Стварэнне парафіі св. Панны Марыі ў Горадні

Па звестках візітатара горадзенскага дэканата ў 1662 г. горадзенскай парафіі св. Панны Марыі прывілеі надавалі ўладары ВКЛ Вітаўт ды Казімір, аднак іх прывілеі не захаваліся.

 Пачатак артыкула:

Горадзенская каталіцкая парафія ў XV–XVII ст. Частка першая

 

Затое вядомы прывілей Вялікага князя Літоўскага Аляксандра ад 28 лютага 1494 г., змест якога візітатар перапісаў 17. На просьбу горадзенскага пробашча а. Андрэя, Аляксандр пацвердзіў Вітаўтава і Казімірава адпісанні парафіі, а менавіта – зямлю, на якой стаяў касцёл, плябань, могілкі і сады пробашча, дзве карчмы разам з усімі будынкамі і прыбыткамі, а таксама тое, каб штогод з горадзенскага замку прысылаліся 4 посуды мёду, 4

Кароль Рэчы Паспалітай Стэфан Баторый (Сцяпан Батура)

камяні воску, 13 свечак (на Вялікдзень), 4 вялікія свечкі (каб запальваць ля вялікага алтара ды для св. Сакрамента). Пацверджана дзесяціна зерня ўсіх відаў, апрача аўса, з уладанняў Лабна (Łabno) і Скідзель (Skidel), фальварак Чапалдова, або Русота (Czopołdo

wo alias Russota) з усімі землямі, сялянамі і іншымі ўладаннямі, 9 азёраў, пчольнік, 10 сялянаў у Лясніцы (Leśnica) з іх землямі і павіннасцямі (данінай мёдам, зернем), адпрацоўкамі паводле літоўскіх зямельных звычаяў.

Разам з гэтымі адорваннямі ранейшых валадароў, Аляксандр дадаў 2 капы грошай ад горадзенскіх корчмаў, якія трэба было выплочваць пробашчу штогод на день св. Марціна, а таксама дазволіў свабодна браць драўніну на дровы і будоўлю з каралеўскіх лясоў. За гэтыя адорванні пробашч быў абавязаны штонядзелю прыводзіць за ўладара і яго нашчадкаў адну

імшу 18. Па звестках канца XVIII ст., у 1496 г. Аляксандр надаў горадзенскаму парафіяльнаму касцёлу і яго капліцы яшчэ адзін прывілей 19. Аляксандравы адпісанні з невялікімі зменамі 9 лютага 1584 г. пацвердзіў уладар ВКЛ Сцяпан Батура 20

Паводле гэтых фундацый горадзенскі парафіяльны касцёл набыў найпапулярнейшыя на той час крыніцы прыбыткаў: зямельныя ўладанні з залежнымі сялянамі, корчмы, дзесяціну розных відаў зерня, воску, мёда. Азёры былі важнай крыніцай рыбы ў перыяды пастоў. Паводле даследавання Ежы Ахманьскага, у сярэдзіне XVI ст. горадзенская парафія мела 68 дымы і далучалася да групы багатых парафій Віленскага біскупства 21. Такімі багатымі парафіямі найчасцей кіравалі члены капітулаў, духоўнікі ВКЛ з ліку шляхты. Месца горадзенскага пробашча было прэстыжным у сэнсе кар’еры тагачаснага духоўніка.

Мала звестак пра першых горадзенскіх пробашчаў. У 1511 г. горадзенскім пробашчам называецца Мікалай Жукоўскі, у 1524–1554 гг. – Вацлаў Вірбіцкі (у 1534 г. стаў біскупам Жамойці, памёр у 1555 г.) 22, у 1561 г. – Адам Пільхоўскі (Pilichowski).

 

Горадзенская парафія становіцца прэпазітурай

Значнейшыя і багацейшыя ў ВКЛ адзінкі Каталіцкага касцёла – парафіі стараліся ператварыць у касцёлы вышэйшага рангу – прэпазітуры. У горадзенскай парафіі ад самога яе заснавання, як згадвалася, пробашчамі былі духоўнікі з ліку шляхты, царкоўная эліта, што ішла па прыступках царкоўнай кар’еры, яны былі членамі капітулаў, канонікамі. На сутыку 6-7 дзесяцігоддзяў XVI ст. варшаўскі схаласт, плоцкі канонік, пробашч Вызны і Горадні, каралеўскі сакратар Адам Пільхоўскі рупіўся, каб у багатай і ўплывовай горадзенскай парафіі заснавалі прэпазітуру. Гэта значыла, што ў касцёле св. Панны Марыі разам з узмацненнем служэння Богу і душпастырскага апекавання вернікамі будуць утрымліваць некалькіх ксяндзоў-мансіянарыяў (mansionarii), асноўным абавязкам якіх было б пашыраць культ св. Панны Марыі і на яе гонар правіць адпаведныя набажэнствы, казаць малітвы і спяваць псальмы.

