Хаця прамысловасць горада Гродна ў канцы ХІХ – пачатку ХХ ст.ст. нельга параўноўваць з тагачаснай прамысловасцю Пецярбурга або Лодзі, але гродзенцы усё ж такі мелі чым пахваліцца. Нават сёння ў Гродне няма ўласнай вытворчасці піва або матацыклаў, якія меліся яшчэ перад Другой Сусветнай вайной.
Таму мы яшчэ коратка раскажам аб некалькіх важных фабрыках старога Гродна, без згадкі пра каторыя наш расповед быў бы няпоўны і паспрабуем зрабіць пэўнае падсумаванне.
Важную ролю ў гаспадарчым жыцці Гродна аж да сярэдзіны ХХ веку адыгрывалі тартакі1. Тартакі будавалі недалёка ад Нёмана, паколькі менавіта гэтая рака была транспартным шляхам дрэва з Белавежскай пушчы на Балтыку, у Кранштат і Каралявец. І хаця большая частка дрэва праплывала праз Гродна ў неапрацаваным выглядзе, але і гродзенскія тартакі мелі досыць работы. На тартаках рабілі мэблю, рыхтавалі будаўнічыя матэрыялы, забяспечвалі горад дровамі.
У 1920-х гг. у горадзе было як мінімум шэсць тартакоў. На правым беразе Нёмана размяшчаліся тартакі братоў Аркін і Фрухт на вуліцы Падольнай, 24; тартак Перацаў пры вуліцы Прадмейскай, 20 (існаваў з 1907 г.) і тартак “Панямунь” недалёка ад сучаснага Румлёўскага моста. На левым беразе найбольш вядомымі былі тартакі “Сосна” (у раёне сучаснай мэблевай фабрыкі), тартак Гершуны на Збажовай вуліцы і тартак “Лес”, які належаў акцыянернаму таварыству Калецкага. Найбольш у памяці гродзенцаў застаўся апошні тартак, будынак якога можна бачыць на старых паштоўках акурат насупраць Старога замку. Тартак “Лес” паўстаў са старога млына, які яшчэ ў XVIII стагоддзі належаў гродзенскім кармелітам. Каля 1884 года на млыне быў усталяваны паравы рухавік і апрача памолу мукі была распачата апрацоўка дрэва. Пасля Першай Сусветнай вайны прадпрыемства функцыянавала выключна як тартак аж да 1970 года, калі стары будынак згарэў, а на яго месцы быў закладзены невялікі парк.
Унікальным прадпрыемствам нашага горада, пра які цяпер мала хто ведае, была гродзенская фабрыка алоўкаў, заснаваная пры вуліцы Новааляксандраўскай (цяпер Будзёнага) у 1878 г. сынам купца з Харкава Майсеем Эльяшавым. У 1880-х гадах ва ўсёй Расійскай імперыі было толькі чатыры фабрыкі, дзе вырабляўся такі патрэбны ў штодзённым жыцці тавар, якім з’яўляюцца алоўкі. Вытворчаць алоўкаў была ў тыя часы вельмі складаным працэсам, які патрабаваў значных прафесійных ведаў і спецыяльнага абсталявання. Графіт, найважнейшую сыравіну для вырабу алоўкаў, спачатку раздрабнялі, пазней малолі ў спецыяльных млынках, а пасля фарміравалі ў стрыжні, уціскаючы яго ў невялікую трубачку. Пазней іх трэба было абпаліць пры тэмпературы каля 1200 градусаў Цэльсія і наваскаваць. Аправу для алоўкаў рабілі з ліпавага і кядровага дрэва. У сярэдзіне 1880-х гг. на фабрыцы працавала каля пяцідзесяці чалавек, якія штогод выпускалі каля 11 тысяч гросаў (адзін грос – 144 алоўкі) вельмі якасных алоўкаў. Прадукцыя фабрыкі мела такую вялікую папулярнасць і якасць, што ў 1882 годзе нават атрымала бронзавы медаль на агульнарасійскай вытаве прамысловых тавараў. Прадстаўлялася прадукцыя фабрыкі і на выставе ў Парыжы ў 1889 г. На жаль пры невядомых акалічнасцях фабрыка алоўкаў перастала існаваць пад канец 80-х гадоў ХІХ стагоддзя.
Адным з найбольш важных прадпрыемстваў горада была таксама фабрыка пераплётных вырабаў, якая існавала ў Гродне з 1899 года на вуліцы Сафійская, 7 (у міжваенныя гады вуліца Пілсудскага, цяпер Леніна). Гэтая фабрыка, што перад Першай Сусветнай вайной належала акцыянернаму таварыству “Лангброт і К” (уласнікамі былі Уладзімір Давідавіч Вайсбрэм і Майсей Грыгор’евіч Лангброт, пазней таксама Тэрэзія Хазан) і спецыялізавалася на вытворчасці вельмі якасных эксклюзіўных вырабаў са скуры – папак, кашалькоў, торбачак, футаралаў, аправаў для кніжак, падарункаў.
