. былі таксама багата аздоблены каляровымі керамічнымі пліткамі.

Акрамя пераймання візантыйскіх традыцый, у гарадзенскім культавым дойлідстве прасочваюцца формы, уласцівыя полацкай архітэктурнай школе (напрыклад, адна апсіда храма). Варта было б дадаць складаную прафіліроўку лапатак Каложы, выкарыстанне слупоў інтэр'еру з рэдкай круглай формай, паліваныя пліткі падлогі. Архітэктурна-мастацкія асаблівасці гарадзенскіх манументальных помнікаў сведчаць аб тым, што на еўрапейскай культурнай прасторы падобныя аналагі помнікаў адсутнічаюць, што дазваляе сцвярджаць аб развіцці самабытнай гарадзенскай школы дойлідства ХII ст.

Мастацкай культуры Еўропы XII ст. было ўласціва распаўсюджанне готыкі. На Беларусі гэты стыль пачынае развівацца ў XIII ст. (напрыклад, Камянецкая вежа). Готыка на нашых землях не капіравалася слепа. Мясцовыя помнікі не характарызаваліся багата ўпрыгожанымі вімпергамі, вялікай колькасцю аркбутанаў ці рознакаляровымі вітражамі. На беларускіх землях у XIV – XVI стст. сфарміраваўся своеасаблівы стыль, для якога было характэрна спалучэнне мясцовых традыцый дойлідства і заходнееўрапейскіх архітэктурных уплываў.

Адным з найбольш цікавых і самабытных культавых помнікаў Гародні першай паловы XIV ст. была т. зв. Верхняя царква. Нельга выключыць магчымасці, што непасрэднае дачыненне да яе пабудовы меў гарадзенскі кашталян Давыд. А недакладная тэхніка муроўкі сведчыць на карысць таго, што ўзводзілі яе не замежныя майстры, якія, хутчэй за ўсё, пазбеглі б гэтага, а мясцовыя муляры. У архітэктуры храма прасочваюцца мастацка-будаўнічыя рысы гарадзенскай архітэктурнай школы XII ст. (абрэзаныя вуглы храма, шліфаваныя камяні ў сценах, рошчыны з напаўняльнікам з таўчонай цэглы) і гатычныя элементы (крыжовыя скляпенні ўнутранай прасторы і гатычны дах). Царкву разабралі ў канцы XVI ст. падчас перабудовы замка Стэфанам Баторыем.

Гатычная традыцыя нашага горада не абмяжоўвалася ўзвядзеннем Верхняй царквы. Найбольш выдатным помнікам гэтага стылю быў Стары замак, перабудаваны ў канцы XIV ст. вялікім князем Вітаўтам.

Новы этап гісторыі Гародні распачаўся ў канцы XV ст. У 1496 г. Гародня атрымала магдэбургскае права. На гарадскім Рынку была ўзведзена рэнесансавая ратуша. У XVI ст. на старажытнай вуліцы Віленскай (цяпер Савецкая) з'явіўся касцёл Св. Духа, у архітэктуры якога спалучаліся рысы готыкі і рэнесансу. Цікавым прыкладам спалучэння мясцовай будаўнічай традыцыі і заходнееўрапейскіх архітэктурных уплываў была царква Св. Крыжа. Храм уяўляў тып рэнесансавай ратонды, якая, у адрозненне ад помнікаў заходнееўрапейскай архітэктуры, была завершана не купалам, а шмат'яруснай канструкцыяй.

У XVI ст. дзякуючы намаганням караля Стэфана Баторыя быў перабудаваны Стары замак, які атрымаў выгляд рэнесансавага палаца, і ўзведзены новы мураваны, гатыцка-маньерыстычны парафіяльны касцёл на гарадскім Рынку, які ў горадзе называўся Фарай Вітаўта. Аўтарам праектаў з'яўляўся каралеўскі архітэктар, італьянец Санці Гучы, які, акрамя каралеўскага замка і касцёла на Рынку, меў дачыненне да ўзвядзення мураванай яўрэйскай сінагогі.

У традыцыйным масавым будаўніцтве Гародні XVI ст. пераважалі драўляныя ды фахверкавыя збудаванні. Існавалі дамы, першы паверх якіх быў мураваны, а другі ўзводзіўся ў тэхніцы "прускага муру". Можна меркаваць, што будаўнічыя прыёмы фахверка ў Гародню прынеслі муляры-эмігранты з Усходняй Прусіі.

Гародня XVI ст. – горад, у культуры якога апошні подых готыкі сутыкаўся з рэнесансавай плынню, узбагачаючыся традыцыямі мясцовага беларускага дойлідства і фахверкавым канструкцыйным тыпам, распаўсюджаным у Заходняй Еўропе.

Наступныя два стагоддзі без усялякага сумнення можна назваць перыядам барочных культурных здабыткаў. Узвядзенне ў XVII-XVIII стст. кляштарных комплексаў бернардзінцаў, бернардзінак і кармелітаў босых (Маставая вуліца), езуітаў і францысканцаў (на галоўным і занёманскім Рынках адпаведна), дамініканцаў (на Віленскай), брыгітак (на Азёрскай) узбагаціла горадабудаўнічы ансамбль Гародні. З'яўленне згаданых культавых збудаванняў абумовіла не толькі фарміраванне новых эстэтычных і архітэктурна-мастацкіх якасцей горадабудаўнічай кампазіцыі горада, паглыбленне яго стылёвай разнастайнасці, але ўзбагаціла сілуэт Гародні новымі архітэктурнымі аб'ёмамі. Размешчаныя на галоўных планіровачных восях горада, кляштары дзякуючы сваёй маштабнасці, шмат'ярусным вертыкалям званіц з гэтага часу пачынаюць дамінаваць у краявідзе горада.

Немалаважнае месца ў горадабудаўнічай панараме Гародні гэтага ж часу належала архітэктурным дамінантам магнацкіх палацаў: Радзівілаў і Сапегаў (на Рынку), Агінскіх – на Дзям'янаўскай і на беразе Нёмана, палацам Масальскіх на Віленскай ды Замкавай вуліцах. У апошнія гады кіравання Аўгуста II нарадзілася ідэя пабудовы Новага замка, якая была здзейснена толькі ў 1737 – 1742 гг. саксонскімі архітэктарамі Карлам Фрыдрыхам Пёпельманам і Ёганам Фрыдрыхам Кнобелем.

На жаль, тагачасная забудова захавалася ў мінімальнай ступені. Таму тое, як выглядала Гародня ў XVIII ст., у адным з найбольш яскравых перыядаў сваёй гісторыі, можна ўявіць дзякуючы даследаванням архіўных ды іканаграфічных крыніц.

У 70 – 80-х гадах XVII ст. у выніку буйнамаштабных горадабудаўнічых мерапрыемстваў Антонія Тызенгауза сфарміраваўся горадабудаўнічы ансамбль Гарадніцы, аб чым будзе гаворка ніжэй.

На пачатку XIX ст. большая частка рэгулярнай забудовы Гародні была драўлянай, што вынікала з абмежаваных фінансавых магчымасцей гараджан ды з традыцыі драўлянага дойлідства. Аднак паступова вуліцы горада пачалі запаўняцца мураванымі дамамі. Згодна з праектам планіроўкі Гародні 1874 г., на Саборнай (сучасная Савецкая) і Мураўёўскай (сучасная Ажэшкі) вуліцах планавалася ўзводзіць толькі мураваныя дамы. Кардынальным чынам горад змяніў аблічча на мураванае пасля пажару 1885 г.

Архітэктуру XIX – пачатку XX стст. вызначала стылёвая разнастайнасць. На мяжы XVIII – XIX стст. у горадзе з'яўляюцца помнікі класіцызму – палац Агінскіх (1790), дом віцэ-губернатара Максімовіча (вуліца Ажэшкі), палац віцэ-адміністратара на Гарадніцы (1793). Канешне, на працягу ўсяго XIX ст. пераважала забудова ў стылі эклектыкі. Але ў Гародні таксама ставіліся будынкі ў стылі мадэрн (сялянскі зямельны банк (1913), жылыя дамы ўрачоў (сучасная Леніна і Студэнцкая) ці не існуючы цяпер будынак электратэатра "Сатурн" (на вуліцы Гараднічанскай), неаготыкі (лютэранская кірха), неакласіцызму (будынак рэальнага вучылішча і жаночай гімназіі) і псеўдарускага стылю (Пакроўская ды Уладзімірская цэрквы). З гэтага перыяду захаваліся помнікі так званага "цаглянага" стылю ды прамысловай архітэктуры – будынкі тытунёвай фабрыкі (1862), піваваранага завода Кунца (1877) ці воданапорныя вежы.

