Адзін з найстаражытнейшых на Беларусі мураваных храмаў — Барысаглебаўская (Калажанская) царква ў Горадні — мае надзвычай трагічную будаўнічую гісторыю. Страты, якія зазнаў помнік за восем стагоддзяў свайго існаваньня пры вылучных мастацкіх вартасьцях ацалелых частак, стварылі гісторыка-архітэктурную галаваломку і далі падставы сучасным дасьледчыкам вызначыць Каложу як «самы загадкавы храм эпохі Старажытнай Русі».

Пэўна, што тая ж загадкавасьць цалкам уласьціва й калажанскаму насьценнаму жывапісу, пра які з літаратуры XIX ст. вядома толькі, што ён быў, але да нядаўняга часу ніхто з гісторыкаў мастацтва яго не бачыў.

Калажанская царква багатая на гістарыяграфію. Першыя рэфлексіі над яе архітэктураю належаць айцу Ігнату Кульчынскаму і паходзяць з другой траціны XVIII ст. Ужо на гэтай стадыі вывучэньня Каложы была ўсьвядомлена яе гістарычная вартасьць («вартасьць старадаўнасьці», паводле Алёіза Рыгля), засьведчаная ў тэкстах XVIII ст.: «старадаўняя», «па-старасьвецку мураваная», «вельмі старасьвецкая». У тагачасных тэкстах нават дамуроўкі XVI—XVII стст. інтэрпрэтуюцца ўжо не як вынікі утылітарна неабходных рамонтаў, але як «знакі і довады» пэўных гістарычных падзеяў. Рана ўсьведамляецца архаічнасьць структуры плана царквы, а таксама тыпалагічная старажытнасьць муроўкі яе першапачатковых частак.

Ва ўмовах інкарпарацыі беларускіх земляў Рэчы Паспалітай у склад Расійскай імперыі і зьвязанага са стратаю дзяржаўнага суверэнітэту скажэньня інтэлектуальнага жыцьця краю цікавасьць да Каложы набывае адметна ідэалагічны характар. Старажытны храм пачынае ўважацца за доказ правамернасьці расійскае прысутнасьці ў «Северо-Западном крае», дзеля чаго цікавасьць дасьледчыкаў засяроджваецца на першапачатковым этапе гісторыі помніка; Каложа трактуецца як «образец древнейшего русского церковно-строительного искусства», як «древнейшнй памятнкк православия в крае», «редчайший памятник древнего русского зодчества» і г. д.

Зусім натуральна, што даваенныя польскія дасьледчыкі «раўнуюць вагі» і трактуюць Каложу «як адзін з найкаштоўнейшых помнікаў раньнесярэднявечнага касьцёльнага будаўніцтва з цэглы на ўсходніх землях Рэчы Паспалітай».

Што да савецкіх навукоўцаў, дык, насьледуючы расійскую імперскую гістарыяграфічную традыцыю, яны цікавяцца Каложаю ці не вылучна як архітэктурным помнікам эпохі Старажытнай Русі. Засяроджаныя на праблеме высьвятленьня першапачатковага аблічча храма, яны амаль што не зважаюць на сьляды яго бытаваньня ў часе і не бяруць пад увагу пазьнейшыя этапы будаўнічае гісторыі. Трэба заўважыць, што інерцыя тае традыцыі дасюль замінае ўсьведамленьню гістарычнае вартасьці культурных напластаваньняў Каложы.

Ідэалагічная зададзенасьць савецкага мастацтвазнаўства часам прыводзіць да метадалагічных непасьлядоўнасьцяў і «нацяжак». Гэтак у савецкіх дасьледаваньнях зьвесткі пра калажанскі насьценны жывапіс, якія паходзяць з XIX ст., a priori разглядаюцца ў мастацкім кантэксьце XII ст. Пры гэтым нават не дапускаецца думка пра мажліва пазьнейшае паходжаньне размалёвак. Варта нагадаць, што вынікі паваеннага архітэктурна-археалагічнага вывучэньня Каложы не пацьвердзілі заснаванай на ўскосных сьведчаньнях гіпотэзы пра наяўнасьць у храме фрэскавага жывалісу XII стагоддзя і далі падставы П.А. Рапапорту ў нядаўна выдадзенай працы «Древнерусская архитектура» выказаць думку, што тагачасныя інтэр'еры гарадзенскіх храмаў не мелі росьпісу.

