У 1864 годзе лонданскае выдавецтва братоў Макмілан надрукавала кнігу англічаніна Ф. Андэрсана, якому давялося некалькі месяцаў правесці на тэрыторыі, дзе ішлі баявыя дзеянні паміж паўстанцамі і царскімі войскамі. 

Англійскі святар Ф. Андэрсан выразна сімпатызаваў паўстанцам, трымаў кантакты з мясцовай шляхтай, за што спачатку трапіў у гродзенскую турму, а пасля быў высланы з Беларусі. Успаміны Ф. Андэрсана – не літаратурна апрацаваны тэкст, а вельмі якасная журналісцкая справаздача, што робіць дакумент асабліва каштоўным. Факт прысутнасці ў нашым горадзе англічаніна Андэрсана падцвердзіў гісторык А. Радзюк, які нядаўна адшукаў у адным з гродзенскіх архівау дакументы, што тычацца ягонай асобы.  Героі твора – шляхцічы М. Ромер, М. Старжынскі, А. Біспінг – усё гэта гродзенцы, гістарычныя асобы, арыштаваныя царскімі ўладамі і высланыя ў Сібір за дапамогу паўстанцам.

    Ніжэй чытачам прапануецца невялікая частка ўспамінаў Ф. Андэрсана, якая перакладзена з англійскай мовы і падрыхтавана да друку Дар’яй Фядотавай.



    З Вільні наша наступнае падарожжа было да Гродна: па мясцовасці пераважна роўнай, якую толькі дзе-нідзе ўразнастайваюць невялікія азёры, і лапікі яловых ды бярозавых лесапасадак. Усе станцыі на нашым шляху былі запоўненыя жаўнерамі; але нідзе нельга было атрымаць якія-небудзь дакладныя звесткі пра паўстанне, якое выцягнула іх з зімовых кватэр. Мы нашмат больш даведаліся аб паўстанні з ангельскіх, французкіх і нямецкіх газэт, чым, падавалася, маглі даведацца ў мясцовасцях, ахопленых ім.


    Праз чатыры гадзны цягнік прыбыў у Гродна, дзе нас сустрэў стрыечны брат графа; і, паспешліва перапрануўшыся ў гатэлі, мы пайшлі вячэраць з князем і княгіняй Любецкімі, якія прымалі нас вельмі ласкава. Я быў прыемна здзіўлены даведаўшыся, што княгіня, якая прыходзілася графу цёткай, размаўляла па-ангельску: і гэтая акалічнасць, у спалучэнні з сардэчнай дабразычлівасцю ўсёй кампаніі, забяспечыла мне вельмі прыемны вечар на гэтай зямлі незнаемцаў.


    Раняшнюю гарбату, чаго я раней не бачыў, падавалі ў келіхах, разам з цыгарэтамі; і з гэтага часу да апоўдня наведвальнікі прыходзілі да графа бесперапынна адзін за адным. Мы пайшлі абедаць ў бліжэйшую рэстарацыю і сустрэлі некалькі расейскіх афіцэраў, якія гралі там ў більярд. У паводзінах расейскія афіцэры, асабліва тыя, што належаць да Імператарскй гвардыі, у асноўным дэманструюць вялікую ветлівасць; але у дадзеным выпадку, мушу прызнацца, яны паказвалі яе толькі ў малой ступені. Адзін з іх нават не пасаромеўся нахабна працягнуць руку праз увесь стол і пачаставацца хлебам, які быў пакладзены для нас. Ці рабіў ён гэта наўмысна, ці выпадкова, не магу сказаць; але шматзначная ўсмешка, што з’явілася ў той самы момант на твары аднаго з ягоных паплечнікаў, прымусіла мяне думаць, што яны высвятлялі, наколькі далёка могуць зайсці ў дэманстрацыі сваёй пагарды да тых, каго разглядалі проста як польскіх няпрошаных гасцей. Але іхні план пасварыцца з намі – калі такі існаваў – быў перапынены тым, што мы не звярнулі аніякай увагі на іх паводзіны.


    У Гродна, як і ў Вільні, казакі і розныя вайскоўцы, сустракаліся на кожным кроку; і тут я назіраў (што несумненна было і ў Вільні, хаця я і не пабачыў гэтага) дадатковыя меры перасцярогі ў выглядзе 20 гармат перад домам губернатара.


    Мы ізноў вячэралі з князем Любецкім; і ізноў сабралася прыемная кампанія. Адным з гасцей па такім выпадку быў князь Старжынскі, які, як і князь Любецкі, займаў высокую пасаду ў гродзенскім урадзе; і я быў узрадаваны пачуць, як добра ён размаўляў па-ангельску.


    У пятніцу ранкам, 6-га сакавіка, мы паехалі паштовай павозкай у Вярэйкі, адзін з маёнткаў графа, каля трыццаці ангельскіх міль ад Гродна на поўдзень ад Нёмана. Дзве павозкі, што пад’ехалі да дзвярэй на гадзіну пазней за прызначаны час, нагадвалі шатландскія вызы для сена. Адну з іх цягнулі чатыры моцныя кані, упрэжаныя ў адну лінію, а другую - тры. Вялікая хуткасць, з якой яны ішлі галопам па кепскіх дарогах, была даволі здзіўляльнай, і тую жудасную струску, што перажывалі пасажыры, бо у павозках не было рысораў, прасцей уявіць, чым перадаць словамі. Спачатку мы рухаліся даволі павольна; няроўную брукаванку на вуліцах, з-за якой даводзілася ехаць амаль з хуткасцю хады, і перашкоды на мосце праз Нёман было нялегка пераадолець. Праз гэтую частку Нёмана ёсць два масты; адзін, з трубчатых элементаў, для чыгункі на Варшаву; другі, пантонны, як яго называюць, але ён вельмі адрозніваецца па канструкцыі ад тых, што называюцца так жа і па якіх падарожнічаюць праз Рэйн ў Боне, Кёнінгсвінтеры і Нойвідзе. Рух мастоў на Рэйне, як чытачу напэўна вядома, здзяйсняецца дзякуючы плыні і кантралюецца ланцугом, прымацаваным да кармы дзвюх баржаў, што падтрымліваюць платформу маста, які адтуль праходзіць праз высокую драўляную канструкцыю, праходзіць праз шэраг лодак, размешчаных праз пэўны інтэрвал адна ад адной уверх па плыні, і замацоўваецца праз карму апошняй лодкі да дна ракі. Мост на Нёмане таксама бярэ імпульс ад плыні; але замест таго, каб быць прывязаным да лодак, ягоны рух ад аднаго берага да другога кантралюецца моцным тросам, які праходзіць праз ролікі, праз два вертыкальныя слупы, усталяваныя на абодвух баках маста, і мацуецца да лябёдак на абодвух берагах ракі. Нёман у гэтых мясцінах не складае і паловы Рэйну, іначай не атрымалася б прымусіць мост рухацца туды і назад у такі спосаб. Платформа, якая з’яўляецца падлогай маста, укладзена на дзве моцныя баржы, як тыя на Рэйне, дастаткова вялікія, каб перавесці за адзін раз павозкі, коней і пешых пасажыраў. Гэтым разам было не меней за сотню пасажыраў і чатырнаццаць ці пятнаццаць павозак і экіпажаў у дадатак да нашага. Гэты стракаты натоўп, вядома, плотна сціснуты, уяўляў відовішча бездапаможнай збянтэжанасці. Наша кампанія, канешне, не адчула шмат нязручнасцяў, бо нашу павозку прапусцілі у першую чаргу. Але тыя, хто былі за намі, маглі зайсці на мост толькі праціскаючыся усе разам; мужчыны, жанчыны і дзеці, выйскоўцы і сяляне, піхаліся і сварыліся, лаяліся, крычэлі – кожны намагаючыся зайсці першым. Двое з натоўпа прыцягнулі маю асаблівую увагу, сялянскі хлопчык і габрэйка год пяцідзесяці, кожны вёў каня і чатырохколавы гандлёвы воз да маста. Спачатку жанчына была наперадзе, але хлопчык, пакуль тая спрачалася з кіраўніком маста, здолеў абысці яе. Габрэйка, як толькі зразумела гэта, жорстка збіла ягонага каня па галаве, а пасля звярнулася да хлопчыка з такім жа шаленствам, драпаючы ягоны твар і біючы яго. Хлопчык не доўга чакаў, каб адплаціць ёй той жа манетай, і адбылася шэраговая бойка, якая, вдавочна, цешыла прысутных. Але падчас бойкі хлопчык не забываўся на сваю галоўную мэту і, прыгледзеўшы мажлівасць, паспяхова заняў добрае месца на масце. Жанчына таксама прайшла і спрабавала аднавіць спаборніцтва; але пабачыўшы, што гэта будзе нязручна, задаволілася, абліўшы аб’ект сваей лютасці бесперапыннымі струменямі лаянкі. Так званае кіраванне мастом, як насамрэч і любое іншае кіраванне ў гэтай краіне, знаходзіцца ў руках габрэяў. Але калі б падтрыманне парадку было часткай кантракту, то сёння на гэта ніхто не звяртаў ўвагі. Мажліва там прысутнічалі афіцэры, абавязаныя забяспечваць парадак, але я не бачыў ніводнага.  Несумненна, запатрабаваўся б цэлы полк паліцыі, каб супрацьстаяць націску мноства людзей, якія палымяна жадалі патрапіць на мост.


    Пасля пераправы коні пастаянна ішлі галопам. Нават стромкі ўзвышак, на які нам давялося падняцца непадалёк ад ракі, і цяжкая дарога, якая рабілася яшчэ больш цяжкой з-за брудных камоў напаўрассталага снегу, ніяк не паменшылі хуткасці бедных коней. Кіроўца бесперапынна роў на іх альбо сцябаў па іх змучаных баках бізунм з вяроўкі. Першую частку дарогі, каля пятнаццаці ангельскіх міляў, мы праехалі за гадзіну з паловай; другую частку, прыкладна такую ж па даўжыні, праехалі прыкладна за такі ж час, але па крыху лепшай дарозе, і мясцовасць была больш роўная. Наш абед, па завяршэнні першай часткі дарогі, складаўся з чорнага хлеба і сыра, з ікрой і з віном кларэт. Уздоўж дарогі там стаяў доўгі будынак, які служыў стайняй для паштовых коней, чатыры з каторых павіны быць заўседы напагатове на выпадак тэрміновасці. Барты былі зроблены пад ухілам, каб коні маглі на іх ляжаць, але толькі крыху прысыпаны саломай; і здавалася, што малыя альбо зусім ніякія намаганні не прыкладаліся для таго, каб коні і стайні былі чыстя.


    Мы праехалі паўз некалькі прыгожых фермерскіх хат, падчас другой часткі нашага падарожжа, а таксама паўз некаторыя багатыя балоцістыя землі, якія нагадалі мне лепшыя часткі памежнай мясцовасці паміж Норфалкам і Лінкальншырам.

[Далей больш ста старонак кнігі прысвечана апісанню мясцовасці Вярэйкі, гаспадарцы і побыту мясцовых сялян і шляхты, рэпрэсіям царскіх уладаў супраць паўстанцаў. У пачатку восені 1863 г. аўтар вяртаецца ў Гродна і вырашае наведаць Верцялішкі].

У пятніцу, чацвёртага верасня, мы прыбылі ў Гродна з Вярэйкаў, і мелі намер правесці наступны тыдзень у Верцялішках, каб наведаць свята ўраджаю, якое там святкавалі. Мы заставаліся ў Гродна ўсю суботу і ўсю нядзелю; і ў панядзелак па апоўдні мы рушылі да сялянскай гаспадаркі. Надвор’е было цудоўнае; габрэй загадчык пошты дасалаў нам сваіх найлепшых чатыры кані, каб яны нас перавезлі; Граф, ягоны нямецкі служка і я пайшлі з гатэля недзе а трэцяй у прыўзнятым настроі; не ўяўляючы тых падзеяў, якія неўзабаве павінны былі нас напаткаць.


Што да мяне, я чакаў нашага падарожжа з вялікай цікавасцю, бо яно, верагодна, было апошнім прыемным перажываннем у гэтай краіне. Было, насамрэч, шмат падставаў, па якіх мне было шчыра шкада з’язджаць з Польшчы. Граф ставіўся да мяне, ад пачатку і да канца, як адданы і любячы брат. Ягоныя сябры і сваякі рабілі ўсё мажлівае, каб я адчуваў сябе ўтульна сярод іх; і найбольшыя намаганні рабіліся дабраахвотна з усіх бакоў, каб паменьшыць турботы, звязаныя з неспакойным становішчам у краіне. Граф, я ўпэўнены, быў бы рады, каб я застаўся з ім яшчэ долей. Але мой бацька жадаў, каб я вярнуўся да яго ў Бон не пазней за канец верасня. Я таксама вельмі жадаў быць з ім; і, адпаведна, усе было гатова для майго ранняга ад’езду. Мой цяжкі багаж ужо чакаў мяне ў маёнтку; і ў наступны чацвер я мусіў пачаць сваё падарожжа дахаты.
Калі мы пад’ехалі да мяжы горада, дзе заўсёды правяраюцца пашпарты, я ўбачыў двух вартавых Імператарскай гвардыі ў параднай форме, выстаўленых у гонар нейкага вялікага свята. Граф, як звычайна, паспяшаўся ўгору па сходах з паперамі, пакуль я заставаўся ў экіпажы. Як толькі ён пайшоў, да мяне наблізіўся жаўнер і запытаў, ці належаў экіпаж, у якім я знаходзіўся, графу Біспінгу. Калі я пацвердзіў гэта, ён сказаў мне падняцца па сходах з багажом, які складаўся з двюх валізак і партпледа. Я быў некалькі здзіўлены, атрымаўшы такі загад; але моўчкі адразу падпарадкаваўся. Граф Біспінг здзівіўся нават больш, калі я з’явіўся ў пашпартным кантролі, і спытаў, што здарылася. Я прапанаваў яму запытацца ў жаўнера, які адразу прадэманстраваў, што, на ягоную думку, справа была вельмі сур’ёзная; і што гэта быў ягоны абавязак прыцягнуць нас да адказнасці. Гучным уладным тонам ён загадаў служцы адкрыць валізкі і запатрабаваў нашыя паперы. Абодвы загады былі адразу ж выкананыя; але, падаўшы паперы, я вырашыў трымаць мой ангельскі пашпарт пры сабе як мага долей.


Пасля агляду валізак і шчыльнага вывучэння кожнай асобнай рэчы, афіцэр звярнуўся да графа Біспінга і загадаў яму зняць вопратку. Граф зараз жа зняў паліто і іншыя адзенне. Кішэні таксама агледзелі; ягоны гадзіннік і кашалёк забралі, падлічылі ўсе ягоныя горшы; нават боты знялі, і жаўнер ўважліва разгледзеў, ці не схавана якая-небудзь папера ў іх ці пад вусцілкамі. Наступным праз тую ж самую працэдуру прайшоў нямецкі служка; я тым часам моўчкі назіраў. Надыйшла мая чарга. Жаўнер звярнуўся да мяне і сказаў: “Цяпер. Распранайцеся.”


