Аб тым як жылі грoдзенцы ў гады паўстання пад кіраўніцтвам Кастуся Калінoўскага, як выказвалі сваю грамадзянскую пазіцыю, як імкнуліся да свабоды…
Паўстанне 1863 г. - адна з найбольш даследаваных тэмаў у беларускай гістарыяграфіі. Гэтая аксіёма мае рацыю, калі гаворка ідзе пра макрагісторыю. Мы ведаем галоўныя рухаючыя сілы паўстання; ведаем, што яно насіла партызанскі характар, ведаем на пералік усе магчымыя сутычкі паміж паўстанцамі і рэгулярнымі войскамі; маем звесткі пра барацьбу дзвюх партый і, нарэшце, пра задушэнне паўстання віленскім генерал-губернатарам Мураўёвым. Але нам фактычна нічога невядома пра паўстанне, і ўвогуле палітычны крызіс 1860-х гг. з пункту гледжання звычайнага чалавека, не галоўнага ўдзельніка падзей, але непасрэднага сведка: дробнага гандляра, чыноўніка, доктара, шараговага паўстанца і да т.п. Прычым, гаворка ідзе не толькі пра непасрэдныя адносіны чалавека да палітыкі, але і пра перадачу атмасферы таго часу: побыт, штодзённыя клопаты, міжнацыянальныя і міжканфесійныя ўзаемаадносіны ва ўмовах абвастрэння палітычнай сітуацыі. Акрэсленая праблема вельмі шырокая. Не прэтэндуючы на яе комплексны аналіз, разгледзім асобны аспект: паспрабуем перадаць атмасферу неспакойных 60-х гг. XIX ст. на прыкладзе Гродна.
Пад неспакойнымі 60-мі гадамі аутар мае на ўвазе не толькі паўстанне, якое працягвалася паўтары гады, але таксама грамадскую напружанасць, што папярэднічала, суправаджала і нарэшце перажыло само паўстанне. Гэты перыяд для тэрыторыі былога Вялікага Княства Літоўскага пачаўся ў лютым 1861 г. 15 (27) лютага 1861 г. у Варшаве была выкарыстана зброя супраць удзельнікаў маніфестацыі. Гэтая падзея атрымала рэзананс на усёй тэрыторыі былой Рэчы Паспалітай, у асноўным сярод каталіцкага насельніцтва. У дакументах расійскай адміністрацыі гэты час (фактычна да самога паўстання) атрымаў назву «палітычная дэманстрацыя». У адказ на яе уводзіцца ваеннае становішча, ствараецца агентурная сетка жандарскай паліцыі, ваенныя суды. Вобыскі, штрафы, арышты - вось рэаліі 60-х гг. XIX ст.
У 1861 г. у Гродна пражывала 20 151 чалавек, у тым ліку 1019 вайскоўцаў рэгулярнага войска (фактычна кожны 20-ты жыхар Гродна). Акрамя непасрэдна гарадскіх саслоўяў (ганаровых грамадзянаў, купцоў, мяшчанаў, цэхавых) - 60,5 %, у горадзе пражывала амаль 15 % дваран, амаль 12 % сельскіх саслоўяў, каля 5 % іншаземцаў і 0,6 % жыхароў горада складалі святары ўсіх наяўных веравызнанняў і манахі. Кожны другі жыхар горада бьгў іудзеем. Амаль кожны трэці - каталікoм. Амаль кожны пяты - праваслаўным. Акрамя таго, у горадзе налічвалася 219 пратэстантаў і 86 мусульманаў. У Гродна было 5 каталіцкіх касцёлаў, 2 каталіцкія жаночыя кляштары і 3 капліцы. Усе гэтыя будынкі, за выключэннем адной капліцы, былі пабудаваныя з каменю. Праваслаўныя культавыя будынкі ўключалі адну каменную праваслаўную царкву (тзв. Сафійскі сабор, былая «фара Вітаўта»), 2 праваслаўныя манастыры (мужчынскі і жаночы) і 2 каменныя капліцы. Прычым, - факт, варты ўвагі, Каложа, афіцыйна праваслаўны храм, не дзейнічала. I нават больш таго, гэты напаўразбураны будынак быў ператвораны, па словах аднаго з рускіх чыноўнікаў, у прыбіральню.
