“Правадыром іх быў чалавек з святым імем, якое гучала: Рамуальд Tраўгут. Ты пытаешся, чаму святое  гэта імя? Бо па запаведзі Госпада ён пакінуў жонку і дзяцей, раскошу і спакой, усё, што лашчыць, усё, што радуе, і жыццёвыя спакусы шыкам, скарбам, шчасцем, і, узяўшы на плечы крыж народу свайго, пайшоў за вогненным слупам, які  плыў па гэтай зямлі, і ў ім згарэў.” (Эліза Ажэшка, Gloria victis)

 


Раніцай 5 жніўня 1864 года паблізу варшаўскай Цытадэлі ўсталявалі 5 шыбеніц.


Першым ехаў Траўгут, у акулярах, у цёмна-сінім, тоўстым шынялі, абшытым тасьмою. Ён маліўся, жмурачыся ад блікаў сонца, якія гулялі на  шкле яго акуляраў. Другім ехаў, прыязна ўсміхаючыся, спадар Краеўскі. Доўгую чорную бараду гладзіў.


Трэці, засяроджаны і задуменны: спадар Tачыцкі. Чацвёрты: спадар Жулінскі, бледны як смерць, а пяты: спадар Езяранскі, пазіраючы  неспакойна з-пад наёжаных валасоў. Як адзначаюць відавочцы, Траўгут быў зусім спакойны. Здавалася, не чуў загадаў і якіх-небудзь іншых галасоў. На схілах цытадэлі сабраўся натоўп у 30 тысяч . Спявалі рэлігійныя песні і гучна даносіліся малітвы. Каб заглушыць гэты спеў, расейскі вайсковы аркестр зайграў вальс "На пагорках Маньчжурыі".
 
Апошнія члены Народнага Ўрада, страчаныя ў Варшаве 5 жніўня 1864 г., — Траўгут Рамуальд, Езяранскі Ян, Краеўскі Рафал, Тачыцкі Юзаф, Жулінскі Раман.
„Кат закладаў петлі з брутальным спрытам адну за адной. Траўгут склаў рукі для малітвы і глядзеў у неба не жмурачы ўжо вачэй. Тачыцкі пацалаваў пялю, як старажытныя пакутнікі і сам штурхнуў яе аж пад горла. Краеўскі усміхнуўся кату, які яму зашчаміў бараду; выцягнуць яе з-пад пятлі і склаў на грудзях чорным веерам. Калі да кат падышоў да Жулінскага, дзяўчына, якая стаяла побач са мной паднялася раптам на пальцах і дзіўным, страшным, шкляным голасам усклікнула:
– Брат! Мужнасці!
Тады Жулінскі зарумяніўся  злёгку і кіўнуў да яе галавой з нязмерным  гонарам і любоўю.”
(Марыя-Еханна Велёпольска,  „Kryjaki”.)


Рамуальд Траўгут ўвесь час быў пагружаны ў размову са святаром, які яго суправаджаў.
Калі прагучала пытанне, хто з пяці асуджаных, якія сталі пад шыбеніцай, Траўгут, ён падняў абедзве рукі ўверх, у якіх трымаў крыж і ўсклікнуў  дзіўна гучным голасам:
Я  Траўгут!
Перад тым, як узысці на драўляныя прыступкі пад шыбеніцай, падаў у рукі духоўніка апошнюю памяць аб жонцы і дзецях, пісьма да іх і іх фатаграфіі з 1862 года.
“Мы ўбачылі, што Траўгут глядзіць на нас, і што адкрывае рот, каб нешта сказаць – у дадзены момант кат грукануў абцасам у прыступкі, на якіх стаяў Траўгут.
Яшчэ чатыры разы паўтарыся гэты грукат, як кананада самых страшных гармат, а барабаны заверашчалі... Паненка Жулінска першая ўпала на калені, а за ёй абрынуўся ўвесь народ, усе да аднаго, католікі і габрэі, без крыку, без слова..." (Марыя-Еханна Велёпольска,  „Kryjaki”.)
 
Яму было 38 гадоў.

