Пачынаем з вандроўкі на поўдзень у бок Свіслачы. Па дарозе можна заехаць у Індуру, дзе на каталіцкіх могілках захавалася магіла мясцовага ксяндза Аляксандра Казлоўскага, якога царскія ўлады падазравалі ў дапамозе паўстанцам.

Свіслач вядомая найперш сваёй легендарнай гімназіяй, у якой навучаліся Рамуальд Траўгут, браты Каліноўскія, а пасля таго, як гімназія была пераўтворана ў настаўніцкую семінарыю, многія дзеячы беларускага нацыянальнага руху. Будынкі гімназіі захаваліся ў цэнтры Свіслачы дасюль. У цэнтры мястэчка ў скверы працягвае ўвагу помнік апошняму дыктатару паўстання Р.Траўгуту, пастаўлены тут у 1928 г. і адноўлены ў канцы 1980-х гг.

 


Недалёка ад помніка Р.Траўгуту, напрыканцы так званай “алеі герояў” знаходзіцца адзіны ў Беларусі помнік Кастусю Каліноўскаму. Помнік-бюст пастаўлены тут напрыканцы 1950-х гг. і выкананы знакамітым скульптарам Заірам Азгурам. Правадыр паўстання паказаны тут па матывах знакамітага здымку, у світцы з нашыйным платком.


На свіслацкіх могілках справа ад праваслаўнай капліцы захавалася магіла Віктара Каліноўскага – старэйшага брата Кастуся. В.Каліноўскі быў гісторыкам-архівістам і аказаў вялікі ўплыў на фарміраванне асобы брата. Памёр В.Каліноўскі восенню 1862 г. На яго магіле стаіць прыгожы жалезны крыж. Едзем ў бок мяжы да вёскі Якушоўка – месца, дзе з 1849 г. жыла вялікая сям’я Каліноўскіх. Каліноўскія пераехалі ў Якушоўку з недалёкіх Мастаўлян (цяпер у Польшчы) і тут Сямён Каліноўскі, бацька Кастуся, заклаў невялікую ткацкую мануфактуру. Апошні раз К.Каліноўскі быў у Мастаўлянах у пачатку лета 1863 г. куды заязджаў разам з Э.Заблоцкім. Каля маёнтка ўзвышаецца крыж, пастаўлены ў канцы 1990-х гг. высілкамі беларускіх маладзёвых арганізацый.


Забудова маёнтку Якушоўка не захавался. У канцы 1980-х гг. тут былі праведзены археалагічныя раскопкі. Кіраваў раскопкамі археолаг Міхась Ткачоў, ён жа знайшоў тут пячатку з радавым гербам Каліноўскіх. Быў распрацаваны праект аднаўлення сядзібы. Але паспелі закласці толькі падмуркі, якія чакаюць часу на аднаўленне.


Уздоўж Белавежскай пушчы, якая была надзейным сховішчам паўстанцаў, едзем у Поразава, мястэчка з непаўторнай заходнебеларускай атмасферай, прыгожым сядзібным домам, захаванымі сінагогай, царквой і касцёлам. На парафіяльных могілках злева ад уваходу знаходзяцца два аднолькавыя вялікія помнікі з камянёў з крыжамі. Гэта пахаванні паўстанцаў Яна Дмухоўскага і Казіміра Шалкевіча. Помнікі пастаўлены ў 1920-х гг. у памяць пра двух местачкоўцаў – удзельнікаў паўстання. Абставіны іх смерці сёння не вядомыя. Магчыма яны належалі да атрадаў Юльяна Эйтмінтовіча або Ануфрыя Духінскага.


У 20 кіламетрах ад Поразава знаходзіцца вёска Падароск (па дарозе можна агледзець парк і палац у Красках). У Падароску дасюль знаходзіцца прыгожы палац, сядзіба ўдзельнікаў паўстання Бохвіцаў (Быхаўцаў). Удзел у паўстанні прынялі два сыны ўладальніка Падароска, вядомага пісьменніка Фларыяна Бохвіца Раман і Ян Отан. Асабліва цікавы лёс Рамана Бохвіца, які некалькі месяцаў правёў у паўстанцкім атрадзе, пасля сядзеў у царскай турме, але пасля быў вызвалены “пад строгі паліцэйскі нагляд”. Раман Бохвіц дажыў да 1939 г. і яго дасюль успамінаюць падароскія старажылы.


Праехаўшы некалькі кіламетраў на поўдзень у накірунку Ружан мы трапляем на Брэстчыну. За Зеляневічамі паварочваем управа і праз Магілёўцы (тут таксама знаходзіўся маёнтак Бохвіцаў у якім Т.Нарбут адшукаў знакамітую “Хроніку Быхаўца”) едзем у Лыскава, мястэчка з фантастычнымі руінамі касцёла і адзінай у Беларусі царквой, пабудаванай у карпацкім стылі. Каля Лыскава адбылася пераможная для паўстанцаў бітва з царскімі войскамі, месца якой сёння, на жаль, ніяк не адзначана. 16 чэрвеня 1863 г. паўстанцы Валерыя Урублеўскага адбілі тут некалькі атак рэгулярнай арміі. Карнікі страцілі 11 чалавек забітымі і вымушаны былі адступіць.