“Я адмаўляюся рабіць гэта,” – адказаў я па-французку. “Я ангелец і вандрую па пашпарце, выдадзеным мне за подпісам і пячаткаю вашага сакратара замежных справаў; таксама я маю расейскі пашпарт. Я не парушаў ніводнага вашага закону; і пакуль мне не паведамяць, на якой падставе я арыштаваны, я не дазволю абыходзіцца са мной, як са злачынцам.”


Ён утаропіўся на мяне ў вялікім здзіўленні; відавочна, ён не мог паверыць сваім вушам, што нехта, звязаны з агіднымі палякамі, насмельваецца не падпарадкоўвацца загадам расейскага служачага. Ён перапыніўся, але толькі на імгненне: пасля пабег, адкрыў акно і гучна адаў загад, сэнсам якога, як паведаміў мне граф, было выклікаць вайсковага старшыню і старшыню паліцыі разам з атрадам казакоў у месца нашага знаходжання. Я ледзьве стрымаў усмешку з-за збору такога пагрозлівага войска супраць аднаго безабароннага чалавека; і мне было цікава пабачыць, ці сапраўды расейскія ўлады збіраліся адзначыць свае дзеянні такім непрыхаваным глупствам.


Пакуль пасыльнага не было, граф спытаў: “Чаму Вы не падпарадкоўваецеся іх патрабаванням?”
“Я падпарадкуюся,” – адказаў я. “Як толькі мне паведамяць, чаго ад мяне патрабуюць. Але я не падпарадкуюся такім зневажальным манерам без нейкіх вызначаных падставаў.”


Чытач можа падумаць, што я быў не правы, калі супраціўляўся такім чынам; і калі б я меў больш часу падумаць, я, мажліва, адмовіўся б ад намаганняў выклікаць затрымку. Але ў той момант я быў поўны глыбокага абурэння, якое паглынула ўсе мае іншыя думкі.


Пасля паўгадзіннага чакання прыбыў вайсковы старшыня, у хуткім часе да яго далучыўся і старшыня паліцыі з казакамі. Апошнім адразу ж загадалі імчацца галопам у графавы маёнтак і вывезці адтуль усё, што яны знойдуць з нашых рэчаў. Вайсковы старшыня, мушу тут прыгадаць, быў афіцэрам Імператарскай гвардыі, які часова служыў на гэтай пасадзе. Ён быў сапраўдны джэнтльмен; і я бачыў у ягоным выразе агіду, якую выклікалі напышлівыя зневажальныя манеры старшыні паліцыі.


Выслухаўшы пра ўсе абставіны нашага арышту і пра маю адмову распранацца, старшыня паліцыя павярнуўся да мяне і сказаў на ламанай ангельскай мове: “Але Вы павінны, мой сябра, Вы павінны déshabiller (фр. распрануцца).” Я паўтарыў тое, што казаў раней, і сказаў яму, што, калі мне паведамяць падставы майго арышту, я буду падпарадкоўвацца ўсім загадам, якія ён павінны аддаваць у адпаведнасці са сваёй службай: але ў адваротным выпадку я не буду рабіць нічога. Яны, вядома, маглі рабіць, што пажадаюць. Я сказаў, шо для мяне не было карысці супраціўляцца ім, і што я толькі магу звярнуцца за сатысфакцыяй да губернатара.


“Ці могуць жаўнеры распрануць Вас?” – было яго наступнае пытанне.


“Я ўжо сказаў Вам, што Вы можаце рабіць, што пажадаеце. Я не маю сродкаў спыніць Вас; але я пэўна не буду рабіць нічога, каб судзейнічаць Вам ў выканані гэтай абразы, супраць якой я выступаю. Пры мне мой ангельскі пашпарт з подпісам і пячаткаю лорда Рассэла; і, калі Вы паглядзіце на яго, то ўбачыце, што ён патрабуе, імем Каралевы Англіі, ад усіх, каго гэта можа датычыцца, прапусціць мяне без дазвола і перашкоды і прадставіць мне любую дапамогу ці падтрымку, у якой я магу мець патрэбу. Вы мяркуеце, гэтыя словы не маюць значэння? Ці што я маўкліва стрываю Ваш прыгнёт, ці якой-небудзь іншай асобы, што ўяўляе сабой уладу?”


“Дазвольце паглядзець Ваш пашпарт,” – сказаў ён. Я працягнуў яму свой дакумант. Ён узяў яго, скмячыў і запіхаў у кішэню, дадаўшы пагардлівым тонам: “Ну, цяпер Вы яго не маеце.”  Я пратэставаў так моцна як як мог супраць такой цалкам нахабнай дзёрскасці; але адзінае, што ён зрабіў у адказ, выцягнуў пашпарт з кішэні, расправіў яго і дадаў да маіх астатніх папер, якія як след апячатаў.


Затым ён даў знак двум жаўнерам наблізіцца і зняць з мяне паліто, камзол і боты. Калі яны палезлі ў мае боты, я сказаў старшыні паліцыі, што ангельцы не маюць звычкі насіць грошы ці лісты ў ботах. “О, не,” – адказаў ён, “Я бываў у Англіі; і досыць добра ведаю звычкі ангельцаў.”
“Калі гэта так, то, мяркую, Вы павінны былі даведацца, што ні з кім ў Англіі не абыходзяцца як са злачынцам, пакуль не даказана ягонае злачынства. Чаму Вы не запомнілі ўрок?”
Скончыўшы справу майго распранання, чалавек працягнуў перапакоўваць нашыя валізкі, пакінуўшы мяне сядзець на сваім месцы, час ад часу пазіраючы на мяне і мяркуючы, напэўна, пра тое, што адбудзецца далей. Як толькі ўсё было гатова да ад’езду, старшыня паліцыі развярнуўся да мяне і сказаў: “Хадземце, сэр, апранайцеся.”
“Не, я нічога не буду рабіць. Вы мяне прывялі ў такое становішча сродкамі, якія я разглядаю як вельмі несправядлівыя. Я пакіну Вам вяртаць усе назад, як у Вас гэта атрымаецца.”


Тады нямецкаму служку загадалі зрабіць, што патрэбна; і калі б я час ад часу не дапамагаў яму, то, мяркую, яго дрыжачыя рукі ніколі б не выканалі заданне.


“Чаму pauvre Anglais (фр. бедны ангелец) такі раздражнёны?” – насмешлівым тонам сказаў старшыня паліцыі графу. “Ён падаецца даволі злосным.”


“Я злуюся,” – адказаў я, “З-за парушэння справядлівасці, якое адбываецца ад імя закона.”


Вайсковы старшыня на працягу ўсяе сцэны асцярожна маўчаў. Старшыня паліцыі, я забыўся сказаць, выглядаў яшчэ больш важна з-за прыгожай параднай формы, у якую быў апрануты з нагоды свята. Ягоны кіцель быў цёмна-зялёнага колеру, з вялікімі срэбнымі эпалетамі, на галаве ў яго быў ківер з зяленым пер’ем з хваста пеўня.


Як толькі мяне ізноў апранулі, наш багаж знеслі ўніз і паклалі ў экіпаж. Граф Біспінг і старшыня паліцыі селі ў дрожкі апошняга, а я і нямецкі служка селі ў экіпаж, які мусіў даставіць нас у маёнтак. Нас суправаджалі чатыры жаўнеры Імператарскай гвардыі; двое сядзелі на скрынях і двое на лаўцы побач з намі. Няшчасны служка выглядаў цалкам мізэрна; і ў надзеі падбадзёрыць яго я сказаў: “А што, Людзвіг, табе ніколі не даводзілася так важна ездзіць раней, з чатырма коньмі ў тваім экіпажы і чатырма жаўнерамі ў тваёй ахове.” Ён толькі змог адказаць прывіднай усмешкай; ён не быў здольны размаўляць.


Думка пра турму яшчэ не з’яўлялася ў маёй галаве. Але экіпаж у хуткім часе спыніўся перад брамаю будынка, які раней быў кляштарам, а цяпер, я ведаў, служыў турмою; бо я часта бачыў гурты вязняў-паўстанцаў, якіх, з кайданамі на нагах і руках, заводзілі туды.


Выйшаўшы з экіпажа, мы пайшлі праз вялікі двор, які выглядаў дзіўна сам па сабе. На кожным паверсе будынка, што атуляў двор, былі пакоі, перапоўненыя вязнямі; яны, пачуўшы званок на дзвярах турмы, усе кінуліся да закратаваных вокнаў, каб зірнуць на новых зняволеных. Я ніколі не забудуся на дзікі і знясілены выраз, што адбіўся на тварах некаторых з тых нецярплівых назіральнікаў. Многія з іх, без сумневаў, пазналі графа Біспінга; і па-колькі я быў ягоным пастаянным кампаньёнам у Гродна і яго наваколлі больш, чым на працягу шасці месяцаў, мажліва, з вуснаў у вусны пайшла перадавацца навіна, пра ангельца, які увайшоў у іх спіс.


Мы былі ў адпаведны час прадстаўлены старшыні турмы; і я ніколі не бачыў чалавека больш непрыемнага выгляду. Ягоны твар належаў да самага горшага рускага тыпу; рудыя валасы; і ягоныя рысы грубыя і з глыбокімі мецінамі воспы. Ён касіў на адно вока, што намагаўся прыхаваць парай блакітных акуляраў, зашклёных не толькі спераду, але і па-баках, і замацаваных у золаце. Гэтае вока пастаянна паказвала белую частку яблыка па-над цёмнымі акулярамі, робячы ўсё яшчэ больш заўважным. Ягоны выгляд, імгненна і непераадольна, нагадаў мне вядомае правіла, якое лічылася амаль беспамылковым сярод аматараў коней у Англіі. “Калі ў конскім воку відаць шмат белага, то зважай і сцеражыся злога нораву.” Нам не давялося доўга чакаць на пацверджанне гэтага правіла ў дадзеным выпадку.


Старшыня паліцыі давёў старшыні турмы падрабязнасці нашай справы і адразу пайшоў; увайшлі два казакі і ізноў пачалі аглядаць наш багаж. Адзін з маіх шалікаў, у якім апынулася нейкая набіўка, быў разарваны ў спадзяванні знайсці каштоўныя матэрыялы: але гэта прынесла так жа мала падставаў для нашага абвінавачвання, як і ўсе астатнія рэчы з багажу. Нашыя грошы, гадзіннікі, нажы і іншыя рэчы з кішэняў былі запатрабаваныя апасля; пакуль граф Біспінг перадаваў свае рэчы, так атрымалася, што я стаяў за спіной старшыні турмы, ціха назіраючы за ім. Старшыня раптоўна павярнуўся і моцна ўдарыўся аб мяне. Я папрасіў прабачэння за тое, што выпадкова апынуўся на ягоным шляху і адышоў назад. Але перапрашэнні, як і тлумачэнні, былі марныя. Начальнік увесь тросся са злосці; ягоны твар зрабіўся попельна-блядым; і з ягоных пакрытых пенай дрыжачых вуснаў – на колькі я мог здагадацца па ягоных раз’юшаных рухах – абрынулася плыня лаянкі, што мелася напоўніць жахам істоту, супраць якой яна была скіравана. Я маліў графа сказаць яму, што я быў цалкам невінаваты і не задумваў, і не здзяйсняў ніякага злачынства; і што я ангелец, ні на кольвек не знаёмы з роднай моваю начальніка, і ён адно марнуе сілы, абражаючы мяне гэтак люта.


Павінны засведчыць, што пачуўшы гэту інфармацыю, начальнік цалкам змяніў манеры ў дачыненні да мяне; і нас аглядалі далей ужо без вымоваў. Па завяршэнні граф паведаміў мне, што мы мусім заставацца ў турме, пакуль яны будуць праглядаць нашыя паперы, што, мажліва, зойме гадзін пяць-шэсць; і што мы абавязкова будзем вольныя ўжо ў наступны дзень. Я прасіў яго даведацца ў начальніка на падставы майго арышту. Начальнік спаслаўся на поўнае невалоданне пытаннем, сказаўшы, што адзіным загадам было трымаць нас у бяспецы і па-асобку; - і што я мушу ісці ў сваю камеру. Вартавы казак закінуў на плячо маю валізку, і я павінны быў ісці за ім. Калі я зайшоў у камеру, мае адчуванні былі атакаваныя самым невыносным смуродам ад нечыстотаў, якія пкінуў пасля сябе папярэдні зняволены. Я знакамі паказаў казаку, каб гэта прыбралі; але ён пахістаў галавой, нібы кажучы, што гэта не ягоная справы, і пайшоў.


Пакуль я не пачуў як ключ варочаецца ў дзвярах камеры і краты з засовамі вяртаюцца на свае месцы з суворым скрыгатам, я не разумеў да канца становішча, ў якім апынуўся; і нават тады мне было надта складана ўсвядоміць яго. Вядома, словы графа аб тым, што мы будзем вызваленые цягам некалькіх гадзін – які, як і я, не ведаў што нас абодвух увялі ў зман – не давалі мне адчуваць сябе вязнем ў поўнай ступені.


Пачалі апускацца вечаровыя цені, і тое слабое святло, што яшчэ заставалася, ледзьве патрапляла ў маю камеру; бо ў камеры было толькі адно акно, вельмі высока ад падлогі, і ягоная ніжняя частка была закладзена цэглай, а верхняя забіта дошкамі. Па сутнасці, толькі праз шчыліны ў некаторыз з верхніх дошак можна было ўгледзець трохі блакітнага неба ці які-небудзь кавалак знешняга свету, ды і тое з цяжкасцямі, нават удзень.


Правеўшы ў адзіноце каля дзвюх гадзін, я пачуў, як адчыняюць краты і адмыкаюць мае дзверы, і я ўбачыў іншага казака з брудным служкам, які паставіў на стол маю вячэру. Яна складалася з камяка грубага хлеба і місы рэдкай і вельмі тлустай кашы, ад якой ішоў вельмі непрыемны пах. Які б я ні быў галодны, - бо пасля сняданка я не каштаваў нічога за ўвесь дзень, - я быў не ў стане дакрануцца да гэтай ежы.


Я паспрабаваў дамагчыся, каб другі вартавы прыбраў нечыстоты, якія мяне абражалі; але поспех мой быў той жа, што і з першым. Ён толькі пасміхнуўся і пахістаў галавой. Я паспрабаваў дамовіцца з ім яшчэ раз, калі ён прыйшоў недзе праз гадзіну, каб замкнуць мяне на ноч: але не з лепшымі вынікамі. Хабар, без сумневаў, дапамог бы ім пагадзіцца: - бо дзе знайсці расейскіх служачых, сярод якіх не ўладарыць хабарніцтва? – але тыя невялікія грошы, што былі са мной, у мяне ўжо адабралі: і я, відавочна, застаўся без аніякай дапамогі.