У 1913 годзе “Нёманская фабрыка” (тады яна насіла такую назву) мела аж 230 супрацоўнікаў а яе ўласнікі валодалі капіталам большым, чым у 120 тысяч царскіх рублёў.
У міжваенны час пераплётная фабрыка працягвала сваю дзейнасць. Яна належала да найбольшых такога кшталту фабрык у Польшчы і працавала галоўным чынам на экспарт. За мяжой, дарэчы, прадукцыя фабрыкі была ў вялікай пашане. Напрыклад, у канцы 1928 г. зробленыя ў Гродне скураныя вырабы заваявалі залаты медаль на прэстыжнай выставе ў Фларэнцыі. На жаль, у маі 1939 г. фабрыка, якая належала тады прамыслоўцу Рэзнікаву, згарэла. Да пачатку Другой сусветнай вайны аднавіць яе ўжо не здолелі і толькі пасля прыходу савецкай улады на яе базе была заснавана абутковая арцель “Чырвоны Кастрычнік” у якой працавала 23 чалавекі. Хутка фабрыку пераіменавалі ў Дзяржаўную абутковую фабрыку індывідуальнага пашыву, якая згодна плану 1940 г. павінна была выпусціць аж 34 тысячы пар новага абутку. Аднак самое прадпрыемства функцыянавала на вуліцы Замкавай і ў доме купца Мураўёва на Савецкай плошчы. Былую фабрыку пераплётных вырабаў аднавілі толькі ў самым канцы 1940 г. У яе рамонт было ўкладзена больш за 700 тыс. савецкіх рублёў. У новай фабрыкі было пяць новых цэхаў з колькасцю супрацоўнікаў каля 600 чалавек. Фабрыка павінна была выпускаць некалькі тысяч пар абутку. Менавіта на базе гэтага прадпрыемства была ўжо ў 1950-х гг. заснавана сучасная гродзенская абутковая фабрыка, якая, у нейкай ступені можа называць сябе спадкаемцай унікальнага прадпрыемства – Гродзенскай фабрыкі пераплётных вырабаў.
Мы вельмі мала ведаем пра фабрыку запалак, якая працавала ў Гродне ў міжваенныя гады на вуліцы Іерусалімскай, 17 (цяпер Антонава). Першапачаткова фабрыка называлася “Марголіс і Ёсялевіч” (ад імёнаў уласнікаў) а ў 1926 годзе яна згадваецца ўжо як Першая дзяржаўная фабрыка запалак “Марыёс” („Marjos”). Сваю прадукцыю фабрыка рэалізоўвала праз уласныя прадстаўніцтвы ў Вільні, Сасноўцы, Баранавічах і Беластоку. Падчас апошняй вайны ў будынку фабрыкі функцыянавала самакіраванне другога гродзенскага гета.
Вялікую папулярнасць мела сярод гродзенцаў прадукцыя фабрыкі штучнай кавы і цукерак на вуліцы Паўночнай (цяпер Валковіча). Дакладна невядома, калі была заснавана гэтая фабрыка, але можна дапускаць, што да яе паўстання спрычыніліся ў 1915 – 1918 гг. нямецкія акупацыйныя ўлады. Немцы падчас ваенных дзеянняў адчувалі востры недахоп натуральнай кавы і пачалі яе масавую прадукцыю з жалудзёў, ячменя і іншых заменнікаў. Гэтая фабрыка існавала да 50-х гг. ХХ ст. у дадатку да штучнай кавы выпускала вельмі добрыя карамельныя цукеркі і мармелад, якія заўсёды можна было знайсці ў гарадзенскіх крамах.
Нельга таксама абмінуць фабрыкі воцату Леанарда Беняшэўскага пры Ягелонскай вуліцы, а таксама фабрыкі мыла, соды і змазкі для вазоў Гіршгорна на вуліцы Ажэшкі. Прадукцыя гэтай апошняй фабрыкі нават атрымала залаты медаль на прэстыжнай выставе ў французскім Льежы ў 1926 годзе. Да сённяшняга дня на вуліцы Камунальнай (былой Рэзніцкай) захаваліся будынкі былой галоўнай рэзні горада, якая забяспечвала ўвесь горад мясной прадукцыяй і стала пасля вайны першым гарадскім мясакамбінатам. Таксама ў раёне вуліцы Камунальнай ацалелі старыя будынкі гарбарнага завода, а на вуліцы Суворава яшчэ захаваліся некалькі будынкаў узведзенай у міжваенныя гады фанернай фабрыкі Браўна.
