У апошняй чвэрці XVIII - пачатку ХХ стагоддзя яўрэі Расійскай імперыі захоўвалі абшчынную арганізацыю, на чале якой стаялі органы мясцовага самакіравання - кагалы. У адпаведнасці з роляй, якую яны адыгрывалі ў грамадстве, утвараючы па сутнасці яўрэйскую “дзяржаву ў дзяржаве", кагалы былі названы Шугуровым “талмудычна-муніцыпальнымі рэспублікамі”. Адна з галоўных функцый кагалу - гэта кіраванне яўрэйскай супольнасцю.

З гэтай мэтай абшчына абірала некалькіх старэйшын (рошым) і ганаровых асоб (товім). Іх колькасць адпавядала памерам абшчыны. Судовыя справы паміж яўрэямі разбіраліся ў абшчынных судах рабінамі і суддзямі (даянамі), якія ў сваіх рашэннях кіраваліся талмудычным правам. Гарадзенская абшчына лічылася на той час адной з самых вялікіх, таму колькасць суддзяў у 1834 годзе дасягала тут 7 на 8259 чалавек насельніцтва.

Праз спецыяльных хадатаяў кагал ажыццяўляў кантакты са знешнім светам. У сферу іх дзеяння ўваходзіла абарона інтарэсаў яўрэяў, прадухіленне і ліквідацыя канфліктаў. Працягваючы традыцыю, узнікшую ў часы Рэчы Паспалітай, расійскі ўрад усклаў на кагал выкананне фіскальных абавязкаў і звязанага з гэтым уліку насельніцтва. У кожнай суполцы абавязкова існавалі пасады рэзнікаў, якія забівалі жывёлу з выкананнем спецыяльных абрадаў, і абразальнікаў, якія праводзілі абразанне хлопчыкаў згодна з Запаветам. У нашым горадзе на 1834 год працавалі 5 рэзнікаў і 37 абразальнікаў.

Кагал ажыццяўляў каардынацыю дабрачыннай дзейнасці. Спецыяльныя службовыя асобы — габаі - узначальвалі таварыствы, якія дастаўлялі бедным прадметы першай неабходнасці, збіралі пасаг незаможным нявестам, даследавалі Пісанне (таварыства хеўрэ-мішнэ альбо хеўрэ-шас), запісвалі гісторыю абшчыны ў пінкасы, займаліся пахаваннем памёрлых (хеўрэ-кадзіш) і г. д. Асаблівай турботай кагала была адукацыя падрастаючага пакалення. Для таго, каб зрабіць навучанне даступным для бедных, буйныя заможныя абшчыны асноўвалі талмуд-торы - школы, якія забяспечвалі вучням бясплатнае навучанне, харчаванне, вопратку, падручнікі і г. д. Для таго, каб злагодзіць сацыяльнае супрацьстаянне і забяспечыць устойлівасць і з'яднанасць калектыву, кагал узяў на сябе функцыю рэгулятара эканамічнага жыцця абшчыны. Дзейнічаючы з дапамогай херэма (праклёну, адлучэння ад сінагогі), ён прадухіляў магчымасць канкурэнцыі сярод яўрэяў і самастойна вызначаў права асобных сем'яў на водкупы, арэнду і інш.

Кагалы мелі ўласныя капіталы, якія ўзнікалі за кошт спецыяльных раскладак і фінансавых аперацый. 60 Пры гэтым пастаянных высокіх выдаткаў патрабавала ўтрыманне кагальнай адміністрацыі і немаёмасных членаў кагалу, адсылка дэлегацый у іншыя гарады. Таму абшчына пастаянна мела запазычанасць перад дзяржавай, якая напрыклад, у 1821 годзе складала 967 рублёў 18.5 капеек. I гэта не адзінкавы выпадак. Дакументы сведчаць, што яшчэ ў 1766 годзе мясцовы яўрэйскі кагал меў даўгоў на суму 448522 злотых 16 грошаў. Гарадзенскай абшчыне прыходзілася вельмі цяжка, таму што ў ёй вялікую долю складала немаёмаснае насельніцтва: на 1898 год у Гародні з 4839 душ мужчынскага полу 203 лічыліся немаёмаснымі.