Афіцыйнае прыняцце Траўгутам улады над атрадам, які налічваў 192 чалавекі ((160 землеўладальнікаў і 32 служачых Кобрына), якія мелі з большага паляўнічую зброю і косы, адбылося ў канцы красавіка 1863 года, падчас збору навакольнай шляхты ў  маёнтку Божы Дар Яна Мітрашэўскага, паўстанцкага начальніка горада Кобрынa. Самым вядомым удзельнікам гэтага сходу (акрамя, вядома, Траўгутa) была дваццацігадовая Эліза Ажэшка, у той час яшчэ нікому невядомая, маладая замужняя жанчына, якая жыла ў Людвінаве (маёмасць мужа Пятра), недалёка ад Востравa.

 Ад першай сустрэчы Эліза Ажэшка захавала ў сваім сэрцы удзячную памяць аб паўстанцах і іх кіраўніку. Рамуальд Траўгут з'яўляецца адным з гераічных постацяў апошняй канфіскаванай і забароненай царскімі ўладамі кнігі Элізы  Ажэшкі "Gloria victis". Дзякуючы яе ўспамінам мы можам уявіць Траўгута не толькі па фатаграфіям, але даведацца, якое ўражанне ён аказваў на сучаснікаў.

“Гадоў яму было трыццаць шэсць, і на гэты ўзрост ён выглядаў, сярэдні рост, целасклад больш пругкі і стройны, чым моцны, і ў рухах латвых, упэўненых у сабе, у постаці выпраставанай,  штосці  нагадвала вайсковы тып. З першага погляду кідалася  ў вочы глыбокая чарната яго валасоў настолькі густых, што дзве іх хвалі, адна над адной, уздымаліся над ілбом смуглым, стройным, прарэзаным  ад броваў амаль да валасоў вертыкальнай лініяй глыбокай зморшчкі. Вочы цяжка было разглядзець, таму што накрывала іх шкло акуляраў, але сярод авала смуглага твару ўвагу звярталі вусны без усмешкі, спакойныя і паважныя. Можа, гэтая сур'ёзнасць вуснаў, і гэтая заўчасная маршчынка на ілбе спрыялі таму, што ў выглядзе гэтым дзівіў, перш за ўсё, выраз думкі строгай, засяроджанай, маларазмоўнай. Нічога мяккага, гнуткага, паслушнага, нічога з лёгкасцю выліваючагася вонкава. Толькі думка нейкая пануючая, велізарная, увесь час моўчкі, засяроджана працуючая і пад яе пакладам нейкая таемная спякота пачуццяў, якая на ілбе, выпаліла заўчасную маршчынку і гарачым каларытам абклала маўклівы твар.” (Эліза Ажэшка, "Oni")

 

 


На прапанову ўзначаліць атрад Траўгут адказаў: "Я не ведаю, ці ёсць сэнс. Ведаю толькі, што  мушу."

Партызанская вайна Траўгута на Палессі доўжылася дзевяць тыдняў, з першых дзён траўня да сярэдзіны ліпеня 1863 г., а пачалося з двухтыднёвай "бесперапыннай і знясільваючай муштры", практыкаванняў ў стральбе і вядзенню бою ў страі. Камандзір патрабаваў ад сваіх салдат строгай дысцыпліны, але таксама салідарна дзяліў з імі цяжкасці ляснога выжывання. Атрад Траўгута правёў сем буйных сутычак (у тым ліку некалькі пераможных) і некалькі дробных. Самай гучнай была першая пераможная бітва, якая адбывалася 17траўня 1863 пад Горкамі (цяперашняя Украіна). 17 траўня атрад Траўгута правёў паспяховую засаду на расейцаў (1 рота пяхоты і 40 казакаў) на дамбе пад Горкамі. Расейцы былі акружаны і ўзяты ў скрыжаваны агонь паўстанцаў, страціўшы 70 забітымі. У рукі паўстанцаў патрапілі вазы з боепрыпасамі і зброяй. 21 траўня расейцы кінулі супраць Траўгута 2 роты 3-га батальёна стралкоў палкоўніка Эрнберга. У лесе паўстанцы напалі на расейцаў, якія пасля страты 12 чалавек (паўстанцы страцілі 2 чалавекі) адступілі з поля бою. Расейцы не адмовіліся, аднак з далейшай барацьбы. На гэты раз да  Горак падышлі  4 роты пяхоты і 200 казакоў, якімі камандаваў генерал Эгер і 25 мая зноў напалі на атрад. Вораг  тры разы кідаўся ў атаку і кожны раз атака была адбітая. Аднак пасля трохгадзіннага бою паўстанцы не змаглі вытрымаць атакі пераўзыходзячых па колькасці і значна лепш узброеных расейцаў і рацярушыліся, страціўшы 13 забітымі. Расейцы страцілі некалькі дзесяткаў людзей – забітых і параненых. Паўстанцы пакінулі лагер з 20 вазамі і 50 коньмі. Некалькі паўстанцаў былі захопленыя сялянамі і выдадзеных расейцам. Месцам для збору паўстанцаў Траўгут прызначыў лес Белінскі на поўнач ад Горак за Каралеўскім каналам; прыбыло іх туды 70.


