Старыя гарадзенскія могілкі ўяўляюць сабой ансамбль, які складаецца з двух частак – праваслаўная і каталіцкая, кожная з якіх мае сваю дамінанту і структуру размяшчэння надмагілляў і асаблівасці фарміравання тэрыторыі.

Каталіцкія могілкі былі заснаваны ў 1792 г. на выдзеленым з зямельнага фонду каралеўскай эканоміі надзеле каля ўсходняй мяжы горада.

Аб даце сведчыць запіс у пахавальных метрыках гарадзенскага фарнага касцёла ад 1 мая 1792 г., які паведамляе аб тым, што „locus sepulctus [...] est exter urbem”. На працягу мая – снежня 1792 г. тут было пахавана ўжо каля 200 чалавек. Стварэнне могілак было выклікана рашэннем выносіць з цэнтраў гарадоў могілкі пры прыходскіх храмах і кляштарах і ўтвараць камунальныя могілкі.

 


У канцы XVIII ст. на могілках была ўзведзена драўляная капліца, дакладны выгляд якой на гэтым этапе даследаванняў высветліць немагчыма. У 1821 г. на могілках была пабудавана мураваная капліца. Яе фундатарам быў Казімір Судніцкі, камісар нерухомага маёнтка гарадзенскага кляштара брыгідак. Праект капліцы быў падрыхтаваны губернскім архітэктарам Вільгельмам Багемюлем. Паводле існуючага апісання – гэта быў аднаапсідны храм, які не меў вежаў. Галоўны фасад вылучалі 4 паўкалоны і франтон, увенчаны крыжам. У 1907 г. да капліцы дабудавана вежа-званіца.

Праваслаўныя могілкі пачалі фарміравацца па-суседству з каталіцкімі ў пачатку ХІХ ст. – магчыма, вакол магілы генерал-маёра Сяргея Ланскога. Сёння самыя старыя ацалелыя пахаванні знаходзяцца па дыяганалі ад магілы Ланскога да Свята-Марфінскай царквы і вакол яе. Сама царква была пабудавана ў 1846–1848 гг. у стылі позняга класіцызму. Яе будаўніцтва фінансаваў Гродзенскі архіепіскап Ніл, каб пахаваць там цела сваёй маці. У 1867 г. царква была рэканструявана. Ніл, які на той час з’яўляўся якуцкім архіепіскапам, ахвяраваў на перабудову храма 300 рублёў. У пасляваенны перыяд царква знаходзілася ў заняпадзе і толькі напрыканцы 1980-х гг. была перададзена праваслаўным вернікам. У жніўні 1990 г. на сродкі Пакроўскага сабора фірмай “Дэкор” былі распачаты рэстаўрацыйныя работы, якія завяршыліся ў ліпені наступнага года. Тады ж былі прыведзены ў належны стан і магілы вакол самой царквы. У 1986 г. царкву цалкам справядліва ўключылі ў спіс помнікаў архітэктуры Беларусі. Але зараз гэты храм не ўваходзіць у спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. Больш таго, на працягу апошніх некалькіх гадоў вядуцца працы па кардынальнай перабудове храма, у выніку ён страціў свае архітэктурныя і мастацкія асаблівасці. Апроч царквы ў “Зборы помнікаў гісторыі і культуры” 1986 г. ёсць магіла Міхася Васілька, Сяргея Ланскога. Васіля Разанава (удзельнік падпольнага руху ў Гродна), Элізы Ажэшкі.

 


Да сярэдзіны XIX ст. тэрыторыя могілак пашырылася ў паўднёвым і паўднёва-заходнім накірунку, а на мяжы XIX – XX ст. – у паўночным напрамку (вуліца Фарштацкая, цяпер Прыгарадная) ды ўсходнім (схіл вуліцы Падольнай).

У канцы XVIII – першай палове ХІХ ст. найбольш распаўсюджанай формай надмагілляў былі абеліскі, камяні ці каменныя пліты а таксама калоны, урны. Да 50 – 60-х гадоў ХІХ ст. належаць надмагіллі скульптараў І. Баброўскага ды Ю. Забароўскага. Пачынаючы з другой паловы ХІХ ст. на могілках узводзяцца невялікія абеліскі, помнікі ў форме стылізаванага дрэва са зрэзанымі галінамі. 1874 годам датуецца першы помнік скульптурнай майстэрні Васіля Качана. Чарговым буйным прадпрыемствам гэтага часу з’яўлялася фірма Баляслава Шышкевіча (прыблізныя гады існавання фірмы 1885 – 1908). На могілках захаваліся помнікі скульптараў Людвіка і Ігнацыя Русевічаў, Кушэса, Сабалеўскага, Дэ Вэкі з Кіева, Любавецкага з Варшавы. Вырабам помнікаў займаліся таксама каменачосы Фінкельштэйн, Саламан, Шапіра ды інш.

