У гістарыяграфіі асноўная ўвага надаецца апісанню архітэктурных асаблівасцей Каложскай царквы. На сённяшні дзень застаецца шэраг недаследаваных пытанняў: каложскія святары, царкоўныя ўладанні, уплыў царквы на рэлігійнае жыццё горада і іншыя.
Таксама патрабуе асобнага вывучэння тэрыторыя вакол Каложы, манастырскі комплекс, працэс фарміравання гэтага раёну. Дадзенае даследаванне як раз засяроджваецца менавіта на гэтым аспекце.
Працяг артыкула: Невядомае пра вядомае: уладанні царквы і манастыра Св. Барыса і Глеба ў канцы 15 – пачатку 17 ст. Частка 2.
Крыніцазнаўчая база па гісторыі царквы і манастыра Св. Барыса і Глеба самая лепшая, калі яе параўноўваць з крыніцамі па іншым гарадзенскім цэрквам. Хоць частка матэрыялаў была панішчана. У Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі знаходзіцца фонд 128, дзе сабраны дакументы па Каложскай царкве, пачынаючы з 15 ст. У справах змешчаны як арыгіналы дакументаў, так і копіі. значная частка гэтых дакументаў была надрукавана. У пераважнай большасці гэта крыніцы па маёмасным дачыненням: купля-продаж маёмасці, інвентары пры перадачы манастыра і яго ўладанняў архімандрытам, фундацыйныя запісы, спрэчкі з-за межаў і маёмасці. Аднак гэта толькі частка архіву, бо значная колькасць дакументаў была знішчаная пад час розных вайсковых падзей, пашкоджана пацукамі, моллю . Раней гэтыя дакументы захоўваліся ў аддзеле рукапісаў бібліятэкі Віленскага ўніверсітэта.
Важнымі візуальнымі крыніцамі па манастырскай тэрыторыі з’яўляюцца гравюры Адэльгаўзера–Цюндта 1567 – 1568 гг. і Тамаша Макоўскага 1600 г. На іх змешчаны выявы царквы Св. Барыса і Глеба і пабудоў вакол яе. Гэта адзіныя крыніцы, на якіх прадстаўлена планіроўка наваколля царквы ў той час. Каложская царква, як і пасяленні на правым беразе Гараднічанкі, доўгі час не ўваходзілі ў рысу горада. Яны не заўсёды пазначаліся ў планах нават у 18 ст. Напрыклад, гэты раён адсутнічае на плане Гародні 1753 г. У 12 – 18 стст. гэта быў прыгарад. Асноўная тэрыторыя горада развівалася ва ўсходнім накірунку паміж рэкамі Гараднічанкай і Нёманам. Таксама выклікае цікавасць само месца пабудовы. Можа быць справа была ў тым, што на гэтым месцы знаходзілася язычніцкае капішча, легенды пра якое дайшлі да 19 ст. Для беларускіх зямель быў уласцівы ірландскі тып хрысціянізацыі, калі на месцы капішча з’яўляўся храм, каб людзі хадзілі маліцца на ўжо абраныя для гэтага месцы. Але адсутнасць крыніц за гэты перыяд не дазваляе настойваць на гэтым меркаванні.
Асноўнымі крыніцамі па перыяду 12 – 15 стст. з’яўляюцца археалагічныя. Археолагі даследавалі Каложскую царкву і тэрыторыі, якая побач з ёй. З царкоўнага ўнутранага ўбрання не было знойдзена нічога акрамя бронзавага вадалея. На падставе археалагічных прац было высветлена, што гэта тэрыторыя была заселена не пазней канца 11 ст. Лічыцца, што з заснавання царквы там знаходзіўся манастыр. Археалагічныя знаходкі сведчаць, што росквіт манастыра прайшоўся на 15 – першую палову 16 стст. Манастырскія пабудовы былі драўляныя. Але так як дрэва не захавалася ў культурным слоі, то дэталі пабудоў не вывучаныя. Я.Г.Звяругай у 1971 – 1973 гг. унутры агароджы былі выяўлены каля 20 пахаванняў, на ўсход ад царквы – рэшткі жылых і гаспадарчых пабудоў 13 – 14 стст. Але ў наступныя стагоддзі колькасць насельніцтва тут значна павялічылася і склаўся цэлы раён, які заняў значную плошчу. Пабудова царквы значна паўплывала на тэрытарыяльнае развіццё гэтага раёну. Не менш істотным фактарам тут стала геаграфічнае палажэнне. Дадзеную тэрыторыю абкружалі натуральныя межы: стромкія ўзвышшы, рэчкі Гараднічанкі і Нёмана. Пэўная аддаленасць ад гарадской мітусні была неабходная для манастырскага жыцця, але дастаткова было перайсці рэчку, як можна было апынуцца побач з замкам, а ад яго дайсці да рынка. Выгода была яшчэ і ў тым, што на дадзенай тэрыторыі царкве і манастыру, як буйному землеўладальніку, ніхто не мог скласці канкурэнцыю. Таму паступова ў царкоўныя валоданні ўвайшлі землі каля Нёмана пад царквой, каля Гараднічанкі, і далей мяжа ішла з сялом Гарадніца (Сухое Сяло). Якія наданні атрымала Каложская царква, а пасля і манастыр у 12 – 14 стст., як яны функцыянавалі ў гэты час, устанавіць без дакументаў складана.