У наступных сутычках паўстанцам шанцавала менш. Занепакоеныя поспехам кобрынцаў расейцы сабралі каля трох тысяч салдат, аснашчаных артылерыяй і 26 траўня акружылі атрад Траўгута. Паўстанцы, цаной вялікіх страт, адбілі тры атакі, а ноччу камандзір загадаў расцярушыцца і пакінуць лагер; загадаў таксама паўторнае фармаванне атрада на тэрыторыі Піншчыны.

Пасля фарміравання новага атрада і злучэння яго з атрадам Яна Ваньковіча-Лялівы, які  налічваў 100 чалавек, Траўгут прыняў камандаванне і атрад вырушыў на ўсход – на Піншчыну ў раён Століна.

Аб Траўгуце, як камандзіры паўстанцаў, Эліза Ажэшка напіша: „Ён сэрцы іх у руках трымаў і ўмеў штурхаць іх угору. Адкрываў перад шэрагамі чорнавалосую галаву і за тое, што яны былі паслухмяныя, як дзеці, а як львы адважныя, што сіле пераважаючай распарошыць іх не далі, што сорамам не заплямілі крыжа, які прынялі на свае плечы – дзякаваў. Але і тады яшчэ, калі дзякаваў, голас яго разносіўся, як баявыя гукі, і не было ў ім ні слодычы, ні ласкі, мужнасць толькі была і жалезная воля,  моцна трымаючая павады іхняй волі. (...)"


Па шляху Траўгут абвяшчаў ўсюды вызваленне сялян і надзяляў іх зямлёй, заклікаючы ўсіх да ўзброенай барацьбе за свабоду. На жаль, праваслаўныя святары сеялі нянавісць да паўстанцаў.  Першы бой з маскалямі (3 роты пяхоты) у гэтым раёне Палесся адбыўся 23 чэрвеня 1863 года пад Варонамі (8 км ад Століна). Пераможны бой для паўстанцаў. Загінуў камандзір расейцаў і шмат яго салдатаў. Аднак сітуацыя атрада Траўгута станавілася з кожным днём усе больш і больш трагічная. Не хапала і зброі, і прадуктаў харчавання. Трэба было паварочваць на заходняе Палессе. Па шляху на Захад, дайшло да сутычак з карнікамі ў Дамбровіцы 26 чэрвеня (пераправа праз раку Гарынь з вялікімі стратамі), у Задуню 29 чэрвеня і пад Пінскам (частка паўстанцаў, якія вярталіся ў Брэст і Кобрын) 1 ліпеня.

 12-13 ліпеня пад Калодным дайшло да наступнага бою паўстанцаў (было іх толькі 88), з колькасна большымі і лепш узброенымі маскалямі – з атрадам на чале з маёрам Семіганоўскім. У бітве 12 ліпеня ўдалося ўцягнуць расейцаў у засаду і прымусіць бегчы. Паўстанцы, стомленыя і галодныя, спыніліся пад Калодным на ноч. Скарыстаўся гэтым Семіганоўскі і на наступны дзень з раніцы сілай у тры роты атакаваў паўстанцаў. Паўстанцам удалося ўцячы ў лес, але яны страцілі ў гэтай бітве 30 чалавек.



Бачачы, што сітуацыя безнадзейная, Траўгут  прымае рашэнне распусціць атрад і паасобку прабівацца ў Белавежскую пушчу. Абарваныя, галодныя, пераследуемыя царскімі казакамі, яны прасочваліся па лясах і балотах. Траўгута асільвала ліхаманка, яго падтрымлівалі пад рукі два баявых сябра...  Хворы на малярыю Траўгут  хаваецца ў Людвінаве ў Ажэшкаў.