З пачаткам «палітычнай дэманстрацыі» важнай часткай штодзённых клопатаў гродзенца становіцца жаданне выказаць сваю грамадзянскую пазіцыю любымі даступнымі яму сродкамі, ад знешняга выгляду да дробнага хуліганства. Функцыю сваеасаблівага face-кантролю сталі выконваць вопратка і мова. Галоўнай прыкметай жанчын-патрыётак з красавіка 1861 г.1 робіцца жалобнае адзенне і гарыбальдаўкі2. Мужчыны насілі жалобныя нашыўкі (плярэзы) на рукавах або каўнерах, канфедэраткі3, венгеркі4 і доўгія боты. Акрамя таго, у моду ўвайшлі ўпрыгожванні (медальёны, завушніцы, бранзалеты, паясы, запінкі і інш.) з выразнымі эмблемамі, прычым, не толькі ўласна польскімі. Напрыклад, аднагаловы арол спалучаўся з Пагоняй - гербам ВКЛ. На медальёнах сустракалася не толькі заступніца Польшчы, Маці Божая Чанстахоўская, але і заступніца Беларусі і Літвы, Маці Божая Вастрабрамская. Спосаб апранання не толькі даваў магчымасць вызначыць «сваіх», але, відавочна, і «ворагаў», у дадзеным выпадку тых, хто асацыяваўся з царскай уладай. Гэта былі т. зв. «палітычна добранадзейныя» жыхары горада і чыноўнікі рускага паходжання. Становішча гэтай групы жыхароў было даволі небяспечным калі не для жыцця, то ва ўсялякім разе для псіхалагічнай раўнавагі. У кватэрах такіх жыхароў нярэдка выбівалі шкло. Вопратку жанчын, што не насілі жалобы, аблівалі сернай або салянай кіслатой і іншымі едкімі рэчывамі. Заходзіць у расійскім мундзіры ў касцёл лічылася амаль святататствам. Ды і на вуліцах горада чалавеку ў расійскай ваеннай форме звычайна не радаваліся. Вось як апісвае свае ўражанні адзін з пацярпелых: «быць апляваным даводзілася кожны дзень <...>. Пры сустрэчы з рускім у вайсковай форме полькі не прапускалі больш ці менш гучна сказаць у яго адрас: «пся крэў» і плюнуць у бок праклятага маскаля, а калі праходзілі блізка, то і на яго вопратку <...>. На падвячорку самотнага салдата маглі пабіць.
Моцна нервавала прадстаўнікоў адміністрацыі немясцовага паходжання нежаданне гродзенцаў размаўляць і разумець па-руску. Прычым, гэта была справа прынцыпу. «Nie rozumiem» на пытанне, зададзеннае на рускай мове, аднолькава маглі адказаць дробны непісьменны гандляр і чыноўнік мясцовага паходжання, які займаўся перапіскаю дакументаў на рускай мове. Вось як апісвае гэтую сітуацыю ардынатар ваеннага шпіталя, дасланы на працу ў Гродна з Масквы: «У цукернях, напрыклад, можна было прасядзець цэлы дзень і не дапрасіцца па-руску кубка кавы, пакуль не скажаш «філіжанка кавы, прошу пана», і тады філіжанка з’яўлялася імгненна».
Значную эмацыянальную падпітку каталіцкаму жыхару даваў удзел у касцёльных мерапрыемствах. Вельмі папулярнымі сталі паніхіды па забітых у Варшаве, працэсіі, а таксама спяванне пасля набажэнстваў т.зв. патрыятычнага гімну. Найбольш папулярным быў некалькі зменены варыянт гімну «Божа, што Польшчу...», напісаны А.Фялінскім ў 1816 г.
