У красавіку 1916 г. у для службы ў гарадской адміністрацыі акупаванай нямецкім войскам Горадні прыбыў з ротмістр Курт Кламрот. Да канцы кастрычніка 1916 г. гэты ўраджэнец горада Хальберштадта ў Саксоніі, фактычна, быў першым памочнікам обэр-бургамістра Вайсэнборна.

Ён непасрэдна адказваў за нарыхтоўку і размеркаванне прадуктаў харчавання і сыравіны і павінен быў вырашаць задачу як неабходных паставак у Нямеччыну, так і харчовага забеспячэння гараджанаў. 


Увесь гэты час ён рабіў запісы ў сваім Дзённіку, які прызначаўся для ягонай сям’і. Месцазнаходжанне арыгінальнага рукапіснага тэксту невядомае. Але, дзякуючы намаганням гісторыка Фелікса Акермана ў рукі даследчыкаў трапіла машынапісная копія Дзённіка. Гэты ўнікальны гістарычны дакумент дазваляе ўбачыць пэўныя рэгіянальныя аспекты палітыкі ў г.зв “Обэр Осце”, што з’яўляўся пэўным мілітарна-палітычным утварэннем на чале якога, фактычна, стаяў фельдмаршал Людэндорф.

 

Аздоблены палац віцэ-губернатара, 1916 год
Аздоблены палац віцэ-губернатара, 1916 год

 


У томе 18 “Гістарычнага Альманаха” (2012) быў апублікаваны артыкул нямецкага гісторыка Маціаса Баціса “Обэр Ост і нямецкая акупацыя Гародні ў Першую сусветную вайну паводле Дзённіка Курта Кламрота” (пераклад Раісы Крывальцэвіч). Працягваючы гэтую тэму, прапаную чытачу нашага зборніка пазнаёміцца з гарадзенскімі старонкамі Дзённіка Курта Кламрота, арыгінальная назва якога Meine Erlebnisse im Weltkriege. Nach meinem Kriegstagebuche fuer meine Kinder niedergeschrieben.


Але напачатку неабходна выказаць некаторыя метадалагічныя заўвагі адносна спецыфікі гэтага гістарычнага дакумента.


Зразумела, што ацэнка падзеяў у Дзённіку мае суб’ектыўны характар. Вызначальным з’яўляецца ўласная пазіцыя і крытэры аўтара. Адпаведна, Дзённік і асабліва старонкі, прысвечаныя гарадзенскаму перыяду службы Курта Кламрота, патрабуюць крытычнага стаўлення.


Пры ўсім гэтым Дзённік дае каштоўную інфармацыю пра функцыянаванне нямецкага вайсковага кіраўніцтва Обэр Ост у адным з яго гарадоў. Цікава, што нямецкае кіраванне тут выглядае не як комплексная сістэма адміністрацыйнай улады, а як яе канкрэтная рэалізацыя на практыцы.


Курт Кламрот як найважнейшы памочнік обэр-бургамістра Горадні ўдзельнічаў у стварэнні гэтай адміністрацыі. Ён ведаў адносіны на месцы з уласных назіранняў, а дзякуючы шэфу быў добра інфармаваны і пра стасункі з вышэйшымі нямецкімі ўладамі. Ён знаёміўся з афіцыйнымі распараджэннямі, але таксама бачыў, як яны ўспрымаліся мясцовымі жыхарамі. Кламрот штодзённа кантактаваў з імі ў службовым кабінеце або на пасяджэннях Гарадской рады, падчас якіх уплывовым гараджанам даручалася выкананне розных адміністрацыйных мерапрыемстваў; таксама на вячэрах у заможных гараджанаў, дзе заходзіла гаворка пра вайну; на прагулках па Горадні, падчас якіх ён фатаграфаваў прахожых; пры пакаранні асобаў, што парушылі загады альбо пры чытанні скаргаў людзей на голад і здзекі з боку акупацыйных уладаў.


Усё гэта старанна дакументавалася Кламротам і занатоўвалася ў Дзённіку, упарадкаваным тэматычна і храналагічна ад моманту прыезду ў Варшаву ў сярэдзіне жніўня 1915 г. і да ад’езду з Горадні ў кастрычніку 1916 г. Гарадзенскія фрагменты Дзённіка маюць наступныя падзагалоўкі: У Горадні; Нямецкая адміністрацыя Горадні; Нямецкае кіраванне Горадняй; Праца гарадзенскай гарадской адміністрацыі; Мой аддзел у гарадскім кіраўніцтве Горадні; Асаблівыя падзеі майго жыцця ў Горадні; Ганс Вайсэнборн. Да Дзённіка прыкладаліся фотаздымкі і іншы дакументальны матэрыял, у прыватнасці грошы і ўсялякія друкаваныя выданні з Обэр Ост.


У Горадні Кламрот пісаў Дзённік ад рукі. Яшчэ падчас вайны ён зрабіў чатыры машынапісныя копіі Дзённіка, па адной для кожнага са сваіх дзяцей. Кламрот ужо да вайны быў сямейным архіварыусам, і гістарычна важны ваенны перыяд ён хацеў пакінуць у сямейнай хроніцы. Гэта павінна было выглядаць па магчымасці наглядна, грунтоўна і займальна. Нават знешняе ўражанне ад  надрукаванага Дзённіка перадае тую стараннасць і педантычнасць, з якой ён ствараўся.
У Дзённіку можна знайсці партрэты калегаў, а таксама мясцовых жыхароў, якія, нягледзячы на дамінуючы нацыяналістычны і антысеміцкі падыход, часта надзіва адрозныя. Гэта яскрава праявілася ў яго стаўленні да мясцовага габрэйскага насельніцтва. У прыватнасці, Кламрот пісаў, што сумленне большасці ўсходніх габрэяў, з якімі ён пазнаёміўся, “бруднае”. Пры гэтым Кламрот спасылаўся на “мярзотныя спосабы вядзення справы”, бо габрэйскія гандляры лічаць “прадпрымальніцкай спрытнасцю і камерцыйнай знаходлівасцю тое, што  для нас – подлае ашуканства”.


Але зусім іншы вобраз габрэяў прысутнічаў у яго разважаннях пра асаблівасці іх сямейнага жыцця. Кламрот пісаў пра высокамаральны лад жыцця габрэйскіх жанчын і дзяўчат, пры выдатна адукаваных габрэйскіх жанчын, сярод іх спявачку Рахісу Крынскую, якая “ў чароўнай манеры выконвала пераважна сумныя рускія песні”. У Дзённіку згадваліся “выхаванне і парадак” у габрэйскіх школах. Таксама ён вельмі станоўча ацэньваў габрэйскую дабрачыннасць. Дзве старонкі Дзённіка Кламрот прысвяціў апісанню мовы ідыш і габрэйскай паэзіі, якая “пераважна меланхалічная і сумная, выказвае трывогі габрэйскага народа”.

 

 

Вайсковая нямецкая адміністрацыя Гродна
Вайсковая нямецкая адміністрацыя Гродна

 

 


Адносіны Кламрота да палякаў, другой па колькасці групы насельніцтва ў Горадні, не былі такімі супярэчлівымі. Гэта адчувальна ўжо пры апісанні тых палякаў, з якімі Кламрот сустракаўся ў Гарадской радзе. Высновы, якія Кламрот рабіў з гэтых сустрэчаў, добра перадаюць тэндэнцыі свайго часу. Гэта, напрыклад, сцвярджэнне, што “габрэй” успрымае некалькі ўдараў бізуном у якасці пакарання як “выключна заслужаныя;” альбо што “адсутнасць энергічнасці і легкадумнасць – загана, якая ляжыць глыбока ў польскім характары, магчыма, яна абвастрылася праз чужое панаванне і наўрад ці калі-небудзь будзе пераадоленая”.


Відавочна, што Кламрот імкнуўся як мага дакладна апісаць сваю дзейнасць і жыццё, амаль не распавядаючы пра ўласны эмацыйны ўнутраны свет. Пра неспакой, страхі альбо сумненні няма і размовы. Вядучай тэмай і галоўным сродкам самарэалізацыі і самаідэнтыфікацыі аўтара з’яўляецца праца. У Дзённіку яна паказаная шматграннай, напоўненай амаль што пакутамі Сізіфа: “Праца ўзвышалася як гара. Як толькі я хацеў трохі ўзняцца ўверх, гара тут жа ўздымалася”. Але былі і прыемныя моманты: “Праца пачала прыносіць радасць”. Праца таксама была абавязкам, які можна было не любіць, але трэба было сумленна выконваць. Яна ж трактавалася як нямецкі ўнёсак у развіццё краю.
Працоўная этыка Курта Кламрота цалкам адпавядала ягонаму пратэстанцкаму і прускаму паходжанню, а таксама пазіцыі нямецкага вайсковага кіраўніцтва ў Обэр Ост. У гэтай пазіцыі тагачасныя ўяўленні пра спецыфічную нямецкую культурную місію зрасталіся з вільгельмаўскім мілітарызмам. Яны ўзаконьвалі і баранілі нямецкія прэтэнзіі на панаванне на Усходзе. Паводле гэтых уяўленняў нямецкая праца стварала культуру, а нямецкая зброя бараніла дасягнутае.
Для шырокіх колаў нямецкай эліты ў маладой імперыі, якая імкнулася да развіцця, паняцці плуг, меч і пяро ў сусветнай вайне ядналіся супраць “легкадумнай і павярхоўнай” заходняй цывілізацыі і “жахлівага варварства Усходу”. Нямецкія мары пра сусветную ролю і каланіяльную ўладу накіраваліся на Усход, які ўспрымаўся месцам, дзе вырашалася будучыня Нямеччыны. Вырашальным фактарам ставілася “праца”.


Цікава, што ў Дзённіку правамернасць дзеянняў нямецкай гарадской адміністрацыі і вышэйшага вайсковага камандавання ніколі не выклікае сумненняў у аўтара. Але ж ён быў разумным чалавекам, і такія думкі не маглі не наведваць яго. Тым больш, што з пачаткам яго службы перыяд нямецкіх поспехаў на Усходнім фронце мінуў, і паражэнне Расеі не было відавочным. У лісце з Горадні  да сына ад 4 жніўня 1916 г. ён пісаў: “Гэта дурнота – што-небудзь рабіць. Часта здаецца, што ўсё бессэнсоўна. Але ж трэба выконваць свой доўг”.


Напрошваецца пытанне, што хаваў ад чытача Кламрот? Дзякуючы багаццю  і шматграннасці інфармацыі, якую ўтрымлівае тэкст і дадаткі, узнікае ўражанне цалкам поўнага і закончанага апісання жыцця ў Горадні. Але гэта ілюзія. Ні ў якай іншай адміністрацыйнай акрузе Обэр Ост не было да сакавіка 1917 г. такой вялікай колькасці крымінальных і грамадзянскіх працэсаў. Наогул, для Гародні існавала асобная падсуднасць. Але ні пра працэсы, ні пра судовыя спрэчкі, не кажучы ўжо пра  пакаранні смерцю ў Дзённіку гаворкі, практычна, няма.
Пра прызначэнне ў аддзел харчавання і адказнасць за размеркаванне прадуктаў, ён згадваў двума сказамі: “Тады сабраны ўраджай, сена, авёс, зерне, бульба былі канфіскаваныя і размяркоўваліся афіцэрамі, якія займаліся гаспадаркай. Любы гандаль гэтымі таварамі забараняўся і караўся”. Пра апісаны ў іншых крыніцах гвалт, якім звычайна суправаджаліся рэквізіцыі, мы не знаходзім у Дзённіку ані слова.

 

 

Жыхары Гродна, каля 1916 г
Жыхары Гродна, каля 1916 г

 


Кламрот паведамляў, што яму былі даручаныя як асаблівая сфера дзейнасці нарыхтоўка і размеркаванне дроў, а таксама кіраванне лясным аддзелам. Пра тое, што загатоўка дроў была звязаная з цяжкай фізічнай працай і мабілізацыяй мужчынаў у працоўныя батальёны, дзе яны не атрымлівалі ні дастатковай аплаты, ні харчавання, і што гэта абарочвалася ўцёкамі ў лес і далучэннем да “бандаў”, Дзённік таксама маўчыць.


Ужо ўводныя словы Кламрота кажуць пра межы інфармацыйнасці Дзённіка: “Маё перажытае ў сусветнай вайне. Запісанае паводле майго ваеннага дзённіка для маіх дзяцей. Ротмістр запасу 7 кірасірскага палка”. Праблема суб’ектыўнасці крыніцы палягае ў матывах яго запісаў. Кламрот пісаў для нашчадкаў, для ўласных дзяцей, пісаў як бацька і сямейны архіварыус. Нягледзячы на ўсю дэманстратыўную любоў Кламрота да праўды, было б няправільна лічыць, што аўтапартрэт аўтара цалкам ідэнтычны яго асобе, а адлюстраванне нямецкай адміністрацыйнай дзейнасці поўнасцю супадае з рэчаіснасцю.


Дзённік не можа быць больш падобным на рэчаіснасць, чым фотаздымак, які паказвае пэўны эпізод з пэўнага ракурсу. У залежнасці ад выбару ракурсу адна і тая ж падзея можа выглядаць цалкам па-рознаму. Але ў гэтым ракурсе адчуваецца пазіцыя аўтара, якая дазваляе ставіць у цэнтр даследавання менавіта яго. З гэтага пункту гледжання Дзённік мае вялікую каштоўнасць як крыніца па гісторыі менталітэту ўсходняй каланізацыі ў Першую сусветную вайну, як голас прускага ротмістра, які ведаў імперскую ўсходнюю палітыку не толькі з мемарандумаў, але і з уласнага досведу, і які  пасля яе паразы не адмежаваўся ад яе.