Да сярэдзіны ХХ стагоддзя ўсяго некалькі прадпрыемстваў нашага горада займаліся металаапрацоўкай, у прыватнасці, чыгуным ліццём, хаця менавіта чыгун стаў матэрыяльнай асновай тэхнічнага прагрэсу ў ХІХ стагоддзі. Так у 1880 годзе быў адчынены чыгуналіцейны завод Майсея Рускага і Саламона Андрэса. Завод размяшчаўся на беразе Гараднічанкі недалёка ад маёнтка Завяршчызна ў будынку былога вінакураннага завода Веллера. На заводзе выпускаліся галоўным чынам гіры, пячныя уюшкі і рашоткі для агароджаў. У лютым 1905 г. адчыніўся чыгуналіцейны завод фірмы “Файнгольд”, якая існавала яшчэ з 1875 года. Для гэтага прадпрыемства на куце вуліц Парахавой і Артылерыйскай быў узведзены цэлы комплекс пабудоваў: два жылыя дамы, двухпавярховы будынак механічнага аддзялення і будынак з ліцейным, слясарным і кузнечным аддзяленнямі. На заводзе рабіліся конныя прывады, малацілкі, помнікі, насосы і іншыя чыгунныя прадметы. З 1913 года завод забяспечваў патрэбы гродзенскай крэпасці. У 1914 годзе на абодвух чыгуналіцейных заводах горада выпускалася прадукцыі на 84 тысячы рублёў і працавала 42 чалавекі. Арыгінальнейшы будынак завода Файнгольда прастаяў аж да пачатку ХХІ стагоддзя, пакуль не быў цалкам разбураны падчас будаўніцтва шматпавярховага дома.
Каля 1908 года на Купецкай вуліцы (цяпер Карла Маркса) было заснавана прадпрыемства па вырабу машын, якія набівалі папіросы. Завод належаў Лейбу Язерскаму і Гіршу Яноўскаму і абслугоўваў тытунёвую фабрыку Шэрэшэўскага.
Ад слаўнага мінулага гродзенскай прамысловасці канца ХІХ – пачатку ХХ стагоддзяў засталося няшмат. Сёння толькі некалькі прадпрыемстваў горада могуць пахваліцца тым, што маюць старадаўнія мясцовыя традыцыі. Але праблема заключаецца нават не ў тым, які год заснавання мы можам бачыць на фірменных знаках сучасных гродзенскіх фабрык. Найгорш тое, што мы нават не думаем аб тым, што старая кафлярня, непрыдатная сёння да выканання сваіх ранейшых функцый, можа і павінна быць захавана як каштоўная частка гісторыі горада і важны аб’ект гарадской архітэктуры. Чаму ў Гродне не можа паўстаць бізнэс-цэнтр або галерэя, дзе архітэктары спалучылі бы мінулае і сучаснасць, як гэта ўдалося зрабіць будаўнікам беластоцкай галерэі “Альфа” або лодзінскай “Мануфактуры”? Мы хіба што яшчэ проста не ўсведамляем, што прымітыўныя прамавугольныя супермаркеты прыдатныя толькі для прадмесцяў і спальных раёнаў, а не для гістарычнага цэнтра горада. Мы трацім будынкі старых прамысловых прадпрыемстваў намнога хутчэй, чым усведамляем іх каштоўнасць. Аднак нам вельмі хочацца верыць, што нягледзячы ні на што адродзіцца гродзенскі бровар, а ў старой станіславоўскай кафлярні будзе адчынены музей прамысловасці старога Гродна, дзе мы будзем ушаноўваць памяць пра тых, хто будаваў наш горад, брукаваў яго вуліцы, рабіў матацыклы, друкаваў кнігі… Адным словам рабіў усё для таго, каб Гродна стаў сапраўднай сталіцай Прынёманскага краю.
1. Тартак - дрэваапрацоўчы завод Назад да тэкста
-
Катэгорыя: Расійская імперыя
-
Апублікавана 13 Лістапад 2013
Апошняе
- Гродненский военный лагерь 1705 – 1706 гг.
- Первое упоминание про Городен - 1127 год
- НА ПРАВАХ МАГДЭБУРГА
- ГАРАДЗЕНСКАЕ КНЯСТВА (ПАЧАТАК ГІСТОРЫІ)
- ІМЯ ГОРАДА
- Тайны семейной усыпальницы
- Андрэй Чарнякевіч Айцы горада: кіраўнікі гродзенскага магістрата ў міжваенны час і іх лёсы 1919–1939 гг.
- Старая Лента. Гродненский синематограф: забытые страницы
- В аренду предводителю дворянства или история дома на ул. Академической