Тым не менш рэшткі нейкіх размалёвак яшчэ ў XIX ст. былі бачныя на сьценах алтарнае часткі царквы, а ў 1985 г., у часе рэстаўрацыйных работ, архітэктарам Валерам Сьлюнчанкам у нішы колішняга нартэксу былі раскрыты невядомыя дагэтуль фрагменты фрэсак. На вялікі жаль, заўчасная сьмерць не дазволіла аўтару адкрыцьця апублікаваць знаходку і ўвесьці яе ў навуковы ўжытак. Схіляючыся перад сьветлай памяцьцю нашага калегі і сябра, мы хацелі, у меру нашых магчымасьцяў, завяршыць распачатую ім работу і ў гэтым артыкуле падсумаваць усё, што вядома на сёньня пра калажанскі насьценны жывапіс.

I

Паводле даных археалогіі, змураваная ў Горадні на схіле XII ст. Барысаглебаўская (Калажанская) царква неўзабаве абурылася і прастаяла ў руінах да канца XV ст. Найстаражытнейшыя дакументальныя крыніцы, якія паходзяць з пачатку XVI ст., сьведчаць, што «церковь во Городне мурованая за местом, недалеко од Городна, светых мученик Бориса и Глеба от колькодесят лет опустевши стояла и опала и хвалы Божое в ней (н)е было», што сьвятыня «сдавна опустела и пуста была».

Напрыканцы XV ст. абок разбуранай царквы быў заснаваны манастыр, а каля 1500 г. руіна была рэканструявана паводле фундацыі Міхаіла Богуш-Багувітынавіча. У выніку адноўлены храм набыў позьнегатычныя рысы, якія часткова захаваў да нашага часу. У 1738 г. калажанскі ігумен айцец Ігнат Кульчынскі, чалавек добра абазнаны ў манастырскім архіве, напісаў пра парадак тае рэканструкцыі, што фундатар «наўперад муры паламаныя рэстаўраваў і дахам пакрыў, потым у сярэдзіне дом Божы хараством (splendorami) належным аздобіў».

Цягам наступнага часу Калажанская царква істотна зьмяняла сваё аблічча праз ваенныя разбурэньні, рамонты і перабудовы, пакуль у сярэдзіне XIX ст. у выніку берагавога апоўзка будынак часткова не абрынуўся ў Нёман. Да нашага часу дайшоў невялічкі фрагмент колішняга храма, на першапачатковую аснову якога напластаваныя сьляды будаўнічае актыўнасьці пазьнейшых эпохаў.

Бадай, усё, што вядома было пра насьценны жывапіс Каложы да адкрыцьця Сьлюнчанкам фрэскавых фрагментаў, — гэта зьвесткі пра страчаныя размалёўкі алтарвае часткі царквы, занатаваныя Гразновым. Аўтар першага навуковага апісаньня Каложы Гразноў стаўся апошнім цікаўным, хто на свае вочы бачыў рэшткі гэтых размалёвак перад іх зьнішчэньнем, і ўсе, хто пісаў потым пра калажанскі насьценны жывапіс, мусілі спасылацца на яго нататкі. Taк, у 1864 г. Гразноў назіраў «у правай алтарнай частцы сілуэты Сьвят. Тройцы і ўсярэдзіне крыж карсунскае формы, а зьверху слупоў паміж алтарных выгбаў (арак) фрэскі з выявамі месяца й сонца», а ў 1870 г. — «у алтары два анёлы». Месца апошняга фрагмента пазначана на апублікаваным дасьледчыкам абмерным рысунку разрэзу царквы. Апісаныя Гразновым фрагменты жывапісу цэнтральнае апсіды былі зьбітыя падчас рэканструкцыі калажанскіх руінаў у 1873 г. Размалёўкі паўднёвай апсіды («правай алтарнай часткі», паводле Гразнова) былі, відаць, страчаныя ў 1889 г. (калі праз апоўзак частка будынка абрынулася ў Нёман). Нашыя спадзяваньні адшукаць рэшткі размалёвак на месцы былі марнымі. Пэўна, жываліс алтарнае часткі страчаны цалкам.

