29 красавіка 2021 г. ў Горадні адбылася вельмі важная навуковая канферэнцыя “Каралеўскі Гродна. Матэрыяльная і духоўная культура”, на якой былі агучаныя праблемы, звязаныя з праектнаю канцэпцыяй "Рэстаўрацыі і прыстасавання пад гісторыка-археалагічны музей комплексу Старога замка ў Гродна".

Падчас майго выступу на канферэнцыі па тэме “Гісторыка-архітэктурнае абгрунтаванне аднаўлення канструкцыі галоўнага ўваходу ў Каралеўскі палац 2-й паловы XVI – 1-й паловы XVII стст. у ансамблі Старога замка ў г. Гродна” ўзнікла пытанне, якое запатрабавала дадатковага развязання і тлумачэння – размова вядзецца пра выяўлены на дваравым фасадзе Каралеўскага палаца (палаца Стэфана Баторыя) на Старым замку след ваконнага ці дзвярнога празора, што меўся перасякацца канструкцыяй капітальнай лесьвіцы з мураванымі прыступкамі. А менавіта такую лесьвіцу мы знаходзім на найранейшым захаваным плане палаца Баторыя, і падмуркі менавіта ад такой лесьвіцы былі ўскрытыя падчас археалагічнага даследвання пляцоўкі перад палацам.

 

Іл.1 Фрагмент плана палаца Баторыя з уваходнаю капітальнай 1-маршавай лесьвіцаю (чырвоным на плане паказаныя мураваныя канструкцыі)

 

Апанентам майго дакладу, у якасці якога выступіў адзін з аўтараў вышэйзгаданай праектнай канцэпцыі, была акрэсленая наступная пазіцыя: “…выяўлены празор у муры палацавага корпуса, ня мог перасякацца з канструкцыяй капітальнай лесьвіцы, што даказвае, быццам капітальная лесьвіца не магла быць збудаваная адначасова з корпусам, а была ўзведзеная значна пазней”.

Дзеля развязання пастаўленага праблемнага пытання яго трэба разбіць на наступныя падпытанні:

а) ці мог дзеючы празор перасякацца капітальнай лесьвіцаю?

б) калі мог, як тады меў выглядаць такі празор?

 

Іл.2 Дваравы фасад палаца Баторыя: сінім колерам пазначаная рэканструяваная траса капітальнай лесьвіцы, жоўтым – выяўленыя на фасадзе празоры, чырвоным – выяўлены след празора, які аналізуецца ў тэксце

Зыходзячы з таго, што вырашэнне ўваходнай часткі ў мураваныя двух- і болей-павярховыя будынкі ў выглядзе капітальных фасадных лесьвіцаў ня толькі сустракаецца ў еўрапейскай архітэктуры, але і з’яўляецца шырока распаўсюджаным, а таксама з уліку на вялікую колькасць захаваных дасюль аналагічных аўтэнтычных аб’ектаў, мы маем магчымасць развязаць праблемныя пытанні на падставе гістарычных аналагаў, частка з якіх будзе прыведзеная ніжэй.

 

 

Іл.3 Старая ратуша м. Ліндаў

Аўтэнтычныя рэнесансныя канструкцыі старой ратушы места Ліндаў (ням. Lindau) у Нямеччыне датуюцца 1576 г., то бок, адпавядаюць да палаца Стэфана Баторыя на Старым гарадзенскім замку і па часе і стылістычна. На галоўным фасадзе ратушы мы бачым капітальную 1-маршавую, з каменнымі прыступкамі, лесьвіцу з узроўня 1-га паверха вуліцы да 2-га паверха будынка, як і пры дваравым фасадзе палаца Баторыя на Старым замку ў Горадні. На тым жа фасадзе будынка над лесьвіцай мы бачым два рэнесансавыя вакны, з адным з якіх капітальная лесьвіца судакранаецца, а другое - перасякае, пры тым, што і ваконныя празоры і лесьвіца датуюцца аднолькава – 1576-м годам.

 

Іл.4 Фрагмент фасаду ратушы м. Ліндаў. Відаць лесьвіцу і вокны

 

 

Іл.5 Фрагмент фасаду ратушы м. Ліндаў. Відаць лесьвіцу і вокны. Добра відаць, што другое, далейшае, вакно перасякаецца лесьвіцаю больш, чым напапалам

Як відаць з прыведзенага аналага, ваконныя празоры цалкам нармальна стасаваліся з капітальнаю лесьвіцай, што іх перасякала, прычым трэба зазначыць яшчэ раз, што і вокны і лесьвіца датуюцца адным годам!

