У пасляваенны перыяд назіраліся агульнасусветныя тэндэнцыі пераасэнсавання мінулага праз захаванне і актуалізацыю культурнай спадчыны. Англійскі даследчык Д. Лоуэнталь у 1980-я гг. слушна заўважыў, што яго пакаленне, больш чым якое іншае мела цягу да мінулага, ператвараючы вуліцы гарадоў у “алеі памяці”.

Такая цікавасць праяўлялася не толькі на індывідуальным узроўні, але і на дзяржаўным. Амаль адразу пасля вайны ў БССР былі прыняты асноўныя нарматыўна-прававыя акты па ахове помнікаў гісторыі і культуры. У 1957 г. была ратыфікавана міжнародная Гаагскай канвенцыі аб ахове культурных каштоўнасцяў у выпадку ўзброенага канфлікта. У 1967 г. было створана Беларускае добраахвотніцкае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры. У 1969 г. быў прыняты першы ў БССР Закон аб ахове помнікаў культуры.

 

Фара Вітаўта. Фотаздымак Ю. Ягорава, 1951
Фара Вітаўта. Фотаздымак Ю. Ягорава, 1951

 Акт прызнання помніка каштоўным суправаджаецца яго трансфармацыяй. Ахова помніка – гэта адначасова і непазбежнае яго змяненне. У дачыненні да гістарычных будынкаў кожная эпоха робіць выбар паміж або прызнаннем, павагай, або іх адмовай. Інстытуалізацыя аховы спадчыны на Захадзе з’яўлялася каталізатарам калектыўнай гістарычнай ідэнтычнасці і фарміравання нацыянальнай свядомасці. У Савецкім Саюзе маніпуляванне памяццю набыло адыёзны і жорсткі характар. Паралельна з прыняццем пастаноў і Закона аб ахове помнікаў гісторыі і культуры знішчаліся шматлікія гістарычныя будынкі. Разбурэнне таго ці іншага будынка было выклікана шматлікімі прычынамі. Але асноўнай праблемай руйнавання было тое, што помнікі ў афіцыйным дыскурсе не разглядаліся і не прэзентаваліся як культурная спадчына.

Сёння вельмі часта азначэнні “помнік” і “культурная спадчына” выкарыстоўваюцца як сінонімы, але другое паняцце ўтрымлівае не толькі памяць, але паказвае і на сувязь паміж пакаленнямі. У савецкіх нарматыўна-прававых дакументах азначэнне “культурная спадчына” не выкарыстоўвалася. Зразумела, што там быў распрацаваны свой тэрміналагічны апарат, але катэгорыя пераемнасці ў характарыстыцы большасці помнікаў гісторыі і культуры Гародні адсутнічаў. Вырыванне з гістарычнага кантэкста, ці рэпрэзентацыя помніка як прыклада чужой, гвалтоўна насаджанай культуры (касцёлы, кляштары) не садзейнічалі фарміраванню ў грамадскасці разумення каштоўнасці будынкаў.

 

Каложская царква. Фотаздымак Ю. Ягорава, 1949
Каложская царква. Фотаздымак Ю. Ягорава, 1949

 

Помнікі ў савецкі час разглядаліся не толькі як рэліквія, але з большага як сацыяльная катэгорыя, якая была напоўнена класавым і патрыятычным зместам. Яны былі падзелены на 4 катэгорыі: архелагічныя, гістарычныя, мастацкія і помнікі архітэктуры. Мы будзем разглядаць толькі нерухомыя помнікі - будынкі, пахаванні і помнікі ў гонар выбітных дзячаў – гэта значыць гістарычныя і архітэктурныя аб’екты. Прыярытэт такіх рэліктаў заключаецца ў тым, што яны непасрэдна даступны органам пачуцця так як суіснуюць з сучаснасцю, і адначасова дзякуючы сваёй апазіцыі сучаснасці даюць магчымасць адчуць мінулае.