31 ліпеня ў Гродна святкаваліся ўгодкі Люблінскай уніі. У ім прымалі ўдзел амаль усе жыхары Гродна каталіцкага веравызнання. Як і ў іншых гарадах, у гэты дзень жыхары адмовіліся ад жалобнага адзення і апрануліся па-святочнаму. Святкаванне складалася з дзвюх частак: з самай раніцы -урачыстае набажэнства і патрыятычны гімн у касцёлах; у 6 гадзін вечара «многія жыхары Гродна натоўпам накіраваліся за горад на адлегласць 4 вярсты ў лес, што называецца Ласоснай, і на шляху запрашалі ўсіх сустрэтых, так што збор народа быў там каля 3 000 чалавек розных саслоўяў, дзе адбываліся розныя гульні і танцы з музыкай (пад назвай кракавяк); вогнішча было распаленае ў многіх месцах, моладзь скакала праз яго; для простага народа была зроблена складка і частавалі яго півам і віном; гэты пір працягваўся да 12 гадзін ночы; калі ж пачалі разыходзіцца, то самыя галоўныя з публікі імкнуліся давесці простаму народу неабходнасць адзінства і волі».
Да жніўня 1861 г. у адносінах да парушальнікаў спакою выкарыстоўваліся адміністратыўныя захады: вымовы, пераконванні, звальненні, высылка ва ўнутраныя губерні Расійскай імперыі. 3 жніўня быў зацверджаны шэраг новых захадаў па спыненні «хваляванняў і беспарадкаў, якія хутка распаўсюджваліся і ўзрасталі ў заходніх губернях». 11 жніўня было загадана ўсім жыхарам здаць зброю. 15 жніўня 1861 г. на плошчах і вуліцах горада жыхарам было аб’яўлена пра забарону маніфестацый і спяванне патрыятычнага гімну, адначасова забаранялася з 9 гадзін вечара і да світанку выходзіць з дому. Акрамя таго, былі ўзмоцненыя вайсковыя часткі. А 22 жніўня ўся Гродзенская губерня была аб’яўленая на ваенным становішчы. Апошняе было зроблена апублікаваннем «Аб’яўлення» В.І. Назімава ў губернскіх ведамасцях, аб’явамі на вуглах і скрыжаваннях вуліц і на плошчах, а таксама асаблівым прачытаннем разам з барабанным боем.
Спяванні ў касцёлах спыніліся. Але гэта фактычна адзінае, што змянілася. Міжнацыянальная канфрантацыя працягвала існаваць: «Афіцэры скардзяцца, што часта пакутуе іх самалюбства і сам гонар ад знявагаў, што наносяцца палякамі, якія яны пераносяць паняволі, згодна з патрабаваннем найвышэйшага кіраўніцтва, праз што ўпаў нават дух. <...> Рускія чыноўнікі, хто толькі мае што-небудзь на прыкмеце, збіраюцца перабрацца на нейкі час у Расію».
Пра настроі каталіцкага насельніцтва крыніцы рускага паходжання паведамляюць наступнае: «паміж палякамі вельмі заўважная цесная сувязь і адзінства, яны на штосьці моцна спадзяюцца і чагосьці ў хуткім часе чакаюць; праўды дамагціся цяжка, але паводле ўсіх іх саманадзейных выхадках, вясёламу і бадзёраму настрою можна дакладна здагадацца, што рыхтуюцца да рэвалюцыі». Абсалютны спакой усталяваўся толькі напярэдадні паўстання.
Пачатак паўстання быў сустрэты з аптымізмам. Апошні выразіўся ў поўным разняволенні ў адносінах да расійскіх чыноўнікаў і вайскоўцаў. Такому настрою дапамагалі і чуткі. Напрыклад, у пачатку 1863 г. (дакладны час невядомы, але ўжо пасля пачатку паўстання) «стала вядома», што Пецярбург захоплены французамі з мора. Прыблізна ў той жа час, у красавіку, шмат непакою нарабілі звесткі, што на Гродна накіроўваюцца некалькі тысячаў паўстанцаў. На той час абарона горада была мінімальнай: большая частка войскаў была накіравана на пошук паўстанцаў па лясах. Паніка ахапіла горад: зачыняліся крамы, а гарнізонныя салдаты з некалькімі пушкамі былі выведзеныя на заставу, адкуль чакаўся напад, відавочна, дарма.
Аптымізм жыхароў рос на фоне дэпрэсіўнага стану і няўпэўненасці царскага войска і адміністрацыі. Ваенны шпіталь быў перапоўнены не столькі параненымі, колькі стомленымі салдатамі, што безвынікова праследвалі паўстанцкія атрады. Пераломным момантам у настроях стала прызначэнне Мураўёва М.М. віленскім генерал-губернатарам (25.04.1863 г.), пад уладу якога падпадала і Гродзенская губерня. Жыхары добра памяталі час, калі Мураўёў быў гродзенскім грамадзянскім губернатарам (1831 г.). Яго загады выконваліся без пярэчанняў і імгненна.