Па сваім апошнім візіце вартаўнік прынес мне некалькі яблыкаў і груш, якія нейкія сябры графа Біспінга, ужо пачуўшы пра ягоны арышт, атрымалі заданне даслаць яму; і частку якіх ён ласкава аддаў мне. Калі б не гэтыя фрукты, мне б давялося перажыць вельмі цяжкую ноч. Я з удзячнасцю з’еў некалькі з іх, каб задаволіць голад; астатнія я трымаў каля носа, бо з дапамогаю цудоўнага водару фруктаў, я мог у нейкай ступені супрацьстаяць брыдкаму смярдзенню, якое распаўсюджвалася па камеры. Нечыстоты, пра якія я ўжо казаў, былі не адзіным, што мяне раздражняла. Калі я звярнуў увагу на ложак, то мой адчувальны нюх выявіў прысутнасць жудасных паразітаў; і з тае прычыны, што я не мог праверыць стан бялізны, я не рызыкнуў распранацца. На шчасце я прыгадаў, што ў валізцы быў чысты рушнік. Я дастаў яго і заслаў на падушку; і даверыўшы сябе клопатам Яго, адзінага, здольнага абараніць нас у любым выпрабаванні, я загарнуўся ў вялікую сінюю дарожную коўдру і паспрабаваў паспаць.


Мой сон часта перапыняўся, як і можна было чакаць. Гукі розных гарадскіх гадзіннікаў, таксама як і турэмныя гукі, я чуў рэгулярна на працягу ночы; і няшчасны вязень у суседняй камеры гучна і жаласціва стагнаў. Вартавых, чацвёра з якіх хадзілі туды-сюды па калідоры з нашага боку, відавочна, раздражнялі бесперапынныя крыкі гэтага чалавека; і адзін з іх злосна ўдарыў тоўстым канцом мушкета па дзвярах камеры, каб той перастаў. Небарака некаторы час не выдаваў ані гуку; але ўрэшце ён больш не здолеў трываць і даў выхад сваім пачуццям ў чарговым жахлівым енку.


 Каля чацьвёртай гадзіны ранку першыя прамяні ўзыходу пачалі праглядаць праз шчыліны забітага акна; і ў той жа час я пачуў, як вартавыя заступаюць на змену. Я падняўся недзе а пятай і марна шукаў ваду ці рукамыйнік. У камеры былі толькі два ложкі,  два сталы, два стулы і вялікая печка. Бялізна на ложках была грубая і агідна брудная; я быў рады, што не ляжаў на ёй. Матрацы былі набіты свіною шчэццю. У дзвярах маёй камеры была маленькая круглая адтуліна для назірання, праз якую, як толькі ўзышло сонца, на мяне пачалі глядзець вартаўнікі: і я дазволіў сабе, пакуль перапранаўся, завесіць адтуліну картай. А сёмай прыйшоў вартавы казак і знакам паказаў мне ісці за ім. Я ізноў папрасіў яго прыбраць нечыстоты, якія ён адмовіўся чапаць увечары; але ён ізноў пахістаў галавой. Тады я забраў іх сам; і паколькі ён, здавалася, не быў супраць, паспяшаўся за ім і выкінуў усе праз акно ў праходзе. Калі я гэта рабіў, мне сапраўды зрабілася кепска, на забаву ўсім вартавым.


Па вяртанні ў камеру адкрытае акно ў праходзе насупраць дзвярэй дазволіла мне ўбачыць брудны стан падлогі, якую, відавочна, не мылі і не мялі месяцамі. Вартавы выдаў мне маю норму вады для мыцця; і я скарыстаўся мажлівасцю, каб аддаць яму хлеб і кашу, якую ён прынес увечары, пах якой цяпер зрабіўся невыносны. Каля дзевятай гадзіны я пачуў удар, які пабіў шкло на адтуліне для назірання, і голас спытаў мяне па-ангельску: “Ці жадаеце Вы чаго-небудзь?” Я кінуўся да дзвярэй і ўбачыў як чалавек, які толькі што пабіў шкло, прапіхвае паперу і аловак у адтуліну, просячы мяне напісаць пра тое, што мне патрабуецца. Ён дадаў таксама па-ангельску: “Вам прынясуць гарбату і хлеб. Вам лепей напісаць тэлеграму сябрам, і я дашлю яе.” Я паставіўся з недаверам да ягоных намераў; і таму напісаў толькі кароткае паведамленне ангельскаму амбасадару ў Санкт-Пецярбург і майму бацьку ў Бон. Абяцаная тэлеграма, як я і чакаў, ніколі не была дастаўлена.


З таго, што я пазней даведаўся, раблю выснову, што гэта была простая цікаўнасць з боку кагосьці з турмы, хто жадаў паболей даведацца пра мяне; і чалавек, якога яны абралі сваім агентам, які колісь быў афіцыянтам ў пастаялым двары ў Скарбара, вельмі ахвотна пагадзіўся выканаць заданне. Абяццанне пра ежу было стрымана лепей за тое пра тэлеграмы. Мне ў хуткім часе прынеслі гарбаты, хлеба і каўбасы, што засведчыла аб тым, што граф Біспінг ласкава памятаў пра мяне. Вязні, здаецца, маглі з дазволу начальніка набываць сабе гарбату і хлеб; і атрымаўшы такі дазвол, ен паклапаціўся, каб і я скарыстаўся з гэтага. Я быў найбльш удзячны яму за ягоную своечасовую дапамогу. Дзве шклянкі гарбаты мяне вельмі ўзбадзёрылі; а хлеб і каўбаса сталі смачным сняданкам.


Каля адзінаццатай гадзіны дзверы маёй камеры адкрылі, і казак, які правёў мяне да яе ўчора, увайшоў і паказаў, каб я ішоў за ім. Я пайшоў; і ён правёў мяне ў пакой, дзе за сталом сядзелі чацвёра камісараў, а два чалавекі, апранутыя ў чорнае, стаялі блізка каля іх; адзін з іх быў польскі перакладчык, а другі быў габрэй, чыё валоданне ангельскай моваю, меркавалася, было дастатковым, каб ён выступаў у якасці пасярэдніка ў перамовах паміж афіцэрамі і мною.
З гэтых афіцэраў складаўся савет, які засядаў штодня з адзінаццатай па пятую, каб апытваць не толькі затрыманых паўстанцаў, але і ўсіх, каго абвінавачвалі ці падазравалі ва ўдзеле ў паўстанні. З пяці афіцэраў трое належалі да Імператарскай гвардыі; палкоўнік, які з’яўляўся старшынёй, капітан і малодшы афіцэр. Чацвертым быў начальнік турмы; на пятым была форма, якой я раней ніколі не бачыў. Капітан размаўляў па-французску даволі свабодна; і таму, мяркую, быў абраны праводзіць маё апытанне.


Ён пачаў, сказаўшы мне вельмі культурным тонам, што паколькі я з’яўляюся ангельцам, яны мелі цяжкасці, каб адшукаць кагосьці, хто б ведаў ангельскую мову дастаткова добра і мог перакладаць ад майго імя; і што пасля некаторых складанасцяў яны адшукалі такога чалавека ў асобе настаўніка гарадзенскай габрэйскай школы.


“Магу я, калі ласка, даведацца,” – спытаў я па-французску, “пра прычыны, па якіх я быў арыштаваны і прыведзены сюды для допыту?”


“Інфармацыя,” – адказаў ён, “была даведзена супраць Вас чалавекам, які нядаўна вярнуўся ад паўстанцаў, і які засведчыў, што Вас бачылі ў лясах чатыры або тры разы, бачылі як Вы размаўлялі з паўстанцамі, звязанымі з гэтымі сведкамі; і што Вы пастаўлялі ім гарматы, мушкеты, шаблі, рэвальверы, адзенне і грошы.”


“Абвінавачанне, Сэр, цалкам памылковае. Я адмаўляю яго цалкам. Я ніколі не быў звязаны, непасрэдна ці ўскосна, ні з адным паўстанцам альбо групай паўстанцаў; і не ўсведамляю, што калі-небудзь бачыў ці размаўляў з кім-небудзь, звязаным з паўстаннем. Калі я і размаўляў, то зусім не ведаў іх і іхніх намераў.”


“Гэта мажліва: але мы мяркуем па-іншаму; і пасля агляду, праведзенага ўчора ўвечары ў Верцялішках, у нас з’явіліся сур’ёзныя падставы для таго, каб лічыць інфармацыю, прадстаўленую нам, праўдзівай.”


Манеры капітана паступова пачалі адрознівацца ад тых ветлівых, якія ён выказваў напачатку; і калі я паўтарыў сваю адмову, ён сказаў: - “Што ж гэта азначае, у такім выпадку?” – паказваючы пнеўматычную стрэльбу, якая належала мне і якую казакі знайшлі сярод маіх рэчаў у маёнтку.


“Гэта пнеўматычная стрэльба цалкам нягодная ў сваім цяперашнім стане; загваздка згублена. А без загваздкі курок не працуе. Нават калі б там і была загваздка, яго трэба напампоўваць паветрам пасля кожных шасці стрэлаў; і як вы ўбачыце, напампоўванне з’яўляецца стамляльным і складаным працэсам.” І я паспрабаваў паказаць спосаб напампоўвання афіцэрам, якія, відаць, не былі знаёмыя з прадметам. “Як у такім выпадку вы можаце разглядаць гэту бяскрыўдную палку як пагрозлівую зброю вайны?”  Афіцэры шчыра прызналі, што падозранні наконт гэтага пытання знятыя; і абвінавачванні, што грунтаваліся на гэтым, больш не прад’яўляліся.


“Але, што гэта, сэр?” – спытаў капітан, паказваючы дзве касы.


“Я не памятаю” – сказаў я, “каб бачыў іх калі-небудзь раней; і на колькі мне вядома, іх ужываюць для зразання калосся.”
“Так,” – працягваў ён, “ яны бясспрэчна выкарыстоўваюцца для гэтых мэтаў; але насмелюся сказаць, Вам вядома, што іх называюць даступныя нажы для рэзкі камісараў. Іх знайшлі ў экіпажы Вашага сябра.”
“Мяркую, што магу адказаць за тое, Сэр, што іх не было ў экіпажы, калі нас затрымалі.”
“Не, але іх знайшлі ў маёнтку.”
“Мы не наведвалі маёнтак ужо на працягу месяца альбо шасці тыдняў; калі іх знайшлі ў экіпажы ў маёнтку, то мы не можам адказваць за гэта. Падчас нашых вандровак мы ніколі не карысталіся ніякімі іншымі экіпажамі, але толькі тым, у якім ехалі ўчора.”


Капітан устрымаўся ад каментароў наконт кос, упэўнены, відаць, - як я меркаваў, - што, не зможа выцягнуць з іх большай шкоды, чым з маёй пнеўматычнай стрэльбы.


На самой справе, як я пазней даведаўся, гэтыя косы былі знойдзены прымацаванымі да сваіх дзяржальнаў, у павозцы, што толькі вярнулася з сенакосу: і што казакі, не здалеўшы адшукаць нешта акрамя іх і маёй пнеўматычнай стрэльбы, вывезлі ўсё гэта ў спадзяванні пераўтварыць у важкія сведчанні супраць мяне.


Камісары ніколькі не збянтэжыліся з-за поўнага правала іх першай спробы абвінаваціць мяне; і некалькі панурым тонам капітан сказаў мне сдаць мае паперы габрэйскаму перакладчыку для праверкі. Паперы дасталі з вялікай скрыні, якая належала мне ў маёнтку, якую казакі ўзламалі і спустошылі. Паперы ляжалі на стале ў беспарадку; першым, за што ўхапіўся габрэй, была пасылка майго знаёмага доктара прыродазнаўчых навук Сэрманса. Пакуль ён разглядаў іх, я заўважыў сярод іншых папер мае лісты-даручэнні; і дастаўшы іх, я прасіў камісараў быць ласкавымі паглядзець гэтыя лісты. Я сказаў, што яны пацвердзяць праўдзівасць маіх словаў, у адказ на  пытанне, якое, па маім прыбыцці ў турму, задаў мне начальнік, а менавіта тое, што я быў выпускніком Оксфардскага універсітэту і святаром на службе Царквы Англіі. Камісары ўважліва паглядзелі на іх і даследвалі прыкладзеныя да іх біскупскія пячаткі; але, адносна зместу, яны апынуліся цалкам неадукаванымі і маглі зразумець сенс напісанага не болей, чым расшыфраваць егіпецкія іерогліфы. Яны выглядалі, тым не менш, такімі мудрымі, нібы яны адчулі ўсю глыбіню таямнічых дакумантаў; і адклалі іх у бок з найглыбейшай сур’ёзнасцю. Габрэй тым часам разабраўся не болей іхнага з маімі казаннямі. Ён быў даволі збянтэжаны імі: што было не дзіўна. Бо мой почырк быў не вельмі чытальны; і тэма працы – нават калі габрэй разумеў словы – была, я падазраю, цалкам нязвыклая для накірунку ягоных думак. Пакруціўшы іх туды-сюды каля гадзіны – падчас чаго камісары, здавалася, чыталі нейкія лісты, якія, мяркую, належалі графу Біспінгу – ён кінуў безнадзейныя намаганні што-небудзь зрабіць з імі.


Габрэй звярнуўся да маіх лістоў, хутка прагледзеў большасць з іх і спыняўся толькі, каб запытацца на мае тлумачэнні, калі ягонаму воку трапляліся словы “расейскі” ці “польскі”. Але два лісты мяне крыху ўсхвалявалі, і не кроплі не задаволілі камісараў. Першы быў рэкамендацыйны ліст, які мой бацька даў мне для свайго сябра ў Берліне; і які я, з прычыны свайго кароткага знаходжання ў гэтым горадзе, не даставіў на шляху да Польшчы. Я ўсё яшчэ трымаў гэты ліст, на выпадак, калі буду мець мажлівасць выкарыстаць яго на зваротным шляху. Пячатка была яшчэ цэлая; і па загадзе камісараў я адкрыў ліст. Габрэй мог узяць з яго мала інфармацыі: насамрэч, ягонага валодання мовай не было дастаткова, каб прачытыць хаця б адзін сказ без дапамогі; але пры дапамозе маёй слабой нямецкай мовы ён здолеў прасунуцца наперад. Урэшце ён запнуўся на сказе,  у якім мой бацька ўжыў словы “няшчаслівая Польшча.” На гэтым ён ускінуў рукі ўгору, бо палічыў, што знайшоў вялікую здабычу; і нецярпліва пабег да камісараў з лістом, паказваючы сваім брудным пальцам на фразу, якая, ён меркаваў, павінна была цалкам мяне разбіць. Камісары выглядалі так жа ўсхвалявана, як і габрэй, гучна перамаўляючыся паміжсобку і актыўна жэстыкулюючы. Урэшце капітан падняўся са свайго месца і, ідучы праз пакой у накірунку да майго стала, пачаў пытаць мяне пра гэты ліст. Я не мог сказаць яму болей, чым тое, што ўтрымліваў сам ліст.
“Якое права, Сэр, меў Ваш бацька называць Польшчу нешчаслівай?”