Помнікі гісторыі і архітэктуры ў разглядаемы час мелі сваю градацыю, па сваёй “каштоўнасці” яны падзяляліся на помнікі агульнасаюзнага, рэспубліканскага і мясцовага значэння. Помнікаў звязаных “з важнейшымі гістарычнымі падзеямі ў жыцці народаў СССР, рэвалюцыйным рухам, заваёвамі і абаронай Савецкай улады, грамадзянскай і Вялікай Айчыннай войнамі, сацыялістычным будаўніцтвам” у Гародні амаль не было. Таму ў спісе гістарычных помнікаў саюзнага значэння 1950 г., гэта значыць помнікаў, якія атрымалі вышэйшую ступень прызнання ў СССР, гарадзенскія мемарыялы адсутнічалі. А ў спіс помнікаў рэспубліканскага значэння ўвайшлі наступныя гарадзенскія аб’екты: брацкая магіла, дзе былі пахаваны салдаты Савецкай Арміі, якія загінулі ў баях падчас “вызвалення” Заходняй Беларусі ў 1939 г. (сёння вул. Перамогі), дом, дзе “жыла польская пісьменніца Эліза Ажэшка”. У 1957 г. спіс гістарычных помнікаў быў дапоўнены будынкам аблдрамтэатра (сёння тэатр лялек). Аргументацыяй для гэтага былі не яго гістарычная і архітэктурная каштоўнасці – будынак XVIII ст., эпохі дзейнасці Антонія Тызенгаўза, самы старажытны дзеючы тэатральны будынак у Беларусі, - а тыя факты, што ў тэатры 26 студзеня 1919 г. адбылося паседжанне Гарадзенскага Савета працоўных дэпутатаў, а 26 снежня 1940 г. праходзіла першая сесія Гарадзенскага гарадскога Савета дэпутатаў працоўных. Акрамя тэатра ў спіс патрапілі будынак на вул. Савецкіх памежнікаў, дзе знаходзілася падпольная тыпаграфія ЦК КПЗБ у 1927 – 1936 гг.; магіла генерала-маёра С.М. Ланскога на старых праваслаўных могілках; брацкая магіла ў цэнтры гарадскога парка і бюст “польскай пісьменніцы Элізы Ажэшкі”. У Гародні трэба было ці пераасэнсоўваць “старых герояў”, ці ствараць новых. Ідэалагізацыя помнікаў звужала не толькі кола людзей, якіх ушаноўвалі, але і храналагічныя межы з’яўлення рэліквій. Апошні крытэрый быў звязаны з помнікамі архітэктуры. Большасць гістарычных будынкаў у Гародні датавалася перыядам “панска-каталіцкага” панавання і сярод іх пераважалі культавыя помнікі. Таму ў спіс ахоўваемы помнікаў архітэктуры ў 1953 г. былі ўключаны толькі 6 гарадзенскіх аб’ектаў: комплекс старажытных пабудоў ХІІ ст. на Замкавай гары (руіны Ніжняй царквы, рэшткі баявой вежы і Верхняй царквы); Каложская царква; палац Старога замка; рэшткі абарончых сцен замка; Фарны касцёл; палац Новага замка. У 1967 г. Замкавая гара з усімі архітэктурнымі і гістарычнымі помнікамі была аб’яўлена гісторыка-архелагічным запаведнікам.

Спіс помнікаў архітэктуры амаль не папаўняўся. Больш таго, з яго нават выключаліся аб’екты. 20 верасня 1961 г. 15 помнікаў па ўсёй БССР былі пазбаўлены статуса ахоўваемых. Сярод гарадзенскіх – Бернардынскі касцёл і дом Тызенгаўза. Гэта пастанова была прынята літаральна за 2 месяцы да знішчэння Фары Вітаўта. У гэты ж перыяд былі знесены так званыя басняцкія дамы на вуліцы Э. Ажэшкі, будынкі на месцы сучаснага Моладзевага цэнтра “Гродна” і інш.

