Змяшчаем матэрыялы грамадскіх слуханняў пра справе рэканструкцыі Барысаглебскай царквы на Каложы, які прайшлі ў верасні 2010 года з удзелам шматлікіх спецыялістаў і грамадскіх актывістаў

 

Андрэй Вашкевіч: Што такое Каложа для нас, для гарадзенцаў? Гэта не проста другі па старажытнасці храм беларускага дойлідства, які захаваўся на сённяшні дзень, гэта не проста помнік архітэктуры, не проста тое, з чым мы сутыкаемся, калі гаворым пра гісторыю нашага горада. Каложа – гэта своеасаблівы духоўны абсалют нашага горада, гэта сімвал, гэта мерыла ўсіх нашых жыццёвых здарэнняў, усяго таго, што з намі адбываецца. Каложа – гэта Гародня.

Пачынаючы з пачатку цяперашняй фазы рэканструкцыі гістарычнага цэнтра горада, гэта значыць з 2005-2006 гадоў вядзецца абмеркаванне планаў, звязаных з рэканстукцыяй (рэстаўрацыяй) Барысаглебскай царквы. Летам гэтага года справа аднаўлення Каложы выйшла на новы ўзровень. Гарадзенскія ўлады ініцыявалі кампанію “Адновім Каложу разам!” Пачаўся збор грошай. Кампанія набыла грамадскае гучанне. Аднак наўрад ці можна сказць, што навукова-практычны бок “аднаўлення” Каложы асвятляецца дастаткова, у поўным аб’ёме. У гарадзенцаў дагэтуль не было магчымасці сустрэцца з аўтарамі праекта аднаўлення Каложы, а таксама людзьмі, якія з’яўляюцца найбольшымі спецыялістамі ў галіне архітэктуры, археалогіі і гісторыі і маюць свой, вельмі канкрэтны і абгрунтаваны погляд на справу. Мэта сённяшняй сустрэчы - даць слова акурат такім людзям і дазволіць гарадзенцам задаць ім пытанні, якія хвалюць нас у сувязі з намечанымі будаўнічымі працамі на Каложы.

Спецыялісты: Генадзь Лаўрэцкі – архітэктар, мастацтвазнавец, аўтар і навуковы кіраўнік праекта рэстаўрацыі Каложы; Алесь Краўцэвіч – доктар гістарычных навук, археолаг; Вячаслаў Чарнатаў – архітэктар, дацэнт кафедры архітэктурнага факультэта БНТУ; Ігар Трусаў – гісторык архітэктуры; Ірына Лаўроўская – архітэктар, доктар-мастацтвазнаўца ў галіне ўрбаністыкі, Вадзім Гліннік – архітэктар, навуковы кіраўнік аб’екта “Гістарычны цэнтр Полацка”.

Генадзь Лаўрэцкі: Справа Каложы пачалася даўно. Яшчэ ў тыя часы, калі храм належаў Музею рэлігіі тут грунтоўна працаваў Валер Слюнчанка, а калі храм аддалі вернікам, нешта павінна было змяніцца і ў падыходах да рэстаўрацыі. Гэтым помнікам сам я займаюся гадоў трыццаць. Дзякуй прысутнаму тут Вадзіму Глінніку і пакойнаму Валеру Слюнчанку за тое, што у свой час пазнаёмілі мяне з гэтым помнікам вельмі грунтоўна. Методыка маёй працы такая, спачатку максімальна захоўваем тое, што засталося ад Каложскага храма, а над астатнім працую так, каб у канчатковым праекце прыйсці да такога варыянта, што са мной пагодзіцца і на маім месцы зрабіў бы любы архітктар.