Толькі з канца 15 ст. захаваліся крыніцы, якія ў большасці маюць дачыненне да маёмасных спраў. Самы ранні дакумент – фундацыйны запіс Грынька Ходкавіча на Евангеллі на карысць царквы Св. Барыса і Глеба ў Гародні (1480). З яго уладанняў штогод павінны былі даваць 20 бочак мукі, бочку пшанічнага соладу, дзве ячменнага і тры ржанога, бочку круп, 10 сыроў, дзежку масла. Акрамя таго, са свайго маёнтка Чупрук павінен даваць дзесяціну, гарадзенскі мешчанін Багдан – 10 бочак жыта, гарадзенскі мешчанін Апанас – капу грошай. Але дзеці пасля смерці бацькі занядбалі фундацыйны запіс. Таму мітрапаліт Макарый вымушаны быў нагадаць нашчадкам троцкаму канюшаму Івану, Марку, Грыгору, Міхайлу, Паўлу, Грыгорыю Багдановічу, Андрэю Лукашэвічу выканаць загад Грынькі (1546). Царква і манастыр Св. Барыса і Глеба з канца 15 ст. сталі павялічваць свае ўладанні. Гэта адбывалася праз ахвяраванні мецэнатаў і куплю земляў. Гарадзенскі мешчанін Івашка Сергеевіч запісаў манастыру айчысты фальварак Панямунь і набытыя ў мяшчан палі, якія знаходзіліся побач (1485, 1499). Пасля яго смерці жонка не захацела аддаваць манастыру фальварак. У выніку ігумен Каліста пачаў супраць яе судовую справу, якую разглядаў князь Аляксандр Юр’евіч Гальшанскі (?–1511), віленскі кашталян і гарадзенскі староста (1485–1505). Справа была вырашана на карысць манастыра. Пазней гэта было пацверджана гаспадарскім прывілеям (1512). Наступны канфлікт з-за Панямуні адбыўся з удавой Грынькі Валовіча Надзеяй Васільеўнай і каралеўскім дваранінам Мікалаем Якубавічам Кунцэвічам (1546). Яны забралі царкоўныя землі, вырубілі гаі і дубровы. На падставе скаргі гарадзенскага архімандрыта Іоны Жыгімонт Аўгуст забараніў ім наносіць шкоды манастыру. Гэтае ўладанне было аддадзена ў арэнду ў 1548 г. Гарадзенскі войт Матыс Пахтыцкі ўзяў у арэнду манастырскую зямлю праз гарадзенскага райцу Насона. Ён павінен быў выплачваць архімандрыту Сергію па 4 капы літоўскіх грошай ў год. На арэндаванай зямлі знаходзіліся агароды, гумнішча, палі. Яна прылягала да ракі Нёман і межавала са сцяной двара гарадзенскага мешчаніна Яцуты Наніковіча, дарогай, што вяла з жыдоўскіх палёў ад Змеева каля поля Я. Наніковіча, і дарогай ад Змеева да горада. У валочнай памеры гэтае ўладанне лічылася ўласнасцю царквы Св. Барыса і Глеба. Было адзначана, што там 6 валок. Іх разабралі гарадзенскія мяшчане бурмістр Станіслаў Цвікля, райца Давід Навікоўскі, лаўнік Конан Варабей. Кожнаму прыйшлося па 2 валокі. Пазней усе яны перайшлі гарадзенскаму шляхцічу Андрэю Казіміру Эйсманту. У судовай справе манастырскае духавенства прадставіла наступную гісторыю страты Панямуні. Ігумен Арсеній аддаў фальварак у арэнду гарадзенскаму войту М.