Дзённік сведчыць, што Кламрот прызнае сябе прыхільнікам нямецкай палітыкі на Усходзе або прынамсі нямецкай культурнай місіі. Яго голас – гэта голас той эпохі, калі многія немцы ўспрымалі сябе як народ паэтаў, мысляроў і салдатаў і хацелі, каб такімі іх успрымаў свет. Дзённік паказвае, як успрымаліся і трансліраваліся нямецкія нацыяналістычныя і імперыялістычныя ідэі, а таксама як гэтыя ідэі і стэрэатыпы ўплывалі на дзеянні і погляды дзяржаўнага чыноўніка ў Обэр Ост.

 

Зянітны кулямёт на воданапорнай вежы
Зянітны кулямёт на воданапорнай вежы

 


Гэта і ёсць зыходная кропка для разумення прынцыпу дзеяння рэжыму Обэр Ост і ягонай ідэалагічнай надбудовы. У выпадку з Кламротам ідэалогія выдатна выканала сваю ролю. Аўтар старанна хаваў ці наогул адмаўляў несправядлівасць нямецкай акупацыйнай улады, падкрэсліваючы высокую каштоўнасць усяго нямецкага. Гэтым можна патлумачыць, чаму Кламрот не заўважыў (ці не пажадаў заўважыць) розніцы паміж тым, чаго ён спадзяваўся дасягнуць уласнай працай (ці хацеў нас запэўніць, што спадзяецца) і тым, што яго праца азначала ў рэчаіснасці.
 Тэкст друкуецца з невялікімі купюрамі, якія пазначаныя шматкроп’ем у квадратных дужках. Купюры не змяняюць сэнсу аўтарскага тэксту. У якасці ілюстрацый да тэксту выкарыстаны фотаздымкі з калекцыі Фелікса Варашыльскага.

Падрыхтоўка да друку і заўвагі Алеся Смаленчука (Горадня), пераклад Раісы Крывальцэвіч (Менск), метадалагічныя заўвагі Маціяса Баціса (Берлін)

У Горадні

[…] Цягнік павольна рухаўся над разбураным рускімі чыгуначным мостам праз Нёман, якім раней так ганарыліся гарадзенцы, па збудаваным нашымі чыгуначнікамі драўляным мосце, сапраўдным шэдэўры ваеннай архітэктуры. Прывабна выглядаў горад з яго шматлікімі цэрквамі і кляштарамі ў сонечным бляску, быццам хацеў зрабіць на мяне асаблівае ўражанне. На вакзале мяне чакаў мой новы шэф нямецкі обэр-бургамістр Горадні капітан Вайсэнборн разам з яшчэ адным жыхаром Хальберштадту капітанам Д.Л.Хайніке, у цывільным жыцці першым юрысконсультам нашай гандлёвай палаты, а цяпер кіраўніком гарадзенскай газеты.


Горадня прывабна раскінулася па абодвух стромых берагах Нёмана, на паўднёвым беразе – прадмесце Занёманскае, на паўночным – старая частка горада. На захадзе горад аточаны цёмным сасновым борам, на усходзе – цудоўным букавым гаем і дубравай. Другога такога чыстага горада на Усходзе я не сустракаў за выключэннем Варшавы, якую, вядома, нельга параўнаць з Горадняй. Відаць, тут адыгрываюць ролю добрыя ходнікі, пакрытыя, у супрацьлегласць ходнікам іншых гарадоў, чыстымі цэментнымі плітамі, кожная з якіх нясе на сабе падпісанае рускімі літарамі імя “Гродно”.

 

 

Нямецкі вайсковы лазарэт
Нямецкі вайсковы лазарэт

 


[…] Наогул вуліцы ў Горадні робяць вельмі прыемнае ўражанне, многія ўпрыгожаныя дрэвамі. Ёсць мілы гарадскі парк. Рынак і плошча перад ратушай маюць дагледжаныя кветнікі. Праз горад з яго ўзгоркамі, у глыбокай даліне, перасечаная многімі высокімі мастамі, цячэ ў Нёман рачулка Гараднічанка. Даліна гэтай ракі ў яе верхняй частцы выкарыстаная пад утульныя прысады.


Найвялікшую ландшафтную прывабнасць стварае, вядома, цудоўная даліна Нёмана. Чароўны від на даліну і раскінуты па абодвух берагах ракі горад адкрываецца ад старажытнай Каложы. Гэтая збудаваная з дрэва і камню царква з яе цудоўнымі скульптурамі выдатна ўпісваецца зялёнай і шара-рудай фарбамі ў наваколле. Яна знаходзіцца на паўночным беразе Нёмана ў  заходняй частцы горада, на ўзгорку, які з двух бакоў абсыпаўся. З усходу ўзгорак абмываецца Гараднічанкай, якая тут уліваецца ў Нёман, а паўднёвы склон яго ўтварае бераг Нёмана. Якраз насупраць, на другім баку Гараднічанкі знаходзіцца вялікі стары замак, у якім цяпер  абсталяваны лазарэт. Справа ад яго погляд упіраецца ў старую частку горада, выгляд якой, дзякуючы шматлікім і рознастылёвым вежам, набывае своеасаблівую прыгажосць, а справа ад замка відаць даліну Нёмана.


На паўднёвым беразе ракі прасціраецца прадмесце Занёманскае з беласнежным кляштарам францысканцаў і цёмнай арыгінальнай сінагогай. Сінагога  поўнасцю пабудаваная з амаль зачэрненай драўніны і стварае сваім трох’ярусным пірамідальным дахам незвычайнае ўражанне. Яно яшчэ болей узмацняецца, калі ўваходзіш у паўзмрок будынка і бачыш за малітваю старазапаветныя постаці барадатых, апранутых у паласатае малітоўнае адзенне габрэяў.

 

 


З гарадзенскіх цэркваў больш за ўсё кідаецца ў вочы Сафійская. Гэта бялюткае збудаванне, верхняя частка адцененая шараватым, з высокай, пакрытай светла-блакітнай фарбай вежай і пяццю меншымі вежамі, якія ўзносяць цёмна-сінія купалы з блішчастымі залатымі зоркамі. Пышна стаіць гэты архітэктурны твор, афарбоўкай сваёй і сілуэтам насупраць неба, што прасціраецца яркім блакітам у сонечных праменях альбо зацягнутае хмарамі. Але наймацнейшае ўражанне ён робіць увечары, калі сонца абдорвае белы сабор чырванаватым адценнем. Насупраць Сафійскага сабору на другім баку рынкавай плошчы знаходзіцца збудаваны езуітамі рымска-каталіцкі прыходскі касцёл, які архітэктурна  моцна пераўзыходзіць Сафію. Унутранае ўбранне таксама сведчыць пра вялікае мастацкае пачуццё айцоў-езуітаў.
Акрамя гэтых дзвюх галоўных цэркваў, Горадня мае яшчэ цэлы шэраг цэркваў і кляштараў, такіх як базыльянскі жаночы кляштар, бернардзінскі  і брыгіцкі кляштары, рускую Аляксандраўскую царкву з Андрэеўскім крыжам на даху, шэрую, з узнесеным угору шпілем нямецка-эвангельскую царкву і царкву св. Георгія з яе залатымі цыбулістымі вежамі.
Найпрыгажэйшы з публічных будынкаў Горадні – губернатарскі дом –   згарэў пры заняцці горада. З іншых збудаванняў для грамадскасці некаторыя былі яшчэ вельмі добрыя, напрыклад, будынак, які займае зараз губернатар Яго Высокасць фон Хэльд. Нядрэнна збудаваныя таксама ратуша і некаторыя школьныя будынкі. Найменш удалай здаецца мне самая новая з гэтых пабудоў, а менавіта ўзведзены ўсяго за некалькі гадоў да вайны “Сялянскі банк”.
Жылыя і адміністрацыйныя будынкі большай часткай будаваліся проста, толькі зрэдку вытыркнецца сучаснае фанабэрыстае, што нявыгадна выбіваецца з асяроддзя, як, напрыклад, мадэрновы будынак гатэлю на Рынкавай плошчы, які адразу ж разбурае ўсю яе прыгожую цэласнасць. Мноства вуліцаў, што спускаюцца ўніз і падымаюцца ўгору, надаюць гораду разнастайнасць.

 

 


І па гэтых вуліцах цякло цяпер суцэльным патокам стракатае жыццё ўсходняга  горада: габрэі ў сваіх кафтанах, беларусы ў кажухах і сялянскіх чаравіках, бабы ў паласатым адзенні, дзіўныя сялянскія вазы і тыповыя рускія дрожкі, а пасярод гэтага –  элегантна і модна апранутыя пані і паны.


Як новапрыбыламу нямецкаму афіцэру, мне кінулася ў вочы, што ўсе мясцовыя мужчыны вітаюць нямецкіх афіцэраў. Гэта быў загад Яго Высокасці Калэвэ, які потым доўга раскайваўся, бо, натуральна, што гэтае вітанне было часта супраць волі, але загад быў аддадзены, і яго трэба было выконваць. Гэта стала прычынай незадаволенасці з абодвух бакоў. Яго высокасць Калэвэ шукаў магчымасці адмяніць загад, але, калі я з’язджаў, ён усё яшчэ дзейнічаў.
Заняцце немцамі абышлося для Горадні яшчэ даволі шчасліва. Праўда, чыгуначны вакзал быў дашчэнту знішчаны, а будынак губернатара быў поўнасцю спалены, пра што я ўжо згадваў, гэтак жа як і некаторыя казармы. Прыгожыя масты над Нёманам былі ўзарваныя, і ўсё ж горад панёс не самыя вялікія страты. Пры ўзяцці горада 3 верасня 1915 г., якое адбылося з прадмесця Занёманскага, калі на пантонах адбылося фарсіраванне Нёмана, былі толькі кароткія баі ля бровара Крэткоўскага. Якраз тады агнём з кулямётаў і снарадамі была прычыненая шкода суседнім дамам. Калі ж праз некалькі дзён рускія паспрабавалі зноў узяць Горадню з усходу, адбыліся больш жорсткія баі, падчас якіх былі моцна разбураныя казармы.


Відаць, рускія, пакідаючы Горадню, спадзяваліся вярнуць горад з падыходам новых частак, таму разбурылі мала. Так, хаця ў бровары Крэткоўскага да катлоў і машынаў былі дастаўленыя патроны ўзрыўчаткі, але да запальвання не дайшло. Гэтаксама станкі вялікай цыгарэтнай фабрыкі Шарашэўскага не былі панішчаныя. Упраўляючы распавядаў, што унтэр-афіцэр павінен быў размясціць тут патроны з узрыўчаткай, але, атрымаўшы 400 рублёў “чаевых”, сышоў, задаволены. Але галоўнае для горада было тое, што водаправодная станцыя, як і насосная ўстаноўка, а таксама воданапорная вежа ацалелі. Цяпер на воданапорнай вежы была ўстаноўленая зенітка. Але падставаў для дзеяння ў яе не было.


Насельніцтва Горадні скарацілася на адну трэць ў параўнанні з даваенным станам. Згодна з праведзенымі ў чэрвені 1916 г. падлікамі яно складала 24 460 чалавек, з іх 7 853 мужчыны, 9 749 жанчын і 7 558 дзяцей. Па нацыянальнасці насельніцтва складалася з 31 немца, 21 латыша, 113 літоўцаў, 67 велікаросаў, 465 беларусаў, 570 “іншых рускіх”, 7600 палякаў, 15 583 габрэяў і 1 грэка. Па веравызнанні насельніцтва дзялілася  наступным чынам: пратэстантаў – 163, рыма-католікаў –  7 651, праваслаўных – 1 049, іудзеяў –  15 583, мусульманаў – 15.

Нямецкае кіраванне Горадняй

Калі варожая тэрыторыя занятая, то напачатку кіраўніцтва ёю пераймаюць вайсковыя ўлады. Яны абслугоўваюць тылавыя камендатуры і абмяжоўваюцца вайсковымі патрэбамі. Неабходна наноў устанавіць спакой і парадак, тылавая частка павінна гарантаваць франтавому войску надзейную сувязь з радзімай. Уласныя ўнутраныя справы самой краіны могуць спачатку разглядацца як другасныя.  Толькі калі акупацыйнае войска рушыць далей і пройдзе пэўны час, можна ўдзяліць гэтым справам неабходную ўвагу. Для гэтага неабходна прывезці кваліфікаваны, навучаны на радзіме персанал. […]


На тэрыторыі Обэр Ост нямецкая адміністрацыя мела выключна вайсковы характар. Галоўнакамандуючы Гіндэнбург разам з начальнікам штаба генералам Людэндорфам трымалі ўладу ў сваіх руках. Вялікія военачальнікі праявілі сябе cтараннымі і дальнабачнымі адміністрацыйнымі геніямі. Іх надзвычай дакладныя загады былі напісаныя заўсёды ў энергічным, захапляльным стылі.


