Пры больш падрабязным вывучэнні гравюраў Адэльгаўзера–Цюндта 1567 – 1568 гг. і Тамаша Макоўскага 1600 г., супастаўленні іх з дакументамі і эмпірычнымі даследаваннямі мясцовасці былі атрыманыя новыя звесткі па гэтаму раёну Гародні.
Гравюра Адэльгаўзера–Цюндта шматсюжэтная, складзеная з розных малюнкаў, выканана на вельмі высокім мастацкім узроўні. У цэнтры ўвагі – прыём пасольстваў. Гэтая падзея ідзе на першым плане. Яго удзельнікі намаляваны даволі дэталёва і ў профіль. “Фонам” стала Гародня з яе пабудовамі і штодзённасцю. Гэта сведчыць пра высокі ўзровень мастака і яго назіральнасць. Пад яго пільнае вока патрапілі як архітэктурныя асаблівасці горада, так і хатнія жывёлы каля Нёману. Повілас Рэклайціс, а за ім Томаш Неваднічанскі адзначаюць пра дакладнае адлюстраванне на гравюры тапаграфіі і архітэктуры горада, а таксама пра інфарматыўнасць выявы.
Пачатак артыкула: Невядомае пра вядомае: уладанні царквы і манастыра Св. Барыса і Глеба ў канцы 15 – пачатку 17 ст. Частка 1 |
Аднак шэраг даследчыкаў вылучае на гравюры дзве “істотныя памылкі”. Першая – Нёман цячэ ў адваротны бок, другая – Нёман каля Каложы пераходзіць у Гараднічанку і царква з манастыром апынулася на яго левым баку. Гэта было аднесена да памылкі мастака. Напрыклад, Алена Квітніцкая прыводзіць як доказ недакладнасці панарамны фотаздымак Гародні 1866 г. Але ён зроблены з адной кропкі, на ўзвышшы з правага боку ад Старога моста, як ехаць у цэнтр горада. А гравюра рабілася з трох кропак. Гэта прасочваецца ў гравюры. Бачны тры цэласныя сюжэты: Каложская царква і раён каля яе, замкі і цэнтр горада, Падол. Другая “памылка” абмяркоўвалася ў літаратуры яшчэ на пачатку 20 ст. Было выказана меркаванне, што арыгінальны малюнак быў папсаваны, – левы кут быў адарваны,– а гравёр дамаляваў згубленую частку і прыняў Гараднічанку за Нёман. В.В. Гразноў лічыў, што тут не было памылкі. Намалявана была не Каложа, а невядомая царква на фарштаце. З гэтым не пагадзіўся Я. Арлоўскі. Наяўнасць “памылак” выклікала пэўны сумніў і недавер да іншых выяваў на гравюры. Яна больш выкарыстоўвалася як ілюстратыўны матэрыял, а не даследчыцкі. Варта адзначыць, што пазнейшыя копіі гравюры за 1575, 1608, 1637, 1720 і за іншыя гады сапраўды ўтрымліваюць памылкі і недакладнасці. Іх немагчыма выкарыстоўваць для тапаграфічнай і архітэктурнай ідэнтыфікацыі горада.
На нашу думку, гэтых “памылак” на гравюры няма. Пры больш уважлівым разглядзе панарамы можна заўважыць па ракурсу пабудоў, што замалёўкі Адэльгаўзерам рабіліся з розных кропак: узвышша каля сучаснага Старога моста, францысканскага ўзвышша і узвышша з сучаснай вуліцы Міра, прыкладна каля дамоў № 3–5. Калі ўлічыць гэтыя абставіны, то зразумела, куды знік Нёман з гравюры. Яго проста не бачна з вуліцы Міра. Таксама рака ўжо не аглядаецца ў далёкай перспектыве з францысканскага ўзвышша. Зараз там яшчэ вялікія дрэвы засланяюць далягляд. Але і ў той час добраму віду на Нёман замінаў ваенны лагер і асаблівасці мясцовасці. Калі прыглядзецца да гэтай часткі Нёмана, то можна заўважыць намёк на “разгалінаванне” ракі, упадзенне Гараднічанкі ў Нёман. Гэта адсутнічае ў пазнейшых копіях гравюры 1575 г. і інш. Акрамя таго добра бачна манастырская тэрыторыя і нават некаторыя дэталі пабудоў з вул. Міра. У тым ракурсе як царква прадстаўлена на гравюры, яе можна было намаляваць толькі адтуль. З узвышша каля моста царкву немагчыма так разглядзець без выкарыстання аптычных прыбораў. Таму зразумела, чаму не адлюстраваліся на выяве царкоўны сад і дамы царкоўных падданых, што месціліся каля Нёмана. Яны не патрапілі ў поле зроку мастака. Бачна толькі невялікая тэрыторыя каля Гараднічанкі, а за Каложай – пабудовы Сухога Сяла.