У 20 – 30-х гг. XX ст. архітэктурны каларыт Гародні паглыбілі помнікі канструктывізму. Да гэтай групы належалі мураваныя і нават драўляныя будынкі грамадскага ды жылога прызначэння (катэджная забудова), сярод якіх варта адзначыць Дзяржбанк (сучасная Карбышава), Дом афіцэраў (вуліца Ажэшкі). У гэты час у горадзе ўзводзіліся таксама будынкі ў стылі неабарока.

Помнікі архітэктуры горада – выдатны прыклад ягонага знаходжання ў кантактнай зоне розных еўрапейскiх культурных плыняў.

Што пакінем нашчадкам?

Гісторыя масавых знішчэнняў забудовы Гародні сваімі пачаткамі сягае перыяду вайны з Масквой у сярэдзіне XVII ст., калі ў ёй былі спалены і зруйнаваны шматлікія цэрквы і касцёлы, дамы мяшчан, будынкі грамадскага прызначэння, у прыватнасці сімвал гарадскога самакіравання – рэнесансавая ратуша. На жаль, адбудаваць яе адразу пасля вайны не ўдалося. Таму сто год пазней на яе месцы ўзвялі будынак у стылі класіцызму, прыстасаваны да іншых патрэб.

Эпоха рамантызму прынесла новае разуменне нацыянальных культур, якія ахопліваюць па-за культурай шляхецкага "палітычнага" народу іншыя слаі насельніцтва. Менавіта таму ў XIX ст. інтэнсіўна даследуюцца фальклорная спадчына і матэрыяльная культура, гістарычныя крыніцы. Пaхваліцца даўняй традыцыяй сістэмы аховы помнікаў і іх рэстаўрацыі беларускім гарадам таго часу не даводзіцца, нягледзячы на тое, што архітэктурныя помнікі знаходзіліся ў полi зроку расійскіх улад. У 1826 і 1848 гг. у адпаведнасці з указамі расійскіх імператараў ва ўсіх кутках краіны мясцовыя ўлады былі абавязаны збіраць звесткі пра помнікі даўніны ды іх ахову. Аднак замест грунтоўных справаздач аб гісторыка-культурных каштоўнасцях Санкт-Пецярбург даволі часта атрымліваў фармальныя адпіскі, што можна патлумачыць узроўнем ведаў і стаўленннем да экзатычнай "западнорусской" спадчыны малакампетэнтных чыноўнікаў ды паліцэйскіх, якіх прыслалі з расійскай глыбінкі, ды ўвогуле цьмяным уяўленнем пра рэстаўрацыю архітэктурных помнікаў.

Хутчэй за ўсё, згаданымі акалічнасцямі тлумачыцца тое, што менавіта ў XIX ст., у часы Расійскай імперыі ў заняпад прыйшлі ці ўвогуле былі разбураны шматлікія беларускія замкі, а ахова помнікаў абмяжоўвалася звычайным рамонтам у пераважнай большасціі культавых праваслаўных помнікаў.

У XIX ст. з гарадской панарамы Гародні зніклі збудаванні баніфратраў, касцёлы кляштараў дамініканцаў і кармелітаў босых. А ў 30-я гады XX ст. аналагічны лёс напаткаў царкву Аляксандра Неўскага.

Сваімі пачаткамі ахова помнікаў у Гародні сягае пачатку XX ст. У сакавіку 1920 г. у мэтах інвентарызацыі гісторыка-культурнай спадчыны, іх кансервацыі, рэстаўрацыі і яе аховы была створана Дзяржаўная камісія па ахове помнікаў мастацтва і культуры, на чале якой стаяў славуты гісторык Юзаф Ядкоўскі.

У выніку ваенных дзеянняў Першай сусветнай вайны быў знішчаны палац гарадзенскага старасты Антонія Тызенгауза, а падчас бамбёжкі ці артабстрэлаў Другой сусветнай вайны разбураны шэраг кварталаў цэнтра горада са шчыльнай забудовай. Знішчэнні цягнуліся ад збудаванняў даўняга базыліянскага кляштара па Замкавую і Маставую, ахоплівалі квартал, абмежаваны даўнім Рынкам (у міжваенны перыяд плошча Баторыя), вуліцай Мяшчанскай (сучасная Баторыя) і Мастовай. Далей яны ахоплівалі значную частку квартала паміж сучаснай вуліцай Баторыя – Сацыялістычнай – Парыжскай Камуны. На старых паштоўках кідаецца ў вочы непаўторны краявід страчанага: сілуэты палацаў Радзівілаў і Агінскіх, дамінанты фарных касцёлаў, шматлікія камяніцы, якія шчыльна прымыкалі адна да адной і якія змыкаліся рытмам дахаў.

Пасля вайны забудову апісаных кварталаў не аднаўлялі, узводзячы тут сацрэалістычныя хрушчоўкі, а паміж даўняй Мяшчанскай і Маставой разбілі сквер з фантанам. З цэнтральнай плошчы зніклі ратуша, палац Радзівілаў, мяшчанскія камяніцы з "прускага мура", месца якіх заняў Палац культуры тэкстыльшчыкаў. Напалову разбураным застаўся будынак палаца Сапегаў.

Калі для вышэйпамянутых разбурэнняў можна знайсці лагічнае тлумачэнне, то характар пасляваенных горадабудаўнічых пераўтварэнняў паказвае на іх мэтанакіраванасць. У 60-х гадах XX ст. улады знеслі ўзведзеную ў канцы XIV ст. Фару Вітаўта і збудаванні кляштару бернардынак, на месцы якога пазней паставілі будынак тэатра. Без усялякага абгрунтавання была знішчана частка забудовы па вуліцы Замкавай. Працягваючы гэтую "культурную традыцыю", улады ліквідавалі старыя яўрэйскія могілкі (цяпер на гэтым месцы знаходзіцца гарадскі стадыён і Лядовы палац), а потым і могілкі лютэранскай абшчыны, што ляжалі побач з кірхай на Гарадніцы (вул. Акадэмічная).

На гарадніцы, як падаецца, варта было б засяродзiць увагу асобна. Яна з'ўлялася новым горадабудаўнічым элементам, які ў XVI – XVIII стст. прымыкаў да паўночных ускрайкаў магдэбургскай Гародні. У другой палове XVIII ст. Гарадніца з каралеўскага двара з сельскагаспадарчым абліччам ператварылася ў сучаснае прадмесце горада. Праект планіроўкі і забудовы гарадніцкага ансамбля выканалі архітэктары Ёган Георг Мёзэр і Джузэпе Сака. Галоўным кампазіцыйным элементам Гарадніцы была новая плошча (цяпер плошча Тызенгауза). Яе дамінуючым акцэнтам быў палац гарадзенскага старасты Антонія Тызенгауза. На палацавых задворках знаходзіўся батанічны сад. Паўночны бок плошчы займалі дзве афіцыны – музычная і тэатральная (крывая), на паўднёвым баку была ўзведзена гасціная афіцына і закладзены падмуркі вартоўні. Меркавалася, што з часам адміністрацыйна-культурны комплекс Гарадніцы папоўняць будынкі Медыцынскай акадэміі і тэатра. Галоўнай артэрыяй прадмесця была вуліца Раскоша (цяпер Ажэшкі) з аўстэрыяй, кафенгаўзам і корчмамі ды 20 домікаў рамеснікаў. Ва ўсходняй частцы Гарадніцы быў узведзены мануфактурны комплекс. Агульным чынам было ўзведзена 85 будынкаў рознага прызначэння.

Паводле крыніц 1849 г., з карты Гарадніцы знікла 30 тызенгаузаўскіх збудаванняў. У 1915 г. быў спалены палац Тызенгауза. Даследчыца Алена Квітніцкая ў 50-я гады XX ст. зафіксавала каля дзесятка будынкаў грамадскага прызначэння і 9 домікаў рамеснікаў на вуліцы Ажэшкі, карчму "Раскоша". Сур'ёзныя страты забудова Гарадніцы і вуліцы Ажэшкі панесла ў наступныя гады. На вуліцы Ажэшкі былі разбураны амаль што ўсе тыпавыя жылыя дамы рамеснікаў.