“Фраза, Сэр, не з’яўляецца незвычайнай, я лічу,”- адказаў я. “Вазьму на сябе адказнасць заявіць, што яе можна знайсці ў кожнай газеце, французскай ці ангельскай, якая піша пра Польшчу. Мой бацька нічога не кажа ў гэтым лісце аб тым, што зрабіла Польшчу нешчаслівай. Гэта маглі быць памылкі саміх палякаў ці памылкі тых, хто ёй кіруе. У лісце толькі канстатуецца факт нешчаслівага становішча Польшчы – факт, які, мяркую, ніхто не возмецца аспрэчваць.”


“Так, няма сумневаў,” – сказаў ён, мармычучы сам сабе на шляху да свайго месца, “палякі – тупыя дурні, і, вядома, зрабілі сваю краіну нешчаслівай.”


Але яму не давялося доўга пакутаваць, не маючы што сказаць. Габрэй пачаў расчытваць мой наступны ліст; і выхапіўшы слова “рускія” (“Roossians”) у першым сказе, ен закрычаў, “Ват іс дыс, Сэір?” (анг. скажона “што гэта, сэр?”). Я паспрабаваў перакласці гэта; і мушу прызнацца, нерваваўся, калі перадаваў поўны сэнс словаў майго сябра. Словы былі наступныя:
“Мы былі насамрэч вельмі радыя пачуць ад цябе ізноў; бо так шмат часу прайшло пасля твайго апошняга ліста, што мы пачалі думаць, што цябе забілі рускія.”


Гэтае апошняе слова, відаць, па ацэнках габрэя, вырашыла мой лёс. Далейшае высвятленне не мела сэнсу.  Ён кінуўся да камісараў і прывёў назад таго, хто мяне апытваў. Той быў не ў вельмі ласкавым настроі. “Цяпер даволі ясна, што Вашыя сябры меркавалі, што Вы далучыцеся да паўстанцаў, і што, калі мы Вас схопім, то заб’ем. Бачыце, Сэр, усе ангельцы лічаць нас варварамі (barbares).”


“Калі б я падзяляў гэта меркаванне,” – адказаў я, “наўрад ці б я прыехаў у вашу краіну. Але дазвольце мне, Сэр, скончыць сказ, сэнс толькі першай паловы якога быў даведзены Вам. Далейшы сэнс сказа наступны: “Але мы радыя, што памыляліся; і ты сапраўды добра бавіш час.”


Афіцэр ізноў выглядаў засмучаным і страшна расчараваным тым, што мае лісты не дапамаглі абвінаваціць мяне ў злачынстве.


Параіўшыся нядоўга з калегамі, ён сказаў мне, што я магу вяртацца ў камеру. Тады я запытаў дазвалення напісаць свайму бацьку ў Бон, ангельскаму амбасадару ў Санкт-Пецярбург і ангельскаму консулу ў Варшаву. Ён сказаў, што перадасць мае пажаданні старшыні; пасля чаго я прасіў яго спытаць дазволу для мяне звязацца з гэтымі асобамі праз тэлеграф; бо мне патрабавалася неадкладная дапамога. Адпаведна, капітан пайшоў да старшыні і праз некалькі хвілін вярнуўся, сказаўшы, што ніякая сувязь мне не дазволена ні з кім за межамі гэтай турмы. Вы не мусіце ні пісаць, ні тэлеграфаваць ні да каго.” Гэтыя словы былі вымаўлены строгім і ўладным тонам. Я нічога не сказаў; і як толькі вартавы казак, па якога даслалі, каб той адвеў мяне ў камеру, з’явіўся, я адкланяўся перад камісарамі і пайшоў з іх кабінета.


Па вяртанні ў камеру я адчуваў сябе вельмі прыгнечана, што не было дзіўным. Відавочна, маё становішча было вельмі небяспечным. Не тое каб я ўсведамляў нейкія свае дзеянні, якія маглі б ў вачах якога-небудзь незалежнага суддзі справядліва выглядаць як кампраментуючыя мяне перад расейскім урадам: але было зразумела, што мяне ўжо разглядалі, як ўдзельніка паўстання.  Мой перакладчык рабіў усё, каб не дапамагчы мне: ён не толькі быў не здольны правільна перакласці самыя простыя ангельскія фразы; але насамрэч – альбо пад уздзеяннем сваёй асабістай перадузятасці, альбо па загадзе – ён перайначваў супраць мяне кожны склад, які можна было нядобра інтэрпрэтаваць. Цалкам зраумела, што камісары таксама вырашылі, што я вінаваты: ставячыся з пагардай да маіх пастаянных сцвярджэнняў аб невінаватасці; і намагаліся – з упартасцю, якая (калі б не сур’ёзныя наступствы, звязаныя з усёй справай) магла выглядаць толькі як дзіцячая і недарэчная – адшукаць нейкія прыхаваныя доказы злачынства ў бяскрыўдных словах і рэчах. І ўрэшце, жаданне пазбавіць мяне ўсіх сродкаў сувязі з сям’ёй ці з прадстаўнікамі брытанскага ураду, чые абавязкі і жаданні прымусілі б іх дапамагаць мне, ўсё гэта прадказвала самую немінучую небяспеку. Я не мог не прыгадваць зараз самыя жахлівыя гісторыі пра дэспатычную і жорсткую несправядлівасць, якія я чуў раней. Зняволенне, высылка, бязлітасная катарга, гвалтоўная і раптоўная смерць, былі адзінымі ідэямі, што ўзнікалі ў маіх уяўленнях.


Мяне не хваляваў сам факт гвалтоўнага затрымання. Такое затрыманне было непрадбачнай падзеяй, якая магла здарыцца ў любы час. Вядома, гэта было неаддзяляльна ад абставінаў, што пераважалі ў краіне, падпарадкаванай, як цяпер Літва, вайсковаму закону. Але закон, нават вайсковы, - які здзяйсняецца людзьмі, чыёй прафесіяй ёсць вайна – гэта усё ж закон; і ён аберагае святасць  тых вялікіх і нязменных прынцыпаў, на якіх паўсюль трымаецца праўда і парадак шчаслівае Божае волі. Я ніколі не разумеў, чаму тэрмін вайсковы закон – не думаю, што недзе гэта адбываецца па-іншаму – гэта толькі іншая назва для вайсковай тыраніі. І ўсе ж, якая тыранія можа быць больш жорсткай і нястрымнай, чым тая, ад якой я пацярпеў, знаходзячыся ў руках камісараў? І што з гэтага магло атрымацца?


Я мог знайсці толькі адзін адказ на гэтае ці іншыя падобныя пытанні; але гэтага было дастаткова: а менавіта, адказ, які дае Слова Божае. Я кажу гэта не ў духу хвастлівасці ці самаўпэўненасці, але са шчырай і сціплай ўдзячнасцю. Напрацягу доўгага часу я старанна выконваў свой абавязак па штодзённым чытанні Псалмоў і Святога Пісання па календары нашага малітоўніка; і ў хуткім часе стане зразумела, што на той момант я не мог ісці наперадзе гэтага блаславення. Другая і трэцяя главы Евангелля ад Іёны былі ўрокамі на вечаровай малітве для восьмага дня верасня; і калі я чытаў іх у той вечар, у слабым турэмным святле, я адчуваў, што гатовы паўтараць кожную літару малітвы прарока за вызваленне ад ягонага няшчасця: “Я знаходжуся па-за Тваім позіркам... Калі мая душа аслабела ўва мне, я памятаў Бога.” І, калі я пасля гэтага запісу звяртаўся да Кнігі Псалмоў, дзе мае ўласныя пачуцці маглі засці найбольш праўдзівае і выразнае адлюстраванне, як не тое, што ўтрымліваецца ў  двух вершах , якія, у адзіночным паўтарэнні, складаюць два паслядоўныя псалмы (сорак другі і сорак трэці) для аднаго дня месяца? – “Чаму ты такая пакутлівая, о мая душа; і чамы ты такая неспакойная ува мне? Ускладзі спадзяванні на Бога: бо я буду па гэты час дзякаваць Яму, які ёсць дапамогаю майго супакою, і маім Богам.”


З гэтай упэўненнасцю ў маіх вуснах і ў маім сэрцы – узмоцненымі, як я веру, сілаю шчырай малітвы, - я адчуваў падтрымку і супакой; і спакойна глядзеў у будучыню. Плыню маіх думак перапыніла на хвіліну з’яўленне вартавога і бруднага, зашмальцаванага кухара з маім абедам. Гэты чалавек быў больш падобны да качагара, чым да служкі, які працаваў на кухні. Ён прынес суп і мяса, мяса пераваранае і разарванае, і даволі халодны суп. Пакаштаваўшы яго, я беспамылкова адчуў пах тае ўчорашняе кашы; і нават пакутуючы з голаду, я не змог з’есці нічга, акрамя кавалка чорнага хлеба, які прынеслі з супам.


Час вечаровага адпачынку пакутліва праўшоў. Я спрабаваў углядацца праз шчыліны ў дошках на вакне; і здолеўшы пашырыць адну з  адтулін, быў уражаны выглядам маладога чалавека, якога ўтрымлівалі ў камеры на першым паверсе супрацьлеглага будынка. Я ўжо бачыў яго, калі выходзіў з камеры ранкам; і тады, і кожны раз апасля пакуль я быў у турме, я бачыў яго за чытаннем кнігі (я мяркую) рэлігійнага кшталту, якую ён трымаў у руцэ, ці ўкленчанага за малітваю.
Камера графа Біспінга знаходзілася адразу пад маёй; і чуючы час ад часу як ён насвістваў, я спадзяваўся, што мы зможам перамаўляцца адзін з адным.Тады я паспарабаваў размаўляць з ім; і (як я пазней даведвўся), ен мяне чуў, але вельмі мудра ўстрымаўся ад адказу, каб нас не падслухалі і не абвінавацілі ў парушэнні турэмных правілаў. Недзе а сёмай турэмны вартаўнік прынес мне яшчэ адзін доказ таго, што граф не забыўся на мяне, доказ быў у выглядзе гарбаты і печыва, якія былі вельмі дарэчы. Не прайшло яшчэ гадзіны, як засовы і краты за маімі дзвярыма закрылі, папярэдзіўшы мяне, што пачалася другая ноч майго зняволення.


    Пасля бяссоннай ночы, якую дапамаглі зрабіць такой крыкі і стогны зняволенага з суседней камеры, я падняўся паміж чацвёртай і пятай; і не гледзячы на тое, што я углядаўся ў раскол паміж дошак, я ніколі не назіраў такога шыкоўнага світання, які пазалаціў вярхі далекіх узгоркаў. Малады чалавек у камеры першага паверха насупраць маёй ужо варушыўся; і я ізноў пабачыў яго настойліва занятым сваёй справай. Каля дзесятай гадзіны раніцы з’явіўся высокі сяржант Імператарскай гвардыі і зрабіў знак, каб я ішоў за ім. Я падпарадкаваўся, і мяне прывялі ў той пакой, дзе мяне апытвалі ўчора, і ў якім ізноў сабраліся камісары. Капітан, які раней здзяйсняў асноўную частку майго допыту, ізноў выйшаў наперад і запытаў, ці не маю я якіх патрэбаў. Я адказаў, паўтарыўшы просьбу, у якой мне раней адмовілі, што я жадаю напісаць да бацькі, да ангельскага амбасадара і ангельскага консула.


    “Вашу просьбу,” – сказаў ён, “ задаволілі ў той ступені, што Вы можаце напісаць лісты: але Вы не павінны запячатваць іх. Яны будуць перададзеныя губернатару, і ён будзе вырашаць, што з імі рабіць.”


    “Ці не магу я даць тэлеграмму, сэр? Мне неабходна атрымаць дапамогу як мага хутчэй і не заставацца ў гэтым месцы долей, чым неабходна.”


    “Пошта даставіць тое, што Вы хацелі, дастаткова хутка. Бо ўчора быў знойдзенны Ваш дыярыюш, які, мажліва, дасць нам шмат інфармацыі, і вы мусіце застацца тут, пакуль мы будзем яго вывучаць.


    Гэтая інфармацыя, трэба прызнацца, не вельмі мяне ўзрадавала. Не тое каб я баяўся, што там адшукаюць нешта шкоднае для мяне ці майго сябра. Але я пісаў мае штодзённыя нататкі вельмі дробным нечытальнымі почыркам; мяркую, праваслаўныя каляды адбыліся б раней за тое, як збянтэжаны габрэй змог бы скончыць пераклад усяго дыярыюша. Я пажадаў яму атрымаць задавальненне ад пастаўленай перад ім задачы; тым больш што там было некалькі грубых, раскіданых па ўсім тэксце замалёвак, прысвечаных ягоным братам, што магло здзівіць і ўзлаваць яго.


    Але, няхай са справай перакладу майго дыярыюша будзе што будзе, я быў упэўнены, што нешта адбылося з часу майго першага допыту і выклікала вялікія змены ў стаўленні камісараў да мяне. Што гэта было, я не мог, як і дагэтуль, нават здагадвацца. Але я быў толькі надта ўдзячны скарыстацца з мажлівасці, так нечакана мне дадзенай, напісаць лісты: і адпаведна сеў адразу і ў прысутнасці камісараў напісаў да свайго бацькі, лорда Напіера і палкоўніка Стаунтана. Калі я перадаваў лісты старшыні камісараў, то па-французку парасіў яго дабрыні, каб перадаць іх як найхутчэй.


     “Размаўляйце са мной па польску,”- сказаў ён. “Я разумею гэтую мову таксама.”
    “Я сапраўды не магу, сэр, звязаць і двух словаў па-польску. Я ніколі не спрабаваў вывучыць ніякіх элементаў гэтай мовы”.
    “Але, сэр, нам сказалі, што Вы размаўляеце па-польску так добра як паляк”.
    “Хто гэта сказаў?”
    “Сведка, які давёў інфармацыю супраць Вас.”
    “Рады пачуць гэта: бо, калі яны сцвярджаюць такую непрыхаваную ману на самым пачатку сваёй гісторыі, мяркую, будзе няцяжка давесці някчымнасць усіх іхніх сведчанняў.”
    Камісары, відавочна, паставіліся з недаверам да майго меркаванага невалодання польскай мовай. Перакладчык-габрэй рабіў ўсе мажлівае, каб зацягнуць мяне ў пастку і каб я выдаў нешта, што магло б давесці адваротнае, ці хаця б даць мажлівасць сумняваца ў маім шматразовым сцвярджэнні па дадзеным пытанні; але марна. Здавалася, камісараў злавала тое, што я працягваў удаваць неразуменне; і калі б я лепей валодаў французскай ці нямецкай моваю, я б, несумненна, выказаў свае моцныя пачуцці датычна іх паводзінаў. Хаця гэта было добра для мяне ў той момант, што я быў вымушаны маўчаць.