Пахтыцкаму. Пасля смерці ігумена манахі разышліся, толькі адзін застаўся пры царкве. А наступны поп не ведаў пра валоданне манастыром Панямунню. У якасці доказу на права валодання Панямунню ў судовай справе з Андрэем Казімірам Эйсмантам былі прадстаўлены дакументы, пачынаючы з тэстамента І. Сергеевіча (1636). Але гэта не дапамагло вярнуць маёмасць, бо з моманту трымання яго іншымі ўладальнікамі прайшло больш за 10 год. Наступны фундацыйны запіс быў ад вялікага князя літоўскага Аляксандра. Па просьбе ігумена манастыру быў перададзены ў вечнае валоданне каралеўскі сад, які знаходзіўся ў нізе гары, пад царквой і межаваў з Нёманам (1500). Фундацыя была пацверджана Жыгімонтам Старым у 1508 г. У другой палове 16 ст. сад быў запушчаны. Стэфан Баторый перадаў яго гарадзенскаму муляру Антонію дэ Кгрыпэ і вылучыў яму 100 злотых для яго аднаўлення (1586). У выніку гэта справакавала судовую справу паміж муляром, яго нашчадкамі і манастыром на доўгія гады. Па звестках І.Кульчыцкага ў валоданні манастыра была выспа на Нёмане, якая знаходзілася насупраць яго. У 1720 г. адзначалася, што бераг моцна падмыты, і Каложская царква можа зруйнавацца. Пазнейшыя дакументы тлумачаць, што тут знаходзіўся былы каралеўскі сад. У 1760 г. у дакументах адзначана, што ўжо ў той час саду амаль не было. Яго змыла Нёманам, і толькі ў сярэдзіне ракі засталіся ў вадзе дрэвы. У інвентары Каложскага манастыра за 1814 г. занатавана пра знаходжанне выспы насупраць Каложы, якая была амаль затопленая і не выкарыстоўвалася манастыром. Калі сад пераўтварыўся ў выспу, дакладна вызначыць цяжка. Самая ранейшая згадка аб гэтым датуецца 1738 г. Аднак зразумела, што працэс размывання дадзенай тэрыторыі пачаўся раней. На сённяшні дзень цяжка вызначыць дакладныя прычыны, якія прывялі да такой змены рэчышча Нёмана.
Тэрыторыя на Каложскім узвышшы перайшла да манастыра праз куплю суседніх уладанняў. Землі пачаў скупаць ігумен Лука (1500–1505). Усе 6 дакументаў датуюцца 1502 г. Іван Віннік з Падола прадаў зямліцу, якая межавала каля Хаданца і Леванца і знаходзілася каля царкоўнай ніўкі, за 13,5 шырокіх грошай. Сведкамі выступілі Полаўка, барысаглебскі старац Амбросій і іншыя. 17 чэрвеня таго ж года быў прададзены агарод каля Біеўшчыны Будылам Садоўнікам і яго сынамі Сцяпанам і Хведкам за 70 грошай. Засведчылі дакумент сын пана Хведкі Мацей Сенкевіч, Полаўка Калажанін, слуга пана Кучынскага Малажэй, барысаглебскі старац Амбросій, Андрэй Бакуновіч. Унізе быў зроблены допіс, што напісаў дакумент Васілей Гарчакевіч, сын Кузьмы. У падданага гарадзенскага канюшага Багдана Грыньковіча Валовіча Грынька ігумен набыў за 20 грошаў дварышча каля царкоўнай ніўкі. Дакумент быў складзены ў прысутнасці супрасльскага намесніка Іоны, барысаглебскіх старцаў Амбросія і Якіма і іншых. У Аўдоцці Перхуравай за 20 грошаў было куплена дварышча каля царкоўнага саду над Нёманам. У якасці сведак пры продажу былі запісаны: поп “Ражэственскі” Фёдар, дзяк Прачысценскай царквы Іван і панамар Прачысценскай царквы Осташ, барысаглебскі старац Амбросій, Іван Полаўка, Андрэй Бакуновіч, Цыпрыян. Тарас Калажанін прадаў дварышча і агарод ігумену Луцэ. У жонкі Арцёма Біейкі Матроны было набытае дварышча з полем каля Каложы за 5 коп грошаў. Сведкамі былі барысаглебскі старац Амбросій і царкоўны слуга Васілец.