Як толькі ён адчуў сябе лепш, у ліпені 1863 года Эліза Ажэшка адвезла яго да мяжы Царства Польскага, удаючы транспарціроўку хворага тыфам кузэна. Аднак, хтосці з прыслугі заўдаў яе мужа – Пятра Ажэшку, якога царскія ўлады арыштавалі восенню 1863 года, і ў сакавіку 1865 года засудзілі на высылку ў Пермскую губерню, , адначасова канфіскаваўшы маёмасць. Эліза Ажэшка была вымушана пераехаць у Мількаўшчыну каля Скідзеля, дзе яна нарадзілася.
Кім быў Рамуальд Траўгут -  кіраўнік партызанскай вайны з акупантамі на Палессі?

Продкі Рамуальда з боку бацькі, Людовіка Траўгута, былі выхадцамі з Саксоніі. Яны прыйшлі ў Польшчу з Аўгустам II Моцным каралём Польшчы і Вялікім Князем Літоўскім. Дзед Рамуальда, Якуб Траўгут, стаў пяхотным капітанам і ў час паўстання 1794 года атрымаў асабістую падзяку ад Тадэвуша Касцюшкі.


Бацька, Людвік Траўгут, быў незаможным шляхціцам і арандаваў маёнтак Шастакова (Камянецкі раён), дзе 28 студзеня 1826 года нарадзіўся Рамуальд. Маці яго, Алаіза, паходзіла з роду Блоцкіх, гэта, напэўна, было адгалінаванне старажытнага кобрынскага роду Снежка-Блоцкіх, якім належаў маёнтак Балата пад Кобрынам.


Рамуальд рана асірацеў і яго выхоўвала  бабуля Юстына Блоцкая з Шуйскіх.У падлеткавым узросце ён быў здольным, вельмі разумным вучнем выдатнікам Гімназіі ў Свіслачы, над якой патранат на працягу многіх гадоў ажыццяўляў Віленскі Універсітэт.. Беспаспяхова спрабаваў паступіць у Інстытут Інжынераў шляхоў зносін у Санкт-Пецярбургу. Верагодна, не было пацверджання дваранства,  яго атрыманне ў сувязі з высокімі выдаткамі збяднелая польская шляхта не заўсёды магла сабе дазволіць. Рамуальд закончыў трохгадовую афіцэрскую школу ў Жэлехаве (вёрстах васьмідзесяці ад Варшавы).


Адразу пасля заканчэння вайсковай школы будзе накіраваны на задушэнне паўстання ў Венгрыі (1849). Там вымушаны змагацца і з атрадамі, якія падтрымлівалі Польскія Легіёны.
Успаміны з Венгрыі запіша ў сваім дзённіку:
“...я пазнаёміўся з мілай краінай Венгерскай і, што больш,  з высакародным характарам яго жыхароў, гэтак жа як і іх сапраўднай і гарачай любоўю да сваёй няшчаснай і прыгнечанай пякельна Айчыне.”
Удзел у вайне ў Венгрыі адзначаны выдзяленнем новага жытла, грашоваю ўзнагародаю ў 245 срэбных рублёў і ордэнам Св. Ганны ІІ ступені.
Пасьля вяртання ў краіну улюбляецца ў незвычайнага чалавека Ганну Эмілію Пікель.
У дзень вяселля ён напісаў: “Я стаў шчаслівым мужам Анёла.”

Праз год пасля вяселля з каханай, дачкой вядомага варшаўскага ювеліра, і нараджэння першай дачкі, Рамуальд Траўгут вымушаны адправіцца ў вайсковую экспедыцыю ў Турцыю (снежань 1853); таксама прымае ўдзел у крымскай вайне (1855). Лёс быў літасцівы да Рамуальда Траўгута, і ён уцалеў у віхуры баёў на самых небяспечных участках севастопальскіх умацаванняў.