    Па завяршэнні амаль трох гадзін, праведзеных у гэтых марных (а для іх ганебных) намаганнях прымусіць мяне супярэчыць самому сабе, камісары накіравалі мяне ў маю камеру: і перад тым, як пакінуць кабінет, я вельмі прасіў дазвалення атрымаць чыстую пасцельную бялізну і пашпацыраваць дзесяць хвілін ці чвэрць гадзіны ў двары. Абодвы запыты былі задаволеныя; але было дададзена, што калі я буду з кім-небдзь размаўляць падчас шпацыру, то ён будзе забаронены.


    Па маім вятанні ў камеру, прынеслі абед, такі ж нясмачны, як той, ад якога я быў вымушаны адмовіцца ў папярэдні дзень; і я мог толькі, так жа як і раней, аддаць яго казаку-надзіральніку, які праглынуў яго з відавочнай прагай. Праз сваё забітае дошкамі акно я назіраў за зняволеным з супрацьлеглай камеры, па-ранейшаму занятым сваёй кнігай. Здавалася, што ён заставаўся ў тым жа становішчы, што і а дзявятай гадзіне, калі я бачыў яго апошнім разам. Я таксама заўважыў нямецкага служку Біспінга, які шпацыраваў у двары; і здолеўшы прапіхнуць сваю хустку праз шчыліну, я скінуў свой знак да яго. Ён відавочна здагадаўся, хто спрабаваў наладзіць з ім стасункі ў такі спосаб; і падняў сваю кепку, падаўшы выразны знак таго, што ён быў настолькі няшчасны, наколькі гэта было ўвогуле мажліва. У хуткім часе пасля гэтага прыйшоў надзіральнік, і знакамі паклікаўшы мяне на шпацыр, паказаў частку двара, уздоўж якой я мог зрабіць пару крокаў туды-сюды. Я ізноў заўважыў наямецкага служку; але памятаючы сваё абяцанне маўчаць, я быў абавязаны не звяртаць на яго ўвагі. Закратаваныя вокны камер, што выходзілі ў двор, былі поўныя твараў людзей, што імкнуліся паглядзець праз іх, як малпы з жалезнай клеткі ў заасадзе; і многія з іх забаўляліся тым, што выскалялі зубы, ківалі галавой і падміргвалі мне.


    Можна здагадацца, што я ўстрымаўся ад любых кантактаў з няшчаснымі хлапцамі, каб не ўцягнуць іх у новыя непрыемнасці; я толькі жадаў, каб ў іх было болей месца для іх жахлівых скокаў. Параўноўваючы памеры і становішча іх вокнаў з маім, мяркую, у некаторых камерах, дзе не мажліва было змясціць болей за тры-чатыры чалавекі хоць з нейкай доляй зручнасці, было ўціснута як найменей па трынаццаць ці пятнаццаць. Каля чатырох ці пяці сотняў зняволеных, я пазней даведаўся, утрымлівалася ў той час ў нашай кляштарнай турме; сярод зняволеных было некалькі жанчын, якія змяшчаліся ў камеры на маім паверсе.


    Увечары мне як звычайна прынеслі гарбаты, якая мяне падмацоўвала; гарбата і чыстая бялізна, што падчас маёй нядоўгай адсутнасці была пасцелена на мой ложак, настроілі мяне на значна больш камфортную ноч, чым папярэдняя: але мой няшчаслівы сусед працягваў непакоіць мяне сваімі стогнамі.


    Наступным ранкам (чацвер, 10 верасня), паміж восьмай і дзевятай гадзінамі, начальнік турмы здзівіў мяне сваім з’яўленнем у маёй камеры і паведамленнем аб тым, што я хутка пакіну гэтае месца. Ён загадаў мне прайсці за ім ў ягоны пакой, дзе ён выдаў мне мой гадзіннік і мае грошы, а таксама розныя рэчы, якія я аддаў пры паступленні; і з гэтым я пайшоў назад ў камеру, каб скласці рэчы. Сярод аддадзеных мне рэчаў была пляшка з віскі, з якой я наліў надзіральніку да ягонай вялікай радасці; і каб выказаць сваю ўдзячнасць, я мяркую, за такую паслугу, ён вывеў мяне ў калідор і прапанаваў паглядзець на некаторыя іншыя камеры. У адной з іх непадалёк ад маёй я пабачыў джэнтльмена, чыю бесклапотнасць я прыгадваў у папярэдней частцы , які казаў мне, што па ягоным меркаванні яго вышлюць у Сібір. Пасля таго часу, баюся, ён даведаўся на сваё няшчасце, што да ягонай высылкі была дададзена яшчэ цяжкая праца ў шахтах.
У тым жа калідоры я на секунду ўбачыў некаторых зняволеных жанчын.


    У іншым калідоры камеры аддзяляліся адна ад адной толькі драўлянымі перагародкамі; і пастаянна гучала зудзенне размовы паміж іх няшчаснымі абітальнікамі. Па маім звароце, я зірнуў на майго няшчаснага суседа, чые начныя стогны было так цяжка чуць. Я не даведаўся на дакладную прычыну ягонага зняволення; але яно доўжылася ўжо тры месяцы.


    Ужо было па-апоўдні, і я пачаў думаць, што загад аб маім вызваленні быў адменены; калі той самы высокі сяржант, які наведваў мяне раней, прыйшоў і знакамі паклікаў за сабой. Ён правёў мяне да пакоя, у якім адбываўся мой допыт два папярэднія дні; і там капітан, які мяне апытваў, паведаміў, што я буду пераведзены ў пакой у доме старшыні паліцыі. Старшыня з’явіўся ў той самы момант; і давёўшы, што ўсё гатова, аддаў некалькі загадаў датычна перавозкі маіх рэчаў, і паехаў з турмы са мной на сваіх дрожках.


    Турма, якую я такім чынам пакінуў, была лепшай з трох у Гродна, прызначанай, як мне сказалі, для палітычных злачынцаў вышэйшага саслоўя. Я ніколі не быў у дзвюх іншых; але, са словаў чалавека, якого ўтрымлівалі ў адной з іх, былой царкве – а ў мяне былі ўсе прычыны давяраць майму інфарматару -  я даведаўся, што там ні ў воднай частцы будынка не было асобных памяшканняў; затрыманым нават давалі  салому, каб ляжаць на ёй, але яны былі напіханыя туды як свінні ў хляве; і нікому не дазвалялася, нават на кароткі час, выходзіць па аніякіх прычынах.

Вызваленне з турмы – Наступныя падзеі – Ад’езд з рускай Польшчы.

На шляху з турмы мы заехалі ў дом губернатара Гродна, генерал-маёра Скварцова; і пасля таго, як старшыня паліцыі прадставіў мяне, я выказаў, па-французску, сваё здзіўленне наконт таго, што са мной некалькі дзён абыходзіліся як са злачынцам, хаця я быў цалкам не вінаваты ва ўчынках, мне прыпісваных. Ён адказаў нешта пра неабходнасць здзяйсняць меры перасцярогі; і пасля, відавочна, жадаючы змяніць тэму размовы, ён раптоўна сказаў: “Зараз у Гродна знаходзяцца тры ангельцы”.
    “Арыштаваныя ці вольныя?”- запытаўся я ў адказ на ягоныя словы.
    “Я не вольны Вам казаць,” – адказаў губернатар.


    Затым ён узяў рускую рэгістрацыйную кнігу і зачытаў мне імёны гэтых трох ангельцаў. Яны гучалі як “Клэк”, “Бэіэкс” i “Дуіенаў”. Апошняе з іх прагучала так падобна да ангельскаuа “Do you know?” (“Вы ведаеце?”), што я, забыўшыся на хвіліну на тое, што губернатар не ведае ангельскай мовы, адказаў па-ангельску, “Не, я іх не ведаю.” Я хутка зразумеў, што мы кажам напоперак адзін адному; і марна паспрабаваўшы разабраць рускія літары, якімі былі напісаны імёны ў рэгістрацыйнай кнізе, я сказаў па-французку: “Не, сэр, я не магу пазнаць ніводнага з імёнаў маіх суайчыннікаў.”
    Ён падаваўся задаволеным тым, што я, па меншай меры гэтым разам, кажу праўду; і дадаў, што старшыня паліцыі ласкава прапанаваў прыняць мяне ў сваім доме, дзе мне будзе дазволена ўсё неабходнае, адзінае, што будзе забаронена выходзіць у горад. Ён ўпэўніў мяне, што за гэтым выключэннем, маё прыжыванне будзе такім жа камфартабельным як ў гатэлі.


    “Як доўга я мушу заставацца там?” – запытаўся я.
    “Пакуль вашая справа не будзе вывучаная,” – быў адказ губернатара. “Мы жадаем упэўніцца, ці не хадзілі Вы ў лясы, хаця і не са зброяй, мажліва, але толькі дзеля цікаўнасці.”
    Я яшчэ раз паўтарыў, тое, што казаў зноў і зноў камісарам, што я ніколі свядома не наведваў ніякіх інсургентаў у лясах альбо дзе-небудзь яшчэ.
    Пасля гэтага я запытаў у яго пра свае тры лісты, якія напісаў у прысутнасці камісараў, і якія яны абяцалі перадаць. Ён упэўніў, што нічога пра іх не ведаў. Як я мусіў зразумець гэтую непасрэдную і абуральную супярэчнасць? Альбо камісары, альбо губернатар мяне падманвалі; альбо мела месца недаравальная затрымка ў перасылцы лістоў. Прайшло дваццаць чатыры гадзіны з таго часу, як я перадаў іх у рукі старшыні камісараў.


    Я жадаў бы, калі мажліва, разгадаць гэтую таямніцу; а таксама высвятліць, кім былі тыя тры ангельскія госці, якія так раптоўна з’явіліся ў Гродна. Я не мог не звязаць, у сваіх думках, іх прыбыццё, тым ці іншым чынам, з маім вызваленнем з турмы, і мне вельмі хацелася іх пабачыць.


    Калі мы зноў паехалі ў дрожках са старшынёй паліцыі, я адразу паспрабаваў паразмаўляць з ім на гэтую тэму; але ён быў такі ж нямы як і губернатар. Мы пад’ехалі да дома старшыні каля трэцяй гадзіны па-апоўдні; і ён паказаў мне мой пакой наверсе, у якім былі толькі перасоўвальная скрыня і дзве вялікія бутэлькі з воцатам. Там не было ні крэсла, ні стала, ні (на той момант) ложка. Пасля таго, як я хвілін дзесяць пасядзеў там адзін, да мяне прыйшла думка, што я магу знайсці знаёмых у Гродна, якія маглі б тэлеграфаваць для мяне ў Бон, Санкт-Пецярбург і Варшаву: і напісаўшы паведамленне аб гэтым на кавалку паперы, я падыйшоў да вакна ў спадзяванні пабачыць кагосьці знаёмага. Я нядоўга там стаяў, калі пабачыў служку аднаго са знаёмых, які ішоў адзін па вуліцы. Ён пазнаў мяне, калі я яго паклікаў, падабраў кінутую мной паперку, і пайшоў. Хаця, з гэтага нічога не атрымалася; і я здагадаўся аб гэтым, калі назаўтра пабачыў, як гэты служка прайшоў, не зважаючы на мяне. Сапраўды, я пазней даведаўся, што польскі джэнтльмен, да якога трапіла паведамленне, баяўся скампраментаваць сябе, выконваючы мой запыт. Копія кожнай тэлеграмы дасылалася губернатару, да таго, як яе адсылалі; і той джэнтльмэн, мяркую, жадаў пазбегнуць допытаў, якія не прымусілі б сябе чакаць.


    У чатыры гадзіны старшыня паліцыі зайшоў у мой пакой і абвясціў пра абед. Я з радасцю пайшоў за ім у сталовую; і, канешне, чакаў, што ён сядзе за стол. Але ён папрасіў прабачэння, сказаўшы, што ў яго сёння няма апетыту. Насамрэч, я думаю, што ён ужо паабедаў, як патрабуецца ў скаромны дзень (якім той дзень і быў); і ён дазволіў мне з’есці парэшткі. Я добра бачыў месца, дзе ён сядзеў, і крошкі ад хлеба, якімі ўсё яшчэ быў засыпаны не вельмі чысты абрус. Сярод страваў на стале былі вараны шчупак, смажаная плотка і сыра-вялены селядзец; і пасля мізэрнага харчавання, якое прапаноўвалі мне апошнія тры дні, яны апынуліся самым жаданым застоллем.  Перада мной таксама стаяла бутэлька з віскі, з якой старшыня прымушаў мяне пакаштаваць значна часцей, чым я меў намер. Пасля пары асцярожных агульных пытанняў, праз якія, несумненна, ён жадаў падрыхтаваць шлях да менш стрыманай размовы, ён запытаўся:
    “Вы ведаеце каго-небудзь з Цэнтральнага камітэту тут ў Гародні?”
    Тут я мушу сказаць, што меркавалася, што Цэнтральныя камітэты існавалі ў вялікіх гарадах кожнага з незадаволеных раёнаў і з’яўляліся наўпроставымі агентамі Нацыянальнага ураду, які быў кіруючым органам паўстанцаў. Майстэрства, з якім гэтыя камітэты паспяхова ўхіляліся ад пошукаў рускіх уладаў, сапраўды здзіўляла. Пытане старшыні было проста хітрасцю, праз якую ён спадзяваўся прымусіць мяне прызнаць сваё знаёмства з паўстанцамі.


    “Адкуль мне,”- адказаў я, “чужынцу, ведаць штосьці пра людзей, якіх вы, з усімі мажлівасцямі Імператарскага ураду ў вашых руках, марна спрабуеце знайсці многія месяцы і гады? Вы самі ведаеце каго-небудзь з іх?”
    “Так, я ведаю,” – адказаў ён. “Усе дурні ў Польшчы ў Камітэце; і найвялікшы дурань у іх на чале.”