У гэтай частцы гравюры большае месца займаюць дзеянні звязаныя з сустрэчай пасольства. У цэнтры змешчаны вайсковы лагер, які быў абмежаваны левым берагам Нёмана і вуліцай Лабенскай і знаходзіўся прыкладна насупраць Старога замку, у раёне сучаснай прыстані. Называўся ён Зарачанскі пасад. Лагер быў агароджаны, каля варот стаяла варта. Выходзіць было дазволена толькі ў суправаджэнні. Гравюра найбольш дакладна перадае выгляд царквы Св. Барыса і Глеба і вакольнай тэрыторыі, наколькі гэта магчыма для падобнага твора мастацтва. Над царквой змешчаны надпіс на латыні: “Templum Russorum latericium” (“Мураваная праваслаўная царква”). Царква і манастыр былі агароджаны брамай недалёка ад званіцы, што было натуральна для манастырскага комплексу. Праўда, на колькі быў умацаваны манастыр, па гравюры меркаваць складана. На яго тэрыторыі знаходзіліся царква, званіца з капліцай, дзве пабудовы (напэўна манастырскія, ці адна манастырская, а другая – гаспадарчая) і могілкі. Алтарная частка царквы накрытая двухсхільным дахам, а храм чатырох-гранным купалам. Зыходзячы з абарончага характару царквы ў літаратуры было прадстаўлена меркаванне, што вежа з правага боку ад уваходу ў царкву таксама была пабудавана для абарончых мэтаў. Круглая вежа ўвенчвалася купалам з крыжам. Але яе існаванне выклікае сумніў у даследчыкаў. Таксама як меркаванне, што лесвіцы каля апсіды вялі на гэтую вежу, проста яна памылкова мастаком змешчана ў іншым баку. Так як гэты бок царквы абваліўся, то сёння немагчыма даследаваць нават яе фундаменты. Але на нашу думку такая вежа магла існаваць першапачаткова. Археалагічныя раскопы ў Ваўкавыску выявілі недабудаваную царкву 12 ст., у якой з правага боку ад галоўнага увахода размяшчалася вежа, таксама як і ў Каложскай царкве. Такая схема пабудовы храма як у Ваўкавыску магла быць не адзінай. Яе маглі выкарыстаць у Каложскай царкве, што і адлюстраваў гравёр. Побач з царквой намаляваны дзве манастырскія пабудовы. Яны даволі простыя па сваёй архітэктуры. Першая месцілася на пляцы перад царквой, але не на адной лініі з ёй, а высунутая ўперад. Зараз там знаходзіцца памятны камень Грунвальдскай бітве 1410 г. Калі верыць гравюры, то ўваход у яе быў з боку Нёмана, ці адзін з уваходаў. Будынак двухпавярховы з паддашшам і двухсхільным дахам, на якім бачны дымаход. Тры вакна было над дзвярыма, адно з іх пад дахам, а тры на другой сцяне. Другая пабудова таксама мела двухсхільны дах, двухпавярховая са схематычна намаляванымі вокнамі.