Наступны ігумен Феакціст (Тэаксіст) таксама быў зацікаўлены ў пашырэнні царкоўных уладанняў. Прыгода Апіхайлевіч, яго жонка Багдана і іх дзеці Хадац і Дзяніс прадалі “агародзец” за 15,5 грошай (1505). У якасці ўмовы было адзначаны, што калі хто будзе прэтэндаваць на маёмасць, то яны павінны будуць абараняць права манастыра на валоданне. Сведкамі адзначаны пан Сцяцко, васкаўнічы, пан Мікіта, дзяк гараднічага, і служэбнік мітрапаліта Андрэйка. Першыя два замацавалі продаж пячаткамі. Дакумент быў напісаны дзякам Герасімам Беляніча. “Агародзец” каля манастыра быў куплены ў Багдана Санцовіча, яго жонкі Марысі і іх дзяцей Астапкі і Лукі за 33 грошы (1505). Таксама як у папярэднім выпадку яны абавязаліся абараняць правы манастыра на агарод. Умовы здзелкі забаранялася парушаць пад зарукай гаспадару 3 рублі грошай, а гораду – 50 грошай. Сярод сведак згаданы і важныя асобы: гарадзенскі гараднічы Федка Гаўрылавіч Мялешковіч, пан Грынашко Ходкавіч (Валовіч), пісар князя Аляксандра Юр’евіча Гальшанскага Лявон Грынковіч Кумпель і гарадзенскі мешчанін Афанас Дудка. Да дакумента былі прыціснуты пячаткі. З кароткага запісу і пацвярджальнага прывілея вядома, што была куплена зямля Занеўшчына на мяжы з манастырскай зямлёй у Івана Полаўкі, Труса, Васіля і Лявона Рагозічаў, у ганчара Лявона Хадарца – ніўка каля манастырскага перакопу, у Лявона – вугал яго айчызнай зямлі, ў Сушча Сонцава – уласны агарод. Але за якую суму і калі гэта адбылося ў дакументах не адзначана. Так як прывілей датуецца 1512 г., уладанні былі набыты паміж 1506 і 1512 гг. Дадзеныя дакументы прадстаўляюць вялікую цікаваць, бо з’яўляюцца аднымі з рэдкіх дакументаў за гэты час. Яны даюць матэрыял для вывучэнні структуры гэтага тыпу крыніц у пачатку 16 ст. Па свайму зместу дакументы даволі інфарматыўныя. У іх утрымліваюцца імя і прозвішча папярэдняга ўладальніка, новы ўладальнік, кароткае апісанне маёмасці, якую прадавалі, сума грошай, зарука (рэдка), дата (не заўсёды), сведкі. Пазней фармуляр дакумента быў удасканалены.
Імёны і прозвішчы людзей не ва ўсіх выпадках дазваляюць дакладна вызначыць сацыяльны стан асобаў. У пацвярджальным прывілеі Жыгімонта Старога мяшчанамі названы жонка Арцёма Біейкі Матрона і Будыла Садоўнік. А пра Багдана Санцовіча, Прыгоду Апіхайлевіча, Сушчу Сонцава, Аўдоццю Перхураву, Тараса Калажаніна, Івана Палоўку, Труса, Васіля і Лявона Рагозічаў, ганчара Лявона Хадарца, падданага Б. Валовіча Грынька, Лявона, Івана Вінніка з Падола агулам адзначана, што яны гарадзенскія мяшчане і гарадзенскія людз. Па ім можна ўявіць якія імёны ўжываліся сярод гарадскога насельніцтва, як пачалі фарміравацца прозвішчы, і што на гэта ўплывала. Трэба адзначыць, што не ўсе на той час мелі прозвішчы. Імёны ўжываліся простай формы (Грынька, Івашка, Хведка), а не поўнай (напрыклад, Грыгорый, Фёдар). Некаторыя імёны адыходзілі ад праваслаўнай і каталіцкай традыцыі і з’яўляліся ўласна мясцовымі: Прыгода, Сушча, Будыла, Полаўка (Половко). На форму прозвішча ўплывала геаграфічнае паходжанне і занятак, што было даволі распаўсюджанай з’явай: Віннік, Садоўнік, Калажанін. Акрамя таго, імя дае магчымасць высветліць, хто мог прадаваць маёмасць. Мужчыны і жанчыны аднолькава мелі на гэта права і не былі абмежаваны з-за гендэрнай прыналежнасці. Таксама здзяйсняла продаж і ўся сям’я разам: муж, жонка і дзеці, што сустракаецца ў дакументах першай паловы 16 ст. Магчыма гэта было звязана з тым, каб адзначыць, што ўсе члены сям’і ведалі пра продаж, і пасля ніхто з іх не мог абвесціць яе неправамоцнай, спаслаўшыся на няведанне. Бок пакупніка ва ўсіх дакументах прадстаўляў ігумен Лука, а ў пазнейшых – Феакціст. Хоць уласнікам станавіўся манастыр, але прадстаўнічыя функцыі надаваліся ігумену, як вышэйшаму іерарху.