    Пабачыўшы, што ён нічога не можа з мяне ўзяць як з інфарматара, старшыня сказаў, што ён звычайна заўсёды ідзе паспаць перад тым, як ехаць на чыгуначную станцыю, сустракаць позні цягнік з Вільні; і таму ён прапанаваў мне пайсці ў свой пакой, а сам пайшоў у свой. Перад тым, як пайсці са сталовай, ён пажагнаўся і пакланіўся з глыбокай пашанай перад выяваю – святога Мікалая, я мяркую – якая стаяла ў куце; і пасля мы разам падняліся па сходах. Я убачыў, што ў маім пакоі паставілі ложак і засцялілі яго, пакуль мяне не было; калі я разглдзеў яго больш блізка, апынулася, што там кішэлі жучкі.
    А восьмай увечары я быў здзіўліны прыходам старшыні ў мой пакой, з ім былі тры высокія жаўнеры  імператарскага войска, узброеныя вінтоўкамі з прымацаванымі штыкамі. Ён сказаў, што яны застануцца ў маім пакоі ў якасці варты.
    “Канешне гэта не можа быць абавязкова,”- сказаў я з выразам моцнага пратэсту.
    “Гэта загад губернатара”, - быў адзіны адказ.
    “Дзіўны спосаб,” – думаў я, “абраў губернатар, каб забяспечыць мне такі камфорт у доме старшыні, які б я меў у гатэлі.” І звярнуўшыся да старшыні, я сказаў, “Гэты пакой недастаткова вялікі, каб змясціць яшчэ аднаго чалавека у дадатак да мяне; калі яшэ тры чалавекі, такія як гэтыя, будуць уціснутыя ў яго такім чынам, то лепей бы я заставаўся ў турме. Якая неабходнасць ім заставацца ў пакоі? Тут дзве дзверы. Чаму не пакінуць аднаго з вартаўнікоў за аднымі дзвярыма, і дваіх за іншымі? Тады я не змагу ўцячы ні праз адну з іх, калі яны будуць выконваць свае абавязкі. Ці Вы мяркуеце, што я магу ўцячы праз акно? Як, нават калі я здолею скочыць на вуліцу не зламаўшы шыю, як я пайду далей? Вы ведаеце, што я не магу выйсці з горада без пашпарта; і Вы ведаеце, што вы забралі мой пашпарт. Я таксама не ведаю ні рускай, ні польскай мовы; і хто з рускіх ці палякаў, зможа мне дапамагчы, нават, калі пажадае?”


    Гэтымі і іншымі падобнымі ідэямі я ціснуў на старшыню як мог; і, праз некаторы час, відавочна, вельмі неахвотна, ён паддаўся майму пратэсту і змясціў вырту па-за межамі майго пакоя. Але я часта чуў моцнае дыханне каля адтуліны для ключа; і не сумняваўся, што яны бесперапынна сачылі за маімі рухамі праз гэтую дзіру. А прайсці ў іншую частку дома без іхнае кампаніі было проста немажліва; нават калі я пайшоў наступным ранкам у двор, адзін з вартаўнікоў ішоў наперадзе, а другі за мной; і абодвы чакалі, каб правесці мяне ў мой пакой. Такім чынам, праява дабрыні, якую так падкрэслівалі, падчас вызвалення мяне з турмы, была ўсяго толькі маной. Маё цяперашняе месца жыхарства было па ўсіх намерах і мэтах вельмі надакучлівай турмой.


    Але, слава Госпаду! Гадзіна вызвалення была блізка.


    У наступны дзень, пятніцу, было вялікае свята – мяркую, гадавіна каранацыі Імператара: і, з ранніх гадзін я назіраў розныя кампаніі добра апранутых людзей, якія ішлі ў розныя цэрквы; і падрыхтоўку жыхароў нашай вуліцы па аздабленні і ілюмінацыі сваіх дамоў. Праз адкрытае акно, я працягваў напружана шукаць у натоўпе якога-небудзь знаёмага чалавека, якому б я мог даручыць перадаць маю даўно падрыхтаваную тэлеграму. Але я не мог нікога знайсці. Праз некаторы час я ўбачыў, як старшыня паліцыі вяртаецца дахаты, у сваёй параднай форме, у кампаніі трох замежнікаў, якія падаліся іне ангельцамі. Двое з іх неслі ў руках вялікія букеты, а старшыня нёс трэці. Я пачуў, што каля ўвахода ў двор ён сказаў аднаму з іх на сваёй ламанай ангельскай: “Сюды, калі ласка.” Маё сэрца выскачыла ад радасці. Я паспяшаўся ад вакна да дзявэй, дзе вартавы, несумнеўна, спыніў бы мяне, калі б змог. Але ў гэты момант старшыня падыйшоў і сказаў: “Ангельцы ўнізе.” “Магу я пайсці да іх?”- я спытаў імгненна; і атрымаўшы дазвол я хутка пабег ўніз па сходах і ўзрадавана паціснуў сяброўскія рукі маіх дарагіх суайчыннікаў. Яны былі першымі, якіх я пабачыў болей, чым за шэсць месяцаў: факт, з-за якога сам па сабе іх выгляд мог напоўніць радасцю маё сэрца. Як я, у такім выпадку, магу апісаць дадатковую сілу маёй радасці, калі яны паведамілі мне, што я быў вольны пайсці з імі; і ўсё, што мне заставалася зрабіць, толькі даць пісьмовае абяцанне не выязджаць з горада, пакуль не скончыцца следства па маёй справе? Гэтае абяцанне я, канешне, зараз жа даў; і яны замацавалі мой подпіс сваімі.


    Пабегчы наверх і скласці валізку, развітацца з маімі вартаўнікамі і старшыней паліцыі, заняло ў мяне некалькі хвілін: і я хутка апынуўся на вуліцы і крочыў побач з маімі праважатымі да гатэля Ромера. Ніводнага з іх я ніколі не бачыў раней. Канешне, яны былі незнаемцамі для ўсёй маёй сям’і, як і для мяне; і гэта было толькі іх добрае імкненне вызваліць суайчынніка з небяспекі, што натхніла іх абараняць мае інтарэсы.


    Двое з гэтых джэнтльменаў былі сябрамі Кэмбрыджскага універсітэту, яго вялебнасць В.Г. Кларк, сябра і настаўнік Трыніці-Каледжу і афіцыйны аратар, і містэр В. Лойд Бёркбек, сябра Даўнінг-Каледжу. Трэці, сябра Бейліол-Каледжу, Оксфард, пасля гэтага, я шчаслівы сказаць, наведваў Бон і дазволіў майму бацьку мець задавальненне падзякаваць яго асабіста за своечасва аказаную мне паслугу. З той прычыны, што мне не было дазволена – на той момант – публічна выказаць удзячнасць, назваўшы яго па імені, як я гэта раблю, называючы ягоных спадарожнікаў, я маю надзею, што мне дазволяць гэта зрабіць у адзін з будучых дзён; і між тым я павінны запэўніць чытача, якому будзе цікава даведацца ягонае імя, што яно не мела нічога агульнага з тым дзіўным словам, пад якім рускія рэгістратары пашпартоў здолелі запісаць яго ў рэгістрацыйнай кнізе губернатара.


    Яны прыбылі ў чацвер ўвечары з Варшавы на шляху да Вільні; і вырашылі спыніцца ў Гродна на адзін дзень, толькі каб пабачыць горад. Пачуўшы пра арыштаванага ангельца, – гэты факт, аказваецца, прыцягнуў шмат увагі і выклікаў шмат размоваў – яны палічылі сваім абавязкам зрабіць усе мажлівае ў межах закону, каб вызваліць яго; і з такім намерам шукалі сустрэчы і сустрэліся з вайсковым старшыней. У той час, калі яны размаўлялі з гэтым афіцэрам, зайшоў старшыня паліцыі, і такім чынам даў ім мажлівасць паразмаўляць па гэтым пытанні і з ім таксама. Але ім не ўдалася атрымаць ніякай пэўнай інфармацыі ці спадзявання на дапамогу ні ад аднаго, ні ад другога; і таму яны звярнуліся да губернатара, генерала Скварцова, які абедаў і не мог іх прыняць. Яны паўтаралі свой візіт кожныя паўгадзіны разы тры ці чатырі ў той жа вечар; і ўрэшце яны былі прынятыя, я падазраю, пры дапамозе “срэбнага ключа”. Яны папрасілі ў губернатара дазволу ўбачыцца з арыштаваным ангельцам і даведацца ад яго самога падрабязнасці ягонай справы, каб яны пасля маглі паведаміць аб усім ангельскаму амбасадару ў Санкт-Пецярбурзе, лорду Напіеру. Яны пераконвалі губернатара, як і  вайсковага старшыню і старшыню паліцыі, ў тым, што адмаўляць брытанскім падданым у праве звярнуцца да амбасадара Брытанскай кароны несправядліва (як ім гэта падавалася); і шчыра казалі, што падобныя дзеянні з’яўляюцца парушэннем міжнароднага этыкету, калі не міжнароднага права. Губернатар вельмі цепла прымаў іх, выслухаў  уважліва і дабразычліва ўсё, што яны казалі, але ўрэшце катэгарычна адмовіў у візіце да мяне. Хаця ўсё абрынулася, калі яны былі так блізка, яны не збіраліся здавацца. Містэр Кларк напісаў лорду Напіеру, а Містэр Бэркбэк містэру Уайту, віцэ-консулу ў Варшаве, аб усіх падрабязнасцях, якія былі ім вядомыя пра мяне. Такім чынам, яны далі мажлівасць гэтым служачым прадпрымаць неабходныя крокі ад майго імя. Жадаючы як мага хутчэй дабрацца да Вільні, адкуль яны вырашылі вярнуцца ў Варшаву, бо былі рашуча настроены здзейсніць усё, што можна, на шляху да майго вызвалення, яны адклалі (што, баюся, было для іх вельмі нязручна) працяг сваёй вандроўкі на сорак восем гадзін.


    Мне наўрадці трэба нагадваць чытачу, што, пры бягучых падзеях, з’яўленне трох ангельцаў у Гродна, было само па сабе здарэннем, якое магло прыцягнуць увагу. Мяркую, брытанскія падданыя, акрамя мяне, не з’яўляліся ў гэтым горадзе з тае пары, як містэр Сміт О’Брайн  ненадоўга завітаў сюды некалькі месяцаў таму. Пашпарты гэтых падарожнікаў былі, вядома, перададзены ўладам адразу па іх прыбыцці ў аўторак увечары: і не было ніякіх сумневаў, што з таго самага моманту за ўсімі іх словамі і дзеяннямі ўважліва сачылі і дакладалі аб іх. Невыкліканыя служкі ў гатэлях, мінакі на вуліцах, людзі ўсіх класаў і становішчаў, якія кожную гадзіну даносілі камандзірам войска і паліцыі, якія былі гатовыя запісваць усе самыя дробныя падзеі, звязаныя з гэтымі замежнікамі; - падслухоўваючы іх у кавярні, употай пераследуючы іх падчас прагулянак, чакаючы на іх, па сутнасці, так блізка як іхнія цені. Паведамленне аб нядаўнім арышце іх суайчынніка не магло не дасягнуць, так хутка, як гэта адбылося, вушэй замежнікаў, якія нядаўна прыехалі; і звесткі аб гэтым, ў дадатак да таго,  што дзень майго першага допыту, дзіўным чынам, супаў з днём іх прыбыцця, не маглі не патрапіць у афіцыйныя матэрыялы, а таксама ў звычайныя плёткі. Не складана, такім чынам, зразумець, што тут ўлады Гродна ўсвядомілі неабходнасць  хаця б уважліва паставіцца да ангельскага зняволенага. Да гэтай прычыны, і толькі да яе, я прыпісваю раптоўную і дзіўную прыязнасць, што ўзнікла ў паводзінах і дзеяннях камісараў. У той аўторак, дзень майго першага допыту, яны абыходзіліся са мной груба, нават з пагрозаю ў інтанацыі і словах; не жадалі верыць маім шматразовым сцвярджэнням аб недатычнасці да ўсіх абвінавачванняў; катэгарычна забаранялі мне трымаць сувязь з маёй сям’ёй альбо з дыпламатычнымі прадстаўнікамі маёй краіны. На наступны дзень, праз васемнацаць гадзін пасля прыезду трох маіх суайчыннікаў, усё змянілася. Яны, вядома, не маглі пераадолець сябе і не ўспрымаць мяне цалкам як паляка; але яны змянілі запалохванне на ветлівасць; і я сядзеў за сталом у іх прысутнасці і пісаў тыя самыя лісты, пра якія менш, чым дваццаць чатыры гадзіны назад, мне казалі нават не думаць.


    Чым маглі быць выкліканыя такія змены? Мяркую, толькі своечасовым прыбыццём маіх суайчыннікаў. Мае становішча ў сераду было такім жа, як і ў аўторак. Сапраўды, тыя паказанні, якія камісары хацелі выкарыстаць супраць мяне, не прынеслі ім цалкам ніякай карысці. І ўсё ж, нават не здолеўшы выкарыстаць іх, камісары прадэманстравалі сваё сталае імкненне даказаць маю віну і перапыніць для мяне любую знешнюю дапамогу. Ці сумняваўся хто-небудзь тады ў тым, што нешта адбылося паміж завяршэннем маго допыту ў аўторак і яго ўзаўленнем у сераду, што прымусіла камісараў вяртацца па сваіх слядах?


    І нават, болей за тое; яны не толькі вярнуліся да папярэдняага, але і імгненна прынялі зусім іншы накірунак. Пасля дазволу напісаць лісты ў сераду, ранкам наступнага дня, мне абвясцілі пра тое, што мяне перанакіроўваюць з турмы ў дом старшыні паліцыі. Ці зніклі за гэты час нейкія прычыны з тых, што адпачатку выклікалі мой арышт? Мяркую, што не. Але падарожнікі з Англіі ўсё яшчэ былі ў горадзе і не падавалі прыкмет да таго, што збіраюцца з’язжхаць; яны былі ўсё такімі ж нястомнымі і руплівымі ў сваіх намаганнях выратаваць мяне; яны хадзілі ад аднаго афіцыйнага ведамства да другога, паўстаючы паўсюль з тым самым запытам і паўтараючы паўсюль, рашуча і ясна, свае перакананні, - не аб тым, вядома, што я не вінаваты ў тым, што супраць мяне абвяшчаюць (бо аб гэтым яны не маглі на той момант мець меркаванняў), але аб несправядлівасці таго, што мне адмаўляюць у падтрыманні сувязі з тымі, хто адзіныя маглі мне дапамагчы даказаць сваю невінаватасць. Вайсковы старшыня накіраваў іх да старшыні паліцыі, а старшыня паліцыі перанікіраваў іх да губернатара. А губернатар, у ветлівай форме, катэгарычна адмовіў ім у іх просьбе. Але ангельцы былі старанныя і ўпартыя; і ні хітрасць з аднаго боку, ні абсалютная забарона з іншага не маглі адхіліць іх ад справы, якую яны ўзялі ў свае рукі. Яны былі ўсё яшчэ свабодныя і, напэўна, вырашылі выкарыстаць сваю свабодў на маю карысць. Тэлеграф і пошта былі адкрыты для іх; хаця, падавалася, дзверы ўсіх ведамстваў Гродна для іх былі безнадзейна зачыненыя. Яны неадкладна даслалі неабходныя лісты. Ці былі гэтыя лісты адкрыты і іх змест сакрэтна даведзены ўладам, не магу сказаць. Добра вядома, што такі спосаб часта ўжываецца ў гэтай, як і ў іншых краінах; і сёння я маю дастаткова падставаў, каб лічыць, што лісты ўскрываліся штодня. Але, як бы там ні было, было вядома, што лісты з адпаведнымі адрэсамі, якія містэр Кларк і містэр Бэркбэк напісалі, былі на шляху да пункта назначэння. Хутка павінны былі прыйсці адказы. Адказы запатрабавалі б, адпаведна праву, каб падставы, на якіх брытанскі падданы быў арыштаваны і гвалтоўна утрымліваўся, былі патлумачаныя: і калі гэтыя каналы сувязі былі аднойчы адкрытыя, то нават самыя магутныя механізмы дэспатычнай улады было б немажліва здзяйсняць без некаторага кантролю. Лепей, такім чынам, прыняць набходнасць і, прадбачыўшы патрабаванне, якое цягам некалькіх гадзін непазбежна прыйдзе з Санкт-Пецярбурга, неадкладна вызваліць брытанскага падданага, які, як цяпер пачало высвятляцца, быў памылкова кінуты ў турму.