Запазычанасць спаганялася самымі зверскімі метадамі. У 1823 годзе пры зборы нядоімак з гарадзенскага кагала многія заможныя яўрэі былі зняволены ў турму, а над іншымі была праведзена экзекуцыя. У выніку гарадзенскія яўрэі былі даведзены да такой ступені жабрацтва, што на наступны год памерла каля 800 чалавек. Што ўяўляла сабой "экзекуцыя”, мы можам сабе ўявіць па апісанню, якое захавалася ў дакуменце 1839 года. Гарадскія ўлады вырашылі прымусіць яўрэяў замест “натуральнага пастою” (кватэравання салдат і афіцэраў) унесці ў гарадскі бюджэт звонкую манету, што, вядома, энтузіязму ў яўрэяў не выклікала. Тады ў яўрэйскіх дамах сталі з'яўляцца будачнікі-паліцэйскія, якіх суправаджалі 2-6 салдат
пажарнай каманды. Яны пачыналі з пагроз, а калі не дасягалі гэтым поспеху, адбіралі лепшыя рэчы, абяцаючы вярнуць іх толькі ў выпадку ўнясення грашовага падатку. Такая практыка прыносіла вялікі плён - да 2 рублёў срэбрам ў дзень.

Для папаўнення кагальнай касы кіраўніцтва абшчыны пастаянна звярталася за пазыкамі. Цікава, што сярод яе крэдытораў былі многія гарадзенскія манастыры. У 1843 годзе яна была вінна сярод іншых гарадзенскім бернардзінам 4973 рублёў 21 капейку, бернардзінкам 4458 рублёў 88 капеек, кармелітам 1944 рублёў, францішканам 3521 рубель 54 капейку. Нярэдка ў выніку несправядлівага раскладу падаткаў у кагала ўзнікаў канфлікт з уладамі. Напрыклад, вельмі доўга ў канцы ХVІІІ стагоддзя цягнуўся працэс паміж гарадзенскай абшчынай і былым старастай Гарадзенскай каралеўскай эканоміі графам Антоніем Тызенгаўзам і яго спадчыннікамі. Тызенгаўз быў абвінавачаны ў тым, што на працягу 1768-1782 гадоў прысвоіў 21000
злотых, спагнаных з гарадзенскага кагала. У выніку 21 верасня пастаўскі суд прысудзіў яўрэям 34259 злотых, забяспечаных маёнткам Бобрыкі ў Менскай губерні.

Кагальнае кіраўніцтва знаходзілася ў цесным кантакце з рабінамі - кіраўнікамі "малітоўных грамадстваў”, якія былі арганізаваны пры сінагогах і малітоўных дамах. Свецкая і духоўная ўлады ўзаемна патрабавалі падтрымкі адна адной: першая ў пацвярджэнні легітымнасці і адпаведнасці сваіх рашэнняў нормам рэлігійнага закона, другая - у фінансаванні. Асэнсаваўшы адзінства сваіх мэт, галоўнай з якіх было непадзельнае панаванне над яўрэйскімі масамі, яны сталі дзейнічаць супольна. Уплыў кагальна-рабінскай меншасці ў абшчыне быў велізарным. Ён грунтаваўся на аўтарытэце рэлігіі, якая прасяквала ўсе бакі грамадскага і асабістага жыцця і падтрымлівалася традыцыямі кругавой парукі ў справе ўнясення падаткаў. Жабрацкі стан большасці яўрэяў цалкам аддаваў іх ва ўладу кагальна-рабінскай алігархіі, якая займала ключавыя пасады ў абшчыне.