На першым этапе працы над Каложай з намі супрацоўнічалі французы, якія сказалі, што будуць дапамагаць нам, паколькі Каложа гэта вельмі значная з’ява ў гісторыі ўсёй Еўропы. Мы сумесна з імі распрацоўвалі два праекты – яны са свайго боку, мы са свайго. Пасля была сустрэча з імі, тут, дарэчы нам вельмі дапамог Аляксандар Мілінкевіч, які быў выдатным перакладчыкам і наагул дарадцам. Наш праект французам спадабаўся, адзінае адрозненне тое, што яны прапанавалі зрабіць з дрэва адсутныя часткі храма. Наогул намі было распрацавана каля васьмі варыянтаў рэканструкцыі храма. Напрыклад прапанова па поўным аднаўленні Каложы, з вялікім цагляным барабанам зверху, са сцяной з плінфы з боку Нёмана знайшла вельмі цёплы водгук у асяроддзі нашай праваслаўнай царквы. Але я сказаў, што так рабіць нельга, паколькі гэта спроба як бы ўяўна адрэстаўраваць царкву, але гэта не так і тым больш пагражае захаваным аўтэнтычным часткам. Адразу з’явілася прапанова аднаўляць толькі так, як на абмерных малюнках пачатку 1850-х гг., без барабана. Аднак на паўночным і паўднёвым баках мы бачым вельмі шмат стылістычных: напластаванасцяў гатычных, барочных, у інтэр’еры царква збольшага зберагла канструкцыі 12 ст. І таму калі аднаўляць храм на 19 стагоддзе, так як на абмерных малюнках, то мы павінны скласці сцяну з плінфы, потым зрабіць у ёй ўстаўкі з вялікапамернай цэглы, як мы сёння бачым на паўночным фасадзе, а толькі потым прабіць вокны. Таму нельга казаць, што мы зрабілі б у такім выпадку нейкую дакументальную рэстаўрацыю. Атрымліваецца, што ані варыянт аднаўлення на 12 ст., ані аднаўлення на 19 ст. не падыходзяць. Таму мы вырашылі пайсці такім шляхам, каб разбіць увесь працэс на два пласты. Першы пласт – рэстаўрацыя. Рэстаўрацыя - тое, што датычыцца ацалелай сцяны, гэта у поўнай меры будзе навуковая метадычная рэстаўрацыя – расчыстка, узмацненне і ўсё. Што тычыцца астатняга – гэта рэканстукцыя. Па методыцы мы ведаем, што калі няма ніякіх дакументальных звестак, то рэстаўратару нельга арыентавацца ні на задумку аўтара, ні на якія прамежкавыя этапы. Але тым не менш скажу наступнае. Сёння да нас дайшло толькі каля дваццаці помнікаў гэтага перыяду, ад якіх засталіся толькі археалагічныя рэшткі і два захаваліся – Спасаўская царква ў Полацку і Каложа. Калі б да нас дайшло больш помнікаў той пары, можна было рабіць больш-менш праўдападобнае, аналагічнае і падаваць помнік як нейкую аўтэнтычнасць. Але Каложа – гэта сэрца Беларусі, яе сімвал. Гэтая царква жывая, у ёй праводзяцца набажэнствы. І таму мы прапанавалі зрабіць такую рэканструкцыю. Новая частка, гэта па нашай задумцы як бы футаляр для старой, аўтэнтычнай часткі. Хочацца, каб гэты новадзел гарманічна ўпісаўся, а з іншага боку не хочацца, каб наведвальнік увайшоў у падман і ўспрыняў гэта як сапраўднае. Але ж хочацца, каб царква, мовячы царкоўнай мовай, адчувалася “нераздельно и неслиянно”. Але заўважу напрыканцы, што канструктыўная стабільнасць храма – гэта самы важны момант, што датычыцца гэтага нашага праекта. Што ж да матэрыялаў, то ў Ваўкавыску ўжо зрабілі замову, ёсць узоры такіх будаўнічых матэрыялаў.

Алесь Краўцэвіч: Хачу расказаць трохі пра гэты помнік, бо браў удзел у археалагічных раскопках на тэрыторыі Барысаглебскай царквы, і яшчэ, акрамя таго, быў у свой час шчыльна звязаны з сістэмай рэстаўрацыі архітэктурных помнікаў Беларусі. Мы аб’ездзілі ўсю Беларусь і капалі падобныя помнікі менавіта дзеля таго, каб даць інфармацыю архітэктарам-рэстаўратарам, і мне даводзілася назіраць, як гэтыя праекты рэстаўрацыі рэалізоўваліся ў сапраўднасці на Беларусі. На сённяшні дзень, калі будзе прынята рашэнне рабіць гэту рэканструкцыю-рэстаўрацыю храма, то няма патрэбы нейкага археалагічнага даследавання. Яно практычна праведезана. Аснаванні слупоў храма ўсе адкрытыя. Раскапаныя апсіды, па-мойму 4 слупы ў 1981 годзе раскапана, у 1983-84 гадах мы таксама капалі гэтыя слупы. Вядома яшчэ з часоў Юзафа Ядкоўскага як выглядае сцяна храма на ўсёй глыбіні. Трэба толькі правесці даследаванні, каб паглядзець сучасны стан падмуркаў, гэтых асноў слупоў, чыста тэхнічна глянуць іх месцазнаходжанне. Без гэтага не абысціся. Але зразумела, што археолагі, каторыя будуць весці гэтыя раскопкі, зацікаўленыя ў тым, каб як мага больш грошай туды закапаць, ды і мабыць іх будуць таксама штурхаць да таго, каб “асвоіць” як мага большую плошчу і адпаведна грошы.