Адміністрацыйная акруга Горадня мела пяць раёнаў: Горадня, Плянты, Васілішкі, Радунь, Ліда. Цэнтрам адміністрацыі была Горадня. Шэф адміністрацыі займаў прыкладна такую ж пасаду, як начальнік акружнога кіравання (рэгірунгспрэзідэнт), а яго ўпраўляючыя акружнога кіравання (ландраты) былі начальнікамі раёнаў.

 

Спалены палац Тызенгаўза, 1915 г.
Спалены палац Тызенгаўза, 1915 г.

 


Першае прызначэнне на пасаду кіраўніка адміністрацыі Горадні было няўдалым. Пра спадара, які 1 красавіка 1916 г. быў адпраўлены на радзіму, хадзілі ўсялякія дзіўныя чуткі. Яго лёс падзялілі знятыя з пасады начальнік Гарадзенскай акругі, якому таксама на той час быў падначалены горад, і бургамістр Горадні.


Месца звольненага шэфа адміністрацыі заняў у красавіку 1916 г. галоўны ўрадавы дарадца (обэррэгірунгсрат) капітан запасу Упфэнбах, месца кіраўніка Гарадзенскай акругі атрымаў ротмістр у адстаўцы фон Лірэс, а бургамістрам Горадні, якая з 1 красавіка 1916 г. была выключаная з акругі і ўтварыла самастойны гарадскі раён, быў назначаны капітан доктар права Вайсэнборн.


Пры галоўнай адміністрацыі ў Горадні быў створаны Цэнтральны аддзел, пазней з’явіліся Гаспадарчы аддзел і Аддзел сыравіны і гандлю. Акрамя таго, ёй падпарадкаваліся Акруговы суд і Пракуратура, быў далучаны Аддзел жандармерыі. Кіраўніком Цэнтральнага аддзела быў пастаянны прадстаўнік шэфа суддзя доктар Зыгерт. Ён не быў вайскоўцам і ганарова насіў зялёную уніформу чыноўніка з залатымі маёрскімі пагонамі. Доктар Зыгерт знаходзіўся ў Горадні з самага пачатку нямецкага кіравання, меў вялікі асабісты досвед і спрыт, добра ведаў, як з кім абыходзіцца. Пад яго кіраўніцтвам у Цэнтральным аддзеле працавалі трое чыноўнікаў, мытны інспектар, штабны доктар, штабны ветэрынар, два суддзі, адказныя за пэўны ўчастак працы і адзін стажор у якасці дапаможнага  работніка.


Гаспадарчы аддзел узначальваў вядомы кансерватыўны дэпутат рэйхстагу маёр у адстаўцы Вебель, які меў двух памочнікаў. Яму падпарадкоўваліся чатыры гаспадарчыя сектары, якія ахоплівалі ўсю Гарадзенскую адміністрацыйную акругу і клапаціліся пра дзяржаўныя каштоўнасці і маёмасць, што мелася на той час. Усе сельскагаспадарчыя пытанні вырашаліся ў гэтым аддзеле.
Аддзелам  сыравіны кіраваў старшы дзяржаўны чыноўнік (рэгірунгсрат) капітан запасу доктар права Фрышмут. З двума памочнікамі капітан Фрышмут займаўся, звычайна, зборам і вывазам прамысловай сыравіны.
Калі Вайсэнборн быў назначаны нямецкім бургамістрам Горадні, то дзеля таго, каб падкрэсліць вайсковы характар гарадской адміністрацыі, ён атрымаў тытул “штатхауптман”. Перад ім стала даволі цяжкая задача, пакінутая папярэднікам. Той быў не здольны выконваць свае функцыі, разумеў сваю пасаду як рэпрэзентатыўную. Ва ўсялякім разе, поўнасцю адпусціў лейцы і перадаў усю адміністрацыйную працу без усялякага кантролю “гарадскому камітэту”.
Калі рускія пакінулі горад, чыноўнікі расейскай адміністрацыі, прыхапіўшы найважнейшыя дакументы і касу, збеглі як ненадзейныя пастухі, што пакінулі статак, як толькі ўварваўся воўк. У гэтым бядотным становішчы ўтварыўся г.зв. “гарадскі камітэт”. Кіраўніком камітэта гарадзенцы выбралі князя Сапегу, які выдатна спраўляўся са сваімі задачамі. Ён паходзіў з славутага польскага шляхецкага роду, вучыўся ў нямецкай гімназіі, потым доўга жыў у Францыі і Англіі, а падчас заняцця Горадні – у адным са сваіх памесцяў недалёка ад горада. І хаця ён не меў папярэдняй падрыхтоўкі ў публічных справах кіравання, але добра ў ім разбіраўся, дзякуючы ўпраўленню сваёй вялікай маёмасцю. Гэта быў мужчына ва ўзросце каля 30 гадоў, высокі і стройны, гладка выбрыты, вельмі прыемнага выгляду, ён рабіў хутчэй уражанне англічаніна, чым паляка. Ён падзяліў камітэт на аддзелы, наладзіў  амерыканскую бухгалтэрыю, пазычыў гарадской казне з умовай даўгавога абавязацельства немалую суму.

 

Спалены палац Тызенгаўза, 1915 г.
Спалены палац Тызенгаўза, 1915 г.

 


Папярэднік Вайсэнборна зусім не клапаціўся пра сістэму кіравання. Увесь ягоны адміністрацыйны персанал складаўся з лейтэнанта доктара права Гаснера, які ў цывільным жыцці быў галоўным мытным інспектарам, і двух пісараў. З імі ён апрацоўваў галоўным чынам справы, звязаныя з рэквізіцыямі ды пашпартнай праблемай. Усё астатняе прадпісваў да ўладжвання “гарадскому камітэту”, не надта турбуючыся пра выкананне. Так, напрыклад, я знайшоў наступны дакумент. З бальніцы для прастытутак уцяклі дзве прыгожанькія “лялькі”. Органы тылавой інспекцыі схапілі іх і даставілі ў ратушу ў “гарадскі камітэт”. Яго Высокасць тылавы інспектар Калэвэ наклаў на горад штраф у памеры 20 тыс. марак і загадаў паклапаціцца, каб такое больш не паўтаралася. Папярэднік Вайсэнборна проста падпісаў гэты дакумент  гарадскому камітэту “да выканання”, не дапамагаючы яму ні парадай, ні справай і не пытаючыся пра выкананне.


Апраўданнем для спадара можа быць наступнае. Напачатку прытрымліваліся думкі, што Горадня можа быць занятая толькі часова. Цяпер жа ва ўсіх арганізацыйных мерапрыемствах выразна сыходзілі з таго, што Горадня і тэрыторыя Обэр Ост застаюцца нямецкімі альбо ўвойдуць у доўгія, трывалыя сувязі з Нямеччынай. Паколькі ж у “гарадскім камітэце” не было кваліфікаваных чыноўнікаў, было зразумела, што некаторыя памылкі могуць здарацца, але гэта не былі гучныя справы.


Патрабавалася велізарная энергія і надзвычайны арганізацыйны талент, уласцівыя Вайсэнборну, каб у гэтай неразбярысе за кароткі час навесці парадак. Задача ўскладнялася яшчэ і тым, што не было наладжанае належным чынам вядзенне дакументаў і значная частка інструкцыяў і агульных распараджэнняў зусім адсутнічала ў памяшканні гарадской адміністрацыі, таму што напачатку яны датычылі адміністрацыі раней існаваўшага раёну.


Такім чынам, Вайсэнборн вельмі залежаў ад інфармацыі, што паступала ад памочніка яго папярэдніка лейтэнанта Гаснэра. Калі я прыбыў 26 красавіка 1916 г., ён ужо стварыў невялікае бюро, у якое камандзіраваў кадры з ваенна-будаўнічага батальёна, перш за ўсё вельмі стараннага банкаўскага работніка па прозвішчы Тэц у якасці касіра і неабходнага для кіравання бюро чалавека па прозвішчы Мантэ, а таксама некалькіх пісараў. З іх дапамогай ён навёў парадак у дакументацыі і атрымаў уяўленне пра сітуацыю. Яго першым клопатам стала ўрэгуляванне да гэтай пары незразумелага становішча “гарадскога камітэта”, якому ён надаў назву “гарадская рада” згодна з яго функцыямі ў адносінах да нямецкай гарадской адміністрацыі.


З гэтай мэтай ён выдаў спецыяльнае распараджэнне для гарадской рады, асноўнае назначэнне якога вызначаецца параграфам 1: “Агульнае адказнае адміністрацыйнае кіраванне Горадняй знаходзіцца выключна ў руках нямецкага обэр-бургамістра. Ён адзіны прадстаўляе горад ў яго ўнутраным кіраванні і ў знешніх зносінах, гэтак жа як і не двухсэнсоўна перакладае асобныя паўнамоцтвы на іншыя органы. Такімі органамі з’яўляюцца, з аднаго боку, падпарадкаваныя яму нямецкія службовыя асобы, акрамя таго, Гарадская рада з яе пададдзеламі, секцыямі, гэтаксама як і службоўцы, назначаныя са згоды нямецкага  обэр-бургамістра”. Такім чынам,  Вайсэнборн адным узмахам зноў моцна ўхапіў лейцы ў свае рукі, вырашаючы, наколькі адпусціць, наколькі пакарыстацца сваім правам у перадачы адміністрацыйных паўнамоцтваў названым органам.


Гарадская рада складалася з 6 секцыяў. Секцыя 1 мела справу з агульным кіраваннем і фінансамі, секцыя 2 – з гарадской гаспадаркай, секцыя 3 –  з забеспячэннем прадуктамі харчавання, секцыя 4 – з санітарнай справай, секцыя 5 –  з   дабрачыннасцю, секцыя 6 – са школьнай адукацыяй.  Ні адна з шасці секцыяў не ўваходзіла ў круг дзейнасці ні обэр-бургамістра, ні каго-небудзь з нямецкіх службоўцаў. На пасяджэннях Гарадской рады (усяго 17 чалавек), што адбываліся раз на тыдзень, рашэнні не прымаліся. Пры гэтым старшынстваваў обэр-бургамістр, сябры адміністрацыі прымалі ўдзел. Паседжанні асобных секцыяў вёў адпаведны сябра адміністрацыі. Тут прымаліся рашэнні. Сябра адміністрацыі меў права апеляваць да обэр-бургамістра супраць прынятага рашэння. Тое ж самае магло адбывацца з мэтай абароны нацыянальнай ці канфесійнай меншасці двумя яе прадстаўнікамі.

 

 

Сустрэча кайзера Вільгельма ІІ на гродзенскім чыгуначным вакзале.
Сустрэча кайзера Вільгельма ІІ на гродзенскім чыгуначным вакзале.

 


Хаця Вайсэнборн адразу ж запатрабаваў многіх сяброў адміністрацыі, але доўгі час я заставаўся яго адзіным вышэйшым службоўцам, акрамя памочніка лейтэнанта Гаснера. Апошні быў больш заняты справамі папярэдняга перыяду, таму напачатку Вайсэнборн дзяліў са мной працу ва ўсіх аддзелах. Ён пераняў секцыі 1, 2, 4, а мне перадаў 3, 5, 6. Гэтыя першыя тыдні былі для мяне страшэнна цяжкімі. Я зусім адвык ад працяглай канцылярскай працы. Адміністрацыйная руціна была для мяне чужая, да таго ж трапіў у незвычайныя ўмовы, не разумеў мэты дзейнасці. Увесь дзень паступалі пісьмовыя просьбы ад грамадзянаў і бесперапынна прыходзілі людзі, якія з усходняй гаварлівасцю імкнуліся выказаць свае жаданні. Калі іх выкідалі за адны дзверы, яны ўваходзілі ў другія.


Хаця Вайсэнборн самым ласкавым чынам прасіў пытацца ў яго пра ўсе незразумеласці, але сам ён увесь дзень быў настолькі заняты, што я не мог падысці да яго. Тады з вечара ў вечар, паеўшы, ішлі мы з ім зноў у ратушу і разам дараблялі справы, якія я адклаў удзень. Часта мы заседжваліся да позняй ночы. Праца ўзвышалася як гара. Як толькі я хацеў трохі ўзняцца ўверх, гара тут жа ўздымалася. Вельмі абцяжарвала і тое, што многія перамовы маглі весціся толькі з дапамогай перакладчыка. Праз некалькі тыдняў я быў блізкі да адчаю. Я патлумачыў Вайсэнборну, што ён можа быць расчараваны ва мне, я не спраўляюся з працай, і папрасіў яго адаслаць мяне назад. Ён высмеяў мяне. Увечары мы не пайшлі, як заўсёды, у ратушу, а ён прагуляўся са мной, умацаваўшы маю мужнасць.


Сапраўды, з гэтай пары пайшло нашмат лепш, я ўцягнуўся, і праца пачала прыносіць мне радасць. Да таго ж, нарэшце, з’явіліся новыя сябры адміністрацыі. Першым з адказных кадравых работнікаў адміністрацыі Обэр Ост быў прысланы ландрат (начальнік акруговага ўпраўлення) фон Брокхузэн, стары бургамістр у адстаўцы з Рэйнскай зямлі. Ён вызваліў мяне ад секцыі 5 “Дабрачыннасць” і секцыі 6 “Школьная справа”. Апошняя, праўда, не была працаёмкай, бо па дамоўленасці з Вайсэнборнам гэтыя пытанні я адкладаў. На жаль, стары бургамістр не вытрымаў працоўнага напружання. Ён не мог звыкнуцца з гарадзенскімі абставінамі і таму ў хуткім часе быў адпраўлены Вайсэнборнам як непрыдатны. Яго наступнікам стаў рэгірунгсрат Ф. Той мог добра працаваць, але не любіў працы.