Аб’ектамі куплі-продажу былі ніўка, агарод, дварышча, зямліца. Але іх месца знаходжання на падставе прадстаўленых у дакуменце звестак высветліць даволі цяжка, бо няма апісанняў межаў. Гэта з’явілася ў падобных дакументах пазней. Сустракаюцца наступныя апісанні: агарод каля Біеўшчыны, дварышча каля царкоўнай ніўкі, дварышча каля царкоўнага саду, зямліца каля Хаданца і Леванца, ніўка каля манастырскага перакопа, дварышча з полем каля Каложы, агародзец каля манастыра, зямля Занеўшчына на мяжы з манастырскай зямлёй. Гэтых звестак не дастаткова, каб дакладна вызначыць набытую тэрыторыю. Але ў іх згаданы царкоўныя ўладанні такія як ніўкі, сад, зямля. А некаторая набытая маёмасць знаходзілася амаль побач з манастыром.
Кошт зямлі на той час быў значна ніжэй, чым ён стаў у сярэдзіне стагоддзя. Дварышча каштавала 20 грошай, 5 коп, агарод – 12, 70 грошай, 33 грошы, 15,5 грошай, зямліца – 13,5 шырокіх грошай. Так як у дакументах не прыведзены памеры надзелаў, то дакладна мы не можам суаднесці з коштамі і высветліць адпаведнасць.
Ужо ў той час стала важным засведчыць дакумент. Колькасць сведак тады яшчэ не была вызначана, таму пералічаюцца ад двух і болей асобаў. У гэтай ролі маглі выступаць духоўныя асобы. Гэтая інфармацыя дазваляе высветліць некаторых прадстаўнікоў духавенства. Яны былі з Гародні і Супрасля. З гарадзенскіх прадстаўлены святары Прачысценскай і Каложскай цэркваў. З іх асобнай увагі заслугоўваюць старцы – манахі манастыра, бо іх прысутнасць у манастыры паказвае яго высокі статус як духоўнага цэнтра. З іх Амбросій выступаў у ролі сведкі 4 разы. Свецкія асобы былі рознага ўзроўню. У дакументах за 1502 г. не заўсёды запісваліся ўсе сведкі. Пра пячаткі адзначана толькі ў куплях-продажах за 1505 г. У некаторых дакументах асобы бралі на сябе абавязак не прэтэндаваць на маёмасць пасля продажу. У адным нават згадана зарука, якая спаганялася не толькі на карысць гаспадара, але і горада54. Зарука вядома на беларускіх землях з канца 15 ст. і захавалася да 17 ст. Яна ўзмацняла дамову і гарантавала новым уладальнікам спакойнае трыманне маёмасці55. Двойчы адзначаны ў крыніцах пісары, якія складалі дакументы: Васілей, сын Кузьмы, Гарчакевіч і дзяк Герасім Беляніч. У лістах куплі-продажу В. Дарашкевіча таксама фігуравалі дзякі. Гэтыя дакументы паказваюць, што на пачатку 16 ст. мясцовае насельніцтва пражывала ў непасрэднай блізасці да царквы. Гэта было звычайным для таго часу, калі храм фарміраваў вакол сябе раён. На ўзвышшы манастыру да гэтага часу належала толькі невялікая тэрыторыя вакол царквы. Купля ўладанняў, якія знаходзіліся побач з царквой і манастыром, была дакладна вызначанай стратэгіяй. Аб гэтым паказвае колькасць купляў-продажаў – 14. Духавенства прыняло рашэння павялічыць тэрыторыю і вылучыла на гэта адпаведныя сродкі. Прычынамі магло стаць адсоўванне гарадскога насельніцтва ад сцен манастырскага комплексу і ўзбуйненне землеўладання. Дзякуючы намаганням ігуменаў манастыру адышоў увесь навакольны раён: тэрыторыі побач з рэчкамі Нёман і Гараднічанка. Гэта пацвярджае валочная памера (1560 – 1561), а таксама абмен землямі з каралеўскімі ўладаннямі. 10 коп літоўскіх грошаў атрымала царква Св. Барыса і Глеба, як і Прачысценская царква на ўспамін душы па тастаменту кіеўскага ваяводы Дзмітрыя Пуцяціча (?