Брэжнеўскія часы прынеслі істотныя горадабудаўнічыя змены ансамбля Гарадніцы, якія заключаліся ў: узвядзенні будынка аблвыканкама і яго перабудовы, у выніку чаго быў знесены квартал на рагу вуліц Ажэшкі і Сацыялістычнай; расшырэнні плошчы Леніна за кошт засыпкі фрагментаў гістарычнага ландшафта ўздоўж Гараднічанкі; будаўніцтве адміністрацыйных будынкаў былых гарадскіх камітэтаў КПБ і камсамола.

Як можна ацаніць згаданыя горадабудаўнічыя "інавацыі"? Па-першае, мэтай неабгрунтаванага горадабудаўнічага рашэння з'яўлялася арганізацыя новага адміністрацыйнага цэнтра, які сваім аб'ёмна-прасторавым вырашэннем супярэчыў маштабнасці гістарычнага асяроддзя. Па-другое, пашырэнне плошчы Леніна шляхам засыпкі фрагмента рэчышча Гараднічанкі стала прычынай змены ўзроўню грунтовых вод і падтаплення падвальных памяшканняў некаторых будынкаў, напрыклад, былой Медыцынскай акадэміі. Па-трэцяе, калі ўзведзеныя ў 30-я гады XX ст. дамы ў стылі канструктывізму сваёй маштабнасцю ўпісваліся ў навакольнае горадабудаўнічае асяроддзе ды дадаткова стылёва ўзбагачалі забудову вуліцы Ажэшкі, то архітэктура савецкага часу (адміністрацыйныя будынкі абласных уладаў, партыі і камсамола) вызначалася невысокімі архітэктурна-мастацкімі якасцямі.

І ўрэшце. Ці можна было пазбегнуць дасягнутага вырашэння? Улічваючы факт распрацоўкі праекта ўзвядзення новага адміністрацыйна-грамадскага комплексу па-за гістарычным цэнтрам горада, за Гараднічанкай, просіцца станоўчы адказ.

Прыкладаў знішчэнняў гістарычнай забудовы, якія парушылі традыцыйную панараму гарадскога асяроддзя, было значна больш. Гэта прыбудоўка універмага на месцы будынка аднаго са старэйшых кінатэатраў горада на Савецкай вуліцы, знішчэнне будынка чыгуначнага вакзала, карчмы "Раскоша" ды цэлага прывакзальнага квартала побач з заапаркам.

У тыя застойныя часы, калі канфармізм татальна валодаў розумам беларусаў, на абарону спадчыны горада паўстаў прафесар Гарадзенскага дзяржаўнага універсітэта, гісторык і археолаг Міхась Ткачоў, а крыху пазней, у другой палове 80-х гадоў XX ст., клуб інтэлігенцыі "Паходня".

У 1988 г. рашэннем Савета Міністраў БССР цэнтр Гародні быў абвешчаны помнікам горадабудаўніцтва і архітэктуры. Згодна з ім, да праблемы рэканструкцыі гістарычнага цэнтра горада планавалася падыйсці грунтоўна.

У 1987 – 1992 гг. у Гародні працавалі гарадзенскія рэстаўрацыйныя майстэрні, супрацоўнікаў якіх – гісторыкаў і археолагаў, архітэктараў і інжэнераў – аб'ядноўвала ідэя. Не лічу яе ані патэтычнай, ані высакамоўнай. Ідэя высакародная – аднавіць аблічча горада, убачыць яго прыгожым, захаваць страчаную сувязь мінулага і сучаснага. Нягледзячы на істотныя фінансавыя абмежаванні, спецыялістамі майстэрняў быў падрыхтаваны не адзін дзесятак гістарычных даведак, праведзены археалагічныя раскопкі, інжынерныя абгрунтаванні і архітэктурна-рэстаўрацыйныя праекты па шматлікіх аб'ектах у гістарычным цэнтры горада, якія меркавалася адрэстаўраваць. У Мінску ў той жа час быў створаны праект аднаўлення Старога замку, які таксама не быў здзейснены.

У 1992 г. прадпрыемства "Спецпраектрэстаўрацыя" спыніла сваё існаванне. У пэўнай ступені эстафетную палачку перахапіў "Гроднаграмадзянпраект", якім у 1995 г. быў створаны рэстаўрацыйны аддзел. На жаль, вынікі яго прац абмяжоўваюцца невялікай колькасцю аб'ектаў: Замкавая, 1б, Стары замкавы мост, Савецкая, 23, шэраг дамоў на вуліцы К. Маркса ды Кірава, 32. На аб'екце Савецкая, 1 была выканана рэстаўрацыя фасадаў, але па вялікім рахунку – гэта не капітальны рамонт.

Таму ў апошнія 15 год рэстаўрацыя ў Гародні ператварылася ў пацёмкінскую вёску. Менавіта таму прыклады рэстаўрацыі ў сапраўднасці можна пералічыць на пальцах. Гэта, на жаль, толькі рэстаран "Стары лямус", размешчаны ў тызенгаўзаўскім будынку XVIII ст.

Негатыўнае стаўленне да спадчыны, выразная арыентацыя на сацрэалістычны манументалізм з нізкімі эстэтычнымі якасцямі, з'яўленне буйных аб'ёмаў, якія не суадносяцца з гістарычным асяроддзем (будынак аблвыканкама на вуліцы Ажэшкі ці ўпарадкаванне Савецкай плошчы ў 2006 г.) можна патлумачыць неразвітасцю практыкі кансервацыі і рэстаўрацыі ды адсутнасцю механізму выкарыстання назапашанага стагоддзямі гісторыка-культурнага патэнцыялу Гародні. А гэты патэнцыял ахоплівае больш за 400 помнікаў, якія знаходзяцца ў гістарычным цэнтры горада.

Гістарычныя гарады на сучасным этапе

Усведамленне мэтазгоднасці захавання гістарычнай тканіны горада, нават калі яна і не характарызуецца манументальнымі формамі ці сусветнымі шэдэўрамі, пачало фарміравацца ў Еўропе яшчэ ў канцы XIX ст. Пасля Другой сусветнай вайны існавалі дзве мадэлі развіцця гістарычных гарадоў. Першая – статычная – мадэль здзейснена ў Чэхіі, дзе 30 гарадскіх комплексаў было ператворана ў гісторыка-культурныя запаведнікі. Забудова згаданых гістарычных цэнтраў, якая фінансавалася з бюджэтных сродкаў, вельмі хутка ператварылася ў мёртвыя скансены. Такая мадэль, адарваная ад сацыяльных і эканамічных рэалій, пачала даваць збоі. Нягледзячы на вялізныя знішчэнні польскай сталіцы, яе гістарычны цэнтр пасля вайны адрадзіўся, як Фенікс, хаця дагэтуль можна пачуць неадназначыя ацэнкі адбудовы Варшавы. Другая канцэпцыя была ажыццёўлена ў Германіі, дзе ўвогуле не аднаўлялі нават найбольш каштоўныя архітэктурныя помнікі. Прыклады Мінска ці Бухарэста паказваюць на другую крайнасць – планамернае знішчэнне гістарычных цэнтраў ды татальную іх перабудову.

З цягам часу па меры дынамізацыі развіцця гарадоў у Заходняй Еўропе і ЗША была звернута ўвага на тое, што гісторыка-культурная спадчына горада – гэта не толькі сімвалічны пласт культуры ды механічная сукупнасць помнікаў, што знаходзяцца на яго тэрыторыі, але і рыначны прадукт. На страсбургскім кангрэсе мясцовых і рэгіянальных улад Еўропы ў 2000 г. была прынята рэзалюцыя "Аб гістарычных гарадах у Еўропе", пункт №2 якой гучыць наступным чынам: "Гістарычныя гарады нязменна знаходзяцца ў цэнтры культурнага жыцця іх рэгіёна, прыцягваюць мільёны турыстаў і ўносяць істотны ўклад у развіццё нацыянальнай і агульнаеўрапейскай эканомікі". Такі прагматычны падыход да спадчыны гістарычных гарадоў ва ўмовах пераходу ад індустрыяльнай (фардызму) да постіндустрыяльнай гаспадаркі як эканамічнай вартасці дазволіў асэнсаваць яе як гаспадарчы патэнцыял краіны і абумовіў з'яўленне канцэпцыі кіравання гістарычнымі гарадамі, якая базіравалася на прынцыпах кантроля і рэгулявання, а не планавання стыхійных урбанізацыйных працэсаў пад наглядам кансерватарскіх служб, а таксама развіцця новай даследчай галіны – філасофіі аховы спадчыны і нават з'яўлення ў ЗША новай галіны амерыканскага права – Historic Preservation Law.