    Я перакананы, што гэта і было простым і  сапраўдным тлумачэннем усёй справы. Губернатар убычыў ангельцаў, якія пайшлі ад яго заклапочаныя і расчараваныя; і ён, мажліва, адчуваў сябе задаволеным у выніку дэманстрацыі сваёй абсалютнай улады. Але, тым не менш, хутка і сакрэтна, загад выканаць менавіта тое, аб чым марна прасілі ангельцы, быў аддадзены яго падначаленым. Наступным ранкам ангельцы падняліся рана і пайшлі ў царкву, каб паназіраць за набажэнствам у гонар нацыянальнага свята, пра якое я ўжо ўзгадваў. Старшыня паліцыі, які там таксама прысутнічаў, заўважыў іх і па заканчэнні набажэнства падыйшоў да іх і паведаміў, да іх вялікага здзіўлення, што я быў у ягоным доме, і што яны маглі, пры жаданні, прыйсці і наведаць мяне. Яны прынялі гэту інфармацыю з вялікай радасцю; і накіраваліся ў суправаджэнні старшыні да ягонага дома. Па дорозе ім трапіўся сялянскі воз, нагружаны букетамі; і старшыня, узяўшы тры букеты, папрасіў спадарожнікаў дапамагчы данесці два з іх да дома, а трэці панес сам. Так выглядала кампанія, калі я заўважыў яе на вуліцы праз акно; і пра наступствы іх шчаслівага з’яўлення я ўжо напісаў.


    Ангельскія падарожнікі, дасягнуўшы мэты, дзеля якой яны адклалі сваю вандроўку, у той жа вечар ад’ехалі да Вільні, адкуль містэр Кларк ласкава адаслаў мой ліст да бацькі.


Містэр Кларк атрымаў, пакуль быў у Вільні, адказ лорда Напіера на ліст, які ён напісаў з Гродна ад майго імя; і дублікат гэтага адказу быў высланы яму ў Варшаву. Я бачыў гэтых траіх вандроўнікаў праз некалькі дзен на чыгуначнай станцыі, але толькі некалькі хвілін, і гэта была апошняя мажлівасць для мяне асабіста пакамунікаваць з людзямі, якім я быў вінны да канца майго жыцця.


    У пятніцу, 11-га, у дзень майго вызвалення, я тэлеграфаваў да палкоўніка Стаўнтана, нашага консула ў Варшаве, паведаміўшы яму пра ўсё, што адбылося. Гэта паведамленне не было адаслана да на наступнага дня; і ў выніку, не атрымаўшы адказу, я ізнў пайшоў на тэлеграф і сказаў служачаму, што, калі я не атрымаю адказу і на маё другое паведамленне, то я буду скардзіцца губернатару. Два адказы я атрымаў у суботу; адзін ад містэра Уайта, віцэ-консула, недзе апоўдні, у якім ён прасіў больш падрабязных звестак; і другі, у вечары таго ж дня, ад самога палкоўніка Стаўтана, які паведамляў, што не можа судзейнічаць з польскага боку, але ён тэлеграфаваў да лорда Напіера ў Санкт-Пецярбург.
    У нядзелю зранку, 13-га, я атрымаў тэлеграму лорда Напіера, у адказ на ліст, які ён атрымаў ад містэра Кларка. У тэлеграме ён пытаў на падставы майго арышту і паведамляў пра крокі, якія ён ўжо зрабіў ад майго імя. Я адразу перадаў поўную справаздачу ягонай светласці (ягомосці) і дадаў, што пісаў да яго ў сераду, 9-га, ліст, які, як я ўжо казаў, быў перададзены мной старшыні камісараў, у чыёй прысутнасці я яго пісаў. Атрымаўшы мой нядзельны ліст, лорд Напіер пацвердзіў у тэлеграме яго дастаўку і дадаў, што яшчэ не атрымаў ліст ад 9-га. Я неадкладна пайшоў да губернатара і паказаў яму тэлеграму, і прасіў патлумачыць падставы затрымкі.


    Чытач можа памятаць, што, калі я пытаў у губернатара, 10-га, ці перадаў старшня камісараў, як абяцаў, мой ліст, губернатар сцвярджаў, што нічога не ведаў аб ім. Калі я яшчэ раз запытаўся на падставы прыкрай затрымкі, ен адказаў, што старшыня, канешне, перадаў яму лісты (мяркую, пасля маёй размовы з губернатарам 10-га), і што ён перадаў іх генералу Мураўёву, вайсковаму генерал-губернатару пашыранага раёна, у які уваходзяць Вільня, Гродна, Коўна і Мінск. Той ліст, як мне пазней паведаміў лорд Нэпіер, прыйшоў па некаторым часе разам з лістом, які я адначасова напісаў да свайго бацькі.


    Немажліва параацаніць тую увагу, якую лорд Нэпіер надаў майму выпадку. Мяркую, я атрымаў ад яго не меней за дзевяць ці дзесяць паведамленняў па  пошце ці праз тэлеграф; ён паведамляў мне пра дзеянні, прадпрыманыя ад майго імя; упэўніваў мяне ў сваім намеры зрабіць усе магчымае дзеля маёй абароны; раіў мне праяўляць цярплівасць. Расейскі міністр знешніх справаў, дзякуючы зваротам лорда Нэпіера, паабяцаў яму, што у справе, якая яшчэ патрабуе завяршэння, не будзе непатрэбных затрымак; і, атрымаўшы гэтае абяцанне, я намагаўся быць задаволеным. Лорд Нэпіер таксама як мага раней тэлеграфаваў да майго бацькі, паведаміўшы яму пра мой арышт і вызваленне; упэўніваючы яго, што я буду абаронены; і абяцаюы даслаць яму ліст па пошце. Ліст своечасова прыйшоў, ён паведамляў пра абставіны, якія я апісваў раней, і да яго прыкладаўся ліст, які я пісаў да бацькі з турмы 9-га. Такім чынам дванаццаць дзен прайшло паміж тым, як я напісаў гэты ліст, і як ён быў атрыманы бацькам. Але затрымка адбылася выключна з-за таго часу, які яно знаходзілася ў руках Мураўёва. Лорд Нэпіер не губляў ні хвіліны ні на гэтым, ні на іншых этапах справы; і мой бацька не меней, чым я, удзячны яго светласці за ягоную своечасовую, уважлівую і тактоўную ласку.


    Тым не менш, ліст да бацькі, які я напісаў у дзень майго вызвалення, і які містэр Кларк адаслаў з Вільна, дайшоў на тры дні раней, чым тэлеграма ад лорда Нэпіера: і, несумненна, у першую чаргу наша шчырая ўдзячнасць адрасавана містэру Кларку і яго спадарожнікам. Калі б не іх актыўнае пасярэдніцтва, лорд Нэпіер,  напэўна, ніколі б не пачуў пра мяне; і я мог дагэтуль, калі б ўвогуле быў жывы, самотна гібець у турме альбо ў высылцы.


    Як толькі я развітаўся са сваімі збавіцелямі і пачаў камунікаваць з іншымі коламі, я прыгадаў няшчаснага служку графа Біспінга і паспрабаваў зрабіць, што мог, для яго вызвалення. Ранкам наступнага дня (субота) я пайшоў да нямецкага пастара ў Гродна, які, на маю думку, мог пажадаць дапамагчы ў вызваленні свайго суайчынніка. Але пастара не было, і дапамога з гэтага боку пакуль адмянялася; - насамрэч, у мяне былі падставы меркаваць, што ягоная дапамога, на колькі б моцна ён ні жадаў яе спраўдзіць, не прынесла б плёну.


    Па вяртанні ў гатэль я напаткаў жаўнера з турмы, які запатрабаваў, каб я неадкладна з’явіўся перад камісарамі: і, зайшоўшы ў пакой, дзе мяне раней дапытвалі, быў здзіўлены не толькі ветлівымі паводзінамі камісараў, але і іншай акалічнасцю, за якую я быў абавязаны губернатару. Габрэя перакладчыка больш не было. Ягоны непрафесіяналізм, па праўдзе, самі камісары павінны былі заўважыць адпачатку; і мае скаргі губернатару датычна непрафесійнасці габрэя не маглі быць абвергнутыя нікім, хто быў сведкам ягонай бясконцай збянтэжанасці. Яго месца цяпер займаў афіцэр Імператарскай гвардыі, барон вон Ховэн, джэнтльмэн з вельмі прыемнай знешнасцю, і (як ён хутка паказаў) дастаткова добра знаёмы з ангельскай мовай.


    Граф Біспінг таксама сядзеў за сталом у гэтым пакоі і пісаў нешта. Я не бачыў майго дарагога сябра з таго пакутнага моманту, калі нас разлучылі вечарам мінулага панядзелка; і я не мог адмовіцца ад задавальнення падбегчы да яго і паціснуць ягоную руку. Камісары, здавалася, былі крыху здзіўленыя тым, што я дазваляю сабе так вольна паводзіцца; і мяне правялі ў іншы пакой разам з капітанам, які раней праводзіў асноўную частку майго допыту, і з перакладчыкам. Мне ізноў задалі ўсе тыя ж пытанні, на якія я ўжо адказваў раней; і ўрэшце мы дамовіліся, што я павінны падпісаць свае паказанні аб, што я з’яўляўся ангельскім святаром; аб тым, што я прыбыў у Рускую Польшчу да графа Біспінга ў якасці настаўніка ангельскай мовы; што я ніколі не меў ніякіх асабістых кантактаў з паўстанцамі, і нават не чуў, каб граф казаў нешта супраць рускага ўраду; што я зусім не ведаў польскй мовы.


    Узніклі некаторые сумневы, ці варта ўлучаць апошні сказ у сведчанні; і капітан пайшоў раіцца ва старшыней камісараў, які застаўся ў тым пакоі, дзе ўсё яшчэ знаходзіўся Біспінг. Затым капітан вярнуўся; і ў гэты час два маладзёны гадоў васемнаццаці, якія выглядалі хваравіта, былі прадстаўлены, каб засведчыць супраць мяне. Адзін з іх заявіў, што некалькі разоў бачыў графа Біспінга і мяне ў лесе, і мы прывозілі гарматы, пісталеты, стрэльбы, вопратку і грошы ў сваім экіпажы; і што ён часта чуў, як я размаўляю па-польску з афіцэрамі паўстанцаў. Другі сказаў, што бачыў мяне толькі аднойчы ў лесе, я быў адзін і ў мяне была адна стрэльба; і што ён не чуў, як я размаўляю. Даведаўшыся ад перакладчыка поўны сэнс іх сведчанняў, я папрасіў яго сказаць, што я абвінавачваю іх у наўмысным і злосным падмане; што аповед пра тое, што мы прывозілі ў лес гарматы ў экіпажы сам сабе супярэчыць з-за сваёй абсурднасці; і што, адносна майго валодання польскай мовай, усім, з кім я быў знаёмы ў гэтай краіне было вядома, што я не магу сказаць самых простых фраз на гэтай мове: я быў згодны трываць, пакуль сябры і служкі графа Біспінга засведчаць, што я не ведаў нават самага простага з гэтай мовы; і мае памылкі ў спробах вымавіць нават самыя простыя словы заўсёды іх смяшылі. Калі мае заўвагі былі перакладзеныя для таго, хто сведчыў пра гэта, ягоны выраз адразу змяніўся і ён пачаў выкручвацца і казаць неадназначна. Перакладчык бачыў гэта такжа яўна, як і я, і пачаў ціснуць на яго. Тады сведка спрабаваў цалкам адмовіца ад сваіх сцвярджэнняў, кажучы:
    “Ну, калі я не чуў, як ён размаўляе па-польску – мажліва, я быў не дастаткова блізка для гэтага – я ведаю, што я бачыў, як ён размаўляе з адным з маіх афіцэраў.”


    Перакладчыка вельмі ўзлавала такое сведчанне, у ілжывасці якога ён ужо не сумняваўся. Ён проста казаў капітану, што гэтаму чалавеку цалкам не варта давяраць; і што гэта было суцэльнае маранаванне іх часу, таксама як і прыніжэнне для мяне, слухаць паклёп гэтага юнака. Капітан настойваў на іншым бачанні справы; і паміж імі распчалася такая гарачая спрэка, што ў пэўны момант я думаў, яны пасварацца ўшчэнт. Юнакоў тады адпусцілі; і прынеслі паперы з другога пакоя. Перад тым, як падпісаць свае сведчанні, я папрасіў перакладчыка прачытаць усё яшчэ раз. Ён зрабіў гэта; і, паглядзіце!, апошні сказ, аб маім невалоданні польскай мовай, адсутнічаў. Ён заўважыў яго адсутнасць у той жа момант, што і я, і настойваў на ўлучэнні адсутнага сказа. Для мяе было скрайне важна, каб ён быў дададзены. Яго нез’яўленне, фактычна, азначала б, што я больш не сцвярджаю, што не ведаю польскай мовы; і недавер да адной з важкіх частак майго сведчаня мог паставіць пад сумнеў яго праўдзівасць цалкам. Барон фон Ховэн звярнуў на гэта ўвагу капітана. Ізноў разгарнулася гарачая спрэчка, і паперы ізноў панеслі да старшыні. У хуткім часе іх прынеслі назад ужо з дададзеным апошнім сказам. Я падпісаў сведчанні і пайшоў.