 

Касцёл Бернардынскага кляштара. Фотаздымак Ю. Ягорава, 1951
Касцёл Бернардынскага кляштара. Фотаздымак Ю. Ягорава, 1951

 

Прыярытэт у фарміраванні вобраза помніка як каштоўнасці належыў дзяржаўным органам, бо толькі ў іх былі неабходныя для гэтага рэсурсы. Але ў публічным дыскурсе прысутнічалі і меркаванні спецыялістаў (гісторыкаў, архітэктараў, мастацтвазнаўцаў), якія мелі магчымасці выдаваць свае працы. Паміж чыноўнікамі і навукоўцамі не існавала яўнага супрацьстаяння. Большасць прац прысвечаных помнікам гісторыі і культуры напісаны з ідэалагічна правільных пазіцый. Але навукоўцы свядома, ці несвядома падкрэслівалі каштоўнасць і ўнікальнасць шматлікіх аб’ектаў, якіх пасля ці выключалі са спіса ахоўваемых, ці руйнавалі. Пры гэтым даследчыкі вельмі часта выкарыстоўвалі ў дачыненні да гістарычных будынкаў азначэнне “спадчына”, што паказвала на пераемнасць і сувязь паміж пакаленнямі. У разглядаемы перыяд асноўнымі працамі па гісторыі архітэктуры Гародні былі “Горадабудаўніцтва Беларусі” прафесара, доктара мастацтвазнаўства Ю. Ягорава, “Гродна” супрацоўніка інстытута гісторыі мастацтва АН СССР В. Кудрашова, артыкул “Будаўніцтва Тызенгаўза ў Гародні” гісторыка архітэктуры А. Квітніцкай.

Актуалізацыя помнікаў і практычныя дзеянні ў іх ахове

Разгледзім на прыкладах недарэчнасці ў ахове помнікаў Гародні і спробы грамадскасці ўключыцца ў гэты працэс. Згодна з вышэй згаданай Пастановай Савета Міністраў БССР ад 20 верасня 1961 г. “Аб частковай змене спісаў археалагічных і гістарычных помнікаў і помнікаў архітэктуры” статус ахоўваемых страцілі Бернардынскі касцёл і дом Тызенгаўза. Аргументацыя па Бернардынскаму касцёлу гучала наступным чынам: “Архітэктура будынка з’яўляецца мала арыгінальнай”. Ю. Ягораў сцвярджаў, што “Бернардынскі касцёл у Гародні з’яўляецца адным з лепшых з мастацкага пункту погляда каталіцкіх культавых будынкаў у гарадах Беларусі”. Называючы касцёлы і кляштары “фарпостамі каталіцызма і чужой, нянавіснай архітэктуры”, даследчык лічыў іх адначасова і арганічнай часткай забудовы горада, яны стварылі яго архітэктурны вобраз.

 

Кантар (дом Тызенгаўза)
Кантар (дом Тызенгаўза)

 

Кудрашоў у дачыненні да каталіцкіх комплексаў зазначаў, што “пры іх еўрапейскім выглядзе… яны ўсё ж такі маюць сваю мясцовую афарбоўку. Архітэктурныя дэталі, якія маюць свае пачаткі ў класіцы, атрымоўваюць перапрацоўку ў духу нацыянальнага беларускага дойлідства”. Пра Бернардынскі кляштар даследчык пісаў, што ён сведчыць пра вялікае разуменне кампазіцыі майстрамі, якія яго будавалі. Яшчэ ў 1958 г. Кудрашоў са шкадаваннем казаў пра разбурэнне кляштарнай агароджы, якую яшчэ можна было адрамантаваць, захаваўшы гістарычны комплекс.