Адным з захадаў стала забарона шыльдаў у лаўках, крамах, гатэлях, аптэках, рамесніцкіх установах і т.п. на польскай мове, а таксама забарона ўжываць польскую мову ў грамадскіх месцах. Усё гэта пад пагрозай штрафаў. 7 чэрвеня 1864 г. было забаронена насіць жалобную вопратку, т, зв. рэвалюцыйныя знакі, венгеркі, канфедэраткі і доўгія боты пад пагрозай значных штрафаў: на першы раз - 25 руб., у другі раз - 50 руб., а на трэці раз - арышт. Калі заплаціць не было магчымасці – прадавалася маёмасць. Жалобу па родных дазвалялася насіць толькі пры наяўнасці адпаведнага дазволу ад паліцыі (7.06.1864 г.). Імкнучыся пазбегнуць штрафаў, але застацца вернымі сабе, жанчыны, выходзячы на вуліцу, падгортвалі жалобныя спадніцы каля поясу і на вачах паліцыі былі ў каляровых, а заходзячы да сваіх адна думцаў апускалі схаваныя спадніцы і зноў былі ў жалобе.
Заўважным становіцца ваенны элемент у горадзе. Адчуванне вайскоўцамі ўласнай перавагі дастаўляла шматлікія пакуты жыхарам. Ваяўнічымі паводзінамі вылучаліся кавалерысты, якія з асаблівай нянавісцю ставіліся да польскай мовы і чапляліся да кожнага незразумелага слова. Ад гвардзейцаў пакутвалі яўрэі і мяшчане. Ноччу па вуліцах стала зусім небяспечна хадзіць нават па справах з ліхтаром (насіць з сабой ліхтар - абавязак кожнага, хто з’яўляўся на вуліцы вечарам, акрамя афіцэраў). Амаль неабмежаваная ўлада патрульных прыводзіла да няшчасных выпадкаў.
У горадзе пачалі з’яўляцца палітычныя зняволеныя. Фактычна адразу ў астрозе стала не хапаць месца. У сувязі з гэтым было прынята рашэнне ператварыць у астрог для палітвязняў будынак былога езуіцкага кляштара ў Гродна. Першапачатковыя, самыя неабходныя працы былі выкананыя за 10 дзён (да 26.06.1863 г.). Але на гэтым пераўтварэнні не спыніліся. У выніку, арыштантамі былі занятыя 3 паверхі будынка. Вокны другога і трэцяга паверхаў былі забіты дошкамі. Усе вокны калідора ніжняга паверха, дзе таксама месціліся арыштанты, з меркаванняў эканоміі былі закладзеныя цэглай, а не жалезнымі кратамі, як меркавалася спачатку. У тым жа самым будынку для зручнасці месціліся таксама следчая і судовая камісія.
У шпіталі, у адрозненні ад астрога, умовы існавання былі больш-менш прыстойныя. Сюды зняволеныя перабіраліся з дапамогай розных хітрыкаў, а таксама хабару. Таму ў шпіталі былі як хворыя, так і здаровыя. Разам з тым, у шпіталі і астрозе былі прыхільнікі як белых, так і чырвоных. Варожасць паміж імі была настолькі моцнай, што адміністрацыя шпіталя рассартавала хворых паводле партыйнай прыналежнасці. Адбылося гэта пасля таго, як падчас чарговай спрэчкі адзін з хворых раптоўна памёр.
