Натусевіч Янка

? – пачатак 1920-х гадоў (?)

сябра Камітэту нацыянальнага адраджэння Беларусі, Гродзенскага БНК, Гродзенскай беларускай павятовай рады, клубу «Беларуская хатка»

Паводле А. Борыка, «каталік, скончыў вышэйшую пачатковую школу ў Гродне... Прыязны да Польшчы». У 1911 годзе – сябра Гродзенскага гуртка беларускай моладзі. Удзельнік 1-га Гродзенскага губернскага беларускага з’езду 1-2 снежня 1918 года. У пачатку 1919 года – сябра Камітэту нацыянальнага адраджэння Беларусі, Гродзенскага БНК, Гродзенскай беларускай павятовай рады, часовага гарадскога камітэту, БЦРГ, клубу «Беларуская хатка», арганізацыйнага камітэту па скліканню Краёвага беларускага з’езду Гродзеншчыны. З дзённіка А. Луцкевіча: «[у пачатку 1919 года замест працы ў часовым гарадскім камітэце] сядзіць на вёсцы і есць кілбасы». У канцы сакавіка 1919 года быў накіраваны ўрадам БНР з Гродна ў Берлін у якасці дэлегата ў справе ваеннапалонных. 14 жніўня 1919 года ў Берліне было пастаноўлена паслаць Я. Натусевіча ў Коўна для перадачы П. Крэчэўскаму пакета. 17 жніўня 1919 года – ён у Коўне. 20 жніўня 1919 года выехаў у Вільню. 2 верасня 1919 года быў арыштаваны польскімі ўладамі ў Гродне. Пасля вызвалення пазычыў грошы ў А. Аляксюк для праезду да Варшавы. З прычыны нез’яўлення ў час у Варшаве ў снежні 1919 года быў звольнены з пасады служачага міністэрства замежных справаў БНР. У пачатку 1920 года сакратар місіі БНР у Варшаве. Зноў быў у Гродне з 11 па 14 лютага 1920 года ў якасці прадстаўніка Варшаўскага БНК. 23 чэрвеня 1920 года атрымаў ад Цэнтральнай беларускай касы каля 2 тыс. польскіх марак на нацыянальную працу на Гродзеншчыне. У кастрычніку 1920 года часова з’яўляўся старшынём Гродзенскага БНК. Нейкі Натусевіч у якасці літографа агульнага аддзелу БВК у пачатку лістапада 1920 года быў у Гродне. Старшыня сходу Гродзенскага беларускага кааператыва «Беларусь» 24 кастрычніка 1920 года. Вясной 1921 года працаваў настаўнікам Гродзенскай беларускай гімназіі. Магчыма, тады ж меў дачыненне да Гродзенскага аддзелу Варшаўскага БНК. Пазней пераехаў у Вільню, дзе паводле А. Ліса на пачатку 1921 ці 1922 года невылечна захварэў і памёр.