За царквой была званіца з прыбудовай. На нашу думку, гэта была царква Св.Тройцы, аб якой згадваецца ў 1593 г. (аб царкве гл. далей). Яна магла знаходзіцца амаль на ўскрайку ўзвышша, побач з агароджай. Зараз гэта за межамі агароджы царквы. На гэтай жа гравюры падобная па архітэктуры званіца знаходзіцца побач з Прачысценскай царквой. Кёльнскі канонік Георг Браўн апісаў яе як драўляную на пáлях і слупах, якія замацаваны папярэчнымі бярвеннямі (1575). Пустыя месцы былі засыпаны камянямі. На нашу, думку, папярэчныя замацаванні маглі быць зроблены ў выглядзе лесвіцы, каб зручна было трапляць да звана. У званіцы вылучаецца дзве часткі. Першая – гэта слупы з перакрыццямі, а другая – звон, над якім быў купал з крыжам. Планіроўка Барысаглебскай і Прачысценскіх цэркваў не прадугледжвала наяўнасць званоў у храме. Таму пазней званіцы былі пабудаваныя асобна. Але калі званіца Прачысценскай царквы намалявана як асобны будынак, то побач са званіцай пры манастыры была прыбудова. Разам яны нагадваюць невялікі манастырскі храм. Іншая драўляная званіца была пабудавана ў 17 ці 18 ст. і разабрана ў 19 ст. На самым краю берага знаходзіліся могілкі. На адным з надмагілляў бачны крыж. На тэрыторыі манастыра магло быць і болей пабудоў, напрыклад гаспадарчыя. Але яны маглі не патрапіць у поле зроку мастака.
На гравюры Тамаша Макоўскага 1600 г. з левага боку ад замка размешчаны манастыр Св. Барыса і Глеба. Выява Каложскай царквы адрозніваецца ад выявы на гравюры Адэльгаўзера–Цюндта. Калі на першай купал з крыжам яўна паказваў, што гэта царква, то на другой яе можна прыняць за свецкую пабудову. Над ёй адсутнічае надпіс, як гэта зроблена над іншымі храмамі. У параўнанні з імі Каложская царква намалявана даволі схематычна. Аднак на куце каля галоўнага ўвахода праглядаецца вежа. Уладзімір Бачкоў лічыць, што яна на той час была з двухсхільным дахам і вежамі па кутах, чым нагадвала цэрквы першай паловы 16 ст. у Сынкавічах, Мураванцы, Супраслі. Яе вільчыкі не маюць завяршэння, на даху бачна сігнатура з галоўкай. На нашу думку, царква не змяніла свой ранейшы выгляд. Але на такі выгляд храма на гравюры паўплывала тое, што кропка з якой рабілася панарама Гародні знаходзілася амаль насупраць царквы Чэстнага Крыжа, можа і крыху далей. Аб чым сведчыць ракурс пабудоў. Адтуль Каложскую царкву ў дэталях разглядзець немагчыма. Чытач можа сам схадзіць на ўзвышша на вуліцы Дарвіна і пераканацца, што царква з гэтай кропкі выглядае як квадратная пабудова: апсіды зліваюцца ў адну сцяну, а двухсхільны дах робіць уражанне, што гэта свецкі будынак. Таму яе выява адрозніваецца ад выявы на гравюры Адэльгаўзера–Цюндта 1567 – 1568 гг. Акрамя таго, археалагічныя даследаванні даўно пацвердзілі, што пакутах царквы не было вежаў, хоць царква ў выпадку ваеннай бяспекі магла стаць месцам абароны.
Побач з ёй змешчаны тры пабудовы, як і ў папярэдняй гравюры. Адна з іх зліваецца з царквой. Пабудова з левага боку – манастыр, а з правага – царква Св. Тройцы са званіцай. Але на гравюры яна выглядае як звычайная пабудова з двухсхільным дахам. За ёй слаба праглядаецца купал званіцы. З папярэдняй гравюры вядома, што яна знаходзілася за прыбудовай.
