1939 год стаў той рысай, калі паступова аблічча Горадні няўмольна нішчылася. Падчас рабілася гэта настолькі карэнна, што той, хто добра памятаў даваенную Горадню, пачынаў яе папросту не пазнаваць.

Але ці зьнікла тая Горадня зусім? Напэўна-ж, увесь кшталт першай паловы ХХ ст. мы ўжо ніколі ня ўбачым. З твару старога места назаўжды былі сьцертыя дробныя жыдоўскія камяніцы, цэлыя кварталы якіх месьціліся пры вуліцах Мяшчанскай і Вялікай Траецкай. Іхныя месцы занялі велічныя “сталінкі”. Гэтыя незваротныя страты прынесьлі бомбардаваньні немцаў 1941 года і саветаў 1944 года. Зьнявечаны быў Рынак, жыдоўскія дзяльніцы. Няменьшыя шкоды прынесьлі савецкія архітэктары ў другой палове ХХ ст.: была разабрана Ратуша, узарвана Фара Вітаўта, кляштар Бэрнардынак, зьнявечаныя вуліцы Савецкая, Замкавая, Ажэшкі, бязглузна быў зьнішчаны стары чыгуначны вокзал. Зьнікаюць асобныя камяніцы ў старым месьце і ў сёньняшні дзень – пад пагрозай разбурэньня жыдоўскі хэдэр канца ХІХ ст. пры Рынку!

У праўдзе, добрыя проекты зьяўляліся яшчэ гадоў дваццаць таму, але як часта ў нас гэта бывае, да добрай справы не дайшлі рукі і не знайшліся грошы. Цяпер-жа, на прыкладзе Савецкай плошчы прасочваюцца ўсё тыя-ж савецкія падыходы: “весь старый мир до основания мы разрушим – мы лучший, мы новый мир построим!”…

Часы мяняюцца, зьменяцца і падыходы да гарадабудаўніцтва. Перад гарадзенскімі архітэктарамі паўстануць проблемы рэновацыі і рэстаўрацыі староўкі Горадні. Працы будзе багата і адказнай. Знову маюць паўстаць цэлыя архітэктурныя комплексы. Такім чынам сьледам за дзясяткай архітэктурных “шэдэўраў” савецкай бязгусьціцы прапануем да разгляду дзясятку архітэктурных помнікаў, якія маюць у першую чаргу новапаўстаць, аднаўленьне якіх верне колішнюю веліч і прыгажосьць нашай любай Горадні, што ёсьць папросту справай гонару.


10. Завулак Віленскі – пустэча насупраць кавярні ”Куфэрак”. Для поўнай пэрспэктывы завулка на далейшы рог вуліцаў Савецкай і Ажэшкі не хапае некалькі будынкаў.

Завулак Віленскі – пустэча насупраць кавярні ”Куфэрак”

На жаль, не знайшлося здымкаў да гэтага квартала, але эксплікацыя з пляну
1930 года пераканаўча сьведчыць аб наяўнасьці тады досыць шчыльнай забудовы.


9. Квартал вуліцаў Соцыялістычнай – Ажэшкі – Гараднічанскай – Тэльмана. Бадай самае беспрэцэдэнтнае ў цэнтры Горадні па сваіх сталічных аб’ёмах зьнішчэньне ў 1970-80-х гадах. Адбылося гэта ў зьвязку з пабудовай у 1979 годзе другой часткі аблвыканкома. У выніку Соцыялістычная ад вуліцы Ажэшкі да Карбышава зусім страціла пэрспэктыву вуліцы.

Квартал вуліцаў Соцыялістычнай – Ажэшкі – Гараднічанскай – Тэльмана

Эксплікацыя пляну 1930 года паказвае, што тутака
стаялі з 2 дзясяткі будынкаў

рог вуліцаў Гараднічанскай і Карбышава (зьлева будынак КДБ, справа кавалак рэсторана “Беласток”)

Здымак 1915 года адлюстроўвае рог вуліцаў Гараднічанскай і Карбышава
(зьлева будынак КДБ, справа кавалак рэсторана “Беласток”). Уніз вуліцай
Гараднічанскай стаялі аднапавярховыя будынкі

Гэты будынак стаяў пры вуліцы Карбышава на рагу з Соцыялістычнай (насупраць рэсторана “Беласток”)

Такі будынак стаяў пры вуліцы Карбышава на рагу з Соцыялістычнай
(насупраць рэсторана “Беласток”)


8. Вуліца Калючынская найбольш хіба пацярпела пры пабудове кінотэатра “Гродна” ў 1961 годзе. Умоўна вуліца цягнецца да самой Савецкай плошчы. Вось якраз гэты кавалак ад вуліцы Кірава да Фарнай аптэкі прагне як мага хутчэйшай рэновацыі.