Паклапаціўшыся А. Пільхоўскаму, 24 ліпеня 1561 г. Жыгімонт Аўгуст выдаў прывілей, што дазволіў у Горадні стварыць прэпазітуру. Горадзенскі пробашч быў павышаны да прэпазітаў, было прызначана забеспячэнне шасцём мансіянарыям: віцэ-прэпазіту, 2 вечным (perpetuos) мансіянарыям, 3 часовым (manuales et amonibiles) мансіянарыям, а таксама сёмаму – бакалаўру. Агулам у горадзенскай прэпазітуры мелі працаваць 8 асобаў. Каб мансіянарыяў маглі ўтрымліваць, ім была перададзена фундацыя касцёла св. Мікалая Спавядальніка, а таксама нададзеная каралевай Бонай фундацыя касцёла і прытулку св. Духа. Так былі злучаны прыбыткі горадзенскага парафіяльнага касцёла св. Панны Марыі з прыбыткамі касцёла св. Мікалая і прытулку ды касцёла св. Духа, а адказным за іх стаў горадзенскі прэпазіт.

7 жніўня 1562 г. біскуп Валяр’ян Пратасевіч пацвердзіў згаданы прывілей Жыгімонта Аўгуста горадзенскаму прэпазіту, аднак ён не меў апрабаты Апостальскага Прастола. Біскуп дэталізаваў прыбыткі духоўнікаў прэпазітуры. Ад горадзенскага прэпазіта штогод на Вялікдзень віцэ-прэпазіт меў атрымліваць 40 польскіх залатых, 2 вечныя мансіянарыі – па 10 залатых, а 3 часовыя мансіянарысты і бакалаўр – па 8 залатых 23.

Права патранату над прэпазітурай захавалася ў руках уладара, ён меў права прапаноўваць духоўнікаў на згаданыя пасады. Тагачасны горадзенскі пробашч Адам Пільхоўскі стаў горадзенскім прэпазітам, а ксёндз касцёла св. Мікалая Мікалай Ташыцкі (Thoszycki, Toszycki) і ксёндз касцёла св. Духа Баўтрамей Панятоўскі (Poniatowski) сталі вечнымі мансіянарыямі. (Ксёндз касцёла св. Мікалая звычайна станавіўся і віцэ-прэпазітам.) Трэцім мансіянарыям быў наноў прызначаны Мацей з Закрочыма (de Zakroczym) 24. Такім чынам, замест васьмі прадугледжаных духоўнікаў у пачатку стварэння прэпазітуры яе прадстаўлялі толькі чацвёра. Такая з’ява была нярэдкай ва ўсім ВКЛ, бо часта не ставала прыбыткаў для ўтрымання ўсіх мансіянарыяў, а мо’ не знаходзілі прыдатных кандыдатаў. Аднак гэта быў крок, што акрэсліваў будучыя перспектывы і вехі далейшага развіцця.

Прывілеем Жыгімонта Аўгуста і пацверджаннем біскупа Валяр’яна Пратасевіча мансіянарыі павінны былі штодня ў парафіяльным касцёле Горадні спяваць гадзіны (курст) св. Панны Марыі і праводзіць Імшу. Бакалаўр меў кіраваць парафіяльнай школай, ёю рупіцца і ў ёй навучаць моладзь. Гэта былі тыповыя ўказанні мансіянарыям і бакалаўру.

Па стварэнні прэпазітуры горадзенскі касцёл у сэнсе рангу стаў адным з найважнейшых у Віленскім біскупстве. Гэта паказвала інтарэсы ўладара ў Горадні, узрослае значэнне горада і інтарэсы Віленскай капітулы ў Горадні. Клопатам і сродкамі ўладара Літвы Сцяпана Батуры ў 1584–1587 гг. запрасілі архітэктара Джавані (Яна) Марыю Бернардоні, паходжаннем з-пад возера Лугана, і драўляны горадзенскі парафіяльны касцёл замянілі мураваным 25. Пра духоўнікаў горадзенскай парафіі, гаспадароў таго касцёла, засталіся толькі ўрыўкавыя звесткі. .

Мураваная Фара Вітаўта праз некалькі гадоў пасля пабудовы на малюнку Т. Макоўскага, каля 1600 г.