У Гродна за час паўстання адбылося 2 пакаранні смерцю. Адное з іх апісана астрожным доктарам І.Мітрапольскім, на жаль без паведамлення імя ахвяры і даты падзеі. Пакаранне мусіла адбыцца на плошчы перад астрогам а 6 гадзіне раніцы. Плошча была запоўнена «палякамі» са злоснымі панурымі тварамі, жанчынамі са слязьмі на вачах. Брама астрога адчынілася, адтуль выйшаў бледны з мутнымі безжыццёвымі вачыма, невысокага росту чалавек. Рухі яго былі машынальныя, відавочна ён не вельмі добра ўсведамляў, што з ім адбываецца. Прагучала каманда, асуджанага акружылі салдаты, ксёндз з крыжом і кнігай у руках стаў побач і картэж рушыў. Недалёка ад ксяндза ішоў ужо згаданы доктар. Картэж рухаўся даволі хутка, асуджаны, часта спатыкаўся. На плошчы быў падрыхтаваны слуп, перад ім выкапаная яма. Прагучала каманда, быў прачытаны прысуд. На асуджанага апранулі саван. Ксёндз, які ўвесь шлях штосьці гаварыў асуджанаму на польскай мове, сказаў апошнія словы і паднёс да вуснаў асуджанага крыж. Чалавека прывязалі да слупа, завязалі вочы. Заракатаў барабан, наперад выйшлі дванадцаць радавых з унтэр-афіцэрам. Быў паданы знак, грымнулі дванадцаць стрэлаў і асуджаны, прывязаны да слупа, здрыгануўся, схіліў галаву. Мітрапольскі падышоў да яго, упэўніўся, што чалавек памёр, адрапартаваў пра гэта афіцэру.
Заканчэнне паўстання не адмяняла загадаў наконт польскай мовы і жалобнага адзення, якія працягвалі з’яўляцца важнай крыніцай прыбытку расійскай адміністрацыі. Відавочныя злоўжыванні і прыдзіркі не садзейнічалі заспакаенню насельніцтва. Падаецца нават, што гэта была сваеасаблівая помста за 1861-1862 гг. Архіўныя крыніцы даюць нам звесткі пра шматлікія выпадкі аштрафаванняў за забароненае адзенне ў 1865-1869 гг.
У красавіку 1866 г. у гродзенскім фарным касцёле на абедні з’явілася васемнаццацігадовая Александрына Чахоўская («належала да найвышэйшага саслоўя ў горадзе»), апранутая ў чорную сукенку, чорны доўгі бурнос, і ў чорны капялюшык з белым пяром. Мяркуючы па памеры аштрафавання (25 руб.) дзяўчына трапілася першы раз.
Больш трагічна скончылася з’яўленне ў бернардзінскім касцёле ў чэрвені 1866 г. дзяўчыны Антаніны Вольскай (дваранкі па паходжанні, што зарабляла на жыццё шыццём бялізны). Дзяўчына была апранутая ў чорную ваўняную мантылью,6 чорную сукенку, падпярэзаную белым шнуравым поясам, канцы якога спускаліся да зямлі, з белай хусткай на галаве. Нягледзячы на прысутнасць белага колеру, адзенне сапраўды было жалобным. Дзяўчына растлумачыла, што калі была малая, страціла маці. Апошняя перад смерцю выракла Антаніну на нашэнне жалобы. Яе тлумачэнне не зрабіла ніякага ўражання, Антаніна была прыгавораная да штрафу ў 25 руб., але не маючы сродкаў, вымушаная была правесці 47 дзен у астрозе.
А вось прыклад сапраўднай адданасці сваім ідэалам, ад пачатку і да канца. Гаворка ідзе пра сям’ю Касцялкоўскіх. На справу паўстання маці ахвяравала свой маёнтак, ад продажу якога атрымала 40 тыс. руб. Частку грошай яна пазычыла Валіцкаму, частку аддала аднаму з сасланых паўстанцаў Дочкі (чатыры родныя сястры) нават пасля задушэння паўстання, у атмасферы агульнага песімізму ўражвалі сваімі адчайнымі ўчынкамі. Напрыклад, у верасні 1866 г. дзве з іх, Барбара і Юзэфіна, разам з іх сяброўкай Абуховіч з’явіліся на абедню ў фарным касцёле ў белых кісейных сукенках, з такой самай накідкай, у гарыбальдаўцы. I хаця, па мясцовых звычаях, такая вопратка лічылася глыбокай жалобай, асобныя дэталі іх знешняга выгляду (напрыклад, блакітныя паясы) жалобе не адпавядалі. У выніку дзяўчаты парушылі агульныя палажэнні закону аб забароне жалобы, але юрыдычна былі не вінаватыя, бо элементы іх вопраткі ў законе прапісанымі не былі. Справа скончылася вымовай і тлумачэннем на будучыню.
