У красавіку 1894 г. дачка гарадзенскага надворнага дарадцы Вольга Ожэ здала іспыты на веданне тэлеграфнай службы. Вынікі былі не надта паспяховыя, амаль па ўсіх прадметах экзаменацыйная камісія паставіла 3 балы. Але праз 20 год гэтая маладая, але амбітная дзяўчына стала чыноўнікам 3-га разраду і атрымала за службу ганаровыя ўзнагароды.
Пра Вольгу Ожэ нам вядома няшмат, але нават з тых звестак, якія змяшчаюцца ў фондах Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі ў г. Гародні, можна рэаканструяваць службу жанчыны ў паштова-тэлеграфнай канторы ў канцы ХІХ – пачатку ХХ стст.
У той час пошта з’яўлялася адной з важнейшых дзяржаўных службаў, якая ўваходзіла ў склад Міністэрства ўнутраных спраў Расійскай імперыі. Першапачаткова жанчын не дапускалі да паштовай і тэлеграфнай працы. Толькі ў другой палове ХІХ ст. у Расійскай імперыі было дазволена жанчынам працаваць на тэлеграфе. Пры гэтым былі ўстаноўленыя жорсткія абмежаванні: на працу прымаліся дзяўчыны не старэйшыя за 21 год, бяздзетныя ўдовы да 30 гадоў і жанчыны, якія былі ў шлюбе з супрацоўнікамі тэлеграфных устаноў.
На гарадзенскай тэлеграфнай станцыі ўжо ў 1868 г. малодшай тэлеграфісткай служыла Лізавета Аляксееўна Галавачова . Праз год, 23 кастрычніка 1869 г. нарадзілася Вольга Ожэ. Яна выхоўвалася ў гарадзенскай жаночай гімназіі. А пасля скончыла паштова-тэлеграфныя курсы.
Да падрыхтоўкі служачых паштова-тэлеграфных кантор ставіліся з усёй строгасцю і сур’ёзнасцю. Абавязковай працэдурай быў іспыт на веданне паштовай, тэлеграфнай і тэлефоннай службаў. Вольга здавала іспыты толькі на веданне тэлеграфнай службы: веды тэлеграфнай карэспандэнцыі, уменні працаваць на апараце, навыкі па тэхнічнай частцы. Дзякуючы таму, што дзяўчына вывучала нямецкую мову, яна пасля адносна паспяховага заканчэння курсаў заняла пасаду паштова-тэлеграфнага чыноўніка 5-га разраду. Праз год яна выйшла замуж за малодшага механіка ніжэйшага разраду паштова-тэлеграфнай канторы Сакалова. Такім чынам, Вольга магла і пасля шлюбу застацца тэлеграфным чыноўнікам.
Толькі з 1914 г. дзяўчаты маглі захаваць сваю пасаду, калі выходзілі замуж за супрацоўніка іншых службаў. Пры гэтым трэба было атрымаць дазвол кіраўніцтва паштова-тэлеграфнай установы . Змены ў прыёме на працу былі звязаны з пачаткам Першай сусветнай вайны. Жанчын ужо прымалі не толькі на тэлеграфную службу, але і на паштовую. Напрыклад, у 1915 г. у сувязі з недахопам мужчын, жанчыны маглі выконваць працу рассыльных пры ўмовах, што яны маюць узрост ад 21 да 36 гадоў, дастаткова адукаваныя, здаровыя і ведаюць горад. У жанчын-рассыльных была адмысловая форма: сукенка і галаўны ўбор цёмнага колеру, спецыяльныя тужурака і паліто. Пры гэтым металічны знак з нумарам жанчыны маглі насіць не на фуражцы як мужчыны, а на грудзі з левага боку.
З 1896 па 1906 гг. Вольга Сакалова служыла ў слонімскай, беластоцкай і брэст-літоўскай канторах. Асноўнай яе працай былі прыём і перадача дэпеш па апаратах. У той час не было адмысловай формы вопраткі ў жанчын паштова-тэлеграфных устаноў. Яны павінны былі апранаць закрытыя сціплыя сукенкі цёмных колераў.
У 1906 г. Вольга ўжо была чыноўнікам 3-га разраду. У гэты час яна ўжо вярнулася ў Гародню, дзе працягнула працу ў гарадзенскай паштова-тэлеграфнай канторы. За час службы Вольга Сакалова атрымала некалькі ўзнагарод – медаль у памяць 300-годдзя царавання дома Раманавых. У 1915 г. – медаль “За працы па мабілізацыі 1914 г.”
-
Катэгорыя: Расійская імперыя
-
Апублікавана 19 Чэрвень 2017
Апошняе
- Гродненский военный лагерь 1705 – 1706 гг.
- Первое упоминание про Городен - 1127 год
- НА ПРАВАХ МАГДЭБУРГА
- ГАРАДЗЕНСКАЕ КНЯСТВА (ПАЧАТАК ГІСТОРЫІ)
- ІМЯ ГОРАДА
- Тайны семейной усыпальницы
- Андрэй Чарнякевіч Айцы горада: кіраўнікі гродзенскага магістрата ў міжваенны час і іх лёсы 1919–1939 гг.
- Старая Лента. Гродненский синематограф: забытые страницы
- В аренду предводителю дворянства или история дома на ул. Академической