 

 


Пры гэткай нішчымноце на зьвесткі пра страчанае варта зьвярнуцца і да мастацкае літаратуры, дзе ёсьць згадкі, што ў ХІХ ст., да рамонту руінаў царквы, “на алтарным скляпеньні сям-там месцамі захаваліся яшчэ рэшткі фрэскавага росьпісу: слаба віднеўся абрыс галавы нейкага сьвятога дый расьпісны каемчаты карніз”.

Час стварэньня страчаных размалёвак алтарнае часткі дакументальна не пацьверджаны, але позьнегатычныя скляпеньні цэнтральнае апсіды, на якіх часткова знаходзіўся згаданы жывапіс, ацалелі і датуюцца мяжою XV і XVI стст. Натуральна, што алтарныя размалёўкі не маглі зьявіцца раней. Удакладніць верхнюю мяжу датаваньня дазваляюць зьвесткі з інвентарнага апісаньня царквы 1795 г., паводле якіх «над вялікім алтаром пасьля шведскага спусташэньня ацалелі скляпеньні, памаляваныя ў аблокі, а спаміж вокнамі над хорам законным Апосталы, Доктары, Прарокі і Сьв. Тройца нязграбным жывалісам выяўлены». Пададзеныя зьвесткі дазваляюць удакладніць дату стварэньня алтарных размалёвак, але могуць быць прачытаныя па-рознаму.

 

 



Прачытаньне 1. Позьнегатычныя скляпеньні былі размаляваныя да «шведскага спусташэньня», то ж бо да 1705 г. Значыць: размалёўка можа быць прадатавана XVI—XVII стст. Адметная харахтарыстыка алтарнага жывапісу як «нязграбнага» — з погляду аўтара інвентара 1795 г. — дадаткова сьведчыць пра яго архаічнасьць, прыналежнасьць да папярэдніх гісторыка-культурных эпохаў.

Прачытаньне 2. Ацалелыя пасьля «шведскага спусташэньня» позьнегатычныя скляпеньні былі «памаляваныя ў аблокі» паміж 1705 і 1795 гг. Пры гэтым нагадаем, што пра размалёўку няма ані згадкі ў вельмі дакладным апісаньні царквы, зробленым Кульчынскім у 1738 г. Цяжка сказаць, пра што сьведчыць гэты факт. Або Кульчынскі з нейкай прычыны не зьвярнуў увагі на алтарны жывапіс, або размалёўка «ў аблокі» была зроблена пазьней — між 1738 і 1795 гадамі.

Паводле Ядкоўскага, перад 1889 г. студэнтамі Пецярбургскае Акадэміі мастацтваў былі зьняты акварэльныя копіі з нехаторых жывапісных фрагментаў алтара (княжыч, сонца дый інш.), якія яшчэ да вайны захоўваліся ў архіве былога Імператарскага Археалагічнага таварыства ў Маскве. Вароніну, які дасьледаваў Каложу адразу па вайне, не выпала адшукаць копіі, але калі раптам яны знойдуцца, можна спадзявацца, што аналіз іканаграфічных схемаў, выбару сюжэтаў і асаблівасьцяу формы размалёвак дасьць» рады ў праблеме датаваньня насьценнага жывапісу алтарнае часткі храма. Разам з тым не трэба забывацца і пра меркаваньне Ядкоўскага, які на свае вочы бачыў копіі фрэсак, што ў алтары маглі захавацца жывапісныя наластаваньні рознага часу.

ІІ

Што да мажлівае наяўнасьці насьценнага жывапісу ў іншых частках храма, дык пасьля таго, як у 1853 г. палова царквы абрынулася ў Нёман, рэшткі меркаваных размалёвак маглі захавацца адно што на ацалелых сьценах цяперашняга наасу. Пры гэтым на іх першапачатковых частках росьпісу быць не магло, бо іхняя паверхня спрэс наладаваная адтулінамі галасьнікоў і непрыдатная для росьпісу. Такім чынам, адзіным месцам, дзе мог знаходзіцца шуканы жывапіс, былі нішы наасу і нартэксу, што меркаваў яшчэ Варонін.