Горадзенскі прэпазіт Адам Пільхоўскі ў 1578 г. стаў Хелмскім біскупам, ім заставаўся да смерці ў 1585 г. У крыніцах згадваецца горадзенскі прэпазіт Ян Канапацкі, якога ў 1593 г. змяніў Фабіян Канапацкі 26. У 1603 г. горадзенскім прэпазітам называецца Станіслаў Крыцкі (Krzycki) (у 1616 г. стаў Віленскім схаластам), што быў пробашчам у Горадні да 1626 г. 27 15 мая 1619 г. ён рэкамендаваў Віленскай капітуле павялічыць фундацыю горадзенскай прэпазітуры 28. У 1633 г. горадзенскім прэпазітам стаў Віленскі кустод, скарбнік ВКЛ, натарыус і каралеўскі сакратар Францішак Далмат Ісайкоўскі. Ён парупіўся, каб Уладзіслаў Ваза пацвердзіў адпісанні сваіх папярэднікаў горадзенскай прэпазітуры, гэта было зроблена ў Варшаве 13 лютага 1635 г. 29 Ф. Далмат-Ісайкоўскі ў 1649 г. стаў смаленскім біскупам, памёр у 1654 г. У 1661, 1674 гг. горадзенскім прэпазітам называецца лівонскі біскуп, віленскі канонік Аляксандр Хадкевіч 30.

Па звестках 1662 г. пасля акупацыі прэпазітура старалася ўтрымліваць толькі двух ксяндзоў і бакалаўра (не лічачы дапаможных служкаў кантара і закрыстыяна) 31. Віцэ-прэпазітам быў Мацей Кеша-Падускі (Kieys Poduski, Podoski Kiesz), які ў 1652 г. змяніў на гэтай пасадзе Пятра Індэрбаха (Inderbach) (апошні перайшоў у Бабруйскую парафію) 32. М. Кеша-Падускі памёр каля 1666 г. 33. У 1671 г. 34, 1674 г. горадзенскім віцэ-прэпазітам і дэканам (decanus foraneus) называецца Якуб Бельскі 35.

 

Vaida Kamuntavičienė (Вайда Камунтавічэне)

Універсітэт імя Вітаўта Вялікага

З літоўскай мовы пераклаў Алесь Мікус

 

Працяг артыкула:

Горадзенская каталіцкая парафія ў XV–XVII ст. Частка трэцяя: Касцёл св. Тройцы, касцёлы і прытулкі св. Мікалая і св. Духа ў Горадні


 

17 Тэкст прывілея апублікаваны: Kodeks dyplomatyczny... S. 473–475; Яго копіі: Acta decanatus Grodnensis... Арк. 2v–3v; Ecclesia Grodnensis... Арк. 29–30v.

18 Acta decanatus Grodnensis... Арк. 3v.

19nadana była dziesięcina z mokrza ze wszelkiego ziarna na kapelią przy farnym kosciele. Także miednica miodu, y kamień wosku oraz stroź do fary z Ekonomii byłą przeznaczone. Ecclesia Grodnensis… Арк. 31.

20 Acta decanatus Grodnensis... Арк. 3v–4v.

21 Ochmański J. Biskupstwo wileńskie w średniowieczu. Ustrój i uposażenie. Poznań, 1972. S. 102.

22 Lietuvos katalikų dvasininkai XIV–XVI a. Parengė V. Ališauskas, T. Jaszczołt, L. Jovaiša, M. Paknys. Vilnius, 2009. P. 251, 410.

23 Acta decanatus Grodnensis... Арк. 5v–6v.

24 Acta decanatus Grodnensis... Арк. 7v.

25 Гарбусь T. B., Мураваныe харалы... Cтар. 66–67.

26 Lietuvos katalikų dvasininkai... P. 22–24, 176, 89.

27 Borowik P. Jurydyki... S. 172.

28 Lietuvos katalikų dvasininkai... P. 395; Kurcewski J. Kościół zamkowy czyli katedra wileńska w jej dziejowym, liturgicznym, architektonicznym i ekonomicznym rozwoju. Cz. 3. Streszczenie aktów kapituły wileńskiej. Wilno, 1916. S. 103.

29 Acta decanatus Grodnensis... Арк. 9.

30 Acta decanatus Grodnensis... Арк. 28v; Kurczewski J. ... Арк. 52.

31 Acta decanatus Grodnensis... Арк. 28v.

32 Acta decanatus Grodnensis... Арк. 2.

33 Kamuntavičienė V. Katalikų bažnyčios ir valstybės santykiai... P. 134. (Praesentatio ad Praeposituram Xenodochialem Grodnensem Vnbli Eustachio Kotowicz Canonico Vilnen post obitum Vnblis Mathiae Podoski Kiesz, Літоўская Метрыка 132. Арк. 970.)

34 LVIA. Ф. 694. Воп. 1. С. 3970. Арк. 78v.

35 Kurczewski J. ... Арк. 52.

Scroll to top