150 гадоў таму на Беларусі адгрымелі баі Паўстання 1863–1864 гг. З тых дзён прайшло вельмі шмат часу, але па тэрыторыі рэспублікі раскідана даволі шмат памятак пра тыя падзеі, гэта магілы паўстанцаў, рэшткі іх сямейных гнёздаў, памятныя табліцы і помнікі, проста ўрочышчы і мясціны.

Сёння памяць пра герояў паўстання адраджаецца, вядуцца навуковыя даследаванні, распрацоўваюцца турыстычныя маршруты, друкуюцца памятныя буклеты, паштоўкі, упарадкаваюцца памятныя мясціны. Мы прапануем вам адзін з некалькіх магчымых маршрутаў па мясцінах Паўстання 1863–1864 гг. Ён ахоплівае Панямонне – Гродзеншчыну і сумежныя раёны Брэстчыны і Міншчыны, якія пры жаданні можна наведаць цягам трох дзён. Гэты рэгіён быў найбольш ахоплены дзеяннямі паўстанчых атрадаў і тут захавалася найболей хоць неяк адзначаных продкамі і нашымі сучаснікамі памятных мясцін. Наш маршрут пройдзе таксама па некалькіх пушчах: Начскай, Ліпічанскай, Гродзенскай, Аўгустоўскай, Белавежскай, Налібоцкай. А пушча, вядома, была для паўстанцаў самым надзейным прыстанішчам. Такім чынам, пачынаем нашу вандроўку.

Першы дзень Міншчына – Гродзеншчына (400 км.)

Ужо ў самым Мінску і найбліжэйшых ваколіцах можна знайсці мясціны, звязаныя з Паўстаннем 1863 г. Напрыклад на скрыжаванні сучаснай вуліцы Свярдлова з праспектам Незалежнасці 2 чэрвеня 1863 г. быў расстраляны шляхіц, расійскі афіцэр Міхал Цюндзявіцкі, які чытаў сялянам “Мужыцкую праўду”, заклікаючы іх да зброі. Гэта быў першы паўстанец, пакараны царскімі ўладамі на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Па дарозе ж да вёскі Бараўляны больш чым праз год быў павешаны апошні беларускі паўстанец Тэлесфор Халева, які планаваў працагваць барацьбу і ў 1865 годзе.
Першы наш прыпынак – вёска Плябань Маладзечаснкага раёна. На старых каталіцкіх могілках прыкладна ў 300 м. на паўднёвы-захад ад вёскі знаходзіцца магіла паўстанцаў атрада Юльяна Бакшанскага (1824-1863) – знакамітага правадыра рэвалюцыйнага руху на Смаргоншчыне і Вілейшчыне. Ю.Бакшанскі яшчэ ў маладосці каля 15 гадоў правёў у ссылцы і на Нерчынскіх рудніках у Сібіры, а з пачаткам паўстання стварыў уласны атрад, які 4 сакавіка 1863 г. даў каля в. Свечкі апошні бой карнікам. У баі загінула 5 паўстанцаў, у тым і сам Ю.Бакшанскі. Пахаваныя яны былі на могілках у Плябані.

 


Праз Маладзечна і Валожын выязджаем на гродзенскую шашу. Уздоўж шашы ад Гродна да Мінска засталося даволі шмат мясцовасцей, якія памятаюць паўстанне, але дзе няма ніякіх памятных знакаў. Напрыклад у неіснуючым цяпер маёнтку Гаўя нарадзіўся Уладзіслаў Брахоцкі (1810-1896), апошні маршалак шляхты Навагрудскага павета, стваральнік навагрудскай бібліятэкі, які актыўна дапамагаў паўстанцам. (можна чатам з партрэтам Брахоцкага) Недалёка ад Ліды паворчваем на поўдзень да вёскі Мохавічы. Недалёка за вёскай у накірунку на в. Раклеўцы пасярод поля стаяць два крыжы – каталіцкі і шасціканцовы. Сярод камянёў, раскіданых па полю, на адным выбіты крыж і дата “1863”. Крыжы пастаўленыя ў 1995 г. высілкамі С.Судніка з лідскага Таварыства беларускай мовы. Магчыма тут пахаваныя паўстанцы з атрада Л.Нарбута.
Вяртаемся ў Ліду. У Лідзе ёсць адразу некалькі памятных месцаў, звязаных з паўстаннем. У гарадскім парку на вул. Міцкевіча ўсталяваны памятны камень на магіле ксяндза Адама Фалькоўскага (1812-1863), пробашча парафіі ў Ішчолне. Кс.А.Фалькоўскі быў расстраляны на гэтым месцы па загадзе М.Мураўёва за чытанне сялянам маніфеста з заклікам да паўстання. Камень знаходзіцца тут з 2010 г. і пастаўлены дзякуючы мясцовым польскім і беларускім актывістам. На старых каталіцкіх могілках ацалела магіла памерлай у 1938 г. ветэранкі паўстання Валерыі Ціхановіч, памятная табліца ўдзельнікам паўстання. Тут жа ў капліцы св.Барбары знаходзіцца табліца памяці расстраляных царскімі ўладамі ў 1863 г. ксяндзоў Лідчыны. Яшчэ адзін важны гістарычны аб’ект – памятная пліта Людвіку Нарбуту, пастаўленая каля касцёла айцоў піяраў у прамысловым раёне Ліды. Гэтая пліта знаходзілася на сцяне старога касцёла піяраў з 1938 г., праўда ў савецкі час яе затынкавалі. Вернікі рупліва аднавілі пліту і ў пачатку 2013 г. паставілі яе каля новага касцёла.
Цяпер рухаемся на поўнач у бок беларуска-літоўскай мяжы, на Воранаўшчыну. У старадаўнім мястэчку Нача – каля касцёла знаходзіцца памятны знак у гонар паўстанцаў аддзела Л.Нарбута. Былы царскі афіцэр, сын гісторыка Тэадора Нарбута, Людвік Нарбут разам з братам Баляславам пачаў паўстанне на тэрыторыі Лідчыны. Яго атрад некалькі месяцаў вёў баі з царскімі войскамі, але ў пачатку мая быў акружаны каля в. Дубічы. У няроўным баі загінулі 13 паўстанцаў, сярод якіх быў і Л.Нарбут. Смерць Л.Нарбута адлюстраваў на знакамітым малюнку М.Э.Андрыёлі, які змагаўся на баку паўстанцаў. (чатам з карцінай смерці нарбута) Памятны знак у Начы пастаўлены пры ўдзеле настаўніка з Радуні Ул.Руля.