Гаворка будзе пра тое, што з Каложай рабіць. Я згодны цалкам, што павінны да гэтага помніка аднесціся вельмі далікатна, вельмі ўважліва па той прычыне, што такіх помнікаў у нас толькі два – Спаская царква ў Полацку і Барысаглебская ў Гародні. І вось тут у мяне ўзнікаюць вялікія сумненні ў мэтазгоднасці другой часткі канцэпцыі, прапанаванай аўтарам, - менавіта рэканструкцыі. Не выклікае сумненняў першая частка – рэстаўрацыя, а дакладней, кансервацыя таго, што зараз ёсць. Прычыны вельмі вялікага сумнення, страху што да задуманай рэканструцкцыі дзве: навуковага плану і плану тэхнічнага. Плану навуковага: ніхто не ведае, як выглядала завяршэнне гэтай царквы. Тое, што маем на малюнках, гэта толькі фрагменты сценаў. Што б не прыдумалі, як бы ні дапасавалі, як бы не ўзгаднілі з французамі і іншымі, гэта будзе абсалютнае фэнтазі. Кожны адукаваны чалавек гэта будзе ведаць. Гарадзенская архітэктурная школа, яскравым шэдэўрам якой з’яўляецца Барысаглебская царква, унікальная школа, ёй няма падобных ва Усходняй Еўропе. Яна маленькая, але найбольш арыгінальная царква і на гэтым сходзяцца ўсе даследчыкі. І гэта яшчэ больш ускладняе задачу. Задача тэхнічнага плану. Пятнаццаць гадоў я ездзіў па аб’ектах, бачыў, як рэалізоўваюцца неблагія праекты. У нас у 1970-80-я гады сфарміраваліся добрыя кадры архітэктараў-рэстаўратараў. Зараз гэтыя стурктуры знішчаныя, яны разышліся. Зараз у нас рэстаўрацыйнымі праектамі займаецца “Грамадзянпраект”, а будаўнічымі работамі які-небудзь стройтрэст. Беларуская рэстаўрацыя палягае на тым, каб разбурыць і збудаваць макет з сілікатнай цэглы. Безліч таму прыкладаў. Яшчэ ў савецкія часы ў Літве выпускалася цэгла спецыяльна для рэстаўрацыі, вялікапамерная або малапамерная. У нас гэтай цэглы не было аніколі. Я назіраў у 1990-я гады рэстаўрацыю Дабравешчанскай царквы ў Віцебску. На свае вочы бачыў, як рабілі гэту царкву. Калоны рабілі з чырвонай сучаснай цэглы з дзіркамі, з абламанай адбітнымі малаткамі краем. І з гэтых абрубкаў выкладалі гэту калону крыва і потым затынкавалі, і вось гэта называецца рэстаўрацыя па-беларуску. Або яшчэ адзін яскравы прыклад – “рэстаўрацыя” Лідскага замка. У вежы замест лесвіцы 14 ст. стаіць лесвіца панэльнага савецкага дома. Другую вежу перад дажынкамі за два тыдні выклалі.

Я вельмі сумняваюся, што калі на парэшткі аўтэнтычных сценаў Каложы пакладуць цяжкія завяршэнні, то не ўзнікне такая сітуацыя: сцены не вытрымаюць, усё гэта асунецца, і тады можа не вытрымаць бераг. Ведаючы ўзровень беларускай рэстаўрацыі, будаўнікі і чыноўнікі толькі рукамі развядуць і скажуць, што ніхто не вінаваты. Мне здаецца, галоўная наша задача – не нашкодзіць, захаваць тое, што ёсць, найперш аўтэнтычны помнік. Гэтыя фрагменты сценаў, якія засталіся, робяць уражанне на любога турыста, на любога чалавека. Зараз, калі цяжка, мы ідзем да Каложы, бо гэты храм мае сваю аўру.

Можна ў парку збудаваць макет Каложы, які хочуць, з усімі навуковымі абгрунтаваннямі, з усіх матэрыялаў, якія зараз у Беларусі робяцца, а саму Каложу толькі рэстаўраваць і кансерваваць. Няхай будзе зроблена канструкцыя з самых аблегчаных матэрыялаў, я напрыклад, буду вадзіць туды дзяцей, буду вадзіць сяброў з-за мяжы, і буду казаць, што гэта фэнтазі, гэта несапраўдная Каложа. Мне здаецца, што неэтычна рабіць рэканструкцыю помніка, калі мы не ведаем, як ён выглядаў. Перакананы, што грамадскасць, людзі, якія маюць эмацыйныя адносіны, якія цэняць гэты помнік, павінны выказацца, адназначна - не нашкодзьце. А тое, што наша т.з. рэстаўрацыя, можа вельмі моцна нашкодзіць, у мяне сумневаў няма.