Даследчык выказваў абурэнне і наконт стану фабрычнай канторы (кантар) часоў Антонія Тызенгаўза. Гэты будынак акурат у той час руйнавалі. “Верагодна ў Вільні ці Таліне такі помнік архітэктуры пачалі б аднаўляць,” – пісаў Кудрашоў. Кантора (у спісе - дом Тызенгаўза) у 1961 г. была пазбалена статуса ахоўваемага (прычына – архітэктура дома паўтараецца ў іншых больш капітальных будынках) і знішчана.

 

Дом майстра з артыкула Квитницкая, Е.Д. Строительство Тизенгауза в Гродно // Архитектурное наследство. – М., 1958. - № 11
Дом майстра з артыкула Квитницкая, Е.Д. Строительство Тизенгауза в Гродно // Архитектурное наследство. – М., 1958. - № 11

 

Вельмі цікавымі архітэктар называў басняцкія дамы, ці дамы майстроў на вуліцы Э. Ажэшкі. Якія пасля рамонта, сцвярджаў Кудрашоў, маглі б яшчэ выкарыстоўвацца доўгі час. Але якраз у той перыяд яны ўжо знішчаліся.

Будынкі часоў Антонія Тызенгаўза даследчыца Алена Квітніцкая, як і Кудрашоў называла цікавымі. Па меркаванню Квітніцкай у іх ставіліся і вырашаліся пытанні планіроўкі і комплекснай забудовы значных плошчаў, пытанні тыпавога будаўніцтва, таннасці і масавасці канструкцыі, пытанні стварэння вызначанага абрыса будынка новага тыпу. Сярод якасных характарыстык будынкаў на Гарадніцы у публікацыі выкарыстоўваліся: прагрэсіўнасць, пазнавальнасць, практычнасць. Квітніцкая не выкарыстоўвала паняцці “помнік”, “каштоўнасць” у адрозненні ад Кудрашова і Ягорава, але пра значнасць аб’ектаў сведчыць выснова, да якой прыйшла даследчыца – ідэі маламетражных дамоў, эканомнае спалучэнне розных матэрыялаў, максімальная выразнасць будынкаў пры мінімальных выдатках дэкаратыўных сродкаў былі блізкія сучаснаму (савецкаму – Т.К.) будаўніцтву.

Даследаванні таго часу сведчаць пра працэс інтэрпрэтацыі помнікаў, што з’яўляецца адным з галоўных шляхоў іх успрыняцця грамадскасцю як каштоўнасці. Вынконваючы функцыю інтэрпрэтатараў, навукоўцы рэпрэзентавалі некаторыя з помнікаў як сімвалы нацыянальнай ідэнтычнасці. Прыярытэтнае становішча ў такім успрыняцці помніка займала Каложская царква ХІІ ст. Але гэтыя публікацыі па аб’ектыўных прычынах не маглі паўплываць на вялікую колькасць жыхароў горада. Навуковыя працы заўсёды маюць абмежаванае кола мэтавай аўдыторыі. А ў СМІ самым грунтоўным артыкулам, напісаным на тэму аховы спадчыны, быў артыкул ужо згаданага В. Кудрашова. У гэты перыяд не выдаваліся навукова-папулярныя даведнікі ці буклеты пра помнікі архітэктуры Гародні, які маглі ахапіць больш шырокае кола людзей у актуалізацыі гістарычных будынкаў.

 

 


Што датычыцца катэгорыі атрактыўнасці помніка, то яна адносная, эстэтычныя густы не заўсёды супадаюць. І на той час (1950-я – 1960-я гг.) шматлікія будынкі Гародні знаходзіліся ў паўразбураным і занядбаным стане. Усё гэта ўскладнялася паступовай стратай і такой складаючай успрыняцця помніка як сентыментальныя пачуцці. Так, як змяняўся склад насельніцтва горада – выязджалі палякі, габрэі, якія не загінулі падчас вайны, прыязджалі жыхары з іншых гарадоў і вёсак – то ўсё менш заставалася людзей, у якіх помнікі выклікалі гістарычныя ўспаміны.