 

Ён жа стварыў пры радуньскай гімназіі цікавы музей, дзе нямала месца прысвечана падзеям паўстання. У чатырох кіламетрах ад Начы знаходзіцца вёска Шаўры. Тут на каталіцкіх могілках размешчаны пахаванні Нарбутаў – удзельніка паўстання Баляслава Нарбута (1843-1889) і яго маці Крысціны. Тут жа за мурам стаіць палявы камень з табліцай, на якой напісана “Нарбутам, удзельнікам паўстання 1863-1864, нашчадкі, 1989”. І Шаўры і Нача знаходзяцца ў памежнай зоне, таму адведваючы гэтыя мясціны трэба абавязкова мець з сабой пашпарт і аплочаную квітанцыю за праезд у памежную зону.
Цяпер наш шлях ляжыць на поўдзень, да мястэчка Ваверка.  У мясцовым касцёле, узведзеным у міжваенныя гады, злева ад уваходу знаходзіцца ўсталяваная ў 2003 г. парафіянамі памятная табліца ў гонар ксяндза Раймунда Зямацкага (1810-1863). Кс.Р.Зямацкі быў расстраляны ў Вільні па асабістым загадзе М.Мураўёва за тое, што прачытаў парафіянам маніфест Нацыянальнага Ўраду аб пачатку паўстання.

 


Пераехаўшы гродзенскую шашу набліжаемся да вёскі Ішчолна. Тут у касцёле знаходзіцца табліца ў памяць пра згаданага ўжо ксяндза А.Фальскоўскага, магілу якога мы ўжо адведалі ў Лідзе. Яшчэ некалькі кіламетраў на поўдзень і мы пад’язджаем да Жалудка, вядомага прыгожым, праўда закінутым, палацам і ўнікальнай для беларускіх земляў планіроўкай. У мясцовым касцёле знаходзіцца ўсталяваная ў 2005 г. памятная табліца ў гонар ксяндза Станіслава Ішоры (1838-1863). Ксёндз быў расстраляны па асабістым загадзе М.Мураўёва за тое, што прачытаў парафіянам маніфест Нацыянальнага Ўраду аб пачатку паўстання.

 


З Жалудка праз Ражанку і Пескі пад’язджаем да вёскі Пацэвічы. Гэта ўжо Мастоўшчына. Прыкладна ў 2 кіламетрах ад вёскі знаходзіцца магіла 12 паўстанцаў з атрада, які быў разбіты дзвюма ротамі 1-га фінляндскага палка палкоўніка Крамера. Помнік быў узведзены ў 1933 г., але пасля вайны яго разбурылі. У 2011 г. помнік быў адноўлены высілкамі мясцовай польскай супольнасці.


Цяпер едзем у Гродзенскую пушчу ў маляўнічую мясцовасць Азёры. У цэнтры каталіцкіх могілах відаць пяць вялікіх крыжоў і невялікі бетонны слупок з табліцай “паўстанцам 1863 г.” Гэта  магілы невядомых паўстанцаў з атрада Аляксандра Лянкевіча, які ў маі 1863 г. заняў Азёры і рушыў далей, далучыўшы да сваёго аддзелу значную колькасць мясцовых сялян. На поўнач ад Азёр знаходзіцца мясцовасць Святое Балота – месца бітвы з царскімі войскамі. Тут паўстанцы былі атакаваныя некалькімі ротамі карнікаў і разбітыя, паколькі амаль не мелі ангястрэльнай зброі. Гара, дзе размяшчаўся паўстанцкі лагер, і сёння знаходзіцца фактычна пасярод балота і трапіць туды магчыма толькі з правадніком. Сёння на гары пастаўлены крыж і пасаджаны малады дубок на месцы старога знішчанага часам дуба пад якім адпачывалі паўстанцы.
Калі ўвесь план падарожжа атрымаецца выканаць цягам аднаго дня, то з пэўнасцю ў Гродна мы прыбудзем ужо познім вечарам, таму агляд паўстанцкіх мясцінаў горада і ваколіц пакінем на наступны дзень.

Scroll to top