 


Надмагільныя формы фарных каталіцкіх могілак вылучаюцца разнастайнымі формамі пластыкі, багаццем сімвалаў і алегорый. Галоўным матэрыялам для помнікаў з’яўляўся граніт, лабрадарыт, пясчанік, мармур, бетон і цэгла. У 30-х гадах ХІХ ст. на могілках з’яўляюцца чыгунныя помнікі. Гэта літыя калоны на магіле К. Ракіцкай (+1835), пліта на магіле А. Страйноўскай (+1836). Сярод форм адлівак пераважаюць крыжы, упрыгожаныя раслінным арнаментам, калоны, усечаныя піраміды, пліты і надмагіллі ў форме труны ці стылізаванага дрэва.

 

Найбольш старыя каваныя крыжы датуюцца 20 – 30-мі гадамі ХІХ ст. У стане знішчэння знаходзіцца каваная кампазіцыя, якой увенчаны помнік К. Калінскай (+1828). На змену вырабам народнага кавальства ў другой палове ХІХ ст. прыходзіць прадукцыя механічнай вытворчасці з яе эклектычнасцю мастацкіх форм (працы Качаноў, Гальскіх, Сіліневічаў). Да пачатку ХХ ст. адносяцца агароджы ў стылі мадэрн (магілы Брынкер і Эйсмантаў).

Асаблівай увагі заслугоўвае архітэктурна-скульптурная кампазіцыя – маяк памерлых. Такія надмагіллі ў даўнія часы мелі шырокае распаўсюджанне ва Францыі і Нямеччыне. У верхняй частцы маяка – месца для крыніцы агню.

На сённяшні дзень ансамбль старых гарадзенскіх могілак з’яўляецца адным з самых старых прыкладаў цэласных гарадскіх камунальных могілак на тэрыторыі Беларусі. Падобны прыклад камунальных могілак можна назіраць у г. Мінску - вядомыя Кальварыйскія могілкі, але ў адрозненні ад іх гарадзенскія могілкі маюць большую мастацкую стылёвую разнастайнасць надмагілляў, складаюцца з дзвюх асобных, але аб’яднаных у адзіны комплекс частак і менш пацярпелі ад пахаванняў 2-й паловы ХХ – пачатку ХХІ стагоддзя (больш цэласна захавалася структура).

 

Аб’ект закладзены прыкладна ў той самы час, што Павонзкаўскія (Польшча), Лычакаўскія (Украіна) некропалі і могілкі Роса ў Літве. На могілках захаваліся надмагіллі ў стылях класіцызму, эклектыкі, мадэрну, канструктывізму, зробленыя майстрамі з Варшавы, Гродна, Кіева, Вільні. Прадстаўлены шматлікія тэхналогіі выбару надмагілляў (грабніцы, абеліскі, стэлы, надмагіллі) і матэрыялы (граніт, цэгла, пясчанік, мармур, чыгун, жалеза). Даследчыкі мастацтвазнаўца Любоў Зорына і доктар габілітаваны Ягелонскага ўніверсітэта Юры Гардзееў зазначаюць, што надмагільныя помнікі ўяўляюць сабой унікальныя аб’екты дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, якія не маюць аналагаў на тэрыторыі Беларусі (асабліва майстроў Качаноў і Б. Шышкевіча).

Могілкі займаюць абшар верхняй наднёманскай тэрасы ў раёне вуліц Падольная, Прыгарадная і Антонава ў Гродне. Каталіцкія і праваслаўныя могілкі абнесены асобнымі мураванымі агароджамі. Адныя могілкі ад другіх аддзяляе 4-ы Падольны завулак. Найбольш старажытная частка каталіцкіх могілак абмяжоўваецца сучаснай цэнтральнай алеяй, якая злучае ўваходную браму з капліцай.
Найбольш старыя пахаванні на праваслаўных могілках – вакол капліцы і ўздоўж галоўнай алеі, на каталіцкіх – па ўсёй плошчы.