Ігар Трусаў: Я вельмі дзякую Генадзю Лаўрэцкаму за тое, што ён сумленна падзяліўся сваімі напрацоўкамі, сказаў, чаго ён хоча. Але вось што мне не падабаецца. У нас пераблытана методыка рэстаўрацыйных работ і кансервацыі. Мы пачынаем гаварыць пра будаўнічы праект, калі яшчэ нават блізка не завершаны геалагічныя і археалагічныя даследаванні а таксама работы па кансервацыі. Ну вось напрыклад я пайшоў у дзяржаўную кантору, дырэкцыю рэстаўрацыі, каб паўдзельнічаць у праекце па ўмацаванні берага Каложы. Праз некаторы час мне сказалі, што ўмацаванне берага нічога не дало. Былі зробленыя высновы, што трэба працягнуць геалагічныя даследаванні. Пасля Акадэмія Навук адкапала трэцюю частку двара Каложы. А двор трэба адкапаць поўнасцю. Я вельмі рады, што археолаг Аляксандар Мядзведзеў падцвердзіў гатоўнасць распачаць раскопкі ў наступным сезоне, што вельмі важна, таму што атрымліваецца па методыцы кансервацыі ідзе праца наперад. Таксама нягледзячы на тое, што епіскапу Арцемію і настаяцелю Каложы было сказана адрэзаць калонку з вадой, якая стаіць у двары, яна да гэтага часу працуе. Трэба таксама прыбраць усе магчымыя праблемы пад аўтэнтычнай сценкай. У нас чамусьці саромеюцца казаць аб неправедзеных даследаваннях па фізічным зносе аўтэнтычнай сцяны царквы. Ёсць жа сучасныя тэхналогіі. Пакажыце, калі ласка, што гэтая сцяна на 99% будзе стаяць, што на яе можна нешта вешаць. І гэта трэба зрабіць грамадска адкрыта. Вось работы чамусьці ў нас пайшлі наперакос. “Грамадзянпраект” адразу робіць будаўнічы праект і апускае момант кансервацыі.

І яшчэ трэба ўлічыць адзін момант. Не так шмат грошай у бюджэце. Іх практычна няма. З-за чаго, я так думаю, і пачалася дыскусія: не хапае грошай на аплату будаўнічага праекта поўнасцю, таму пачалі кампанію і збіраюць ахвяраванні гарадзенцаў. Але гэтага наўрад ці на нешта сур’ёзнае хопіць. Фінансавання ня будзе яшчэ як мінімум паўтара года. Таму трэба ўсё ж такі прытрымлівацца методыкі: правесці спачатку археалагічныя даследаванні, пасля ўдакладніць геалогію. Мы павінны пераканацца, што ўсё добра. І пасля праз некаторы час можна вярнуцца да гэтага праекта, абмеркаваць яго ізноў ужо ў канчатковым дэтальным выглядзе, які дасць “Грамадзянпраект” (калі ён усё ж такі скончыць праект ва ўмовах адсутнасці сродкаў). Але ў першую чаргу мы павінны захаваць тое, што засталося. Не нашкодзіць.

Вячаслаў Чарнатаў: Я хачу адзначыць, што апошнім часам вельмі шмат такога роду інавацый, як з Каложай, прапаноўваецца. Ну чаму б, напрыклад, Венеры Мілоскай не дарабіць рукі? Але ж ніхто ўсурёз такія прапановы не ўспрымае. Гледзячы на эскізы, разумею, што аўтар прарабіў каласальную працу. Але хачу сказаць, што Каложа пастаянна страчвае нешта і на захаванне таго што маем трэба звяртаць куды больш увагі, чым на аднаўленне страчанай сцяны. Калі я прыязджаў раней у дзяцінстве, мне здаецца, было значна больш крыжоў на сцяне. Зразумела, што аб’ект мусіць вельмі добра ахоўвацца. Трэба правесці хімічны аналіз і дабіцца блізкай да аўтэнтычнасці гэтай маёлікі і плінфы, якую хочуць аднаўляць. Я б гэта аднёс да першасных прац. Што тычыцца далейшай рэстаўрацыі, тут патрэбныя вялізныя даследаванні. У Інстытуце гісторыі мне сказалі, што нягледзячы на ўмацаванне берага, грунт усё ж такі спаўзае. І наагул нашая рэстаўрацыя… Усе ведаюць, як пані Альжбета Радзівіл прыехала ў Нясвіж, ёй ледзь дрэнна не стала ад нашай рэстаўрацыі. А калі вы прыедзеце ў Мір, то вам таксама стане дрэнна. Таму ў дадзеным выпадку, мне здаецца, спяшацца не трэба. І яшчэ хачу сказаць, што вось у нас унікальны помнік, а сэрвіса пры гэтым унікальным аб’екце не хапае, хаця, нягледзячы на гэта, народ ідзе актыўна да помніка.