Могілкі засталіся невідочнымі, але бачна іх месца знаходжання. На сутоках Гараднічанкі добра відаць частку аднаго дома. На падставе іншых крыніц можна сцвярджаць, што гэта адзін з двароў царкоўных агароднікаў. Аднак царкоўны сад на гравюры не адлюстраваўся. У параўнанні з гравюрай Адэльгаўзера–Цюндта царква Св. Барыса і Глеба і манастырская тэрыторыя намаляваны горш, на што паўплывала іншае месца знаходжання мастака. Але пры гэтым гравюра Т. Макоўскага пацвярджае схему знаходжання пабудоў на манастырскай тэрыторыі, якая была і на гравюры 1567 – 1568 гг. Дадзеныя гравюры застаюцца адзінымі выяўленчымі крыніцамі за гэты час. У іх адлюстраваліся выявы цэркваў Св. Барыса і Глеба і Св. Тройцы, манастырскіх пабудоў. Канечне, ім не хапае дэталёвасці і большай дакладнасці, але гэта не зніжае іх каштоўнасці.
М. Валовіч звярнуўся да І.Гарнастая, які трымаў манастыр Св. Барыса і Глеба пасля смерці ігумена Місайлы, каб той перадаў яму яго. Спрыяў перадачы і маршалак і пісар ВКЛ Астафей Валовіч. Жыгімонт Аўгуст выдаў адпаведны ліст (1554). І.Гарнастай аддаў манастыр ў 1554 г. М. Валовіч выгнаў адзінага манаха за сваявольства і паставіў свецкага папа, які не ведаў пра валоданне манастыром Панямуннем. Праз год (1555) па просьбе Марка, за заслугі роду Валовічаў, была зацверджана перадача манастыра пасля смерці Марка яго сыну Сямёну. Адзначалася, што Марк ужо ва ўзросце і згубіў зрок. Яму дазвалялася жыць пры манастыры да канца жыцця87. І. Кульчыцкі піша, што Сямён Валовіч трымаў манастыр да 1568 г. У гэтым годзе па прывілею Жыгімонта Аўгуста ён з усімі ўладаннямі (с. Чашчыцы, царква і маёмасць у ёй) быў перададзены гарадзенскаму падкаморыю Паўлу Юр’евічу Катовічу. Павінна была прайсці інвентарызацыя манастыра для перадачы новаму ўладальніку. Гарадзенскі падкаморы трымаў манастыр да 1580 г. А пасля яго зноў там уладарыў С. Валовіч. У 1591 г. гарадзенскім архімандрытам стаў гарадзенскі падкаморы Багдан Годкінскі. Ён прыняў пострыг і ўзяў імя Клімант. Пры перадачы Б. Годкінскаму Каложскай царквы і манастыра ад падскарбія ВКЛ Дземетрыя Халецкага пасля смерці Сямёна Валовіча была праведзена інвентарызацыя ўладанняў (1591). Аб Чашчыцах адзначалася, што яны спустошаны, і пабудовы там у дрэнным стане. Да манастыра належала ўрочышча Шчэрбніцы над рэчкай Русота, сяло Басарабы пры Перстунскай воласці. Межы ўладанняў былі апісаны даволі дакладна. Акрамя таго падрабязна быў прадстаўлены раён вакол манастыра, дзе размясціліся двары 20 манастырскіх агароднікаў. Першы агароднік жыў пад самым Нёманам, за ровам, – Пятрук Швец, другі, на гары, каля саду, як ісці з замку пад самай дарогай, – Касцюк з сынам Васілём, трэція – Рыбакі, там жа далей за садам на гары – удава Хведкі з сынам і зяцем Давідам, чацвёрты – ў ірве над ракою Гарадніца, пачаўшы ад Нёмана і да каралеўскага двара Гарадніца, да вялікага каменя за старажытнай манастырскай студняй адзін за другім, пяты – Паўлюк Бязручка, шосты – Марцін Стрыхар, сёмы – Анушка Хвятковіч, восьмы – Мартын Аўдзей, дзевяты Стас Стэфановіч, дзесяты – Андрэй Сотнік, адзінаццаты – Антоні Волах, дванаццатая – удава Пятрука, трынаццаты Юрка Каменскі, чатырнаццаты – цясляр Іван Гапановіч, пятнаццаты – Томка Ваковіч, шаснаццаты – Іван Смушка, семнаццаты – Іван Альшэўскі, васемнаццаты – Сенька Коцел, дзевятнаццаты – Мацей Пашковіч, дваццаты – Макар, які жыве на самым куце над старажытнай манастырскай студняй, якая на манастырскім грунце. Мяжа пачыналася ад ракі Нёман, ішла ровам над ракою Гараднічанка, міма студні, да вялікага каменя на беразе Гараднічанкі, рогам ад каменя ад Гараднічанкі на гару на плытніцу гарадзенскага мешчаніна Шчаснага Бурбы, дзеліць манастырскія землі ад зямель Сухога Сяла і іх выгану. Далей мяжа працягвалася каля Сухога Сяла да ракі Нёман міма манастыра і царквы. У другім месцы мяжа пачыналася ад таго ж манастырскага грунту за выганам Сухога Сяла ад тыльнай сцяна абрубу Гарадніца і дворнага поля, другім канцом да ракі Нёман да ўзгаданага выгану Сухога Сяла, другім канцом каля моргаў Сухога Сяла, якія трымаў Антоні дэ Кгрыпа (18 моргаў). У дадзеным дакуменце даволі падрабязна апісаны межы тэрыторыі вакол манастыра. Двары агароднікаў размяшчаліся каля Нёмана і Гараднічанкі. Можна казаць, што сучасны Каложскі парк уваходзіў у манастырскую тэрыторыю, а манастырскія агароднікі засяліліся на тэрыторыі ўздож Гараднічанкі да перасячэння сучасных вуліц Вялікай Траецкай і Віленскай. Як адметныя знакі згадваюцца старая манастырская студня, якая знаходзілася ў адносным аддаленні ад манастыра, роў, вялікі камень, сад, дарога каля Нёмана, роў над Гараднічанкай.
Пасля перадачы царквы і манастыра Св. Барыса і Глеба падскарбі ВКЛ Дземетры Халецкі працягваў прымаць удзел у іх справах. Ён адрасаваў ліст каралеўскаму сакратару Грыгорыю Дзяльніцкаму на падставе скаргі браслаўскага і гарадзенскага архімандрыта Б.Годкінскага (18 мая 1593 г.). У ім было адзначана, што манастыр быў занядбаны пры Сямёне Валовічы. Ім была пракладзена новая дарога праз манастырскую тэрыторыю пад цэрквамі Св. Тройцы і Св. Барыса і Глеба. Гэтым была нанесена шкода пабудовам. Так магло адбыцца, калі яна праходзіла ў непасрэднай блізкасці ад іх. Частка гэтай дарогі магла ісці па тэрыторыі манастыра паміж могілкамі і цэрквамі. Таксама ён скардзіўся на гарадзенскага цырульніка Каспара Кныбоўскага, Антонія дэ Кгрыпу і іншых, якія атрымалі ад гаспадара валокі ў Сухім Сяле ў пажыццёвае карыстанне і пашкодзілі межы паміж сваімі і царкоўнымі ўладаннямі. Падскарбі ВКЛ загадаў Г.Дзяльніцкаму ў якасці рэвізора разам з гарадзенскім намеснікам агледзіць тыя тэрыторыі, аднавіць межы, папсаваць новую дарогу, а старую – паправіць. Па гэтым фактам была прызначана камісія, якая аднавіла межы (1593). Дакумент добра апісвае спрэчныя межы, але ў ім адсутнічае інфармацыя пра засыпанне новай дарогі і аднаўленне старой, таксама не згадваецца царква Св. Тройцы.
Пра царкву Св. Тройцы пры манастыру Св. Барыса і Глеба адзначана яшчэ ў судовай справе Б. Годкінскага з Г. Міцутай за 1599 г. 21 жніўня 1599 г. гарадзенскі возны Шыман Янкоўскі разам з двума шляхцічамі Міхаілам і Стэфанам Карчыцкімі прыйшоў у царкву Св. Тройцы, каб аддаць архімандрыту позву ў суд. У той час там ішла вячэрняя служба, і ён паклаў дакумент пад дзверы царквы, а не аддаў у рукі Б. Годкінскаму. Іншыя дакументы з земскага суда былі ўторкнутыя ў доме архімандрыта, які знаходзіўся на тэрыторыі манастыра. Царква Св. Тройцы была зноў згадана ў судовым выраку па гэтай справе (1599). З гэтых дакументаў вынікае, што другая царква не знаходзілася ў занядбаным стане, у ёй праводзіліся службы.
