Буйло Станіслава Антонаўна, Буйлянка
? – к. лютага 1922
настаўніца, жонка дырэктара Гродзенскай беларускай гімназіі, загадчыца Гродзенскага беларускага дзіцячага прытулку
Паводле У. Ляхоўскага, жонка дырэктара Гродзенскай беларускай гімназіі П. Тамашчыка. Родная сястра беларускай паэткі Канстанцыі Буйло-Калечыц, якая апісала яе ў сваёй паэме “Па траскіх гацях”. Іх бацька працаваў спачатку ў Вільні конюхам у князя Гагарына, а пасля пераезду ў 1895 годзе ў м. Вішнева Ашмянскага павету стаў арэндатарам. У час Першай сусветнай вайны С. Буйло працавала ў Рыжскім земсаюзе, за што была ўзнагароджана срэбным медалём. Пасля 1917 года разам з другой сваёй сястрой Інай працавала беларускай настаўніцай у маёнтку Магдалены Радзівіл у Жарнаўках. Тады ж захварэла на сухоты. Адна з заснавальнікаў у красавіку 1921 года ў Вільні Беларускага таварыства дапамогі ахвярам вайны.
З мая 1921 года з’яўлялася загадчыцай Гродзенскага беларускага дзіцячага прытулку. «Дзядзечка даражэнькі! – Пісала яна ў красавіку 1921 года да Л. Дубейкоўскага ў Варшаву. – «Як трывога, дык да Бога». Таксама і я. Так цяпер у нас пагана жывецца без грошаў, што… із гэтай бяды села і Вам пісаць. Можа, Дзядзечка, Вы так дзе выклянчыце трохі грошаў… Ад ураду не атрымліваем грошаў саўсім. Нават у магістрату нам не далі за 2 месяцы… А тут, як на большае нашае гора, у гэтым месяцы цэны страшэнна пайшлі ўгару. Кожны месяц у нас быў расход 40 тысячаў, а ў гэтым месяцы дзеці галадалі і расход – 70 тысячаў. На дзяцей я проста глядзець не магу. Вакон няма, дзверы не зачыняюцца. Дзеці лёгка адзеты, галодныя, гэта штосьці страшэннае… Я з гэтага ўсяго расхварэлася і ляжу ўжо другі тыдзень, але добра, што хоць цяпер нічога не бачу і не ведаю… Дык хутка мусіць і трэба будзе перастаць есці – прадуктаў жа амерыканскіх толькі яшчэ на дзён сем хопіць. Палажэнне страшэннае… Калі можаце, Дзядзечка, памагчы чым-небудзь, дык памажыце». У другім лісце да Л. Дубейкоўскага ад 7 кастрычніка 1921 года С.Буйло пісала: «Дзядзечка даражэнькі! Даруйце, што дагэтуль не напісала, не падзяквала за дапамогу, вельмі ў час прысланую. Дзякаваць Богу, так неяк трохі маркі да нас ад таго часу паплылі, й ужо не галадаем і трохі вокны ўставілі. Дэлегат даў даўно ўжо 35 тысячаў… Толькі здароўя, Дзядзечка, здароўя няма. Вось бяда. Як зробіцца гарачка пад 39 [градусаў], дык ужо ляжу як пласт і гатоўлюся паміраць, тады ўжо большым пэўная, што ўжо ніколі не ўстану, а сягоння крыху лепей, дык зноў робіш планы, зноў жывеш жыццём здаровага чалавека. Ну, надакучыла Вам Дзядзечка, але гэта яшчэ вясёлы ліст. Каб у другім часе пісала, дык бы яшчэ горш надакучыла пісанінай сваёй…». Памерла 28 лютага 1922 года ў Гродне. Згодна ўспамінам М.Станкевіч-Каліноўскай, замяніўшай С. Буйло на пасадзе кіраўніка прытулкам, мясцовы каталіцкі святар адмовіўся яе адпяваць, сказаўшы, што памерлая была бальшавічкай, і службу адправіў праваслаўны манах Іаан.
-
Катэгорыя: Расійская імперыя
-
Апублікавана 17 Май 2008
Апошняе
- Гродненский военный лагерь 1705 – 1706 гг.
- Первое упоминание про Городен - 1127 год
- НА ПРАВАХ МАГДЭБУРГА
- ГАРАДЗЕНСКАЕ КНЯСТВА (ПАЧАТАК ГІСТОРЫІ)
- ІМЯ ГОРАДА
- Тайны семейной усыпальницы
- Старая Лента. Гродненский синематограф: забытые страницы
- В аренду предводителю дворянства или история дома на ул. Академической
- Бася і Кася ў пяшчоце часу