Ірына Лаўроўская: Ведаеце, я пачну з таго, чаго вы ад мяне напэўна не чакаеце. Калісьці ў свае школьныя гады я займалася спортам, вельмі актыўна, нават гуляла ў валейбол за сваю краіну. Дык вось у валейболе ёсць такі падманны прыёмчык: адной рукой машаш, а другой – б’еш. У гэтым праекце, мне падаецца, ёсць таксама гэты падманчык. Бо калі я прачытала тую інфармацыю, якая ёсць на сайце, я, як урбаніст, звярнула ўвагу менавіта на гэты пункт: “Институтом ведется поиск вариантов места размещения приходского комплекса, есть разрешение Министерства культуры РБ на его строительство. Новый приходской комплекс включит в себя небольшую домовую церковь, крестильную, классы воскресной школы, киоск, библиотеку, мастерские, гараж, техпомещения. Решение этих вопросов позволит институту подойти к параллельному созданию строительного проекта реставрации храма и приходского комплексов”. Вось так, гаворачы пра шэраговае па-сутнасці будаўніцтва прыхадскога комплекса, падбіраюцца да нашай святыні, да Каложы. У сувязі з гэтым я сабе паставіла пытанне такое, якім правам людзі, якія з’яўляюцца ідэёлагамі гэтага праекта, прыўласцілі сабе нашу з вамі гісторыка-архітэктурную каштоўнасць і не толькі нашу з вамі, і больш за ўсё не нашу з вамі, а менавіта спадчыну нашых унукаў і нашых праўнукаў. Згодна з Веніцыянскай хартыяй да гісторыка-культурнай спачыны трэба ставіцца з такой увагай, з якой мы не дазволім сабе, не дазволім тым, хто прымае пэўныя ўставы, законы, знішчыць тое, што нам не належала і не належыць будзе. Мы кароткі час тут. І калі б я гаварыла, і мы тут усе гаварылі пра будынак прамысловы, гаспадарчы, які заўгодна, я б, напэўна, не дазволіла сабе згадаць ідэі Фамы Аквінскага, які гаварыў пра асноўнае, маральнае права людзей рабіць нешта. У гэтым праекце мне падаецца вельмі важным аспектам нашых размоў, нашых ідэй і нашых праектаў мусіць быць на першым узроўні права маральнае. Мне як архітэктару, як чалавеку, як хрысціянцы, як жыхару Заходняй Беларусі падаецца, што мы не маем права маральнага знішчаць тое, што нам не належыць, рабіць гэта нават з самымі лепшымі намерамі. Вы ведеце, куды дарога з лепшымі намерамі вядзе. Я думаю, што вось гэты падманчык, гэтую балючую тэму Каложы нам зараз укідваюць толькі для таго, каб прыўласціць кавалак зямлі ў цэнтры Гародні. І тут балюча. На самай справе балюча, бо я ведаю, чым гэта скончыцца, бо не валодаем ні правам, ні законам. Закон аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны створаны дзяржаўнымі чыноўнікамі вельмі добра. Калі б ім карысталіся, калі б мы суадносілі свае праекты з гэтым законам, напэўна ў нас было б усё добра. Але закон не працуе, проста яго ніхто не выконвае. Сённяшняя наша сустрэча павінна напэўна скончыцца тым, што мы зададзім пытанне ідэолагам гэтага праекта, якімі ж яны насамрэч кіруюцца матывамі, калі ведаючы насмрэч стан нашай рэстаўрацыі і ўзровень выканання заканадаўства ў галіне спадчыны, працягваюць настойваць на неабходнасць усё ж рэканструяваць Каложу. І няхай адкажуць нам шчыра, так як на духу, бо размова ідзе пра храм, пра тое, што з’яўляецца калыскай нашай хрысціянскай веры. Гэта мне падаецца вельмі-вельмі важным.