Канцэпцыя кіравання гістарычнымі гарадамі абапіраецца на эканамічнае вымярэнне культуры, маркетынгавыя падыходы развіцця культурнага патэнцыялу гарадоў, магчымасці спалучэння іх інтэлектуальна-мастацкіх рэсурсаў з эканамічнымі вартасцямі. Такім чынам, у Заходняй Еўропе яшчэ ў 60-я гады XX ст. былі закладзены пачаткі распрацоўкі новай палітыкі адносна гістарычных гарадоў. У мэтах прыцягнення інвестараў праходзіў працэс камерцыялізацыі іх цэнтраў, што прывяло да змены функцыянальнага характару гэтай часткі горада. Тут агнездаваліся фірмы, банкі, шыкоўныя крамы, нерухомасць ахвотна набывалі прадстаўнікі творчых прафесій. Канешне, палітыка рэвіталізацыі мела свой адмоўны бок – набыццё і спекуляцыя нерухомай маёмасцю асоб, якія маюць палітычную падтрымку.

У 70-я гады XX ст. новая канцэпцыя кіравання гістарычнымі гарадамі была станоўча ўспрынята ў розных краінах. Да пераасэнсавання палітыкі адносна гістарычных гарадоў дайшло ў Чэхіі, а ў Германіі пачалі гучаць заклікі аб неабходнасці аднаўлення даўняга выгляду гарадскіх цэнтраў. Пазітыўную ацэнку атрымала адбудова дашчэнту знішчаных у час вайны цэнтраў Варшавы і Гданьска. Пачынаючы з 80-х гадоў XX ст. у Галандыі і Германіі, а гэтак жа ў ЗША пачала фарміравацца новая маркетынгавая стратэгія адносна гістарычных гарадоў, якая грунтавалася на комплексным вывучэнні патэнцыялу гарадскога рынку, у аналізе гісторыка-культурнага і інтэлектуальнага асяроддзя.

Новая палітыка тычылася не толькі гарадоў з захаваным сегментам гістарычнай забудовы. Працэсы рэструктурызацыі закранулі таксама прамысловыя цэнтры, напрыклад, Балтымор і Пітсбург (ЗША), Ліён (Францыя), Рурскі басейн (Германія), Глазга і Кардыф (Вялікабрытанія). Напрыклад, у 80-я гады XX ст. з сур'ёзнымі праблемамі сутыкнуўся шатландскі Глазга. У старадаўнім Merchant City (30 га) пуставала адна трэць дамоў. На працягу 10 год у выніку працэса рэвіталізацыі гэтай часткі горада было адноўлена 1500 дамоў, складскія памяшканні былі перароблены ў кватэры, з'явіліся рэстараны, бістро, крамы, цэнтры моды, тэатральныя клубы, адаптаваны закінутыя докі на р. Клайд, а на іх тэрыторыі ўзведзены выставачна-канферэнцыйны цэнтр. Стварэннем базы для развіцця бізнеса і турызма займалася арганізацыя Glasgow Action. У выніку пераўтварэнняў адбылася рэструктурызацыя гарадской гаспадаркі, у якой пачаў дамінаваць сектар паслуг, якому выразна саступіў прамысловы сектар (20% гарадскога рынку).

У пасляваеннай Еўропе было выпрацавана паняцце еўрапейскай культурнай спадчыны. Каардынацыя і ўвасабленне прынцыпаў аховы гісторыка-культурнай спадчыны Еўропы знаходзіліся ў кампетэнцыі Камітэта па культурнай спадчыне Рады Еўропы (Cultural Heritage Committee). Паводле Еўрапейскай культурнай канвенцыі 1954 г. на еўрапейскія дзяржавы накладваецца абавязак аховы помнікаў, якія з'яўляюцца састаўной часткай супольнай еўрапейскай спадчыны.

Акрамя таго, падставы сучаснай еўрапейскай палітыкі адносна гістарычных гарадоў грунтуюцца на падрыхтаванай у 1975 г. Радай Еўропы Еўрапейскай хартыі архітэктурнай спадчыны (European Charter of the Architectural Heritage) і Канвенцыі аб ахове архітэктурнай спадчыны Еўропы, прынятай у 1985 г. у Гранадзе (Іспанія). У згаданых дакументах падкрэсліваецца, што еўрапейская культурная спадчына складаецца не толькі з найбольш важных помнікаў, каштоўных у эстэтычна-мастацкім плане, але да яе належаць як шматлікія паасобныя помнікі, так і комплексы гістарычнай гарадской забудовы.

Нягледзячы на надзвычай багатую гісторыка-культурную спадчыну Еўропы, першапраходцамі ў галіне рэвіталізацыі гістарычных гарадоў можна лічыць амерыканцаў. Яшчэ ў 20 – 30-я гады XX ст. Джон Ракфелер выкупіў вялізную частку г. Вільямсбург, заснаваў прадпрыемства Williamsburg Restoration, Inc., якое правяло рэстаўрацыю ды рэканструкцыю горада. Можна сустрэцца з думкай аб музеефікацыі Вільямсбурга ды стварэнні музея пад адкрытым небам. Заўважым, што гэты горад ператварыўся не ў мёртвы музейны скансен, а наадварот – у жывы арганізм і вірлівы турыстычны цэнтр, ажыўлены подыхам эпохі, знітаваны з сучасным рытмам жыцця. Варты ўвагі і той факт, што сустрэчы на афіцыйным узроўні ў ЗША часта пачынаюцца з наведвання гэтага горада.

Вільямсбург – цікавы і арыгінальны прыклад рэвіталізацыі культурнай спадчыны і яе спалучэння з эканамічнымі рэаліямі, які адыграў сур'ёзную ролю ў фарміраванні гістарычнай свядомасці амерыканцаў.

У 1992 г. у выніку супольных намаганняў канферэнцыя мясцовых і рэгіянальных уладаў пры Радзе Еўропы прыняла Еўрапейскую хартыю гарадоў, у якой былі выкладзены ўказанні наконт кіравання гістарычнымі гарадамі – развіцця іх транспарту і жыллёвага будаўніцтва, аховы асяроддзя, бяспекі, удзелу жыхароў у кіраванні горадам, а гэтак жа прынцыпы стаўлення да іх гісторыка-культурнай спадчыны. У раздзеле "Гарадская архітэктурная спадчына" была засяроджана ўвага на наступных пытаннях:

– кансервацыя ў гарадах патрабуе дакладна распрацаванай заканадаўчай базы;

– кансервацыя гарадской спадчыны патрабуе адпаведнай інфармацыйнай палітыкі;

– кансервацыя культурнай спадчыны гістарычных гарадоў можа стымуляваць эканамічнае развіццё;

– неабходны нетыповыя і арыгінальныя механізмы фінансавання гарадскіх гістарычных цэнтраў.

Накірункі развіцця гістарычных гарадоў былі сфармуліраваны на кангрэсе гарадоў, уключаных у Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА, у Бергэне ў 1995 г. Прынятая рэзалюцыя трактуе горад як дынамічную і шматгранную структуру, а яго гістарычны цэнтр – як інтэгральную частку гарадской тканіны, якую нельга ператвараць у музейны скансен. Паводле яе, структурныя пераўтварэнні ў гістарычных гарадах павiнны базіравацца на пошуках гармоніі і кампрамісу паміж эканамічнай рэчаіснасцю і прынцыпамі сукупнага падыходу да аховы гістарычнай спадчыны.

Еўрапейскі вопыт паказвае, што эфектыўнага і трывалага развіцця гістарычнага горада магчыма дасягнуць шляхам комплекснай стратэгіі, якая абапіраецца на фактарах культурнага, эканамічнага і сацыяльнага развіцця:

– выкарыстанні гісторыка-культурных рэсурсаў горада, экспанаванні спецыфікі горадабудаўнічых форм, функцыі якіх адпавядаюць сучаснаму стылю жыцця, падпарадкаваннi гэтага працэса законам рыначнай гаспадаркі, па меры неабходнасці аднаўленні культурнай тканіны горада як ўмовы паскарэння развіцця гаспадаркі;

– адаптацыі гістарычных горадабудаўнічых форм да новых функцый, што з'яўляецца гарантам рэнтабельнасці буйнамаштабнай гарадской праграмы рэвіталізацыі;

– горадабудаўнічым маркетынгу, даследаванні рынку, прапанове новых турыстычных і культурных прадуктаў і паслуг, рэкламаванні іх прывабнасці і заахвочванні спажыўцоў да набывання, замацаванні інфармацыі пра прадукт шляхам падтрымлівання кантактаў з мас-медыя, правядзенні лекцый, сустрэч, спонсарынгу навуковых, культурных мерапрыемстваў і адукацыйнай турыстыкі для дзяцей;

– спецыяльнай адукацыі ў галіне горадабудаўнічага маркетынгу распрацоўшчыкаў стратэгіі развіцця горада;

– прыярытэтным стаўленні да патрэб жыхароў горада, умоў іх жыцця, каштоўнасцей лакальнай супольнасці як сур'ёзных паказальнікаў якасці жыцця і крыніц тоеснасці гараджан.