У апошняй чвэрці XVIII — першай палове XIX стагоддзя пастаянная ратацыя кагалу адыйшла ў гісторыю. Месцы ў ім заставаліся ў руках прадстаўнікоў некалькіх сем'яў яўрэйскай знаці. Гэтая тэндэнцыя асабліва рэльефна праяўляецца на прыкладзе фарміравання складу адной з ключавых структур кагалу - таварыства хеўрэ-кадзіш. Распаўсюджаныя ў іўдаізме адносіны да смерці як да жудаснай містычнай падзеі прывялі да ўспрынацця цела памёрлага як нячыстага. Прынята было праводзіць пахаванне ў магчыма найкарацейшы тэрмін з выкананнем асаблівых цырымоній. Падрыхтоўкай цела да пахавання займалася таварыствы хеўрэ-кадзіш. Яны маглі самавольна вызначаць кошт сваіх паслуг, суадносячы яго з узроўнем заможнасці сям'і памёрлага. Абсалютная немагчымасць ухілення ад традыцыйнага рытуала сказала яўрэйскія сем'і на самавольства членаў дадзенага таварыства. Яны ж карысталіся сваёй ўладай, “атрымліваючы за прыняцце на могілкі яўрэяў, асабліва багатых, па 100 і больш рублёў срэбрам, што даводзіла многія сем'і да разарэння. Паказальна, што гэтым таварыствам у Гродна ў 1846 годзе загадвалі прадстаўнікі самых уплывовых сем'яў: Х.Перліс, М.Собаль, М.-Э.Эбярыл,
3. Эпштэйн і інш.

Вялікія злоўжыванні чыніліся пры раскладцы падаткаў. Зборшчыкі падаткаў утойвалі частку грамадскіх сродкаў, не выдавалі квітанцыі аб спагнанні падаткаў, несправядліва раскладвалі падаткі, ускладаючы іх, напрыклад, на немаёмасных пагарэльцаў, а не на заможных, і г. д. Кагальная вярхушка выкарыстоўвала свой уплыў для барацьбы з незадаволенымі. Асабліваму праследванню падвяргаліся рэлігійныя адступнікі і даносчыкі. Звычайна ад іх пазбаўляліся праз аддачу ў рэкруты альбо абвінавачванне ў здзяйсненні злачынства. Насуперак інтарэсам абшчыны кагальныя правакавалі знешнія сілы на ўмяшанне ў яе ўнутраныя справы. Калі, нягледзячы на прынятыя меры, спагнаць падаткі поўнасцю не атрымлівалася, старэйшыны звярталіся да паліцыі.

Новы віток канфрантацыі ў кагалах пачаўся з увядзеннем рэкруцкай павіннасці для яўрэяў (1827 год). Армія, а асабліва атрады ваенных кантаністаў, сталі месцам масавага прымусовага хрышчэння яўряэў. Натуральна, што прадстаўнікі кагальных улад рабілі ўсё магчымае, каб адвесці пагрозу рэкрутчыны ад сваіх сем'яў і ўскласці нясенне ваеннай службы на беднякоў. Для гэтага яны прыпісвалі да іх няўлічаных у рэвізскіх казках, далучалі да бядняцкіх сем'яў асоб, якія не з'яўляліся іх раднёй, з мэтай павышэння колькасці "работнікаў”, насуперак закону аддавалі ў рэкруты сірат, рабілі падлогі ў метрычных кнігах, змяняючы ўзрост абшчыннікаў-сірат.

Урад спрыяў распальванню ўнутрыабшчыннага канфлікту. З гэтай мэтай у 1853 годзе выданы законы: пра адпраўку ў арыштанцкія роты рэкруцкіх старастаў, якія дапусцілі нядоімку ў пастаўцы рэкрут, і аб дазволе здаваць у рэкруты без чаргі бяспашпартных і бяздомных яўряэў у залік наступных прызываў. У Гародні з'явіліся "лаўцы душ", якія лавілі яўряэў і адбіралі ў іх пашпарты альбо трымалі ў астрозе да таго часу, калі канчаліся тэрміны дзеяння іх папер, і потым здавалі ў рэкруты як "не маючых сталага месца жыхарства". Напалоханыя магчымасцю трапіць на катаргу, старасты сталі пастаўляць у рэкруты 8-12-гадовых дзяцей з фармуліроўкай "за неплацёж падаткаў і парушэнне грамадскага парадку".