Вадзім Гліннік: Я б хацеў расказаць аб тым, што працуючы трыццаць год у рэстаўрацыі, больш за трыццаць год я сябрую з аўтарам праекта Генадзем Лаўрэцкім, і вось ўжо амаль дваццаць год ідзе дыскусія адносна Каложы, якая ўсё больш і больш міфалагізуецца і нагадвае спрэчкі Платона з Арыстоцелем, дзе я стаю на баку матэрыяліста Арыстоцеля. У чым сутнасць праблемы. На маю думку, мы маем у дадзеным выпадку дзве сістэмы вартасцяў, кожная з якіх мае права на існаванне ў сучасным свеце. Адна з гэтых пазіцый тое, што ёсць некаторая ідэя храма, і гэтага месца, дзе стаіць храм. І калі ёсць храм, то і зараз там павінна адбывацца набажэнства. Адсюль вынікае неабходнасць цэласнага аднаўлення, рэстаўрацыі. Але важна, што людзі, схільныя да такога стылю мыслення, не разумеюць вартасці руін, фрагментаў руін як носьбіта гістарычнай інфармацыі. Адсюль ідзе пастаяннае падсвядомае імкненне да некаторай цэласнасці, завершанасці. З майго ж пункту гледжання, тут ёсць пэўная падмена ідэі храма самім храмам.

Ёсць іншая пазіцыя, якую я на працягу больш дваццаці год імкнуся адстойваць, гэта тое, што культурная спадчына ў сучасным свеце з’яўляецца матэрыяльнай. І вось гэтая матэрыяльнасць - тое, што створана з пэўных матэрыялаў. Кожны аб’ект створаны з малекул і атамаў – пэўных будаўнічых матэрыялаў, якія аднойчы замяшаліся ва ўнікальным раскладзе. І вось гэтая ўнікальнасць непаўторная. Культурныя рэсурсы, у адрозненні ад прыродных рэсурсаў, адносяцца да прынцыпова неаднаўляльных рэсурсаў, будучы анойчы страчанымі, яны ў прынцыпе паводле сваёй прыроды не могуць быць адноўленымі. І вось гэты момант вельмі істотны. Гаворачы пра ўсялякага роду спробы рэканструкцыі мы павінны разумець, што гэта сучасныя практыкаванні ў архітэктуры, у дызайне, але не тое, што было. І адсюль узнікае піятэт у развітых грамадствах да аўтэнтычнасці, да сапраўднасці, подлінасці аб’екта. Таму ўвага прафесіянальных супольнасцяў эвалюцыянавала ад цэласных рэстаўрацый у 19 ст. да захавання, кансервацыі таго што ёсць у 21 стагоддзі. Паволе сённяшняй дактрыны рэстаўрацыйнай, вяртанне да першапачатковага або да нейкага цэласнага выгляду не ёсць задача рэстаўрацыі. Бо ў сучасным свеце гістарычны аб’ект трактуецца як інфармацыйная крыніца, якая ёсць падставай для фундаментальных даследаванняў нашай культурнай гісторыі. І будучы праінтэрпрэтаванай, яна траціць часткова гэтую інфарматыўнасць. На маю думку, калі гаворка ідзе аб такіх інфарматыўна насычаных крыніцах як Калажанская царква, належыць дыскутаваць не аб тым, што там побач прыбудаваць, а якімі інструментамі, якімі тэхналогіямі, з выкарыстаннем якіх найноўшых навуковых даследаванняў і дасягненняў нашай цывілізацыі мы зможам прадоўжыць існаванне Калажанскай руіны ў часе. Што ёсць сёння Каложа з майго пункту гледжання. Гэта фрагмент колішняй царквы 12 ст., пры чым фрагмент вельмі невялікі. Усяго 20-25% сцен захавался ад той першапачатковай царквы, якая праходзячы амаль праз тысячу год свайго існавання ў гісторыі, напластавала на сябе сляды існавання ў часе. Вось гэтыя культурныя сляды і напластаванні даволі значныя і пра гэта не гаворыцца аўтарамі супрацьлеглай пазіцыі, якія хочуць бачыць нейкі ідэальны храм, мадэль храма 12 стагоддзя. Вельмі важны і моцны вельмі гатычны пласт матэрыяльных сведчанняў 16 ст. І чым больш чытаем кніжкі, тым больш становіцца відавочным, што месца Каложы ў архітэктуры 16 ст. не менш значнае, чым месца Каложы ў гісторыі архітэктуры 12 ст. Гатызацыя праваслаўнай архітэктуры адбылася не на Полацкай зямлі, а відавочна першай была Каложская царква. І калі мы страцім фрагменты гатычнай Каложы, гэта будзе недаравальна, паколькі ўсе скляпенні, якія сёння захаваліся, гэта 16 ст., фрэскі 16 ст., траціна Калажанскай руіны гэта 16 ст. Яшчэ вельмі важны пласт у гісторыі гэта гісторыя рэстаўрацыі. З Каложай працавалі адны з лепшых у Расійскай імперыі рэстаўратараў. Дыскусіі аб тым, як рэстаўраваць Каложу вядуцца з сярэдзіны 19 ст., і вельмі дзіўную і паслядоўную пазіцыю займалі праваслаўныя святары ў 19 ст, якія адмовіліся ад той цэласнай рэстаўрацыі, якую нам сёння прапаноўваюць. Каложа звязана з гісторыяй станаўлення рэстаўрацыйнай справы ў міжваеннай Польшчы. У палякаў таксама была ідэя суцэльна, цэласна аднавіць Каложу, пры чым ужо ў гатычным стылі. У віленскіх архівах гэты праект быццам нават захаваўся. Праектаў рэстаўрацыі Каложы існуе з дзесятак, і усе яны розныя. Гэта значыць, калі мы паставім задачу цэласнай рэстаўрацыі, мы вымушаны будзем выбраць рэканструкцыю аднаго заўтра. Аднак паводле Веніцыянскай хартыі асноўнай дактрыны рэстаўратара, рэстаўрацыю належыць спыніць там, дзе пачынаецца гіпотэза. У дадзеным выпадку кожны навуковец мае права на сваю гіпотэзу, але якую выбраць з гэтых разнастайных варыяцый для рэальнага будаўніцтва? Кожны з іх гаворыць, што ён мае рацыю. Ці не закрыем мы магчымасць бясконцых інтэрпрэтацый для будучых пакаленняў навукоўцаў.