Вуліца Калючынская, 1930-я

Здымак 1930-х г. Паралельна вязьнічнай сьцяне цягнецца будынак,
ствараючы вузкую вуліцу сярэднявечнай пляніроўкі.

Вуліца Калючынская
 
Вуліца Калючынская, дом на рагу з вул. Кірава

Шмат яшчэ хто памятае будынак № 21 на рагу з вуліцай Кірава.
Са зьнішчэньнем гэтага будынка плошча Савецкая набрала яшчэ больш сэнсу
ў сваім назове, пэрспэктывай працягнуўшыся да самога кінотэатра.


7. Узьбярэжжа ля драмтэатра (вуліца Завадзкая). Сёньня апроч комплекса бровара ўсю забудову сярод тотальнай зачышчанасьці складае карчма “Тры печкуры” і насупраць будынак Завадзкая, 13 (офісны будынак асоцыяцыі “Эма”).

Узьбярэжжа ля драмтэатра (вуліца Завадзкая)
 
Узьбярэжжа ля драмтэатра (вуліца Завадзкая)

Здымкі пачатку стагодзьдзя і 1930-х. У першай палове ХХ стагодзьдзя тут быў цэлы
квартал двухпавярховых камяніцаў, які ад Другой вайны паступова растопліваўся
ў завірусе спрашчэньня і уніфікацыі. Шырокія пэрспэктывы для элітарнай забудовы
(натуральна пасьля грунтоўных архэолёгічных дасьледваньняў, дарэчы як і ўсюль).


6. Плошча Тызэнгаўза. Комплекс будынкаў паўстаў напрыканцы XVIII ст. Не пасьпелі збудаваць сымэтрычна другую “Крывую офіцыну”. Дарэчы зь яе можна было-б і пачаць, паставіўшы будынак сучаснай архітэктуры, які вобразна паўтараў нехапаючую камяніцу.

Плошча Тызэнгаўза

Флігель архіва, 2 пал. XVIII ст. Разбураны ў канцы 1980-х як компроміс для пашырэньня
плошчы Леніна, каб не руйнаваць увесь будынак архіву. Гэта была адна зь першых
перамог абаронцаў спадчыны Горадні, і гэта ў савецкія часы, няхай
перабудовы, усё-ж! Аднаўляць трэба і беспроблемна – зараз газон пры архіве.

Плошча Тызэнгаўза
 
Палац Тызэнгаўза

Палац Тызэнгаўза спалены ў 1915 годзе. У 1920-30-х – кветнік
гарадзкога парка. У савецкія часы ў месцы цэнтральнай часткі палаца
новыя ўлады зрабілі пахаваньне савецкіх офіцэраў (загінуўшых
у 1944-45 гг.), звыклых-жа салдатаў пакінуўшы пры гэтым
расьсеянымі ў масавых магілах па ўсім парку. Могілкі павінны
быць на могілках, а не як месца паганскага пакланеньня
ў цэнтры горада!!! Адноўлены палац можа стацца цудоўным
адміністратыўным будынкам.

Палац Тызенгаўза з боку Швейцарскай даліны

Так палац выглядаў з боку Швэйцарскай даліны.

Лямус часоў Тызенгаўза
 
Лямус часоў Тызенгаўза

Будынак аднаго зь лямусаў эпохі Тызэнгаўза, стаяў ля тэатра. Няясна зь якой прычыны
зьнішчаны ў савецкія часы. Цяпер на месцы яго – пустая пляцоўка.


5. Вул. Ажэшкі. Вуліца паўстала ў другой палове XVIII ст. падчас пераўтварэньняў А.Тызэнгаўза з пабудовай двух корчмаў і дамкоў рамесьнікаў. Пры вуліцы стаялі магнацкія палацы, будынкі дзяржаўнай адміністрацыі. Адна з рэпрэзэнтатыўных вуліцаў нашага горада. На жаль, ня ўсё гэта захавалася да нашых дзён – і тут савецкія гарадабудаўнікі “пастараліся”.