Але спробы супрацьстаяць разбурэнню гістарычных будынкаў у Гародні былі. Напрыклад, абарона Фары Вітаўта (гарнізоннага касцёла). Аднак з боку ўладаў была праведзена “тлумачальная кампанія, што, маўляў, яго палякі да вайны перабудавалі, будынак зараз не мае ніякай гістарычнай каштоўнасці, ён з’яўляецца аварыйным, і толькі псуе від. А яшчэ пусцілі чуткі пра тое, што калі людзі пачнуць пярэчыць, то і Фарны касцёл знясуць”. У выніку велічны касцёл у цэнтры Гародні быў зруйнаваны. Пасля разбурэння Фары Вітаўта, з’явіліся ідэі знішчэння і касцёла Св. Францішка Ксаверыя (Фарнага касцёла). Але супраціў грамадства быў настолькі моцны і маштабны, што ўлады адмовіліся ад гэтай задумы. У абароне Фарнага касцёла з большага ўдзельнічалі вернікі. Яны ўспрымалі касцёл як культурную спадчыну, якая падмацоўвалася рэлігійнымі пачуццямі. Для вернікаў Фарны касцёл з’яўляўся больш каштоўным, чым гарнізонны. Бо да 1960 г. ён быў дзеючым. Адразу пасля закрыцця касцёла пачалася шырокая кампанія па аднаўленню правядзення службаў у храме. За перыяд з чэрвеня 1960 г. да студзеня 1961 г. было напісана 13 заяў, лістоў, тэлеграмаў у вышэйшыя партыйныя і дзяржаўныя органы ўлады з просьбамі аднавіць дзейнасць касцёла. У адной з заяў на імя Старшыні Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР было пастаўлена больш 200 подпісаў. Трэба дадаць, што Фарны касцёл на той час афіцыйна з’яўляўся помнікам архітэктуры. Але як мы ўжо зазначылі вышэй прыведзенымі прыкладамі гэты статус меў тады фармальны характар. У выніку касцёл не быў зруйнаваны, але і службы ў ім не правадзіліся да 1987 г.

Менш заўважна і амаль без супраціву былі знесены дамы майстроў на вуліцы Э. Ажэшкі. “Калі нам з Аляксеем Карпюком стала вядома, што іх хочаць знесці, мы пайшлі з пратэстам да старшыні гарвыканкам Г. Ахрыменкі, - узгадваў Барыс Клейн. - Ён паводзіў сябе нахабна і агрэсіўна. Не толькі не прыпыніў разбурэнне, а наадварот, загадаў хутчэй знесці”.

Лауэнталь сцвярджаў, што цікавасць да тых ці іншых слядоў мінулага расце калі ўзрастае пагроза іх знікнення. Але ў 1950-я – 1960-я гг. у Гародні гэта тэндэнцыя не стала заканамернасцю. Бо стварэнне інстытута аховы помнікаў без фарміравання разумення каштоўнасці помніка па ўсіх трох накірунках: атрактыўнасць, даступная і шырокая інтэрпрэтацыя, і сентыментальныя пачуцці, не садзейнічала з’яўленню ў гараджан усведамлення гістарычнай спадчыны. З боку ўладаў адбывалася фармальнае маркіраванне помнікаў гісторыі і архітэктуры. Гародня не ўпісвалася ў іканаграфічныя патрэбы і перавагі савецкай рэчаіснасці. Мемарыялы і будынкі трэба было прыстасоўваць да пануючай ідэалогіі. Пры гэтым адбываўся разрыў з традыцыямі і ліквідацыя пераемнасці, у выніку – адсутнасць грунта для фарміравання нацыянальнай ідэнтычнасці. Маніпуляванне гістарычнай памяццю ў той час спрыяла таму, што Гародня маючы вялікую колькасць гістарычных будынкаў, страчвала іх як матэрыяльна, так і духоўна.

Таццяна Касатая
 

Scroll to top