–1505). Грошы былі атрыманы ад дворнага маршалка Міхала Львовіча Глінскага ў 1506 г. На тэрыторыі Каложскага ўзвышша яшчэ заставаліся землі, якія не належалі манастыру. Жыгімонт Стары пацвердзіў куплі служэбніка земскага маршалка, гарадзенскага старосты С.Кішкі Урбана Бартошэвіча. Ён купіў дом у гарадзенскай мяшчанкі Палагі Алехновай і яе дзяцей пад замкам на Каложы, а ў Дзям’яна Барысовіча, яго жонкі дзяцей, жонкі дзядзькі Улькі Будзіловай агародзец на Каложы, каля таго ж дому (1513). У 1506 г. даўгоўскі намеснік Богуш Багавіцінавіч быў прызначаны кцітарам Каложскай царквы кіеўскім мітрапалітам Іонам. У дакуменце было адзначана, што царква ў запусценні і спусташэнні. Б. Багавіцінавіч падараваў царкве і манастыру маёнтак Чашчыцы (Чашчаўляны), які выслужыў у вялікага князя літоўскага Аляксандра (1506). Б. Багавіцінавіч падтрымліваў інтарэсы царквы на дзяржаўным узроўні. Ён падаў шэраг дакументаў на пацверджанне Жыгімонту Старому. Так былі пацверджаны куплі ў жонкі Арцёма Буейкі Матруны, Будылы Садоўніка ў 1508 г., даравальны запіс манастыру І. Сергеевіча на Панямунь і судовы працэс з яго жонкай, яго тастамент, даравальны запіс манастыру Б. Багавіцінавіча на Чашчыцы, куплі на землі і агароды ў Б. Санцовіча, П. Апіхайлевіча, Б. Санцовіча, А. Перхуравай, Т. Калажаніна, І. Полаўца, Рагозічаў, падданага Б. Валовіча Грынька, Лявона, Л.Хадарца, І. Вінніка ў 1512 г.
Канец 15 – пачатак 16 ст. стаў для манастыра Св. Барыса і Глеба вельмі прыбытковым. Ён атрымаў каралеўскі сад, фальваркі Панямунь і Чашчыцы і набыў усю тэрыторыю на ўзвышшы каля рэчак Гараднічанка і Нёман. На жаль, у дакументах не адлюстравалася, якія былі пабудовы вакол царквы, іх знешні і ўнутраны выгляд. Пра тэрыторыю вакол царквы і манастыра і іх ўладанні больш падрабязна можна даведацца з пазнейшых дакументаў. У іх прадстаўлены часам урывачныя звесткі за розныя гады, што не дазваляе прасачыць агульную тэндэнцыю па фарміраванню царкоўнага землеўладання за ўвесь перыяд, а таксама дакладна вызначыць, якія пабудовы знаходзіліся пры царкве. Інвентароў за першую палову 16 ст. не выяўлена. Не адзначана пра іх існаванне ў пераліку дакументаў Каложскага архіву за 1760 г. Звесткі аб манастырскай тэрыторыі маюць у асноўным ускосны характар. Напрыклад, на падставе судовых скаргаў вядома, што акрамя манаскіх кел’яў знаходзіліся пакоі ці асобная пабудова для архімандрыта. У 1539 г. гарадзенскім архімандрытам быў Іона. Ён падаў скаргу на свяшчэнніка Паўла, які служыў у земскага падскарбія Івана Гарнастая, і на юнака Юхно Янушкевіча з Мастоў. На моцным падпідку яны прыйшлі да Яго апоўначы, выбілі дзверы ў пакой і сталі патрабаваць, каб ён аддаў рэчы Паўла. Але яны захоўваліся ў царкве, а ключы ад яе знаходзіліся ў панамара. Архімандрыт уцёк ад іх з дапамогай царкоўных вартаўнікоў. Парушальнікаў злавілі служэбнікі гарадзенскага спраўцы Войцеха Трэбскага. Апісаныя падзеі не самыя прыемныя з гісторыі штодзённасці царквы. Аднак у іх згадваецца цікавая інфармацыя. Царква была месцам захавання рэчаў, найбольш надзейным на тэрыторыі манастыра. Ключы ад храма знаходзіліся ў панамара, а не ў святароў. Архімандрыт жыў пры манастыры. Са справы не зразумела, ці ў яго была асобная пабудова, ці ў яго былі свае пакоі ў агульнай пабудове. Але дзверы ў яго пакой былі не самыя моцныя, калі іх можна было выбіць. На ўваходзе ў манастырскі комплекс былі вартаўнікі, але яны дазволілі туды патрапіць п’яным асобам і напасці на архімандрыта.