У траўні 1869 г. у канцылярыю Гродзенскага губернатара з прашэннем па нейкай справе прыйшла жонка калежскага сакратара Карнэлія Сянкевіч у жалобнай вопратцы. Праз месяц яна заплаціла штраф у 5 руб.
Справа барацьбы з ужываннем польскай мовы5 ішла яшчэ горш, давалася ў знакі філалагічная непадкаванасць паліцэйскіх і чыноўнікаў рускага паходжання. Давала сябе адчуць і дрэннае веданне рускай мовы мясцовымі жыхарамі. Вось як характарызуе сітуацыю адзін з жыхароў Гродна: «нягледзячы на ўсе захады ўрада <...> гаворка гэтая чутна ва ўсіх крамах, кандытарскіх, прыватным двары і іншых лаўках. Асабліва [польская] мова пераважае ў краме яўрэя Іцкі і фатаграфічнай установе Штурмана» (ліпень 1866 г.). Фатограф Штурман тлумачыў паліцыі, што «імкнецца размаўляць па руску і размаўляе як умее». Іцка Гродзенскі, утрымальнік галантэрэйнай крамы, купец 2-й гільдыі, растлумачыў (са слоў сведкі): «мы амаль не ведаем рускай мовы, а з вамі размаўляем папольску паводле звычкі». Уласнае тлумачэнне было такім: «ведае распараджэнне, ніколі ні з адным наведвальнікам не размаўляў па-польску, але здараецца, што наведвальнікі з мясцовых жыхароў, заходзячы ў краму, нягледзячы на яго напаміны, размаўляюць па-польску». Абодва абвінавачаныя былі абавязаныя даць падпіску пра неўжыванне польскай мовы ў гутарках з наведвальнікамі.
У лісце да Юзафа Сікорскага, датаваным 7 ліпеня 1868 года Эліза Ажэшка напступным чынам апісвала сітуацыю ў Гродне: “Найбольш сурова паўторана забарона гаварыць паўсюль па-польску. Здзіраюць агромністыя грашовыя штрафы, таму маюць месца найкамічнейшыя факты: я на вуліцы са знаёмымі і купцамі ў крамах гавару па сялянску, гэта значыць па-русінску, гэтак сама робяць амаль усе – адсуль усеагульны смех. На вуліцах поўна паліцыі; хапаюць за каўняры знаёмых, якія вітаюцца словамі “Jak sie masz” Маем навокал сябе таксама мноства паліцыянтаў у цывільным, каб іх не пазнавалі” Такім чынам вялікая польская пісьменніца, нягледзячы на нязвыкласць, павінна была гаварыць па-беларуску, што гледзячы па ўсім, уладамі не пераследавалася.
Па той жа самай справе праходзіла і ўтрымальніца «Курляндскай» крамы жаночых галаўных убораў на Саборнай вуліцы, Гардон. У ліпені 1866 г. яна абвінавачвалася ў тым, што з усімі наведвальнікамі сваёй крамы размаўляе папольску. У выніку следства аказалася, што ні польскай, ні рускай мовы жанчына не ведае, а размаўляе па-нямецку. Тым не менш, яна была аштрафавана на 10 р. У тым жа самым ліпені 1866 г., абвінавачвалася ўтрымальніца другой крамы жаночых галаўных убораў Марыя Канопка. Яна была ўраджэнкай Варшавы, і размаўляючы па-руску мела моцны акцэнт. І хаця жанчына не была аштрафаваная, а справа абмежавалася падпіскаю пра невыкарыстане польскай мовы ў краме, гісторыя -яскравы прыклад прыдзірак адміністрацыі да жыхароў.
Некаторыя не вельмі добра разумелі сутнасць закона. Напрыклад, Франц Градзіцкі (займаўся хадайніцтвам) у жніўні 1866 г. быў аштрафаваны за размову па-польску на цвінтары бернардзінскага касцёла на 3 р. Сам вінаваты лічыў, што касцёльны цвінтар і касцёл ёсць вольныя ад грамадскіх законаў месцы.