Карчма “Галеча” на вул. Ажэшкі
 
Корчмы “Галеча” і “Раскоша”

Корчмы “Галеча” і “Раскоша”. З будынкам “Раскошы” цяжэй – зараз на яго месцы
фактычна будынак пры Вакзальнай плошчы (стоматолёгічная поліклініка і крама
“Спадарожнік”). “Галеча” разбурана пры разбудове аблвыканкома. Людзі старэйшага
веку помняць яе як офіцэрскую сталовую. Цудоўны позьнябарочны будынак.
Зрэшты не абавязкова чакаць разборкі аблвыканкома, будынак можна аднаўляць
і зараз, і так незразумела навошта бурылі яго, калі на яго месцы зараз
проста ходнікі ля аблвыканкома.

Крама “Табак”
 
Крама “Табак”

Крама “Табак” – так яго помняць гарадзенцы.
Эклектычная двухпавярховая камяніца насупраць
“Галечы”. Зараз газон. На сьценцы “Чырвонай Зоркі”
нядаўна зрабілі ляпніну з бутафорскай імітацыяй
фасаду будынку… Аднаўляць камяніцу трэба!

Жылы двухпавярховы будынак, дзе зараз стаіць помнік Ажэшка

Жылы двухпавярховы будынак быў разбураны ў чэрвені 1941. Зараз на яго месцы
стаіць помнік Ажэшцы. Камяніца так і просіцца для аднаўленьня пэрспэктывы на вуліцу
Тэлеграфную. Помнік можна вярнуць у парк Жылібэра альбо паставіць пры доміку Ажэшкі.

Домікі рамесьнікаў

Домікі рамесьнікаў. Пераважная маса апошніх была зьнішчана ў 1960-х,
нягледзячы на тое, што лічыліся ахоўнымі помнікамі архітэктуры. Большасьць хіба ўжо
ня ўдасца адбудаваць. Зараз на іх месцы ходнікі ля крамаў “Башмачок”, “Школьнік”.
Два домікі можна аднавіць насупраць Дома Офіцэраў, прыбраўшы папярэдне
новазбудаваны бар з абразьлівай для Горадні назвай “Москва” – у Магілеў ці Гомель!


4. Вуліца К.Маркса.

Званіца Брыгідзкага кляштара разбурана ў 1961 годзе

Званіца Брыгідзкага кляштара разбурана ў 1961 годзе ў час разьлютаванасьці
антырэлігійнасьці. У сярэдзіне 1990-х праведзеныя раскопкі, законсэрваваныя
падмуркі чакаюць аднаўленьня званіцы. Напрыканцы 1990-х знайшліся было нават
замежныя касьцельныя інвэстыцыі, падрыхтаваны плян адбудовы, але лядовы палац
зацьміў гарадабудаўнічыя пляны гараданачальнікаў.

Адна з брамаў Брыгідзкага кляштара

Адна з брамаў Брыгідзкага кляштара, якая знаходзілася на месцы прахадной
на тэрыторыю кляштара з боку Дома Сувязі, была разабраная няясна зь якой
прычыны ў 1960-х гадах. Аднаўленьню нічога не перашкаджае.

Рог вуліцаў К.Маркса і Соцыялістычнай.

Рог вуліцаў К.Маркса і Соцыялістычнай. Два будынкі
зьніклі ў сярэдзіне ХХ ст. Недахоп іх выразна назіраецца
шпацыруючы вуліцай К.Маркса, сустрэўшы пустэчу
на рагу вуліцаў, якую неабходна запоўніць,
сфармаваўшы скончанасьць скрыжаваньня.


3. Вуліца Замкавая. Адна са старэйшых у горадзе – знаная ўжо з XIVст. Натуральна і адныя з найстарэйшых будынкаў знаходзіліся пры гэтай вуліцы.

Камяніцы ХVІІ-ХVІІІ ст. на месцы палаца тэкстыльшчыкаў
 
Камяніцы ХVІІ-ХVІІІ ст. на месцы палаца тэкстыльшчыкаў

Камяніцы ХVІІ-ХVІІІ ст. былі зьнішчаны падчас Другой сьвятовай вайны. На іх месцы
паўстаў пазьней палац Тэкстылёў. Хаця аб аднаўленьні некаторых зь іх
можна падыскутаваць.

Карчма і Дом рыбака
 
Карчма і Дом рыбака

Карчма і Дом рыбака і яшчэ дзьве эклектычныя пабудовы былі зьнішчаны ў пачатку 1970-х
каб адкрыць выгляд на “шыкоўны” Дом быту. (цікавая паралель са зносам Залатой Горкі,
каб адкрыць выгляд на “вяршыню” архітэктурнага мастацтва – поліклініку УУС).
Будынкі абавязкова трэба адбудоўваць. Здаровыя густы вяртаюцца – Дом быту
як мага хутчэй трэба захіляць! Спадзяюся, суполкі татараў і чувашаў, якія маюць
тутака падчас фэстаў культураў свой падворак, ня будуць супраць.