Сучасная Гародня

Як захаваць і па меры магчымасці гарманічна спалучыць культурныя здабыткі Гародні з імклівымі тэмпамі сучаснага жыцця?

Як паказвае сусветны вопыт, важнай галіной гаспадаркі ў розных краінах з'яўляецца турызм. Не сакрэт, што ўязны турызм на Беларусі кульгае, а сальда па ўязному турызму адмоўнае. У 2006 г. нашу краіну наведалi 90 тысяч турыстаў. Для прыкладу нагадаю, у мінулым годзе польскі Кракаў наведала больш за 7 мільёнаў чалавек. Безліч замежных гасцей можна сустрэць у Вільні ці Рызе.

А на што абапіраецца культурна-турыстычная інфраструктура Рыгі ці Кракава? Акрамя сярэднявечнай забудовы Старога горада, ключавымі помнікамі сталіцы Латвіі з'яўляюцца Дом Чарнагаловых (у якім у 1921 г. была падпісана Рыжская мірная дамова), Домскі сабор, дзе ляжаць продкі гарадзенскага старасты Антонія Тызенгауза, царква Св. Пятра, Шведскія вароты, Рыжскі замак, Парахавая вежа. Жамчужынай Кракава з'яўляюцца сядзіба польскіx каралёў Вавель з Кафедрай ды пячорай цмока, якая месціцца пад Вавельскім узгоркам. Усе дарогі ў Кракаве вядуць да Рыначнай плошчы з гатыцкай Ратушнай вежай, былымі гандлёвымі радамі Сукеніцамі, помнікам Адаму Міцкевічу, Марыяцкім касцёлам. Цэнтральнай вуліцай Старога горада лічыцца Фларыянская вуліца, перспектыву якой замыкае фрагмент гарадскіх муроў з Фларыянскай брамай ды Барбаканам. Кракаў – гэта не толькі помнікі, але шматлікія музеі. У турыстычную прапанову Кракава гарманічна ўпісаліся саляныя шахты і прадмесці Вялічкі, а госці Рыгі дадаткова могуць наведаць вядомы курорт Юрмала.

У Беларусі, на жаль, магчымасці развіцця ўязнога турызму абмежаваны. Мірскі замак, Нясвіж ды яшчэ некалькі аб'ектаў не могуць канкурыраваць з краінамі-суседзямі. У гэтых умовах не выклікае аніякага сумнення, што Гародня з высокай ступенню захаванасці гісторыка-культурнай спадчыны ды адноснай цэласнасцю горадабудаўнічай структуры магла б выканаць ролю аднаго з найважнейшых турыстычных цэнтраў краіны, прапануючы турыстычна-культурныя прадукты і паслугі. Таму зусім лагічным падаецца ўнясенне рэкамендацыі ўключэння гістарычнага цэнтра Гародні ў Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА, што дазволіла б палепшыць інвестыцыйны клімат і стварыць сур'ёзныя падставы для прыцягнення турыстаў.

Цяжка ўявіць ажыццяўленне гэтай праграмы без выкарыстання гісторыка-культурных рэсурсаў Гародні і распрацоўкі канцэптуальнай праграмы рэгенерацыі гістарычнага цэнтра, спыненай на пачатку 90-х гадоў XX ст. Сур'ёзнай перашкодай у працэсе рэвіталізацыі яе гістарычнага цэнтра надалей з'яўляецца стаўленне да гістарычный спадчыны горада як да катэгорыі выключна культурнага зместу ці ўвогуле фізічнага баласта, а не катэгорыі эканамічнай дзейнасці. Сфарміраваная ж у апошнія гады філасофія гістарычных гарадоў, якая грунтуецца на кампрамісе паміж канонамі аховы помнікаў і заканамернасцямі эканамічнага развіцця, паказвае не толькі на неабходнасць фізічнага захавання аб'екта, але і на яго ўжытак. А эканамічны аналіз рэстаўрацыйнай дзейнасці сведчыць на карысць таго, што кошты ўтрымання і рэстаўрацыі па сваёй сутнасці варта разглядаць як даходную інвестыцыю, а не выдатак.

Комплексная праграма рэгенерацыі гістарычнага цэнтра Гародні – працэс надзвычай каштоўны. Дзяржава магла б паспрыяць фарміраванню такой праграмы шляхам стварэння адпаведнай заканадаўчай базы і забеспячэння механізмаў рэстаўрацыі ды аховы помнікаў, вывучэння і адаптацыі досведу іншых краін у гэтай галіне, а не толькі шляхам выдаткавання бюджэтных сродкаў на скараспелыя праекты добраўпарадкавання гарадской прасторы. А менавіта апошні падыход, на жаль, яшчэ пануе ў нашым грамадстве. У рэшце рэшт, ажыццяўленне такой праграмы падаецца магчымым толькі дзякуючы дасягненню кансенсуса дзяржаўных устаноў, спецыялістаў розных профіляў, грамадскіх арганізацый і патэнцыяльных інвестараў.

У выпадку падрыхтоўкі такой комлекснай праграмы і яе паступовай рэалізацыі нельга выключыць магчымасці частковага фінансавання праекту, напрыклад, з бюджэту ЮНЕСКА ці праграмы TACIS. На прасторы Еўрасаюза існуе Cultural Heritage Fund Рады Еўропы, які выкарыстоўвае датацыі банкавых устаноў і міжнародных арганізацый на ажыццяўленне выбраных праектаў рэваларызацыі паасобных аб'ектаў і нават цэлых цэнтраў гістарычных гарадоў. Еўрапейскім лідэрам у галіне пошуку і прымянення арыгінальных механізмаў фінансавання аховы і ўтрымання архітэктурных помнікаў лічыцца Вялікабрытанія. Напрыклад, таварыства Edinburgh Old Town Renewal Trust аб'ядноўвае намаганні улад, грамадскіх арганізацый ды прыватных інвестараў, наглядае за станам гістарычнай забудовы Эдынбурга, а таксама фінансуе выкананне аднаўленчых работ. У амерыканскім Чарлстоне (Паўднёвая Караліна) таксама быў закладзены спецфонд Historical Charleston Foundation, мэтай якога было назапашванне сродкаў для рэвіталізацыі будаўнічай тканіны горада. У Кракаве існуе Нацыянальны Фонд рэваларызацыі помнікаў Кракава (Narodowy Fundusz Rewaloryzacji Zabytkow Krakowa).

Як мае выглядаць сістэма і механізмы ажыццяўлення аховы помнікаў і рэстаўрацыі? Прасочым на прыкладзе суседняй Польшчы. Структуру органаў аховы помнікаў і рэстаўрацыі:

– узначальвае міністр культуры і нацыянальнай спадчыны, пры якім функцыянуе рэкамендацыйна-дарадчы орган – Рада аховы помнікаў;

– выканаўцам палітыкі ў галіне аховы гісторыка-культурнай спадчыны з'яўляецца генеральны кансерватар;

– апошняму падпарадкоўваюцца ваяводскі кансерватар з Радай аховы помнікаў. У яго функцыі ўваходзяць арганізацыя і кантроль у галіне аховы помнікаў, фіксацыя і папаўненне кадастра помнікаў, збор дакументаў, нагляд за кансерватарскімі, архітэктурнымі, археалагічнымі, рэстаўрацыйнымі і будаўнічымі работамі, папулярызацыя гісторыка-культурнай спадчыны;

– неад'емным атрыбутам структуры з'яўляюцца грамадскія апякуны гісторыка-культурнай спадчыны, Таварыства апекі помнікаў (Towarzystwa opieki nad zabytkami), заснаванае яшчэ ў 1906 г., і рэгіянальныя арганізацыі, напрыклад, Грамадскі камітэт аднаўлення помнікаў Кракава, заснаваны ў 1978 г., калі горад быў унесены ў Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА;

– і ўрэшце Прадпрыемства майстэрняў кансервацыі помнікаў (Pracownie Konserwacji Zabytkоw), якое было заснавана ў 1950 г. і складаецца з 20 філіялаў. Іх кампетэнцыя ахоплівае правядзенне інвентарызацыі аб'екта, архіўных пошукаў, археалагічных даследаванняў, кансерватарскай дакументацыі, рэстаўрацыю і рэканструкцыю паасобных фрагментаў помніка. На рахунку польскіх рэстаўратараў аднаўленне Каралеўскага палаца ў Варшаве, цэнтраў Гданьска, Торуня ці Замосця, а гэтак жа працы ў розных краінах – Германіі, Егіпце, Манголіі, Расіі, В'етнаме.