У сярэдзіне траўня прыбыў таксама дарадца па справах горадабудаўніцтва Зынінг з Хальберштадту. Зынінг не служыў і быў прызваны як апалчэнец у 27 год. Вайсэнборн запатрабаваў яго адначасова са мной, але сутыкнуўся з пэўнымі цяжкасцямі. Нарэшце, усё ўдалося, і апалчэнец Зынінг зняў сваю ахоўнага колеру ўніформу і адзеў зялёную форму чыноўніка. Яму здавалася вельмі дзіўным, што цяпер не трэба вітаць унтэр-афіцэраў як начальнікаў, наадварот, яны вітаюць яго.


Ён узяў адказнасць за секцыю “Гарадская гаспадарка” і актыўна заняўся станам водаправоднай станцыі. Яна не была разбураная, насосная станцыя і воданапорная вежа дзейнічалі. Але пра бездакорнае водазабеспячэнне горада не было і гаворкі. Ваду бралі з Нёмана і трошкі паляпшалі з дапамогай цалкам нездавальняючых пясочных фільтраў. З прычыны таго, што вада была шкодная для здароўя, яе спрабавалі па меншай меры абеззаражваць праз дабаўленне хлорнай вапны. Зразумела, гэта была вымушаная мера, і Зынінг адразу ўзяўся разбіраць і перарабляць фільтравальныя ўстаноўкі. Адначасова ён шукаў магчымасці знайсці крынічную ваду і меў у сваіх пошуках нечаканае шчасце. У многіх месцах ён знайшоў не толькі багатыя крыніцы пітной вады, але і прабурыў жалезістую крыніцу, якая пад ціскам узнімалася над зямлёю на вышыню да чатырох метраў. Гэтая крыніца давала выдатную, карысную для здароўя сталовую ваду. Я запусціў яе потым у гандаль як “Гарадзенскую гарадскую мінеральную ваду”, што прынесла гораду добры прыбытак.


Замест рэгірунгсрата, які хутка быў адкліканы айчыннымі ўладамі, секцыю 5 “Дабрачыннасць” узначаліў обэр-лейтэнант запасу Ян, гарадскі радца (штатрат) з Дэсау. Ён аказаўся старанным і добрым работнікам.


У Школьны аддзел шэфам быў прысланы кваліфікаваны школьны інспектар, так што занядбаны мною аддзел трапіў у надзейныя рукі. Калі для гарадскога раёна ўтварылася асаблівая юрысдыкцыя, пасада гарадскога міравога суддзі была давераная адвакату з Кёнігсберга апалчэнцу Госэ. На гэтым будаўніцтва гарадскога адміністрацыйнага корпуса было завершана. Обэр-бургамістр і кіраўнікі аддзелаў маглі ўзяцца за больш інтэнсіўнае выкананне сваіх задачаў.

Праца Гарадзенскай гарадской адміністрацыі
 
Вайсэнборн любіў яснасць у адносінах. Каб яе дабіцца, ён не цураўся ніякай працы, ніякай барацьбы і вострых канфліктаў з уладамі. Было зусім натуральна, што падчас кіравання яго папярэдніка кола паўнамоцтваў ураду і гарадской адміністрацыі згубіла свае дакладныя абрысы. Бургамістр выпусціў з рук стырно ўлады. Вайсковая ўлада не магла згадзіцца з такім ходам справы і ўмяшалася са свайго боку. Яго высокасць губернатар Горадні фон Хэльд быў рэзкім чалавекам. Яшчэ больш жорсткім быў начальнік тылавой інспекцыі яго высокасць фон Калэвэ.
 Прадстаўнік шэфа адміністрацыі ўчастковы суддзя доктар Зыгерт (галоўны ўрадавы дарадца (обэррэгірунгсрат) Умпфэнбах у той час яшчэ не заступіў на сваю пасаду) настойліва раіў не кранаць пытанне кампетэнцыі. Ён быў пэўны,што Вайсэнборну лепш моўчкі перацярпець умяшальніцтва ў паўнамоцтвы.


Але Вайсэнборн ухапіўся моцнымі рукамі, вёў перамовы з урадам і дасягнуў таго, чаго хацеў. Інспектар тылу таксама згадзіўся з прапанаваным размежаваннем паўнамоцтваў. Відаць, спадары заўважылі, што новы обэр-бургамістр злеплены не з такога, як яго папярэднік, цеста. Тады ж было выдзелена 10 жандараў са складу батальёна жандармерыі ў Горадні і перададзена ў падпарадкаванне обэр-бургамістру ў якасці “гарадскіх паліцыянтаў“.
Другі бой разыграўся ўнутры адміністрацыі Горадні. Праблемай стала вызначэнне межаў Гарадзенскага гарадскога раёна. Кіраўнік раёна (крайсхаўптман – перакл.) фон Лірэс прытрымліваўся пункту гледжання, што Горадня павінна ўключаць толькі гарадскую тэрыторыю з найбліжэйшым атачэннем. Падобна было, што шэф гарадской адміністрацыі згаджаўся з яго думкай. Але Вайсэнборн прадставіў перспектыўны план разбудовы Горадні (які намаляваў Зынінг) з падрабязнай распрацоўкай магчымасцяў развіцця горада (квартал з віламі, індустрыяльны квартал, рабочыя прадмесці), распавёў пра адмоўныя наступствы моцнага  абмежавання межаў горада і г.д. і дасягнуў таго, што яго прапановы былі прынятыя амаль цалкам і атрымалі згоду як шэфа гарадзенскай адміністрацыі, так і галоўнакамандуючага Обэр Ост. Гэтае вызначэнне межаў гарадскога раёну дадало Горадні вёскі Пяраселку і Солы, шмат хутароў, маёнтак Станіславова князёў Друцкіх-Любецкіх і лясы каля Пышкаў і Сакрэту.


Пасля гэтага Вайсэнборн накіраваў асноўную ўвагу на паляпшэнне фінансавага становішча горада, якое ў красавіку 1916 г. было надзвычай бязрадасным. Тут, з аднаго боку, патрабавалася мэтанакіраванае абмежаванне новых выдаткаў, а з другога – павялічэнне даходаў, і, нарэшце, больш зразумелая арганізацыя касавай і бухгалтарскай справы, асабліва датычна секцыі харчавання і далучанай да яе Гандлёвай камісіі.


Каб пазбегнуць новых непрадугледжаных выдаткаў, Вайсэнборн накіраваў галоўнакамандуючаму Обэр Ост просьбу адрэгуляваць пытанне размежавання сфераў дзейнасці цывільнай адміністрацыяй горада і мілітарнымі ўладамі. З боку ваенных уладаў раптам прыходзілі нейкія патрабаванні, напрыклад, пра пастаўкі драўніны, якія змянялі ўвесь гаспадарчы план. Обэр Ост задаволіў просьбу, і цяпер можна было і ў гэтай галіне планаваць выдаткі.


Асваенне новых крыніцаў паступленняў Вайсэнборн усклаў галоўным чынам на мяне. Да выканання гэтага задання я яшчэ вярнуся. Пераўтварэнне бухгалтарскага ўліку было ўскладзена на мяне і касіра Тыца. Хаця амерыканская бухгалтэрыя князя Сапегі вялася дакладна і правільна, але яна не давала яснай карціны для гаспадарчага плана. Па прычыне таго, што ад  часу заняцця горада патрабавалася справаздача пра ўсе выдаткі гарадской адміністрацыі, мы з перакладчыкам селі і расклалі ўсю бухгалтэрыю, якая вялася па-польску ад 3 верасня 1915 г. і ўпарадкавалі яе ў адну главу, атрымаўшы  адпаведную нямецкім паняццям фінансавую справаздачу.


У далейшым для касы гарадской адміністрацыі быў ўведзены неабходны ў гэтай справе камеральны бухгалтарскі ўлік. Для Харчовай секцыі і Гандлёвай камісіі я загадаў, з прычыны патрэбы ў спісанні з балансу, агаворванні стратаў і г.д., весці рэгулярную гандлёвую бухгалтэрыю. Неабходны абаротны капітал быў унесены ў гарадскую цэнтральную касу, і ў залежнасці ад штомесячнага выніковага балансу я накіроўваў пэўныя сумы ў якасці даходу ў гарадскую цэнтральную касу. Так я прыйшоў да стварэння свайго ўласнага аддзела.

Мой аддзел у гарадской адміністрацыі Горадні

Вайсэнборн даручыў мне асаблівую сферу працы, у якую ўваходзілі загатоўка і размеркаванне прадуктаў, бойня, загатоўка і размеркаванне драўніны, аддзел лясной гаспадаркі, гандаль і індустрыя. Пасля быў дададзены яшчэ гарадскі нарыхтоўчы пункт сыравіны. Да 1 красавіка 1916 г. нарыхтоўкай і размеркаваннем прадуктаў і сыравіны кіравала без умяшальніцтва папярэдніка Вайсэнборна секцыя 3 “гарадскога камітэта”.


Пры заняцці Горадні “гарадскому камітэту” былі перададзеныя пэўныя запасы са здабытых рускіх складоў. Потым сабраны ўраджай, а таксама сена, авёс, зерне, бульба былі рэквізаваныя і размяркоўваліся афіцэрамі гаспадарчых частак. Усялякі прыватны гандаль гэтымі прадуктамі быў забаронены і караўся. Кіраўнікі размяркоўвалі штотыднёва ў сваіх раёнах зерне і бульбу па колькасці жыхароў. Нормы былі ўстаноўленыя галоўнакамандуючым Обэр Ост.


У Горадні размеркаваннем займаўся “гарадскі камітэт”. Секцыя 3 паспрабавала арганізаваць раздачу праз увядзенне хлебных  і прадуктовых картак, але з-за недахопу вопыту і арганізацыйнага таленту, без усялякай падтрымкі з боку нямецкай адміністрацыі нічога добрага з гэтага не атрымалася. Секцыя бачыла сваю задачу ў тым, каб выкарыстаць манаполію, што была ў яе руках, для здабыцця  грошай для гарадской адміністрацыі, што, вядома, было неабходна, але яна зусім не кантралявала гандляроў і булачнікаў, якім нават не трэба было здаваць адрэзаныя  часткі прадуктовых і хлебных картак. Здараліся неверагодныя рэчы. Квітнела спекуляцыя. Багатыя спажывалі за большыя кошты болей, чым належала, а бедныя за свае карткі не маглі атрымаць нічога.
Прадуктовыя карткі, уведзеныя гарадскім камітэтам, утрымлівалі наступны нямецкі тэкст:
Гарадскі камітэт Горадні
Картка-купон
Для атрымання прадуктовых тавараў у магазінах, вызначаных гарадскім камітэтам.
Перад продажам дадзенага прадуктовага тавару павінна быць вывешаная аб’ява, па якой цане, у якой колькасці і на працягу якога часу мае адбыцца продаж па купонах. У магазіне пры пакупцы можа быць абрэзаны толькі купон (з літарамі), пра які паведамляецца праз аб’яву. Кожная асоба можа валодаць толькі адной купоннай карткай.
У выпадку згубы купонная картка не ўзнаўляецца.

Бухгалтарскі ўлік у секцыі 3 быў горш не прыдумаеш. Хаця з кніг можна было дакладна бачыць, колькі грошай паступіла і колькі было здадзена ў касу гарадской рады, адсутнічала інвентарная кніга і інвентарны кантроль. Я думаў спадзяваўся прыкласці свае намаганні для паляпшэння размеркавання хлеба і бульбы. Пасля таго, як Вайсэнборн згадзіўся з маімі планамі, я склікаў харчовую і дабрачынную секцыі, якімі тады яшчэ кіраваў, на агульнае паседжанне.
Цяпер я хацеў бы спачатку прадставіць сяброў гэтых секцыяў. Гэта перш за ўсё старшыня харчовай секцыі пан Е. фон Класоўскі, польскі землеўладальнік з вытанчанымі манерамі. Вельмі старанны, разумны, але  палахлівы і марудны. Тое, што сёння ён лічыў правільным, назаўтра здавалася яму сумнеўным.

 

 


Іншага характару намеснік старшыні секцыі – уладальнік млына габрэй Касоўскі, пранырлівы мярзотнік! Ён быў з багатых габрэяў, увесь час хадзіў добра апрануты, і ягоны апраўлены кароценькай рыжай бародкай твар выглядаў заўсёды бездакорна белым, чым ён выгодна адрозніваўся ад сваіх суродзічаў. Але сумленне яго было ў такой жа ступені брудным, як і ў большасці усходніх габрэяў, з якімі я быў знаёмы. Ён закончыў бясслаўна, адправіўшыся з гарадской камісіі ў турму з-за вялікага махлярства. Вядома, прайшоў пэўны час, перш чым ён быў настрашаны.
Касоўскі заўсёды ведаў выйсце. Заўсёды мог даць параду, і, мушу прызнацца, напачатку ён быў мне вельмі карысны. Сваё вялікае багацце ён нажыў на пастаўках для расійскай ваеннай адміністрацыі (відаць, праз недапастаўкі таксама), дык чаму я не мог меркаваць, што ён не захоча паспрабаваць абдурыць таксама і нямецкую адміністрацыю? Ён меў вадзяны млын у Ласосне і па-сучаснаму абсталяваны новы паравы млын у Горадні з прыгожымі элеватарамі і складскімі памяшканнямі.