Пасля баявых справах у турэцкай кампаніі атрымлівае яшчэ ордэн, званне штабс-капітана і пачынае чытаць лекцыі ў Санкт-Пецярбургу ў школе для афіцэраў. Суправаджае яго сям'я, ён становіцца бацькам у дадатак да двух дачок двух блізнят – хлопчыка і дзяўчынкі. Сямейная жыццё з'яўляецца для яго крыніцай вялікай радасці, якой, аднак, прыходзіць, трагічны канец. З лістапада 1859 па травень 1860 года Траўгут губляе па чарзе: бабулю Юстыну, якая з другога года жыцця замяняла  яму маці, дачку Юстыну, каханую жонку Ганну і адзінага сына Конрада. Ён становіцца ўдаўцом з двума малалетнімі дочкамі. Праз два гады пасьля гэтай трагедыі, пазнаёміўшыся ў былым маёнтку сваёй бабулі з Антанінай Касцюшка, дачкой блізкага сваяка Тадэвуша Касцюшкі, жанчыну найлепшых якасцей характару, жэніцца на ёй. Яе рукі беспаспяхова дамагаўся пляменнік Адама Міцкевіча, Францішак. Праз кароткі час зноў шчаслівым мужам і бацькам. Жонка нараджае яму сына, з пяшчотай клапоціцца  яго дочкамі ад першага шлюбу. Сувязь паміж імі з'яўляецца вельмі чулай і моцнай адначасова. У ліпені 1862 года ў чыне падпалкоўніка Траўгут выйшаў у адстаўку і пасяліўся ў наследаваным ад родзічаў маёнтку Востраў Кобрынскага павета.


 У адным з памяшканняў яго дома ў Востраве была ўладкавана фізічная лабараторыя з чатырма электрычнымі машынамі найноўшых узораў, там ён спрабаваў атрымаць вялікую напругу электрычнасці. Таксама ён падтрымліваў перапіску з вядомым нямецкім вучоным Вільгельмам Хольтам.У гэты самы час памірае яго двухгадовы сын Рамуальд. А з пачаткам паўстання заканчваецца і сямейнае жыццё.

“У маладым, глыбока рэлігійным чалавеку ў мундзіры расейскага афіцэра адазвалася з незвычайнай сілай перакананне, што тут, у Польшчы абараняць трэба актыўна цывілізацыю лацінска-хрысціянскую, што тут не можа мець месца ніякая сінтэза Усходу і Захаду. Што Рэч Паспалітая з'яўляецца чымсці абсалютна своеасаблівым і ўнікальным у гэтай частцы свету. І з яе духоўнага зместу, з яе гісторыі, з яе хрышчэння бярэ пачатак гэтая абсалютная сіла супраціву злу — зла ў выглядзе гвалту, хлусні, варварскіх нораваў і законаў — сіла, якая ўзнікала амаль у кожным пакаленні. І якая выклікала такіе прыступы трывогі нашых імперскіх суседзяў. І рабіла ім  так дзіўна шмат непрыемнасцей. Таму што выяўляла не толькі мясцовыя журботы. Яна ахоплівала Еўропу і сімвалізавала ўсё, што было ў ёй высакародным патокам да сапраўднай свабоды.” (Ewa Polak-Pałkiewicz)


2 жніўня 1863 гада Нацыянальны паўстанцкі Ўрад прысвойвае Траўгуту званне генерала і дае яму вялікія паўнамоцтвы. Траўгут спрабуе каардынаваць свае дзеянні з Кастусём Каліноўскім кіраўніком рэвалюцыйнага крыла паўстанцкай арганізацыі ў Беларусі і Літве.  Накіроўваецца ў Парыж на перамовы. 17 кастрычніка 1863 Рамуальд Траўгут стаў кіраўніком паўстання. Гэта было актам яго суверэннай волі. Адразу ўзяўся за працу. Ён планаваў стварэнне рэгулярнага войскі паўстанцкага і пашырэнне падпольнай структуры. Ён хацеў рэарганізаваць войска, каб мець трывалую аснову, фінансавую і арганізацыйную. Дзейнасцю Польскага Ўрада павінна быць, ёсць і будзе заўсёды весці  народ дарогай праўды, — пісаў ён, — па шляху, паказаным Боскім Настаўнікам нашым.

Але  “…лёс Польшчы, — піша прафесар Халецкі -  быў фактычна прадвызначаны, калі Францыя, Англія і Аўстрыя, з чыёй інтэрвенцыяй яна звязвала свае надзеі, задавальняліся  пасланнямі цару ў чэрвені 1863 года дыпламатычных нот з заступніцтвам за Палякамі.”


Адкуль мы, сучаснікі,  ведаем гэты замарожваючы  кроў у жылах холад заходняга свету, перакананага ў неабходнасці дзеянняў збалансаваных і прагматычных?