Сістэма аховы помнікаў Беларусі ў нечым нагадвае польскую. Фармальна на яе чале знаходзіцца міністр культуры, а шматлікія праблемы вырашае Упраўленне па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі ды Навукова-метадычная рада па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры. Вось кансерватарскія структуры на Беларусі адсутнічаюць. У першай палове 90-х гадоў у Гарадзенскім гарвыканкаме існавала ўпраўленне па рэстаўрацыі, начальнікам якой быў Аляксандр Хамко. У дадзены момант пытанні аховы помнікаў ды рэстаўрацыі ўскладзены на Вольгу Мацко, галоўнага спецыяліста аддзела культуры гарвыканкама. Рэстаўрацыйныя майстэрні ў горадзе спынілі сваё існаванне ў 1992 г., аб чым ішла гаворка вышэй. У структуру аховы помнікаў уваходзіць Беларускае дабраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры, якое даўно ператварылася ў неэфектыўны орган. У Гародні дзейнічае толькі абласны аддзел таварыства.

Менавіта апісаным станам аховы помнікаў і падменай сутнасці рэстаўрацыі, адсутнасцю выканання работ у строгай адпаведнасці з методыкай правядзення рэстаўрацыі выкліканы неадназначныя ацэнкі навуковага асяроддзя Гародні. Дзеля прыкладу нагадаем, што, паводле 9-га артыкулу Венецыянскай хартыі, мэта рэстаўрацыі заключаецца ў захаванні і выяўленні эстэтычнай і гістарычнай вартасці даўняга аб'екта, яе грунтаванне на аўтэнтычных дакументальных крыніцах.

Можна меркаваць, што згаданая сітуацыя абумовіла несвядомыя спробы скажэння сутнасці рэстаўрацыі ў горадзе. А вось канкрэтны прыклад. Колькі год таму, калі не памыляюся, у 2003 г., на БТ з'явіўся рэпартаж пра тое, як Гародня змяняе аблічча, пра ажыццяўленне праграмы "Спадчына", "мэта якой – правядзенне рэканструкцыі з захаваннем гістарычнага аблічча" (?!), пра "рэстаўрацыйныя работы (?!) буйных гістарычных аб'ектаў", пра навінку – "абавязковы архітэктурны нагляд падчас правядзення будаўнічых работ" (?!). Насамрэч у горадзе праходзіла добраўпарадкаванне. Не выклікае сумнення, што ўпарадкаванне горада трэба вітаць. Толькі навошта замену тратуарнай і вулічнай паверхні гістарычнага цэнтра бетоннай пліткай, татальную "зачыстку" гарадскога азелянення ды падсветку паасобных аб'ектаў гучна называць рэстаўрацыяй? Навошта з пафасам пісаць пра "навінку", якая паспяхова функцыянуе ў кожнай краіне свету, калі падчас будаўнічых работ, якія праводзяцца без археалагічнага нагляду (г.зн. з парушэннем заканадаўства), у гістарычным цэнтры Гародні ў кожным катлаване можна лёгка, без усялякіх праблем знайсці рэйнскую кераміку XVIII ст., вырабы гарадзенскіх ганчароў XVI-XVII стст., багата аздобленую паліваную кафлю? І чаму вышэй згаданая "навінка" не спрацавала, калі разбурылі будынак адной з першых у Беларусі мікрабіялагічных станцый на вуліцы Чырвонаармейскай, камяніцы на вуліцы Заводскай, 6, Акадэмічнай, 12, Горкага, 29 ("прыклад стылю" канструктывізм)? Замест удалага publicity гарадскіх улад у гэтым выпадку бачна паніжэнне іміджмэйкінга ці антырэклама прынцыпаў рэстаўрацыі.

Працэс рэстаўрацыі ці рэканструкцыі паасобных фрагментаў горадабудаўнічага ансамбля не абмяжоўваецца звычайным рамонтам, фарбаваннем фасадаў ці пакрыццём дахаў металачарапіцай. Ён ахоплівае куды больш шырокі спектр дзеянняў – ад інвентарызацыі аб'екта, правядзення архіўных (гістарычных) і археалагічных даследаванняў ды кансервацыі помніка. На жаль, ва ўмовах адсутнасці інстытута рэстаўрацыі (навукова-праектнага прадпрыемства ды пасады гарадскога кансерватара гісторыка-культурных помнікаў), грамадскай арганізацыі аховы помнікаў класічная рэстаўрацыя надалей будзе заставацца фігавым лістом.

У канкрэтнай разглядаемай сітуацыі адзiн з найбольш важных пунктаў праграмы развіцця гістарычнага горада заключаецца ў распрацоўцы прадуманага і абгрунтаванага праекта транспартнай развязкі цэнтра горада. У генплане Гародні 2003 г. зафіксавана неабходнасць разгрузкі гарадскога цэнтра і стварэнне пешаходнай зоны. Рэалізаваны ў апошнія два гады праект стаў прычынай "карэкціроўкі" плана пуску менавіта праз цэнтр горада транспартных плыняў (Савецкая плошча, вуліца Баторыя і Давыда Гарадзенскага), побач з сінагогай, Старым і Новым замкамі. Праводзімыя ў 2006 г. работы суправаджаліся грубымі парушэннямі Закона аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь (прадпісанне Упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і ацэнкі НП РУП "БелНІІП горадабудаўніцтва").

На жаль, у планы ўладаў надалей уваходзіць пракладка аб'язной дарогі праз гістарычны цэнтр горада шляхам будовы паралельнай артэрыі з вуліцай Траецкай, яе выхадам на Давыда Гарадзенскага і далей на Падгорную. Яе будова называецца часовым вырашэннем транспартнага пытання, хаця вынікі ажыццяўлення гэтага плана лёгка прадбачыць. Будова аб'язной дарогі праз цэнтр, які як магніт вабіць аўтараў праекту, пацягне за сабой знішчэнні гісторыка-культурнага ландшафта рэчкі Гараднічанкі і наднёманскіх тэрас побач з кляштарам бернардынцаў, а таксама выклікае іншыя наступствы (выхлапныя газы, магутная вібрацыя), што адмоўна паўплывае на стан архітэктурных помнікаў, ствараючы пагрозу захаванасці гарадзенскіх замкаў і музейных фондаў. Можна таксама канстатаваць факт таго, што згаданыя планы не ўлічваюць меркавання гараджан і гарадской інтэлігенцыі, інакш кажучы, падаткаплацельшчыкаў, дзякуючы якім такі праект прапануецца здзейсніць. А між тым альтэрнатыўная прапанова транспартнай развязкі, якая б ішла па гарадскіх ускрайках, існуе!

Пры падрыхтоўцы канцэпцыі развіцця гістарычнага горада непазбежным падаюцца фарміраванне сістэмы гарадскога самакіравання, эканамічная лібералізацыя, стварэнне ўмоў для фарміравання інстытута прыватнай уласнасці ды ажыўлення рынка гарадской нерухомасці. У Гародні пасля Другой сусветнай вайны была парушана даваенная стуктура маёмасных адносін. Загінула большая частка жыхароў горада, а таму адбылася дэкапіталізацыя гарадской тканіны. Да таго ж у нешматлікіх уладальнікаў дамоў у цэнтры горада іх нерухомасць нацыяналізавалася, перадавалася на баланс неэфектыўнай жыллёва-камунальнай гаспадаркі. У выніку адсутнасці рыначных механізмаў, знішчэння інстытута прыватнай уласнасці адзінай крыніцай утрымання забудовы гістарычнага цэнтра стаўся дзяржаўны бюджэт. Па гэтых прычынах фонд нерухомасці цэнтра горада прыходзіў у заняпад, а пра рэстаўрацыю ўвогуле не было гаворкі.

