Невялічкая вандроўка па даліне Літоўскага ручая – аднаго з самых цікавых тапонімаў Гродна.

 Гэта дзіўнае месца - адзін з найбольш незвычайных гарадскіх раёнаў, які мы звыкліся называць “Пярэсялкай”. Назва, па праўдзе, не зусім дакладная, бо сённяшняя Пярэселка цягнецца ад старажытных Гарадніцы і Сухога Сяла да страчанай ужо Падпярэсялкі. Тут месцілася некалькі маёнткаў – з якіх найбольш вядомая “Завяршчызна”. У пачатку ХХ стагоддзя частку сённяшняй “Пярэсялкі” складала гэтак званая “Аляксандраўская слабада” з цагельнямі, гісторыя якіх навогул сягае можа нават сярэднявечча. Нарэшце, варта памятаць пра знішчаныя ў пачатку 1960-х гг. жыдоўскія могілкі ды яўрэйскую рэзню, будынак якой захаваўся на “Пярэсялцы” да сённяшняга дня…

Тое ж самае можна сказаць адносна ўласна паходжання яе назвы. Першае, з чым атаясамляецца сама назва, гэта “перасяліць”, у сэнсе - “перанесці”. Таму ў якасці гіпотэзы аб паходжанні можна прапанаваць тлумачэнне, што гэты квартал паміж сёняшнімі вуліцамі Каліноўскага-БЛК-Белуша паўстаў пасля перасялення жыхароў вёсак, што былі знішчаны пад час будоўлі гарадскіх фартоў у канцы ХІХ ст.

Аднак, поўнасцю прыняць гэткае тлумачэння перашкаджае некалькі фактаў. Па першае, вядомы гарадзенскі гісторык Ігар Трусаў у адным з сваіх артыкулаў прыводзіць назву сёння безыменнага ручая, што цячэ праз Пярэсялку, як «Літоўскі ручай». Згодна І. Трусаву, упершыню ён сустракаецца ў дакументах яшчэ ў 1498 г. і з’яўляецца тым самым, адным са старэйшых тапонімаў на сённяшняй тэрыторыі горада. Тут ужо назва дае вельмі шмат для разваг і гістарычных гіпотэз.

Нарэшце, у Я.Арлоўскага мы знаходзім невялікую ўзгадку пра “роў Перасоўка”, якая адносіцца ўжо да наступнага, ХVI стагоддзя, аднак блізкая па свайму гучанню да сённяшняй назвы “Пярэсялка”.

Наогул, гарадскія ўскраіны – гэта своеасаблівыя выспы, раскіданыя навокал архіпелага-метраполіі. Тут свой асабісты, сфарміраваны стагоддзямі лад жыцця, заснаваны на пачуцці ўласніка, гаспадара ўласнага надзела зямлі. Тут свае героі і яны не спяшаюцца выходзіць на ўсеагульны агляд. Не здарма за Пярэсялкай, як і за Пагулянкай, Палістынай ды іншымі цягнулася слава «бандыцкіх раёнаў». “Сваіх” тут ведаюць у твар, а вось “чужыя” адразу кідаюцца ў вочы.

Аднак, калі вам патрапіцца адхіліцца ў бок ад сённяшняй Наднёманскай наберажнай, ці вы вырашыце зрэзаць шлях, спяшаючыся на прасткі да цэнтра, азірніцеся навокал. “Літоўскі” ручэй – “Пярэсялка” – гэта іншая, шмат у чым, сапраўдная Гародня і яе гісторыя яшчэ чакае свайго адкрыцця… Напрыклад, хто б мог падумаць, што на гэтым маленькім ручаі калісці стаяў вадзяны млын?

Від, які адчыняецца з месца ўпадзення Літоўскага ручая ў Нёман

Апошнія метры цячэ Літоўскі ручай перад тым, як трапіць у Нёман

Апошнія метры цячэ Літоўскі ручай перад тым, як трапіць у Нёман

Магільны камень начальніка 5-й тэлеграфнай станцыі Зуева. Паводле звестак гарадзенскага краязнаўцы А. Госцева А. Зуеў кіраваў адной з першых у Расіі тэлеграфных станцый і, абвінавачаны ў растраце, застрэліўся на гэтым месцы летам 1847 г. Вышэй – сучаснае месца для выгула сабак, якое ў памяці мясцовых жыхароў засталося як Татарскія могілкі. Па ўспамінах сведкаў, пад час будаўніцтва Новага моста праз Нёман і вуліцы Вясенняй экскаватары выкопвалі шкілеты людзей на кукішках (пахаваных па мусульманскай традыцыі)

Пабудаваны пад канец 1980-х спуск ад футбольнай школы да даліны Літоўскага ручая так ніколі і не быў скончаны і сёння нагадвае руіны крыжацкай крэпасці

Непаўторны рэльеф даліны Літоўскага ручая, фантастычныя кантрасты, калі чаргуюцца сапраўдныя халупы з вельмі багатымі катэджамі, надаюць мясцовасці непаўторны гарадзенскі каларыт.

 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
Scroll to top