 

Старыя Гарадзенскія могілкі закрыты для пахаванняў з 1973 г. (Рашэнне № 129 выканаўчага камітэта Гродзенскага гарадскога Савета дэпутатаў рабочых ад 18 чэрвеня 1973 г.). Адбываюцца падзахаванні сваякоў. За добраўпарадкаваннем тэрыторый праваслаўных і каталіцкіх могілак сочаць ГДУПП «Спецаўтагаспадарка» (вывозяць смецце, косяць у летні час траву раз на месяц). Нягледзячы на гэта, за асобнымі пахаваннямі мерапрыемствы па добраўпарадкаванні не арганізаваны (не аднаўляюцца разбітыя крыжы, не прыбіраюцца раскапаныя склепы).

Стан многіх надмагілляў як на праваслаўных, так і на каталіцкіх могілках нездавальняючы (знішчаны дэкаратыўныя элементы, зламаны фрагменты надмагільнай кампазіцыі і г.д.). Да прыкладу, на праваслаўных могілках на помніку чыноўніка Якуба Памеранскага (+ 1869) знішчаны медальён і сцёрся твар скульптуры Прыгожай плакальшчыцы. На надмагіллі аўтара гэтага помніка Баляслава Шышкевіча на каталіцкіх могілках — скульптура дзяўчыны-музы з адбітай галавой.

Аднак, нягледзячы на дадзеныя акалічнасці, асноўная планіроўка і мастацкае ўражанне ад цэласнага мастацкага ансамблю не страчана.

У небяспечным стане знаходзяцца пахаванні каля Свята-Марфінскай царквы, паколькі там вядуцца будаўнічыя працы (пашырэнне плошчы былой капліцы амаль у 2 разы). Дадзеная акалічнасць можа негатыўна паўплываць на захаванне аўтэнтычнасці структуры ансамбля.

 

Адзін з самых аўтарытэтных даследчыкаў каталіцкіх могілак Юры Гардзееў у інтэрв’ю газеце “Вячэрні Гродна” казаў, что гродзенскія некропалі занядбаныя і патрабуюць сістэматычнага дагляду, кансервацыі і аднаўлення.

Дагледжанымі і добраўпарадкаванымі з’яўляюцца пахаванні тых людзей, у якіх засталіся сваякі, а таксама брацкія магілы салдат савецкай арміі на праваслаўных могілках і польскіх жаўнераў на каталіцкіх, выбітных асоб – Элізы Ажэшкі, ксяндза Францішка Грынкевіча. Усе астатнія пахаванні, якія датуюцца ХІХ – пач. ХХ ст. патрабуюць кансервацыі і адмысловага дагляду.

Найбольш старажытнае пахаванне могілак – надмагілле Уршулі Вянгерскай (памерла ў 1799 г.). На могілках пахаваны прадстаўнікі розных прафесійных і сацыяльных груп насельніцтва Гродна канца XVIII – першай паловы XX ст. Шмат хто з іх зрабіў уклад у беларускую культуру і гісторыю.  

 

Праваслаўныя могілкі: Марыя Багдановіч (Мякота) (1869–1896) – маці беларускага паэта Максіма Багдановіча, класіка беларускай літаратуры; Міхась Васілёк (Міхаіл Касцевіч) (1905–1960) – беларускі паэт, грамадскі дзеяч, сябра Беларускай сялянска-работніцкай грамады і Таварыства беларускай школы; Васіль Качан (1852–1907), Восіп Качан (1873–1910) – майстры, аўтары шматлікіх надмагілляў на старых гродзенскіх могілках; Вера Блошкіна (1873–1963) – маці беларускага паэта Міхася Багуна (сапр. Міхась Блошкін), рэпрэсаванага савецкай уладай у 1936 г.; Сяргей Ланскі (1774–1814) – генерал-лейтэнант арміі Расійскай імперыі, удзельнік вайны 1812 г.