Палітыка расійскага ўраду адносна яўрэйскіх кагалаў была неадназначнай: з аднаго боку, наяўнасць кагалаў спрашчала кіраванне яўрэйскай супольнасцю, але з другога стварала прэцэдэнт існавання моцнай нацыянальнай арганізацыі, альтэрнатыўнай дзяржаўным органам улады. Дзейнічаючы ў накірунку паслаблення кагалаў, расійскія заканадаўцы нанеслі ўдар па іх фінансаваму дабрабыту. Яўрэям было прадастаўлена права запісвацца ў купецтва, што ставіла іх у падпарадкаванне да магістратаў. Туды, а не ў кагалы купцы мусілі ўносіць падатак, адэкватны памеру іх капіталу. Такім чынам яны вызваляліся ад удзелу ў дарагіх кагальных складках. Кагалы спрабавалі ўскладніць выхад у купецтва, адмаўлялі ў выдачы адпаведных дакументаў. Так напрыклад, у 1827 годзе заможныя жыхары Гародні Урыя Янкелевіч Літман і Лея Баярская звянуліся са скаргай да гарадзенскага генерал-губернатара. Нягледзячы на тое, што яны ўнеслі ўсе неабходныя падаткі і раней ўжо былі запісаны ў купецтва, кагал адмаўляў ім у выдачы новых пасведчанняў.

У 1844 годзе кагалы былі скасаваны, на іх месцы паўсталі яўрэйскія грамадствы, падпарадкаваныя магістратам, ратушам і мясцовым хрысціянскім судам. Былі пакінуты пасады зборшчыкаў падаткаў і рэкруцкіх стараст. На практыцы ўраду не ўдалося падарваць панаванне алігархіі, і яна працягвала ўладарыць над яўрэйскай супольнасцю, выкарыстоўваючы старыя рычагі: грошы і рэлігійны аўтарытэт. Згодна з афіцыйнай статыстыкай, у склад гарадзенскай абшчыны ўваходзілі прадстаўнікі большасці расійскіх саслоўяў. Асноўная маса належала да мяшчанства: у 1850 годзе іх тут 3334 чалавекі, а купцоў 114.85 Гарадзенцы-яўрэі, якія выказвалі жаданне займацца сельскай гаспадаркай, пераходзілі ў саслоўе земляробаў і пераязджалі на вёску. Адзінкі, напрыклад, сем'і Нахімовічаў ці Мейлаховічаў, атрымлівалі спадчыннае ганаровае грамадзянства за заслугі парад дзяржавай у галіне культуры (у дадзеным выпадку за развіццё кнігадрукавання).

Такім чынам, у апошняй чвэрці XVIII — першай палове XIX стагоддзя яўрэйская супольнасць у Гародні з'яўлялася стракатым кангламератам людзей, далучаных да афіцыйна вызначаных саслоўяў. Адсутнасць яўрэяў сярод чыноўніцтва сведчыць пра дыскрымінацыйнасць палітыкі ўрада ў адносінах да гэтай нацыянальнай меншасці. Кагалы і яўрэйскія грамадствы, якія прыйшлі ім на змену, знаходзіліся пад уціскам алігархічных колаў. Іх імкненне падпарадкаваць прыватныя інтарэсы асобы грамадскай карысці сустракалі супраціўленне ў масе радавых абшчыннікаў. Грамадскі канфлікт падтрымліваўся дзяржаўнай уладай, якая была зацікаўлена ў дыскрэдытацыі ўплывовых слаёў яўрэйства як захавальнікаў традыцыйнага спосабу жыцця і адасобленасці яўрэйскай супольнасці ад іншых слаёў расійскага грамадства.

Scroll to top