Каложа, як мы высветлілі, гэта старажытны дакумент, які дайшоў да нашага часу і якому паграджаюць розныя негатыўныя фактары нашай рэчаіснасці. І не займацца ідэямі абстрактнага цэльнага аднаўлення храма, а над гэтымі пагрозамі ў праектах нам трэба падумаць, і вырашыць, што з імі рабіць. Першая пагроза – гэта апоўзень. Ніхто нам сёння не даў гарантыі, што апоўзень спыніўся. Якое мы маем права нагружаць тысячы тон бетонных канструкцый на пагорак, які знаходзіцца пад пагрозай апоўзня? Пакуль у нас не бузе 100% упэўненасці ў тым, што апоўзень нам не паграджае, нельга нават тэхніку цяжкую пускаць. Я не буду казаць пра якасць будаўнічых работ. Я трыццаць год у гэтым бізнесе і я добра ведаю стан сучаснага будаўнічага рамяства, я ведаю стан нашых трэстаў, і самае галоўнае, я ведаю сістэму арганізацыі будаўнічых работ. У праектах такога кшталту гэта будуць дажынкі дзве тысячы нейкага года. Тады ставіцца задача закончыць будаўнічы сезон, напрыклад, да 1 мая. Не будзе спакойнай работы, праверак, не будзе часу, паколькі будзе пастаўленая дата, да якой трэба ўсё скончыць. І гэта не іронія, паверце. Гэта… ну плакаць хочацца ад гэтай рэальнасці. І тут мы не зможам ужо, калі будзе пастаўлена цяжкая тэхніка, калі будзе выдаткаваны бюджэт, штосьці зрабіць. Можаце з’ездзіць паглядзець на рэстаўрацыю Лідскага замка. Тры дзесяцігоддзя таму, калі мы былі рэстаўратамі–рамантыкамі, нам не магло прысніцца ў страшным сне, што кубаметры цэглы кладуцца ў дзень на старажытнейшы помнік невядома кім невядома з якога матэрыялу без усялякага дагляду і ўсё таму, што заўтра трэба лентачку рэзаць. Тое самае будзе і тут, бо на ўсіх аб’ектах адно і тое. Таму планаваць захаванне Калажанскай царквы без уліку гэтых рэальнасцей, на маю думку, не зусім адказна. Вось прыклад работы. Таксама аўтарам з’яўляецца Генадзь Лаўрэцкі і вельмі вялікая навукова-даследчая работа была пакладзена ў грунт гэтага праекта. Гэта Віцебск, Дабравешчанская царква, якая была ўзарвана, здаецца ў 1961 годзе з ініцыятывы Пяра Машэрава. Паглядзіце, колькі захавалася аўтэнтычных руінаў. Пасля была зроблена акадэмічная кансервацыя, рашчышчана, адвезены павярхоўныя воды. Скажам для спецыяліста дастакова руіны, а для спажыўца культурнай спачыны, гэтага недастаткова, таму мы вымушаны для спажыўца рабіць нейкую фрагментарную рэстаўрацыю, каб зрабіць гэты аб’ект больш зразумелым, каб яго сэнс быў зразумелы не толькі нам. І пачалося аднаўленне царквы… Была пастаўлена некарэктаная задача, на маю думку, аднавіць нанова храм, але не прадугледзелі, што падмуркі, які доўга праляжалі ў зямлі без нагрузкі, страцілі сваю здольнасць несці цяжар сцен. А ўжо трэба было здаваць аб’ект! Тады гэтыя аўтэнтычныя падмуркі выкідаюцца. З боку гледжання будаўніцтва зрабілі правільна. Любы здаровы на галаву інжынер не можа падпісацца пад справаздачай з такімі падмуркамі. Ён разумее, калі паставіць зверху новы аб’ект, то ўсё рухне. Хто будзе ў турме сядзець? Той, хто падпісаў. Таму ён піша: “Знесці”. Але ж гэта катастрофа з пункту гледжання захавання арыгінала. Тады была значная частка аўтэнтычнага знішчана, і захаваўся толькі фрагмент. Я быў там зімою. Ацяпленне, дыханне людзей, свечкі... Гэтыя праблемы прыводзяць да змены паветранага рэжыма. З’яўляецца вільгаць, якая выпадае ў якасці расы. А ў нашай краіне вельмі многа дзён, калі тэмператра каля 0 па Цэльсію, калі напрацягу сутак ва ўсе гэтыя порыстыя матэрыялы вільгаць заходзіць і там замярзае. Што адбываецца з вадой, якая замярзае? Яна расшыраецца, яна разрывае ўсё. Дык вось аўтэнтычная частка храма была ўся абледзянелая. А чаму такое не павінна адбыцца ў Каложы, калі там паднімуць тэмпературу за запланаваных 12 градусаў вышэй нуля зімой і летам?