У Звароце да Войска з 14 снежня 1863 года Траўгут пісаў:
“Святыя правы сям'і і уласнасці, штодня таптаныя ёсць праз ворагаў з адпаведным ім нахабствам і варварствам (...). Ахову гэтых правоў ад нападу маскоўскіх ордаў Радзіма Вам, Польскія Салдаты, давярае (...) Памятайце, што шчасце нашага народа з'яўляецца краевугольным каменем будучыні Радзімы. Стойце ж верай і праўдай на варце гэтых правоў, якія Нацыянальнае Ўрад надаў народу Польскаму, а хто іх чым-небудзь гвалтаваць асмеліцца, за ворага Радзімы іх лічыць будзем.”

У Інструкцыі для Арміі з 18 снежня таго ж года, ён дадаў:
“Памятайце, ( ... ), што паўстанне без народа з'яўляецца толькі ваеннай дэманстрацыяй у большых ці меншых памераў, з народам толькі знішчыць ворага можам, не клапоцячыся аб якой-небудзь інтэрвенцыі, без якой, спадзяюся, Бог міласэрны дазволіў нам абысціся.”

“Мы перакананыя, — пісаў ён па-французску ў Звароце да народу  ангельскага — што Еўропа ніколі не будзе мець гарантаванага спакою ні ўстойлівага прагрэсу да тых часоў, пакуль агіднае злачынства падзелу нашай Радзімы не створыць стрыжня еўрапейскай палітыкі. (...) Пакідаем у свеце памяць аб народзе, які ахвяраваў сабой дзеля сваіх абавязкаў і для справы цывілізацыі.” Як актуальна гучаць сёння словы Рамуальда Траўгута тут ва Усходняй Еўропе!!!


Траўгут выдатна разумеў, якім няшчасцем длярасійцаў з'яўляецца дэспатызм і паганства самадзяржаўя. “Народ гэты няшчасны, — пісаў Траўгут у тым жа дакуменце — сістэматычна збыдлаваны ўрадам сваім, які, надаючы павярхоўны глянец, на самай справе яго акружае падманам і ў найбольшай цемры трымае,  жывучы жыццём штучным, казённым, не разумее нават страшнай дэградацыі. (... ) царызм не вагаўся нават выкарыстоўваць рэлігію за інструмент для дасягнення сваіх мэтаў. Пад уладай пятроўскага царызму найсвяцейшыя абрады і таямніцы веры былі апаганеныя і святатацкі ўжытыя для найагіднейшых рэчаў. Суд пакаяння стаў магістратураю паліцэйскаю, а святы Сакрамант споведзі адным з сродкаў шпягунства і даносу. (...) Так, страшны заняпад  маральны дае меру таго, да чаго царызм прывёў дзясяткі мільёнаў разумных істот, па вобразу і падабенству Божаму створаных.”


Замест існуючай бессістэмнасці вялікіх і маленькіх атрадаў, камандзіры якіх практычна нікому не падпарадкоўваліся, выдадзены Траўгутам у снежні 1863 году дэкрэт уводзіў новую арганізацыю паўстанцкіх сіл. Усе яны аб'ядноўваліся зараз у карпусы, карпусы падзяляліся на дывізіі, дывізіі - на палкі, палкі - на батальёны і т. д. Прадугледжвалася стварэнне пяці карпусоў: I - на тэрыторыі Люблінскага і Падляскага ваяводстваў, II - Сандамірскага, Кракаўскага і Калішскага ваяводстваў, III- Аўгустоўскага і часткова Гарадзенскага ваяводства, IV - Мазавецкага і Плоцкага ваяводстваў, V - у Літве, Атрады, якія фармаваліся ў Галіцыі, складалі рэзервовы корпус.
Нароўні з названымі ўжо вышэй даўнімі чальцамі паўстанцкай чырвонай арганізацыі Траўгут даручыў адказны пост Людвіку Звяждоўскаму (ён камандаваў дывізіяй у корпусе Босака) і зацвердзіў на пасту кіраўніка паўстання ў Літве Кастуся Каліноўскага. Круг гэтых імёнаў шмат кажа пра палітычную лінію Рамуальда Траўгута.

