Грынкевіч Станіслаў Сымонавіч

23.02.1902 – 1945

перакладчык на беларускую мову медыцынскіх працаў і рэлігійных тэкстаў, кіраўнік Беларускага народнага аб’яднання ў Вільні

Нарадзіўся ў мястэчку Новы Двор Сакольскага павета ў сялянскай сям’і, брат ксяндза Ф. Грынкевіча. Пачатковую адукацыю атрымаў у вясковага настаўніка. У 1914 годзе разам са сваім стрыечным дзядзькам выехаў у Дарагабуж Смаленскай губерніі, дзе скончыў мясцовую гімназію. У 1921 годзе паступіў на медыцынскі факультэт Віленскага універсітэту, але пазней перавёўся ў Познань, дзе і закончыў вучобу. Да 1935 года працаваў у Познані. З 1935 года ардынатар аддзелу нервовых захворванняў у псіхіятрычнай клініцы ў Хорашчы. Вёў лабараторныя досведы і пісаў навуковыя працы. Адначасова перакладаў на беларускую мову медыцынскія працы і рэлігійныя тэксты. У 1936 годзе быў арыштаваны польскімі ўладамі на два тыдні за выданне брашуры «Асьвета». У 1937 годзе разам з сям’ёй пераехаў у Вільню, дзе ўзначаліў Беларускае народнае аб’яднанне. У 1940 годзе быў арыштаваны органамі НКУС, але здолеў уцячы. У гады Другой сусветнай вайны быў звязаны з беларускім незалежніцкім рухам. Займаўся культурніцкай дзейнасцю, але ад супрацоўніцтва з немцамі ўстрымліваўся. Быў прыхільнікам кантактаў з польскім эмігранцкім урадам. Прымаў захады па арганізацыі на Навагрудчыне нацыянальных партызанскіх атрадаў, якія павінны былі змагацца і з немцамі, і з бальшавікамі. Адмовіўся ад прапанаванай яму ў 1944 годзе Р. Астроўскім пасады раднага ў Беларускай цэнтральнай радзе. У канцы 1944 года арыштаваны савецкімі органамі дзяржбяспекі ў Вільні і адасланы ў Мінск, а адтуль – у Магілёў. Там 18 траўня 1945 года ваенным трыбуналам Беларуска-Літоўскай ваеннай акругі прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. Расстраляны.

У 1912-1914 гадах вучыўся ў Гродзенскай дзяржаўнай мужчынскай гімназіі. Сябра Гродзенскага гуртку беларускай моладзі.