Падаецца, што выкарыстанне польскай мовы ў штодзенным ужытку было не толькі прынцыповай справай. Давала сябе адчуць шчырае няведанне або дрэннае веданне рускай мовы, а таксама і сіла звычкі. Да таго ж, ад устойлівых выразаў, накшталт «прошэ, пані», што выкарыстоўваліся тут стагоддзямі, не так проста было адмовіцца. У крамах прыбыткі шмат у чым залежалі ад таго ці размаўляеш ты з наведвальнікам на яго мове, неабавязкова польскай, але абавязкова блізкай наведвальніку.
Такім чынам, на прыкладзе горада, як месца, дзе перакрыжоўваліся нацыянальныя, рэлігійныя, палітычныя і іншыя інтарэсы, найбольш яскрава можна перадаць атмасферу 60-х гг. XIX ст. Элементы гэтай атмасферы ў той ці іншай ступені былі ўласцівы ўсім гарадам Беларусі. Гродна ж, як горад са значным каталіцкім насельніцтвам, з’яўляецца бадай адным з найлепшых прыкладаў. У тыя часы каталіцтва было сінонімам грамадскай актыўнасці і палітычнай нядобранадзейнасці. Галоўнымі сродкамі выказвання грамадзянскай пазіцыі, без непасрэднага ўдзелу ў палітыцы, былі вопратка і аксэсуары да яе, мова штодзённага ужытку, удзел у касцёльных мерапрыемствах, дробнае хуліганства і зневажанне ў адносінах да іншадумцаў. Пік «палітычнай дэманстрацыі» прыйшоўся на лета 1861 г. Шэраг захадаў, ажыццёўленных расійскай адміністрацыяй у 1861-1864 гг., паступова абмежаваў грамадскую актыўнасць гараджаніна, але не зрабіў перавароту ў думках. Схаванае непрыняццё навязанай улады працягвала існаваць і пасля паўстання.
Наталля Лісейчыкава
Артыкул апублікаваны ў часопісе “Веснік ГрДзУ” №4, 2006.
|
|
|
|
|
1 На тэрыторыі заходніх губерняў «Цыркуляр аб нацыянальнай жалобе» ад 3 сакавіка 1861 г., які звычайна прыпісваецца А.Фіялкоўскаму (варшаўскаму архіепіскапу), пачаў распаўсюджвацца з красавіка 1861 г. У гэтым дакуменце, між іншым, архіепіскап заклікаў жанчын не выкарыстоўваць у сваёй вопратцы нічога каляровага і не удзельнічаць у забавах у сувязі з расстрэлам царскімі войскамі ў Варшаве мірнай дэманстрацыі 15(27) лютага 1861 г. [9, с. 80, 82, 259, 518].
2 Аксамітны чорны капялюшык, што упрыгожваўся белым пяром, назва ад Дж.Гарыбальдзі (1807-1882 гп), нацыянальнага героя Італіі.
3 Чатырохвугольная шапка без брыля. Назва гэтых шапак пайшла ад барскіх канфедэратаў.
4 Куртка з нашытымі папярочнымі шнурамі на грудзях і таліі.
5 Аўтар артыкула лічыць мэтазгодным казаць не пра уласна класічную польскую мову, а пра мову мясцовых жыхароў, якая чыноўнікамі рускага паходжання часта ідэнтыфікавалася як польская, т. зв. «крэсовы» дыялект. Такая выснова зроблена пасля прагляду шэрагу архіўных крыніцаў – што тычыліся гэтай праблемы, але адносіліся да іншых гарадоў Гродзенскай губерні - у НГАБ у г. Гродна. На карысць гэтай думкі сведчыць і той факт, што любая незразумелая гаворка (нават нямецкая мова) успрымалася як парушэнне закону размаўляць па-польску.
-
Катэгорыя: Расійская імперыя
-
Апублікавана 20 Верасень 2010
Апошняе
- Гродненский военный лагерь 1705 – 1706 гг.
- Первое упоминание про Городен - 1127 год
- НА ПРАВАХ МАГДЭБУРГА
- ГАРАДЗЕНСКАЕ КНЯСТВА (ПАЧАТАК ГІСТОРЫІ)
- ІМЯ ГОРАДА
- Тайны семейной усыпальницы
- Андрэй Чарнякевіч Айцы горада: кіраўнікі гродзенскага магістрата ў міжваенны час і іх лёсы 1919–1939 гг.
- Старая Лента. Гродненский синематограф: забытые страницы
- В аренду предводителю дворянства или история дома на ул. Академической