Пры манастыры знаходзілася іканапісная школа. Аб гэтым сведчыць скарга ігумена на мастака Афанаса Антановіча, які вывучаўся тут мастацтву і за гэта абяцаў адслужыць 5 год. Але замест гэтага ён пайшоў служыць да Юрыя Храптовіча. Ігумен прадставіў распіску мастака (1539). А. Антановіч сцвярджаў, што навучыўся мастацтву не ў Гародні, а толькі працаваў пры манастыры. Яны пагадзіліся на тым, што мастак адпрацуе год, і пасля атрымае 2 капы літоўскіх грошаў ці тканіну. На падставе гэтай скаргі можна меркаваць, што пры манастыры знаходзілася школа, для якой павінны былі адвесці асобнае памяшканне. Аднак звесткі ў дакуменце не даюць магчымасць вызначыць перыяд існавання школы, якія ў ёй пісаліся іконы, у якія храмы і да якіх асоб яны траплялі. Акрамя таго, пазнейшых згадак пра школу не выяўлена. Напэўна яна існавала толькі ў першай палове 16 ст., прыкладна да канца 1540-х гг. З іншых манастырскіх уладанняў вядома пра сенажаць на рацэ Анча (зараз Ганча) і землі недалёка ад скідальскай дарогі. У 1539 г. манастыр судзіўся з-за яе з Багданам Храптовічам, братам вышэй згаданага Юрыя Храптовіча (1539). Манастыр меў права на ўваходы ў Маляўскую і Перстунскую пушчы. Аднак ураднік каралевы Боны Павел Втуркоўскі забараніў царкоўным падданым уваходзіць у іх. Архімандрыт Міхаіл звярнуўся за дапамогай да наваградскага ваяводы і земскага падскарбія Івана Гарнастая, які ў той час апекаваўся манастыром па загаду Боны Сфорцы. Ён напісаў ліст урадніку, але гэта не мела дзеяння. Тады звярнуліся да каралевы, кааб яна сама загадала П. Втуркоўскаму. Адпаведны ліст быў выдадзены ў 1552 г. Не менш цікавую інфармацыю пра манастырскую тэрыторыю даюць візуальныя крыніцы.
Наталля Сліж
артыкул цалкам можна прачытаць тут
-
Катэгорыя: Вялікае княства і Рэч Паспалітая
-
Апублікавана 15 Чэрвень 2014
Апошняе
- Гродненский военный лагерь 1705 – 1706 гг.
- Первое упоминание про Городен - 1127 год
- НА ПРАВАХ МАГДЭБУРГА
- ГАРАДЗЕНСКАЕ КНЯСТВА (ПАЧАТАК ГІСТОРЫІ)
- ІМЯ ГОРАДА
- Тайны семейной усыпальницы
- Андрэй Чарнякевіч Айцы горада: кіраўнікі гродзенскага магістрата ў міжваенны час і іх лёсы 1919–1939 гг.
- Старая Лента. Гродненский синематограф: забытые страницы
- В аренду предводителю дворянства или история дома на ул. Академической