Царква Св. Тройцы фігуруе ў прывілеі Станіслава Аўгуста Панятоўскага пры пацвярджэнні прывілея Жыгімонта Старога царкве Св. Тройцы на зямлю Суслаўшчына Хадарковіча ў Азёрах, 1511 г. Месца знаходжання гэтай царквы не высветлена. Камісія, якая была створана для вяртання фундацый праваслаўным цэрквам, не змагла выявіць іншых звестак па царкве акрамя згаданых. У гістарыяграфіі складалася думка, што яна была на вуліцы Траецкая, каля Нямецкага рынку. Аднак там знаходзіўся касцёл Св. Тройцы. Яго месца знаходжання было апісана пры продажы Ганнай Кейшаўнай Раўскай пляца Андрэю Станіслававічу Раксцэвічу і яго жонцы Ядвізе Каленнікаўне (1674). Ён знаходзіўся над Гараднічанкай: пярэдні бок выходзіў на вуліцу, якая ішла з Нямецкага рынка, тыльны бок – да Гараднічанкі, адзін бок – да Віленскай дарогі, а другі – да пляцаў касцёла Св. Тройцы.
Польскі даследчык Пшэмак Баравік выказаў меркаванне, што гэтай царквы ў той час у горадзе не існавала, бо поп у прывілеі названы Азёрскім, які толькі паходзіў з Гародні. Таму наданне было дадзена не царкве ў Гародні, а ў Азёрах. Зямля Суслаўшчына ніколі не згадваецца ў дакументах як уладанне манастыра. Таксама дадзенага прывілея няма ў архіве Каложскай царквы. Таму ў дадзеным выпадку можна пагадзіцца, што гаворка ідзе пра іншую царкву Св. Тройцы.
Выяву пабудовы побач са званіцай на гравюры Адэльгаўзера–Цюндта 1567 – 1568 гг. і першую пабудову справа на гравюры Т. Макоўскага можна ідэнтыфікаваць як царкву Св. Тройцы. Верагодней за ўсё гэтая царква была драўляная і магла праіснаваць усё 16 ст. Хутчэй за ўсё, яна была знішчана пад час вайны 1654 – 1667 гг. разам з іншымі манастырскімі пабудовамі. Калі была пабудавана гэтая царква на тэрыторыі манастыра, высветліць даволі складана, бо не захаваліся на гэты час інвентарныя апісанні манастыра. Нават пры яго перадачы Б. Годкінскаму нічога пра царкву Св. Тройцы не адзначана. Такім чынам, на тэрыторыі манастыра знаходзіліся дзве царквы. Калі раней у літаратуры лічылася, што месца знаходжання царквы Св. Тройцы невядома, то зараз можна дакладна казаць, што яна знаходзілася побач з Каложскай царквой. На жаль, не захавалася звестак пра яе ўнутранае ўбранне, знешні выгляд, час існавання.
За перыяд кіравання манастыром Багданам Годкінскім адбыліся наступныя падзеі. Ад Жыгімонта Вазы манастыр атрымаў права на вечнае валоданне 36 валокамі лесу і сенажаці над р. Сакалдэя Маляўскай і Перстунскай пушчах, 4 валокамі борнікам і права на ўваходы ў пушчы (1592).