Сапраўды, натурныя досьледы Сьлюнчанкі пацьвердзілі слушнасьць такіх развагаў. Па выдаленьні тынку на паўночнай сьцяне нартэксу раскрылася замуроўка XVIII ст. з буйнапамернае цэглы, з устаўкамі буйных булыжных камянёў і керамічных непаліваных, з рэльефным дэкорам плітак, якімі была намошчана падлога Каложы на пачатку XVI ст. Пасьля таго, як замуроўка была разабраная, раскрыліся рэшткі дзьвюх нішаў з добрачытэльнымі абрысамі. На абмазцы адной з нішаў ацалелі фрагменты росьпісу з выявамі двух сьвятых. Абмазка з арнаментальнымі размалёўкамі і сьлядамі двух клеймаў часткова зьбераглася і на бакавінах нішы. У астатніх нішах царквы рэштак фарбавых слаёў не выяўлена, але кепская захаванасьць іх абмазкі не дазваляе цьвердзіць напэўна, што яны ніколі не былі расьпісаны. Раскрытая пара (адзіная з усяго пояса нішаў наасу) заставалася замураванаю ад XVIII ст. і, можа, таму захавала фарбавыя слаі.

Ha жаль, ацалелыя фрагменты выяўленага сьценапісу па раскрыцьці быді задужа дэструктаваныя: цалкам страчаны выявы адзеньня, апаў фарбавы слой абліччаў і фонаў. Памеры стратаў жывапісу зрабілі малапрыдатнымі традыцыйныя для мастацтвазнаўства метады фармальнага аналізу росьпісу, таму мы засяродзілі сваю ўвагу на яго тэхналагічных характарыстыках.

Майстар калажанскае фрэскі карыстаўся тэхнічнымі прыёмамі, пашыранымі ў арэале візантыйскага жывапісу. Гэта дазваляе меркаваць часавы прамежак яе стварэньня XII—XVI стст., бо жывапісныя тэхнікі гэткага кшталту пазьней на Беларусі не ўжываліся. Паміж ляўкасам і слоем фарбы нанесены роўны шчыльны слой вельмі сьветлае жоўтае вохры. У колернай гаме фрэскі дамінуюць карычнева-чырвоныя адценьні з улучэньнем чырвоных, жоўтых і крыху чорна-сінявых фарбаў. Іншыя адценьні ўтвораны сумесямі асноўных пігментаў між сабою і з вапнавымі бяліламі ды чорнымі фарбамі. Ці не ўсе фарбавальнікі паводле складу з’яўляюцца прыроднымі пігментамі групы вохраў. Характэрна, што носьбітам сіняе фарбы ў фрэсцы выступае індыга. Наяўнасьць гэтага пігменту дазваляе ўдакладніць меркаванае датаваньне XV—XVI стагоддзямі, бо сіняе індыга пачало выкарыстоўвацца ў жывапісе ўсходніх славянаў толькі з XV ст. Дагэтуль выкарыстоўваўся лазурыт, зрэдку — азурыт. Паколькі з гістарычных крыніцаў вядома, што да пачатку XVI ст. Каложа бытнавала ў руінах, на нашу думку, лагічным будзе датаваць адкрыты фрэскавы фрагмент XVI ст.

 