Насамрэч, падобная практыка была вельмі распаўсюджанаю, прывядзем яшчэ прыклад архітэктурнага стылю Рэнесанс – Базыліка ў м. Вічэнца, Італія: там адразу дзве капітальныя фасадныя лесьвіцы перасякаюць вокны, прычым і лесьвіцы і вокны будаваліся адначасова паводле першапачатковай задумкі аўтара. Больш за тое, на прыведзенай ніжэй ілюстрацыі мы можам пабачыць яшчэ адно вакно, што было збудаванае адначасова з лесьвіцаю і перасякалася ёю, але ўжо пазней было закладзенае.

 

Іл.6 Фрагмент фасаду базылікі ў м. Віцэнца, Італія. Добра відаць вакно, што перасякаецца капітальнаю лесьвіцай

Агулам, практыка размяшчэння ваконных і (радзей) дзвярных празораў за іншымі канструкцыямі была вельмі распаўсюджанаю ў тыя часы, больш за тое, у пазнейшыя часы, напрыклад, у XVIII ст. ваконныя празоры на некалькі паверхаў, што перасякаліся лесьвіцамі і проста міжпавярховымі перакрыццямі сталася спецыяльным архітэктурным прыёмам ды часта выкарыстоўваецца нават у сучаснай архітэктуры.

 

Іл.7 Палац Рэктара ў м. Дуброўнік, Харватыя. Нутраны двор. Леваруч добра відаць вакно, размешчанае проста за калюмнай

Такім чынам, адказ на першае праблемнае падпытанне знойдзены: дзеючы празор мог перасякацца капітальнай канструкцыяй лесьвіцы, і такая практыка была пашыраная ў еўрапейскай архітэктуры на момант пабудовы палаца Стэфана Баторыя на Старым замку ў Горадні.

Далей разглядзім на падставе гістарычных аналагаў, як мог выглядаць такі празор. Прыведзеная ніжэй аналітычная схема рэпрэзентуе ў маштабе розныя варыянты вырашэння разглядаемага празора на падставе гістарычных аналагаў:

 

Іл.8 Аналітычная схема варыянтаў вырашэння празора, выяўленага на дваравым фасадзе палаца Стэфана Баторыя ў Горадні (у маштабе на падставе абмераў фасада)

 

1) ніжняя плоскасць празора (і ваконнага і дзвярнога) магла карэляваць з кропкаю перасячэння празора і канструкцыі лесьвіцы, і пры гэтым гэтая, ніжняя, плоскасць магла па вышыні не адпавядаць да суседніх вокнаў. На разгледжанай вышэй ратушы м. Ліндаў на лявейшым з вокнаў мы бачым такі варыянт.

2) ніжняя плоскасць вакна магла “падразацца” пад плоскасць канструкцыі лесьвіцы, прычым сам празор мог як першапачаткова рабіцца такім, гэтак і закладацца пазней. Падобныя аналагі мы сустракаем па ўсёй Еўропе і ў грамадзянскіх і ў культавых пабудовах, і ў шэраговай забудове.

3) дадзены варыянт, дзе канструкцыя перасякае празор; быў разгледжаны вышэй.

4) такі варыянт, як варыянт 1, прадугледжвае перамяшчэнне па вертыкалі адной з плоскасцяў празора. Тут, як відаць, перамешчаная перамычка, якая таксама магла па вышыні не адпавядаць да суседніх вокнаў. На дваравым фасадзе Батораўскага палаца зандаж тынку дазволіў выявіць бакавыя плоскасці разглядаемага ў артыкуле празора, але перамычку над ім пакуль не выявілі, таму пацвердзіць ці абвергнуць варыянт можна проста пашырыўшы плошчу зандажу. Добрую гістарычную аналогію для варыянту мы знаходзім на палаццо Орсіні, дзе відаць, як вокны “скачуць” у залежнасці ад капітальнай канструкцыі перад фасадам (гл. на ілюстрацыі ніжэй).

5) нарэсце, выяўлены на фасадзе палаца Баторыя празор мог увогуле ніколі не існаваць. Справа ў тым, што часта пры ўзвядзенні мураваных канструкцыяў будынка ў сценах маглі рабіцца празоры з перамычкамі, якія яшчэ ў працэсе будаўніцтва выяўляліся непатрэбнымі і закладаліся.

Заключэнне:

Выяўлены на дваравым фасадзе палаца Стэфана Баторыя на Старым замку ў Горадні празор ніяк не адмаўляе існавання адначасова з ім збудаванай вонкавай капітальнай лесьвіцы.

Сама форма вакна (ці дзверы) гэтага празора магла быць рознаю, пра што сведчаць шматлікія аналагі ў еўрапейскай архітэктуры таго ж часу, што і Батораўскі палац.

 

Шукаюць

Scroll to top