Вяртаемся на ружанскую шашу і, агледзеўшы ружанскі палац, пад’язджаем да вёскі Ласасін. 4 чэрвеня 1863 г. каля вёскі быў акружаны атрад Влодэка “Шчаснага”, які цэлы дзень біўся з карнікамі. Паўстанцы адбілі восем атак царскіх войскаў, але пасля змушаныя прарывацца з акружэння. Усяго паўстанцы страцілі каля 40 чалавек, якія пахаваныя ў гэтай магіле. Помнік быў пастаўлены ў 1989 г. але праз дзесяць гадоў яго знішчылі падчас вайсковых вучэнняў. Некалькі гадоў таму мясцовае Таварыства беларускай мовы аднавіла помнік. Недалёка ад Ружанаў знаходзіцца мясцовасць Косава, вядомая прыгожым палацам і нядаўна адноўленай сядзібай Тадэвуша Касцюшкі. А вось помнік паўстанцам 1863 г. на мясцовых каталіцкіх могілках амаль невядомы. Ён пастаўлены ў 1928 г. і мае выгляд вялікага каменнага крыжа. У магіле дакладна пахаваныя тры паўстанцы – Лукашэвіч, Красінскі і невядомы. Таксама блізка ад мястэчка знаходзіцца ўзгорак “шыбельня”, дзе, паводле мясцовых жыхароў, карнікі вешалі паўстанцаў.

 


З Косава выязджаем на трасу М1 і едзем да павароту на шашу Р43. Па ёй хутка дабіраемся да Мілавідаў – месца найбуйнейшай на тэрыторыі сучаснай Беларусі бітвы паміж царскімі войскамі і паўстанцамі. У Мілавідах на месцы бітвы сёння знаходзяцца тры помнікі. Пастаўлены ў 1913 г. металічны крыж на магіле рускіх салдат з выявай зламанага коласа (менавіта гэтая выява натхніла У.Караткевіча назваць свой знакаміты раман “Каласы пад сярпом тваім”); капліца, узведзеная ў 1933 г. і пастаўлены ў 1990 г. памятны знак з надпісам па-беларуску.


У сярэдзіне мая 1863 г. пад Мілавідамі сканцэнтраваліся атрады са Слонімшчыны, Ваўкавышчыны, Гродзеншчыны, Навагрудчыны і Пружаншчыны, у якіх налічвалася больш за 800 чалавек. 21 мая 1863 г. атрады ў Мілавідах інспектаваў Кастусь Каліноўскі і Эразм Заблоцкі. 22 мая (3 чэрвеня па н.ст.) да Мілавідаў падышлі тры роты Стараінгерманландскага палка з 4 гарматамі і атрадам казакаў. Камандаваў атрадам падпалкоўнік Булгарын. Царскія войскі некалькі гадзін штурмавалі лагер, але змушаны былі адступіць, страціўшы 7 чалавек забітымі і каля 50 параненымі. Ноччу паўстанцы пакінулі лагер, паколькі ўрадавыя войскі атрымалі падтрымку.


З Мілавідаў едзем на поўнач да Навагрудка (шлях будзе праходзіць каля легендарнага возера Свіцязь). Першую сталіцу Вялікага Княства Літоўскага можна наведаць, а можна аб’ехаць па навакольнай дарозе і выехаць да Любчы, да ўскрайкаў Налібоцкай пушчы. Каля Любчы знаходзіцца невялікая вёска Сянно. Выязджаем з Сянна ў бок Шчорсаў. Прыкладна ў 250 метрах ад шашы ў полі ў акружэнні дрэваў узвышаецца металічны помнік Эвеліне Пуслоўскай з роду Абуховічаў (1800-1880). Тут жа пахаваны яе 22-гадовы сын Адам Пуслоўскі. А.Пуслоўскі далучыўся да паўстанцаў у красавіку 1863 г. Праз некалькі тыдняў атрад быў разбіты ў Налібоцкай пушчы, а палоннага Адама прывезлі ў Навагрудак і ў канцы чэрвеня 1863 г. расстралялі па прысуду вайсковага суда. Сяляне выкапалі цела паўстанца і пасля пахавалі ў ягоным маёнтку. Маці пахавалі разам з сынам. Помнік умацаваны гранітнай плітой з надпісам пра Адама Пуслоўскага на беларускай мове.


Каля сарака кіламетраў добрай грунтовай дарогі праз Налібоцкую пушчу на ўсход і мы ўжо зусім недалёка ад Мінска, у вёсцы Налібокі Стаўбцоўскага раёна. У Налібоках і каля іх ёсць некалькі звязаных з паўстаннем 1863 г., якія пакуль яшчэ ніяк не адзначаны. У пачатку вясны 1863 г. тут адбыўся бой адносна невялікага (каля 150 чал.) і слаба ўзброенага мясцовага атрада з рэгулярнай арміяй. Паўстанцы страцілі каля 20 чалавек і вымушаны былі адыйсці на Навагрудчыну, каб працягваць барацьбу далей.

Дадатковая актуальная літаратура па гісторыі паўстання 1863 г.

1.Адрасы паўстання 1863-1864 гг. у Гародні і на Гарадзенчыне. Гародня, 2013.
2.Буднік І. Да падзеяў 1863-64 гадоў на Гарадзеншчыне. Гродна, 2013.
3.Горад Святога Губерта. Альманах лакальнай гісторыі. Выпуск VII. Гродна, 2013. Нумар прысвечаны падзеям паўстання на Гродзеншчыне.
4. Кастусь Каліноўскі і яго эпоха ў дакументах і культурнай традыцыі. Менск, 2011.
5.Матвейчык Дзмітрый. Паўстанне 1863 – 1864 гадоў у Беларусі: нарыс баявых дзеянняў. Мінск, 2013.
6.Часопіс АRCHE №12 за 2010 г. цалкам прысвечаны Паўстанню 1863-1864 гг. на Беларусі.
7.Porzecki Jozef. Gloria Victis. W 150-tą rocznice Powstania Styczniowego. Grodno, 2013.

Scroll to top