Замкавая, 15
 
Замкавая, 15

Замкавая, 15. Суцэльная хрушчоўка з выгляду. Неабходна распрацаваць проект
фасаду, які дапасоўваўся-б да кшталту вуліцы.


2. Вуліца Савецкая, адзіная фактычна пешаходная брукаваная (незаашвальтаваная), галоўная вуліца горада, шыкоўныя будынкі ад позьняга барока да сталінскага ампіра. Але і тутака не абыйшлося бяз стратаў з прычын як форсмажорных (апошняя вайна) так і наўмысных (савецкія гарадабудаўнікі). Працы па аднаўленьні багата.

Тры камяніцы, якія стаялі насупраць цяперашняй крамы “Ратушная” на месцы Дома Профзьвязаў
 
Тры камяніцы, якія стаялі насупраць цяперашняй крамы “Ратушная” на месцы Дома Профзьвязаў

Тры камяніцы, якія стаялі насупраць цяперашняй крамы “Ратушная” на месцы Дома Профзьвязаў,
зьніклі ў сярэдзіне ХХ ст. Забудова выходзіла непасрэдна да галоўнай плошчы горада.
Вяртаньне былой трасіроўкі вуліцы ў гэтым месцы проста неабходнае!

Трохпавярховы гатэль “Эўропейскі” быў зруйнаваны падчас Другой сьвятовай вайны
 
Трохпавярховы гатэль “Эўропейскі” быў зруйнаваны падчас Другой сьвятовай вайны

Трохпавярховы гатэль “Эўропейскі” быў зруйнаваны падчас Другой сьвятовай вайны.
Трошкі вышэй стаяў яшчэ адзін двухпавярховы будынак, няясна, ці пацярпеў ён
падчас вайны, ці пазьней для праходу да унівэрмага. А вось кінотэатар “Спартак”
яшчэ добра памятае старэйшае пакаленьне. Цяпер тут у глыбі ад вуліцы разьмесьціліся
два корпусы унівэрмага, якія трэба абавязкова закрываць адноўленымі
эклектычнымі будынкамі, робячы ўнутраны пасаж унівэрмага.

Тры камяніцы, на месцы якіх стаіць кінатэатр "Гродна"
 
Тры камяніцы, на месцы якіх стаіць кінатэатр "Гродна"

Тры камяніцы зьніклі ў пачатку 1960-х для адкрыцьця выгляду
на яшчэ адзін “твор мастацтва” – кінотэатар “Гродна”. У выніку
атрымалася прагаліна ледзь не да Урыцкага, з вуліцы бачныя
тролейбусы па Кірава і вязьнічныя муры. Кінотэатар напаскудзіў яшчэ і тым,
што перакрыў старую пэрспэктыву вуліцы Калючынскай. У будучай рэновацыі
гісторычнага цэнтру неабходна прадугледзець дэвастацыю
будынку кінотэатра. А распачаць аднаўленьне камяніцаў пры Савецкай
можна было-б і зараз. Кінотэатар даўно ўжо страціў сваё
функцыянальнае прызначэньне, ня кажучы аб эстэтычным.

Касьцёл кляштару Домініканцаў XVII ст. быў разабраны імпэрскімі ўладамі ў 1875 годзе

Касьцёл кляштару Домініканцаў XVII ст. быў разабраны імпэрскімі ўладамі ў 1875 годзе.
Пасьля гэтага на гэтым месцы на дзіва нічога новага не паўстала, як бы даючы шансу
аднавіцца касьцёлу. Толькі савецкая ўлада ўляпіла тут у 1973 годзе помнік
свайму маршалу. Помнік – у музэй, храм мае новапаўстаць пры галоўнай вуліцы горада.

клясыцыстычная брама, якая стаяла пры будынку магістрата

Пасьля вайны некуды зьнікла клясыцыстычная брама, якая стаяла пры будынку
магістрата (адзін з корпусаў Домініканскага кляштара за помнікам Сакалоўскаму).


Аб’ект, які патрабуе першачарговасьці пры рэновацыі гістарычнага цэнтру, прымушае спэцыяльна затрымацца для дэталёвага разгляду. Падрабязна пра аднаўленне гарадзенскага рынка

 

Scroll to top