Наступны сябра камісіі – стары атупелы габрэй па прозвішчу Ёфэ, які ніколі не браў слова. Асаблівым экспертам па скотабойні ў камісіі быў габрэй Талочка. Увесь мясны гандаль у Горадні быў у габрэйскіх руках. Нарэшце, там быў яшчэ адзін сябра, польскі ксёндз Курыловіч. Ён ні слова не ведаў па-нямецку, таму ўдзельнічаў у абмеркаванні праз іншых сяброў камісіі.


Гэты вельмі разумны ксёндз уваходзіў таксама ў Дабрачынную камісію. Старшынстваваў тут польскі доктар фон Гідрое. Гэта быў цудоўны чалавек,трошкі цырымонны, але надзейны. На жаль, ён настолькі быў заняты ў сваёй прафесіі, што хутка папрасіў выключыць яго са складу камісіі. Пасля гэтага старшынства пераняў фон Крэткоўскі, сапраўдны паляк з чорнымі кучаравымі валасамі і чорнымі як смоль вусамі. Ён меў бровар на Нёмане, пра які я ўжо згадваў. З гэтым разумным чалавекам я ахвотна размаўляў пра польскія справы і раскажу яшчэ пра яго погляды на розныя рэчы.
Габрэямі-сябрамі Дабрачыннай камісіі былі зубны доктар Анцалевіч і карчмар Хозэ. Анцалевіч быў хітрая змяя. Не паспеў я заступіць на пасаду, як ён прыйшоў з  візітам у канцылярыю. Ён убачыў маю простую чарніліцу на пісьмовым стале, а побач імправізаваныя згорнутыя на канцылярскі лад падсцілкі з кардону для асадак і алоўкаў: “Што я бачу? Гэта так абыходзяцца з нашым новым спадаром бургамістрам? Зараз жа пайду і паклапачуся, каб быў прыбор, як належыць”. Я спрабаваў спыніць яго, але дарэмна. Праз паўгадзіны ён вярнуўся з вельмі прыгожым новым пісьмовым прыборам. Я даў яму зразумець, што было б недапушчальным, каб для мяне купляўся такі дарагі пісьмовы прыбор за кошт адміністрацыі. Ён бліснуў  на мяне сваімі маленькімі вочкамі: ”Калі я буду купляць чарніла і прыналежнасці за кошт горада, дзе я буду ставіць такія непатрэбныя рэчы ў сваёй гасцёўні? Лічу за гонар і задавальненне пазычыць пану бургамістру прыбор”.


Тады я пакінуў прыбор, а на наступны дзень купіў просты за кошт горада і адаслаў прынесены назад. Для Анцалевіча было характэрна тое, што на пытанне ён ніколі не даваў яснага адказу, заўсёды адказваў пытаннем. Аднойчы ён даў указанне майму загадчыку склада спецыяльна для свята габрэйскай абшчыны выдаць цукру. Я запытаўся ў яго, ці даваў ён такое ўказанне. Ён адказаў: “Ці магу я рабіць тое, што не ў маёй кампетэнцыі?” На што я: ”Я хацеў бы ведаць, ці казалі Вы Ляйпунскаму, што ён павінен выдаць цукар? Адказвайце: “так” ці “не”. Адказ: “Што я магу зрабіць, калі чалавек няправільна разумее мае словы?” Гэта быў Анцалевіч.


Зусім іншы чалавек быў карчмар Хозэ. Ён таксама быў габрэй, але ціхі, адукаваны чалавек, які меў найшырэйшыя веды па гісторыі Горадні і немалы апавядальніцкі талент. Безумоўна, ён меў сімпатычны характар.


На аб’яднаным паседжанні Харчовай і Дабрачыннай секцыяў я распавядаў пра тое, якую нацэнку збіраюся зрабіць на пастаўкі зерня і бульбы на карысць адміністрацыі, і што я не магу прызнаць справядлівым, калі самыя неабходныя для бедных людзей прадукты павінны з-за гэтага так моцна падаражаць. Таму я меў намер увесці хлебныя карткі для бедных, а да купонных картак, якія ў змененай форме хацеў захаваць (“карткі пакупніка”), дадаць “дадатковыя карткі”, за якія бедныя маглі б  набываць па нізкіх коштах хлеб, бульбу і іншыя прадукты. Але, каб прытрымлівацца разлікаў у асобнай частцы гаспадарчага плана, Дабрачынная камісія павінна была выплаціць розніцу ў цэнах. Харчовая камісія палічыла гэта хаця і няпростай справай, якая прывядзе да дадатковай працы, але неабходнай. Па-іншаму – Дабрачынная камісія. Яе сябры былі пэўнымі, што нічога не палепшыцца, бедныя застануцца цяжарам, бо не будуць атрымліваць хлеб з булачнай. А Дабрачынная камісія павінна будзе яшчэ і вяртаць Харчовай секцыі выдаткі за хлебныя карткі.


Я чакаў гэтых папрокаў і загаварыў пра кантроль. Выпечку хлеба я хацеў узалежніць спецыяльным дазволам, бо колькасць пераважна маленькіх пякарняў перавышала патрэбу і рабіла немагчымым кантроль. Пры выдачы хлебных картак на кожную хатнюю гаспадарку ў паліцэйскай акрузе яе атрымальнік павінен быў падаць інфармацыю, у якога пекара ён хацеў бы набываць хлеб. На гэтае імя і афармлялася картка. Хто не падасць звестак пра булачную, таму яна будзе ўказаная. Такім чынам, будзе ўстаноўленая кліентура кожнай упаўнаважанай выпякаць хлеб пякарні. Кожнай пякарні адпаведна будзе выдавацца мука. Пякарня павінна быць абавязаная на кожную хлебную картку з яе назвай выдаваць хлеб па ўстаноўленай цане. Перад новым атрыманнем мукі пекары павінны здаваць часткі хлебных картак за мінулы тыдзень, у адпаведнасці з колькасцю якіх ім будзе выдадзеная мука. Каб пекар быў зацікаўлены ў забеспячэнні сваіх кліентаў, пакупнік хлеба павінен мець права пры новай выдачы хлебных картак запатрабаваць змянення пякарні.


Мае прапановы задаволілі Секцыю дабрачыннасці, а ў сяброў Харчовай секцыі выклікалі сумніў. Задумліва хістаў галавою спадар Касоўскі. Хістанне ўзмацнілася, калі я ўнёс новыя прапановы наконт кантролю вагі зерня і атрыманай з яго колькасці мукі, а таксама пра памер платы за памол. Гэта было натуральна, бо сам ён быў гарадскім млынаром. Ён выказваў усялякія пярэчанні, якія я адкінуў, сказаўшы, што можам абмеркаваць гэтыя пытанні пазней, бо я ўжо дамовіўся з інтэнданцтвам пра пастаўкі мукі. Інтэнданцтва мела дастатковыя складскія запасы, а я ўзамен хацеў пастаўляць ёй зерне. (У інтэнданцтве я папярэдне даведаўся пра страты ў вазе пры памоле і пра памеры прыстойнай аплаты млынарскай працы).


Цяпер мая прапанова была прынятая абедзвюма камісіямі і пасля некаторых пачатковых цяжкасцяў добра запрацавала. “Пекары і багатыя сварацца, а бедныя задаволеныя, так што наведзены парадак”, - сказаў ксёндз Курыловіч, і я думаю, меў рацыю.


Выдача бульбы таксама была вялікім клопатам. Заўсёды былі вялікія страты ў вазе. Палякі абвінавачвалі габрэяў, габрэі – палякаў. Тады я прыдумаў выйсце: паставіў у якасці кантралёраў бульбасховішча на грамадскіх пачатках заможных гараджанаў, якія з улікам адпаведных стратаў павінны былі адказваць сваёю маёмасцю. Я разважаў так: калі хітрыя габрэі знаходзяць сродкі і шляхі забяспечваць свае ўласныя справы праз прыўлашчванне, то, калі гэта будзе каштаваць ім грошай, навучацца кантраляваць бульбяны склад у інтарэсах горада. Спачатку, вядома, яны не ішлі насустрач, але навошта тады моц загаду? “Ну, і што ты тут зробіш?” Урэшце яны прымірыліся з гэтым, і страты бульбы вярнуліся да сваіх натуральных аб’ёмаў.


Калі клопаты па дзяльбе прадуктаў харчавання прынеслі мне напачатку шмат працы, а таксама варожасці, бо насельніцтва не разумела неабходнасці нармавання, а ўспрымала мізэрнае размеркаванне прадуктаў харчавання як хітрыкі пераможцаў, то усё ж паступова я знайшоў прызнанне сярод кемлівых людзей.


Я загадаў саліць рыбу, абсталяваў гораднінасушыльню, каб мы маглі дапамагчы сабе ў цяжкі зімовы час, увёў у прадукты харчавання тое, што яшчэ можна было ўвесці і перш за ўсё сачыў за справядлівым размеркаваннем. Хутка спробы прыгожых полек здабыць для сябе трохі болей цукру сталі рэдкімі, а лісты накшталт таго, які тут прыкладаецца, больш ужо не прыходзілі. Да мяне пачалі адчуваць давер.


Толькі з гарадзенскімі гандлярамі мусіў я вытрымаць цяжкую барацьбу. Хутка пасля заняцця Горадні Гарадская рада заснавала Гандлёвую камісію. Кіраўніцтва камісіі складалася з шасці гандляроў, вядома, габрэяў. Узначальвалі Лейб Язерскі, упраўляючы вялікай цыгарэтнай фабрыкай Шарашэўскі і К. Мне быў даручаны нагляд за Гандлёвай камісіяй, і хутка я заўважыў, што гэтая інстытуцыя не з’яўляецца карыснай для ўсіх. Гэта была пэўная шайка гандляроў, якія мелі камерцыйныя долі ў Гандлёвай камісіі, і тавары, што ўвозіліся, прадаваліся толькі для іх, потым ішлі на перапродаж прытым без устанаўлення прадажнай цаны. Такім чынам, Гандлёвая камісія пад прыкрыццём агульнакарыснай установы спрыяла ўзбагачэнню асобных коштам усяе супольнасці.


Спачатку я даследаваў, якім чынам падняць невялікі абарот Гандлёвай камісіі. Высветліўшы, якія тавары могуць быць увезеныя з Германіі, узяўся за справу і змяніў статут камісіі. Падобна як пры праведзеных обэр-бургамістрам Вайсэнборнам зменах у сітуацыі з Гарадской радай, я аддаў усе паўнамоцтвы обэр-бургамістру альбо ім прызначанаму чыноўніку. Тады пачаўся жаласны лямант сярод пайшчыкаў і кіраўніцтва. Кіраўніцтва прыйшло да мяне і склала з сябе паўнамоцтвы, бо яно было “не ў стане пры змененых абставінах бараніць інтарэсы гандляроў”.
Я з шкадаваннем прыняў складанне абавязкаў, прадставіў мною рэкамендаванага стараннага маладога паляка Георга фон Чытарчынскага як упраўляючага, дадаў яшчэ дваіх сяброў Гарадской рады – паляка фон Класоўскага і габрэя Клемпнера ў якасці дарадцаў.


Потым я адкрыў новую эру Гандлёвай камісіі дзякуючы выставе тавараў, якія атрымаў праз Берлінскую гандлёвую палату, і ў збыце якіх  былі зацікаўленыя нямецкія фірмы. Многія нямецкія прадпрыемствы мелі вялікія склады тавараў на экспарт, якія не маглі збыць, напрыклад, танныя сцізорыкі, расчоскі, шкляныя пацеркі, абразкі, карты для гульні, кішэнныя люстэркі, танныя ўпрыгожанні і г.д. Нямецкія фірмы былі зацікаўленыя ператварыць свае запасы ў грошы, а  гарадзенцы і акруга прагнулі тавараў. Так нечакана развілася камерцыя адносна ўсіх магчымых прадметаў гандлю.
У хуткім часе я паехаў у Кёнігсберг і закупіў там, што было лішняга, прыгоднага для экспарту, і абарот вырас ужо на другі месяц пасля таго, як я перадаў кіраванне Гандлёвай камісіяй, больш чым на паўмільёна марак. Аддаючы ў сярэднім 10% даходу у касу гарадской адміністрацыі, я нічым не рызыкаваў, бо імпарт адбываўся толькі праз пастаянную замову і дастатковую аплату тавараў. Вялікі штомесячны прыбытак яшчэ болей вырас дзякуючы даходам Харчовай секцыі і пазнейшаму ўвядзенню манаполіі на алкагольныя вырабы.


Такім чынам, я ў дастатковай меры адкрыў для горада так пажаданыя Вайсэнборнам новыя крыніцы даходаў, што той мог у сваім дакладзе для Обэр Ост ад 30 чэрвеня 1916 г. паведаміць: “Удалося так арганізаваць паступленне прыбытку, што яго хапае для пакрыцця штодзённых расходаў. Падобна, гэта будзе магчыма і ў будучым, улічваючы санкцыянаваныя шэфам адміністрацыі дадатковыя  выплаты падаткаў для Обэр Оста, калі размова пойдзе пра чарговыя немалыя выплаты. Фінансавае становішча горада можна лічыць ад гэтага часу ўпарадкаваным”.
Бухгалтарскі ўлік я арганізаваў вельмі проста і наглядна. Прычым было вельмі дарэчы, што ўдалося аднаго са служачых Гандлёвага дому ў Хальбэрштадце, які быў прызваны ў войска шарагоўцам, адклікаць у Горадню. Бухгалтар Вілі Лодаль добра ведаў мае пажаданні наконт вядзення бухгалтэрыі, быў надзейны і надзвычай падтрымаў мяне. Заўсёды было вялікай радасцю, калі ў першыя дні новага месяца я мог прадставіць Вайсэнборну заканчэнне папярэдняга ростам прыбытку.