Б. Годкінскі быў сярод тых, хто падпісаў Берасцейскую ўнію 1596 г. Я. Арлоўскі лічыць, што з гэтага часу Каложскі манастыр перайшоў у падпарадкаванне да уніяцкай царквы. У 1598–1604 гг. архімандрыт судзіўся з Геранімам Міцутай з-за ўзяцца мыта каля маёнтка Ожа (Гожа), дзе таксама былі ўладанні манастыра. Каложскі манастыр выйграў працэс. Акрамя таго Б. Годкінскі з Г. Міцутай меў прыватную справу (1599). Яго сын Юрый Годкінскі адабраў рэчы ў Г. Міцуты. Чарговы судовы працэс ігумен быў вымушаны весці з гарадзенскімі бернардынамі з-за захопу імі грунту каля Нёмана, на якім знаходзілася цагельня (1615). Справу разбіраў новагародскі ваявода і гарадзенскі староста Фёдар Скумін-Тышкевіч. У духоўным судзе разглядалася справа з гарадзенскім земскім суддзёй Львом Міхайлавічам Сапегам з-за царкоўных уладанняў (1605). На перыяд кіравання Б. Годкінскага выпаў шэраг судовых спраў. Ён імкнуўся не толькі захаваць уладанні манастыра, але і вярнуць страчаныя тэрыторыі.
Наступны інвентар быў складзены ў 1617 г. пры перадачы Каложскага манастыра ад архімандрыта К. Годкінскага да яго сына Макарыя Багданавіча Годкінскага. У ім былі пералічаны фальварак Чашчыцы, сяло Глебкоўцы ў Загаранах, урочышча Шчэрбніцы за ракою Русота, сяло Басарабы за Нёманам, а таксама быў складзены спіс агароднікаў над Гарадніцаю і над Нёманам, адзначана сума чыншу, якую кожны выплачваў. Акрамя таго, як гарадзенскія мяшчане, яны павінны былі служыць 4 дні ў год талакі. Ворныя землі пры манастыры былі падзелены паміж царкоўнымі падданымі. У адрозненні ад інвентару 1593 г., дзе апісана месца знаходжання двароў агароднікаў, тут пералічаны іх імёны і прозвішчы і сумы падаткаў: “Jakub Donokowicz hroszy 20, Tomko Piwowar 6, Pauluk Tesla 20, Martyn Lopenko 20, Bondarowaja wdowa 20, Janko Piłownik 20, Woytech Matusewicz 20, Szulżynaia wdowa 20, Iwan Protasowicz 20, Matys Piwowar 20, Hryszko Kozojewicz 20, Jasko Szok 6, Tomko Oleynik 20, Fedor Kalinkowicz 20, Janowa wdowa 20, Semen Tesla 20, Dom Kowalow 20, Jakub Chodelski 20, Dawidowia Piekarka 20, Makszycz 20, Matys Skrypek, Tot ze z druhoho domu 20, Iwanowaja wdowa 20, Stas Medowie 20, Łukian 20, Ma[c]iey Chorny 20, Wanowicz 20, Iwan Kubelnikowicz 20, Petr Litwin 20, Naum Kuszczer 20, Stasko Rymkowicz 20, Maleszko Iwanowicz 20, Dom Kamęskoho 20, Szewć (Szweć?) 20, Sydor Dubotok 20, Hapon z Michałkom 28, Iwan Janowicz 28, Petr Miszkowicz 28, Stefan Litwin 28, Jurko Muraszko, Syluta 20, Wzerszow dwa wybutwiałych, Łucjan Rybak 20, Michałko Strychar 20, Sawonewaja wdowa 6, Iwanko Michałowicz 6, Wiersz Wybutwiał 20, Ławrynowi Tesla 20”. На падставе гэтага спісу можна казаць, што пры манастыры жылі і рамеснікі: страхар, півавар, рыбак, пекар, цясляр.