Каталіцкія могілкі: Ян Каханоўскі (1894–1942) – біёлаг, выкладчык гродзенскай мужчынскай гімназіі імя Адама Міцкевіча, заснавальнік першага ў Беларусі заапарка; Францішак Грынкевіч (1884–1933) – каталіцкі святар, кіраўнік гродзенскага гуртка беларускай моладзі; Баляслаў Шышкевіч (1864–1893) – выдатны скульптар, філосаф у скульптуры, трымаў у Гродне майстэрню па вырабу надмагілляў, большасць з якіх знаходзяцца на старых гродзенскіх могілках; Аляксандр Тальгейм (1873–1937) – гродзенскі ўрач, грамадскі дзеяч, старшыня таварыства аматараў мастацтва “Муза”; Эдвард Лістоўскі (1861–1922) – палітычны дзеяч, першы прэзідэнт г. Гродна ў міжваенны час. Эліза Ажэшка (1841–1910) – пісьменніца, грамадская дзеячка, дапамагала паўстанцам у 1863 г., у Гродна займалася дабрачыннай дзейнасцю.

Таксама пахаваны: пісьменніца Вільгельміна Зындрам-Касцялкоўская, побач з капліцай знаходзіцца квартал, у якім пахавана каталіцкае духавенства, напрыклад ксёндз францішканін Мельхіёр Фордан, а таксама пахаванні манашак брыгідак і назарэтанак (у тым ліку мастачкі Паўлы Гажыч), чыноўнікі (віцэ-губернатары К. Максімовіч, Е. Яневіч-Янеўскі), дактары (К. Дамброўскі, Я. Сухадольскі, І. Касцялкоўскі), фармацэўты (С. Брынкер і М. Кандратовіч), масоны (П. Сіманоўскі. В. Стычынскі, К. Крэйбіх), архітэктары (Ю. Сака, Я. Фaрдoн), кавалі (Я. Гальскі, І. Сіліневіч), генералы расійскай арміі (Вэвэрн, Хамрат, Вацеўскі, Баркоўскі).

Навуковыя даследаванні Гродзенскіх могілак пачаліся з 1980-х гг. Высілкамі навукоўцаў Яцака Розмуса і Юрыя Гардзеева была падрыхтавана і надрукавана праца “Фарныя могілкі ў Гродне 1792–1939 гг.” пра гісторыю могілак, мастацкія характарыстыкі надмагілляў. У 2001 г. выйшла кніга прафесара Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Валерыя Чарапіцы “Гродненский православный некрополь”. Апроч таго выходзяць асобныя артыкулы пра гісторыю і мастацкую вартасць гродзенскіх могілак таго ж Юрыя Гардзеева. Пра дэкаратыўныя элементы надмагілляў пісала ў сваіх працах мастацтвазнаўца Любоў Зорына.

 

Гродзенскія могілкі ўжо зараз выкарыстоўваюцца як адзін з турыстычных аб’ектаў Гродна (асабліва каталіцкія карыстаюцца папулярнасцю сярод польскіх турыстаў). Па некропалях праводзілі экскурсіі ў межах Фэста экскурсаводаў, які ладзіцца арганізацыяй ICOMOS кожны год у міжнародны Дзень аховы помнікаў. Некаторыя з турыстычных фірм у свае прапановы ўключаюць асобна экскурсіі па могілках (напрыклад, турыстычная фірма Мерцана).

Унясенне ў спіс гісторыка-культурнай спадчыны і добраўпарадкаванне могілак будуць садзейнічаць актуалізацыі ў публічнай прасторы горада і папулярнасці ў турыстычнай сферы. Гэтаму садзейнічае і зручнае размяшчэнне некропалей – недалёка ад цэнтра горада, каля аўтавакзала. Каля саміх могілак знаходзіцца даволі вялікая стаянка, якая можа быць выкарыстана для турыстычнага транспарту. Ужо зараз існуе онлайн-мапа па могілкам з пазначэннем некаторых пахаванняў.

Такім чынам, усе вышэй пералічаныя вартасці, а таксама пагроза іх страты патрабюць тэрміновага ўнясення праваслаўных і каталіцкіх могілак у спіс гісторыка-культурнай спадчыны.

 

Пасля таго, як могілкі стануць аб’ектам гісторыка-культурнай спадчыны, трэба стварыць камісію з прадстаўнікоў улад і зацікаўленых асоб па інвентарызацыі каштоўных пахаванняў і пошуку сродкаў на пачатак работ па рэстаўрацыі каштоўных помнікаў. Трэба пачаць працэс аднаўлення помнікаў (2-3 у год), работу па папулярызацыі могілак як аб’екта наведвання.

У перспектыве ж найлепш стварыць на тэрыторыі могілак асобную ўстанову культуры з уласнай дырэкцыяй (па ўзоры гістарычных могілак-запаведнікаў Літвы, Польшчы, Украіны).

 

Scroll to top