Асаблівае задавальненне прыносіла мне выцягванне з насельніцтва золата ў манетах. Трэба было імкнуцца да таго, каб як на радзіме, так і ў тыле дастаўляць золата  імперскаму банку для ўмацавання нямецкай валюты. Але залатая крыніца цякла павольна. Тады я паспрабаваў за гандаль асабліва неабходнымі таварамі патрабаваць з удзельнікаў гандлю у якасці аплаты золата.


Да тавараў, якія карысталіся вялікім попытам, адносіліся спіртныя напоі. Обэр Ост усталяваў манаполію на выраб алкаголю, і мне быў  перададзены збыт для Горадні і Гарадзенскага раёна. Калі ў першыя тры дні пасля адкрыцця продажу, які ішоў бутэлька за бутэлькай, пабачыў, як пакупнікі збіраюцца перад гандлёвай кропкай, я вырашыў зрабіць продаж гарэлкі залатой крыніцай, зачыніў краму і прымацаваў на яе дзвярах кавалак паперы, на якім можна было прачытаць, што невялікія запасы, якія яшчэ засталіся, будуць рэалізоўвацца толькі ў абмен на залатыя манеты. На наступны дзень пайшоў залаты дождж! Як я быў рады, калі ў хуткім часе мы сабралі першыя 20 000 рублёў грашыма з чыстага золата, якое паслалі імперскаму банку праз адміністрацыйную касу.


Тон размовы з гандлярамі-габрэямі быў для нас, немцаў напачатку непрыемна дзіўны. Я быў уражаны тым, што трэба казаць гэтым людзям, каб не выглядаць у іх вачах ідыётам у справе гандлю, але гэтыя “тонкасці ў абыходжанні” хутка былі засвоеныя. Вайсэнборн быў вельмі здзіўлены, калі аднойчы зайшоў у момант, калі я выпісваў нагайкай квітанцыю за паводзіны на спіне габрэйскага гандляра Бэр Бурдэ, які хацеў мяне падмануць.


Метад падаўся главе гарадскога кіравання даволі сумнеўным, але праз некалькі дзён я ўбачыў яго прымяненне адносна аднаго гандляра рыбай, які бессаромна прыгнятаў беднае насельніцтва, нягледзячы на папярэдне выдадзенае распараджэнне. Сябра  нашай  гарадской рады паляк Крэткоўскі меў рацыю, калі казаў, што габрэй  лічыць  такое абыходжанне абсалютна справядлівым, і што яно дзейнічае лепей, чым грашовыя штрафы, якія накладаюцца на яго за парушэнне распараджэнняў.


Так і Бэр Будэ аднойчы з’явіўся аднойчы ў маім рабочым кабінеце з новымі прапановамі. Гэты чужы нам тып габрэя робіць яго несімпатычным для нас, таму некаторыя асобы ў адміністрацыі лічылі, што габрэйскі гандаль, якому яны не давяралі з самага пачатку, павінен быць спынены. Кіраўнік Гарадзенскага раёну паспрабаваў правесці такі эксперымент, чым нанёс вялікую шкоду. Пры невялікай шчыльнасці насельніцтва буйны землеўладальнік самотна сядзіць у маёнтку, таксама сярэдні і дробны землеўладальнік у параўнанні з Нямеччынай выглядаюць на вёсцы адзінокімі. Існуюць пераважна малыя і адзінкавыя вялікія гарады. Транспартныя магчымасці абмежаваныя з-за невялікай колькасці чыгуначных шляхоў. Ніякае гандлёвае жыццё не было б тут магчымае, калі б побач з немабільнай часткай насельніцтва не было іншай, больш рухомай, калі б яна не перасоўвалася ад двара да двара, ад горада да вёскі і не забірала ў людзей лішняе, прыносячы тое, у чым яны маюць патрэбу. Большасць габрэйскіх гандляроў перамяшчаліся па краіне як вандроўная універсальная крама, земляроб атрымліваў ад іх усё, што яму неабходна, ім жа ён мог збыць усе свае вырабы. Забарона гэтага гандлю паралізавала б эканамічнае жыццё, бо ўстановы і органы, якія замянілі б габрэя, не маглі быць створаныя  ў адзін момант.


Гэта выразна можна было пабачыць на прыкладзе з загатоўкай яек. Я меў задачу даслаць сабраныя ў раёне лішнія яйкі ў Нямеччыну, і ў гэтай справе карыстаўся паслугамі гандляра-габрэя, якому плаціў па 11 пфенігаў за яйка. Хоць гэта была добрая цана ў параўнанні з даваеннымі коштамі, але ж я меў поспех, бо ўжо ў першы тыдзень змог паслаць у Германію 70 000 штук яек. Кіраўнік раёна не згадзіўся  з маім спосабам дзеянняў і патлумачыў, што яйкі са свайго раёну будзе пастаўляць мне сам. Насуперак маіх уяўленняў ён выдаў распараджэнне, якое забараняла гандлярам продаж яек і прадпісвала здаваць іх жандарам па 6 капеек за штуку. Няўдача была ашаламляльнай. У першы тыдзень пасля выдання распараджэння мой вываз яек паменшыўся на 6 000 штук.


Задачы Секцыі ваеннай сыравіны, што былі таксама ўскладзеныя на мяне ў красавіку 1916 г., без дапамогі габрэйскага гандлю я б не вырашыў зусім. Толькі дзякуючы яго ўвядзенню ўдалося выцягнуць з краіны такія матэрыялы як скуры, алей, дубільныя рэчывы, металы і г.д.


   У канцы траўня 1916 г. харчавацца  насельніцтву стала  вельмі цяжка. Краіна пацярпела ад праходу войскаў і рэквізіцыяў з боку дзвюх арміяў, акрамя таго, пры адступленні рускія спляжылі ўсё, што маглі спляжыць. Жыхары Горадні маглі ўзяць з вёскі столькі харчоў, каб неяк пратрымацца да наступнага ўраджаю. Я мусіў звярнуцца па дапамогу да нямецкага інтэнданцтва. Зразумела, што яно пастаўляла для жыхароў акупаваных тэрыторый толькі самае неабходнае харчаванне, бо Германія сама пакутавала ад яго недахопу з-за спробы блакады  англічанамі!
У адпаведнасці з гэтым пачынаўся загад Людэндорфа адміністрацыйным уладам Обэр Оста:
“Рашучае выкарыстанне краіны для рэгламентаванага харчавання войска, насельніцтва і Германіі ёсць найпершай задачай адміністрацыі. Усё іншае адступае на другі план. Хто ад гэтага пакутуе, дык гэта перш за ўсё насельніцтва акупаваных тэрыторыяў. Я чакаю энергічнай загатоўкі запасаў ад прызначаных на гэта сяброў адміністрацыі пры адтэрміноўцы мясцовых інтарэсаў перад жыццёвымі інтарэсамі нямецкага народа. Гэтая загатоўка і правільнае размеркаванне адпавядаюць выключна патрэбам нашага становішча…”


Сапраўды, рацыён для жыхароў Горадні моцна зменшыўся. На дзень на аднаго чалавека прыходзілася: 200 г мукі ў пераліку на спечаны з гэтай колькасці хлеб, 250 г бульбы, 12 г цукру, 30 г крупы, 40 г варэння. Тыднёвая норма мяса на чалавека складала 200 г  разам з касцямі, дзеці ж да 12 год пры размеркаванні мяса не ўлічваліся.
Раздача напачатку прынесла мне шмат цяжкасцяў, таму што насельніцтва было абсалютна недысцыплінаванае. Толькі паступова прывыкала яно да парадку. Сярод бедных людзей я назіраў вельмі сумныя карціны, многія пісалі лісты, як тая “маці, што галадае”, ускладаючы на нямецкае вайсковае кіраўніцтва віну за жабрацтва. Наколькі было магчыма, я спрабаваў дапамагаць бедным арганізацыяй харчавання вялікай колькасці насельніцтва.


Тут я знайшоў поўную паразумення дапамогу ў некаторых гарадзенскіх дамах, асабліва ў спадарыні Яханы Кунц, швагеркі фон Крэткоўскага. Муж яе як аўстрыйскі падданы на пачатку вайны быў прымусова вывезены рускімі. Больш яна пра яго ніколі не чула. Цяпер яна імкнулася заглушыць свой боль самаадданай міласэрнай працай. Кожны раз у абед дзяліла яна ежу ваеннага часу на 2 000 бедных палякаў, а вечар прысвячала бедным дзецям. Яна была галоўным апірышчам Секцыі дабрачыннасці.


Такім чынам, у мяне была шматбаковае цікавае поле дзейнасці, якое, акрамя вялікіх намаганняў і клопатаў, прыносіла радасць стварэння.

Асаблівыя падзеі ў Горадні

Мой час у Горадні даў мне мноства цікавых перажыванняў як у адносінах з насельніцтвам, так і ў сяброўскім коле. Я ўжо ўпамінаў, што па прыбыцці ў горад акрамя Вайсэнборна мяне вітаў яшчэ адзін хальбэрштарац, капітан Хайнікэ. Ён быў у батальёне апалчэння г. Ашэрслебэна і кіраваў рэдакцыяй “Гарадзенскай газеты” (“Grodnoer Zeitung”). Улада друку паказала сябе ў гэтай вайне так пераканаўча, што вайсковае кіраўніцтва не магло ад яе адмовіцца.
Камандуючы Обэр Ост сваімі загадамі заснаваў шэраг газет мясцовага характару, якія звярталіся не толькі да шэрых шынялёў, але яшчэ болей да тутэйшага насельніцтва. Гэта было прычынай таго, што “Гарадзенская газета” друкавалася па-польску, па-нямецку і на ідыш. Пра гэты “жаргон” я яшчэ скажу пазней. Хайніке рэдагаваў сваю газету надзвычай удала. Гэтак званы “юбілейны нумар” за 3 верасня 1916 г. з дадаткам “Горадня год як нямецкая” прыкладаю да гэтых успамінаў як дадатак. Карэспандэнты газеты часта прыходзілі да мяне і вельмі ўдала выкарыстоўвалі тое, што чулі і бачылі, каб са свайго боку зрабіць унёсак у лепшае разуменне насельніцтвам нашых распараджэнняў.


Акрамя Хайніке, Вайсэнборна, Зынінга і мяне ў Горадні болей ці меней часу знаходзіліся іншыя хальбэрштадцы альбо людзі з ваколіцаў Хальбэрштадту. І мы вырашылі ладзіць час ад часу ў афіцэрскім казіно на Параднай плошчы г.зв. “Хальбэрштацкія вечары”, на якія запрашалі праз “Гарадзенскую газету”. У газетнай абвестцы ў далёкім горадзе на Усходзе ганарова красаваўся наш старажытны хальбэрштацкі герб.


30 красавіка 1916 г. увечары апалчэнскі батальён Ашэрслебэна святкаваў арыгінальнае свята, на якое мы атрымалі запрашэнне ад Хайніке. На 1 траўня было прызначанае ўвядзенне летняга часу і апоўначы з 30 красавіка на 1 траўня павінны былі пераводзіць гадзіннікі на гадзіну назад. Свята павінна было адбыцца ў старым парку на беразе ракі Гараднічанкі. Быў добры травеньскі пунш і каля 12-ці ўся кампанія рушыла з паходнямі і спяваннем “Май прыйшоў…” праз парк, каб абыйсці яго. Калі працэсія падышла да вузкай шчыліны ў скале, адтуль з шыпеннем вылецела ў паветра ракета, расколіна заззяла чырвоным святлом і з’явілася з віншавальным крыкам жахлівая зграя ведзьмаў на веніках. Яны падпалілі два стосы з дровамі, між якімі ўскочыў  на каменную глыбу сам князь пекла, апрануты ў чырвонае трыко. Тады неўтаймоўныя ведзьмы супакоіліся, маляўніча разлягліся на сваіх месцах, і той, хто штогод праводзіць гэтую ноч на Брокэне, вітаў сыноў Гарца на далёкім Усходзе ў стылі Валенштайна цудоўнай жартоўнай пропаведдзю, у якой папракаў іх ва ўсіх грахах і агрубелых за час вайны норавах. У якасці пакарання яны павінны былі яшчэ раз перажыць апошнюю гадзіну, і так гадзіннікі былі пераведзеныя назад. Ролю д’ябла выдатнейшым чынам сыграў актор з батальёна апалчэння.


Таксама я мог падтрымліваць адносіны з маімі старымі сябрамі маёрам фон Брэдаў і ротмістрам Тойберам. Першы быў у блізкім Беластоку, а апошні – афіцэрам па гаспадарцы маёнтка Краснасток недалёка ад Горадні. Асабліва ўдзячны я быў маёру фон Брэдаў, які выканаў маё жаданне, прыслаўшы мне абодвух маіх коней “Нэлі” і “Лорда” ў абмен на коней гарадскога афіцэрскага складу. Цяпер я зноў мог ездзіць на добрых старых ваенных конях, якія насілі мяне ўжо колькі кіламетраў па варожай зямлі на Захадзе і Усходзе, цешыцца наваколлем Горадні і не пазычаць болей у Хайніке каня з апалчэнскага батальёна.