Культурны капітал Гародні – гэта не толькі архітэктурныя помнікі, але і інтэлектуальны патэнцыял горада, веды і досвед навуковага асяроддзя – гісторыкаў, мастацтвазнаўцаў, археолагаў, архітэктараў, сукупнасць назапашаных навуковых распрацовак, публікацый, адукацыйна-даследчыя ўстановы. Інтэлектуальны капітал з'яўляецца адным з неабходных эканамічных інструментаў сістэмы кіравання гістарычнымі гарадамі.

У каноны эканамічнай навукі ў апошнія гады было ўведзена новае паняцце грамадскага капіталу, якое трапна спалучае індывідуальныя і інстытуцыянальныя адносіны (давер, гістарычна ўстойлівая нормы паводзін, уласцівыя ў дадзенай супольнасці). Адносіны ў межах канкрэтнай рэгіянальнай, у прыватнасці гарадской супольнасці непазбежна прадугледжваюць не сацыяльную інерцыю ці ігнараванне меркаванняў, якія, зрэшты, ніколі не прэтэндавалі на бездакорнасць, ды прапаноў гарадскога асяроддзя, а заканамерны абмен думкамі, абмеркаванне ці дыялог на розных узроўнях. Менавіта гэтым тлумачыцца занепакоенасць гараджан і інтэлігенцыі фактам праводзімых добраўпарадкавальных работ.

Ажыўленне горада і яго гістарычнага цэнтра, зварот да ўласцівага толькі яму непаўторнага клімата, камеральнасці і ўтульнасці падаецца магчымым дзякуючы развіццю турызма, які будзе грунтавацца на рэканструкцыі тканіны горадабудаўнічага комплекса. Поспех такога прадпрыемства залежаў бы ад распрацоўкі саліднай, буйнамаштабнай, разлічанай на гады праграмы рэвіталізацыі цэнтра горада і яе канкрэтных напрамкаў. У першую чаргу варта вярнуцца да напрацовак Гарадзенскіх рэстаўрацыйных майстэрняў канца 80-х – пачатку 90-х гадоў XX ст., азнаёміцца і з вопытам еўрапейскай рэстаўрацыі. Выразны недахоп банка дадзеных гісторыка-культурнай спадчыны горада і рэгіёна, даследаванняў у галіне гісторыі архітэктурных помнікаў ды іх аховы з'яўляецца яшчэ адным доказам анахранічнасці ўсёй сітуацыі. Хаця падобныя структуры існуюць у суседніх краінах, напрыклад, у польскім Беластоку паспяхова дзейнічае Рэгіянальны цэнтр даследаванняў і аховы культурнага асяроддзя (Regionalny Ojrodek Studiow i Ochrony Srodowiska Kulturalnego w Bialymstoku), а назапашаны ім архіўны матэрыял выкарыстоўваецца падчас рэстаўрацыйных работ.

Але гістарычны цэнтр горада павінен жыць, а не ўяўляць сабой мёртвы скансен. У заходнееўрапейскіх краінах, якія абмінуў эксперымент нацыяналізацыі, нерухомая маёмасць у гістарычных гарадах не змяняла сваіх уладальнікаў ці пераходзіла ў іншыя рукі. Таму 3/4 дамоў у цэнтрах еўрапейскіх гарадоў – гэта жылы фонд. I пры распрацоўцы праекта рэвіталізацыі гістарычнага цэнтра Гародні ў першую чаргу трэба рабіць стаўку на прыватызацыю. Еўрапейскі вопыт падказвае, што адзіным шляхам выкарыстання закінутых дамоў таксама з'яўляецца іх прыватызацыя. На жаль, у Гародні выступае іншая тэндэнцыя. Такія дамы зносяцца, што з'яўляецца нерацыянальным метадам развіцця гарадскога рынку нерухомасці. Неэфектыўны падыход да развіцця гістарычнага горада яскрава высветліўся пасля II сусветнай вайны, калі на цэнтральных вуліцах Гародні часткова пашкоджаныя ці цалкам знішчаныя дамы не аднаўляліся, а зносіліся. На іх месцы ўзводзілі будынкі ў духу сацрэалізму, што азначала парушэнне архітэктурна-мастацкай цэласнасці вулічнага арганізма. Шматлікія ўчасткі ў цэнтры горада ўвогуле не забудоўваліся (прыклад квартала паміж вуліцамі Баторыя і Маставой). У даўнія часы гэта прастора практычна ніколі не пуставала. Галоўным фасадам на ратушавы Рынак выходзіў палац Радзівілаў, а за ім у накірунку бернардынскага кляштару цягнулася шчыльная, рэгулярная мяшчанская забудова, а кожны ўчастак з'яўляўся таварам.

Попыт на жыллё ў цэнтры горада можа быць абумоўлены рознымі прычынымі: жаданнем валодаць нерухомасцю ў цэнтры горада ці яе гаспадарчым выкарыстаннем, блізкасцю да месца працы. Урэшце працэс кансервацыі, рэстаўрацыі ці ўзвядзення новых пабудоў на пустых участках у гістарычным цэнтры рэгулюе заканадаўства аб ахове спадчыны.

Абстрагуючыся ад шэрай будзённасці рэстаўратараў, засяроджу ўвагу толькі на некаторых шляхах выкарыстання гісторыка-культурнага патэнцыялу і формах турызму. Акрамя згаданай вышэй жылой формы цэнтра горада, еўрапейскі вопыт паказвае на рознабаковы функцыянальны характар адноўленага аб'екта.

Якія функцыі можа выконваць будынак адноўленай ратушы? У Торуні ў будынку даўняй ратушы знаходзіцца музей рамяства, а, як вядома, у фондах гарадзенскіх музеяў мёртвым грузам ляжыць безліч цікавейшых экспанатаў – вырабаў мясцовых ганчароў, кавалёў, злотнікаў. Адрэстаўраваны будынак ратушы мог бы, такім чынам, стаць сапраўдным музеем горада, яго старадаўняга жыцця. У ратушавых сутарэннях знаходзілася гарадская турма, а побач з ратушай стаяў слуп ганьбы (такі слуп захаваўся ў Познані), што падказвае далейшыя накірункі ўзбагачэння экспазіцыі. Да таго ж залы другога паверху ў такіх выпадках выкарыстоўваюцца для ўрачыстых гарадскіх мерапрыемстваў. У будынку гарадзенскай ратушы ў XVI – XVIII стст. дзейнічала канцылярыя. На жаль, расійскія ўлады ў XIX ст. вывезлі з нашага горада найбольш каштоўныя матэрыялы – каля 40 прывілеяў (два – у Вільні), якія захоўваюцца ў зборах Расійскай акадэміі ў Санкт-Пецярбурзе. Вяртаць, захоўваць і экспанаваць дакументы такога роду павінна з'яўляцца мэтай і гонарам тых, хто кіруе горадам.

Ажывіць прастору цэнтральнай плошчы горада магчыма шляхам музеефікацыі яго падземнай прасторы. У польскім Сандомежы пад Рынкам ужо колькі год функцыянуе турыстычная траса, якая ідзе па падвальных памяшканнях камяніц. У 2008 г. плануецца адкрыць такую ж турыстычную трасу, якая б злучала грунтоўна адноўленыя сярэднявечныя падвалы варшаўскага Рынка. Такое рашэнне было выклікана паступовай дэградацыяй занядбанай падземнай прасторы горада.

Рэсурс падземнай прасторы, падмуркі і скляпенні камяніц XVI – XIX стст. на адрэзках паміж Палацам культуры тэкстыльшчыкаў і аптэкай на Маставой ды побач з домам купца Мураўёва, якія б маглі прынесці пэўныя фінансавыя паступленні ў бюджэт горада, быў часткова знішчаны ў Гародні ў 2006 г. Такім чынам, не знос, а аднаўленне ці рэстаўрацыя забудовы цэнтра горада, змены яе функцыянальнага характару з'яўляюцца характэрнай рысай рэвіталізацыі гарадской тканіны, сродкам прыцягнення турыстаў. Станоўчы прыклад у гэтым сэнсе – будынак былой тонкасуконнай фабрыкі (у XIX ст. казармы), памяшканні якой у будучым зойме навучальная ўстанова. Зрэшты, у іспанскай Севільі ў будынку былой тытунёвай фабрыкі месціцца мясцовы універсітэт.