На новы, вышэйшы этап паўстанне павінна было падняцца дзякуючы апоры на "адзіную сілу кожнай краіны - народ". У сваім цыркуляры галоўным ваенным начальнікам і ваяводскім камісарам ад 15(27) студзеня 1864 году, Траўгут пісаў:
"Народны Урад на працягу апошніх трох месяцаў дзейнічае галоўным чынам у гэтым кірунку, гэта мэта ўсіх распараджэнняў Урада.


Мы рашуча прадпісваем вам спыніць усякую дзейнасць сярод шляхты, якую варта прымаць толькі пастолькі, паколькі яна сама да гэтага імкнецца, а замест таго працягваць і развіваць усялякую арганізацыйную і ваенную дзейнасць перад усім сярод простага народа і праз народ, як вясковы, так і гарадскі.

Шляхта наўзамен за гэта хай нясе матэрыяльныя нягоды. Той, хто сам адхіляецца і беражэ сябе на лепшыя часы, хай ахвяруе для радзімы сваім багаццем. З тых, якія ўхіляюцца ад усякіх ахвяр трэба спаганяць удвая, спаганяць усё, што на іх накладзена, без паслабленняў, а ў выпадку супраціву або праявы злой волі прыцягваць да самай суровай адказнасці ..."

Паўстанцкае войска павінна было быць не толькі войскам нацыянальнага вызвалення але і абаронцам народных інтарэсаў. "Народны Урад патрабуе, - абвяшчаў цыркуляр Траугута, - каб вы з адмысловай увагай і стараннасцю імкнуліся да поўнай і сардэчнай згоды, братанню нашага войска з народам. Народны Урад бачыць у войску не толькі абаронцаў Радзімы, але разам з тым і першых, верных вартавых і ажыццяўляльнікаў законаў і пастаноў Народнага Ураду і першым чынам правоў, дадзеных польскаму простаму народу маніфестам Народнага Ураду ад 22 студзеня г. г.; той, хто адважыўся б парушыць у чым-небудзь гэтыя правы, павінен разглядацца як вораг Польшчы..."

Але, не гледзячы на ўсе гэтыя захады, зыход паўстання быў прадвызначаны. У пачатку 1864 года. паўстанне стала слабець. Царскія ўлады на знішчэнне паўстання кінулі велізарныя сілы карнікаў. Паўстанне было затоплена ў крыві.

У лютым расійцы разбілі корпус генерала Босака ў Свентакшыскіх Гарах. У той жа час павялічылася таксама эфектыўнасць царскіх службаў следчых, якім удалося арыштаваць наступных членаў Нацыянальнага Ўрада. Адным з іх быў сакратар Дэпартамента Казначэйства Артур Гольдман, які пасля вострага допыту выдаў расейцам Міхала Чарнецкага  як дыктатара паўстання. Траўгут, свядомы,  што пятля вакол яго заціскаецца, не распачаў спробы ўцячы з Варшавы. Арыштавалі яго ў ноч з 10 на 11 красавіка 1864 года. Увязнілі спачатку на Павяку ў турме пры варшаўскай вуліцы Павей, затым у Х Павільёне Варшаўскай цытадэлі. Пасля некалькіх месяцаў турмы, да нічога не прызнаўся , будучы ахвярай здрады нікога не выдаў і цвёрдасцю паводзін пазбавіў членаў камісіі следчай усякай надзеі на атрыманне вынікаў праз катаванне, якія былі ўжытыя да многіх іншых арыштаваных.


7(19) ліпеня палявы ваенны суд вынес прысуд па справе Рамуальда Траўгута і дваццаці двух яго таварышаў.

На наступны дзень у горадзе з'явілася ўлётка, падпісаная начальнікам горада, якая прызывала: "Аддамо гонар пакутнікам і высвенцім іх памяць не слёзамі скрухі і роспачы, а прысягай ісці іх шляхам".