Гэтыя конныя прагулкі былі выдатныя! Наваколле Горадні было прыгожае ва ўсіх накірунках, і лясы ля Пышак і Сакрэту, што моцна адрозніваліся між сабою, кожны па-свойму былі цудоўныя. Пры даўжэйшых прагулках па нядзелях мы наведвалі таксама і навакольныя вёскі, здзіўляючыся прымітыўным хаткам, якія нагадвалі мне халупы неграў ў Пуэрта-Рыка і Кюрасао. Прылады працы, якімі сяляне апрацоўваюць тут зямлю, ледзь не дапатопныя. Мы часта бачылі, напрыклад, цалкам драўляныя бараны. Асобныя драўляныя часткі былі змацаваныя вярбовым галлём. Выкарыстоўваліся нават драўляныя плугі без адзінай жалезнай часткі. Што атрымаецца з гэтага краю, калі нямецкая культура засвоіць гэтую глебу!


Часта кіраўнік акругі фон Лірэс скакаў на кані разам з Вайсэнборнам і мною, і падчас гэтых конных прагулак якая-небудзь службовая справа, якая несла ў сабе зерне канфлікту, вырашалася таварыскім спосабам і дасягалася згода. Інтарэсы гарадскога і вясковага раёнаў натуральным чынам час ад часу разыходзіліся. Але Лірэс быў шляхетны чалавек, які добра ўмеў адмяжоўваць службовае ад асабістага, таму нягледзячы на ўсялякія цяжкасці, якія ляжалі ў прыродзе рэчаў, мы выдатна ладзілі. Ён набываў некаторыя рэчы, якіх не было ў акрузе, праз мяне ці праз маю Гандлёвую камісію, і пры гэтым нядрэнна рабіў справу. Таму мы з гарадской адміністрацыяй вельмі шкадавалі, калі фон Лірэс быў адкліканы для дзейнасці на радзіму, і яго месца заступіў актыўны маёр.


Спадар маёр быў заўсёды недаверлівы адносна гарадской адміністрацыі, і адносіны паміж горадам і вёскаю змяніліся адным махам. Ён быў упэўнены, што Гандлёвая камісія, робячы закупкі, абдзяляе раён і таму стварыў уласны закупачны пункт. Але не хапала кампетэнтнага кіраўніцтва і з прычыны таго, што парадамі мясцовых гандляроў ён пагарджаў, ён закупляў тавары, якія потым нельга было прадаць, і здараліся непрыемныя страты. У сваіх распараджэннях ён думаў толькі пра свой раён, і ніколі пра тое, што горад і вёска залежныя адно ад другога. Так, ён выдаў загад, у якім гаварылася: “Вываз яек і масла з Гарадзенскага раёна ў Горадню забаронены”. Недарэчным аказаўся афіцыйны дакумент інтэнданцтва да гарадской адміністрацыі, каб тая разлічыла для насельніцтва рацыён харчавання на 1000 калорыяў. Гаварылася, што для штодзённага харчавання дарослага неабходна 1700 калорыяў і сцвярджалася, што “астатнія 700 калорыяў можна будзе лёгка здабыць праз закупку яек і масла”.


Поўная блакада горада ад увозу прадуктаў харчавання з вёскі папсавала мне нямала крыві і прывяла да ажыўленага кантрабанднага гандлю. Я атрымліваў шмат ананімных лістоў накшталт ліста ад “маці, якая галадае”, у якіх усходняй вобразнай мовай выказваліся скаргі на распараджэнні немцаў. Так, адзін ананім пісаў: “Блакада мае практычную мэту адносна горада, што знаходзіцца ў асадзе – прымусіць яго здацца, але ж Горадня не ў такім стане. Карткі і забарона ўвозу граюць тут у чатыры рукі жалобны марш”. На маё хадайніцтва да шэфа адміністрацыі было выдадзенае распараджэнне, што вясковы раён павінен пастаўляць гарадскому раёну пэўную колькасць яек і масла, якія я аддаваў у бальніцы, хворым паводле заключэнне доктара,  мацярам, якія кармілі і г.д.


Затое ў нас былі вельмі добрыя адносіны як службовыя, так і пазаслужбовыя са спадарамі з адміністрацыі. Мы абсталявалі казіно ў верхніх пакоях Сялянскага банка і, нягледзячы на мізэрную ежу ваеннага часу і ўвядзенне дзён без мяса, цудоўна бавілі час у сяброўскім коле. У першым пакоі віселі карты тэатру ваенных дзеянняў. Тут падрабязна прасочваліся падзеі, і асабліва Вайсэнборн быў удалым аматарам-стратэгам. Шырокамаштабнае наступленне аўстрыйцаў супраць Італіі было нанесенае на карты і назіралася з вялікай надзеяй, якая знікла ў чэрвені 1916 г., калі Брусілаў прарваў аўстрыйскі фронт пад Луцкам і ў Букавіне. Яго абучанаму французскімі, англійскімі і японскімі афіцэрамі войску супрацьстаялі, як скалы падчас марскога прыбою, арміі фон Ботмэра і фон Лінзінгена.
Поўныя веры сачылі мы за ваеннымі паведамленнямі пра наступленне англічан паміж Сомай і Анорай, дзе наш дарагі пляменнік Альбрэхт Бертольд з Хальбэрштадту шчаслівым чынам атрымаў толькі лёгкае шрапнельнае раненне ў руку. Ворагі на Заходнім фронце змаглі дасягнуць толькі невялікіх перамогаў, якія ім дорага каштавалі. Але больш жорсткія словы прыпадалі на нашых саюзнікаў, якія напачатку пасля такога шматабяцальнага наступлення супраць Італіі пакінулі перадмостнае ўмацаванне і горад Гёрц, калі Брусілаў усё бліжэй падыходзіў да Лемберга і войскі фон Ботмэра і фон Лінзінгена былі акружаныя з абодвух флангаў і вымушаныя да адступлення.


У жніўні 1916 г. ваеннае становішча выглядала нядобрым. Антанта цешылася, чуючы пракляцці ад ляжалага ў апошніх канвульсіях смяртэльна параненага звера. Румынія вырашыла, што настаў яе час, і 27 жніўня 1916 г. абвясціла пра ўступленне ў вайну. У гэтую крытычную часіну, калі здавалася, што стрэлка вагаў схіляецца на бок Антанты, наш кайзер паставіў генерал-фельдмаршала Гіндэнбурга і яго начальніка генеральнага штаба Людэндорфа на чале арміі, і ўжо праз некалькі дзён здзіўлены свет пачуў, што замест чаканага пераможнага шэсця румынаў нямецкія і балгарскія батальёны авалодалі крэпасцю Тутракан, і што нямецкія эскадроны прасунуліся далёка ў Дабруджу. Хуткая катастрофа Румыніі змяніла сітуацыю. Але мы згубілі Гіндэнбурга і Людэндорфа на чале адміністрацыі Обэр Ост.
Усе гэтыя ваенныя падзеі, як і звесткі пра ппрыбыццё нямецкай гандлёвай падводнай лодкі “U–Deutschland” у Амэрыку і пра вялікую марскую бітву пры Скагераку, ажыўлена абмяркоўваліся не толькі ў нашым сяброўскім коле, але і сярод гарадзенскага насельніцтва. Не раз пасля вячэры мы бавілі час у сем’ях некаторых сяброў Гарадской рады. Там у нязмушанай гутарцы можна было пачуць шмат з таго, што нам важна было ведаць для ацэнкі адносінаў, і што заставалася нявыказаным у ратушы.


Найчасцей я бываў у спадара Крэткоўскага і яго швагеркі Яханы Кунц. Гэта былі вельмі разумныя і прыемныя людзі. Яна была душою польскіх дабрачынных памкненняў, арганізоўвала дні кветак і дабрачынныя спектаклі, не цуралася зайсці сама ў самыя брудныя халупы, каб прыгледзець за кінутымі без нагляду дзецьмі, зусім знясіленых забірала ў свой дом, каб памыць, пераапрануць і накарміць.


Ён быў добрым знаўцам польскіх адносінаў, і я атрымаў ад яго нямала добрых парадаў. Калі я аднойчы паскардзіўся, што сяброў Гарадской рады цяжка падахвоціць да нечага новага, і яны вельмі павольныя ў прыняцці рашэнняў, ён паспрабаваў патлумачыць мне гэта гістарычна. У “Заходніх губернях” [Расейскай імперыі] мясцовыя жыхары ніколі не прыцягваліся да кіравання і судовага права. Хто з немцаў, літоўцаў ці палякаў хацеў паступіць на расейскую дзяржаўную службу, той павінен быў добра разумець, што, згодна з расейскімі законамі, ён не будзе выкарыстаны на сваёй радзіме. Нават у самых ніжэйшых інстанцыях працавалі толькі “истинно-русские люди”.


У “Заходніх губернях” не была ўведзеная земская канстытуцыя, якая дзейнічала ў астатняй Расіі. Не было нават намёку на самакіраванне. Спачатку жыхары краю маглі ўносіць прапановы ва ўрад, калі мелі пажаданні. Але на іх не давалася адказу, а калі ён і прыходзіў, то нічога не мянялася. Тады яны спыніліся з падачай непатрэбных прапановаў і жаданнем супрацоўніцтва. Пад доўгім ціскам расейскага прадажнага чынавенства паступова знішчалася здольнасць да прыняцця рашэнняў і энергія польскай нацыі. Узнікла думка “вшыстко едно”, і, сапраўды, на пасяджэннях Гарадской рады мы часта чулі гэтае пакорлівае “вшыстко едно”.


На думку Крэткоўскага, гэта стала злым рокам польскай нацыі. Калі Каралеўства Польскае, пра чыё адраджэнне шмат гаварылася, зноў уваскрэсне, то з’явіцца патрэба ў актыўных мужчынах з мэтанакіраванай энергіяй. З-за недахопу разумовай актыўнасці развіццё Каралеўства будзе перажываць цяжкасці і запаволіцца. Гэта будзе цягнуцца доўга, пакуль не выгадуецца новы род палякаў, які пераадолее шкодныя вынікі чужога панавання рускіх. Не ведаю, ці меў фон Крэткоўскі рацыю у сваіх поглядах. Мне падалося, што адсутнасць энергічнасці і легкадумнасць – загана, якая ляжыць глыбока ў польскім характары, магчыма, яна абвастрылася праз чужое панаванне і наўрад ці калі-небудзь будзе пераадоленая.


Паміж палякамі і габрэямі панавала вялікая варожасць, ва ўсялякім выпадку паміж арыстакратычнымі палякамі і габрэямі. Мы (Вайсэнборн і я) былі некалькі разоў дома ў Касоўскага, пакуль не заўважылі, што гэты габрэй, які хоча быць арыстакратам, мае прынцыпы, якія не дазваляюць нам уваходзіць у яго дом. Усходнія габрэі наогул не маюць пачуцця прыстойнасці ў дзелавых адносінах. Яны лічаць прадпрымальніцкай спрытнасцю і камерцыйнай знаходлівасцю тое, што  для нас – подлае ашуканства. Таму для нас усялякія стасункі з імі немагчымыя. У Касоўскага мы сустрэлі некалькі выдатна адукаваных габрэйскіх жанчын і дзяўчат, сярод іх спявачку Рахісу Крынскі, якая ў чароўнай манеры выконвала большай часткай сумныя рускія песні.


Зусім адваротным у адносінах да агіднага габрэйскага вядзення справаў было ўнутранае сямейнае жыццё і вытрыманы ў строгай маралі лад жыцця жанчын і дзяўчат, які ў полек часта быў даволі свабодны. Таксама выдатна была арганізаваная габрэйская дабрачыннасць. На дабрачынных вечарынах выконваліся вельмі добрыя акцёрскія пастаноўкі, была цудоўная дэкламацыя і музыка. Вядома, усё было на “жаргоне”, найбольш на “ідыш”. “Ідыш” гэты – вельмі арыгінальная мова. Спадар Хозэ, з якім я падрабязна размаўляў на гэтую тэму, патлумачыў мне, што аснова гэтае мовы –  сярэднянямецкая мова, на якой размаўлялі нюрнбергскія і аўгсбургскія патрыцыі ў часы Фугераў, і ў якой можна знайсці няшмат габрэйскіх і яшчэ менш славянскіх элементаў.