Калі ставіцца задача аднавіць, то свядомасць, усе нашыя рэсурсы, усе намаганні перасоўваюцца, падмяняецца задача захавання задачай рэканструкцыі. І мы забываем пра галоўнае – захаваць аўтэнтычнасць. Галоўнае – новы будынак пабудаваць. І ў гэтым плане я за тое, што калі сапраўды вернікам не хапае памяшкання і месца гэта сапраўды важнае для гісторыі праваслаўнай культуры, то давайце пабудем новы Калажанскі манастыр побач, выкарыстаем усе нашыя сучасныя веды, зробім там усё, як хоча праваслаўнае грамадства, але не будзем спакушаць сілы, каторыя могуць прывесці да разбурэння, да страты таго, што яшчэ на сёння жывое. Я не за тое, каб закрыць Каложскую царкву. Мне толькі здаецца, што трэба зменшыць нагрузку па выкарыстанню Калажанскай руіны. Нармальна рэгламентаваць спажыванне рэчы, каторая нам каштоўна. Мне здаецца, каб пабудаваць новую царкву і перанесці на яе асноўную нагрузку, то Калажанскую царкву можна захаваць, як праваслаўны храм, які будзе адкрывацца на храмавыя святы, на асноўныя. Я яшчэ хачу абараніць Генадзя Лаўрэцкага. Справа ў тым, што праблема не ў ім і не ў тым аўтарскім праекце, які ён шчыра робіць і робіць паслядоўна і абгрунтавана. Праблема ў тым, што на сённяшні момант зарана рабіць гэтыя работы па рэканструкцыі Каложы. Мы не гатовы да гэтага як грамадства. Недастатковыя наша інфаструктура будаўніцтва, наша сістэма арганізацыі будаўнічай працы, адукацыя нашых праекціроўшчыкаў, неадпрацаваныя ўзаемасувязі, існуюць пэўныя нестыкоўкі ў заканадаўстве. Усё гэта прывязе да таго, што левая рука не будзе ведаць, што робіць правая. Будзе тое, што мы назіраем на большасці буйных аб’ектаў. Гэта будзе ў сітуацыі вельмі жорсткага эканамічнага крызіса наступнага года, калі бюджэт рэзка нырне ўніз, грошы скончацца. І тады праекціроўшчыкам “Грамадзянпраекта” будзе сказана, што трэба каштарыс зменшыць, бо у нас няма грошай, а скончыць трэба, таму замяняйце, калі ласка, матэрыялы французкія і нямецкія на нашыя, падтрымайце айчыннага вытворцу.

Таму на сёння, мне здаецца, трэба проста весці маніторынг стана храма. Заняцца кансервацыяй, падрыхтоўкай, абмеркаваннем. Калі мы ўсе гэтыя праблемы высветлім, калі мы дасягнем кансэнсуса, вось тады можна бузе паступова і планамерна распачаць работы на Каложы.

Расчытванне аўдыёзапісу грамадскіх слуханняў – Інга Сакута

Scroll to top