    Барон фон Ховэн суправаджаў мяне да гатэля, дзе мы разам паабедалі; мая ўдзячнасць яму за аказаную толькі што паслугу надала мне смеласці запытацца ягонай парады наконт таго, як лепей дзецнічаць у дачыненні няшчаснага Людвіга, нямецкага служкі, якому я жадаў дапамагчы вызваліцца з турмы. Вайсковы старшыня ўвайшоў, калі мы абмяркоўвалі дадзеную справу; і па іх сумеснай парадзе, а шостай таго ж вечара я наведаў губернатара. Калі мяне прынялі, я паведаміў губернатару, што Людвіг быў прускім падданым; і што я мог прысягнуць, што ён цалкам не вінаваты ні ў якіх мажлівых рэвалюцыйных дзеяннях. Губернатар зрабіў выгляд, што не ведаў аб замежным паходжанні графавага служкі; хаця я павінны лічыць, што ягоны пашпарт павінны быў сцвердзіць дадзены факт. Тым не менш, ен паабяцаў, што дадзеным пытаннем неадкладна зоймуцца; і ён стрымаў сваё слова. Нягледзячы на мітусню і занятасць вакол вялікага бала ў той вечар, усе што неабходна было высветлена; і апоўначы афіцэр быў накіраваны ў турму, каб паведаміць Людвігу, што ён быў вольны. Ён вырашыў застацца ночыць у турме з усведамленнем таго, што зранку пакіне турму.


    Тым не менш ранкам ён не з’явіўся. Я пачаў хвалявацца пра яго і пайшоў па розных ведамствах з пытаннямі. Урэшце ён з’явіўся (яго затрымалі пэўныя фармальнасці ў паліцэйскім пастарунку, бляды, змучаны і няголены. Але пабачыўшы мяне, ён скокаў і танчыў ад радасці, і шчодра ўпэўніваў мяне ў сваёй удзячнасці за дапамогу ў справе ягонага вызвалення. Добра паабедаўшы, ён здолеў распавесці мне пра свой досвед у рускай турме. Ён быў размешчаны горш, чым ягоны гаспадар ці я; разам з ім у камеры быў вясковы доктар, на розум якога паўплывалі цяжкасці, перажытыя ім перад зняволеннем і падчас апошняга. Яго забралі з ложка пасярод ночы, і ён быў вымушаны пакінуць усе клопаты пра сваю вельмі хворую жонку, якая ў хуткім часе павінна была нарадзіць, на адзінага служку. З таго часу ён нічога не ведаў пра яе; і яна не магла прыехаць і наведаць яго, бо ён знаходзіўся за пяцьдзесят ці шасцьдзесят міляў ад дома. Ён вельмі добра размаўляў па-нямецку; і расповеды пра ягоныя няшчасці прывялі добрасардэчнага Людвіга ў адчай.
    У наступны чацвер а трэцяй гадзіне мне прыйшоў загад з’явіцца ў турму і атрымаць мой дыярыюш і кішэнную кніжку, ды іншыя паперы; пасля фармальнага прыёму мне было дазволена забраць іх.


    Уся справа, звязаная са мной, здавалася, была завершаная, і я стаў з усё большай нецярплівасцю чакаць дазволу на ад’езд. Дзень за днём я спадзяваўся пачуць ад губернатара, што я магу ехаць; але штодня адказ быў: “Яшчэ не”. Паперы былі дасланыя на падцверджанне Мураўёву; і пакуль ён не абвесціць сваё меркаванне, нічога не магло быць зроблена. Нарэшце, калі мая цярплівасць амаль скончылася, у панядзелак 28-га верасня – праз тры тыдні па маім арышце – генерал Скварцоў паведаміў мне, што справаздача гарадзенскіх камісараў была зацверджаная Мураўёвым; і што, даўшы абяцанне ніколі больш не наведваць гэту краіну, я мог выехаць з яе.
“Калі Вы будзеце гатовы паехаць?” – спытаў ён.


“Сёння,”- адказаў я, “калі магчыма; але, дакладна, не пазней за заўтра.”


    Здавалася, што яго здзівіла прапанова дзейнічаць так хутка; і ён сказаў мне чакаць яго да наступнага дня. Тады я запытаў дазвалення на сустрэчу з графам Біспінгам, які ён адразу мне даў у выглядзе пісьмовага загада-зварота да старшыні турмы. Я паспяшаўся з гэтым дазволам ў турму; паказаў яго старшыні; і цягам некалькіх хвілін мой сябра з’явіўся ў пакоі, у які мяне адвялі. Ён выглядаў добра; але я заўважыў, што ягоная ніжняя вусна была амаль наскрозь пракушана. Ён выказаў глыбокую занепакоенасць непрыемнасцямі, у якія я трапіў (як ён баяўся) праз яго; і сказаў, што тое, як моцна я адмаўляў свой ўдзел ў паўстанні, не магло быць мацней за тое, як ён сам гэта рабіў. Вядома, я не стаў засяроджваца на непрыемнасцях, праз якія мне давялося прайсці; і, насамрэч, таго, што я вызваліўся і меў у планах хуткі ад’езд, было дастаткова, каб я знаходзіўся (без неабходнасці стрымліваць свае пачуцці) ў прыўзнятым і поўным спадзяванняў настрой.
    Пэўны час мы абмяркоўвалі мінулыя падзеі і перспектывы будучыні, пасля чаго граф пажадау даведацца пра здарэнне, звязанае з ягоным арыштам. Пра тое, што адбылося з афіцэрам, які прыходзіў наведаць яго тыдзень назад. Факты былі наступныя. Гэты афіцэр абедаў у той жа рэстарацыі, што і я; але я не быў знаёмы з ім асабіста. Ад нямецкага слугі Біспінга ён пачуў пра ўсе падрабязнасці зняволення гаспадара, а таксама пра мізэрную ежу ў выглядзе кіслай кашы і чорнага хлеба, якую яму прапаноўваюць. Той быў чалавекам добрасардэчным і шчодрым і вельмі засмуціўся, пачуўшы гэта, і сказаў: “О! Біспінг часта забяспечваў маіх паплечнікаў цудоўным харчаваннем; я паспрабую, калі змагу, суцешыць яго добрым абедам і бутэлькай віна.”  Слуга падбег да мяне вельмі ўзрадаваны перспектываю такога пачастунка для свайго гаспадара; і выглядаў, нібы ў яго трапіла маланка, калі я сказаў, што мне вельмі шкада.


    “Гэта ніколі не атрымаецца, Людвіг,”- сказаў я. “Гэты афіцэр толькі ўцягне сябе ў непрыемнасці, а таксама  і твайго гаспадара, калі паспрабуе такім чынам парушыць турэмныя правілы. Я ведаю, лепей за яго, што няма бяспечнага спосабу ўмяшацца ў іх. Ты таксама павінны ведаць гэта. Малю, бяжы і прасі яго адмовіцца ад гэтай ідэі.”


    Тым не менш, утрымаць афіцэра ад ягонай ідэі не ўдалася; ён пайшоў з абедам і бутэлькай віна, схаванымі ў кішэні. Неўзабаве ён вярнуўся крыху пануры; ў яго насамрэч атрымалася пабачыцца з графам, але прысутнасць вартаўніка не дазволіла перадаць яму ні ежу, ні віно. Ён апісаў усю падзею; але я не мог не хвалявацца наконт вельмі непрыемных вынікаў. І так яно і сталася. Наступным ранкам гэтага маладога афіцэра ўзялі пад строгі арышт; і хутка пасля гэтага казалі, што яму прысуджаны расстрэл. Гэтыя меркаванні не былі неабгрунтаванымі. Яго палкае жаданне патрапіць да Біспінга ў камеру прымусіла яго схлусіць, што ён прыбыў па загадзе; што, фактычна, ён быў там па службе: - вельмі сур’ёзнае парушэнне. У адпаведнасці са строгім ваенным законам яму магло быць прысуджана не менш за смяротнае пакаранне. Вядома, да яго ўзняўся вялікі інтарэс; ягоныя надздвычайныя заслугі (якім бы маладым ён не быў, але ён ўжо паспеў вызначыцца), казалі таксама на ягоную карысць; урэшце ён пазбег смяротнага пакарання; але толькі шляхам звальнення з ягонага палка. Гэты самы афіцэр наведаў мяне праз два дні і распавёў у скрайнім смутку, пра сваё злачынства, якое ледзь не прывяло яго да аднаго прысуду, а цяпер, пакінула яго без спадзявання на адмену, другога, цяжкасці якога яму давядзецца перажыць напоўніцу.


    Граф Біспінг вельмі цікавіўся гэтай справай і быў вельмі засмучаны тым, што афіцэру давялося перажыць такія пакуты і знаходзіцца ў небяспецы з-за жадання аказаць яму паслугу. Я размаўляў са сваім сябрам ужо гадзіну і з радасцю застаўся б яшчэ долей: але ў гэты момант зайшоў старшыня турмы і паведаміў, што графу трэба ісці ў прыёмны пакой сустрэцца з ягонымі сваякамі, якія атрымалі дазвол на наведванне. Кампанія складалася з дзвюх ягоных цётак, дзвюх ці трох кузінаў і сястры. Перад тым, як я пайшоў, ён узяў з мяне абяцанне, што я паспрабую сутрэцца з ім яшчэ раз да ад’езду; усведамляючы гэта, я выйшаў ад яго і вярнуўся ў гатэль рыхтавацца да ад’езду.


Той вечар я правёў у кампаніі сяброў графа, чыя дабрыня ў адносінах да мяне не зменшылася падчас гэтага майго апошняга візіта; і ў наступны дзень рана я чакаў на губернатара. Мяне запрасілі ў ягоны пакой толькі апоўдні; і я быў узрадаваны даведацца, што больш няма перашкодаў для майго ад’езду на радзіму.
“Жаўнер будзе суправаджаць Вас да мяжы,” – сказаў губернатар, “і там аддасць Вам Ваш пашпарт і пнеўматычную стрэльбу.”
“Мне трэба будзе заплаціць за яго?” – спытаў я тады.
“О! Не; канешне, не,” – адказаў ён.
Я быў усё ж узлаваны патрабаваннем больш ніколі не наведваць тэрыторыю Расіі. Не тое каб я пэўна ўсведамляў нейкае пачуццё абавязка, здольнае некалі ізноў паклікаць мяне ў гэту краіну; і, вядома, у мяне не было імкнення (па меньшай меры зараз) добраахвотна наведаць яе ізноў. Тым не менш, я адчуваў, што не мушу мець пажыццёвую забарону на наведванне; і гэта было зневажальна, падпарадкоўвацца такой умове. Але гэтага немагчыма было пазбегнуць: і, адпаведна, падчас наведвання губернатара, ў прысутнасці ягонага сакратара, я напісаў абяцанне па-французску і па-ангельску і падпісаў яго.
У той момант я больш клапаціўся пра майго дарагога сябра графа Біспінга, чым пра самога сябе; і, калі б я атрымаў нейкія карысныя звесткі аб ім, ці мне дазволілі б зноў пабачыцца з ім, я б не звярнуў увагі на тое, што падпісаў. Я чуў у розных колах (і некаторым з іх можна было верыць), што ён  у хуткім часе будзе вызвалены: але такая навіна, я баяўся, была занадта добрай, каб быць праўдай. Таму я вярнуўся ў кабінет губернатара і спытаў, ці быў ён вольны сказаць мне, які лёс, на ягоную думку, чакаў графа. Ён шчыра сказаў мне, што граф, па ўсё верагоднасці, будзе высланы ў нейкую аддаленую частку Расіі і будзе вымушаны заставацца там, пакуль паўстанне не скончыцца; але не будзе ніякага дадатковага штрафа ці канфіскацыі ягоных маёнткаў.


Губернатар даў мне дазвол пайсці ў турму і ў апошні раз паразмаўляць з графам; дадаўшы, як апошняе распараджэнне, што жаўнер будзе ў гатоўнасці каля майго гатэля а трэцяй, і што цягнік адбывае а пятай.


Граф адчуў палёгку, калі я паведаміў, што па словах губернатара ягоная маёмасць застанецца некранутай. Ён ізноў выказаў мне сваё глыбокае шкадаванне аб тым, што мой візіт, які так прыемна прайшоў для яго і не менш прыемна, ён спадзяваўся, і для мяне, павінны быў скончыцца пры абставінах нагэтулькі непрыемных для нас абодвух; але ён спадзяваўся, што надыдуць лепшыя часы і мы зможам убачыцца ізноў. Мы развіталіся з узаемнымі пажаданнямі шчаслівага жыцця.


Па вяртанні ў гатэль я ўбачыў, што абяцаны жаўнер, які мусіў суправаджаць мяне да мяжы, быў ні хто іншы, як казак, які вартаваў мяне ў турме; і я не мог стрымаць усмешкі з-за ягонага выгляду з вялізным скураным партфелем, які вісеў у яго на грудзях і трымаўся на рэмні за плячыма, парай зараджаных пісталетаў на поясе і цяжкой шабляй на баку. Некалькі маіх сяброў сабраліся, каб пажадаць мне добрай дарогі; і паціснуўшы руку ўсім з іх, я залез ў дрожкі з Людвігам, нямецкім служкам, і паехаў на чыгуначную станцыю. Там я сустрэў знаёмага афіцэра Імператарскай гвардыі, які набыў для мяне квіток і дапамог мне шмат з чым яшчэ. Калі мы павіны былі адпраўляцца, служачы чыгункі паведаміў мне, што неабходна заплаціць тры рублі за майго праважатага. Я маліў сябра афіцэра сказаць ім, што генерал Скварцоў ўпэўніў мяне, што ніякіх выдаткаў у сувязі з суправаджэннем я не панясу. Афіцэр зрабіў усе, што мог для мяне; але было відавочна, што у казака не было афіцыйнага пропуска, і мне трэба было заплаціць за ягоны квіток альбо адкласці паездку да наступнага дня. Наўрад ці мне трэба казаць, які я зрабіў выбар. Плата была ўнесена; і мы паехалі, мой суправаджаты ў адным вагоне, а я ў другім.


Я забыўся сказаць, што перад самым прыбыццём да цягніка пад’ехаў у сваіх дрожках старшыня паліцыі; бо ён заўсёды сустракаў кожны цягнік. Ён развітаўся са мной самым ветлівым чынам; і выказаў спадзяванне, што я не стану больш думаць пра тыя непрыемныя дзеянні, якія яму даводзілася выконваць у сувязі з маім выпадкам. Я ахвотна верыў, што ён рабіў усе па строгім загадзе; і што за гэтыя загады адказвалі іншыя людзі. Тым не менш, я не мог не думаць, што мой пашпарт знаходзіўся зараз у значна лепшым становішы ў змястоўным партфеле казака, чым тады, калі ён быў скамячаны і з пагардай запіханы ў кішэню старшыні на гарадзенскай гарадской мяжы.

Scroll to top