Мова гэтая пішацца габрэйскімі пісьмовымі знакамі. Для нас яна гучыць напышлівай і часта дзіўнай. Так, напрыклад, калі стары габрэй распавядае нам пра сваю сям’ю і кажа, што ён мае дома чатыры “фройляйн”, то гэта значыць, што ў сям’і чатыры незамужнія дзяўчыны. Кожны нежанаты мужчына – “кавалер”. Кавалер не прагульваецца з фройляйн, а “гуляе”, гэтаксама як Гётэ ўжывае ў “Фаўсце” гэтую форму: “З Вамі, спадар доктар, пагуляць…”


Да гэтага дыялекту лёгка прывыкаеш і вывучваеш у хуткім часе выразы на чужой мове. Таму праз нейкі час мне не было ўжо так дзіўна, калі перад ратушаю да мяне звярнуўся габрэй: “Прабачце, міласцівы пан, ці магу я памяняць тут хлебныя карткі?” Альбо калі габрэй прыйшоў скардзіцца на паліцэйскага, што рэквізаваў у яго кантрабандныя тавары: “Хуйх, гвалт, палісмэн адабраў у мяне мяшок моншкі і два пакеты зэф!” Што “моншкі” азначае цукар-пясок, а “зэф” – мыла, я даведаўся ў першыя дні ў Горадні. Калі габрэю патлумачылі, што рэквізіцыя была справядлівай, бо ён парушыў прадпісанні штатхаўптмана, ён сказаў:”Майце рахмоніс, я меў тоес!” (“Пашкадуйце, я памыліўся!”) Нарэшце ён пайшоў, паціскаючы плячыма, са словамі: “Ну што ты тут скажаш, што тут зробіш!” Але за дзвярыма прамармытаў у сваю доўгую бараду пракляцце на ідыш: “Каб ты праваліўся!” Ці  нешта накшталт: “Каб ты скруціўся!”
Вельмі своеасаблівай падаецца паэзія на ідыш, якая большай часткай меланхалічная і сумная, і выказвае трывогі габрэйскага народа. Хачу прывесці тут некаторыя ўзоры з яе:

Абрахам Райзэн. Хадзем, брат! 

Хадзем, брат, хадзем вандраваць
Куды – не пытайся, ці ж важна
Ад месца да месца мы пойдзем блукаць
У свет той страшны й неабсяжны.

Мо страцім там  шчасце, была не была
Любоў, чысціня ў нас не згіне
Бы вольныя птушкі
Паляцім аднойчы  ў вышыні
[…]

Пры лічэнні ўсходнія габрэі карыстаюцца маленькімі лічыльнікамі, якія адрозніваюцца ад прынятых у сістэме нашай пачатковай школы. Гэтымі маленькімі лічыльнікамі яны здзяйсняюць хутка і ўпэўнена самыя складаныя множанні і іншыя дзеянні. У школах гучыць пацешна, калі настаўнік пытаецца не так, як у нас “Колькі ёсць сем памножыць на пяць?” а “Колькі будзе сем памножыць на пяць?”, і вучань адказвае: ”Сем памножыць на пяць будзе трыццаць пяць”. Школьны работнік Тыль расказваў нам некаторыя смешныя рэчы пра габрэйскія школы, але хваліў выхаванне і парадак, якога там прытрымліваюцца.


Вельмі перашкаджалі шматлікія ўрачыстасці. На габрэйскія святы палова служачых нашай установы не працавала, а на каталіцкія адсутнічалі палякі. Тады кіраўнік горада, параіўшыся з рабінам і каталіцкім святарствам, падзяліў святы на вялікія і малыя і загадаў працаваць падчас малых.


Трэба аддаць належнае гарадзенцам, святкаваць яны ўмелі. Да вялікіх працэсіяў вельмі прыстойна ўпрыгожвалі горад. Трывалыя магутныя гірлянды з лісця працягваліся па-над вуліцамі, абрамлялі фасады дамоў, з балконаў ці вокнаў якіх святочна звісалі яркія дываны. Асобныя куткі горада ўпрыгожваліся па-мастацку. У працэсіях можна было пабачыць нашых шляхетных сяброў Гарадской рады, спадара Класоўскага, што крочыў, зняўшы шапку, далей цягнуліся шэрагі вяскоўцаў, часткова ў маляўнічым адзенні, спяваючы адным тонам ці паўтараючы малітвы. Гэта стварала прыгожую, яркую карціну, раскошнае богаслужэнне. Касцёл выходзіў на вуліцу і працэсіямі прыцягваў вялікую колькасць людзей. Пратэстанцкая царква адмаўляецца ад такіх сродкаў нават пры вялікіх магчымасцях.


У нядзелю 1 чэрвеня 1916 г. кайзер быў у Горадні і з прычыны таго, што не хацеў адмаўляцца ад  палявой імшы, яна была назначаная ў гарадзенскім гарадскім парку. Гэта было вельмі простае, але поўнае ўражання свята. Магутныя старыя дрэвы атачалі лужок у гарадскім парку.Тут збудавалі просты палявы алтар, каля яго стаялі дзве гарматы, піраміды з стрэльбаў і барабаны. Перад алтаром на лужку быў пакладзены дыванок. Войскі і вольныя ад службы афіцэры, а таксама сёстры выстраіліся адкрытым простакутнікам. Было рана. Сонца дасылала свае першыя прамяні праз лісцяны дах старых дрэваў.


Раптам загучалі знаёмыя гукі клаксана кайзераўскага аўтамабіля, крыкі камандаў. Чутно было, як салдаты павярнулі вочы направа, афіцэры віталі падняццем рукі. Пругкім крокам кайзер, за ім Фалькенхэйн, Цапэлэ і ўся світа. Пасля кайзер у адзіночку абышоў тры бакі простакутніка, пільна ўглядаючыся ў вочы кожнага. Потым стаў на месца перад алтаром, світа стоўпілася за ім. Па супольна спяваным харале, у якім чуліся ясныя галасы сясцёр, што хораша перамешваліся з мужчынскімі галасамі шарашынэльнікаў, прагучала добрае казанне. Пасля заключнага спеву святар сказаў кароткую малітву, просячы Божага блаславення. Падчас імшы кайзер ні разу ні кінуў поглядам у бок святара, потым жэстам паклікаў яго да сябе і размаўляў яшчэ нейкі час са святаром і іншымі спадарамі.


Потым, коратка вітаючы ўсіх на ўсе бакі, зноў пайшоў да аўтамабіляў і з’ехаў у горад. Там агледзеў стары Замак і выдатны від адтуль на Нёман і Занёманскае прадмесце.


Прыезд кайзера зрабіў на гарадзенцаў вялікае ўражанне. Падчас імшы яны стаялі цесным натоўпам за войскам і былі вельмі здзіўленыя, што так мала было аховы. Цар у мірныя часы не рашаўся рабіць тое, што наш кайзер рабіў на захопленай тэрыторыі. Мы яшчэ часта прымалі высокіх гасцей у Горадні. Прыязджалі кароль Фрыдрых-Аўгуст Саксонскі і вялікі герцаг Саксонскі-Ваймарскі. Вайсэнборн рабіў абодвум даклад пра Горадню ранейшую і сённяшнюю. Завітвалі таксама памочнікі дзяржаўнага сакратара Хэфэрых і Дрэўс, дэпутаты, прадстаўнікі прэсы ўсіх накірункаў і многія іншыя цікаўныя людзі, якім мы павінны былі распавядаць пра краіну і людзей, прадукцыю краіны і нашыя адміністрацыйныя высілкі.


Вельмі прыемныя зносіны, якія давалі пажаданы адпачынак, звязвалі мяне з сёстрамі з ваеннага лазарэту 126. Праз некалькі дзён пасля прыезду ў Горадню на сваё здзіўленне я сустрэў  на вуліцы сястру Кэтэ, якая даглядала мяне ў Беластоку. Лазарэт быў пераведзены ў Горадню. Яна вельмі ўзрадавалася, зноў пабачыўшы мяне абсалютна здаровым, і запрасіла на гарбату. Потым разам з іншымі сёстрамі яна часта прыходзіла да мяне на вячэру, куды я запрашаў Вайсэнборна, Лірэса і Зынінга. Тыя, як і я, сумавалі па падобных сабе нямецкіх жанчынах. Гэтыя сёстры былі якраз высокаадукаваныя мілыя дзяўчаты, з якімі мы ахвотна гутарылі. Потым  мы вельмі шкадавалі, калі лазарэт перамясціўся ў Ліду.


Я часта выязджаў з Горадні ў Вільню і Беласток, каб кантактаваць з адказнымі за пастаўку харчавання. У Беластоку я, вядома, наведваў маёра фон Брэдаў, які па-ранейшаму жыў у старой кватэры банкаўскага дому з капітанам Хільгерам. Сейфы і незгаральныя шафы былі запоўненыя дакументамі тылавых падраздзяленняў, яны выцеснілі каштоўныя паперы гэтак жа, як рубель Обэр Осту – стары расейскі рубель. Фон Брэдаў меў заданне наладзіць старую тэкстыльную індустрыю ў Беластоку і перарабляць тут мясцовую сыравіну. Гэтую справу ён здзяйсняў з вялікай абачлівасцю і ўмельствам. Разам з Брэдаў і Хільгерам мы ішлі ў казіно тылавой інспекцыі, дзе за абедзенным сталом бываў прынц Аўгуст-Вільгельм, які ўцягваў мяне ў ажыўленую размову пра Англію і Амерыку, калі даведаўся, што абедзве краіны я ведаў з уласнага вопыту.


Некалькі разоў я выязджаў з Горадні ў Кёнігсберг, каб закупіць тавары для Гандлёвай камісіі. Аднойчы ў сувязі з кароткім адпачынкам разам з жонкай я вазіў нашага старэйшага сына Ханса-Георга ў Кёнігсберг у ягоны полк. У ліпені 1916 г. Ханс-Георг здаў неабходны экзамен у саборнай гімназіі і пасля многіх намаганняў знайшоў добры полк, першых драгунаў. Як усе маладыя людзі, ён не жадаў доўга чакаць і наогул хацеў стаць салдатам. Праз нейкі час, 14 кастрычніка 1916 г. я зноў наведаў яго ў Кёнігсбергу ў казарме ягонага эскадрона і быў рады, калі маёр фон Мандэльзых добра пра яго адгукнуўся. Першы раз бацька і сын выйшлі разам у горад як салдаты, і хто з іх  ганарыўся болей?


16 кастрычніка я вярнуўся ў Горадню. Вайсэнборн сустрэў мяне з кісла-салодкай усмешкай. Я запытаўся, што здарылася. Ён адказаў, што прыйшоў ліст ад намесніка генеральнага камандавання ў Магдэбургу, згодна з якім мяне адклікаюць у Магдэбург. І цяпер, - сказаў ён, - мы мусім развітацца, бо я ахвотна захачу вярнуцца ў родны край і працаваць там. Яму будзе вельмі не хапаць мяне. Я быў як з печы зваліўшыся. Калі я зайшоў у будынак адміністрацыі,  дзе было наша казіно, каб паесці, са мной загаварыў таксама пра гэта галоўны ўрадавы дарадца Умпфэнбах, загадаў прынесці ліст і паказаў мне яго. Я быў запатрабаваны ў якасці кіраўніка камісіі аддзела XV Е па пытаннях харчавання. “Для гэтага надзвычай важнага паста ротмістр Кламрот падыходзіць асабліва добра з-за ведаў усіх абставінаў у правінцыі Саксонія, не раз даказанага ім шырокага погляду і вялікага досведу ў гандлёвых справах. Таму прашу даць згоду на перавод ротмістра Кламрота, як толькі знойдзецца замена яго дзейнасці”. Так было напісана ў лісце Яго Высокасці Лінкера, і шэф адміністрацыі сказаў: ”Так, дарагі Кламрот, мы павінны прымірыцца з тым, што Вы выбываеце з нашага круга. Але спачатку Вы павінны паклапаціцца пра замену”. Вядома, гэта заняло пэўны час, з дапамогай дзядзькі Хайнрыха ў Крэфэльдзе быў знойдзены мой наступнік, уладальнік фабрыкі Оскар фон Бэкерат, а потым  адміністрацыя Обэр Оста ў Коўне па хадайніцтву галоўнага ўрадавага радцы Упфэнбаха дала згоду на маё перамяшчэнне ў Магдэбург.


Навіна пра тое, што я пакідаю Горадню, хутка распаўсюдзілася сярод насельніцтва, і тут габрэі і палякі, якія напачатку сустрэлі мяне з вялікім недаверам, паказалі, што ўсё ж з цягам часу адчулі, што я хацеў ім дабра і стараўся абыходзіцца з імі справядліва. Многія прыйшлі, каб развітацца са мною. Шмат разоў я пачуў: “Дзенькі, пане бурмістж, довідзэня!”, і некаторыя знакі прыхільнасці сустракаў  яшчэ доўгі час.


Яхана Кунц была несуцешная; ці будзе мой наступнік гэтак жа з разуменнем ставіцца да яе клопатаў пра бедных, да масавага харчавання? Сваю ўдзячнасць яна выказала на Свята Раства Хрыстова 1916 г. і нават на Раство 1917 г. тым, што праз адпускніка даслала ў Хальбэрштат святочную смажаніну ў выглядзе прыгатаванай ёю самой індычкі!
У дзень ад’езду прыйшла святочным чынам уся секцыя 3. Старшыня спадар Е. фон Класоўскі выступіў з саліднай прамовай, якая суправаджалася многімі кіўкамі і іншымі знакамі згоды з боку іншых спадароў. Потым на маё здзіўленне людзі перадалі мне ўпрыгожаную манаграмай цяжкую срэбраную цыгарэтніцу, на ўнутраным баку якой стаяла наступнае прысвячэнне: “Шаноўнаму кіраўніку на памяць пра супольную працу. Сябры секцыі III гарадской рады г. Горадні 31.10.1916. Е. фон Класоўскі”.


31 кастрычніка 1916 г. я ад’язджаў з Горадні. Развітанне з дзейнасцю, якую палюбіў, з маімі сябрамі, а таксама з маімі коньмі далося мне нялёгка, але наперадзе чакала радзіма!

Scroll to top