Баі за Львоў паміж палякамі і ўкраінцамі ў канцы 1918 – пачатку 1919 гг. каштавалі абодвум бакам соцень чалавечых жыццяў. У Гародні вядома толькі пра адну ахвяру польска-беларускага супрацьстаяння. Аб гэтым сённяшняя гісторыя…

 Былы выкладчык Слуцкай гімназіі і сябра камісіі Беларускай народнай рэспублікі па арганізацыі Беларускага ўніверсітэта Казімір Цвірка-Гадыцкі прыехаў у Гародню ў канцы 1918 года. Адзін з яго знаёмых ахарактарызаваў яго наступным чынам: “Малады, спакойны, палітыкай займаўся мала”. Тым ня меньш, да беларускасці Цвірака-Гадыцкі цягнуўся і, нават, заснаваў у горадзе культурна-асветніцкае таварыства пад назвай «Лучына», якое ў пачатку лютага 1919 года паставіла некалькі беларускіх спектакляў. Яшчэ адна цікавая дэталь, асабліва ў сувязі з далейшымі падзеямі: у Гародні К. Цвірка-Гадыцкі жыў у адным гатэлі з А.Луцкевічам, і, нават, святкаваў разам з ім, П. Крэчэўскім, В. Захаркай і К. Езавітавым стары Новы год.

Пасля на нейкі час К.Цвірка-Гадыцкі знікае з горада, каб у сакавіку 1919 года раптоўна з’явіцца ў Варшаве. І раптам 23 сакавіка 1919 года ён разам з палкоўнікам Е. Янсанам, камандуючым беларускага партызанскага атрада, накіравалі на імя польскага прэм’ер-міністра І. Падарэўскага ліст з рэзалюцыяй міфічнага Беларускага краёвага з’езда, які прайшоў нібыта 28-30 студзеня 1919 года ў Навагрудку. У рэзалюцыі сцвярджалася, што «існаванне самастойнай Беларускай дзяржавы - немагчыма», таму Беларусь «у сваіх этнаграфічных межах» павінна была ўвайсці ў «сціслы звязак з Польскай Рэччупаспалітай». Пастанова з’езда даводзілася да ведама І. Падарэўскага з той мэтай, каб ён здзейсніў адпаведныя крокі «ў кірунку ўстанаўлення супольнага палітычнага жыцця беларускага народа з Польшчай». Між іншым, карыстаючыся гэтым лістом, польскі прэм’ер заблакіраваў у Парыжы ўдзел дэлегацыі БНР у перамовах, тым самым перакрэсліўшы ўсе планы беларускага боку аб якім бы тое ні было міжнародным прызнанні!

У гэты самы час у Варшаве праездам знаходзіўся капітан Е. Бялевіч. На адной з вечарынак у палітычных сферах ён выпадкова сустрэў К. Цвірку-Гадыцкага Той стаяў побач нейкага польскага міністра, аднак, убачыўшы Е. Бялевіча, паспешна скрыўся. Даведаўшыся, што К. Цвірка-Гадыцкі прыехаў прасіць польскі ўрад далучыць Беларусь да Польшчы, Е. Бялевіч перадаў гэткую навіну ў Гародню К. Езавітаву, патрабуючы арыштаваць К. Цвірку-Гадыцкага пасля яго вяртання ў горад, з тым каб пасля адаслаць у Коўна.

Як толькі К.Цвірка-Гадыцкі зноў з’явіўся у Гародні, у ноч з 6 на 7 красавіка па загаду К. Езавітава (па іншых звестках - беларускага каменданта М.Дзямідава) ён быў арыштованы і пасаджаны ў турму. 7 красавіка В.Захарка звярнуўся з лістом да нямецкага крэйзгауптмана Гародні, у якім тлумачыў, што «белорусский гражданин Казимир Цвирко-Годыцкий... арестован за государственную измену...» Адначасова, пад беларускую камендатуру было рэквізаравана памяшканне створаннага К. Цвіркам-Гадыцкім культурна-асветніцкага таварыства «Лучына».

Тым часам, польскі камісар у Гародні С. Іваноўскі атрымаў ад Генеральнага Штаба заданне вызваліць К. Цвірку-Гадыцкага. Ён даведаўся аб даце адпраўкі К. Цвіркі-Гадыцкага ў Коўна, і калі вязьня пад вартай эскадрона гусараў везлі па вуліцы Ажэшкі з турмы на чыгуначны вакзал побач з палацам князя Чацвярцінскага на іх напаў атрад Польскай арганізацыі вайсковай, узброенны ў рэвальверы. Завязалася кароткая перастрэлка, пад час якой быў забіты адзін з нападаючых - Ян Зардзінскі.

Канец у гэтай гісторыі атрымаўся яшчэ больш дзіўны. З рапарта С. Іваноўскага не зразумела, ці здолелі палякі вызваліць К. Цвірку-Гадыцкага. Так ці інакш, ён усё роўна трапіў у Коўна, дзе 16 снежня 1919 года прадстаў перад судом. У якасці сведкаў-абвінаваўцаў у працэсе ўдзельнічалі Я. Бялевіч, В. Захарка (завочна), П. Крэчэўскі. Аднак, ня гледзячы на прад’яўленыя доказы, К. Цвірка-Гадыцкі быў... апраўданы!

Вуліца Ажэшкі з неіснуючым будынкам, дзе цяпер стаіць помнік пісьменніцы (злева). Менавіта тут адбылася перастрэлка паміж беларускімі гусарамі і польскімі баевікамі.

 

Паштоўкі, прысвечаныя 90-й гадавіне Беларускай народнай рэспублікі, выдадзеныя ў Гародні у 2008 годзе.

Scroll to top