Супраць ранейшага паходжаньня росьпісу сьведчыць таксама тэхніка fresco-a-secco (зацёртыя на вапнавых бялілах фарбы, нанесеныя на папярэдне ўвільготнены тынк XII ст.), якая ва ўсходнеславянскіх помніках XII—ХШ стст. не сустракаецца. Да таго ж грунт размалёўкі складаецца з вапны з дамешкамі расьлінных валокнаў і мізэрнае колькасьці цэмянкі (тоўчанае керамікі). Taкi склад грунту прынцыпова розьніцца ад жывапісных грунтоў дасьледаваных старажытнарускіх помнікаў XII—XIII стст. (Кіеў, Полацак, Смаленск, Наваградак, Чарнігаў, Ноўгарад, Пскоў, Старая Ладага), у якіх колькасьць дамешанае цэмянкі непараўнальна большая. Шэраг жывапісных помнікаў з мастацкіх цэнтраў Паўночна-Усходняе Русі (Уладзімір, Суздаль) розьніцца ад астатніх старажытнарускіх помнікаў тым, што іх грунты замешваліся не на цэмянцы, а натоўчаным вапняку Такім чынам, вынікі тэхналагічных досьледаў дазваляюць меркаваць XVI ст. як найбольш верагодную дату ўзьнікненьня фрэскі нішы нартэксу. У сваю чаргу, гэта прымушае згадаць факт існаваньня ў першай палове XVI ст. пры Барысаглебаўскім (Калажанскім) манастыры жывапіснае школы і імёны яе творцаў — айца Ёну і Апанаса Антановіча. Вельмі спакусьліва, хоць і зарана, зьвязаць аўтарства фрэскі з іх імёнамі.

Аднак не выключана паходжаньне калажанскае размалёўкі з тагачасных мастацкіх цэнтраў Сербіі. Зусім магчыма, што Сьлюнчанкам былі адкрыты рэшткі так званае фрэскі-іконы, характэрнай для сербскае мастацкае школы XIV—XV стст. і зусім невядомай на Русі. У сувязі з гэтым трэба прыгадаць, што ў сярэдзіне XVI ст. у Гарадзенскім павеце, у Супрасьльскім манастыры, працаваў маляр «сербін Нектарый». А таксама — зьвярнуць увагу на стылявое падабенства арнаментаў на бакавінах калажанскае нішы тым, што на выгбах і ветразях Дабравешчанскае цархвы ў Супрасьлі. Дзеля ўдакладненьня даты адкрытае Сьлюнчанкам фрэскі плённым мог бы быць параўнальны аналіз жывапісных тэхнікаў Каложы і Супрасьльскага Дабравешчаньня, а таксама паўднёва-славянскіх помнікаў гэтага перыяду, найперш — Сербіі.

 


Вельмі спакусьліва праінтэрпрэтаваць выяву двух сьвятых з калажанскае фрэскі праз іканаграфію сьвятых Барыса і Глеба. Прысутнасьць абраза князёў-пакутнікаў у храме, асьвечаным у іх гонар, падаецца зусім мажлівым. Такая інтэрпрэтацыя пацьвердзіла б датаваньне фрэскі XVI ст., бо паводле гістарычных крыніцаў храм быў асьвечаны ў імя сьвятых менавіта на мяжы XV—XVI стст. Дарэчы, трэба падкрэсьліць, што невядома, як даўней называлася царква, на занядбаных руінах якой яна была адноўлена каля 1500 г. Зрэшты, падобны прыклад маем у Наваградку, дзе на пачатку XVI ст. на руіне царквы ХП сг. паўстаў позьнегатычны сабор, таксама, дарэчы, асьвечаны пасьля перабудовы як Барысаглебаўскі.

Заўважым, што актуалізацыя культу Барыса і Глеба на беларускіх землях Вялікага княства Літоўскага каля 1500 г. патрабуе пільнай увагі і вытлумачэньня з боку гісторыкаў культуры.

На заканчэньне дададзім, што калажанская фрэска была пазьней паноўленая тэмпернымі фарбамі. Панаўленьне мелася адбыцца не раней XVII ст., бо за разьбельнік ў запісах скарыстаны алавяныя бялілы, якія ў сьценапісе да гэтага часу не ўжываліся.

 



Такім чынам, праведзенае дасьледаваньне не разьвязвае ўсіх праблемаў насьценнага жывапісу Барысаглебаўскае царквы, але пазначае накірунак далейшых пошукаў. Верагодна, мы ўжо ніколі не даведаемся пра мажлівы сьценапіс страчаных частак храма, не зможам рэканструяваць сістэму размалёвак гатычнае Каложы цалкам. I сьвятыня наўрад ці страціць калі рэпутацыю самага загадкавага помніка Старажытнай Русі. У Беларусі — дададзім мы паводле вынікаў сваіх досьледаў.

Scroll to top