Былыя прамысловыя будынкі можна выкарыстоўваць па-рознаму. У першую чаргу яны перабудоўваюцца ў вялізныя гандлёвыя цэнтры з крамамі, рэстаранамі і кафэ. Напрыклад, такім шляхам пайшлі ў Лодзі (комплекс тэкстыльных фабрык), Познані (стары бровар), Кракаве (стары мясакамбінат). У Рызе ў будынку адноўленага старога млына-ветрака, што стаіць на беразе Даўгавы, быў створаны цэнтр адпачынку – выдатная рэклама культурнай спадчыны, нацыянальнай латышскай кухні. Уявіце сабе рэстаран, у якім можна пакаштаваць латышскія стравы і піва, дзе кліентаў абслугоўваюць афіцыянткі, апранутыя ў нацыянальныя касцюмы, а духавы аркестр на беразе ракі выдатна ажыўляе атмасферу. Нагадаю, што падобныя аб'екты існуюць i ў нашым горадзе. Да ліку такіх будынкаў належыць комплекс старога Кунцаўскага бровара на вуліцы Завадской.

Гарадскі клімат – гэта не толькі старыя будынкі, але і малыя архітэктурныя формы, якія падкрэсліваюць мастацкія якасці архітэктуры, з'яўляюцца элементам упарадкавання горада, узбагачаюць паркі, а менавіта: лаўкі, фантаны, агароджы, балконы, скульптуры, нават гарадскія рэкламныя стэнды, нарэшце азеляненне, якое дадаткова ўпрыгожвае горад. Трэба згадзіцца з думкай аб тым, што ў выпадку пагрозы належыць праводзіць упарадкаванне азелянення горада. Аднак дрэў у горадзе апошнім часам стала значна менш, спілоўваюцца не толькі струхлелыя дрэвы, але і цэлыя алейкі, як, напрыклад, побач з былым Рачным вакзалам, што стварае эфект "аголенасці" і няўтульнасці. Менавіта такі ж эфект суправаджае наведвальніка паркавага ансамблю з батанічным садам на Гарадніцы. Гэтаму саду варта было б вярнуць яго гістарычнае аблічча, былую планіроўку алей, а пры яго азеляненні ўлічыць каштоўныя пароды, якія некалі яго ўпрыгожвалі, – бразільскую сасну, воцатнае дрэва, манчжурскі і валоскі арэхі. У дадзены момант прыходзіцца канстатаваць факт знішчэння значнай часткі дрэваў, неабгрунтаванага пашырэння плошчы пешаходных дарожак, што практычна ператварыла парк у звычайны сквер. Зрэшты, былы каралеўскі сад – гэта толькі элемент Гарадніцы, аднаўленню якой можна прысвяціць не адзін артыкул.

У турыстычна-адпачынкавую прапанову горада ўваходзяць музеі. Ні для каго не з'яўляецца сакрэтам, што такі патэнцыял у Гародні існуе. Але ў выпадку, напрыклад, Старога і Новага замкаў сур'ёзнай перашкодай з'яўляецца іх занядбаны стан, а адзінай формай іх ажыўлення з'яўляецца рамонт маста ды старой лесвіцы, якая вядзе на бераг Нёмана. Праводзіцца гэта тымі ж самымі сродкамі, што "добраўпарадкаванне" вуліц горада ці батанічнага сада, г. зн. аднатыпнай бетоннай пліткай. А будынкі замкаў патрабуюць не часовай направы, а сапраўднай рэстаўрацыі. Нагадаю, праект рэстаўрацыі Старога замка аўтарства мінскага архітэктара-рэстаўратара Уладзіміра Бачкова існуе ўжо 15 год i дагэтуль застаецца нерэалізаваным. Наступнай істотнай праблемай з'яўляецца ажыўленне экспазіцыі музеяў і неабходнасць стварэння інтэрактыўнай экспазіцыі.

Развіццё турыстычнага сектара гаспадаркі непазбежна звязана з падтрыманнем багатага культурнага асяроддзя горада, адраджэннем традыцыі мастацкіх вырабаў (кавальскіх ці ганчарных), выдавецкай дзейнасцю (папулярная і навуковая літаратура па гісторыі і культуры горада), адкрыццём мастацкіх галерэй, правядзеннем выставак. Вывучэнне попыту гарадскога рынку ў Еўропе паказвае на магчымасць правядзення розных музычных мерапрыемстваў, напрыклад, канцэртаў рок-музыкі. А на дадзены момант мерапрыемствы і канцэрты, якія вылучаюцца сваёй неасавецкай пампезнасцю і духам, праводзяцца коштам дзяржавы.

Рэальна ацэньваючы турыстычны патэнцыял Гародні, трэба спыніцца на стане старадаўніх гарадзенскіх могілак. І ў гэтым выпадку магчыма спалучэнне прынцыпаў аховы помнікаў з эканамічным эфектам. Сказанае можа выклікаць абурэнне. Аднак, як вядома, віленскія Росы ці Лычакоўскія могілкі ў Львове ахвотна наведваюцца пераважна польскімі групамі. На фарных каталіцкіх могілках, заснаваных у 1792 г., пахаваны пісьменніца Эліза Ажэшка, гарадзенскі скульптар Браніслаў Шышкевіч, архітэктар Джузэпэ Сака, шматлікія чыноўнікі і нават генералы Расійскай арміі XIX ст. Таму падаецца цалкам лагічным, што адпаведную ахову скульптурных мураваных ды чыгунных помнікаў комплексу старых фарных каталіцкіх і праваслаўных могілак, якія нішчацца не толькі часам, але і вандаламі, можна праводзіць часткова з турыстычных фінансавых паступленняў. А трэба заўважыць, што стан могілак пагаршаецца з кожным годам, і іх праблему нельга вырашыць толькі шляхам спілоўвання струхлелых дрэваў.

Прыродныя рэсурсы з'яўляюцца яшчэ адным патэнцыяльным сродкам развіцця горада. А гэта магчымасць пашырэння санітарна-курортнага комплексу ў Парэччы, побач з якім на другім баку мяжы ляжаць Друскенікі, якія паспяховы будуюць сваю гаспадарку на адпачынку, санаторыях і мінеральных водах. У турыстычную прапанову, акрамя Аўгустоўскага канала, можа ўвайсці папулярны спартыўны турызм (байдарачны спорт на прытоках Нёмана, веласіпедныя сцежкі), паляванне ва унікальным ландшафце. Урэшце яшчэ адным накірункам, які б мог падштурхнуць развіццё горада і яго навакольнай зоны, з'яўляецца агратурызм.

Развіццё турыстычнага сектара гаспадаркі горада можа стаць штуршком у плане вырашэння сацыяльных праблем горада, у першую чаргу занятасці насельніцтва, а таксама абумовіць станаўленне паасобных галін турызма. Сказанае тычыцца дынамічнага развіцця турыстычнай інфраструктуры:

– турыстычнай і рэстаўрацыйнай адукацыі;

– гастранамічнай сферы (бары, рэстараны, кафэ);

– стварэння сеткі матэляў, гатэляў ці больш танных хостэлаў;

– пабудовы новых крам ці гандлёвых дамоў (спажывецкі турызм);

– з'яўлення новых месц адпачынку – начных клубаў, тэатраў, кабарэ;

– развіцця спартыўна-адпачынкавага і аздараўленчага турызму (аквапарк у Азёрах ці мінеральныя воды ў Парэччы);

– з'яўлення бізнес-турызму, звязанага з арганізацыяй семінараў і канферэнцый, бізнес-трэнінгаў, курсаў (а гэтаму магла б паспрыяць транзітная лакалізацыя Гародні);

– развіцця інфармацыйнай інфраструктуры горада.

Як правіла, у такіх умовах функцыі гарадскіх улад павінны быць накіраваны на фінансаванне прамоцыі горада, падтрыманне кантактаў з мас-медыя, ініцыяванне турызму шляхам кірмашоў ці выставак, развіццё кантактаў з патэнцыяльнымі інвестарамі, падтрымку прыватызацыі і фарміраванне сістэмы падаткавых ільгот для тых, хто набывае нерухомасць, спонсарынг навуковых, культурных мерапрыемстваў і адукацыйнага турызму для дзяцей, наладжванне канферэнцый, сустрэч з грамадскасцю, спрыянне абмену думкамі. Усё гэта, здаецца, ляжыць на паверхні... Будзем і надалей жыць у стане чакання?

Юры ГАРДЗЕЕЎ, гісторык

 

Scroll to top