Еўрапейскі вопыт выкарыстання старых прамысловых будынкаў
Горадня ніколі не была вялікім прамысловым горадам, аднак вялікіх цікавых будынкаў у ёй хапала. Старыя млыны, вайсковыя казармы, піўзавод, электрастанцыі, склады. Усё гэта былі, як правіла, будынкі нестандартныя, цікавыя ў архітэктурным сэнсе. Зараз іх пачынаюць зносіць. Мы ўжо страцілі млын па вуліцы Васілька 3, хаця там магла размесціцца мастацкая галерэя, напрыклад. Чакаюць свайго часу на знос казармы на Фолюшы і вуліцы Чырвонаармейскай, падбіраюцца нашыя будаўнікі і да гарадзенскага піўзаводу, хаця той, па-стунасці з’яўляецца помнікам архітэктуры XVIII ст. Сёння пад пагрозай будынкі старой гарадзенскай электрастанцыі па вул. Будзёнага.
Між тым менавіта старыя прамысловыя будынкі ўяўляюць сёння ў Еўропе велізарную цікавасць для замежных інвестараў у галіне будаўніцтва. Польская журналістка Малгажата Шафаж у сваім матэрыяле “Другое жыццё старых залаў” піша: “Сучасныя, высокага класа офісы не мусяць атаясамлівацца выключна з шклянымі шматпавярховікамі ў цэнтрах вялікіх гарадоў. Гэта могуць быць месцы, у якіх, здаецца, час спыніўся шмат гадоў таму, напрыклад, старая фабрыка ці нават шахта.” Пазнаёмцеся з яе матэрыялам і даведаецеся аб тым, што такое “рэвіталізацыя” старых прамысловых зонаў на тэрыторыі многіх польскіх гарадоў.
Сёння ў Еўропе дастаткова шмат аматараў мець офісы не ў хмарачосах, а бачыць з вакна адноўленыя будынкі старых казармаў ці фабрычных карпусоў (толькі не накшталт нашага “Аўтаагрэгату” канешне, мова вядзецца аб куды больш даўніх забудовах). Напрыклад, у адным з броваў у Катавіцах працуюць офісы і рэстаран, ранейшая фабрыка Вільсана змяшчае зараз у сабе рэстаран і мастацкую галерэю. У некаторых фабрыках размешчаны банкі а ў былой фабрыцы Норбліна ў Варшаве – музей. Аднак самымі каштоўнымі зараз у Польшчы з’яўляюцца памяшканні былых агромністых ткацкіх фабрык у Лодзі, за якія інвестары (будаўнікі офісаў, гандлёвых цэнтраў і інш.) выдаюць сёння велізарныя грошы. Цікавы таксама артыкул Марка Даньскага “Карысць ад рэвіталізацыі”.
Чытайце, шаноўныя гарадзенцы, і думайце аб тым, якім хочаце бачыць наш горад: багатым у сваёй мінуўшчыне і сучаснасці ці ўсё больш і больш падобным на лялечную сцэну для гульні ў імітацыю будаўнічых і рэстаўрацыйных работ.
У хуткім часе з'явіцца галерэя фотаздымкаў найбольш каштоўных вялікіх прамысловых і вайсковых будынкаў Горадні, што тэрмінова чакаюць на рэвіталізацыю і знаходзяцца пад пагрозай разбурэння.
Гродзенская электрастанцыя пачала сваю працу ў 1912 годзе. Тады яна абслугоўвала ўсяго 66 абанентаў, маючы два шведскія рухавікі фірмы Дызель. У 1914 г. яе магутнасці значна павялічыліся - на электроўні было ўстаноўлена яшчэ два рухавікі, а колькасць абанентаў павялічылася да 500. З пачаткам Першай сусветнай вайны адзін з рухавікоў быў вывезены ў Расію. У 1920 годзе электроўня была ў настолькі дрэнным стане, што магла абслужыць адно некалькі дзесяткаў абанентаў. Таму вырашана было закупіць новы магутны рухавік у Швецыі. Урад Польшчы выдзеліў 75 450 крон для набыцця такога рухавіка. У 1923 годзе пачаўся яго мантаж дзеля чаго каля старога будынка электроўні быў дабудаваны яшчэ адзін. Новы рухавік мог даваць святло для 2400 абанентаў горада. Асвятленне вуліц да 1926 г. дасягнула даваеннага ўзроўню. У гэты час магістрат горада прыняў рашэнне асвятляць не менш 30 пунктаў штогод, пры чым у першую чаргу на ўскраінных вуліцах горада як найбольш небяспечных крымінальна. Электрастанцыя моцна пацярпела ў гады вайны, аднак пасля была адноўлена. Станцыя працавала да канца мінулага стагоддзя, а з 2002 года пачаўся паступовы дэмантаж абсталявання
-
Катэгорыя: Замежны досвед
-
Апублікавана 11 Чэрвень 2008
Апошняе
- Гродненский военный лагерь 1705 – 1706 гг.
- Первое упоминание про Городен - 1127 год
- НА ПРАВАХ МАГДЭБУРГА
- ГАРАДЗЕНСКАЕ КНЯСТВА (ПАЧАТАК ГІСТОРЫІ)
- ІМЯ ГОРАДА
- Тайны семейной усыпальницы
- Андрэй Чарнякевіч Айцы горада: кіраўнікі гродзенскага магістрата ў міжваенны час і іх лёсы 1919–1939 гг.
- Старая Лента. Гродненский синематограф: забытые страницы
- В аренду предводителю дворянства или история дома на ул. Академической