У прывілеі Уладзіслава Вазы смаленскаму і чарнігаўскаму архіепіскапу Лявону Крэўзе Рэвуцкаму на манастыр Св. Барыса і Глеба і на Прачысценскі манастыр у Браслаўле пералічаны валоданні гарадзенскага манастыра на 1633 г. Яму належалі фальварак Чашчыцы, сяльцо Хомкі, урочышча Шчэрбніцы, сяло Басарабы, сенажаць, бортная зямля над ракою Анча, бортнае дрэва і сенажаць у Крынскай пушчы над ракой Саколка (з апісаннем межаў), каложскія мяшчане, якія жылі побач з манастыром, цагельня і землі вакол манастыра ў старых межах. У адрозненні ад інвентароў 1593 і 1617 гг. імёны манастырскіх падданых, якія жылі каля Гараднічанкі, не згадваюцца. Калі раней яны называліся агароднікамі, то пасля мяшчанамі. Таксама тут не прыведзена апісанне межаў вакол манастыра, а толькі адзначана, што яны засталіся такія ж як і раней. Царква Св. Барыса і Глеба зрабіла непасрэдны ўплыў на фарміраванне наваколля. Пабудова тут храма вызначала далейшае развіццё гэтага раёна вакол царквы. У гэтым сэнсе Каложская царква, як фарміруючы фактар тэрыторыі, не была ўнікальнай у Гародні. Тое ж адбылося вакол Прачысценскай царквы.
Свае тэрыторыі царква Св. Барыса і Глеба пашырыла за кошт фундацыйных запісаў, купляў, абменаў зямлі. У гэтым было зацікаўлена духавенства і праводзіла адпаведную маёмасную палітыку. Так, на пачатку 16 ст. царква стала асноўным ўласнікам на ўзвышшы. Ёй належалі землі каля рэчак Нёман і Гараднічанка. Гэтае ўладанне захавалася за ёй і на пачатку 19 ст. У гэтым раёне людзі працягвалі сяліцца, як на пачатку 20 ст. так і зараз. Візуальныя і дакументальныя крыніцы дазволілі ўвесці абсалютна новую інфармацыю пра гэтую тэрыторыю. Высветлілася, што каля Каложскай царквы знаходзілася яшчэ адна царква Св. Тройцы, месца знаходжання якой гісторыкі не маглі ідэнтыфікаваць да гэтага часу. Акрамя таго, дзякуючы гравюрам Адэльгаўзера–Цюндта 1567–1568 гг. і Тамаша Макоўскага 1600 г., атрымалася выявіць пэўныя асаблівасці планіроўцы манастырскіх пабудоў. Таксама пры супастаўленні з дакументальнымі крыніцамі і эмпірычнымі даследавання атрымалася, што памылак, пра якія ўвесь час пісалі даследчыкі, на гравюры Адэльгаўзера–Цюндта няма. Нёман цячэ ў правільным накірунку, а царква і манастыр Св. Барыса і Глеба знаходзяцца на правым беразе Нёмана. Сабраныя факты сведчаць, што гістарычная зона ідзе далёка за межамі царквы. З улікам старажытнасці і ўнікальнасці ахоўваемая зона вакол Каложскай царквы павінна быць пашырана і не абмяжоўвацца толькі прылягаючай да царквы тэрыторыяй. Любыя працы ў гэтым раёне павінны праводзіцца пад адпаведным наглядам. Гэта можа датычыцца нават паселішчаў каля Гараднічанкі.
Зараз у сродках масавай інфармацыі абмяркоўваецца пытанне па рэканструкцыі Каложскай царквы. Але тыя праекты, які прадстаўлены, зроблены без адпаведнага вывучэння архіўных матэрыялаў. На нашу думку, правядзенне падобных не падрыхтаваных прафесійна прац можа толькі пашкодзіць царкве.
Наталля Сліж
-
Катэгорыя: Вялікае княства і Рэч Паспалітая
-
Апублікавана 29 Чэрвень 2014
Апошняе
- Гродненский военный лагерь 1705 – 1706 гг.
- Первое упоминание про Городен - 1127 год
- НА ПРАВАХ МАГДЭБУРГА
- ГАРАДЗЕНСКАЕ КНЯСТВА (ПАЧАТАК ГІСТОРЫІ)
- ІМЯ ГОРАДА
- Тайны семейной усыпальницы
- Андрэй Чарнякевіч Айцы горада: кіраўнікі гродзенскага магістрата ў міжваенны час і іх лёсы 1919–1939 гг.
- Старая Лента. Гродненский синематограф: забытые страницы
- В аренду предводителю дворянства или история дома на ул. Академической