У камеры смяротнікаў 27 чэрвеня 1864 года пісаў да жонкі Антаніны:
“...каб пры гэтым памятала, і ніколі, мой Скарб найдаражэйшы, не забыла, што б ні пасылаў на нас наш Айцец  Нябесны, з поўнай пакорнасцю і з сыноўняй удзячнасцю павінны прыняць, і што ўсе гэта не з'яўляецца вынікам сляпога выпадку, але воляй Божай наканавана,  гэта пакаранне за грахі нашые, але і сапраўдным дабрадзействам, таму што ўсё, што Творца робіць з намі, дзеля дабра нашага сапраўднага робіць. (...) Не забывайма, мае Дзеці, што Бог, хоць пра шчасце нашае часовае памятае, перш за ўсё мае на мэце наша вечнае шчасце, для якога нас стварыў і прызначыў... Такое толькі адзінае суцяшэнне пасылаю Табе, Найдарожшая мая, бо толькі такое чалавеку ў найбольшай бядзе і няшчасцю сапраўдным быць  можа. З той самай крыніцы і я чэрпаю сілу і жаданне...”
У гэтым развітальным лісце ён просіць яе, каб асабіста выхоўвала дочак (ад першага шлюбу: 10 - гадовую Ганну і 6-гадовую Алаізу), каб яны маглі "расці ў ласцы ў Бога і ў людзей". “Хацеў бы, каб іх душы і сэрцы, падобныя твайму сэрцу і тваёй душы былі. Добрая і патрэбная вучонасць, натуральна сапраўдная вучонасць і грунтоўная, а не павярхоўная, але важней над усім гэтым сумленнасць.”

Траўгут не шкадуе вельмі практычных парадаў — як быццам бы выязджаў менавіта ў службовую паездку і павінен быў, як бацька і добры гаспадар, задбаць пра лад у сваім доме, даць апошнія парады і ўказанні. Просіць, каб Антаніна выхоўвала дзяўчынак у пашане да "пачцівасці" і здаровага сэнсу, а таксама  ў  замілаванні да чысціні і парадку, што, на яго думку, павінна быць адлюстраваннем маральнага парадку і чысціні душы.


У лістах апісвае свой дзень у турме: “Мне хочацца з хлеба выляпіць Тваю галоўку. (... ) я знайшоў для сябе  вельмі прыемны занятак, таму што такім чынам Цябе, мой Анёл, маю пастаянна прысутнаю ў маім уяўленні... Трынаццатага чэрвеня я адзначаў дзень нашага вяселля, і, адначасова, дзень Тваіх імянін. Памаліўся больш і, як звычайна, даручыў Вас Богу і Найсвяцейшай Багародзіцы, просячы, каб Вам былі суцяшэннем, надзеяй і падтрымкай. Размаўляў бы з Табой бясконца, але мне пара, так што дадам толькі яшчэ, што я Цябе кахаю, на колькі гэта ў сілах чалавека... Ты заўсёды любіла, каб Табе гэта паўтараць, Наймілейшая мая... Яшчэ раз Цябе прыціскаю з дзятвой да сэрца майго. Твой муж, Рамуальд Траўгут.”

Пра расправу над паўстанцамі і далейшы тэрор над народамі Рэчы Паспалітай Эліза Ажэшка пісала ў пісьмах: “Бачыла напад пераможцаў, распіхваючых усіх ва ўсіх месцах, таптаўшых усё, што было нашым: на рэшткі людзей, застаўшыхся на зямлі, на мову, рэлігію, звычаі. (…) Не толькі не перабольшваю, але на чвэрць не магу перадаць тысячнага зместу той трагедыі, каторая полымем і мячом ударыла ў мае дваццацігадовыя вочы і сэрца.”

5 жніўня 1916 года на месцы пакарання быў усталяваны крыж і памятны камень.
Крыж быў названы жыхарамі Варшавы "Траўгут".
5 жніўня  2014 г. у Камянецкім раёне сціпла ўшанавалі памяць Рамуальда Траўгута з нагоды 150-гадоў з дня пакутніцкай смерці апошняга кіраўніка паўстання 1863-1864 гадоў, як тады было прынята казаць "дыктатара" паўстання.
 На месца яго нараджэння, размешчанае ў вёскі Шастакова, прыехала каля 60 чалавек. Генконсульства Рэспублікі Польшча ў Брэсце арганізавала дастаўку ўдзельнікаў мерапрыемства, у ліку якіх былі дзеці ва ўзросце ад 6 да 18 гадоў беларускага рэспубліканскага грамадскага аб'яднання "Харцэрства".
 

 


Камень з памятнай табліцай на месцы маёнтка Шастакова (Камянецкі раён), дзе 28 студзеня 1826 года нарадзіўся Рамуальд Траўгут


Траўгут…Ён быў адным з самых прыгожых людзей у нашай гісторыі. Адным з такіх сапраўдных герояў, аб якіх сёння мы марым.

Scroll to top